РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Атака
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
1
        
        Былым франтавікам − байцам і камандзірам стралковых батальёнаў,
        чые звычайныя чалавечыя плечы, хістаючыся, гнучыся і выпрамляючыся,
        вынеслі на сабе найбольшы цяжар вялікай вайны.

        
        
        
1

        
        Атака не ўдалася.
        Зблытаўшы парадзелы ротны ланцуг і парушыўшы ўсякі вайсковы парадак, пакідаючы забітых і параненых, яны беглі, падалі, уставалі і зноў беглі, стараючыся як найхутчэй пера-адолець пякельную хмызняковую балацявіну, дзе лютавала смерць. У спіны ім з-пад хат маленькай лесавой вёсачкі разгоністымі гарачымі чэргамі білі нямецкія кулямёты; угары, у звечарэлым небе, скуголіла, гуло і выло ад цяжкіх фугасных мін, якія, абрыньваючы на балацявіну лютасць выбухаў, шалёна карчавалі чорнае куп’ё хмызняку, выварочвалі са дна гразкія, з травой глыбы падталага сакавіцкага лёду, ушчэнт секлі і размяталі ўбакі голае яшчэ сучча вольх і лазы.
        Сяржант Жаркоў шыбаваў ззаду за ўсімі.
        Прыпаўшы ад натугі ледзь не да самага шурпатага рудога лёду, які, не перастаючы, гуў, дрыжэў і дзівоснымі пісягамі трэскаўся ва ўсіх кірунках, Жаркоў з усяе сілы валок за сабой танкастволы станкач «гарунова». З самага пачатку гэтага ад-ступлення сяржант прамарудзіў крыху і цяпер адстаў ад усіх, ледзьве паспяваючы ўхіляцца ад шалёных чэрг, што несліся паўз яго галаву. А тут яшчэ ўтрая пацяжэлы кулямёт, як на зло ў такія хвіліны, раз-пораз чапляўся за ўмерзлыя ў балота патарчакі, хамлакі ссохлай леташняй травы, цяжка перавальваў- ся цераз кавалкі параскіданага лёду і грукаў коламі.
        Сяржант ужо добра зашыўся ў хмызняк, як раптам пакаўзнуўся і, не ўстояўшы, ніцма распластаўся ў доле. Гэта незнарок уратавала хлопца, бо ў той жа момант з варожага боку імгненна пырснула да яго трасіруючая чарга − відаць, немец заклаў новую, нарыхтаваную на ноч стужку. «Чап-чап-чап», − белыя плямы-шчарбінкі сыпанулі на лёд між кустоў. Жаркоў спазнела тузануў пад сябе выцягненыя ногі, чарга матлянулася далей і вышэй у хмызняк, туды, дзе са скрынка-мі ў абедзвюх руках, азіраючыся, бег яго памагаты Тарасікаў. Жаркоў схамянуўся і крыкнуў, каб уратаваць неспрактыкаванага яшчэ салдата:
        − Лажысь!!!
        Распластаны ля кулямёта, ён на некалькі секунд змярцвеў, гледзячы, як Тарасікаў спалохана і няспрытна пляцнуўся за камляватай альхою. Адна яго скрынка са стужкамі, круця-чыся па лёдзе, паляцела ўбок. Адразу ж там сцебанула чарга, але хлопец, відаць, уцалеў, − трапятнуўшыся з-пад куль, ён ухапіў сваю ношу. Жаркоў з палёгкай ускочыў і, учапіўшыся ў яшчэ болей пацежалелы за якую хвіліну хобат, паглядзеў назад.
        Вячэрнія прыцемкі абкладвалі дол. Ускраіна той невяліч-кай вёсачкі, якую яны няўдала атакавалі паўгадзіны назад, грымела, бліскала і зіхацела агнём стрэлаў і зыркіх разнаколерных трас. «Ках!.. Ках!.. Ках!..» − коратка і паспешна білі аднекуль нямецкія мінамёты, і паднябессе не сціхала ад скрыгатаў мін. «Піў… Піў… Піў-у-у-у-у… − Трах! Трах! Трах!» − візжэла ўгары і ірвалі балацявіну выбухі недзе блізка каля таго месца, дзе бег Тарасікаў, пырснула ў неба фантанам чорнае гразі, патокі каламутнай вады пляснулі на кустоўе, сыпанула асколкамі і ледзяным градам. Не паспела яшчэ ўсё гэта з працяглым шорхатам абрынуцца долу, як у паветры, хутка нарастаючы, завізжэла зноў.
        − Тр-рах! Тр-рах! Тр-рах!
        Жаркоў зноў упаў, ледзь не адначасна ў яго твар ударыла тугой гарачаю хваляй і ледзяным крошывам, кавалкі лёду ім-пэтна ляснулі па кулямётным шчыце, пад ногі пляснула лу-жынай мутнай вады. «Падаб’юць усю роту!» − ударыла ў голаў жахлівая думка. Не выціраючы мокрага твару, Жаркоў кінуўся ўбок, каб не трапіць у калдобіну; непадалёк у лазовым хмызняку нехта голасна лаяўся − здалося, іх салдат Няроўны − наперадзе з купістага долу вытыркалася згорбленая, у шынялі спіна, яна няспрытна неяк памкнулася ўзняцца, але раптам бяссільна асела і знікла.
