РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З М. Канапніцкай
Родны дом
Ці любіш дом? свой родны дом,
Што ў ночку – летавай парой –
Шаптаньнем ліп варожыць сном,
Сьлязу салодзіць цішынёй.
 
Ці любіш дом? сваю страху?
Што многа лет гняце ў маху
Крывых варот нізкі парог,
Што ласкай сьцеліцца да ног.
 
Ці любіш дом? аджыўчы пах
Пракосных зёл, насьпелых ніў,
I ружы цьвет, што ў кальчуках
Сваю прыгожасьць засяліў.
 
Ці любіш дом? свой родны дом,
Што гул жывых сасон вярхоў
I духаў стогн, і віхраў хор
Пералівае ў тваю кроў.
 
Ці любіш дом? свой родны дом,
Што ў часе бур, плакучых хмар,
Калі ў душу ударыць гром,
Нясе прытульны думкам чар.
 
Раз любіш ты, і ўсёй душой
Пад гэтай хочаш жыць страхой,
Кут бацькаў сэрцам сьцеражы,
I сэрца ў ім на век злажы.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.