РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кар’ер
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацверты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел сёмы
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
        
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

        
        
        Пасля пахавання Агееў у сумнай адзіноце сядзеў над сваім абрывам, аддаваўся малавясёлым думкам, як раптам згледзеў на дарозе ля могілак Шурку з Артурам. Апранутыя ў летнія безрукаўкі з моднымі лацінскімі надпісамі на грудзях, у кароткіх штанах, хлапчукі, яўна спяшаючыся, кіравалі да яго на пагорак, і Агееў зразумеў: на гэты раз у іх была справа. Яно так і сталася.
        - Вас там просяць прыйсці, - яшчэ здалёку задыхана паведаміў Шурка.
        - Хто просіць? - здзівіўся Агееў.
        - Ну там, на памінкі.
        - Ага. Дзядзька Еўсцігнееў сказаў, - пацвердзіў Артур.
        «Во як!» - трохі здзіўлена падумаў Агееў. Гэты адстаўнік, які нядаўна яшчэ на цэлы дзень сапсаваў ягоны настрой, цяпер запрашаў яго на памінкі. Канечне, лішні раз сустракацца з ім у Агеева не было вялікага жадання, але ўсё ж памінкі былі па Сямёну, і ён падумаў, што трэба пайсці.
        - А дзе гэта?
        - Ды тут, недалёка. Мы пакажам, - прыжмурыўся пад нізкае сонца Шурка. - Ідзёмце...
        Што ж, надта збірацца не было патрэбы, наогул Агееў быў унутрана гатовы да таго і, цяжка падняўшыся, пайшоў па адхоне за хлопцамі. Капаць сёння ўсё роўна ўжо не было настрою, і ён падумаў, што, можа, лепш будзе пасядзець з людзьмі за агульным сталом, памянуць чалавека. Аднагодкі ўсё ж.
        Хлопчыкі хутка беглі ўзбочынай вуліцы, зрэдзьчасу азіраючыся на цяжкаватага такі ў хадзе Агеева, за мастком павярнулі ў зарослы дзядоўнікам завулак, пералезлі самі і пачакалі, пакуль пералезе ён цераз жэрдку невысокага плота, затым сцежкай па краі бульбы выйшлі на незнаёмую вулічку паблізу ад узроўка. Зады тутэйшых сядзіб, як і на яго Зялёнай, упіраліся ў аўражныя зараснікі, над якімі велічна ўзвышалася некалькі вязаў - гэтаксама, як некалі па-над сядзібаю Бараноўскай. Тут, у новым, нядаўна зрубленым дамку са стромкім вільчыкам і насцеж расчыненымі вокнамі, чуўся стрыманы гоман; у двары стаяла некалькі мужчын і жанчын, гэтыя або маўчалі з журбою на тварах, або скупа перамаўляліся каля паркана. З хаты якраз насустрач Агееву выйшаў разамлелы ад духаты Еўсцігнееў у сваім нязменным цёмна-сінім гарнітуры, пачаў абмахваць счырванелы твар жорсткім капелюшом з капрону.
        - Духата, як у лазні, - проста паведаміў ён. - Ведаеце, пойдзем куды на паветра. Вецер каб...
        - А вунь бугарок, - ступіўшы ад паркана, сказаў немалады мужчына ў кірзавых ботах. Еўсцігнееў падумаў, па-начальніцку агледзеўся.
        - Правільна, Хаміч! Паклічце там каго… Вунь Скарахода з Панамарэнкам, - кіўнуў ён на двух мужчын, што ціха курылі на траве пад плотам. - Усё-такі ветэраны.
        - І гэтага прыхапіць, ага? - з намёкам запытаў Хаміч, і Агееў пазнаў у ім чалавека, які на могілках нёс падушку з Сямёнавымі ўзнагародамі.
        - Як хочаце, - махнуў Еўсцігнееў. - Пайшлі, таварыш Агееў.
        Усё махаючы на сябе капелюшом, ён гаспадарскім крокам нетаропка пайшоў па падворку, каля хлявоў і дрывотні, гучна крэкнуўшы, падлез пад жардзіну ў гарод. Утаптаная сцежка між градак бегла ўніз, да рова, Агееў спаважна ішоў следам.
        - Вы гэта, таварыш Агееў, думаю, не пакрыўдзіліся на нас? - не паварочваючы да яго галавы, запытаў Еўсцігнееў. - Ну, за праверачку! Ведаеце, сігнал быў, а сігналы мы далжны правяраць.
        - Ды не, я нічога, - сказаў Агееў. - Яно панятна.
        - Ну і добра. А то некаторыя, ведаеце, крыўдуюць. Крытыка, яна, ведаеце, асабліва для маласвядомых...
        Агееў змоўчаў, іранічна падумаўшы, што ўсё ж вось не трапіў у разрад маласвядомых. І то добра.
        - А нябожчык і да вас наведваўся? - між тым прадаўжаў Еўсцігнееў. - Наўродзе сябры былі...
        - Ды так, знаеце...
        - Ну, а мы тут з ім дзесяць гадоў... Яшчэ як я ваенкомам быў.
        - Тут - ваенкомам? - перапытаў Агееў.
        - На працягу раду гадоў, - з важнасцю ўдакладніў Еўсцігнееў. - Да выхаду ў адстаўку.
        Яны перайшлі праз гарод і яшчэ раз адолелі плот - не дужа спрытна пераваліліся цераз яго верхнюю жардзіну - і апынуліся на ўзроўку. Невялічкі прыгорак-палянка з дробнай травой у цяні бухматага маладога дубка быў трохі ўтаптаны людскімі нагамі, але яшчэ меў выгляд наогул утульнага месца, адкуль адкрываўся нешырокі маляўнічы від на аўражныя зараснікі і другі, таксама густа парослы хмызняком схіл.
        - Во і прысядзем. Цяпер тут добра. І нябожчык, кажысь, любіў сюды забягаць. З дружкамі, канечне, - з нязлосным папрокам гаварыў Еўсцігнееў, усаджваючыся на прытаптанай траве і з палёгкай выпростваючы караткаватыя, мабыць, не дужа здаровыя ногі ў туга забэрсаных чорных гамашах. Агееў прымасціўся праз тры крокі на ўзмежку.
        - Я, ці ведаеце, чалавек прамы. Як і паложана вайскоўцу. Не буду таіць - люблю парадак. А як жа інакш? Ва ўсім павінны быць дысцыпліна і арганізаванасць.
        Акругліўшы белаватыя, трохі выпуклыя вочы, ён быццам з некаторым здзіўленнем агледзеў Агеева, і той паспяшаўся згадзіцца:
        - Канечне, канечне...
        - А ў нас яшчэ непарадкаў вялікае мноства. Асабліва на перыферыі. Во і нябожчык!.. Нядрэнны чалавек, ветэран і так далей... А парадку не прызнаваў.
        - Во як?! - трохі фальшыва здзівіўся Агееў.
        - Іменна! Піў.
        - Але, ведаеце, цяпер гэта...
        - Не, я не супраць. Не падумайце, што я адмаўляю наогул. Атнюдзь! Але і ў выпіўцы павінен быць нейкі парадак. Калі ў суботу, нядзелю... Калі свята якое або дзень нараджэння... Але калі пачаць кожны дзень...
        - А ён што - кожны дзень?
        - Іменна! І ніякай увагі на грамадскасць. Я ўжо не кажу пра гэты бандарны цэх, дзе ён працаваў. Там яны ўсе такія... Але я сам з ім бяседаваў, можа, разоў з дзесяць...
        - І які ж вынік?
        - А ніякага! - рашуча махнуў капелюшом Еўсцігнееў.
        Цераз плот пералазіў ужо Хаміч з дзвюма бутэлькамі ў адцягнутых кішэнях штаноў. Лісліва ці, можа, вінавата ўхмыляючыся, ён паставіў бутэлькі на траву перад Еўсцігнеевым.
        - Хаця вы і проціў, Еўсцігнеевіч, але...
        - Я не проціў, - насупіўся адстаўны падпалкоўнік. - Цяпер ёсць прычына, значыць, палагаецца...
        - Канечне, канечне, - таропка пагадзіўся Хаміч і звярнуўся да Агеева: - Нябожчык таксама не проціў быў. Колькі мы з ім тут прабяседавалі!..
        - Ды і ты недалёка ад яго адышоўся, - строга перапыніў яго Еўсцігнееў.
        - Што зробіш! Такая наша судзьба!
        Усё таямніча ўсміхаючыся, Хаміч нецярпліва ашчаперыў бутэльку, вялікімі плоскімі пальцамі пачаў калупаць з рыльца бліскучы металічны каўпачок.
        - Што яны перасталі са свінымі вушкамі выпускаць? - паскардзіўся ён. - А то пакуль скалупнеш гэтую бесказырку...
        - Нічога, скалупнеш. Калі выпіць захочаш...
        - Ды ўжо як-небудзь.
        Тым часам праз гарод ужо рупна тупалі нізенькі вяртлявы брунет у сіняй з белымі палосамі на рукавах спартыўнай куртцы і даўгалыгі бландзін у шэрым гарнітуры і дзіўнаватым выразам хударлявага твару. Калі яны падышлі бліжэй, Агееў убачыў, што твар у бландзіна - на адзін бок, левая шчака была ўся зморшчаная, скура на падбароддзі туга напятая, і ўвесь твар нёс выраз спалоху або здзіўлення. Мужчыны прыйшлі пад дубок і селі побач з астатнімі - брунет каля Еўсцігнеева, а бландзін ля Агеева - выцяг у роў свае доўгія, у сандалетах, ногі і выняў з кішэні цыгарэты.
        - Курыце?
        - Не, дзякуй, - кіўнуў галавой Агееў.
        - Ну, а мы закурым, - сказаў ён густым басам і азірнуўся. - Пакуль Жалудкоў закусь нясе.
        Цераз плот пералазіў з выгляду худы і невялічкі, але цвёрды, бы ядловец, жвавы чалавек з папяровымі скруткамі ў абедзвюх руках. Ён быў у зялёнай вайсковай сарочцы з цёмным гальштукам, кароценькі хвосцік якога матляўся на яго кастлявых грудзях.
        - Во і закусон!
        - Ну што ж, сядайце, Жалудкоў. Хаміч, налі патроху, - звыкла распараджаўся Еўсцігнееў, спатнелы мясісты твар якога ўжо трохі астыў у засені. Пакуль Хаміч разліваў, усе глядзелі на дзве скасабочаныя ў траве шклянкі, а Жалудкоў, седзячы на кукішках, разгортваў жоўтую паперу з кавалкамі селядца.
        - Значыць, за старшага сяржанта Сямёнава. За ягоную памяць! - абвясціў Еўсцігнееў, падняў шклянку і моўчкі перадаў яе Агееву. Другую шклянку ўзяў Жалудкоў.
        - Знаеце, я не магу, - сумеўся Агееў.
        - Ну, колькі можаце.
        Ён паднёс шклянку да рота, гарэлка ўдарыла ў нос амаль што агідным пахам, і ён апусціў руку. Жалудкоў спаважна, мернымі глыткамі дапіў сваю да канца. Агееў аддаў шклянку Хамічу, які без слоў узяў яе, наліў з бутэлькі спярша суседу Агеева - бландзіну з абпаленым тварам, пасля даліў троху сабе.
        - Ну, каб яму там было чым пахмяліцца!
        Еўсцігнееў незадаволена хмыкнуў.
        - Хаміч, няўжо ты думаеш, што і там гэта самае... як тут. Ніякага парадку. Усё б вам адно і тое ж...
        - Не, там парадак! - зыркнуўшы яршыстым позіркам, запярэчыў Жалудкоў. - Там не тое, што тут. Там як у войску!
        - Тожа найшоў парадак! - усумніўся Хаміч.
        - А ты адкуль ведаеш, як у войску? Ты што, доўга служыў? - настырчыўся Еўсцігнееў.
        - У мяне зяць прапаршчык. Начуўся...
        - Не гаварыце пра тое, чаго не ведаеце! - адрэзаў Еўсцігнееў. - У войску парадак. А во на гражданцы далёка не заўсёды.
        - Ён ведае, - падміргнуў Агееву Жалудкоў. - Дваццаць пяць год адбахаў.
        - Дваццаць восем, да вашага ведама. Год вайны лічыцца за два.
        - На тваім месцы, Еўсцігнеіч, можна было і трыццаць. Ты ж у штабе сядзеў?
        - Ну, у штабе! - падабраўся Еўсцігнееў. - А што думаеш, у штабе лёгка?
        - Дужа цяжка, - з'едліва пацвердзіў Жалудкоў і нагнуўся па кавалак сялёдкі. - Паперы заелі.
        - А думаеш, не? Колькі мне весці належала? Улік асабовага складу па пяці формах. Перамяшчэнне і перастаноўкі. Журнал беззваротных страт. Страявыя ведамасці. Загады! А матэрыял да ўзнагарод?
        - Ага, спіна не разгіналася, - ранейшым тонам сказаў Жалудкоў, жуючы хлеб з селядцом.
        - І што ж ты думаеш: было, тыднямі не разгінаўся, - усё гучней сказаў Еўсцігнееў. - У добрага работніка, які хоча выконваць усё, што паложана, заўжды плечы мокрыя. А я ніколі разгільдзяем не быў, можаш быць упэўнены.
        Ён абвёў усіх запытальна-насцярожаным позіркам, трохі затрымаўся на Агееве, які з некаторай нават цікавасцю слухаў грубаватую размову гэтых, відаць, даўно і добра знаёмых між сабою людзей. Ён жа тут быў чалавек выпадковы і не спяшаўся судзіць каго ці апраўдваць - хацеў толькі паслухаць, каб зразумець кожнага. Яны выпілі і яшчэ, хаця на гэты раз Агееву ўжо не прапаноўвалі, і ён быў удзячны за тое: піць ён і сапраўды не мог, тым болей гарэлку. Мабыць, пакрыўджаны чымсь Еўсцігнееў расхваляваўся і гаварыў, ні да каго не звяртаючыся:
        - Некаторыя думаюць, што толькі яны і ваявалі. Калі ён там лётчык, дык ужо і герой! Але ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны чорным па белым напісана, што перамога здабыта сумеснымі высілкамі ўсіх радоў войск...
        - Гэта мы чулі, - адмахнуўся Жалудкоў.
        - Не, Еўсцігнеіч кажа праўду, - раптам уставіў паўнаваты брунет. - Мы гэта недаацэньваем.
        - Што недаацэньваем? - раптам напяўся Жалудкоў. - Ты, Скараход, кім на вайне быў?
        - Ну ваенным журналістам. А што?
        - Журналістам? У якім гэта ты журнале тады пісаў?
        - Не ў журнале, а ў газеце гвардзейскай паветранай арміі.
        - А ты што - лётчык? - не сціхаў Жалудкоў.
        - Я не лётчык. Але я пісаў пра ўсё, у тым ліку і пра лётчыкаў.
        - Дык як жа ты пра іх пісаў, калі сам не лятаў?
        - З зямлі лепей відаць, - хітра падміргнуў Хаміч.
        - А што ж, бывае і лепей, - сур'ёзна адказаў Скараход. - Знаеш, каб ацаніць яечню, не абавязкова самому несці яйкі.
        - Яйкі! - усхапіўся Жалудкоў і нават прыўстаў на каленях. - Вось бы цябе ў стралковы ланцуг. Ды пад кулямётны агонь! Ты ведаеш, што такое кулямётны агонь? Ты не ведаеш...
        - Навошта мне ведаць? Ты ж усё ведаеш...
