РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Раіса Баравікова
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Хай будзе так, як ты схацеў,
тваё жаданьне не парушу,
вядзе душа ласкавы сьпеў,
а я маўчаць яе прымушу.
Раздам прахожым рэшту слоў
я сваёй шчырасьці няёмкай,
праз чараду тваіх гадоў
прайду маўклівай незнаёмкай,
 
Глыбока ў сэрцы пралягла
тваёй адчужанасьці рыска,
чаго шукала – не знайшла,
у блізкасьці была няблізкай.
Суніме час пачуцьцяў вір,
пяроймуць смутак мой бярозы,
бо ім прасьцей кідаць у жвір
зь лісьця расы начное сьлёзы.
 
І адплыве ў далёкі сьвет
усё, што сёньня ў сэрцы маю,
мне не шкада губляць твой сьлед,
я маладосьць з табой губляю.
А недзе там, дзе далягляд
на лета чыніцца грамамі,
былое рынецца назад
i захлынецца паміж намі.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.