Дык прыязджай!.. Пакуль ня выпаў сьнег. Я пакажу табе гару кахання, я раскажу, што грэх і што ня грэх, пра што няма ні ў Торы, ні ў Каране. Дык прыязджай хутчэй! Дык прылятай! Я тры гады пазбаўлены Радзімы, любові, словаў родных і вачэй… Дык прыязджай пакуль ня сталі зімы. А, зрэшты, не, куды тут прыязджаць, гарэць удвох у пекле настальгіі? Чужому краю дзетак нараджаць, замест любошчаў прагнучы герылы? Не прыязджай! Пакліч мяне сама, хоць парай фраз пакліч мяне дадому. Я запяю, зайграю, як сурма, і стану зноў любімы і вядомы. Не прыязджай! Вярні мяне назад! У дыпкур’ерскім правязі праз межы… Я так хачу убачыць плодны сад і позірк твой, пасля каханьня сьвежы.
|
|