РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Калі разгуляецца…
Люблю навальніцу на сьвята працоўных,
калі разгуляецца ў небе пярун,
а тут, на зямлі, із стыхіяй на роўных,
свой верш прамаўляе паэт-гаварун.
Нябёсы маланкай міргнуць дабрачынна,
вясновую зьліву ўзмацніўшы ўтрая, –
прамокне наскрозь чарнявая дзяўчына,
прынада, прынада, прынада мая!..
Да хаты вяртаецца ўдзячная моладзь
зь дзіцячых садкоў беларускіх і школ,
нябёснага бацьку ў Жыровічах моляць,
каб шчасьце ды мір панавалі вакол.
На ўсходзе даўно не здаралася путчаў,
на захадзе хутка дазволяць аборт,
а шчасны паэт, не раўнуючы Цютчаў,
чакае натхненьня, пускаючы “word”.
Ён будзе пяяць пра сюжэт старадаўні.
Пра іншае, дружа, пакуль памаўчы!
Як кожнага году на першага траўня,
галоўнае сьвята пачнецца ўначы.
Курган векавечны амаль раскапаны,
і хутка натоўп неразумных хазар,
вампіры і ведзьмы, залётнікі й панны,
калёнай памкнуць на славянскі базар!
Сябрына на шабаш, бы спожыць у кайстру, –
бязь лебедзяў чорных і белых варон.
І кожнай Мальгрэце – асобнага Майстра,
і кожнаму Фаўсту – уласны патрон.
Шатаны, анёлы, багі, дэміургі,
прыходзьце, нясеце дары ў дарасхоў:
зямля беспасажна-цнатлівых Вальпургій
дагэтуль чакае сваіх жаніхоў!
 
Красавік 2000
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.