РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Брыль
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Птушкі і гнёзды
 
Кніга адной маладосці
Уступ
Сцюдзёны вырай
Аповесць першая
«Хлопцы, настаў наш час...»
Падарожжа ў найлепшае
Ява прыходзіць за сном
Хлеб надзённы i рэха гадоў
УСТУП
        Памяці брата Міхася
        
        ...Тады яе, нашай любай і страшнай Зямлі, яшчэ ніхто не бачыў зводдаль, у блакітным ззянні.
        Самотная, яна паволі, вусцішна круцілася ў чорнай бездані, загадкава паслухмяна і вельмі дакладна паварочвала да святла то адзін, то другі бок жывога глобуса, мокрага ад крыві і шурпатага ад руін.
        На тым баку, дзе была ноч, па хрусткім снезе, да касцей прапякаючы босыя ножкі, у белай кашульцы бегла дзяўчынка. Ад вёскі, дзе лютавалі забойцы, у другую, яшчэ не знаёмую вёску, дзе таксама чакала – хто ведае што...
        Яна не крычала, адна ў сцюдзёным бязмежжы, на вачах у высокіх і абыякавых зорак, – яна ўжо толькі шаптала адзінае слова, якім чалавек пачынае жыццё, слова вялізнай сілы і... зусім бездапаможнае.
        Яе сустрэлі коннікі. Яны былі са зброяй і спяшаліся туды, адкуль чуліся стрэлы і крык, дзе пачынаўся пажар.
        Дзяўчынку паднялі на рукі, пад кажух, сказалі, адкінуўшы і суровую жорсткасць і паходны мужчынскі цынізм, што ты не плач, маленькая, ужо не бойся, мы – людзі.
        У родным цяпле яна, як парастак, адышла, дажыла да першай усмешкі, расцвіла пасля пладаноснай красой, здабыла святое права называцца словам маці.
        I сын яе – новыя светлыя вочы бяссмерця – сёння ўжо марыць, услед за першымі, пра міжзорны палёт.
        ...Ну, а навошта яны, што былі ў тую ноч – бясконца доўгую! – хто ў салдацкіх акопах, хто ў партызанскім сядле, хто за дратамі фашысцкага лагера, навошта яны ўспамінаюць, расказваюць, пішуць – многа як быццам, а ўсё яшчэ, кажуць, і мала і бледна?
        Горкая памяць ахвяр...
        Светлая памяць сяброў...
        Трывожная дума пра тое, што будзе...
        I да мяне з далечыні мінулага вось ужо дваццаць год – часта, часамі зусім нечакана – прыходзяць вобразы і галасы, трывожаць і просяць даць ім другое жыццё...
        ...Для гэтай кнігі я аддаў свайму герою многае з перажытага. А ўсё ж яна – “не аўтабіяграфія, а – біяграфія адной душы”, расказ пра яшчэ адзін шлях да святла, пра яшчэ адно месца ў страі яго абаронцаў.
        Кніга напісана не па праву заслуг і пакут. Толькі па праву любасці да Чалавека – які ён ёсць, які ён будзе, бо павінен быць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.