|
«Лісткі календара» – гэта фрагменты маіх дзённікаў, якія пісаў я да 1939 года, да часу ўз’яднання Беларусі. Першыя запісы адносяцца да 1932-1934 гадоў, калі я працаваў у падполлі і за ўдзел у рэвалюцыйна-вызваленчым руху быў арыштаваны і сядзеў у вядомай віленскай турме Лукішкі. Гэтыя сшыткі, запоўненыя маімі першымі вершамі, апавяданнямі, нарысамі, народнымі песнямі, пагаворкамі, сабранымі ў часы бясконцых вандровак ад сяла да сяла, – пераважна матэрыяламі літаратурнага характару, – загубіліся ў розных судовых актах. Цудам, як кажуць, уцалелі старонкі дзённікаў, якія адносяцца да 1935-1939 гадоў, калі я быў на легальным становішчы і па заданню кампартыі Заходняй Беларусі працаваў у беларускіх і польскіх часопісах і газетах Народнага фронту: «Наша воля», «Папросту», «Беларускі летапіс», «Калоссе» і іншых. Уцалелі яны дзякуючы таму, што захоўваліся ў бібліятэцы беларускага музея імя Івана Луцкевіча і ў бацькоў у маёй роднай вёсцы Пількаўшчыне, дзе паліцаям, нягледзячы на частыя налёты і вобыскі, не ўдалося адшукаць нашы лясныя тайнікі, у якіх захоўваліся і падпольная камуністычная літаратура, і дапатопная стрэльба майго дзеда – заядлага паляўнічага. На жаль, у дзённіках, якія ўцалелі ў рукапісным фондзе Акадэміі навук Літоўскай ССР, нехта пагаспадарыў, выбраўшы з іх акты маіх судовых спраў, прыгаворы, а самае галоўнае – турэмныя грыпсы з вершамі В. Таўлая, П. Пестрака і іншых таварышаў. Грыпсы былі мне перададзены ў 1935-1937 гадах. Засталіся толькі пустыя канверты з пералікам матэрыялаў, якія былі ў іх. Найбольш запісаў захавалася ў мяне дома, у маёй роднай Пількаўшчыне, якая ў гады вайны была партызанскім раёнам і куды толькі два разы нямецка-фашысцкім захопнікам удалося прарвацца ў часе блакады. Ратуючы мае рукапісы і кнігі ад вайны і ад курыльшчыкаў (бо паперы не было дзе дастаць), бацька закапаў іх на ўзлессі ў бульбяной яме, дзе яны і праляжалі да канца вайны. Вось кароткая гісторыя дзённікаў, многія старонкі якіх я яшчэ не змог поўнасцю расшыфраваць: прайшло ўжо трыццаць год з таго часу, калі яны былі напісаны. Асабліва цяжка зараз па ініцыялах і клічках устанавіць імёны таварышаў, знаёмых, сяброў, з якімі мне даводзілася працаваць, сустракацца ў тыя гады. У мяне ў самога было некалькі клічак і псеўданімаў. Толькі пасля ўз’яднання Беларусі я даведаўся аб сапраўдных імёнах і прозвішчах такіх кіруючых работнікаў кампартыі, як Паўлік – Самуіл Малько (генерал польскай арміі), Гарасім – М. Дворнікаў (былы сакратар ЦК камсамола Заходняй Беларусі, гераічна загінуў у Іспаніі ў 1937 г.), Трахім – Буткевіч, Рэга – Л. Янкоўская, Кастусь – М. Крыштафовіч (у гады Айчыннай вайны быў адным з кіраўнікоў партызанскага руху на Брэстчыне, пасля працаваў намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкома, зараз пенсіянер). У дзённіках часта ўпамінаецца Лю – мая жонка Любоў Андрэеўна (дзявочае прозвішча Асаевіч), з якой я пазнаёміўся яшчэ ў віленскай беларускай гімназіі. У 1935-1937 гадах яна працавала ў Варшаве ў ЦК КПЗБ машыністкай і перакладчыцай. У Вільні, у доме, дзе жылі яе бацькі, заўсёды былі падпольныя яўкі, хаваліся многія камуністы. У 1934 годзе на іх кватэры была праведзена нарада рэвалюцыйных пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Адным з арганізатараў гэтай нарады быў Валянцін Таўлай. У сваёй апошняй рэдакцыі «Лісткоў календара» мне ўдалося расшыфраваць некаторыя псеўданімы і ініцыялы і дапоўніць іх запісамі, зробленымі ў свой час на палях чарнавікоў вершаў і паэм. Па вядомых прычынах у сваіх дзённіках я не мог запісаць усяго, аб чым тады гаварылася на падпольных сустрэчах, якія прымаліся рашэнні, якія чыталіся і вывучаліся партыйныя дакументы. Найбольш цяжкімі для нас, камуністаў, былі 1938-1939 гады, калі па несправядліваму абвінавачванню былі распушчаны кампартыя Польшчы, КПЗУ і КПЗБ. Цяжка ўявіць сабе ўвесь трагізм тых год і асабліва трагедыю таварышаў, якія знаходзіліся ў падполлі і ў турмах. Мне было лягчэй. Я быў на легальным становішчы і ад усіх нягод, хоць на кароткі час, мог знайсці прыстанішча ў паэзіі – краіне, непадкантрольнай паліцыі. 1967 г.
|
|