Бальшаком, на край зямлі і неба,
Я ўсю ночку цёмную ішоў,
Даганяў і абганяў, дзе трэба,
З лубкамі і сітамі дзядзькоў.
Ёсьць на свеце роднае мястэчка,
Там штогод бываюць кірмашы;
Міма школы меленькая рэчка
Безь мяне адна плыве ў цішы.
Мне дакор яе далёкі, звонкі
У забытым чуецца трысьці.
Заўтра кірмашовы дзень. У жонкі
На дзень адпрасіўся: "Адпусьці".
У сяброў па школе даўні звычай -
На кірмаш сысьціся, пагуляць...
І на каруселі маляўнічай
Разам адкружыць хвілінак пяць.
Кожны мае дружбака такога,
Захавана ў сэрцы да якога
Прыязьні даўнейшай цеплыня.
Кірмашовы дзень, гарачыня.
Вось у кірмашовы б дзень выходны
Зь ім ці зь ёй зайсьці ў куток выгодны
(Ёсьць такія на зямлі куткі) -
Раз у сем гадоў павіць вянкі.
Пачуцьцё былое да дзяўчынкі
Нёс і я. І тут яе сустрэў.
Між густых аглобляў, як між дрэў,
Я іду на аганёк касынкі.
А дзяўчына лузганцы кусае
І таксама некага шукае,
І ў вачох блукае неспакой,
І крычу я радасна: "Пастой!"
Мы адны зь ёй. З нашых - больш нікога.
Той жа рып гармоняў, бубнаў гром.
Тая ж з кірмашу пад гай дарога.
"Што ж, пайшлі?" - "Пайшлі..." І мы ідзём.
Сем гадоў не бачыліся - раз,
Замуж выйшла, добра ладзіш з мужам;
Дзе ж ты, карусель? За ўсё адкружым,
Як усё кружылася за нас.
Добры дзень, знаёмыя мясьціны,
Карусель, крылатая душа!..
Гай шумлівы, гоман кірмаша,
Печанага хлеба водар кмінны.