        - Я-та ведаю. Я ж камандзір кулямётнай роты. Кулямётны агонь - гэта агняны тайфун! Гэта канец свету! Во што такое кулямётны агонь! - выпаліў Жалудкоў і павёў над галовамі слухачоў нейкім дзіўнаватым, амаль адсутным позіркам.
        Нязгодна паёрзаўшы на сваім месцы, Еўсцігнееў сказаў:
        - Ну, дапусцім, ёсць рэчы, страшнейшыя за твой кульагонь.
        - Няма нічога страшней. Я заяўляю!
        - Ёсць.
        - Напрыклад?
        - Напрыклад, бамбёжка.
        Жалудкоў амаль па-дзіцячы свіснуў.
        - Я думаў, ты скажаш - начальства! Для штабнікоў, мабыць, самы вялікі страх на вайне - начальства.
        - Не! - рашуча махнуў рукой Еўсцігнееў. - Калі афіцэр дысцыплінаваны і дбае пра сваю службу, яму няма чаго баяцца начальства. А во бамбёжка - сапраўды...
        Утаропіўшы позірк у Еўсцігнеева, Жалудкоў зноў прыўстаў на каленях.
        - А што, апроч бамбёжкі, ты бачыў там, у сваіх штабах? Артылерыя да вас не даставала, мінамёты таксама. Снайперы вас не турбавалі. Шасціствольныя не дакідвалі. Адно што - бамбёжка.
        - Ты гэтак кажаш, нібы сам вайну выйграў, - знарок расцягваючы словы, загаварыў Скараход. - Падумаеш, герой!
        - А я і герой! - з прастадушным здзіўленнем сказаў Жалудкоў. - Я ж пехацінец. А вы ўсе - і ты, і ты, і вунь ён, вы ж усе толькі забяспечвалі. І скажу вам - кепска забяспечылі...
        - Гэта чаму кепска? - настырчыўся Еўсцігнееў.
        - Ды таму, што я шэсць разоў паранены! Вы дапусцілі. Не падавілі, не забяспечылі. А павінны былі забяспечыць. Як у статутах запісана.
        Стаяць на каленях яму было, мусіць, нязручна, і ён сеў бокам, падкурчыў кароценькія ногі. Прыкметны цень нязгоды прабег па і без таго маларадасных тварах ветэранаў, і першы на яго адрэагаваў, як і трэба было чакаць, Еўсцігнееў:
        - Таварыш Жалудкоў, у арміі кожнаму палагаецца выконваць ускладзеныя на яго абавязкі. Я выконваў свае. Таварыш Скараход свае. І выконвалі нядрэнна. Інакш бы не атрымалі баявыя награды.
        - Гэта яму так здаецца, што дасталося болей за ўсіх, - яўна пакрыўджана гаварыў Скараход. - Я хоць не ранены, затое я ў дзеючай арміі прабыў ад званка да званка. Іншы раз наматаешся да знямогі і думаеш: хаця б параніла ці кантузіла, каб паваляцца з тыдзень у санчасці. Дзе там! Працаваць трэба. Трэба рыхтаваць матэрыял, пісаць, правіць. Ды і па матэрыял часцяком трэба было самому ехаць. У акопы, на перадок, у баявыя парадкі. На розныя аэрадромы. А дарогі!.. Не, знаеш, Жалудкоў, калі шэсць раненняў, дык гэта колькі ж месяцаў ты ад перадавой сачкануў?
        - А я табе зараз скажу, колькі. Два цяжкія раненні па тры месяцы і чатыры лёгкія па паўтара-два месяцы. Ітаго прыкладна чатырнаццаць месяцаў.
        - О, бачылі! - нечакана ўзрадаваўся Скараход. - Чатырнаццаць месяцаў у тыле, калі на фронце кровапралітныя баі! Мне б палову твайго хапіла за ўсю вайну. Ужо выспаўся б!..
        - Во, во, - без ранейшага, аднак, запалу сказаў Жалудкоў. - Ды табе б трох месяцаў маіх хапіла. Тых, што я ў гнойным аддзяленні праваляўся. Калі лёгкія выгнівалі ад асколачнага ранення, павесіцца на спінцы койкі хацеў.
        Бландзін з абгарэлым тварам, які дагэтуль моўчкі сядзеў ля Агеева, працягнуў руку да паваленай у траве шклянкі і сказаў з папрокам:
        - Ды хопіць вам! Знайшлі з-за чаго сварыцца. Давайце яшчэ нальём. Хаміч, чаго спіш?
        - Я заўжды, калі ласка, - страпянуўся Хаміч.
        - Не адны мы ваявалі. Во і таварыш, напэўна, тожа. Прабачце, не ведаю вашага імя па бацьку, - ветліва сказаў сусед Агееву, і левая шчака яго скасабочана нацягнулася скурай.
        - Ды проста - Агееў.
        - Былі на фронце ці ў партызанах?
        - І на фронце, і ў партызанах, - сказаў Агееў. - Усюды патроху.
        - На гэтай вайне і патроху можна было добра ўхапіць. Я вунь за паўгода чатыры танкі змяніў. Пасля чацвёртага ўжо не паспеў: вайна скончылася.
        - Гарэлі?
        - І гарэў, і падрываўся. Усё было.
        - Камандзірам ці механікам? - пацікавіўся Агееў.
        - Ён у нас па мехчасці, - сказаў Жалудкоў. - І цяпер шафёрыць у Сельгастэхніцы.
        - Значыць, пайшла на карысць франтавая вывучка, - сказаў Агееў.
        Жалудкоў падхапіў:
        - І Скараходу вунь таксама прыгадзілася. Ды яшчэ як! Да рэдактара газеты дайшоў. І цяпер яшчэ няштатны ў абласной нашай.
        - А табе зайздросна? - зыркнуў на яго Скараход.
        - А мне што! Мая спецыяльнасць пасля вайны кату пад хвост. Я - куды пашлюць. Дзе толькі не быў...
        - А цяпер дзе? - запытаўся Агееў.
        - Цяпер бандарным цэхам камандую. У прамкамбінаце. У мяне ж і Сямёнаў рабіў. Да апошняга свайго дня. За станком і сканаў - клёпкі спушчаў.
        - Знаю, - сказаў Агееў. - Тожа чалавек нялёгкага лёсу. Трохі расказваў.
        - Мабыць, не ўсё расказваў. А як восем гадоў белых мядзведзяў пасвіў, не расказваў?
        - Гэтага не.
        - Гэтага ўжо не раскажа... Панёс з сабой.
        - Кожны чалавек нешта ўносіць з сабой, - глыбакадумна зазначыў Скараход. - Чалавек - гэта цэлы свет, пісаў Хемінгуэй.
        - Можа, і добра, што ўносіць, - буркнуў Жалудкоў.
        Побач незадаволена заварушыўся Еўсцігнееў.
        - Не, я не згодны. Няма чаго ўнасіць. Калі ты чалавек чэсны, прыйдзі і раскажы. Калектыў зразумее. І паможа.
        - А што, калі на душы такое, што не зразумее? І не паможа? - упарціўся Жалудкоў.
        - Тады пракурор зразумее, - заўсміхаўся Хаміч. - Гэты самы панятлівы.
        Еўсцігнееў надзьмуўся і раздражнёна загаманіў:
        - Ты не скалься, Хаміч! Я дзела кажу, а ты свае жарцікі. Харошы калектыў заўжды зразумее. Нават калі ў чым і памыліўся. І паможа выправіцца.
        - Вунь як Сямёну, - ціха кінуў Хаміч.
        - А што - Сямёну? Сямён і не думаў спраўляцца. Ён знаў сваю соску сасаць.
        - Во таму і сасаў, - сказаў Жалудкоў, - што ніхто не памог, калі трэба было. Ён жа ў цябе рэкамендацыю прасіў? Прасіў. Ты яму даў?
        Еўсцігнееў, здавалася, шчыра здзівіўся.
        - Як я мог яму даць? Ён з забягалаўкі не вылазіў, скандаліў з жонкай. На грамадскасць не рэагаваў, а яму - рэкамендацыю?
        - Э, гэта пасля ўжо - забягалаўка і ўсё іншае, - сказаў Жалудкоў. - А тады ж ён яшчэ і не піў. Тады ён хату стаўляў, во гэтую самую. І ты не даў таму, што ў яго там, у дзеле, нешта значылася. З вайны.
        - Ну, хоць бы і так. Хоць бы і значылася. Тым болей я не мог даць.
        - Надта пільны!
        - А як жа! Як жа інакш? Гэта мой абавязак.
        - Аднак жа Шаравараву даў. Малады, актыўны. Пад судом і следствам не быў, на акупіраванай тэрыторыі не пражываў. Не п'е, не курыць. Ліха камандуе райзагам. А што ён ужо тады спекуляцыяй займаўся - пра гэта ж у дзеле не напісана. Во ты і даў. А праз год яго выключылі і судзілі. І што ты? Счырванеўся?
        - Ведаеце, таварыш Жалудкоў, вам болей піць сёння нельга. Я забараняю, - падумаўшы, холадна сказаў Еўсцігнееў і рашуча згроб бутэльку з рэштай гарэлкі. - Хопіць! Вы шальмуеце старшага афіцэра. Усё ж я падпалкоўнік, а вы - капітан.
        - Ужо зняты з уліку, - нечакана ўсміхнуўся Жалудкоў. - Так што спазніўся.
        - З чым спазніўся?
        - З павучаннем!
        - Во дае! - шчыра рагатнуў Хаміч. - Во дае!
        - Нічога падобнага! Гэта ўжо п'янка. Вы забыліся, нашто сышліся.
        Сказаўшы тое, Еўсцігнееў з натугай падняўся на ногі і з бутэлькай у руках патупаў да плота.
        - Пакінь хоць бутэльку, будзь чалавек! - крыкнуў Жалудкоў, але Еўсцігнееў не азірнуўся нават. Трохі пасядзеўшы, моўчкі ўскочыў і Скараход, пабег за падпалкоўнікам. Жалудкоў паморшчыўся і перасеў на яго, мабыць, болей зручнае месца.
        - Ну, і чорт з імі! Пакурым на прыродзе. Прахарэнка, дай цыгарэту, - сказаў ён амаль спакойна.
        Яны закурылі ўтрох, памаўчалі. Хаваючы ў кішэню цыгарэты, Прахарэнка памяркоўна заўважыў:
        - Не трэба было яго чапаць. Даваў, не даваў, каму даваў - якое нам дзела.
        - Яму ж да ўсяго ёсць дзела. Надта актыўны.
        - Ды ён няшкодны, - уставіў дабрадушна Хаміч. - Шабуршыць, ды ўсё без толку. Цяпер сядуць са Скараходам у шахмацікі.
        - Ды ну іх, гэтых шчалкапёраў, - зноў нервова загаманіў Жалудкоў. - Не паважаю такіх! І на вайне не паважаў. За што іх паважаць? Бывала, калі якая аперацыя намячаецца, тэрміны ж заўсёды малыя, дык гэтыя штабы ўвесь час на сябе і сцягнуць. Месяц з паперамі возяцца, графікі малююць, перарабляюць, утрасаюць і ўзгадняюць. Пасля ніжэй спускаюць, зноў чэрцяць і малююць, дакладваюць і ўзгадняюць. А прыйдзе нарэшце такі план да таго, каму яго крывёю выконваць - у полк, батальён, - тэрмін і скончыўся. Камбату няма калі на мясцовасць зірнуць, дзе наступаць будзе, - да атакі гадзіна засталася. Ну, гэта правільна?
        - Паперы, яны і на вайне - немалаважнае дзела, - задумліва сказаў Прахарэнка.
        - Яны, аднак, супакойваліся. Жалудкоў ужо не зыркаў вакол напружаным паглядам. Прахарэнка быў наогул спакойны, а на старэчым, у зморшчынах твары Хаміча раз за разам з'яўлялася амаль дураслівая дзіцячая ўсмешка.
        - І гэты Скараход, ужо два гады на пенсіі, а глядзі ты, гонару колькі! У паветранай арміі ваяваў! - успомніў Жалудкоў.
        Прахарэнка сказаў:
        - Цяпер што! А во паглядзеў бы ты на яго, як ён дэмабілізаваўся ў пяцьдзесят пятым! Блакітны кант, фуражка з крабам над казырком, усё лётчыкам называўся. Аўтарытэт быў, ого! На ўсё мястэчка адзін лётчык. Уладкаваўся ў абласную газету сабкорам. Усё пра дасягненні пісаў. І загалоўкі якія: «На фронце ўборачнай страды», «Бітва за ўраджай», «Атака на безгаспадарчасць»... Ці бачыў ён хоць раз за вайну атаку...
        - Ладна, ну іх! - махнуў рукою Хаміч.
        Але цяпер, хоць і спазнела, мабыць, захацелася выказацца і Прахарэнку.
        - На фронце пад Сандамірам адзін такі прыехаў у брыгаду. Далі яму ў штабе спісы перадавікоў, і ён кажа: «Хачу сам у танку паехаць». У атаку, значыць. Ну, камбат кажа: «Прахарэнка, возьмеш карэспандэнта». А ў нас быў некамплект, радыста параніла. Праўда, і рацыя не працавала, толькі кулямёт. Так што вольнае месца. Надзеў ён шлем, усеўся, паехалі. Немцы як пачалі балванкамі лупіць, толькі акаліна ад сцен ляціць, пасажыр наш сцяўся, разгубіўся, бадай што «мамачка» закрычыць. А пасля нас падбілі на мінным полі, каля першай траншэі. Добра, не загарэліся, але маторную групу раскурочыла здорава. І гэты друг першы - у ніжні люк. Лейтэнант Агурцоў крычыць: «Стой, сядзі!» Бо куды ж лезці, з траншэі адразу падстрэляць. А так, можа, яшчэ што-небудзь і выседзім... Яшчэ па нас некалькі разоў балванкамі ўрэзалі, праламалі браню, здорава брашнёра ранілі. Брашнёр крывёю сплывае, а мы сядзім. Таму што няма куды лезці - верная смерць пад такім агнём, ды і гэтага друга ледзь стрымліваем. Башнёр надвячоркам памёр. Дасядзелі да ночы, па адным выбраліся, з горам напалам дапаўзлі да сваіх, і пасажыр наш наўпрасткі ў санбат - нервовае патрасенне. А мяне ранічкай у другую «трыццацьчацвёрку» перасадзілі, зноў рычагі ў рукі і - упярод, за Радзіму.
