РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вадохрышча
Зімовае свята народнага календара (адзначалася 6 студзеня с. ст.), якім завяршаліся каляды. Хрысціянская рэлігія звязвае В. з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем на рацэ Гардан (таму ў гэты дзень у цэрквах адбываецца асвячэнне вады, якую некалі бралі з бліжэйшай рэчкі, прасякаючы на лёдзе вялікі крыж). Яшчэ з дахрысціянскіх часоў верылі ў цудадзейную моц свянцонай вады: яе давалі выпіць хвораму, апырсквалі поле перад сяўбой, хатнюю жывёлу, новую хату перад засяленнем, труну перад тым, як пакласці нябожчыка. На В. варажылі пра будучую гаспадарку: часалі лён, каб такімі ж гладкімі былі цяляты; лавілі шапкамі і фартухамі падкінутую ўгору жменю гароху і па злоўленых гарошынах лічылі колькасць цялят, што народзяцца ў гэты год; па дыму ад запаленай лучыны меркавалі, адкуль трэба чакаць пчаліных раёў, і г. д.; варажылі таксама пра суджанага. В. звычайна супадала з самымі халоднымі днямі зімы, пасля якіх год паварочваў на лета.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.