Як вартаўнік, што дбае ўвішна пра свой будзённы, сьціплы пост, у садзе, над маёю вішняй, дугой узьняўся цуда-мост. Па небу разьлягаўся спора, абманваў зьзяньнем мурагі, нібы шукаў сабе апору, нібы выгледжваў берагі. Ён разрастаўся ў паднябесьсі усё выразьней і ярчэй, так набірае сілу песьня, з уздыхам новым – гарачэй! Яшчэ з акна была я рада яго зьяўленьне прасачыць, а ён ужо ля далягляду гірляндай квеценнай зырчыць. Ён на вачах яднае пырскі у пералівістую ніць, нібыта хоча кедр сібірскі з маёю вішняй парадніць. Зьвязаць аднолькавым настроем, злучыць у пошуме адным дзьве супрацьлегласьці ў прасторы спрабуе мост перакідны. Але, відаць, ня так і проста дзьве супрацьлегласьці зьяднаць, дадаўшы вішні тонкай росту, – у кедра велічы адняць. Бо праз імгненьне зь пералівам ён бліскавіцай дагарэў... А вішня ў сьне стаіць шчасьлівым і чуе побач кедра сьпеў.
|
|