РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кар’ер
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацверты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел сёмы
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
        
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

        
        Работы ў кар'еры засталося няшмат - апошні, бліжні ад могілак кут, зрэдку парослы асотам ды свежым пырнікам, і на тым усё можна б лічыць скончаным. Але Агееў не спяшаўся брацца за справу, з раніцы ён сядзеў над слабенькім, распаленым са смецця і папяровых абрыўкаў цяпельцам, якое смярдзюча дыміла, - грэў рукі. Раніца выдалася хмарная, без пробліску сонца; расы на траве не было, з поля дзьмуў свежы халаднаваты вецер, трывожна шумелі дрэвы на могілках. Накінуўшы на плечы сінюю балонневую куртку, Агееў прыпамінаў свой сённяшні сон.
        Сон быў просты, амаль элементарны па вобразнасці, але ён уразіў Агеева сваім загадкавым сэнсам, загадкавым нават для яго, які заўжды ўмеў амаль пэўна расшыфроўваць свае начныя шарады.
        Зусім без якіх-небудзь подступаў да галоўнага, сон пачаўся з таго, што ён, Агееў, мяркуючы па ўсім, аднекуль незнарок выпаў, з якога іншага свету ці іншага часу, і апынуўся адзін у вялізнай, страхавітай, пустой прасторы. Цяжка было зразумець характар тае прасторы і нават здагадацца, што ёю з'яўляецца - мора, зямля ці, можа быць, космас. Зрэшты, усё ляжала па-за зрокавым вобразам, хутчэй адносілася да сферы пачуццяў і ўвасаблялася адчуваннем абсалютнай, гнятлівай адзіноты. Па меры таго, як доўжыўся сон, тое адчуванне ўсё большала, а прастора шырэла, запаўнялася трывогай, бояззю, страхам. Ён дужа пакутаваў, і тыя яго пакуты былі хутчэй за ўсё душэўныя, таму што цялесны Агееў сам па сабе быццам адсутнічаў, у гэтым загадкавым асяроддзі было толькі яго абстрактнае Я, пазбаўленае плоці і тым не менш надта балючае. Падобна, аднак, гэтае яго бясплотнае Я між тым увесь час сціскалася, меншаючы ў аб'ёме па меры разрастання загадкавай прасторы. І вось нарэшце настаў такі момант, калі Я зусім знікла, растварылася, пакінуўшы толькі ўяўленне пра сябе, успамін ці невыразны адбітак свае прысутнасці дзесьці, што ўжо не было ні асяроддзем, ні вобразам. Засталіся хіба што яго пакуты, у якія ён пераўвасобіўся ўвесь, без рэшты, і за якімі нічога больш не было.
        Дзіўна, але гэты сон нейкім аддаленым пачуццём напомніў яму тую, даўно перажытую ім пагібель, калі ён у непрытомнасці, з вінтовачнай куляй у грудзях падаў у кар'ер. Тады выпадак ці круты, недастаткова навіслы над вадой схіл не далі яму зваліцца ў лужыну, у якой апынуліся толькі ягоныя ногі, і праз гадзіну ці больш ён апрытомнеў. Навокал было ціха, паліцаі вярнуліся ў мястэчка, з цёмнага неба сыпаў густаваты сняжок. Ён пачаў выбірацца з вады на сухое, доўга поўз па адхоне ля лужыны, пакуль не выбраўся з кар'ера на выездзе. Тут ён зноў страціў прытомнасць, доўга ляжаў у стылай гразі, папоўз зноў. На дарогу ён выпаўз перад світаннем, і яму там пашэнціла. Выпадак узнагародзіў яго сваёй нячастай міласцю: першы ж яздок з мястэчка аказаўся чалавекам добрым, ён моўчкі ўсцягнуў скрываўленага Агеева ў фурманку, і ранкам яны былі ўжо далёка. Зіму ён пластом праляжаў у нямогласці, поўнай безнадзейнасці, пасля захварэў на тыф, двойчы яго перахоўвалі на хутарах. Але вясной, на ўласнае здзіўленне, падняўся на ногі. Усё тое было даўно і, здаецца, перастала хваляваць яго - быццам было не перажыта ім, а ўбачана ў кіно ці прыснілася. І цяпер вось сённяшні, падобны па сэнсу і адчуваннях сон, які ўсё вярнуў з забыцця, усхваляваў яго знясіленыя пачуцці.
