Чуць мы Божы сьвет убачым I да самай да магілы Ўсё, як ёсьць, крыжамі значым, Ці то міла, ці ня міла. Як у хаце нарадзіўся, «Бабка» крыжам прывітала; Як у цэркве ахрысьціўся, Крыж «кума» падаравала. Як пайшлі дні маладыя, Зноў бяз крыжа ані трошкі: Дзе ні ступіш, крыжавыя I гасьцінцы, і дарожкі. Крыж баліць табе, бяднязе, Ад той цяжкай ад той працы, Накрыж латы у сярмязе, Накрыж дзюркі ў тваёй хатцы. Пальцы накрыж ты складаеш Ад напраснай ад напасьці; Крыжам злыдняў адганяеш, Каб ад крыўдаў не прапасьці. Доляй мучаны паганай, Сьлед сьлязой пачнеш крывавіць; Крыжам ляжаш распластаны, На сваім абы паставіць. Крыжам ляжаш за парогам У той цэркве, дзе хрысьціўся, Крыжам ляжаш перад Богам, Каб цябе Ён не забыўся. Так жыцьця крыж мусіш несьці, Як дзяды твае насілі, А як данясеш да сьмерці, – Крыж паставяць на магіле.
1908
|
|