Шаргацяць па дарозе
чыесьці самотныя крокі,
Праплываюць між зорамі
чоўны заманлівых сноў.
Высыхае надзея,
нібыта сьлязінка на воку.
І ніхто не пастукае
і не напіша лістоў.
Гэта ноч, гэта дождж,
гэта восень – сярэдзіна лёсу.
Але ўся Беларусь
сон-травою нібы парасла.
І на Млечным Шляху
грукацяць нетаропка калёсы –
Ад’язджаюць Мятлушкі,
якім не хапае цяпла.
Адлятаюць у вырай,
далей ад халоднай Айчыны,
І аблокі, і птушкі, і кнігі,
і нават сябры.
Ну а мы застаёмся
ўслухоўвацца ў крокі начныя.
Ну а мы застаёмся –
і будзе вясна на двары.