РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Паэта і цэнзар
Крыху баляда

Прысьвячаецца быўшым,
цяперашнім і маючым
быць цэнзарам


 
Цяпер ці калісьці – ня ўцямлю,
А толькі ня лгу ні на міг, –
Паэты пісалі паэмы,
А цэнзары рэзалі іх.
 
Паэмы (ужо ж не паэтаў)
Сек цэнзар, як вецьце пастух,
Аж трэскі-паперкі ляцелі
У чыстае поле, як пух.
 
I доўга цягнулася гэта,
Як баіць народная весьць,
На згубу бунтарскіх паэтаў,
На цэнзарскі гонар і чэсьць.
 
I шлі так гады за гадамі
Пад воклікі чорных імшоў,
Ішоў за паэтам паэта,
За цэнзарам цэнзар ішоў.
 
I трэба ж – о дзівы! О цуды!
О слаўны дваццаты наш век!
Паэта прыдумаў паэму,
А цэнзар яе не пасек.
 
А толькі... Паслухайце толькі,
Што з гэтага далей было:
Вы ўбачыце, людзі, як гэта
Ў дабры часам гнезьдзіцца зло.
 
Паэта пад потам крывавым,
Ня сплючы сто ночак падрад,
Паэму згарусьціў, аж міла,
І цэнзару даў на прагляд.
 
А цэнзар меў добрае сэрца,
Што рэдка у нашым вяку, –
Паэмы ня сек і ня рэзаў,
А толькі... пагладзіў крыху.
 
П а э т а пісаў:

О віхры, о вы, бураломы,
Свабодных нябёс жыхары!
Дрыгніце разбэшчаным сьветам,
Збурыце парадак стары!
 
А ц э н з а р пагладзіў:

О ветры, зефіркі любыя,
Свабодных нябёс жыхары!
Галубце вы сьвет наш набожны,
Шануйце парадак стары!
 
П а э т а пісаў:

Зваліце кароны і троны, –
Ўжо досьць каралёў і цароў!
Хай будзе народу ўладарства
І панства зямлі жыхароў!
 
А ц э н з а р пагладзіў:

 
Шануйце кароны і троны...
О, чэсьць каралям і царам!
Патрэбна народу прынука,
Патрэбны бізун жыхарам.
 
П а э т а пісаў:

Ўжо досыць прыгону і зьдзеку
I панскага досыць ярма!
Хай будзе раб вольным навекі,
Ён векі цярпеў нездарма!
 
А ц э н з а р пагладзіў:

 
Ўжо досыць нам з дэмасам ладзіць...
Замала йшчэ меў ён ярма, –
Хай будзе пан панам навекі,
Ён век панаваў нездарма!
 
П а э т а пісаў:

О віхры, о вы, бураломы!
Ударце ў заснуўшы курган!
Хай волаты ўстануць да бітваў
І скрышаць закрэпы кайдан!
 
А ц э н з а р пагладзіў:

О ветры, зефіркі любыя!
Галубце ласкава курган, –
Там дрэмлюць патульныя душкі
Пакорных, паслушных хрысьцян.
 
Увага ц э н з а р а:

Я крышку вам, пане паэта,
Пагладзіў ваш вершык слабы, –
Бо, бачыце, ў ім я прыкмеціў
Залішне шмат грэшнай кляцьбы.
 
*

Як гэта паэта пабачыў,
Што цэнзар з паэмай зрабіў, –
Заплакаў, заліўся сьлязамі,
Ў кулак, як жабрак, затрубіў.
 
Адзін і другі дзень так плакаў –
На трэці ня вытрымаў ён, –
Узяў і памёр, як належа,
У вечны ахутаўся сон.
 
Прад сьмерцю толькі пакінуў
Таку эпітаф’ю жывым:
«Памёр я праз цэнзара, браткі,
Мяне не вініце ні ў чым.
 
Пакуль мяне цэнзары секлі, –
Ах, то ест паэмы мае, –
Яшчэ я мог вытрымаць неяк, –
Пяяць, аб чым думка пяе.
 
Але як пачалі мне г л а д з і ц ь
Крывёю напісаны твор,
Ня вытрываў, браткі, – каб жыў так!
Узяў я сабе ды памёр».
 
*

I сьпіць у магілцы паэта.
Вяночак на насьпе ляжыць:
То сонца магілку цалуе,
То дробненькі дожджык імжыць.
 
Вясною, у маі вясёлым,
Калі увесь сьвет у красе, –
Дзяўчынка ўздыхне над магілкай,
Хлапец кулаком патрасе.
 
А цэнзар, – чытач запытае, –
Што сталася з цэнзарам тым?
Скажу, як мне людзі казалі:
Пайшоў ў манастыр назусім.
 
Сядзіць там, нічога ня робіць.
Аловак свой выкінуў вон
І моліцца, моліцца шчыра.
За цэнзараў моліцца ён.
 
1919
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.