        − Не спыняйсь! Бягом! Бягом! − пракрычаў Жаркоў, кідаючыся праз хмызняк. Зноў у гэтае месца скіравалі ззаду два ці тры мільготкіх трасіруючых струмені, і ў хмызняковым галлі замільгалі-запляскалі сінія агеньчыкі. «Разрыўнымі б’юць, гады!» − падумаў Жаркоў, азірнуўся і ўпаў ля кулямёта. Прывыч-нымі бяздумнымі рухамі сяржант хуценька адкінуў з-за шчыта канец недастрэленай стужкі, прадзетай у прыёмнік, шчоўк-нуў прыцэлам і хапіўся за рукаяткі.
        Праз хмызняковае голле ён хуценька азірнуў усе бліскаўкі ў вёсцы і, здаецца, вызначыў пэўнае месца. Трасіруючыя разрыўныя чэргі несліся з-пад крайняй прынізістай будыніны, здаецца, той пунькі, ад якой гэтак знянацку ўдарыў ва ўпор па іх ланцугу нямецкі кулямёт. Тады ўзмежак уратаваў Жаркова ад пагібелі, але ён жа і не даў яму расправіцца з кулямётчыкам. Цяпер хлопец поціскам вялікіх пальцаў з помслівай злосцю адмераў дзве кароткія па пяць куль чаргі. «На! На! Ага, падавіўся!». Невядома, надоўга ці не, але кулямёт сціх, а сяржант, ухапіўшы хобат, кінуўся за сваімі.
        Яны ўжо дабраліся да сярэдзіны балацявіны. Вячэрнія прыцемкі і хмызнякі як-колечы прыкрылі іх ад прыцэльнага агню, і тады між грукатаў і візгу імкліва вынырнула з вёскі ракета. «Лажысь!» − усім, хто мог чуць яго, крыкнуў Жаркоў і сам стуліўся пад лазовым кустом. Ракета, дымна-агністым следам прарэзаўшы яшчэ святлявае неба, абліла балацявіну яркім дрыготкім святлом, шыпучы і траскочучы, апісала дугу і скіравала ў хмызняк. Стала вельмі відна, на разбітым мінамі доле закруцілася, замільгала дзівосная блытаніна стракатых ценяў. Жаркоў крутнуўся, агледзеўся − у яе пранізлівым святле зводдаль не бачна было нічога, толькі побач, на другі бок куста, невядома адкуль узяўшыся, ляжала нечая постаць у перакручанай на галаве вушанцы. Не паспеўшы патухнуць у паветры, ракета ўдарылася аб лёд, падскочыла і, пырскаючы, хутка згарэла. Рэшткі яе святла крывавай чырванню адбіліся ў раскрытых вачах байца, распластанага на лёдзе, Жаркоў пазнаў яго і махнуў:
        − Давай сюды!
        Пасля ракеты стала зусім цёмна. Трасіруючыя чэргі адвярнулі ўбок, баец ускочыў і, прыгінаючыся, сігануў да сяржанта. Гэта быў Рыбчонак.
        − Ротнага забіла! − сказаў ён нейкім незнаёмым Жаркову натужным крыклівым голасам. − Лейтэнанта забіла!..
        − Так. Ціха, маўчы! − загадаў сяржант, адчуўшы, што ў гэ-тай іх бядзе вось сталася і горшае. − Памажы вось!
        − Забіла! Як ударыла і ўсё! − голасна гаманіў салдат, азіраючыся наўкола. Сяржант падазрона паглядзеў на яго.
        − Ты што, кантужаны?
        Рыбчонак няўцямна цепнуў вачыма і махнуў на хмызняк.
        − Лейтэнант? Там ляжыць.
        Усё азіраючыся некуды ў хмызняк, баец ухапіў леваю рукой хобат, і яны ўдвох скоранька пабеглі, гулка загрукаўшы коламі.
        Хмызняк усё паласавалі чэргі, яшчэ ўспыхнула і згарэла ў небе ракета, за ёй узляцела другая, асвяціўшы ўгары дымную вяроўку − след першай. «Трах! Трах!» − грымелі ў балаця-віне выбухі, але, здаецца, байцы ўжо адарваліся ад ворага і вы-ходзілі з-пад яго агню. Ззаду пад звечарэлым небам тулілася ў змроку вёска, захінутая дубцаватым вяршаллем хмызняку.
        Жаркоў з Рыбчонкам падкацілі кулямёт да грудка, які невысокай узаранай з восені выспай перамежваў гэтую балацявіну. Ля іх і ззаду ўжо нікога не чутна было, мабыць, яны засталіся апошнія. Лёд тут канчаўся, няроўнай паскай ля берагу датайвалі на сакавіцкім сонцы рэшткі бруднага снегу. Надвячоркам яго падкаляніў мароз, і цяпер ён суха хрумсцеў пад нагамі і пад кулямётнымі коламі, якія прарэзалі ўпоперак яго дзве вузкія каляіны.
        − Ты што, бачыў тое? − крыкнуў Жаркоў у самае вуха салдата.
        − Ну, − сказаў Рыбчонак, зірнуўшы ў абсівераны, яшчэ малады, але ўжо з адзнакамі нялёгка перажытага сяржантаў твар. − Асколкам. Як дало − і мазгі вон.
        Яны перавалаклі кулямёт цераз снег, далей было ворыва, дзе-нідзе ў барознах цьмяна бялелі няроўныя плямы снегу. Кулямёты ў вёсцы змаўкалі, толькі раз за разам там узляталі ракеты. Шыпучы па-вужачаму, яны згаралі над хмызняком, і па падсветленаму схілу пагорка невядома ад чаго кідаліся ўбакі даўжэзныя мітуслівыя цені.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.