Як у госьці сын прыехаў...
|
Як у госьці сын прыехаў – А да маці, а ня зблізка, – Яе шчасьце, яе ўцеха Ад пялёнак, ад калыскі, – Запрашала у сьвятліцу, За дубовы стол саджала... Сьлёзы капалі расіцай, Што сынок такі удалы. Частавала белым сырам, Хлебам сітным, мёдам пчолім, Заклікала шчыра-шчыра Не чурацца хлебам-соляй. I цікавілася маці – Сэрца матчына, вядома, – Як на службе там дзіцяці, Ці там лепей, ці мо дома? А суседкі каля вокнаў, Як бы ўбачылі праяву: – Які чысты, які стройны, Які з твару малажавы! – Дома добра, там ня горай, Там ня горай, а мо й лепей, – Сын разважліва гавора, Сэрца смуткам не зачэпе. – Ты адно падумай добра, – Служу ў Арміі Чырвонай, Служу ў коньніцы харобрай, Дзе начальнік сам Будзённы. Я таксама камандзірам, Хоць служу другое лета, Глянь, адзнака на мундзіры, За заслугі ж усё гэта. А парадак там у войску, Кожна ўлічана хвіліна. Ой, далёка нашым вёскам Да такое дысцыпліны. I ні суму, ні дакукі, Час імчыцца, нібы хвалі; Пасьцігаем і навукі – Болей знаем, як мы зналі. А ўжо коні, нашы коні! Ці то суха, ці разводзьдзе – Буйны вецер не дагоне, Шлях пярун не загародзе. Байцы ж нашыя – гэроі. Ты ня знойдзеш гэткіх армій. Што за выпраўка у строі, Што за послух у казарме! А суседкі каля вокнаў, Як бы ўбачылі праяву: – Які чысты, які стройны, Які з твару малажавы! – А парад як быў нядаўна, Ты й ня бачыла, й ня чула, – Гэткі важны, гэткі слаўны, Колькі бляску, колькі гулу! Во спачатку йдзе пяхота, За ёй коньніца і танкі, На машынах едуць роты, А там – быстрыя тачанкі. За тачанкамі – гарматы – Палявыя і марціры, А пад небам – рой крылаты – Самалётаў цэлы вырай. Як зірнеш, дык ажно люба, Галава аж ходам ходзіць! Во дзе ворагу загуба, Калі ўздумае нам шкодзіць! А музыкі граюць маршы Ў нечуваным ладзе-складзе, Граюць маршы – і мне такжа, Бо я такжа на парадзе. А суседкі каля вокнаў, Як бы ўбачылі праяву: – Які чысты, які стройны, Які з твару малажавы! – Ды скажу табе я мілай: Дзень той быў ў нас ня штодзенны: Сам таварыш Варашылаў Прынімаў парад ваенны. Не высокі сабе ростам, Не высокі і ня нізкі, I такі вясёлы, просты, Хоць далёкі, а так блізкі! А свой погляд, свой юначы Калі кіне, бы зарніца, – Сэрца з радасьці заскача, Кроў адвагай забурліцца. Адным словам, свой брат родны, Адно хочаш, мая маці, Быць яго дастойным, годным, За яго жыцьцё аддаці. Конь пад ім, прост, вярнігора! А як скача, як гарцуе! Ён вачыма лічыць зоры, Ён вушамі вайну чуе. Вайну чуе, броў ня хмура, Толькі бліскаюць падкоўкі, Бо яздок на ім, што бура, 3ь віхрам пойдзе ў перагонкі. Нашай Арміі Чырвонай Камандзір над камандзіры, За ім пойдзеш, хоць сягоньня, Цераз пушчы, церазь віры. У міжбур'е зь ім жыць міла, Лёгка ж будзе і ў паходзе. Во, які наш Варашылаў! Во, які наш палкаводзец! Так у госьці сын прыехаў – А да маці, а ня зблізка, – Яе шчасьце, яе ўцеха Ад пялёнак, ад калыскі. Нездарма вяла ў сьвятліцу, За дубовы стол саджала. Сьлёзы капалі расіцай, Што сынок такі удалы. Нездарма там каля вокнаў Цёткі гутарылі жвава: – Які чысты, які стройны, Які з твару малажавы!
1935
|
|