РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ад менскіх дзяцей

На прывітаньне IV Усебеларускага
зьезда Саветаў


 

#1
Ад дзіцячай згоднай, буйнай,
Зацьвітаючай Камуны
Чэсьць, прывет вам, дэлегаты
3ь беларускіх ніў і хатаў!
 
Гэй, работнікі, сяляне!
Мазыране, бабруйчане,
Ігуменцы і случчане,
Ды барысаўцы й мінчане! –
 
Беларусы вы бяз плямаў,
Беларусы мы таксама, –
Хай на нашым на загоне
Век ніхто нас не разгоне.
 
Вы ўжо сталы, мы – йшчэ малы,
А як вырасьцем, удала
Ўсе к вам пойдзем на падмогу
Церабіць к сьвятлу дарогу, –
 
За тым шчасьцем удагонцы
Пойдзем, пойдзем аж да сонца.
Гэй, работнікі, сяляне,
Беларусі грамадзяне!

 

#2
Таварышы дэлегаты!
Для нас сягоньня сьвята,
Што вы папрыязджалі,
Каб жыў Савет наш далей.
 
Ад сэрца вас вітаем!
Кіруйце нашым Краем,
Каб нашай Беларусі
Жылося не ў прымусе.
 
Дамоў жа хто паедзе,
Скажыце там суседзям,
Што мы, Камуны дзеці,
Жыць хочама на сьвеце.
 
Што хочам грэці плечы,
Як там у вас, ля печы,
Ды ласаваці часам
Яечню і каўбасы.
 
Што трэба нам сьвятлічкі,
Кашулькі, чаравічкі,
Настаўнікі і кніжкі
Ды іншыя «ізьлішкі».
 
Што як мець будзем гэта,
То на другое лета
Вам прыйдзем памагаці
Араць, касіць і жаці.
 
Дык не забудзьце дзетак,
3 палеткаў вашых кветак,
Як вернецесь дахаты,
Сяброчкі-дэлегаты!

 
1922
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2018. Беларусь, Менск.