Ня кідай мяне, добрая птушка,
забяры ў вышыню за сабой.
Я вузенькай чырвонай істужкай
праплыву па-над белай зямлёй.
Зачаплюся на ймгненьне за вежы
разбатрачанай даўніны,
кіну цень на асеньнія межы,
на пушчанскія лахманы.
Хай крычаць мне: ні пуху, ні пер’я!
К д’яблу загадзя ўсё пашлю.
У душу беларускі веру я,
з крывічанкай вазьму шлюб.
Перад тым, як зь зямлёй навечныя, –
прысуседжуся зь небам, зорамі...
Ой ты доля мая перапечная,
перавітая ўкрыж аборамі!