        Цяжка было ўявіць, колькі часу ён доўжыўся, гэты пакутны сон, і нават чым скончыўся - проста Агееў кудысьці знік з яго, магчыма, прачнуўся або заснуў іначай - без сноў. Гэтыя начныя пакуты, аднак, падзейнічалі на яго гнятліва, і Агееў думаў, што ўдзень абавязкова штось здарыцца. Што менавіта можа здарыцца, ён ніяк не мог здагадацца, колькі не прыкідваў па сваіх колішніх снах - такі бязвобразны, пакутны сон ён бачыў упершыню. І ён сядзеў ля цяпельца, нават не папіўшы чаю, растрывожаны і нямыты, зусім выбіты са сваёй звыклай працоўнай каляіны - не ведаў, за што ўзяцца. У гэтым стане поўнай разгубленасці ён убачыў двух сябрукоў, якія пралезлі да яго цераз праломіну ў сцяне агароджы. Моўчкі, не павітаўшыся, быццам яны толькі што адсюль адлучыліся, хлопцы сталі над цяпельцам, паўзіраліся ў кволы смярдзючы агеньчык - сарамяжлівы, маўклівы Артур і болей гаваркі Шурка.
        - Ну, што, рабяты? - разгублена запытаў Агееў, болей каб парушыць свой невясёлы стан. Калупаючы дубчыкам у касцярку, вяртлявы Шурка адразу ж выпаліў тое, што іх зараз цікавіла:
        - А тут бульдозеры прыйдуць. Глядзець будзем.
        - Якія бульдозеры?
        - А будуць кар'ер закопваць. Птушкафабрыку будаваць.
        - Во як!
        Пра птушкафабрыку ён ужо некалі чуў - хадзіў у пасёлак па хлеб і падслухаў, як мужыкі, што перакурвалі ля магазіна, вялі гаворку пра нейкую птушкафабрыку, на будаўніцтва якой набіралі падсобнікаў. Але ён не стаў прыслухоўвацца да той размовы і, заняты сваімі думкамі, пайшоў далей.
        - А хто вам сказаў, хлопцы?
        - Мікола сказаў. Во, Артураў брат. Пайшоў заводзіць бульдозер, хутка прыедзе.
        Агееў памаўчаў. Мяркуючы па ўсім, справа яго набывала новы кірунак, і ён уявіў сабе, як прыйдуць бульдозеры і што яны зробяць з гэтым кар'ерам. Напэўна, трэба было, пакуль яшчэ заставаўся час, хоць бы ў адзін штык перакапаць гэты зарослы быльнягом куток, каб канчаткова пераканацца, што там нічога няма. Хоць бы для ачысткі сумлення. І пасля ўжо няхай усё закопваюць ці раскопваюць, як там запланавана ў іх. Гэта было самае разумнае з усіх магчымых рашэнняў, трэба было ўставаць, браць рыдлёўку. Але ён сядзеў, глядзеў, як хлопцы, прысеўшы над касцярком, пачалі падкладваць у яго сухія, апалыя з дрэў галінкі, пучкі сухога быльнягу. Атрымаўшы харч, касцярок спярша густа задыміў на ветры, пасля каснічкі полымя жвава прабіліся праз слаі дыму, з трэскам ахапілі быльнёг. Агееў сядзеў, амаль напэўна ўжо ведаючы, што не паднімецца і той не перакапаны ім закутак так і застанецца не крануты, таму што... Таму што ён не хацеў яго кратаць. Ён ужо звыкся з, можа быць, самім выпешчанай у сабе думкай, што ў гэтам кар'еры нікога болей няма і не было ніколі. Ягонымі ўчынкамі ўжо стала кіраваць надзея, выхаваная ім за два летнія месяцы, і ён не меў рашучасці рызыкаваць ёю, бо рызыка вельмі проста магла яе знішчыць. Не, ён ужо не хацеў ні да чаго дакопвацца, яго даследчы азарт увесь скончыўся, ён гатовы быў уцячы ад праўды, калі б гэтая праўда раптам яму адкрылася. Вымучанае ім за час гэтых раскопак спадзяванне, нібы птушка шчасця, так наблізілася да яго, што гатова была вось-вось апусціцца на яго натруджаную руку, і ён баяўся паварушыцца, каб не спалохаць яе назаўжды. Зусім можа быць, што ён памыляўся, што гэта было звычайнае боязнае жаданне, прыступ слабасці. Але ўся справа ў тым, што ён ужо не знаходзіў у сабе сілы, каб адолець тую сваю слабасць, ды і не хацеў таго.
        Скупа перагаворваючыся, хлапчукі поркаліся ў цяпельцы. Шурка прынёс трохі сухога вецця, сабранага пад сцяной могілак. Артур пачаў соваць яго ў змарнелы агонь, а заглыблены ў сябе Агееў пакутліва згадваў, што трэба зрабіць. Але, мабыць, ён проста не здольны быў што-небудзь рабіць і, напэўна, доўга прасядзеў бы так у задуменнай нерашучасці, калі б халапчукі не закрычалі раптам:
        - Едуць, едуць!..
