3 польскай – Ю. Крашэўскага
|
Дзед і баба
|
Быў сабе дзед і баба – Ўжо старыя абое; Яна мелася слаба, Ён сагнуўся удвое. Жылі ў хатцы збуцьвелай, Непачэснай з паглёду; Адну шыбіну мела, Адны дзьверцы для ўходу. Жылі згодна, шчасьліва, Як ня жыці нам гэтак! А чаму? – няма дзіва: Бо прывыклі к сабе так. Толькі сумна было ім, Што памерці ўсё ж мелі, Што халодным спакоем Іх магіла разьдзеліць. Дык маліліся ў згодзе, Каб за Божым прыказам, Калі сьмерць к ім надойдзе, Абаіх брала разам. Але так быць ня можа! Хтось ды ўперад сканае... – Каб ня ён, мой нябожа... – Каб хаця не старая... Гэтак баба маяча: – Штодзень чуць валачуся, Па мне «ваша» заплача – З ног я ўперад звалюся. – Ўперад я, мая міла, – Дзед бабулі гавора: – Немагота ў магілу Мяне ўгоне ўжо скора. – Мяне ўперад, – кажу я! – Вота ж гэтак ня будзе! – Вашаць хай пабядуе! – А ты што? – ці ня людзі?! I так далей і далей Пайшлі ў спрэчку самдзеле; Той таму прытыкалі, Ісьці ў прочкі хацелі. Ажно стук нехта ў дзьверы. – Хто там? – Тут ім на тое: – Я – сьмерць; даўшы вам веры, Ўзяць іду вас абое. Дзед сваёй і ківае: – Адчыні ідзі, баба! – Не магу, – кажа тая, – Вельмі чуюся слаба. От лепш ты патурбуйся За мяне ўжо сягоньня. – Не, лепш ты йдзі, Кастуся, – Дзед зноў бабе гамоне. Баба сюд-туд ды жвава Чмых за печку бяз мукі... Дзед зашыўся пад лаву... А сьмерць стукі ды стукі. I так стукала б доўга, Лет чакала б са дзьвесце, Каб праз комін дарогу Не найшла к ім нарэшце.
[1921]
|
|