РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Май
Да нас у госьці май прыходзіць,
А з новым шчасьцем кожны год, –
Заводзіць песьні ў карагодзе,
А ў карагодзе сам народ.
 
Жалобай думкі аб мінулым
Замітусяцца ў нас падчас, –
Наскочыць радасьць гудам-гулам,
I май наш повен ясных крас.
 
Гармонік рэжа, бубен б'е...
Гэй, грай, музыка, ў родны тон
I аб мінулай барацьбе,
I аб здабытках нашых дзён!
 
*

Да нас у госьці май прыходзіць,
Як не прыходзіў у вяках, –
Сьпявае песьні аб свабодзе
На полі, ў моры, ў рудніках.
 
Сьпявае дзецям калыханкі,
Прыгожыць кветкамі сады,
Вядзе сялянаў і сялянкаў
На шлях шчасьлівы, малады.
 
Бурляць крыніцы, бор шуміць,
Рунее зелена загон.
Як не сьпяваць тут, як ня жыць
У казках-былях нашых дзён!..
 
*

Да нас у госьці май прыходзіць,
Як той старанны гаспадар, –
Глядзіць, як поле наша родзіць,
Ці ўзьнялі ўвесь мы свой папар.
 
I бачыць, як за год звычайны,
Што адлічыў свае ўжо дні,
Была ў нас праца ураджайнай,
Аб чым наш продак і ня сьніў.
 
I танк, і трактар, і камбайн
Пасьведчаць, што гэта ня сон.
Зь лясоў, капальняў і палян
Дабро йдзе к нам – скарб нашых дзён.
 
*

Да нас у госьці май прыходзіць
I аглядае рубяжы,
Дзе пагранічнік наш ня зводзіць
Вачэй з варожае мяжы.
 
I вокам бача май празорным:
Жывём спакойна ля граніц,
Спакойна сеем збожжа зёрны,
Спакойна п'ем ваду з крыніц.
 
Зямлі, людзей і родных хат
Нікому не дамо ў палон,
Не апаганіць вораг-кат
Шчасьлівых, вольных нашых дзён.
 
*

Да нас прыходзіць май у госьці
I бачыць, як той яснавід, –
Стаім скалою на фарпосьце,
Заставы нашы, як граніт.
 
Сталёвая пільнуе варта
Спакой савецкае зямлі,
Байцы ня дрэмлюць поўны гарту,
На крыльлях – нашы патрулі.
 
Хай жа руку на нас, як гад,
Падыме вораг-ліхадзей, –
Ня вернецца жывым назад, –
Свабодных не скаваць людзей!
 
*

Да нас прыходзіць май у госьці
I ўспамінае ў сьвята сьвят
Гэрояў, што злажылі косьці
У бітвах за савецкі лад.
 
Шумяць над імі ясакоры,
Шасьцяць чырвоныя сьцягі,
Унуку дзед свайму гавора,
Хто у магіле сьпіць такі.
 
Бы срэбрам выснутую ніць,
Унуку думкі дзед снуе,
Як трэба волю бараніць,
Як уміралі за яе.
 
*

Прыходзіць май дваццаты ў госьці,
А з падарункамі ідзе,
Уцеху буйнай сыпе горсьцю
Сьвяточна ўбранай грамадзе.
 
Ён Канстытуцыю прыносіць –
Веквечны сталінскі закон –
Для нас, для ўсіх, хто сее, косіць,
Для ўсіх народаў і старон.
 
Лісты дубовы й каласы
Наш родны аздабляюць герб,
На ім нявянутай красы –
I молат, і сталёвы серп.
 
*

Да нас прыходзіць май у госьці,
А вые дыверсант, трацкіст,
Рве валасы ў зьвярынай злосьці
Крывёй абрызганы фашыст.
 
Бушуйце, каты! Нам зараза
Ня страшна ваша й ваш разбой...
Сьмяемся з маем нашым разам
I весялімся грамадой.
 
Гармонік рэжа, бубен б'е...
Гэй, грай, музыка, ў родны тон
I аб мінулай барацьбе,
I аб здабытках нашых дзён.
 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.