РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гараднянская кераміка
Ганчарныя вырабы майстроў з в. Гарадная Столінскага р-на. Як ганчарны цэнтр вёска вядома з 15 ст. У 19 – пач. 20 ст. ганчарствам займалася каля 200 сем’яў (у 1920 – 30-я г. каля 500), якія забяспечвалі вырабамі амаль усё Цэнтр. і Усх. Палессе. Выраблялі гаршкі, збанкі (глечыкі), гладышы, вазонніцы, глякі, слоікі, цёрлы (макотры), кубкі, міскі. У залежнасці ад аб’ёму гаршкі мелі розныя назвы (гл. у арт.Ганчарная сістэма мер). Традыцыйная Г. к. – белагліняная, непаліваная, аздобленая хвалістымі і роўнымі паяскамі і косымі рыскамі чырвона – карычневага колеру (рубежык), нанесенымі чырвонай глінай (апіска) у 2 – 3 рады на верхнюю частку вырабаў. Посуд вызначаецца буйнымі, ёмістымі формамі, блізкімі да шара. З 1930 – х г. пашырылася кераміка з бясколернай і каляровай палівай, памеры посуду зменшыліся. Была папулярнай дробная пластыка ў выглядзе жанравых сцэнак: ганчар ці каваль за работай, музыкі, валы ў запрэжцы, застолле і інш. Фігуркі трактаваліся ў духу наіўнага рэалізму і вызначаліся гумарыстычным характарам. Калекцыя традыцыйнай Г. к. пач. 20 ст. зберагаецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ АН БССР, вырабы 1920 – 30-х г. – у Бел. дзярж. Музеі сацыялістычнага пераўтварэння Палесся ў Пінску.
Гараднянская кераміка.
Гараднянская кераміка.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.