Сыне, прыадкрый на ўсход фіранку, чуецца за шыбай гамана, мо вясёлы госьць у нас на ганку, можа, ў небе плача птушаня. Ручаіна сьнег падталы плужыць, павадкам прасочваецца ў сны, затуляла я цябе ад сьцюжы, як мяне затуліш ад вясны?! У яе скупыя абяцанкі, многа сьнегу талага сплыло, словам вечаровай калыханкі жывіцца, сынок, мае цяпло. Бессэнсоўна думаць, што са змроку (ты i верыць, сынку мой, пакінь, ў тое), што з далёкага Марока бусел прынясе нам апельсін. Hi бусла няма, ні апельсіна, нават пакідае маладосьць, у акне счарнелая галіна, i далёка наш вясёлы госьць. З хісткага абветранага ганку ня вярнуцца ў страчаныя дні, але... ўсё-ткі прыадкрый фіранку, што там... за акном, сынок, зірні.
|
|