Пагнуўшы ў крук худыя сьпіны, Сярпом махаючы крывым, Мы, жонкі, ўдовы і дзяўчыны, Пры доўгай постаці стаім І дружна жнём, І паддаём Адна адной Ахвоты больш, I песьню жаласна пяём. Асобна кожную загонам Нас надзяліў пан-дабрадзей, А над усімі злы аконам Стаіць, ганяе жаць бардзей. І мы ўсё жнём, І паддаём Адна адной Ахвоты больш, I песьню жаласна пяём. Агніста сонца прыпякае, Ў губах язык засох, як косьць, Пот горкі вочы залівае, Змачыў кашулю ўсю як ёсьць. А мы ўсё жнём, І паддаём Адна адной Ахвоты больш, I песьню жаласна пяём. Серп прыбаўляе ранаў косых, Павеку рэжуць асьцюкі, Як п’яўкі, смокчуць кроў з ног босых Аржоньня вострыя сукі. Але мы жнём, І паддаём Адна адной Ахвоты больш, I песьню жаласна пяём. Мы жнём, растуць снапы і мэтлі, Мы жнём людзям, адно пабач: Гаротным нам хоць лезь у петлі, – Працуй на полі – дома плач. І ўсё ж мы жнём, І паддаём Адна адной Ахвоты больш, I песьню жаласна пяём. Гэй, жнема, бабкі і дзяўчынкі, Гаруйма: гора – не напасьць; Пан справіць гучныя дажынкі: За пот, кроў, сьлёзы – водкі дасьць! Мы будзем піць, Як гора п’ём, Паноў хваліць І дружна ім Скрозь сьлёзы песьню прапяём.
2.IX.1906
|
|