Пералічваць, чым займаецца прома-група VU, – вельмі адказны занятак. Каб асэнсаваць глабальныя мэты іхнай дзейнасці – патрэбен час. Чаго вартыя адны цытаты з прэс-рэлізаў: “Ствараць дыялог розных відаў мастацтваў і культур”; “Рэкламаваць беларускую культуру і мову на розных узроўнях крэатыўнага асяродку і ў міжнародных праектах”; “Адаптаваць новыя тэхналогіі і медыя да культурнай сферы”...
Тое, што ўдзельнікам прома-групы ўдаецца рабіць усё, што б яны не задумалі – гэта факт, які пацвярджаецца наступным спісам рэалізаваных праектаў: “Францыя ў сэрцы Беларусі” і “Паралелі” – франка-беларускія праекты, “Культурныя формы” і “10-style” – у нейкай ступені феміністычныя мерапрыемствы, дзе розныя віды мастацтваў прадстаўляла толькі жаночая палова творчага авангарду сталіцы, “Рытмы і рыфмы” – музычна-паэтычны канцэрт, “Выявы” – праект, які напрыканцы кожнага года падводзіць сваеасаблівыя творчыя вынікі шэрагу ажыццёўленых задумаў. У іх нечакана і нязвыкла пераплятаюцца сучасная паэзія, музыка, харэаграфія, выяўленчае мастацтва – не толькі нацыянальныя, але і сусветныя.
Адзін мой знаёмы сцвярджаў, што ведае, дзе ў Мінску знаходзіцца цэнтральны офіс прома-групы, а знаёмы маіх знаёмых упарта распавядаў, што не раз бачыў рэкламу з лагатыпам VU на нямецкіх ды французскіх тэлеканалах. Я не стаў іх пераконваць па адной прычыне – яны б не паверылі, што ў склад прома-групы VU уваходзяць дзве сціплыя маладыя дзяўчыны з вытанчанымі манерамі, якія сваім крэда вызначылі наступнае: “Займацца стварэннем культурных некамерцыйных праектаў з мэтай заставацца інтэрактыўнымі і незалежнымі ад любога аб’яднання альбо арганізацыі…”
Перакладчыца з французскай і паэтэса Юлія Новік разам са сваёй сяброўкай і калегай Вікай Трэнас, рэдактарам аддзела паэзіі часопіса “Маладосць”, займаюцца сваёй нялёгкай справай не з карыслівых памкненняў. Дакладней нават сказаць, іхная дзейнасць – чыстай вады альтруізм, які грунтуецца на дастойным узроўні асабістай культуры, іх мысленні сучасных мастакоў, высокім разуменні беларускай культуры ў кантэксце сусветнай.
Калі ўзнікла ідэя зрабіць інтэрв’ю і былі падрыхтаваны першыя пытанні, толькі тады стала зразумела ў пэўнай меры, што мець справы з прома-групай “VU” – сапраўды адказны занятак. Вялікая колькасць SMS-паведамленняў, электронных лістоў, тэлефонных званкоў – для адказаў былі актыўна задзейнічаны ўсе магчымыя віды сучасных камунікацыйных каналаў.
Віка Трэнас і Юлія Новік. Фота Артура Прупаса
– Шаноўныя спадарыні, што за таямнічыя літары “V” I “U” у назве прома-групы? Як нарадзілася ваша назва?
Юлія Новік: – VU з французскай мовы перакладаецца як “нешта ўбачанае”, але ўтрымлівае таксама першыя літары нашых імёнаў – Віка і Юля. Назва ўзнікла спантанна падчас абмеркаванняў і падрыхтоўкі да “Выяваў-2009”. Дадатковае вызначэнне “прома-група” было прапанаванае кімсьці з нашых сяброў трошкі пазней, а мы падхапілі яго і дадалі да ВЮ. Пазіцыяніруючы сябе як прома-групу (рэклама беларускай літаратуры і сінтэзу розных відаў мастацтва, калі можна так сказаць), абіраючы пэўную назву, мы вырашылі абазначыць свой уласны кірунак развіцця, стварыць так званы “брэнд”, таму што праекты штогадовыя, у кожнага свая мэта і канцэпцыя, яны распрацоўваюцца серыямі і становяцца традыцыяй.
