РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Зьміцер Смалякоў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кронікі ўнутраных рэвалюцый
Уступ
Кніга чакання
Эпілог
Інфармацыя пра карыстальніка
..post/~existense
УСТУП
        
УСТУП

        
        Мой уступ усяго толькі каментар і, нейкім чынам, гісторыя таго тэкста, які напісаны ніжэй. Думаю, што без пэўнай прапідэфтыкі выкладзены матэрыял зразумець практычна немагчыма. Ды й лічу патрэбным выкласці тут некаторыя свае меркаванні па гэтаму тэксту, тым больш я маю што сказаць чытачу.
        
        Пачну, напэўна, з гісторыі. Тэкст гэты, я сустрэў у інтэрнэце. Ёсць спецыяльныя сайты, дзе можна весці дзённікі, ці як яны больш зразумела называюцца, блогі. Блог – гэта прыватны рэсурс чалавека, яго дзённік, куды ён мусіць занатоўваць усё што толькі яму пажадаецца. Шмат хто занатоўвае свае пачуцці, свае ўражанні, думкі, шмат хто звяртаецца з навінамі да аўдыторыі, часам сустракаюцца рэкламныя абвесткі. Кожны чалавек, які вядзе свой прыватны блог можа браць сабе ў сябры іншага карыстальніка гэтага блогу і чытаць яго нататкі ў сваёй фрэнд-стужцы. Фрэнд-стужка – гэта інтэрнэт старонка ў якой адлюстрованы ўсе нататкі сяброў за пэўны прамежак часу. Такім чынам, можна не заходзячы на кожны раз новую адрэсу кожнага сябра чытаць іх усіх разам на адной старонцы. Прынамсі, сябры маюць права каментаваць допісы. Такім чынам, калі нехта ўразіўся вашым допісам, ён можа пакінуць вам свае думкі на гэты конт.
        
        Да нядаўняга часу адзін з такіх сайтаў працаваў у троху іншым рэжыме, чым ён працуе зараз. Каб завесці свой прыватны дзённік трэба было атрымаць запрашэнне ад чалавека, які ўжо меў дзённік на гэтым сайце. Дзіўна, але запрашэнне я атрымаў менавіта ад аўтара тэкста, які вы мусіце чытаць ніжэй.
        
        Само сабою, гэты чалавек быў аўтаматычна дададзены ў мой фрэнд-ліст – спіс сяброў, якіх я хачу чытаць у фрэнд-стужцы – і таму я з самага пачатку свайго знаёмства з гэтым рэсурсам меў магчымасць чытаць яго допісы.
        
        Калі сазнацца, то напачатку я не знаходзіў у ягоных допісах нічога, не тое што прыемнага, альбо цікавага, але нават карыснага. Уся яго пісаніна здавалася мне жахлівай кампіляцыяй фактаў, мрояў і наркатычных успамінаў. Яго стыль мне падаваўся мешанінай Набокава з Берроўзам. А сама фабула яго апавяданняў для мяне была не тое што цёмная, незразумелая, мне па-праўдзе падавалася што яе ўвогуле няма. Напісана шмат і ніпрашто, вынішчэнне адзіноты графаманам. Нейкая незразумелая лухта, якую я па невядомай мне прычыне чытаю... Дарэчы, чытаю і кожны дзень чакаю ягонага допісу, каб прачытаць яшчэ.
        
        З цягам часу я больш дасканала, у плане аналізу, пачаў чытаць ягоныя допісы. Ёсць такая методыка – чытанне паміж радкоў, я пра яе прачытаў у Гайдэгера. Па яго метаду, аўтар сам не ведае, што ён піша, такім чынам чытач, далучаючыся да тэксту можа знайсці такія сэнсы для сябе, якія аўтару і не сніліся. Прынамсі, гэта было яшчэ не ўсё, што я меў шчасце вынайсці з ягонай пісаніны. Я зразумеў, што акрамя таго, што я мушу чытаць яго допісы між радкоў, ён сам яшчэ шмат чаго карыснага выкладае на электронных старонках. Гэта было нешта новае, нешта да гэтага моманта незразумелае. Я бы назваў гэта незразумелае новай формай адказнасці. Менавіта так, ні больш не меньш, але новай формай адказнасці, адказнасці за ўласнае жыццё. Прынамсі розумам я гэта так і не прадумаў, але насамрэч, здолеў адчуць нешта такое сваёй душой і сэрцам.
        
        Не гледзячы на даволі неэмацыйны па сваёй структуры тэкст (калі выкінуць за дужкі ўсе гістэрычныя яго рэплікі, то тэкст сапраўды неэмацыйны) я вынайшаў цэлы магутны свет перажывання, у-жывання, цярпення. Відавочна, што ён шмат цярпеў за той час, што ён пісаў гэтыя допісы, ды й не пішучы, відаць, таксама цярпеў шмат. Я знайшоў акіян пачуцця, пачуцця, якое вартае не сваёй наяўнасцю, а разуменнем аўтара гэтага пачуцця.
        
        Тэкст, калі быць сапраўды аб’ектыўным, не тое што складаны, але на першы погляд нават бязглузды. Тэкст у філалагічным разуменні ўяўляецца пэўнай сістэмай. Нават постмадэрновы тэкст і той мае пэўную структуру, схему. Прынамсі, тут схемы я па-просту аніякай не знайшоў, ці быў не здатны яе знайсці. Увогуле, мне здаецца, што адсутнасць схемы, ёсць не спецыяльны сродак аўтара, аўтар проста не мог выпрацаваць схему і прытрымлівацца яе. Трэба нагадаць, што гэта ўсяго толькі раздрукаваны інтэрнэт-дзённік з маленькімі маймі карэкцыямі, якія не датычацца сэнсу ці зместа. Такім чынам, адсутнасць схемы мне падаецца цалкам натуральнай з’явай, на жаль, якая зусім не дапамагае аблягчыць працу па разуменні гэтага хаўса слоў, сэнсаў і пачуццевых відарысаў.
        
