РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З А. Міцкевіча
Ў дагонку
З-пад прысад агарода бледны ўбег ваевода
        У палац свой са злосьцю й трывогай;
Дзе ў бакоўку дзьвер – стануў, у пасьцель жонкі глянуў,
        Глянуў там і ня ўбачыў нікога.
 
У дол патупіўшы вочы, ўвесь дрыжыць, штось мармоча,
        Вусы тузае, думае дзіка;
Адышоў ад пасьцелі, жудка зрэнкамі стрэліў,
        Казака ту-ж Навума паклікаў.
 
«Гэй, казача, ты, хаме! Што у садзе пры браме
        Ні сабакі няма, ані стражы?!
Браць мне торбу барсучу і янчарку гайдучу,
        Зь цьвіка стрэльбу цягні мне ураз жа!»
 
Ўзялі броню – і ходу!.. Патцякліся к гароду,
        Дзе шпалеры альтану абселі…
На дзярновым пасадзе штось бялее у садзе:
        Там сядзела кабеціна ў белі.
 
Броўкі ручкай адною закрывала касою,
        Грудзі крыла рубком кашуліны,
А другою – памалу ад сябе атпіхала
        Што ў калень яе кленьчыў, мужчыну.
 
Той прыпаўшы к каленьням гаварыў ей зь цярпеньнем:
        «Дык усё, што было, ўжо далёка...
I твае уздыханьні, і тваё прывітаньне
        Адкупіў ваявода гатоўкай.
 
Я, хоць верным быў гэтак табе столькі ўжо летак,
        I любіць, і цярпець мушу здаля,
А ён з сэрцам каменным бразнуў золатам зьменным, –
        Ты яму прадалася бяз жалю.
 
Ён штовечара будзе песьціць белые грудзі,
        З табой цешыцца ў пуху лябяжым;
На маю на загубу цалаваць шчочкі, губы
        Твае будзе цалункам уражым.
 
Я на коніку верным гэтым полем бязьмерным
        Мкну сюды, за мной – холад і слоты,
Мкну вітаці ўздыханьнем і ад’ехаць з жаданьнем:
        Добрай ночкі і доўгай пяшчоты.»
 
Ўсё яна йшчэ, як глуха; ён ей шэпча на вуха
        Тыя жальбы, ці новы закляцьці;
Аж прымлеўшы, бязь сілы ручкай грудзі адкрыла
        I ў яго патанула абняцьце.
 
Ваявода з слугою сталі ту-ж пад вярбою,
        I з-за пояса бралі набоі, –
Адсякалі зубамі, прыбівалі штымплямі
        Жмені пораху й шроту удвое.
 
«Пане! – так казак кліча, – нейкі чорт мною смыча;
        Не магу я застрэліць той дзеўкі:
Як свой курак адводзіў, я ўздрыгнуў, бы на лёдзе,
        І зьляцела сьляза да панэўкі.»
 
«Ціха!.. Кінь, хаме, кракаць, я наўчу цябе плакаць...
        На, тут з порахам гданскім сакеўку;
Усып патпалу а жыва, ногцем шчысьці красіва,
        Ды ў свой лоб стрэль, ці ў гэтую дзеўку.
 
Ў права... выжай... памалу... жджы майго самапалу:
        Жаніха перш зьмяту на заўсёды!..»
Ўзьвёў казак курак, сцэліў, не чакаючы, стрэліў,
        I ўгадзіў ў самы лоб ваяводы.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.