РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З М. Канапніцкай
Варажбітка
Вецер коціцца па полю,
Жытні колас гнецца прытка;
Гэй, цыганка-варажбітка,
Варажы мне маю долю.
 
        Варажы яе з чырвонай
        Зоркі, што пад хатай льсьніцца,
        З таго шуму, што так мчыцца
        Ад дубровы ад зялёнай.
 
Варажы з рукі яе мне,
З рукі правай, мазалістай,
I з крынічкі таей чыстай,
Што бурліць так па каменьню.
 
        Варажы мне добрым словам
        З той вясёлкі многакветнай,
        I з той кнігі, з той прасьветнай,
        Што аб шчасьці кажа новым.
 
...Тваей долі няма ў кнізе,
Ні ў вадзіцы, ні на небе,
Толькі ў чорным тваім хлебе,
Толькі ў сьвітцы, рванай рызе.
 
        Ні на зорку залатую,
        Ні з крыніцы шумнай чыстай,
        А з рукі той мазалістай
        Мужыку тут варажу я.
 
Ой, ты будзеш, будзеш панам,
Ні то князям, ні гэтманам:
Тваё царства ўецца кругам,
Дзе ня пройдзеш толькі плугам.
 
        Бачан будзеш ты ў чырвені,
        Што з крывавым потам льецца,
        I ў тым золаце – прамені,
        Што ад коскі адаб’ецца.
 
Скарб ты выарыш багаты
Зь нівы гэтай зааранай:
I таляры, і дукаты,
Толькі ж не сабе, а пану.
 
        А шлюб возьмеш ты з царыцай,
        Што жыцьцё усё з табою
        Не захоча разлучыцца…
        Ой, вазьмеш ты шлюб зь бядою.
 
Днём нашле сон, ночкай збудзе,
Сьцерагчы будзе парога;
Ані зь ёй табе у людзі,
Ані зь ёй табе да Бога!
 
        Як вясною ўсходзяць кветкі,
        Падымаюцца хмурліва, –
        Укалыша твае дзеткі
        Песьняй голаду сьлязьлівай.
 
Жджэ цябе дарога зь ёю,
Ў доўж і ў шыр саўсім малая,
А ў зямлю глыбей за тое,
А ў гару – аж зор хватае.
 
        Па ёй будуць цябе весьці
        Твае волікі сівыя
        I званы аж вежай трэсьці
        На магілкі на старыя.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.