Прывет вам, вольныя паэты, Прывет вам ад душы ўсяе! Хай вашы песьні зь лета ў лета Зямля савецкая пяе! Жывём у сонечнай краіне I будзем жыць у добры час, Дзе праўда ясная ня гіне, Дзе праўдзе служыць кожны з нас. * Прывет вам, вольныя паэты! Мінуўся подлы гнёт і зьдзек, – Мы зь цемры выйшлі да прасьвету, Мы рабства скінулі навек. Ніхто нам песень не спаганіць, Свабодных песень, як віхор, Ні чорных здрайцаў завываньне, Ні рабаўласьнікаў тапор. * Прывет вам, вольныя паэты, Квяцістай волі песьняры, Вам, з блізкіх і далёкіх сьветаў Людскіх душ слаўныя майстры! Нам расьцярэблены дарогі Да небывалых новых дзён, Нам сэрцы б'юцца без трывогі, Спакойны нашы ява, сон... * Прывет вам, вольныя паэты, Хай час вам радасна бяжыць! Нам пад шчасьліваю каметай Так лёгка жыць, тварыць і жыць! Тут гаспадарку мудры Сталін Вядзе на дзіва ўсіх вякоў, Тут людзі плакаць перасталі, Ў заможных выйшлі з жабракоў. * Прывет вам, вольныя паэты, Народаў братніх дружны хор! Хай прамянее агняцьветам Радзімы нашае прастор! Зайграюць сурмы нам да бойкі, Пажарам задымяць шляхі, – Алоўкі зьменім на вінтоўкі, Заменім пёры на штыхі. * Прывет вам, вольныя паэты! Вітае вас і мал, і стар. Нясіце ж ленінскім заветам Свой шчыры песень вашых дар! Каб празь вякі вясной расьпетай Дум вашых сказы ў сьвет ішлі... Прывет вам, вольныя паэты, На беларускае зямлі!
1936
|
|