        - Гэта што, танк - усё ж браня, - паказваючы нездаровыя зубы і зганяючы з твару наіўную ўсмешку, пачаў Хаміч. - А во як у нас, у партызанах... Вясной сорак чацвёртага, як прарыў быў, ага... Вырваліся, ды на ўсе. Некаторыя не паспелі - захлопнуў ён той калідор. І ўзяў у кальцо. Ды як пачаў па пушчы ганяць, разрыўнымі хрысціць, толькі трэск стаіць. Ну, адстрэльваліся, бегалі, кідаліся сюды-туды, і засталося нас з гулькін нос, два дзесяткі хлопцаў, амаль усе параненыя. Ноччу, як трохі ўціхла, перасядзелі ў балоце, раніцай вылезлі - куды дзявацца? А ён ланцугамі пушчу прачэсвае, усё абстрэльвае, куды не дастане - аганьком! Ну, знайшліся ў нас некаторыя, кажуць: на елку ўзлезці. Елкі густыя, знізу нічарта не відаць, во хлопцы і паўзлазілі, дзягамі да ствалоў папрывязваліся, каб не зваліцца, значыць, - доўга сядзець сабраліся. Я тожа ўзлез высока, прывязаўся, сяджу, гойдаюся на ветры - любата! Але чую: ужо затрашчала, ідзе ланцуг, значыць. І тут чую - аўчаркі! Э не, думаю, ад гэтых не схаваешся. Каменем уніз, яшчэ бок да крыві абадраў, і - дай бог ногі! Бегаў ад тых ланцугоў і так і сяк, зноў ноч на балоце адседзеў, пад выварацінай хаваўся, ля дарогі ў пыльнай канаве паўдня праляжаў, усё ж неяк выкараскаўся. Калі ачапленне знялі. Затым на фронт трапіў, ва Ўсходняй Прусіі адваяваўся. Восенню сорак пятага па першай дэмабілізацыі прыходжу дамоў (я ж з Ушацкага раёна), чую, нехта расказвае: у Селіцкай пушчы шкілеты на елках вісяць. Неяк выпадкам заехаў. Сапраўды, вараннё каркае, кружыць, прыгледзеўся, знаёмыя мясціны. А на елках белыя костачкі праз голле блішчаць, рамянямі папрывязваныя, некаторыя з вінтоўкамі нават. Знімалі пасля, хавалі...
        - Ну, а як жа ён іх усё ж згледзеў - на елках? - запытаўся Агееў.
        - У тым-та і справа, што ён нічарта не згледзеў - аўчаркі! Тая сцерва ўчуе, падбягае да елкі і брэша. Ну, аўтаматчык падыходзіць і - чаргой угару, па голлі. Ну, і крышка! Каторыя адразу забітыя, каторыя параненыя, самі пасля даходзяць. Але ж прывязаны, не ўпадуць. За паўтара года вараннё абгладала...
        - Да-а, - сказаў Жалудкоў. - Было дзела! Ды ну яго к д'яблу! Во нахлынула праз Сямёна гэтага. А так я і ўспамінаць не хачу... Харошае надвор'е, рыбалка. Хутка грыбы пачнуцца.
        - А па грыбы туды і дагэтуль не ходзяць - усё замініравана. Колькі пасля вайны пападрываліся! - не мог спыніць успаміны Хаміч.
        Агееў ціха сядзеў на траве, пакорліва слухаючы то ўсхвалявана-зласлівыя, то ўціхаміраныя і невясёлыя, аднак, размовы ветэранаў, і ўнутры ў яго ўзнімалася трошкі нават зайздроснае пачуццё да іх - яму такой вайны не дасталося. Яму выпала іншая, пра якую і расказаць гэтак вось шчыра, як расказвалі гэтыя людзі, не адразу наважышся. Ён і не расказваў нікому, доўгія гады насіў усё ў сабе. Хіба што-колечы сказаў жонцы пра сваё нядоўгае партызанскае жыццё, у якім для яго было мала цікавага, бо на заданні ён не хадзіў - плавіў на базе пол, рыхтаваў узрыўчатку. Пасля вызвалення ў сорак чацвёртым яго як спецыяліста паслалі ў артзабеспячэнне, дзе ён свету не бачыў за штабелямі мін, снарадаў, патронаў, гранат, пагрузкай і выгрузкай, справаздачамі і ўлікам. А колькі клопату было з транспартам, якога заўжды не ставала. Але гэта звычайныя клопаты, якіх процьма ў кожнага забеспячэнца або гаспадарніка. Хоць бы і на вайне.
        - Вы ўжо на пенсіі? - запытаўся Агееў у Хаміча, які тут здаўся яму самым старым, апроч хіба Еўсцігнеева. Хаміч нязгодна смыкнуў рэдкімі брывамі.
        - Раблю. Ваабшчэ мог бы ісці, але, ведаеце... Грошы трэба.
        - Ён у нас многасямейны, - сказаў Прахарэнка. - Бацька-герой!
        - Ну. Пяць дачок, восем унукаў. Мусіш рабіць, памагаць трэба.
        - А што, у дачок мужыкоў нама? - запытаўся Агееў.
        - Ёсць, чаму! Адна толькі ў разводзе. А так зяці, усё як мае быць. Калі ўлетку наедуць - цэлы ўзвод. Аж гул у хаце стаіць. Ну, і трэба даць кожнай: сальца, кілбас, вясковага масліца - гарадскія цяпер падабаюць. Гародніны таксама. Ну, яблыкаў, грыбкоў, варэння. А затым трэба і паслаць! Адна кааператыўную кватэру будуе, другая машыну купляе. Трэцяя прадаўшчыцай у Мінску рабіла, недастача выйшла, трэба пакрыць, бо ў турму сядзе. Усё трэба.
        - Панятна, - задуменна сказаў Агееў, а Жалудкоў растлумачыў проста:
        - Паразіты яны ў цябе, Хаміч. І дочкі, і зяці твае.
        Цень заклапочанае нязгоды прабег па добразычлівым Хамічовым твары.
        - Ну, чаму - паразіты? Цяпер ва ўсіх так. Валакуць з вёскі ў горад. Што толькі можна. Во ў Прахарэнкі адзін сын, а што - ён меней за маіх дачок цягне?
        - Не меней, - трасянуў сівой галавой Прахарэнка. - Трэцяя жонка, аліменты, што ж застаецца. Прыходзіцца.
        - Нам хто калі так дапамагаў?
        - Ну, мы - іншая справа, - адразу пазмрачнеў Прахарэнка. - У нас іншае жыццё было. Можна сказаць - не было ніякага. Адна пагібель! Хай цяпер гэтыя жывуць. Пакуль вайны няма.
        - Во-во! Пакуль няма вайны, - падхапіў Хаміч. - А то як лясне гэты атамны грыб, дык нічога і не застанецца. Кажуць, што адны мурашы толькі выжывуць. І то яшчэ невядома, навука сумняваецца.
        - Ну, лясне, дык лясне, тут ужо нічога ад нас не залежыць, - загаварыў Прахарэнка. - Але я так думаю, пакуль мы таго дачакаемся, палавіна з глузду з'едзе. Хаця б ад гэтага жывадзёрства ў эфіры. І яшчэ ад гарэлкі. Вы чулі, учора Грыбанаў сына з ружжа застрэліў - шафёра з нашай аўтабазы.
        - Гэты пенсіянер? Што ў райфо працаваў?
        - Той самы. Сын выпіць не даў, без апахмелкі пакінуў, бо сам выпіў. Ну, і той у яго - з ружжа. А затым і сябе з другога ствала.
        Яны ўсе змоўклі, уражаныя гэтай навіной, і Агееў хвіліну самотна пазіраў на аўражныя зараснікі. Роў быў развалісты, глыбокі і маляўнічы, як і сорак гадоў назад, а можа, і яшчэ больш, чым тады, - густое, ужо кранутае восеньскай жаўцізной голле кашлатых дрэў знерухомела ў вечаровай цішы - кожнае дрэва асобна ад іншых, сярод маладняку і драбналесся; сонца свяціла збоку і ярка высвечвала той, другі схіл рова да абрывістай крутой павароткі; гэты ж, аўражны бок - высокі і стромкі - амаль увесь цямнеўся ў засені. Угары, у дубовым суччы над імі, шорхнуўшы жорсткай, бы бляшанай, лістотай, пырхнула нейкая пташка, піскнула раз-другі і паляцела ў роў. Нядоўга падумаўшы, Прахарэнка сказаў:
        - Я так мяркую, не дажывём мы да гэтага грыба, і на тым вялікае дзякуй. Вось лёг у зямлю Сямён, там жа хутка ляжам і мы. Усе гэтыя жахі будуць без нас. Яшчэ нам пазайздросцяць.
        - Яно-та так, - журботна ўздыхнуў Хаміч. - Унукаў шкада!
        - Гэта праўда, гэта канечне...
        Жалудкоў раптам падхапіўся, далоняй абтрос на каленях штаны.
        - Ладна! Ну вас з вашымі размовамі. Паслухаеш - ужо цяпер гатоў пазайздросціць Сямёну. Трэба яшчэ выпіць.
        Ні з кім не развітаўшыся, ён палез цераз плот у гарод, і Прахарэнка з Хамічом пераглянуліся.
        - А, знаеш, праўду кажа, што знычыць - кулямётчык! - падміргнуў Хаміч і таксама падняўся. За ім устаў даўганогі Прахарэнка, мякка сказаў Агееву:
        - Можа, пойдзем? Шчэ прымем па адной за Сямёнаву памяць.
        Агееў развёў рукамі.
        - Ды не... знаеце. Я не таго... Не ў каня корм.
        - Ну, як хочаце.
        - Дзякуй, - сказаў ён. - І дай бог вам здароўя, добрыя людзі. І трошкі яшчэ пажыць на гэтым свеце. Я тут, ведаеце, па ўзроўку прайдуся. Надвор'е харошае...
        - Ну што ж, яно можна, - пагадзіўся Хаміч.
        Пасялкоўцы развіталіся, таропка падаўшы Агееву шурокія рукі з цвёрдымі вузлаватымі пальцамі, і палезлі ў гарод. Агееў праводзіў іх раптам затуманеным паглядам і нетаропка пабрыў па ўзроўку пад суцэльнай сцяной драбналесся, шукаючы якой-небудзь сцежкі. Павінна ж яна недзе быць, гэтая сцежка, якая, думалася яму, яшчэ раз выведзе яго да пустога падворка Бараноўскай - застаронка, гарышча і Марыі - да яго даўняга страшнага мінулага...
        
        Ляжаць было жахліва нязручна - мала, што цвёрда на няроўным каменным доле, дык яшчэ і не было куды выпрастаць ногі, якія ўвесь час упіраліся ў сцяну. Агееў не ведаў, што гэта было - карцэр, які ізалятар ці проста цесны закутак у царкоўным склепе, куды яго прывялі ноччу два маўклівыя канваіры з ліхтарыкам. Тут нікога болей не было чуваць, не далятала ніводнага гуку знадворку, і Агееў падумаў, што ён тут адзін. Спярша ён сядзеў, прыхінуўшыся спіной да сцюдзёных камянёў сцяны, потым устаў, пастаяў, зноў сеў. Пасля ўсяго перажытога за дзень уладарна даймала стома, хацелася легчы, ды ляжаць можна было хіба падкурчыўшы ногі. Але ў такім стане ногі нясцерпна нылі ў каленях, асабліва левая, хворая нага, ён увесь час варочаўся, вырушыў імі, хваравіта шукаючы лепшага месца, якога тут не было. Пакутуючы, ён чакаў, што яго павядуць на допыт або расправу - усё ж павінен Драздзенка спрабаваць з яго нешта выцягнуць перш, чым яго расстраляюць або павесяць. Але ішоў час, пакутна нылі на камянях яго косці, ад стомы звінела ўвушшу, а па яго ніхто не ішоў. І ён думаў, пакутаваў у неспакойным чаканні, шукаў прычыны свайго правалу, хоць шукаць ён мог, толькі мяркуючы і згадваючы без жаднае пэўнасці.
        Галоўнае і самае жахлівае для яго было, аднак, зразумела: Марыя папалася. Яны яе ўзялі, мабыць, з яе ношай. Але як яны даведаліся пра яго? Выдала Марыя - прагаварылася, назвала? Канечне ж, магчымасцей дамагчыся, чаго ім хацелася, у іх хапала, тым больш ад такога нявопытнага, зялёнага дзяўчаці, напэўна ж, сілы для таго яны не шкадавалі. Але ўсё ж... Усё ж ён не хацеў верыць, што яна так хутка выдасць яго. Яна не магла яго выдаць, бо яна кахала яго, і такі ўдар з яе боку быў бы для яго страшней за правал, горш за пагібель.
        Аднак і нічога іншага ён прыдумаць не мог - пра іхнія адносіны не ведала ніводная душа ў мястэчку - ні суседзі, ні паліцыя, ні нават свае. Як паліцыя магла звязаць яе з ім? Ды ўжо праз некалькі гадзін пасля яе арышту?
        Напэўна, там, на сядзібе, яны рабілі вобыск - пераварочвалі ўсё дагары нагамі, як сказаў Драздзенка. Для таго, аднак, ім трэба пастарацца нямала - сядзіба вялікая. Але што яны знойдуць? Хіба парожнюю торбу ад толу, ягоныя дакументы... Ды яшчэ пісталет. Пісталет ён, канечне, дарма схаваў так блізка ад застаронка, усё роўна той не спатрэбіўся, а знойдуць - будзе ўліка. Хаця, як ні дзіўна, цяпер ён не надта перажываў за ўлікі, чамусьці ўсё зрабілася яму абыякавым, ён адчуваў, што галоўнае і самае страшнае ўжо адбылося і нічога паправіць нельга. Цяпер толькі б не дужа білі, толькі б хапіла сілы і волі па-людску скончыць жыццё.
        Яшчэ яго турбаваў лёс Малаковіча, ці не праваліўся і ён на гэтай перадачы, калі, не дай бог, Марыю схапілі на станцыі, ля качагаркі. Тады маглі ўзяць абаіх. Можа, і яго зачапілі праз Малаковіча, усё ж пранюхаць аб іхняй сувязі было няцяжка. Маглі і здагадацца. Але дзе Малаковіч? Яшчэ на волі ці таксама сядзіць? Ці, можа, забілі? Усё ж у яго быў пісталет, і калі не пры сабе, дык, мабыць, бліжэй, чым у Агеева. А рашучасці ў гэтага лейтэнанта хапала, Агееў гэта ведаў даўно.
        Неяк, аднак, неўпрыкмет для сябе задрамаў на падлозе - знерухомеў у скурчанай, нязручнай паставе і тут жа прахапіўся, пачуўшы невыразны рух за дзвярыма. Не было сумнення - ішлі да яго, і ён сеў, асільваючы сутаргавы боль у нагах, з натугай расплюшчыў вочы. У камеры ўжо стала відней, аднекуль праз маленькае акенца пад столлю цадзілася цьмянае святло першага ранку. Дзверы рачыніліся, але ён усё сядзеў, яшчэ не разумеючы, што трэба рабіць.
        - Ну!
        Гэта прагучала спакойна і ў той жа час са стрыманай злой пагрозай, якая дала Агееву зразумець, што трэба ўставаць і ісці. Праз цёмны падземны праход яны выйшлі да замшэлых каменных прыступак, і ён аслабела і паволі стаў паднімацца са склепа.
        Тут ужо было відна, мабыць, толькі што настаў ранак. У сцюдзёным небе хутка мчалася шызае клочча аблокаў, дзьмуў моцны вецер - дробна трымцела паверхня дзвюх лужын ля сцежкі. Воддаль, за чорнымі надмагільнымі крыжамі, высілася некалькі магутных клёнаў з парадзелай рудой лістотай; такой жа лістотай была абсыпана дробная зялёная траўка ў куце мураванай агароджы царквы. Хістаючыся ад слабасці, Агееў пратупаў крайком лужын да вузенькіх веснічак пад цаглянай стральчатай аркай. Праседзеў ноч у царкве, не без іроніі падумаў ён, і не памаліўся... Усё ж шкада, не ўмеў, не навучылі. А можа, было б дарэчы ў ягоным становішчы...