Віка Трэнас: – Назва гэтая была прыдумана ў аўтобусе па дарозе на рэпетыцыю перад “Выявамі-2009”. А сама ідэя аб’яднацца ўзнікла ў лістападзе 2008-га на мерапрыемстве “Паэтычны дзявочнік”. Пазней гэтая тэма атрымала працяг як праект “Культурныя формы”, а яшчэ праз год рэалізавалася ў забаўляльна-інтэрактыўным шоу “Дзесятка-style”. Усе гэтыя вечарыны яднае тое, што на сцэне выступаюць толькі дзяўчаты (паэткі, музыкі, танцоркі), а ў залі сядзяць толькі хлопцы. Цалкам натуральна, бо дзявочыя праекты найбольш прывабныя для моцнай паловы чалавецтва.
– Ці не маглі б вы распавесці пра якую-небудзь з апошніх падзей?
Юлія Новік: – Адкрыццё мастацкай выставы “Вяртанне да рамантызму” адбылося ў галерэі “Панарама” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 31 сакавіка 2011 года. Куратар і аўтар праекта – мастацтвазнаўца Яўген Шунейка, які выступаў яшчэ на адкрыцці “Паралеляў” (нашага папярэдняга мерапрыемства) і сам “выношваў” ідэю франка-беларускіх праектаў, толькі ў мастацтве. Каля 50 работ у самых розных жанрах ад 16 мастакоў (нават аб’яднаных у міні-групы, напрыклад, студэнты Акадэміі мастацтваў) працавалі на ідэю перастварэння французскіх сюжэтаў беларускімі аўтарамі, узаеманатхнення і адкрыцця новых вобразаў, якая поўнасцю адпавядала агульнай мэце франка-беларускіх творчых сустрэч. Дарэчы, такія праекты могуць мець самую розную форму (літаратурна-музычная вечарына, фотавыстава, мастацкая выстава, перформанс), але павінны быць максімальна цікавымі і адкрытымі для гледачоў і ўдзельнікаў.
– Як з’явілася ідэя серыі франка-беларускіх праектаў?
Юлія Новік: – Натуральна, працуючы з французскай мовай, ведаючы пра яе неабмежаваныя магчымасці ў плане выразнасці, перадачы вобразаў, мілагучнасці, захацелася спалучыць нашы мовы і культуры, а таксама зацікавіць беларускай мовай саміх французаў. Першая вечарына “Францыя ў сэрцы Беларусі” (http://julienovik.unblog.fr/2009/03/18/1079/) адбылася ў Доме Дружбы 16 сакавіка 2009 года пры падтрымцы Пасольства Францыі ў Беларусі і ўвайшла ў праграму франкафаніі – міжнароднага свята тых, хто гаворыць па-французску. У нас шмат студэнтаў і творчых людзей, якія захапляюцца французскай мовай, ёсць перакладчыкі, якія выдатна перадаюць па-беларуску класікаў і сучасных французскіх аўтараў, выдаўцы, дзякуючы якім з’яўляюцца нават дзвюх- і трохмоўныя кнігі (на жаль, зараз такія серыі спыніліся). Але ёсць і маладыя беларускамоўныя паэты, з творамі якіх маглі б пазнаёміцца, напрыклад, і ў Францыі. А яшчэ – вялікая беларуская культурная спадчына, тыя ж народныя песні, напрыклад, Купалінка, якую я паспрабавала перадаць па-французску. Дарэчы, мае спробы перакладаў беларускіх паэтаў і песень на французскую мову былі агучаныя франкамоўнымі студэнтамі з асацыяцыі Demain le printemps (супольна з беларускай асацыяцыяй МОО Театро), якія навучаюцца ў нас тэатральнаму майстэрству.
Другая франка-беларуская вечарына атрымалася фатаграфічнай – чорна-белая фотавыстава “Паралелі” (http://julienovik.unblog.fr/2010/09/01/413/) адкрылася ў галерэі “Панарама”, на 22-ім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 16 верасня 2010 года. Французскі фатограф і журналіст Цьеры Клеш з геаметрыяй адносін паміж чалавекам і будынкам дзелавога квартала Дэфанс, Парыж, беларускія фотамастакі Вольга Лойка (Мінск і іншыя гарады) і Віктар Байкоўскі (Брэст) са сваім успрыняццем гарадскога жыхара і яго ўнутранага свету – аўтары выстаўленых фотаработ. Адкрыццё ўнесла свае двухмоўныя і медыйныя элементы – п’еса французскага аўтара ў перакладзе на беларускую мову (тэатральны дуэт Сігаль), выступы творцаў, неабыякавых да франка-беларускіх сувязей, онлайн-канферэнцыя з Цьеры Клешам, якому гледачы задавалі свае пытанні… Задача зноў была ў тым, каб максімальна наблізіць дзве мовы і культуры, знайсці падабенства і разам з тым падкрэсліць унікальнасць і цікавасць краін і моваў. Фотаздымкі можна паглядзець тут: http://gallery.art-s.by/paraleli/.
