Меднастволы, як выліты высіцца бор, Зацьвітае на узьлесьсі блакітны чабор, Заглядзелася сонца у люстра азёр, – Гэты ты, мая Беларусь! Сіні ранак. Дзяўчына зьбіраецца жаць, На плячы маладзік – серабрысты серп, А наўкол наліўныя сады ляжаць, Бурштыновыя яблыкі у расе, – Гэты ты, мая Беларусь! Я нямала прайшоў за вайну дарог, А цябе такой непаўторнай зьбярог... Пой мацнее! Я хутка к табе прыйду, Да грудзей набалелых тваіх прыпаду, Пакланюся лясам і палеткам шырокім. Толькі цяжка праходзіць апошнія крокі Да цябе, мая Беларусь! Толькі страшна мне думаць пра тую хвіліну, Калі гляну у вочы я роднай краіне. Буду хату шукаць, – а знайду руіны, Буду маці гукаць, – адгукнецца магіла На пагосьце старым пад вярбою пахілай. Што ж, якой ты ні будзеш – і ноччу, і раньнем, Я пазнаю цябе, я не здраджу табе. Перанесла ты гора і катаваньні І зрабілася мне даражэй і радней. Асушу твае сьлёзы, Залячу твае раны, Кожны ліст твой распраўлю рукою старанна. Узьніму з папялішчаў твае гарады я, Насаджу каля вёсак сады маладыя, Каб ты вечна цьвіла І у шчасьці расла, Дарагая мая Беларусь!
|
|