РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Акоў паломаных жандар...

На палеміку ў «Сав. Беларусі»
аб беларускай мове


 
Акоў паломаных жандар,
Сьліўнём зарыўшыся ў нару,
Сядзіць расейскі чынадрал,
«Слуга оцечаству, цару».
 
Ён сьніць былую моц і шыр:
Цары, царыцы, цэрквы, трон,
Пагромы, катаргі, Сібір...
О Русь! Прымі раба паклон!
 
Табе такой служыць па гроб
Ня кіну я, і расьцярзаць
Ня дам дзяржаўнасці «оплот»,
Цябе, «единую», о маць!
 
Здарма ж двуглавы твой арол
Празь векі ў кіпцюрох трымаў
Мільёны ўбогіх хат і сёл,
Рабоў мільёны?.. Не, здарма!
 
У твой ланцуг былі, о Русь,
Уплецены з усіх бакоў
Украйна, Польшча, Беларусь
I сотня іншых «языкоў».
 
Цяпер што бачу я кругом?
Пасад маўклівы збуран скрозь...
Рэспублікі?! ды зь «языком»
Зь іх лезе кожная ўсур'ёз.
 
А ты, о рускі мой «язык»!
Мой «обшчарускі», што з табой?
Табе слухмян быў мал, вялік,
Быў славен ты сваёй кляцьбой.
 
Табой сам самадзержац цар
Пісаў ланцужны свой закон,
Што маці-Русь есі жандар
Усёй Эўропы!..
                        I свой сон
 
Сьніць далей гэты царадвор,
Калі надыдзе яму дзень,
Ізноў пад лёзгат царскіх шпор
Свой распасьцерці чорны цень.
 
Ён, гэты скінуты сатрап,
Ня знае, што ў свабодзе жыць;
Яму дай вісельню, дый каб
На ёй «языкі» ўсе ўшчаміць.
 
Не па нутру, як сьмерць, яму,
Што беларускае дзіцё
Бяжыць у сьцюжную зіму
У школку пазнаваць жыцьцё.
 
Спужаўся, што хлапчук ў лапцёх,
Напаўадзеты вёскі сын,
У роднай мове ўчыцца змог?..
О, стыдна, рускі «гражданин»!
 
Язык твой царскі ён табе
Ня выража, спакойны будзь!
Цябе тваім жа у кляцьбе
Ён не забудзе памянуць.
 
Былых ня выклічаш вякоў
I ты, Масквы кароннай гразь,
Парваных не скуеш акоў,
Зь якой брахнёю ні вылазь!
 
1926
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.