        Трэба абавязкова сказаць, што ў ягоных допісах не ўсё выдумленае лухта і мроі. Я таксама гляджу тэлевізар і некаторыя апісаныя ў ягоным дзённіку падзеі сапраўды мелі месца быць. Хачу абавязкова падкрэсліць, што я ўсяго толькі рэдактар, які мае гуманітарную адукацыю, калі б я нават меў падазор на праўдзівасць крымінальных момантаў з ягонага тэксту, то абавязкова паведаміў бы ў праваахоўныя органы. На шчасце, я думаю, што гэта ўсяго толькі радыкальныя думкі і нічога больш. Па меньшай меры, у іншым выпадку я бы ведаў пра новага маньяка ў нашым горадзе. Але ніякіх маньякаў, дзякуй Богу, у нас пакуль што не ходзіць, таму лічу патрэбным супакоіць усіх, перад тым, як Вы пачнеце чытаць.
        
        Абавязкова трэба згадаць пра яшчэ адну вельмі важную рэч у разуменні ягонага тэкста. Гэтая рэч – “кніга чакання”. Кніга існуе ў рукапісным варыянце і ходзіць па горадзе ў адным экзэпмляры. Вядома, людзі перапісваюць урыўкі якія ім спадабаліся, што зрабіў, дарэчы, і я, выклаўшы некаторыя вершы з кнігі ніжэй. Хто напісаў кнігу – я не ведаю. Ды й гэта зараз і не істотна. Кніга нам цікава толькі па адной прычыне. Самы першы ягоны допіс, які я меў магчымасць прачытаць быў такі “ Чарговы раз перачытваю гнігу чакання. Я адчуваю, што нешта мусіць змяніцца”.
        
        Кніга сапраўды выклікае нейкі памежны стан у чалавеку. Прынамсі, нічога такога сакральнага, тым больш рэвалюцыйна новага, я там не знайшоў. На мой прыватны густ, даволі сумная і нецікавая лірыка, якая можа быць прадметам жадання хіба толькі што філолага і тое, гэта пад вялікім пытаннем. Але не глядзечы на маё досыць скіптычнае стаўленне да гэтай кнігі, думаю, што яна вельмі моцна ўздзейнічала на аўтара допісаў, і яе ўздзеянне я даволі яскрава адчуваў пры чытанні яго дзённіка.
        
        Варта таксама сказаць, што тэкст, які мусіў пісаць ён, нашмат глубейшы чым тэкст кнігі чакання. Прынамсі, гэта даволі звыклая сітуацыя, калі рэфлексія атрымліваецца больш карыснай за прадмет над якім рэфлексія ажыццяўлялася. Хачу падкрэсліць, што кніга чакання на мяне моцнага ўражання не аказала, а вось ягоны блог мне вельмі ўпадабаў. Я даволі часта перачытваю ягоныя старонкі і кожнае перачытванне мне робіць відавочным новыя, вельмі карысныя рэчы. Што там казаць, тыя думкі якія выклікае ў мяне гэты тэкст я называю сапраўдным адкрыццём.
        
        Абавязкова яшчэ распавяду пра свой намер адносна гэтага тэксту. Думаю зусім залішнім пісаць пэўную кніжку па майму разуменню гэтага тэкста. Лічу патрэбным заўважыць, што мае адкрыцці, якія я раблю чытаючы ягоныя допісы, гэта толькі мае адкрыцці і таму яны карыснымі мусяць быць толькі для мяне. Толькі я магу ацаніць свае адкрыцці як адкрыцці. Для астатніх, думаю, гэтыя каперніканскія зрухі будуць уяўляцца простымі пачуццямі простага чалавека. Напэўна кожны сам мусіць адкрыць у ягоным тэксце штосьці сваё і гэтае сваё, чытач можа для сябе сапраўды назваць адкрыццём.
        
        І апошняе. Тэкст я прапанаваў без дат і каментараў сяброў. Гэтаму маюцца шэраг прычын, некаторыя з іх я вымушаны згадаць. Па-першае, даты не адыгрываць аніякай ролі. Па-другое, я быў вымушаны перасоўваць допісы так, як аб гэтым прасіў мяне ён у нашай прыватнай перапісцы сродкам электроннай пошты. Па-трэцяе, каментары сяброў мала чым датычацца тэкста. Зместам іхніх каментараў былі нейкія эмацыйна напоўненыя допісы, якія не мелі аніякага дачынення да пануючай тэмы. Па-чацверае, ён амаль ніколі не адказваў на коменты. Мне здаецца, што ў яго па-просту не было часу на іх, хаця я магу і памыляцца.
        
        Вось напэўна і ўсё, што я мусіў паведаміць Вам, перад тым, як Вы пачнеце разбірацца ў гэтай моўнай мешаніне, нават кашы-малашы, якую я ганарліва мусіў назваць раманам. Канешне, я магу цалкам памыляцца адносна гэтага тэксту. Магчыма, што Вы, чытач, так і не знойдзіце нічога карыснага з таго, што мусіце прачытаць, магчыма інакш. У любым выпадку, так ці іначай, Вы нічога не даведаецеся пакуль не пачнеце чытаць. Такім чынам, пакідаю Вас сам-насам з тэкстам і жадаю добрага чытання, у чым я мушу вельмі сумнявацца, але гэта ўжо да справы не датычыцца.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.