РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Макабрычныя скокі

Рызыка – страва высакародная!
#Надпіс у сталоўцы

 

#1
Дэкадэнт (сумесь грэкі й лаціны:
дэка – дзесяць, дэнт – дзесяць зубоў) –
гэта той, хто нястомна і нават са стомай
да агульназнаёмай і ўсім нам вядомай,
да прыгожай, пяшчотнай, прывабнай і любай,
нават дзесяцізубай ці нават бяззубай –
да апошняе ў сьвеце жанчыны
часьцяком адчувае любоў.
 
Totentanz –
белы танец, апошні шанц!
Не чытай Шэксьпіра і Броўкі, –
прытулі сябе да сяброўкі!
Ліхам зьзяе ліхтар уначы…
Страціў лёгкія – дыхай праз жабры,
а ня маеш сяброўкі – сябра
прытулі! Абра-швабра-макабра!
Danse macabre! Пакуль скачы!

 

#2
Дэкаданс (сумесь грэкі й францускай:
дэка – дзесяць, данс – танец такі) –
калі нехта з нагоды ці нат без прычыны
з выпадковай кабетай ці нават дзяўчынай,
мудрагелістым танцам партнэрку частуе
і забыўся зусім на адзіную, тую,
што ля вёскі ў сукеначцы вузкай
паласкала ў рацэ ручнікі.
 
Але зьмест
невядомы пакуль – замест
той Аленкі мо будзе бабуля:
косы, шыбеніцы ці кулі –
справа густу. Ідзі ў палон!
Сёньня рызыкаваць цікава,
ласуну – шляхетная страва.
Пяты акт, апошняя зьява…
Danse macabre! Заслона. Паклон.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.