РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Авечка
 
(Аўца)
Паводле міфалагічнага паданьня, як і сьвіньня, зьлеплена богам з гліны, толькі галава ў яе са смалы. Таму авечка баіцца гарачыні, хаваецца ў цень ад сьпякотнага летняга сонца. Прыручаная ў глыбокай старажытнасьці, авечка мела вялікае гаспадарчае і культавае значэньне. Добра дастасаваная да гадаваньня вандроўнымі пастухамі, яна дазваляла чалавеку выжыць ва ўмовах засушлівых, небагатых расьліннасьцю стэпаў, нагор’яў і да т. п. Авечка была адной з важных ахвярных жывёл (пасьля каня і каровы) або ўваходзіла ў лік трох іншых: парасё – ягнё – цялё (у старажытных рымлян). Але рытуальны статус авечкі яўна ніжэйшы за статус каровы і каня, у пераліках свойскай жывёлы яна найчасьцей фігуруе на трэйцяй пазыцыі пасьля першых дзьвюх; ёю вельмі рэдка апякуецца Хляўнік. У мясьцінах традыцыйнай авечкагадоўлі (напрыклад, на Каўказе) ля стойбішчаў ладзілі адмысловыя пялы для высушваньня авечых скур (аўчынак) у выглядзе невысокага слупка зь дзьвюма перакладзінамі, якія потым трансфармаваліся ў рэлігійны сымвал пакутніцтва, ахвярнасьці. Авечка успрымаецца традыцыйнай сьвядомасьцю і як сымвал маўклівай пакорлівасьці (параўн.: «Ці гэта ж вы людзі, а не авечкі?»). Ягнё было сымвалам Хрыста (ахвярны баранчык, расьпяты на крыжы). Як адзін з асноўных відаў жывёл, прызначаных багам, авечка прыносілася ў ахвяру кроўна, шляхам заколваньня, і бяскроўна — у выглядзе састрыганай воўны. Культавая роля авечкі, воўны, ваўняных нітак у традыцыях шматлікіх старажытных народаў неаднаразова падкрэсьлівалася ў спэцыяльных дасьледаваньнях. Авечае руно выкарыстоўвалі ў магічнай практыцы. У Беларусі пашыраны паданьні пра рэчкі, заклятыя маткай (чараўніцай) або цыганкай з дапамогай авечага руна ў пакараньне за тое, што ў гэтай рэчцы ўтапіліся яе сын або дачка.
           Л. Салавей, С. Санько

Глядзіце таксама: Баран
Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.