Віктар Шніп нарадзіўся 26 сакавіка 1960 года ў вёсцы Пугачы Валожынскага раёна. Скончыў Менскі Архітэктурна-Будаўнічы Тэхнікум і ВЛК Літаратурнага Інстытута ў Маскве ў 1987 годзе.
Працуе галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Выдаў 15 кніг паэзіі і прозы. Лаўрэат прэміі імя У. Маякоўскага (1987), літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» (2007) і інш.
Вядзе блог http://vik-shnip.livejournal.com/
* * *
Віктар Шніп ўпэўнена сьцьвердзіў сябе ў паэзіі. Першыя дзьве яго кнігі «Гронка сьвятла» (1983) і «Пошукі радасьці» (1987) традыцыйныя па зьмесьце. У сёньняшняй яго творчасьці прыкметны эстэтычны рост. Сьведчаньнем гэтаму - кнігі «Шляхам ветру» (1990) і «На рэштках Храма» (1994). Паэт выказвае глыбока асабістае разуменьне нацыянальнай гісторыі і зьяваў сучаснасьці. Пошук духоўны - неад'емны ў В. Шніпа. ад пошуку мастацкай выразнасьці слова, ён імкнецца да разнастайнасьці формаў вобразатворчасьці, узбагачае стылёвы лад верша. У творах паэта гарманічна зьнітаваны лірызм і грамадзянская прыўзьнятасьць пачуцьця («Адмаўляю сябе былога...», «Чаму маўчаў, калі глумілі мову...» і інш.) В. Шніп устурбавана гаворыць пра цану адцураньня ад сьвятыняў душы, пра неабходнасьць вяртаньня да Бога, да вечнага і прыгожага. Голас нярэдка набывае драматычную афарбоўку.
2004 - зборнік вершаў "Беларускае мора".
2006 - кніга "Балада камянёў".
2008 - кніга "Страла кахання, любові крыж".
2008 - аўтабіяграфія "Ёсць на Валожыншчыне вёска Пугачы".
2010 - кніга "Проза і паэзія агню".
Зборнік вершаў "Выбранае (1984-2003)".
"Балады беларускага шляху" - новы зборнік вершаў, які рыхтуецца да друку.
Іван Штэйнер пра творчасьць Віктара Шніпа: "Баладны маналог вольнага беларуса".
Фота, тэксты, вершы, інфармацыя пра зборнікі вершаў перададзена самім Віктарам Шніпам.