РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Шчасьлівае рэха
Мы моўчкі стаім
На сонцам залітай паляне.
Павевам сваім
Чаруе нас сьветлае раньне.
Бялюткіх аблокаў сям’я
Павольна плыве па небе.
Чакаю: сяброўка мая
Скажа мне зараз што-небудзь.
Гарэза яна — як дзіця,
На выдумкі, ой, майстрыха!
Ды тут ад свайго пачуцьця
Зьмянілася, стала ціхай.
Уся яна — ўвага і слых,
Уся яна — захапленьне.
А вочы смяюцца, у іх
Іскрынкі якогась рашэньня.
На дыбачкі стала аж,
Рот акружыла далонькай.
«Ты чуеш голас наш?!» —
Крыкнула звонка-звонка.
I коціцца мігам адказ
Нядрэмнага рэха.
Насустрач пабеглі ад нас
Раскаты вясёлага сьмеху.
Сьмяецца каханка мая —
Рада находцы бязь меры.
«Паслухай! Кахаю я,
Кахаю і ў шчасьце веру!»
«I я-я», — ёй уторыць гай,
«I веру-у», — шчыра гукае.
I нават птушыны грай
На нейкі момант змаўкае.
Прыціхлі усе: салавей,
Сініцы і берасьцянкі —
Ня чулі яны раней
Гаворкі маёй каханкі.
Яна ж паглядзіць на мяне:
Маўляў, падзялі ўцеху.
Ды зноўку задорна гукне
Свайму субяседніку-рэху.
Сьмяюся я разам зь ёй.
I верым мы шчыра, як дзеці,
Што там, за зялёнай ліствой,
Знаходзіцца нехта трэці.
I любай кажу я ўсур’ёз:
«Ня рэха табе адказала,
А нечы шчасьлівы лёс —
Шчасьлівых наўкола нямала.
Нехта, як мы, малады,
Радасны і прыветны
Прыйшоў раніцой сюды
З марай сваёй запаветнай...»
Сьмяецца сяброўка ў адказ
Сваім непаўторным сьмехам.
Зьвяртаецца сьмех да нас
Шчасьлівым раскацістым рэхам.
 
1959
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.