        За варотцамі адкрывалася шырокая, уся ў дробных лужынах і гразі, мабыць, кірмашовая плошча з плямамі конскіх круглякоў і рэштаю натрэсенага пасля кірмашу сена. Насупраць ля тэлеграфнага слупа з падпорынай стаяла фурманка, у якой нерухома сядзела старая цётка, а побач, мабыць, месцячыся, каб зручней сесці, корпалася цёпла і тоўста апранутая чырванашчокая маладуха; яна ўбачыла іх у варотцах і пужліва знерухомела, разявіўшы рот. Агееў азірнуўся на канваіра - то быў, здаецца, той самы рупны, ціхманы паліцай, што прывёў яго сюды ноччу, - танклявы малады хлапец са смуглявым усходнім тварам і вусікамі, апрануты ў паношаны чарвонаармейскі шынель са слядамі ад пятліц на каўняры, ён неяк загадкава - з затоеным страхам або трывогай - зірнуў на Агеева, і той ціха спытаў:
        - Куды цяпер?
        - Прама, - кіўнуў канваір, для пэўнасці ткнуўшы перад сабой ствалом рускай вінтоўкі.
        Прама - значыць цераз плошчу і невялічкі сквер з маладых, амаль ужо голых тапалькоў да прысадзістай драўлянай будыніны - якой установы ці раённай бальніцы. Цяпер там, канечне, ужо не бальніца...
        Сапраўды, гэта была не бальніца, да вайны тут хутчэй за ўсё размяшчалася школа, а цяпер, мяркуючы па мностве мужчын са зброяй, сталявалася паліцыя. На Агеева тут не звярнулі вялікай увагі, хаця ўсе, хто сустракаўся яму на двары ці з цыгаркаю ў зубах бавіў час у калідоры, з нядобрым халадком у вачах праводзілі яго, пакуль ён ішоў наперадзе канваіра, за рог калідора, дзе было цішэй і жаўцелі асобныя дзверы ў сцяне. Перш чым увайсці ў іх, канваір нямоцна пастукаў.
        - Можна, начальнік?
        - Давай сюды, Чарамісін, - пачулася з пакоя, калі дзверы адчыніліся. - А сам пачакай там...
        Агееў ступіў у пакой і спыніўся. Мяркуючы па ўсім, тут быў кабінет дырэктара, мабыць, выкладчыка геаграфіі - з зашклёнай шафай у куце, глобусам на ёй. У прасценку паміж двума вокнамі вісела вялізная карта Эўропы, на фоне якой, грозна настырчыўшыся, стаяў начальнік паліцыі Драздзенка. Ён курыў і, як увайшоў Агееў, нервова пажаваўшы цыгарэту ў зубах, кінуў яе на падлогу.
        - Ну, давай дамовімся. Будзем гуляць у жмуркі ці адразу папараўдзе? Падумай, што для цябе выгадней?
        - Мне няма чаго думаць, - знарок пакрыўджана сказаў Агееў. Усё ж яму не было вядома, што яны дазналіся пра яго, у чым падазраюць.
        - Ах, няма чаго думаць? - злосна здзівіўся Драздзенка. - Вельмі нават дарма. Я б на тваім месцы моцна задумаўся. Ёсць над чым.
        Ён узяўся за спінку крэсла, але перш чым падсунуць яго і сесці, са сначэннем паглядзеў на канец вялікага стала, дзе сярод папак і розных папер ляжалі нейкія рэчы. Зірнуўшы туды, Агееў адразу сцяміў, што ноччу яны, мабыць, папрацавалі няблага, добра перавярнулі сядзібу Бараноўскай. На стале ляжала акуратна, па-вайсковаму складзеная яго гімнасцёрка з трыма кубікамі ў чырвоных пятліцах, зверху на ёй - шырокі рамень, дакументы, паперы, камандзірскае пасведчанне і кандыдацкая картка, нейкая кніга без вокладкі. Пісталета, аднак, там не было. Драздзенка кіўнуў галавой.
        - Ну, пазнаеш? Твае рэчы?
        Агееў спакойна цепнуў плячмі.
        - Гімнасцёрка мая. Дакументы, напэўна, таксама.
        Драздзенка пасунуў з-пад стала крэсла і дэманстратыўна прыпадняў з яго злашчасную кашолку з чырвонымі ручкамі.
        - А сумачка во гэтая?
        Агееў амаль шчыра здзівіўся:
        - З якой нагоды? Упершыню бачу.
        - Значыць, не прызнаеш?
        - Не прызнаю, - сцята сказаў Агееў.
        - Добра, добра. Прызнаеш! — лёгка паабяцаў Драздзенка і, схапіўшы сумку, выдраў з яе каляную чорную вокладку, якую Агееў учора паклаў на дно. - А вот гэтую абложку?
        Цераз стол ён кінуў яму складзеныя кардонкі вокладкі, Агееў, пра нешта ўжо здагадваючыся, пакруціў іх у руках, разгарнуў, склаў зноў.
        - Не!
        - Сукін ты сын! - злосна аб'явіў Драздзенка. - Можы, ты і гэтую кнігу тады не прызнаеш? Вось гэтую! З ададраным пераплётам! Во!
        Дрыготкімі ад злосці рукамі ён торкаў яму цераз стол трэці том Дзікенса, і Агееў зразумеў, што прапаў. Яны параўналі гэтую вокладку з кніжкамі на гарышчы, і, хоць на вокладцы не значылася ніякае назвы, падабраць да яе кнігу, мабыць, было няцяжка. Трэба было яе ўчора спаліць ці кінуць куды далей з падворка. Але во не дадумаўся. А цяпер...
        - Дык што? Будзеш і далей адмаўляцца ці пачнём дзелавы разгавор?
        Ён прамаўчаў, і Драздзенка, счакаўшы, уклаў кнігу ў вокладку, кінуў да кучы на гімнасцёрку.
        - Чаго вы ад мяне хочаце? - нервова запытаўся Агееў. Здаецца, з кнігай адмаўляцца было бескарысна, але і не прызнавацца ж яму ва ўсім.
        - Узрыўчатку Марыі ты даў? - запытаўся Драздзенка і ва ўпор пранізаў яго цяжкім злым позіркам.
        - Якую ўзрыўчатку? Якой Марыі?
        - Ах, ты не ведаеш, якой Марыі?! Чарамісін! - гаркнуў начальнік паліцыі і, калі дзверы з калідора адчыніліся, загадаў: - Прывядзі тую!
        Сэрца ў Агеева па-здрадніцку страпянулася, у вачах прыцьмела, і ён увесь сцяўся ў прадчуванні найгоршага. Аднак Чарамісін марудзіў, мабыць, бегаў куды, і Драздзенка з непадробнаю асабістай крыўдай пачаў лаяць Агеева:
        - Эх ты, сука! А я цябе пакрываў! Намеснікам хацеў зрабіць. А цяпер ты здохнеш, і пашкадаваць не будзе каму.
        - Гэта магчыма, - марудна авалодваючы сабой, сказаў Агееў. - Калі вы так... без разбору.
        - Без разбору? Мы разбярэмся, не думай...
        Дзверы ціха адчыніліся, і ў кабінет ціха ўвайшла мілая яго Марыя, адзін толькі позірк на якую прымусіў Агеева ўнутрана здрыгануцца. Цёплай вязанай кофты на ёй ужо не было, з-пад разадранага на спіне сарафаніка востра тырчалі голыя плечы, усе ў драпінах і сіняках ад пабояў, на левай шчацэ пад вокам цямнелася сіняя пляма, распухлыя вусны сачыліся крывёй. Хуткім позіркам яна слізганула па кабінеце, ледзь-ледзь затрымала позірк на Агееве, нічым, аднак, не адзначыўшы свайго да яго пачуцця, і ўставілася ў Драздзенку.
        - Ну, пазнаеш? - запытаўся ў яго начальнік паліцыі.
        - Не памятаю.
        - Не памятаеш!.. А ты? - кіўнуў ён Марыі.
        - Я памятаю. Гэта сапожнік, што ў Бараноўскай жыў, - слабым, з дрыготкай голасам сказала Марыя і змоўкла, уся ў насцярожанай пакутнай увазе.
        - Сустракаліся?
        - Аднойчы рамантавала туфлі. Во гэтыя, - Марыя варухнула запэцканымі ў гразь наскамі яму добра знаёмых лодачак.
        - Ну, ці мала каму я рамантаваў! Усіх не прыпомню. Можа, і ёй рамантаваў, - з робленай лёгкасцю сказаў Агееў.
        - Рамантаваў і завербаваў! Вот гэтую дуру! - вызверыўся на абаіх Драздзенка. - Толу ёй нагрузіў! Нясі на станцыю. Падумаў, куды пасылаў? На смерць пасылаў!..
        - Я нікуды не пасылаў, - спрабаваў пакрыўдзіцца Агееў.
        - А хто пасылаў? Хто?
        - Я ж вам сказала, - хуценька ўставіла Марыя. - Дзядзька адзін папрасіў на базары аднесці, сказаў - мыла, што я ведала...
        - Маўчаць! - зароў Драздзенка.
        Але было позна. Агееў ужо зразумеў, да каго былі звернуты гэтыя словы Марыі, і радасна адзначыў сабе ў думках: малайчына, значыць, не выдала!.. Значыць, Марыя не выдала, цяпер гэта для яго было важней за ўсё іншае. Драздзенка тым часам падскочыў да Марыі, дужым вялікім кулаком памахаў перад разбітым тварам дзяўчыны.
        - Ты мне памаўчы! З табой мы яшчэ разбярэмся, блядзюшка!
        - А са мной няма чаго разбірацца! Будзеце біць, я вам не скажу нічога! - крыкнула яна з нянавісцю і такім гневам у вачах, што Агееў спалохаўся: будзе і горш.
        - Скажаш! - проста паабяцаў Драздзенка. - Скажаш!
        - Падонак! - толькі і крыкнула яна ў адказ.
        - Чарамісін! - роўным голасам паклікаў Драздзенка. - Вядзі!
        З дзвярэй выскачыў Чарамісін і ўхапіў Марыю за руку. Агееў бачыў, як яна пахіснулася і, ступіўшы два крокі, схавалася ў калідоры - назаўжды знікла з яго жыцця і, магчыма, з жыцця наогул. Агееў марудна, пакрысе ачуньваў, галоўнае ён ужо зразумеў: Марыя яго не выдала, сталася нешта іншае. Ці выдаў хтось іншы.
        - Ну, прадоўжым размову, - нібы нічога не здарылася, спакойна сказаў Драздзенка і зайшоў за стол. - Як салдат з салдатам. Без нерваў і істэрыкі. Скажы, чаму ты мяне вадзіў за нос? Я ж хацеў для цябе дабра. Ці ты, дурная твая башка, не сцяміў! Ці ты прывык за Саветамі адказваць подласцю на дабро? Што маўчыш, гавары!
        Агееў маўчаў. Для таго, каб прадаўжаць гэтую размову, трэба было супакоіцца, а ўнутры ў яго ўсё хваравіта трымцела, яго душылі крыўда і гнеў - ад сваёй бездапаможнасці, ад немагчымасці абараніць Марыю. Яны яе білі, калечылі, зневажалі і ганьбілі амаль на яго вачах, а ён павінен быў напускаць на сябе абыякавасць, нічым не могучы памагчы ёй. Усё тое зневажала яго і было падобна на подласць. А гэты канавал яшчэ клікаў на дурную размову пра няўдзячнасць за ўсё добрае.
        Драздзенка зноў закурыў сваю цыгарэту, плюхнуўся ў крэсла за сталом.
        - Ты ўлічы, у мяне няшмат часу. У нас наогул мала часу. Пакуль у гэтую справу не ўмяшалася СД, мы яшчэ можам штось згладзіць. Але пры ўмове поўнага прызнання з вашага боку. А калі ўмяшаецца СД, дык ваша песня цю-цю! Будзе скончана. Тады вас ніхто не ўратуе.
        «Панятна, - падумаў Агееў. - Закідвае кручок з надзеяй».
        Не, мабыць, спадзявацца ўжо не было на што, з гэтай кніжкай яны яго злавілі грунтоўна. Тут ён спудлаваў грандыёзна і, здаецца, заплоціць за тое жыццём. Але і Марыя таксама. Хоць бы ўдалося як-небудзь працягнуць час...
        - Такая справа... Ці нельга сесці? У мяне ж нага...
        - Сядай. Вунь бяры стул і сядай.
        Агееў прысеў на адно з двух крэслаў, што стаялі ля шафы збоч ад стала начальніка.
        - Тут такая справа, - напружана згадваючы, пачаў ён. - У мяне аднаго разу начаваў чалавек. Я ж жыў у застаронку, мабыць жа, вы бачылі - на тапчане. А ён палез на гарышча. Сказаў, што знаёмы гаспадыні...
        - Так, так... Ну? - прыспешыў яго Драздзенка. - Які чалавек? Як прозвішча?
        - Не назваўся. Сказаў, што з вёскі.
        - З якой вёскі?
        - Не сказаў. Я не пытаўся.
        - Не пытаўся, а пусціў! Ды ты ведаеш, што ёсць загад палявога каменданта? За прадстаўленне начлегу без ведама ўлады - расстрэл!
        - Не ведаю. Я ж нідзе не бываю. Загадаў не чытаў.
        - Ну, а далей?
        - Ну што далей... Ён раніцай пайшоў. Можа, ён і браў кнігу.
        - Лжэш! - выцяў кулаком па стале Драздзенка. - Лжэш! - крыкнуў ён і ўскочыў з крэсла. - Дарослы мужчына, сярэдні камандзір, а выкручваешся, бы подлая сука! Сумлення ў цябе няма! Простай салдацкай мужнасці. Трусіш, як пёс! Ты ж звязаны з лесам, прымаў адтуль агентуру. Адтуль і тол. Для дыверсій на станцыі!
        Агееў спакойна выслухаў усё тое і ўсміхнуўся. Гэты нягоднік папракае яго ў несумленнасці. Гэта ж трэба! Агееў нават здзівіўся. Ён пачаў быў ужо спакайнець і адчуў, што, не зважаючы на паказную злосць, усё ж у Драздзенкі не было грунтоўнай упэўненасці ў яго крыклівых словах, усё ж у ягонай душы, здаецца, стаілася сумненне. Для пачатку гэта было нядрэнна, і ён сказаў, усміхнуўшыся:
        - Канечне, ты можаш думаць як хочаш. Як табе прасцей. Але наўрад ці так будзе лепш для справы.
        Драздзенка, падобна было, здзівіўся.
        - Для якой справы?
        - Для вашай жа справы. У мяне якая справа? Я - шавец.
        Драздзенка ўсеўся за стол, вялікай пяцярнёй нервова ўскудлаціў цёмныя валасы на галаве.
        - Скажы, дзе ты з ёй знюхаўся?
        - З кім?
        - З Марыяй.
        - Нічога я з ёй не знюхаўся. Я нават не ведаю, што яе клічуць Марыя.
        - А сумка? - зноў утаропіўся ў яго Драздзенка.
        - Не ведаю я гэтай сумкі. Першы раз бачу.
        - Тэ, тэ, тэ! - перадражніў начальнік паліцыі. - Во на гэтай сумачцы яна і пагарэла. І ты разам з ёй тожа. Адкруціцца вам не ўдасца.
        - Што ж, - уздыхнуў Агееў. - Калі вы так рашылі...
        Драздзенка з цыгарэтай у роце перабраў нейкія паперы на стале, знайшоў спісаны аркуш.
        - Апішы знешнасць таго, хто начаваў.
        «Ага! - радасна падумаў Агееў. - Усё ж клюнуў! Не мог не клюнуць...» І, напружваючы ўяўленне, ён пачаў апісваць:
        - Значыць, так. Быў вечар, марасіў дожджык. Ён і пастукаў. Я адчыніў. Сказаў: ад Бараноўскай.
        - Так і сказаў: ад Бараноўскай? - недаверліва, праз дым пакасіўся на яго Драздзенка.