Юлія і Віка на адкрыцці выставы “Вяртанне да рамантызму”. Фота Івана Світы
– Што наконт “Выяваў”?
Віка Трэнас: – Літаратурна-мастацкі праект “Выявы”, запачаткаваны ў 2008 годзе, задумваўся як прастора спалучэння і ўзаемадзеяння розных відаў мастацтва: літаратуры і музыкі, перфомансу, танца, фатаграфіі, дызайну і жывапісу, дакументальнага і мастацкага відэа. Удзельнікі «Выяваў» – творцы новай фармацыі, людзі нестандартнага мыслення. Яны гатовыя да смелых эстэтычных штукарстваў, яны здатныя даказаць актуальнасць найноўшай беларускай літаратуры і яе перспектыўнасць. Многія ўдзельнікі праекта практыкуюць сінтэз розных відаў творчай дзейнасці, што з’яўляецца на цяперашні момант найбольш жыццяздольнай стратэгіяй развіцця ва ўмовах агульнаеўрапейскай стомленасці культурай. У падрыхтоўцы і правядзенні “Выяваў” за ўвесь час паўдзельнічалі не меней за 50 творцаў – як пачаткоўцы (“Дэбют “Выяваў” Ірына Агеева), так і прафесіяналы – спецыяльныя госці Алесь Камоцкі, Уладзімер Арлоў, Андрэй Хадановіч... Адбылося і міжнароднае супрацоўніцтва: Аляксей Раўскі (мастак-жывапісец, Францыя), Джонатан Дрыскал (рэжысёр, фільм пра беларускі рыцарскі рух, Канада). Адмыслова да “Выяваў” мы падрыхтавалі і мультымедыйныя падарункі ўсім гледачам: дыск “Анталогія найноўшай беларускай літаратуры” (2008), электронная кніга беларускіх коміксаў “Блакітны Свін і яму падобныя” (2009).
Прома-група “VU” з Андрэем Хадановічам і Уладзімерам Арловым
у час падрыхтоўкі “Выяваў-2009”. Фота Івана Світы
– Што натхніла вас на выставы коміксаў і выпуск кнігі?
Юлія Новік: – Коміксы – жанр, вельмі распаўсюджаны і папулярны ў Еўропе, французскія коміксы вядомыя ўсім, хто цікавіцца французскай мовай. Каб перадаць гэтую тэндэнцыю на беларускай глебе, мне падалося цікавым паспрабаваць распрацаваць беларускі вобраз у форме коміксаў. Яны былі выкананыя маладымі мастакамі і дызайнерамі (Васіль Паўлініч, Алёна Беланожка, Данііл Жугжда, Даша Бельская, Іна Панамарчук), некаторыя з якіх упершыню працавалі з такой формай, а іншыя – займаюцца гэтым ужо даўно. Вобраз Блакітнага Свіна, сімвалу суполкі Літаратурнае прадмесце, даволі неардынарны і мае свой характар, таму мог бы стаць асновай для сапраўднай серыі коміксаў. Нашыя коміксы былі выстаўленыя ў французскім і беларускім варыянце на вечарыне “Францыя ў сэрцы Беларусі”, а пасля, у абноўленым выглядзе, фігуравалі на дзявочніку “Культурныя формы”. У выглядзе самаробнай электроннай кніжкі коміксы сталі падарункам наведвальнікам і ўдзельнікам “Выяваў-2009”, карыстальнікам інтэрнэту яны даступныя ў віртуальнай галерэі Паэтычнага тэатра Арт.С http://gallery.art-s.by/svin/.
– Раскажыце пра тых, хто дапамагаў вам у ажыццяўленні праектаў (аднадумцы, калегі, дзелавыя партнёры)?
