РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знакі прыпынку
Не пераблытай іх з правіламі артаграфіі –
знакі прыпынку праходзяць па іншай парафіі.
Прыклад: калі твой пісьменьніцкі посьпех,
станоўчыя водгукі ў прэсе,
удзячныя выкрыкі “брава! біс!”
прадвызначае выключна твой правапіс,
то бок майстэрства да месца ўжыць тую ці іншую літару,
то – што дазволена тарэадору, падчас не дазволяць Юпітэру! –
першачарговае ў справах паэзіі, то бок
літаратурны заробак,
прадвызначае выключна ўжываньне працяжнікаў, косак і кропак.
Слухай параду, паэце, – сядай вывучаць сэміётыку:
правапіс – нібы хвароба, а гэтая веда – як порцыя антыбіётыку,
бо сэміётыка дапамагае спазнаць усе знакі.
Знакаў зашмат, а паэту для працы пасуе ня ўсякі.
Колькі ўжо часу аб вас я ламаю гусіныя пёры й крытычныя коп’і,
вораг паэта Двукроп’е і пунктуацыйны злачынец Шматкроп’е,
час ужо вашую выкрыць віну:
шчыра ўжываеш дзьве кропкі ці нават тры кропкі,
а плацяць – нібы за адну!
Удасканальваю стыль – разважаю пакутна дзень цэлы,
як павялічыць мне вашую колькасьць, мае дарагія Прабелы.
Выратаваньне – Працяжнік – мой сябра – напраўду! –
адзінае, што абяцае мне грошы:
калі двукроп’е, ці кропку, ці коску, ці іншае штосьці
мы пішам адразу за словам, то ён яшчэ мае адзін
дадатковы прабел, мой харошы!
Слова, прабел, потым стаўлю працяжнік,
пасьля зноў прабел і наступнае слова,
нібы цагліну, кладу – паступова расьце пабудова.
Вось і апошняя кропка, усё! Але ж поўную сатысфакцыю
я атрымаю, адносячы твор у рэдакцыю.
Скончана праца і скінуты з плеч мой цяжар!
Твор надрукуюць, чытач зарыдае, паэта прап’е ганарар…
Сьлізгаюць ножкі па лёдзе, завея падпіхвае ў сьпінку.
Наш літаратар вяртаецца ўночы дахаты. Канчаецца маралітэ.
Марныя ловы таксоўкі. Пасьля разуменьне:
найлепшы із знакаў прыпынку –
гэта слупок, а на ім шыльда зь літарай “А” альбо “Т”.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.