        - Так і сказаў. Я яшчэ запытаўся: як яна? Ён кажа: у парадку.
        - А дзе - у парадку?
        - Таго не сказаў.
        - Якога прыкладна ўзросту?
        - Ну, так, сярэдняга, - разважна гаварыў Агееў, раптам сцяміўшы, што, магчыма, яны пачнуць дабівацца ад Марыі звестак пра дзядзьку, што даў ёй кашолку з «мылам». Вось калі б яе паказанні супалі з ягонымі... Мабыць, для таго трэба апісваць начлежніка як мага няпэўна. - Ведаеш, было цёмна. Але, здаецца, сярэдняга.
        - У што апрануты?
        - Апрануты быў у нейкую куртку, можа, паддзёўку, ці, не выключана, - у плашч...
        - Дык у плашч або куртку? - не стрываў Драздзенка. Той ужо ўзяўся запісваць яго паказанні і, мабыць, не ведаў, што запісаць.
        - Чорт яго, цяжка было згледзець. Калі б ведаць...
        - А абуты як?
        - Абуты наўродзе ў боты. Ці, можа, у гамашы...
        - Не ў лапці?
        - Можа, і ў лапці... Хаця не, не ў лапці.
        - Дык у боты, гамашы ці ў лапці? Што запісаць?
        - Наўродзе ў бацінкі. Было кепска відаць.
        Драздзенка шпурлянуў аловак на стол.
        - Гаўно ты, а не сведка! Нічарта запомніць не мог. Ці сказаць не хочаш, выкручваешся?
        - Я не выкручваюся.
        - Ну, а гаварыў ён як? Па-руску, па-беларуску?
        - Мешана, - падумаўшы, сказаў Агееў. - Слова так, слова гэтак.
        - Май на ўвазе, - строга папярэдзіў Драздзенка. - Дапусцім, ты некага выгарадзіш, выручыш ад пятлі. Але тым самым паставіш пад пятлю іншага. Можа, невінаватага. Ты думаў пра тое, даючы свае паказанні?
        - Я нікога не выгароджваю. Мне няма каго выгароджваць, - сказаў Агееў і змоўк.
        Тут, мабыць, Драздзенка гаварыў праўду: такая небяспека была. Сам таго не жадаючы, ён мог кагось і загубіць. Але як тады яму вывесці з-пад пятлі тую, на якой гэтая пятля павісла так блізка? Вось жа свалачная сітуацыя, думаў Агееў: не загубіўшы аднаго, не ўратуеш другога.
        - Вось што! - памаўчаўшы, сказаў Драздзенка. - Мы будзем капаць. Але ты дужа не радуйся - на табе пятля! Толькі яшчэ не зашморгнутая. Яшчэ з яе можна выслізнуць, калі ва ўсім чэсна прызнацца. І ўсіх выдаць. Усіх вашых супольнікаў. Якіх ты пакрываеш. І якія цябе пакрываць не будуць, можаш быць упэўнены. Яны не дурні. Асабліва там, у СД. Там пераламаюць косці, і ўсё адкрыецца. Як на далоні. А пасля ўсіх - у яму.
        - Што ж, дзякуй і за тое, - паныла ўздыхнуў Агееў. - Толькі я ні пры чым. Ды і Марыя тожа.
        - Думаеш, і Марыя тожа?
        - Канечне, ні пры чым! Абдурылі на базары, а яна што - дзяўчо!
        - Дзяўчо?
        - Дзяўчо, канечне! - сказаў ён і зірнуў у вочы Драздзенкі, якія раптам узгарэліся нядобрым агнём. Начальнік паліцыі жвава ўскочыў з крэсла.
        - Ага! Во! Во! Во гэтага я і чакаў! Калі ты пачнеш яе выгароджваць. Значыць, яна з табой! І ты яе выдаў. І сябе таксама!
        - Ды я нічога, - зразумеўшы, што дапусціў промах, з робленым спакоем сказаў Агееў. - Што мне Марыя...
        - Не, не што! Ты з ёй быў звязаны. Ты спаў з ёй! Дзе, скажы, яна месяц хавалася? - на ўсё горла крычаў перад ім Драздзенка, і Агееў чакаў: ударыць. Але не ўдарыў. Агееў сутаргава праглынуў сліну.
        - Дарма разараешся, начальнік, - аднак цвёрда заўважыў ён. - Не там капаеш.
        - Я ведаю, дзе капаць! Цяпер мне шмат што адкрылася. Астатняе сам скажаш. Мы з цябе выцягнем. Чарамісін! - закрычаў ён на ўвесь кабінет. - На качэлі!
        Гэтыя яго словы пра качэлі Агееў успамінаў пасля доўга, некалькі дзён лежачы на баку ў сваім цёмным закутку і адхаркваючы згусцелае ашмоцце крыві. Здаецца, яны яго добра знявечылі ў школьным склепе, выбілі два верхнія зубы, падобна, адбілі печань - так тупа і моцна балела ў баку. Але дзе цяпер не балела? Усё яго цела было цяпер суцэльным увасабленнем болю, ён не мог без болю нават крануцца, уздыхнуць хоць бы на палову лёгкіх і дыхаў толькі ледзь-ледзь, аднымі іх верхавінамі. Твар яго быў разбіты ў кроў, левае вока заплыло пухлінай, і ён нічога не бачыў ім, з раны, якая адкрылася на назе, чутна было, плыла ў штаніну кроў. Вельмі балела ў другім баку, дзе селязёнка і куды яго дужа ўдарыў мардаты паліцай з пудовымі кулакамі. Лётаючы тады ў склепе на падвешаным да столі рамяні, ледзьве чапляючы за бетонны дол наскамі ботаў, Агееў хутка зразумеў, што самых балючых удараў трэба чакаць менавіта ад таго паліцая ў суконным саматканым фрэнчы з шырокімі накладнымі кішанямі. Пасля кожнага яго ўдару Агееў ляцеў далёка ў бок, дзе, стоячы ў цяні пад высокім акенцам, яго сустракаў наступны. Рукі Агеева былі звязаны ззаду, падвесіўшы да столі, паліцаі пусцілі яго, бы маятнік ці качэлі, з той толькі розніцай, што маятнік ці качэлі мелі нейкі парадак, рытм руху - яго ж кідалі, як валейбольны мяч - ад аднаго да другога. Паліцаяў там было ўсяго чацвёра - дбайных добраахвотнікаў з тых, што, чакаючы нейкае справы, сноўдалі ў калідоры, і іхні начальнік Драздзенка строгімі выкрыкамі кіраваў гэтай расправай:
        - Так, Равуноў, сільней! Сільней бей, чаго далікатнічаеш, як з дзеўкай! Во, правільна! Прымай, Смутчык!.. Так! Ану, Пахом, развярніся!.. Ну, ты - так сцяну праламаеш!
        Гэты мардаты Пахом магутным баксёрскім ударам пасылаў Агеева далёка наперад, і ён, бы рыбіна, хапаючы ротам паветра, выкручваўся на рамяні, з усяе сілы імкнучыся ўхіліцца ад удараў у жывот і паміж нагамі. У наступным куце яго сустракаў Сутчык, субціліны хлапчук, на выгляд яшчэ падлетак, той болей стараўся, аднак, выцяць у твар; два ці тры ўдары яго не зрабілі Агееву вялікае шкоды, затое наступны трапіў у вока, і тое адразу пачало заплываць балючай пухлінай. Перастаўшы ім бачыць, Агееў абвіслым мяхом зігзагамі лётаў па склепе і прагнуў толькі аднаго - каб усё хутчэй скончылася.
        - Стоп! - раптам уладарна скамандаваў Драздзенка, і ён, абвяўшы, павіснуў на рамяні. - Маўчыш? Ці што-небудзь скажаш?
        Паліцаі з увагаю замерлі на сваіх месцах, Драздзенка, гучна працокаўшы па бетоне калісь падбітымі ім касячкамі, падышоў да Агеева.
        - Ну?
        Рукі ў Агеева былі заламаны назад, сілы засталося няшмат, але ён сабраў у роце перамешаную з крывёю сліну і плюнуў у твар начальніка паліцыі. Тут жа, аднак, зразумеў, што няўдала, Драздзенка вёрстка адхінуўся, а ён у той жа момант загойдаўся на рамяні ад дужага ўдару ў сківіцу. З рота хлынула кроў, і ён праз разбітыя вусны выпхнуў языком калючыя абломкі зубоў.
        Дайсці да царквы ён ужо не меў сілы, і два паліцаі пацягнулі яго пад пахі. Свядомасць яго нібы растваралася ў туманным мроіве, і ён запомніў толькі свежы вецер на плошчы і трывожны варанячы вэрхал на дрэвах каля царквы. Ватоўку з яго садралі ў склепе, тонкая сацінавая кашуля была ўся падрана, правы рукаў адарваны зусім, усім сваім скрываўленым целам ён востра адчуваў сцюжу, яго біла дрыжака. Больш-менш выразна ён стаў адчуваць, як яго валаклі ў царкву і ён слізгаў па каменных прыступках, але паліцаі не далі яму ўпасці і хутка піхнулі кудысь у цёмны, здаецца, пусты закутак. Па крайняй меры, ён тут вольна выпрастаўся і, здаецца, страціў прытомнасць.
        Апрытомнеў ці не ад жудаснай пякельнай смагі, усё ў ім смылела ўнутры, паліла адбітыя вантробы, але вакол панавала цішыня, мабыць, ён быў тут адзін. Ён застагнаў, слаба паварушыў рукой, наткнуўся пальцамі на штось ліпкае - кроў, можа, ці што? Тонкая саламяная падсцілка, здавалася, уся набрыняла гэтаю ліпкасцю - сырызнаю ці крывёй, ён перавярнуўся на бок і спрабаваў падняцца на локці. З грудзей вырваўся прыглушаны хрып.
        - Эй, ці хто ёсць тут?..
        Але тут не было нікога, вакол панавала немата, цемра, і ён упаў на бок, зноў трацячы прытомнасць.
        Ён доўга праляжаў ва ўладзе зданяў і хаосу фантасмагорый, трызніў і пакутаваў ад болю і смагі. Увесь час яму здавалася вада. Спярша ён бачыў яе ў гарлачы, з якога прагна і доўга піў, але цёплая вада зусім не спатольвала смагі. Затым ён піў штосьці з дзіўнаватай пустой пасудзіны і, счакаўшы трохі, пакуль праяснее памяць, адчуў, што прыпадае да цёплай балотнай лужыны, якая таксама не давала палёгкі. Прага яго была наспатольнай, яна не сціхала, мяняліся толькі спосабы яе задавальнення, і гэтае пакутнае пітво толькі распальвала яго нутро. Зноў жа, у яго была гарачка, і прывідныя здані прычынялі яму не меней пакут, чым неспатольная смага.
        Мабыць, так цягнулася доўга, ён перастаў адчуваць хаду часу і, калі трохі ачуньваў, зусім не ўяўляў, што на дварэ — дзень або ноч. Але вось свядомасць яго праяснілася, ён выразна адчуў сябе на падлозе і, асільваючы востры боль у баку, які яму дапякаў асабліва, памацаў побач рукамі. Рукі яго наткнуліся на сцяну, і ён знямогла, не адразу падняўся, прыхінуўся спіной да сцюдзёных сырых камянёў. Вачэй можна было не расплюшчваць, у падзямеллі панавала цемра, здаецца, тут не было ніякага акна ці, можа, на дварэ была ноч. Гарачка яго, магчыма, паменшала, але смага засталася ранейшай, здавалася, свядомасць яго зноў пачала туманіцца, і, каб не спазніцца, ён закрычаў з усёй сілы:
        - Эй, піць! Дайце піць!
        Замест крыку, аднак, у сутарэнні глуха прагучаў і захліпнуўся яго хрыплы шэпт, які наўрад ці хто тут пачуў. Агееў зноў паваліўся на дол - на слізкую саламяную падсцілку.
        Аднак гэты раз ён быў пры памяці і, можа, упершыню падумаў пра свой лёс. Хаця які ўжо там лёс, думаў ён, засталіся рэшткі сілы ў знявечаным целе, і, мабыць, чым хутчэй яны скончацца, тым будзе лепш. У такіх пакутах жыць доўга нельга, ды і ці трэба. Нашто жыць, каму ад таго карысць? Хіба што паліцаям і немцам, якія нават на парозе смерці будуць катаваць, каб штосьці ад цябе дазнацца. «А што, калі...» - нясмела падумаў ён і зараз жа ўхапіўся за тую сваю нечаканую думку. Думка пра самагубства здалася яму найбольш прыдатнай, ён памацаў паясніцу - не, дзягі ў яго не было, мабыць, знялі ў школе, калі адчэплівалі ад падвескі. Можа, разадраць на палосы вышытую кашулю? Але ці вытрымае тонкая тканіна ягонае цела? Зноў жа, за што зачапіць? Напэўна, спярша трэба было знайсці які-небудзь крук, цвік у сцяне, краты ў акне ці яшчэ што. Новы намер захапіў яго, і Агееў пачаў пакутна мацаць рукамі па шархоткіх камянях сцяны, абследаваць усе яе выступы і ямкі. Пакуль што, аднак, не траплялася нічога прыдатнага. Ды і было нізка, трэба было пашукаць вышэй.
        З натугай і дрыготкаю ў целе ён прыўстаў на каленях, болей абапіраючыся на правае калена, бо левае кепска згіналася ад пухліны і балела, памацаў над галавой. Але скрозь была амаль роўная мураваная сцяна, без асаблівых выступаў ці ямак. Ён не ведаў, у якім баку былі дзверы, і баяўся наткнуцца на іх, каб знянацку не выдаць сябе за гэтым заняткам. Усё трэба было зрабіць тайна і ціха. Але ён яшчэ не дайшоў да дзвярэй, як дзесь у сутарэнні пачуліся галасы, на сцяне ўзнікла светлаватая плямка, яна рабілася ярчэйшаю, і вось з таго боку глуха стукнула, падаючы, дзвярная засаўка. Дзверы расчыніліся. Нізка над парогам праз дужа задымленае шкло свяціўся агеньчык «лятучай мышы», ён ледзьве асвятліў некалькі пар запэцканых гразёю ботаў. Пярэднія з іх пераступілі парог, і ліхтар прыўзняўся, цьмяна асвятляючы частку долу з утаптанай саломай.
        - Пабудзьце там, - кінуў пярэдні астатнім, і дзверы за ім зачыніліся.
        Гэта быў Кавешка, які, прыўзняўшы ліхтар, пасвяціў на Агеева.
        - Да... Аднак аздобілі яны вас, - сказаў ён і ўздыхнуў, нібыта зусім спачувальна.
        Агееў знясілена абвяў, упёршыся плячмі ў цвёрдыя камяні сцяны. Спачувальны тон Кавешкі ўжо не мог ашукаць яго, ён ведаў, што можа спатрэбіцца гэтаму чалавеку. Але дарма стараюцца. Ён не паддаўся Драздзенку, не паддасца і Кавешку, не зважаючы ні на якія яго спачуванні. Яму ўжо была вядома сапраўдная цана гэтых яго спачуванняў. Аднак Кавешка быццам бы не спяшаўся раскрываць свае патрэбы, з якімі прыйшоў у сутарэнне, і, як заўжды, пачаў здалёку.
        - Я вам скажу: чалавеку ўласціва такое атавістычнае пачуццё - насалода чужымі пакутамі. Увогуле пачуццё тое мае кожная здаровая натура, адна ў большай, другая ў меншай ступені, і тут нічога не зробіш: прырода! У часе вайны або рэвалюцыі асабліва. Як вы чуецеся? - нечакана запытаўся ён.