Юлія Новік: – Адказаць на гэтае пытанне цяжка, бо ў кожным праекце былі свае людзі, якія адгукнуліся і падтрымалі. Каля самых вытокаў прома-групы была дызайнерка Даша Бельская, якая і зараз дапамагае ў стварэнні афіш мерапрыемстваў. Франка-беларуская серыя праектаў афіцыйна праходзіла праз аддзел культуры Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, асабістая падзяка ўсім, хто далучаўся і прадстаўляў нашыя праекты (афіцыйныя арганізатары фотавыставы “Паралелі” – Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Пасольства Францыі ў Беларусі). Нашыя сябры – дызайн-студыя Pix.by і фоталабараторыя Фотамакс дапамагалі ў раздрукоўцы паліграфічнай прадукцыі і фотаздымкаў. Уключанасць і энтузіязм удзельнікаў таксама маюць вялікае значэнне для поспеху праекта. Мы былі вельмі радыя адчуць падтрымку, напрыклад, ад Яўгена Шунейкі, які знайшоў у нашых праектах магчымасць распрацаваць сваю даўнюю ідэю і ў выніку стварыў уласны праект, на працяг якога мы спадзяёмся. Асобна варта адзначыць нашага фатограграфа Івана Світу, які падрыхтаваў цудоўныя фотарэпартажы з большай часткі нашых імпрэзаў, а на “Выявы-2009” разам з Нінай Гронскай зрабіў адмысловую фотасесію з удзелам вядомых пісьменнікаў. З інтэрнэт-рэсурсаў адзначу сайт Родныя вобразы (www.rv-blr.com ), які друкуе нашыя матэрыялы (інтэрв’ю, фотарэпартажы, артыкулы), а таксама крэатыўны інтэрнэт-праект Мінчанка.бай (www.minchanka.by ), дзе таксама распаўсюджваецца наша інфармацыя (інтэрв’ю з удзельнікамі імпрэзаў (http://minchanka.by/minchanki/olgaloyko.html ), у тым ліку з намі самімі (http://minchanka.by/minchanki/vu.html ), прэс-рэлізы і г.д.), а кіраўнік праекта дызайнер Алена Мельнік нават стварыла дыпломы для ўдзельніц дзявочніка “Дзесятка-style”.
Віка Трэнас: – Хочацца выказаць словы падзякі журналісту і паэтцы Алесі Кузьміновай, арганізатару відэаздымак і тэлевізійных праграм па матывах нашых праектаў. Таксама – цудоўным дзяўчатам Ірыне Маркоўскай і Людміле Кавалёнак, Ганне Федарук і Ірыне Агеевай. Шчыры дзякуй гаспадарам пляцовак, якія нас прымалі, – бібліятэкі Цёткі, Тэатра рускага раманса, Музея Купалы. І, канечне, усім нашым наведнікам. Абяцаем вас не расчараваць і надалей. Заўважце нас – і Вас заўважаць!
– ВЮ – некамерцыйная суполка. Якія мэты яна пераследуе? Чаго вы чакаеце ад вашай дзейнасці?
Юлія Новік: – Мэты – прывіць цікавасць да культурных праектаў у гледачоў самага рознага ўзросту і з рознымі захапленнямі; аб’яднасць аднадумцаў; прадставіць магчымасць выступіць таленавітым цікавым творцам, асабліва тым, хто сам не займаецца “рэкламаваннем сябе”, але гэтага варты; навучыцца знаходзіць агульнае ў розных жанрах і відах творчай дзейнасці; навучыцца арганізоўваць сябе і культурную прастору ў межах аднаго праекта ці серыі…. Дакладней, у такім пералічэнні ў мяне мэты пераплятаюцца з задачамі і спосабамі рэалізацыі, але, мяркую, ідэя будзе зразумелай чытачам :). Шмат чаму мы ўжо навучыліся цягам гэтых гадоў падрыхтоўкі: планаванне, пошук і распрацоўка ідэі, цікавае афармленне і падача матэрыялаў, праца з людзьмі, асабліва творчымі, пэўныя тэхнічныя і маркетынгавыя навыкі… Гэта не тэорыя, а самая сапраўдная практыка, якая патрабуе шмат сілаў, часу і цярпення, але вынікі якой будуць карысныя, спадзяюся, нам усім і праз… дзесяткі гадоў.
Аўтар інтэрв’ю разам з Юліяй і Вікай на фотавыставе “Паралелі”. Фота з асабістага архіву Юліі Новік
– Які ваш наступны праект?
Віка Трэнас: – Паэтычны канцэрт “МУЗЫКАСЛОВЫ”, прысвечаны Міжнароднаму дню музыкі. Імпрэза з’яўляецца працягам штогадовага праекта на сумежжы сучаснай музычнай і вершаванай творчасці. Першае мерапрыемства, “Рытмы і рыфмы”, праводзілася 20 мая 2010. “МУЗЫКАСЛОВЫ” маюць на мэце прадэманстраваць найноўшыя паэтычныя і музычныя практыкі, а таксама ўзаемаўплывы розных відаў мастацтва. Напрыклад, паэзія пашырае свае магчымасці дзякуючы адмысловаму артыстычнаму выкананню аўтара (з элементамі перфомансу, слэму). Музыка ўзбагачаецца новымі разнастайнымі кірункамі і спосабамі гукаатрымання. 1 кастрычніка ў 18.00 запрашаем усіх у Музей Купалы.
Гутарыў Юры НЕСЦЯРРРќРљРђ
© сайт “Родныя вобразы”.