РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З А. Міцкевіча
З Конрада Вальленрода
Сто лет мінала Крыжацкай навале,
Як кроў з паўночных смактала паганаў.
Прусы ўжо шыі ў ваковы згіналі,
Або ўцякалі з радзімых палянаў;
Немец за ўцёкшым пускаўся ў дагонкі,
Нішчыў да самай літоўскай старонкі.
 
Літвінаў дзеліць ад ворагаў Нёман:
З аднаго боку льсьняць стрэхі сьвятыняў,
I лесу – схову багоў – чуваць гоман;
З другога – ўбіты на ўзгорку пустыні
Крыж, знак нямецкі, рад к небу сягнуці,
Грозна пільнуе літоўскіх загонаў,
Як бы ўсю чыста зямлю Палемона
Хацеў бы зьверху здушыць, загарнуці.
 
Гэтта літоўскай сям’я маладзежы
Ў шапках бабровых, ў сьвітках мядзьвежых,
З лукам праз плечы, з стрэламі пры боку
Снуе і сочыць за Немцам здалёку;
А там – няскратна, ў збраеньні каваным
Немец сядзіць на кані асядланым,
К землям уставіў нязабраным вочы,
Стрэльбу набіў і ружанцам ляскоча.
 
Пільнуюць тыя і гэтыя броду.
Так Нёман з даўнай гасьціннасьці рупны,
Сялібы лучачы братніх народаў,
Стаўся граніцай для ўсіх недаступнай,
I той мог толькі прайсьці яе сьмела,
Каму на волі жыцьцё надаела.
Адно галінка літоўскага хмелю,
Наджана тофілю прускага красай,
Пнецца па вербах і цінавым зельлю,
К любаму пнецца, як з даўнага часу:
Сьлед кіне ў рэчцы вяночкам нявілым,
I на чужыне ўжо лучыцца зь мілым.
Ды салавейкі пад Коўнай з дубровы
Са сваякамі гары запушчанскай
Свае літоўскія баюць размовы,
Дзелюцца спольна і дружбай, і ласкай,
Як бы граніцы ня знаючы новай.
 
А людзі?.. Людзі ўпіліся бітвою;
Даўная Прусаў зь Літвою зажыласьць
Пашла ў няпамяць; падчас толькі міласьць
I людзей годзіць... Я знаў людзей двое...
 
Гэй, Нёман! Хутка к тваім сумным водам
Рынуць навалы нясьці зьніштажэньне,
I ў бераг, зь вечных галоцючы ценяў,
Тапор чужынца бязьлітасна ўесца;
Стрэл салавейкаў разгоне ў гародах.
Што быту лепшага выснуюць сплёты,
Парве ўсё чыста нянавісьць народаў,
Парве ўсё чыста... Каханкаў жа сэрцы
Злучацца ў песьнях ізноў Вайдэлёты.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.