        - Выдатна, - выціснуў з сябе Агееў і не ў лад са сваімі пачуццямі крыкнуў: - Вады! Дайце вады!..
        Тут жа, аднак, падумаў, што дарма не стрымаўся, наўрад ці варта было прасіць вады ў гэтага чалавека. На яго здзіўленне, Кавешка з ліхтаром паслухмяна павярнуўся да дзвярэй.
        - Гэй там!.. Дайце вады...
        Ён зноў павярнуў ліхтар, скіроўваючы святло ў камеру, пасвяціў на Агеева. Агееў маўчаў, пакутуючы ад смагі, тупога глыбокага болю ў баку і асабліва - у сківіцы. Ён не меў ні сілы, ні жадання размаўляць з інтэлектуальным земляком, ды яшчэ на такія далёкія тэмы. Але, здаецца, Кавешка нічога іншага ад яго і не хацеў.
        - Во як яно палучаецца! Няшчасная нацыя! Беларусіны на працягу ўсёй сваёй гісторыі выконвалі чужыя ролі не імі напісаных п'ес. Цягалі каштаны з агню для чужых інтарэсаў. Для літоўскіх, для польскіх, для расійскіх, канечне. Што знычыць празяваць свой час, праспаць свой цягнік.
        - Які цягнік? - не зразумеўшы, прахрыпеў Агееў, расплюшчыў і зноў заплюшчыў адзінае сваё відушчае вока.
        - Гістарычны, канечне. Мы яго праваронілі, дарагі, а цягнікі, як вядома, назад не вяртаюцца. Ходу назад гісторыя не мае. Во напаіце яго.
        - Адплюшчыўшы вока, Агееў убачыў перад сабой круглы салдацкі кацялок і прагна прыпаў да яго разбітымі вуснамі. Не спыняючыся, ён выпіў усю ваду і знясілена апусціў рукі. Кавешка спытаў:
        - Яшчэ?
        - Дайце і яшчэ, - сказаў ён, падумаўшы, што, пакуль ёсць магчымасць, трэба напіцца ўволю. Пасля могуць не даць.
        - Прынясіце яшчэ, - распарадзіўся Кавешка і, гойдаючы ліхтаром, пратупаў па камеры. Адным вокам Агееў павёў па цьмяных водблісках на змрочных сценах - не, быццам ніякага цвіка нідзе не было, акна таксама. Толькі ў дзвярах чарнела невялікая круглая дзірка з цёмнага падземнага праходу.
        - А цяпер яны скарысталі вас, - паварочваючыся ад сцяны, прадаўжаў Кавешка. - Каб цягаць каштаны з эўрапейскага вогнішча. Навошта гэтыя недарэчныя плады беларусінам?
        Агееў раптам зразумеў, пра што ён, і з некаторым здзіўленнем зірнуў на цьмяную постаць у капелюшы, якая касым ценем выцягнулася па сцяне сутарэння.
        - А вы для каго цягаеце? Гэтыя каштаны? - ледзьве рухаючы разбітай сківіцай, запытаў ён.
        Кавешка азадачана памаўчаў, перш чым адказаць, уздыхнуў.
        - Гэта праўда. І я цягаю, - раптам сумна пагадзіўся ён. - што рабіць, такая гістарычная заканамернасць. Але я з той хіба розніцай, што ўзнагародаю мне будзе жыццё, а вам, здаецца, смерць. Так вось, - пакорліва скончыў ён. - Хіба гэта разумна.
        - У кожнага свой розум.
        - Во гэта і кепска. У судзьбаносныя моманты гісторыі трэба ўмець падпарадкаваць свой розум логіцы гістарычнага працэсу.
        - Значыць, немцам? - трымаючыся за разбітую шчаку, буркнуў Агееў.
        - У дадзеным выпадку, ага, немцам. Бо ўжо зразумела, што ім нележыць будучыня.
        - А нам?
        - Што? Не зразумеў?
        - А што належыць нам? Вялікая магіла? - запытаўся Агееў.
        - А мы павінны прыстасавацца, можа быць, нават асімілявацца, растварыцца ў германскай стыхіі. Калі мы не хочам знікнуць фізічна. Іншага выйсця ў нас няма, - пранікнёным голасам загаварыў Кавешка, яўна імкнучыся ў чымсь пераканаць Агеева. Але Агееву было непрыемна і пакутна ва ўсіх адносінах прадаўжаць гэтую размову, і ён злосна выпаліў:
        - Будзь ён пракляты, той выхад. Ужо лепш магіла...
        Кавешка памаўчаў, пратупаў з ліхтаром да дзвярэй і зноў павярнуўся да яго.
        - А вось з магілай не трэба спяшацца, бо... Бо гісторыя здольная на нечаканасці. Часам робіць выбрыкі насуперак уласнай логіцы і дае ўпушчаны шанц.
        «Ну і ну! - падумаў Агееў. - Чаго дамагаецца гэты чалавек? І хто ён? Поп? Ксёндз? Паліцэйскі? Ці хітры гестапавец?»
        Але Кавешка тут жа ўсё сам растлумачыў:
        - Справа ў тым, што... Зараз сюды прыйдзе шэф раёна. Ён хоча на вас паглядзець. Сярод немцаў, ведаеце, размовы: злоўлены і выкрыты, а ўпіраецца. І не просіць літасці. Гэта, ведаеце, уражвае сентыментальныя германскія душы. Такое для іх - навіна.
        «Значыць, ужо прадаў немцам, сволач!» - з нянавісцю падумаў Агееў пра Драздзенку. А казаў, што яшчэ ёсць час. Не паспеў схапіць, як ужо данёс у СД. Каб выслужыцца. Ухапіць свой каштан. Зрэшты, Драздзенка помсціў яму і па асабістых прычынах. За тое, што Агееў яго падвёў, зрабіў несумленна. Як быццам для гэтых людзей існавала такое паняцце - сумленне. «Качэляў» яму было мала, дык вось паспяшаўся перадаць немцам.
        Цяпер, канечне, ягонай справе - кранты.
        Прыўзняўшы ліхтар, Кавешка пасвяціў ім на выняты з кішаня гадзіннік і сказаў з непакоем:
        - О, ужо дзесяць. Дык вы гэта, ведаеце, каб ветліва з ім. Доктар Штумбахер - чалавек тонкі, адукаваны. Працаваў у імперскім упраўленні па культуры. Так што...
        - Дык што яму трэба?
        - Здаецца, нічога. Пабяседаваць, пазнаёміцца.
        - Пазнаёміцца са смертнікам? Паказытаць нервы?
        - Хто знае, хто знае, - няпэўна падхапіў Кавешка. - Калі да яго ветліва і з павагай... Ці, скажам, папросіце. Ён мае вялікую ўладу. Можа і таго... Памілаваць.
        Ну, усё зразумела, падумаў Агееў. Я павінен не траціць надзею. На выпадак. На міласць шэфа раёна. І, вядома, паводзіць сябе адпаведна. Раскаяцца, прызнацца... Выдаць хлопцаў, Марыю. Але ж усё роўна яны не памілуюць.
        - А што, мяне ўжо асудзілі? - запытаўся, падумаўшы, Агееў.
        - Ну, знаеце, цяпер суд кароткі, - развёў рукамі Кавешка, махнуўшы закурэлым ліхтаром, чырвоны агеньчык якога ледзьве адольваў змрок прасторнага сутарэння. Але вось Кавешка трывожна страпянуўся, паспешліва ступіў да дзвярэй - мабыць, ягоны слых раней за Агеева злавіў рух у калідоры, і ён расчыніў дзверы, свецячы за парог. У той жа час, аднак, святло ягонага ліхтара і прыцьмела пад яркім прамянём з калідора. У камеру ўвайшло некалькі чалавек у шархоткіх плашчах, яркае святло электрычнага ліхтарыка з рук пярэдняга матлянулася па голай сцяне і, асляпіўшы Агеева, спынілася на ім. Кавешка таропка загаманіў па-нямецку, астатнія ўважліва і моўчкі слухалі. Тым часам электрычны прамень бесцырымонна абмацваў Агеева ў доле, трохі затрымаўся на ягоных ботах, пасвяціў на сінія камандзірскія брыджы і зноў ударыў у вочы. Зусім аслеплены ім, Агееў не мог убачыць таго, хто свяціў, хіба вышэй, пад змрочнаю столлю, трохі вылучаліся абрысы яго высокай фуражкі. Немец штосьці ціха сказаў, і Кавешка павярнуўся да Агеева:
        - Пан шэф раёна пытаецца, хто вас прымусіў шкодзіць германскім войскам?
        - Ніхто мяне не прымушаў, - буркнуў Агееў, і тады немец зноў, надта картавячы, сказаў доўгую фразу.
        - Чаму вы, рускі афіцэр, не здаліся ў палон, калі ўбачылі, што супраціўленне бескарыснае і вайна прайграна? - чужым, цвёрдым голасам перакладаў Кавешка. Неяк аддалена слухаючы яго, Агееў падумаў: во пачаў цягаць каштаны яго землячок.
        - Яшчэ не вядома, кім яна прайграна, - сказаў Агееў, і немец, выслухаўшы пераклад, ціха кінуў: «Варум?»
        - Чаму вы лічыце, што невядома?
        - Таму што кішка тонкая ў вашага Гітлера.
        Кавешка шматслоўна пераклаў. Немец памаўчаў, хмыкнуў і зноў сказаў доўгую фразу, выслухаўшы якую Кавешка згодна пацвердзіў: «Я, я».
        - Пан шэф раёна кажа, што дурная ўпартасць не робіць гонару цывілізаванаму чалавеку. Што ж да славяніна, дык, хаця гэтая якасць у ягонай крыві, яна яму надта шкодзіць. Куды болей разумна цвяроза пра тое падумаць і зрабіць свой выбар.
        - Свой выбар я ўжо зрабіў.
        - Вы памыліліся з выбарам, - сказаў Кавешка.
        - А гэта мая справа.
        Немец зноў штось загаварыў сваім ціхім голасам.
        - Калі вы патрыёт, - пачаў перакладаць Кавешка, - што ў дадзеных абставінах можна зразумець, дык вы павінны быць нам удзячны. Папярэдзіўшы ваш бандыцкі замах, мы пакараем некалькі вінаватых. Іначай былі б расстраляны сто заложнікаў.
        - Гундэрт цывільмэншэн! - са значэнне паўтарыў шэф раёна.
        - Гэта вы ўмееце, - ціха сказаў Агееў і запытаўся: - Дык калі вы мяне расстраляеце?
        - Яны абмеркавалі штось па-нямецку, і Кавешка холадна вытлумачыў:
        - Гэта будзе ў зручны для ўлады час. Паводле рашэння СД і паліцыі бяспекі.
        - Даволі няпэна, - сказаў Агееў. - Але і за тое дзякуй...
        Кавешка, аднак, пакінуў ягоныя словы без адказу, цяпер усю сваю ўвагу ён перанёс на немцаў. Электрычны прамень з ліхтарыка, які ўвесь час сляпіў Агеева, слізгануў убок, пад ногі, на парог, - боты сталі паварочвацца наскамі да выхада. Агееў адразу расслабіўся, уздыхнуў. Толькі цяпер ён заўважыў, у якім напружанні быў увесь гэты час, унутры ў яго, бы напятая струна, усё балюча трымцела, і ён сціскаўся ад болю ў баку, чакаючы невядома чаго. Хаця чаго ўжо было чакаць ці чаго баяцца, чаго сцерагчыся? Ён быў раздушаны, скатаваны, скалечаны і чакаў апошняга, чаго мог дачакацца; нічога, здавалася, не магло яго ні ўзрадаваць, ні засмуціць. Не зважаючы на ўсе захады Кавешкі, надзеі ў яго не прыбавілася, і ён добра адчуваў, што час яго скончаны. Вядома, яны жывым яго адсюль не выпусцяць. Ну, а калі б і надумалі выпусціць, куды б ён пабег? Следам яны ж бы пусцілі слых, што ён іхні агент Непанятлівы, і ад яго адхіснуцца ўсе. Той жа Малаковіч першы запатрабуе расправы над ім, і гэта зразумела. Мабыць, на яго месцы Агееў паводзіў бы сябе таксама. Зрэшты, можа, так будзе і лепш, жывым яму заставацца нельга, цяпер для яго адзінае выйсце - пагібель, і найхутчэй. Ён трапіў у бязлітасныя жорны вайны, гэтыя жорны змелюць яго на муку. Дзесь ён дапусціў памылку, зрабіў не тое, збочыў не ў тым напрамку на крывавым раздарожжы вайны, і вось вынік. Вынік - абсалютны нуль.
        Так думаў Агееў, але бязлітасны ваенны лёс, мабыць, і яшчэ рыхтаваў яму нешта са сваіх пачварных сюрпрызаў.
        Пасля, як пайшоў шэф раёна, ён расслабіўся і, перасільваючы боль у знявечаным целе, страціў адчуванне. Можа, страціў прытомнасць ці забыўся ў мутным прывідным сне. Ён не ведаў, колькі часу доўжыўся той яго замутнёны стан, але апрытомнеў ён ад нейкай валтузні, побач паявіліся новыя людзі. Калі ён прыўзняў галаву, дзверы ўжо зачыніліся з таго боку, было па-ранейшаму цёмна, але побач, хваравіта стогнучы, хтось шавяліўся і хтосьці яго суцяшаў:
        - Ну ціха, ну ціха... Во так, ляж на бачок... На бачок ляж, во так...
        Голас быў незнаёмы Агееву, і ён зноў упаў плячмі на волглую салому падсцілкі, не ведаючы, як зручней уладкаваць галаву - левая палавіна твару балела ад скроні да падбароддзя, у роце балюча пухнуў язык, які ўжо ледзьве ўмяшчаўся ў пабітых пашчэнках.
        - Піць! - раптам знаёма прастагнаў чалавек насупраць, і другі, што быў з ім, пачаў ціха яго ўгаворваць:
        - Дык няма ж вады. Панімаеш, няма... Пацярпі, сынок. Пацярпі...
        «Які сынок? Чаму сынок? - прамільгнула ў свядомасці ў Агеева. - Гэта што - бацька з сынам?..» Штосьці знаёмае здалося яму ў тым стогне, і Агееў насцярожыўся. Аднак ён маўчаў, не хочучы выдаваць сваю тут прысутнасць. Цяпер яму не быў патрэбны ніхто, ён хацеў застацца сам-насам з сабой і сваім несціханым болем. Але гэтыя новыя арыштаваныя трывожылі ягоны спакой сваім яшчэ, можа, больш бязлітасным болем.
        - Таварыш, вы гэта самае... жывы, можа? - ціха загаварыў да яго адзін з двух, і Агееў, крыва ўсміхнуўшыся, адказаў:
        - Трошкі жывы...
        І ўхапіўся рукою за сківіцу, якую адразу скрывіла ад болю.
        - Тут во хлопцу кепска. Каб вады папрасіць.
        - Ніхто не пачуе, - сказаў ён, перамагаючы боль, і падумаў: хто гэта? Чорт бы яе ўзяў, тую цемру, якая нічога не давала згледзець у гэтым сутарэнні.
        - А нас заўтра будуць расстрэльваць. Ведаеце? - даверліва паведаміў чалавек.
        - Вас? - вырвалася ў Агеева.
        - Дык і вас тожа, - уздыхнуў чалавек. - Вы ж той ваенны, што ў Бараноўскай жыў?
