#1 Сьцёпка Жук, па бацьку Ёсцы, Гаспадар усім надзіва, Ўсімі хвалены на вёсцы, Жыве згодна і пачціва. Абычай стары шануе, Не чураецца сярмягі, Хаты дзедаўскай пільнуе, Ад суседзяў шмат павагі. Ён прыкладам для ўсёй вёскі, Добра знае, калі трэба З сахой выйсьці на сьвет боскі, Калі дожджык пойдзе зь неба. Дзе якое сеяць збожжа, – Трудна лепш ад Сьцёпкі знаці; Знацца лепш ніхто ня можа На ральлі, на сенажаці. Дзе якая звадка, схопка, Годзіць, рае ў полі, ў хаце, – Адным словам, як наш Сьцёпка, Рэдка нойдзеш гэткіх, браце.
#2 Вечарынку як састрое, Бо ўжо дзеці падрастаюць, – Ёсьць і сёе, ёсьць і тое, Музыканты гучна граюць. За сталом Сьцяпан садзіцца, Пры ім жонка і суседзі, Чым паслаў Бог – рад дзяліцца, – Ўсіх частуе, ўсіх прыгледзе. Хлопцы-зухі і дзяўчаты Пагуляць тым часам рады, Сталі ў пары сярод хаты I далей жа у прысяды! Нуце, хлопцы, дзень далёка, Пагуляйце, колькі воля! Дый Сьцяпан ня зводзе з вока, – Лішніх жартаў не пазволе. Там і сям Сьцяпан бадзяўся, Распазнаў сьвет доўгім векам; Хто распусьце раз аддаўся, Кепскім будзе чалавекам.
#3 Жыве, праве, шыкам пана: Крупаў, сала мае многа, Хлеб вядзецца ж у Сьцяпана Круглы год, як у нікога. А хлеб веяны, ўсё белы... Эй, што там казаць далёка! Шнур зямлі ён мае цэлы, Значыць – поўная валока. З усёй вёскай ён у згодзе: «Кепска, кажа, жыці звадай». Ён і ў воласьці на сходзе Многа можа словам, радай. Жывуць, скажа хтось вучоны, За граніцай лепш народы; Кормяць люду міліёны Шахты, фабрыкі, заводы; I у нас мінула б ліха, Каб настаў лад гэткі ў людзях; Сьцёпка ж бухне пад нос сьціха: «А ўсё ж бедны бедным будзе!»
#4 Сьцёпкі жонка – вёртка баба, I язык... эй, што казаці! А з рукамі і мазгамі Трудна лепшай дзе спаткаці. Ненаўды, што жонкі гэткай Сьцяпан трохі і баіцца, А найбольш, хоць то і рэдка, Калі з сватам падхмяліцца. У такую тады хвілю Знае жончыну ён плату; Гатоў кругу даці мілю, А цьвярозым прыйсьці ў хату. Жонцы справіў чаравікі, Сам жа ў лапцях ходзе болей, А пачуе дзе прытыкі, Што ня меў ботаў ніколі, – Сьцёпка скажа: «Эй, там, што ты! Лепш па зімцы лета меці, Пасьля лапцяў – насіць боты, Як па ботах лапці ўзьдзеці».
#5 У Сьцяпана лад між дзетак, Лад на полі, лад у хаце; Адным словам, жывуць гэтак Цяпер мала, пане браце. Ад Сьцяпанавай хацінкі Не адойдзе так убогі, Пагарэлы – без асьмінкі, Сірата – без дапамогі. Сьцёпка працы не баіцца, Ці нуда гняце якая, Песьняй роднай весяліцца, Вечна весел, не ўздыхае. Стане хтось там наругацца, Што так весел, хоць цьвярозы, – «Лепей, скажа ён, сьмяяцца, Як дарэмныя ліць сьлёзы». Да ўсяго Сьцяпан ахвочы, Як то ёсьць прыпеў шляхочы: I да танцу, і ружанцу, Да выпіткі і выбіткі.
#6 Плывуць леты, нібы рэкі, Не варочаюцца болей, Нішто жыць ня можа векі – З сваёй, з божай нікне волі. Сьцёпка выдаў замуж дочак, Пры малодшым жыве сыне; Як асінавы лісточак, Ўвесь трасецца, горб на сьпіне. Старасьць – слабасьць падасьпела, Стаў нядуж к рабоце ўсякай, Неяк ходзе ўжо нясьмела, Нос распушыла табака. Часам пойдзе ў лес і лыкаў Надзярэ якіх зь пяць пукаў З браку ботаў, чаравікаў Лапці керзае для ўнукаў. Старасьць, старасьць – смутны весьці! Ўжо і «вушка» не прымеце, Скора, пэўна, будзе плесьці З сваім дзедам на тым сьвеце.
[1905–1907]
|
|