РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьпеў аб маім суіцыдзе
Ён з маленства пабойваўся моргаў
і ў сырую ня мкнуўся зямлю,
ды прасьцюжаны фатум зашморгаў –
і зашморгваў на шыі пятлю!
Казыталі прывабныя мроі,
спакушалі душу міражы:
у суіцыдна-гульлівым настроі
цяжка не перакрочыць мяжы.
Непатрэбныя думкі папёрлі.
Ратавала жыцьцё драбяза.
На крыху недаголеным горле
замірала лезгінка ляза…
Вось жа, сябру, ці варта мужчынам
так сыходзіць адсюль без пары?
Ці вось так, ці вось гэтакім чынам
паміралі раней змагары?
Хтось згарэў Арлеанскаю паннай
(прысак потым аднесьлі ў музэй);
хтосьці мужна загінуў у ваннай,
як славуты францускі Казей…
Колькі прывідаў войнаў ды міру
паўстае з рукапісных папер!..
Што тэатрам было за Шэксьпіра,
мыльнай опэрай стала цяпер!
Я мянчу языком штохвіліны,
ахінею штосілы нясу,
а багіня пяньковае ліны
ўжо мянташыць старую касу.
Хутка возьме й цябе, мой убогі,
павядзе ў камфартабэльны дол,
адпачыць прапануе з дарогі
і гасьцінна пасадзіць за стол,
23
пачастуе салодкаю морквай…
Самы цымус – ня зіркаць углыб:
кожны вечар фіранкі зашморгвай,
бойся, шыбенік, позірку шыб!
Ды пагляд занураецца ў шкельца
і ў вірох захлынаецца тых.
Запаветная мроя тапельца
ўзяць за жабры свой колішні дых!
Пустазельле хай покрыва сшые,
груганьнё – ніштаватая мша…
Цераз жабры зашморгнутай шыі
свой бярлог пакідае душа.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.