        Агееў збянтэжыўся, не ведаючы, што сказаць.
        - А вы адкуль знаеце? Немцы сказалі?
        - Паліцай знаёмы адзін.
        Як Агееў ні рыхтаваўся да сваёй смерці і як ужо ні зжыўся з думкаю пра яе непазбежнасць, гэтыя словы перуном выцялі па яго свядомасці, і ён ледзьве зноў не страціў прытомнасць. Але ўсё ж ён намогся, сабраў у адно нешматлікія свае сілы і пастараўся пераканаць сябе, што нічога нечаканага не адбылося, усё ідзе, як і павінна ісці. Можа, так яно будзе і лепш. Усё ж расстрэл для салдата заўжды лепш, чым вісельня, - не трэба будзе гойдацца на пацеху ворагам, адразу ляжа ў зямлю, і ўсё. А смерць - яна справа імгненная.
        - Во, ведаеце, ні за што ўзялі, нічога я не зрабіў, а цяпер - расстрэл. Дзіўна ў іх неяк... Заб'юць, а за што? - скардзіўся ў цемры чалавек, і Агееў падумаў, што ўвогуле гэта зразумела. Напэўна, тут кожны лічыць, што пакутуе без віны. Можа, і ён павёў бы сябе гэтак жа, калі б быў выпадак каму паскардзіцца.
        - А вы хто? З мястэчка? - запытаўся Агееў.
        - Ды я са станцыі, знаеце. Зыль, счэпшчык. І во трэба ж, пайшоў у мястэчка солі купіць, а на пераездзе гэтая дзяўчына з кашолкай. Ёй паліцай: стой! Давай правяраць, і я тут. Ну, абаіх і ўзялі.
        Агееў, падобна было, нібы кудысь праваліўся ад здзіўлення, пачуўшы такое, і зноў вынырнуў, уражаны сэнсам сказанага.
        - Якая дзяўчына? - прахрыпеў ён.
        - А хто ж яе ведае? Незнаёмая. Я яе ў вочы ніколі не бачыў, а яны кажуць: звязаны. Ды ні з кім я не звязаны.
        «Марыя! Гэта Марыя!» - пранеслася ў свядомасці Агеева. Во як яна папалася! Бедная, няшчасная дзяўчынка!.. Ён быў збянтэжаны ад тых слоў счэпшчыка, які, мабыць, не падазраваў нават, як растрывожыў яго сваім паведамленнем. Але Агееў маўчаў, не ведаючы, як трэба паводзіць сябе перад гэтым Зылем. Ды і хто ён такі, ці не падсаджаны сюды паліцай? І ў той жа час вельмі хацелася дапытацца ў яго падрабязней, можа б, ён болей расказаў пра Марыю.
        - Піць... Дзядзька, папрасі ў іх вады, - прастагнаў другі ў доле, і ў яго кволых словах Агееву зноў пачуліся знаёмыя інтанацыі. Хутка пра штось здагадаўшыся, ён запытаўся амаль спалохана:
        - А гэта хто з вамі?
        - Гэта Пеця, старэйшы Кіслякова сынок. Плямяш мой. Яны ж яго тожа... Два тыдні тут во мутузяць...
        «Божа мой, дык гэта ж Кіслякоў! Ну во, а я столькі часу дабіваўся з ім сувязі, чакаў яго кожную ноч. А Кіслякоў во дзе! І ўжо два тыдні...»
        Прыўстаўшы на локці, Агееў бокам падаўся туды, цягнучы за сабой нягнуткую левую нагу, рукамі намацаў на саломе нерухомае цела.
        - Кіслякоў, ты?.. Гэта я, Агееў, што ў Бараноўскай...
        - Я ведаю... Толькі... Кепска мне дужа, - ледзь чутна прастагнаў Кіслякоў.
        І Зыль растлумачыў:
        - Яны яго так знявечылі... Жывога месцейка не пакінулі.
        - Паліцыя ці немцы?
        - Спярша паліцыя. Пасля немцы, - прастагнаў Кіслякоў. - Усё дабіваліся...
        - Чаго дабіваліся? - насцярожыўся Агееў.
        - Рознага. І пра вас...
        - Ну, а ты ж стрываў? Не сказаў?
        - Як стрываеш? Калі б адразу памёр, а то... - прастагнаў Кіслякоў і сціх.
        - Да-а, - выдыхнуў з сябе Агееў.
        Штосьці ў іх справах прымала іншы, яшчэ больш кепскі характар. Хаця, здавалася б, што магло быць горш для іх, асуджаных на хуткую пагібель, калі ўжо не мілы стаў увесь белы свет і сваё знявечанае цела, і ўсё іх няўдалае жыццё. Але ж во і яшчэ рабілася горш. Агееў ведаў, што сам стрывае ўсё, не запэцкаўшы нічыйго сумлення, але бяда ў тым, што ён адпраўляўся на той свет не адзін, а з іншымі, і гэтым іншым, можа так здарыцца, перапала болей. Во Кіслякоў і не вытрымаў, штось выдаў паліцыі або немцам, і на душы ў Агеева зусім спахмурнела. Ад чаго толькі не залежыць яна, гэтая тонкая і далікатная штуковіна - сумленне, як яе цяжка зберагчы, каб не збэсціць. Ды яшчэ на гэткай вайне.
        - Яны яго катавалі, бы звяры, - сказаў Зыль. - Пальцы ў дзвярах раструшчвалі. А пасля, знаеце, калі ён упаў... Ну, палавы орган абцасам раструшчылі. Начальнік іх... Бедны пляменнічак! - бядотным голасам скончыў Зыль.
        «Чорт вазьмі! - бязрадасна, аднак, падумаў Агееў. - Значыцца, мне шчэ пашэнціла. Можа, таму, што нядаўна ўзялі? Ці што хутка перадалі ў СД? Ці Драздзенка сцяміў, што не на таго напаў? Ці мае ўлікі былі ўсе ў наяўнасці і яму іх хапіла, каб падвесці мяне пад расстрэл? А Кіслякоў?..»
        - Зыль, а вы пасля тую дзяўчыну не бачылі? - запытаўся Агееў і сцяўся, чакаючы адказу.
        - Бачыў. Вочную стаўку рабілі з ёй. Але што я скажу? Я першы раз убачуў на пераездзе. Яна мяне тожа.
        - Ну, а пасля? Што з ёй?
        - Дык невядома. Можа, перадалі немцам? А можа, застрэлілі...
        - А вас што - не білі? - раптам падумаўшы пра іншае, запытаўся Агееў, і Зыль з гатоўнасцю адказаў:
        - Білі! І, ведаеце, знаёмыя паліцаі. Але што я скажу? Я ж нічога не ведаю.
        Хвалюючыся, Агееў не мог сцяміць, як яму паводзіць сябе з гэтым гаваркім Зылем, ці варта давяраць яму. Шчырасць яго падабалася, але... Яна магла быць і фальшывай, гэтая яго шчырасць. Вельмі карцела пагутарыць з Кісляковам, каб хоць даведацца, за што яго ўзялі. Але прысутнасць гэтага Зыля ўвесь час стрымлівала яго. Абапёршыся на руку, Агееў сядзеў каля распластанага на саломе Кіслякова і не ведаў, як загаварыць з ім. І ці можна было з ім загаварыць наогул? Хлопец быў у гарачцы, гэта адчувалася нават у цемры, ліхаманкавае дыханне яго часам зусім знікала.
        - Усё ж трэба папрасіць вады, - сказаў Агееў. - Вы пастукайце там.
        Аднак не паспеў Зыль падняцца, каб падысці да дзвярэй, як зводдаль у сутарэнні пачуліся крыкі, валтузня, якія хутка набліжаліся да іх камеры.
        - Не штурхай! Не штурхай, падлюга! Я цябе так штурхану!..
        - Ідзі, ідзі!..
        Агееў прыслухаўся і зразумеў, што гэта Малаковіч - яго гучны камандзірскі голас гучаў тут злосна і рашуча. Калі дзверы адчыніліся, у святле ліхтара з калідора ён убачыў на парозе свайго франтавога сябра, Малаковіч быў амаль голы па пояс, цела яго пакрывала разадраная на грудзях сіняя майка, адрослыя космы валасоў на галаве бязладна тырчалі ў бакі, на твары чарнела некалькі сінякоў - слядоў ад удараў. Але дух у гэтага ўзводнага, падобна, заставаўся нязломны - Малаковіч злосна лаяўся:
        - Падлюга! Ублюдак нямецкі!
        Яго злосна штурхнулі цераз парог, Малаковіч выцяўся аб сцяну, ледзьве не наскочыўшы на трох бедалаг у доле.
        - Хто тут? Зыль?..
        - Зыль і яшчэ некаторыя, - сказаў Агееў, калі дзверы за ім зачыніліся.
        - Вы? - здзівіўся Малаковіч.
        - І яшчэ Кіслякоў, - сумна паведаміў Агееў.
        - Да, сабралася капэла! - кінуў Малаковіч і загаварыў горача: - Пастараліся, сволачы, нахапалі! І яшчэ штурхаецца, падлюга! Сябрук, называецца, у адным класе вучыліся.
        - Гэта хто? - запытаў Агееў.
        - Ды Пахом гэты. Паліцай. Свайго ж таварыша б'е, выслужваецца, падлюга!..
        Малаковіч дробна-нервова тросся ад крыўды і нянавісці, але, здаецца, пабіты быў менш за іншых ці, можа, пакуль што трываў.
        - Нічога, нічога, - супакойваючы яго, сказаў Агееў. - Сядай вось...
        - Што нічога?! - узвіўся Малаковіч. - Вы ведаеце: заўтра расстрэл!
        - Гэта не самае горшае, - сказаў Агееў.
        - Не самае горшае? Ну, вы даёце! Што ж тады можа быць горш? Мы ж гінем! Засыпаліся, праваліліся, як апошнія абармоты. Усе адразу, без рэшты! Эх, бязмозглыя куры! Хіба так можна было? І - вы!..
        - Што я? - насцярожыўся Агееў.
        - Што? Вы яшчэ пытаецеся - што? Ды вы ўсё завалілі! - не стрымліваючыся, амаль у шаленстве крычаў Малаковіч.
        - Гэта якім чынам?
        Мабыць, было не месца і не час разбірацца ў такіх справах, але Агееў ужо не ў стане быў і стрымацца. Ды ці будзе для іх больш зручнае месца? І час?
        - А такім! - выпаліў Малаковіч. - Чаму вы даверыліся гэтай... Марыі? Хто яна такая? Што вы пра яе ведаеце?
        Агееў зноў знерухомеў у прадчуванні таго, што яго магло тут панішчыць горш за нямецкі расстрэл...
        - А што пра яе... трэба ведаць?
        - Трэба ведаць усё! - з жарам прадаўжаў Малаковіч. - А то панесла... Куды? Каму? Нікога тут не знае, лезе прама на паліцая. Ён і цопнуў! Кашолка! З базара! А ў кашолцы што? Мыла? Гэта для дурняў «мыла». Ён жа, паліцай гэты, Зялёнка, і кашолку адразу пазнаў: тою зімою Бараноўская прыносіла ў рамонт, ручка адарвалася. Зрабіў, ручкі абкруціў чырвонаю анучкай. Ну! Што яшчэ трэба было паліцыі? Сама здабыча - прама ў кішэню. Трымай шырэй!
        Агееў вінавата маўчаў. Малаковіч выцяў яго пад дых, у самае сонечнае спляценне, хаця і не з таго боку, адкуль нядаўна яшчэ чакаў Агееў. Выходзіць, Марыю пагубіў ён сам - гэта ўжо было пэўна. Але ж яна нікога не выдала. Ды і каго яна магла выдаць, апроч Агеева?
        - Я быў у безвыходным становішчы, - сказаў ён ціха пасля доўгага і пакутнага маўчання. - Без сувязі. Кіслякоў прапаў, ты ж ведаеш... А тут гэтая перадача...
        - Вось вы і паспяшаліся! - перапыніў яго Малаковіч. - Вам хацелася хутчэй апраўдацца, развеяць падазрэнні. Падазрэнні ж былі?
        - Якія падазрэнні? - здзівіўся Агееў.
        - А ўспомніце - якія. Ці вы забыліся?
        Не, Агееў не забыўся пра падазрэнні, якія нядаўна яшчэ прычынялі яму пакуты, ён проста перастаў думаць пра іх. Кропку на іх паставіў для яго тол, і яму хутка пачало здавацца, што ўсе ягоныя страхі надумаў ён сам. Бо як можна падазраваць таго, хто ўсё рабіў ад чыстага сэрца, стараючыся як найлепш, і сядзіць во, прысуджаны да расстрэлу? Які ніколі нічога не выдаў і нават і не думаў выдаць.
        - І Кіслякоў! - раптам амаль закрычаў Малаковіч, ускочыўшы з долу. - Ён мяне выдаў!
        Стала зусім ціха, і ў гэтай цішы чутна было, як усхвалявана дыхаў Малаковіч, і ў грудзях у Агеева шалёна калацілася сэрца.
        - Як? - збянтэжана сказаў Агееў.
        - Проста! Ён назваў маё імя! Сярод сваіх таварышаў. Цяпер я табе не таварыш, паняў?!
        Кіслякоў не саломе задыхаў часцей, штось быццам спрабаваў сказаць, але прасіпеў толькі:
        - Даруй, Валодзя!..
        - Яны яго білі, так білі, я чуў, - зашавяліўся ў цемры Зыль. - Яны яму, ну... палавы орган абцасам раструшчылі.
        Здаецца, Малаковіч трохі, аднак, спакайнеў, змоўчаў, адольваючы сваю шалёнасць, - рэчаіснасць нарыхтавала ім самае страшнае, што магло з імі здарыцца, і трэба было сабраць сілы. Агееў лёг ля Кіслякова, над якім сядзеў яго дзядзька Зыль. Дзесь зводдаль прыціх у цемры і Малаковіч. Не перастаючы перажываць усё, што давялося пачуць, Агееў думаў пра Марыю і яе недарэчны лёс. Цяпер яму ўсё выразней бачыліся прычыны правалу Марыі - не чыя-небудзь віна, а збег дзікіх абставін, дурныя выпадковасці накшталт кашолкі і паліцая, які год назад яе рамантаваў. Калі б не гэтыя супадзенні, усё магло абысціся добра і яны былі б цяпер на волі і ганарыліся тым, што ім удалося зрабіць. Але во ўмяшаліся тыя пачварныя выпадковасці, і ўсё паляцела дагары нагамі. Тол, дыверсіі і іх маладыя жыцці. Хаця што валіць на выпадковасці, хіба не зразумела, што тая барацьба, у якую яны ўступілі, была густа нашпігавана рознымі выпадковасцямі, самымі дзікімі абставінамі, з якіх яна ўся і складалася. Не тое, дык іншае, як кажа гэты вось Зыль. Шанцу выйсці жывымі з гэтай калатнечы практычна ў іх не было. Уся розніца ў тым, што адных пагібель насцігла раней, а другіх пазней, але ў роўнай меры, мусіць, усе яны былі асуджаны на пагібель.
        З такімі невясёлымі думкамі ён памалу прыціх, быццам задрамаў нават, звыкся са сваёй бядой і сваім болем, прыпёршыся спіной да сцяны. Прыціхлі і ягоныя сябры па няшчасці. Мабыць, не спаў адзін толькі Зыль, усё поркаўся каля пляменніка: то папраўляў яго галаву, якую трымаў на каленях, то даланёй абмахваў ягоны твар, ад якога патыхала жарам. Як ні дасталося ім у паліцэйскіх засценках, безумоўна, Кіслякову перапала болей за ўсіх, і Агееў не хацеў судзіць яго строга. Ён бы меў права сурова, як гэта рабіў Малаковіч, абвінавачваць няшчаснага, калі б сам стрываў тое ж, што стрываў Кіслякоў, і ўстаяў. Агеева люта білі, але толькі раз, і ён патроху папраўляўся ўжо, не тое што гэты студэнт, які цяпер хоць бы дажыў да ранку. Агееў ужо разумеў, што, хаця магчымасці чалавечага духу амаль бязмежныя, яны надта несуразмерныя са сціплымі сіламі цела. Цела заўжды надта слабое, асабліва для такой злыбеды, як вайна, яно больш за ўсё іншае задае чалавеку клопату і прычыняе пакут. Што ж, Кіслякоў не стрываў, і ўся ягоная віна ў тым, што ён не сумеў памерці ў час і яны штось выцягнулі з яго...
        Выводзлі іх па адным, і, пакуль наступнага валаклі з сутарэння, першыя пакутна чакалі, стынучы на сцюдзёным ветры за агароджай ля царквы. Была ноч, сыпаў дробны, золкі дожджык - у час моцных парываў ветру бязлітасна сек па голых плячах, тварах, галовах асуджаных. Апошнім выцягнулі Кіслякова, які зусім ужо не стаяў на нагах, і яго ўкінулі ў фурманку з ахапкам сена на дне. Паліцаяў тут было сямёра, імі распараджаўся Драздзенка, які з ліхтарыкам у руках бегаў каля царквы. Батарэйка ў ліхтарыку свяціла рэштаю свае сілы, і ў доле мільгала цьмяная плямка святла, Драздзенка лаяўся, мацюгаў арыштантаў і паліцаяў. Ён быў злы і раздражнёны. Воддаль за фурманкай стаяў, назіраючы за іх таропкімі зборамі, чалавек у даўгім плашчы і нямецкай фуражцы, але ён маўчаў, і Агееў не ведаў, хто гэта. Мабыць, нехта з СД. Але не Кавешка. Зрэшты, шкада, што не Кавешка, Агееў бы сказаў яму на развітанне пару моцных, ядраных слоў.
        Не сваё здзіўленне, ён адчуў сябе лепш, чым уначы. Балела ў баку, па-ранейшаму дужа ламіла сківіцу, ныла апухлая ў калене параненая нага, але сіл быццам пабольшала - можа, апошніх перад пагібеллю сіл, і ён сам узышоў па прыступках, дакульгаў да веснічак. Тут трэба было чакаць. Паліцаі вязалі ім рукі, поркаліся каля фурманкі з Кісляковым, трое, адышоўшыся воддаль, з вінтоўкамі напагатове пільнавалі іх на выпадак уцёкаў. Але ўцякаць мог хіба адзін Зыль, ды, можа, яшчэ Малаковіч. Хаця Малаковіча на выхадзе дужа выцяў у грудзі адзін паліцай, і ён стаяў цяпер, сагнуўшыся, ля фурманкі і кашляў, раз за разам плюючы ў траву. Толькі Зыль з выгляду быў так сабе, непрыкметна нават, што яго білі, і Агееў каторы раз падумаў: няўжо і яго расстраляюць? Падобна, ён чалавек «іхні» і хутка яго адлучаць ад усёй кампаніі.
        Але пакуль не адлучалі, а таксама звязалі за спіной рукі, і нешматлікая іхняя працэсія рушыла праз пустую ўначы кірмашовую плошчу. Наперадзе поруч з маўклівым немцам крочыў Драздзенка, за імі кацілася аднаконная фурманка, у якой пластом ляжаў жывы пакуль што Кіслякоў і на перадку сядзеў знаёмы паліцай Чарамісін. За фурманкай, кульгаючы, брыў Агееў, побач, увесь час імкнучыся наблізіцца да пляменніка, тузаўся Зыль. За іхнімі спінамі чулася хрыпатае дыханне распранутага да майкі Малаковіча. Зрэшты, апроч хіба Зыля, на плячах якога абвісала нейкая расхінутая, без гузікаў, куртка, усе яны былі амаль распранутыя і люта пакутавалі пад дажджом, на сцюдзёным восеньскім ветры.
        - Куды яны нас? - ціха запытаўся Агееў, калі фурманка з'ехала з плошчы.
        - Мабыць, на могілкі, - цепнуў плячмі Зыль. - А можа, у кар'ер.
        У кар'ер, гэта хутчэй за ўсё, падумаў Агееў, яны ж не любяць капаць, закопваць... Хаця капаць магілу можна прымусіць і арыштаваных, але ж закопваць трэба самім. А гэта ўжо работа. Значыць, у кар'ер. Пра што ён думаў яшчэ ў гэтым сваім апошнім шляху на зямлі, з чым хацеў развітацца? Мабыць, ні пра што болей не думаў і ні з чым не развітваўся - усе яго сілы траціліся цяпер на адоленне сцюжы, на тое, каб не ўзарвацца, хоць знешне захаваць спакой. Ззаду і па баках тупалі па гразі іх канваіры, і сярод іх - ужо знаёмыя з учарашняга паліцаі: Пахом, Стасевіч, Равуноў, Сутчык. Яны былі насцярожаныя, трымалі вінтоўкі пад пахамі, але, падобна, усё ж баяліся. Навокал ляжала непагодная восеньская ноч, абапал вуліцы чарнеліся дахі, платы, парканы местачковых дамоў, голае голле дрэў у садках; неперадзе на пагорку тоўпілася шырокая купа старых высокіх дрэў на могілках, і яшчэ здалёку чуваць быў трывожны варанячы вэрхал. У небе не бліснула ніводнае зорачкі, усё там было непраглядна і змрочна, дробны дожджык то сыпаў, то пераставаў часам. Вецер дзьмуў няспынна, выдзьмуваў рэшткі цяпла з іх кволых спакутаваных целаў. Калі іх працэсія спусцілася да мастка цераз ручэй, Драздзенка выйшаў на ўзбочыну і счакаў фурманку, абабег паліцаяў, кожнаму штосьці наказваючы. Ці, можа, ён падбадзёрваў. Параўняўшыся з Агеевым, злосна прамычаў праз зубы:
        - Ну, дабіўся, чаго хацеў?
        - Даб'ешся і ты. Таго ж, - у тон яму адказаў Агееў. - Падлюга!
        - Ну, ну, не вельмі! Ці забыўся, што ў мяне? У блакноціку...
        Агееў хацеў крыкнуць штось бруднае і зняважлівае, каб прынізіць гэтага начальніка хоць бы перад немцам, які стаяў на ўзбочыне і чуйна прыслухоўваўся да іх сваркі. Але не крыкнуў. Сапраўды, даў д'яблу распіску, цяпер той ёю распарадзіцца. Да самай магілы. А то і пасля магілы. Сволач прадажная...
        Марудна, нібы на пахаванні, яны пераехалі роў, мінулі могілкі. Вараннё ўсё крычала - ад свайго беспрытульнага мноства, неўладкаванасці, сварліва змагаючыся за кожнае месца на дрэве, і гэты варанячы вэрхал замест пахавальнай музыкі доўга суправаджаў іх уначы. Зрэшты, Агееву было ўсё роўна, ён думаў толькі: ну, што яму гэтая дурная распіска цяпер, на апошнім хляху туды, адкуль ніхто не вяртаецца? Але ж во стрымлівала. Адбірала волю. Паралізавала бяздзеянем. Ашаламляла і нейтралізавала...
        За могілкамі яны спыніліся і пастаялі нядоўга, чакаючы, пакуль Драздзенка з немцам кудысь хадзілі - уздоўж каменнай агароджы, вышэй, на пагорак. Агееў ужо ўвесь здранцвеў, унутры ў яго ўсё балела - ад катаванняў і сцюжы; шчаку і ніжнюю частку твару ён зусім перастаў адчуваць. Валасы зліпліся пад дажджом, і сцюдзёныя кроплі сцякалі за вушы, па шыі, па халоднай, здранцвелай спіне між лапатак.
        - Так і захварэць можна, - са слязьмі ў голасе пажартаваў гаваркі Зыль.
        - Ага, прастудзіцца, - з'едліва пагадзіўся Малаковіч, які ўвесь час ішоў ззаду, здаецца, знарок пазбягаючы суседства Агеева. І Агееў падумаў: хай! Можа, так яно і лепш для абодвух. Злосці на лейтэнанта ён ніякай не меў, той жа чагось не мог дараваць яму нават у такую хвіліну.
        Фурманка збочыла з дарогі і па гразкай траве павалаклася ля могілак на пагорак. Іх пагналі следам. Дзесь там наперадзе маячылі постаці Драздзенкі і немца ў даўгім плашчы. Калі яны ўсе наблізіліся, іхняму позірку адкрыўся край высокага абрыву і шырокі кар'ерны правал унізе, добрую палову якога займала лужына. «Значыць, так - у лужыну», - здагадаўся Агееў. А ён думаў... Яму хацелася думаць, што ў зямлі будзе зацішней. І цяплей. У лужыне цяплей не будзе...
        Неразумныя гэтыя думкі, аднак, устрывожылі Агеева, які зусім ужо задубеў на сцюжы, і ён не мог пазбавіцца ад іх, пакуль фурманка не спынілася на пагорку. Драздзенка падаў каманду стаць усім у рад, тварам да абрыву. Агееў стаў паслухмяна, амаль з гатоўнасцю, як гэта рабіў мноства разоў у арміі, - каб толькі хутчэй усё скончыць. Побач настырчыўся зусім знявечаны сцюжай Малаковіч - плоскі, бы дошка, з запалым пад майкаю жыватом. Зыль замарудзіў выканаць каманду, і адзін з паліцэйскіх нагадаў яму аб тым, пхнуўшы ў спіну прыкладам. Той жа паліцай затым ціха гукнуў штось Драздзенку, які спярша злосна вызверыўся, а затым падабрэў і дазволіў:
        - Ладна! Давай па-быстраму...
        Паліцай падскочыў да Агеева - гэта быў усё той жа крутаплечы старанны Пахом.
        - Скідывай боты!
        Агееў памарудзіў, напаўняючыся гатовым прарвацца гневам, пасля, нібы баючыся не стрымацца, наском аднаго таропка падчапіў заднік другога, лёгка прасунуў ступню ў халяву і, не выцягваючы яе зусім, нагой шпурлянуў бот да абрыву.
        - На, бяры, на...
        Ён адкінуў і другі бот - далёка на траву, застаўшыся ў расхлёстаных брудных анучах. Паліцай пабег па боты, а побач нервова затузаўся Малаковіч.
        - Можа, возьмеш і мае, Пахом? Ці пакінеш у знак былой дружбы? За тое, што даваў табе кантрольную спісваць?
        - Ага, даваў! - пакрыўджана забурчаў паліцай, хапаючы боты. - А помніш: даў спісаць з памылкай. Па алгебры. Сам пяць палучыў, а мне два паставілі.
        Малаковіч шчыра здзівіўся:
        - Ідыёт! А я пры чым? Ты ж без памылкі і спісаць не мог, падлюга!
        - Да-а. Ну і набраў ты падонкаў, Драздзенка, - сказаў Агееў. - Па сабе мераў?
        - Ты яшчэ не заткнуўся!.. - крыкнуў Драздзенка, зрабіўшы да яго пагрозлівы выпад, але спыніўся: ззаду яго клікнуў немец. Тры паліцаі сцягвалі з фурманкі Кіслякова, і той слабым голасам выціснуў:
        - Прашчайце, браточкі... Не абіжайцеся, калі...
        - Нічога, нічога, сынку, - адказаў яму адзін Зыль. Агееў і Малаковіч маўчалі.
        Разгоністым крокам Драздзенка падскочыў да іх кароценькага строю, рукой аддзяліў ад усіх Зыля.
        - Так! Давай ты, з племяшом у пары.
        «Няўжо застрэляць? - з недаверам падумаў Агееў. - Яно і сапраўды падобна, што Зыль тут ні пры чым. Выпадкам трапіў у гэтую гісторыю...»
        - Паслухай, Драздзенка, - сказаў ён з папрокам у дрыготкім голасе. - А гэтага нашто? Ён жа тут выпадкова. Я знаю...
        Драздзенка крута павярнуўся і замахаў рукой.
        - Ты знаеш? А ты знаеш, што ён дванаццаць вагонаў на станцыі падпаліў?
        Паліцаі ўжо пхалі Зыля да абрыву, куды прывалаклі Кіслякова, і счэпшчык, пачуўшы тыя словы Драздзенкі, непаслухмяна тузануўся ў іхніх руках.
        - Не дванаццаць, начальнік! Семнаццаць! Семнаццаць вагонаў спаліў! Хай там запішуць - семнаццаць...
        - Яны яго ўдарылі. Зыль войкнуў і болей ужо не выкрыкваў, не тузаўся.
        Агееў дробна дрыжаў - ад сцюжы і нервовага напружання, гледзячы, як за трыццаць крокаў на абрыве сталі дзве постаці - рослы счэпшчык Зыль і ягоны пляменнік - мілы, сарамлівы Кіслякоў. Стаяць Кіслякоў ужо не мог і абвяла віснуў на руках у Зыля, які з натугай трымаў яго, прыгаворваючы нешта за крок да абрыву. Перад імі, рашуча лязгаючы затворамі вінтовак, станавіліся ў шарэнгу некалікі паліцаяў.
        - Фоер! - нечакана зычным голасам скамандаваў немец, і ў вушы Агееву ўдарыў разрознены вінтовачны залп. Агееў хіснуўся ад яго паветранае хвалі, міргнуў адным вокам (другога ён ужо не расплюшчваў), і, калі зноў паглядзеў туды, ні Зыля, ні Кіслякова на абрыве ўжо не было. Паліцаі заставаліся ў шарэнзе, і Драздзенка з немцам падбеглі да абрыву, зірнулі ў кар'ер. Пасля пачулася некалькі нямоцных удараў - пісталетных стрэлаў, - для пэўнасці яны пасылалі апошнія кулі ў расстраляных.
        - Наступныя! - крыкнуў начальнік паліцыі, павярнуўшыся да іх з пісталетам у руцэ.
        - Пайшлі, Валодзя, - ціха сказаў Агееў і, не азірнуўшыся, застыргікаў да абрыву.
        Яму паступова і ўсё болей адкрывалася ўнізе вялізная, уся ў ветранай рабізне бліскучая лужына. З цёмнага неба пасыпаў мокры сняжок, асядаючы на апратцы, валасах, далікатна кранаючы яго разбітыя да крыві вусны. На душы ў Агеева было пуста, як, мабыць, можа быць пуста толькі перад пагібеллю, калі ўсё жыццё пражыта дарэшты і пражыта не так, як хацелася, - бязладна, не ў згодзе з сумленнем, з шэрагам няўдач і памылак. Ён ужо нічога не памыкаўся і нават нічога не хацеў сказаць ні свайму саратніку Малаковічу, ні іхнім катам. Хай забіваюць...
        Ён яшчэ ўчуў грымотны перуновы залп ва ўпор, як дужы, разгоністы ўдар у грудзі кінуў яго назад. Ён паляцеў кудысь у прастору - з шумам і звонам увушшу, штосьці абрушваючы сваім целам, разам з сабой валячы ў прадонне...
        Памалу, аднак, усё пачало сціхаць, аддаляцца, і нарэшце ўсё ўціхамірылася.
        З ветранага неба церусіў мокры сняжок...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.