        Агееў скалануўся, прыслухаўся. Артур з Шуркам пабеглі ўніз на дарогу, і вецер данёс ледзь чутны грукат цяжкіх машын на дарозе за могілкамі. Грукат гэты, аднак, хутка мацнеў, запаўняў сабой ускраінную прастору пасёлка, пачуўся пералівісты лязгат гусеніц, і вось яны выпхнуліся з-за вугла каменнай агароджы - два нязграбныя, закапцелыя трактары з прыўзнятымі над дарогай шырокімі нажамі бульдозераў. Ля кар'ера абодва спыніліся, але рухавікі працавалі, пыхкаючы ўгару сінім дымам; з кабіны пярэдняга на дарогу вываліліся два чалавекі, пайшлі да кар'ера. Пасля да іх далучыўся бульдазерыст другой машыны. Хуткім крокам яны абышлі яму кар'ера, агледзелі наваколле, нядоўга пастаялі на самай выспе каля кустоўя. Што яны там гаварылі, Агееву не было чуваць, дужа грукацелі дызелі на дарозе, дзе ўжо круціліся Шурка з Артурам.
        Агееў нібы ў прастрацыі сядзеў ля палаткі, і толькі калі бульдазерысты занялі свае месцы ў кабінах і магутна зараўлі рухавікамі, ён падняўся. Стараючыся не даць сабе завагацца ці перадумаць, нібы адразаючы ўсе шляхі да адступлення, хутка павыдзіраў дзюралевыя калкі адцяжак - палатка зморшчылася і абвяла, і ён ліхаманкава пачаў выбіраць адтуль рэчы, выкідваючы іх з прарэхі палаткі, запіхваючы ўсё ў рукзак. Добра, што рэчаў было няшмат, галоўнае месца займала палатка, якую ён таропка, абы-як скамячыў і, прыціскаючы каленам, таксама запіхаў у рукзак. На яго наседжаным за лета месцы болей нічога не засталося, апроч кволага касцярка побач ды пластмасавага вядзерца на прытаптаным, з бляклай травой квадраце пад дном палаткі. Небагатае смецце ён нібы прадбачліва спаліў ранкам, месца ўвогуле засталося прыбраным. Закінуў за плячо цяжкаваты рукзак і пайшоў па адхоне ўніз. Перад тым як на дарозе павярнуць за могілкі, не стрымаўшыся, азірнуўся - магутна равучы маторам, першы бульдозер ужо піхаў на абрыў вялізную кучу зямлі, за ім, трохі адстаўшы, упіраўся ў зямлю другі бульдозер. Вось-вось з абрыву ў кар'ер павінна была абрушыцца гара рыхлага грунту, і Агееў, амаль фізічна адчуваючы цяжар яе імклівага падзення, наддаў кроку.
        Грувасткі рукзак, аднак, балюча намуляў плячо, пакуль ён дашкандыбаў да аўтастанцыі, што была ў сілікатным павільёнчыку каля цэнтральнай плошчы. Там перад фанерным стэндам раскладу з палёгкай скінуў на асфальт сваю ношу, хвіліну вывучаў тэрміны прыбыцця аўтобусаў, хаця ўжо з самага пачатку было зразумела, што ён спазніўся. Аўтобус на Мінск ішоў у шэсць раніцы, наступны павінен прыйсці праз суткі. Праўда, быў яшчэ адзін, заезджы, які прыбываў увечары, але білеты на яго прадаваліся пасля прыбыцця. Агееў зморана прысеў на рукзак, адпачываючы, думаў, як быць, і, нічога іншага не надумаўшы, пайшоў прасіць месца ў гасцініцы.
        Гасцініца была недалёка, на бакавой вулічцы за пыльным, з маладымі дрэўцамі скверыкам, праз які вяла добра ўтаптаная пасялкоўцамі сцежка. Каля гасцінічнага ганка, чакаючы пасажыраў, стаяў пусты экскурсіўны «Ікарус», і Агееў падумаў, што месца для яго наўрад ці тут знойдзецца. Усё ж ён праціснуўся са сваёй ношай у цеснаваты вестыбюльчык, скінуў рукзак. Знаёмая па мінулым яго тут пражыванні бландзіністая дзяжурная, што снедала з паперкі, мабыць, таксама пазнала яго і, калі ён павітаўся, без лішніх слоў паклала на бар'ер маленькі аркушык анкеты. Гэта была ўдача, на якую Агееў ужо не разлічваў, ён таропка запоўніў анкету і хутка атрымаў ключ з фанернаю біркай ад адзіночнага нумара на другім паверсе. Улезшы туды са сваім рукзаком, адчуў, што на большае сёння не здольны. Пасля ўсіх перагрузак сэрца зусім збілася з рытму, ён праглынуў адразу аж дзве таблеткі хінідзіну, запіў іх цёплай вадой з графіна і, не распранаючыся, упаў на засланы ложак. Цела цалкам і з удзячнасцю аддалося дабратворнай уладзе спакою, металічная сетка паслухмяна гнулася пад яго рухамі. Увогуле тут было зручна і добра, калі б не арытмія, і ён, можа ўпершыню за лета, падумаў: ці не дарма ён усчаў усё гэта? Здаецца, ён ушчэнт падбіўся, падарваў здароўе, а чаго дамогся? Ці не лепш было б жыць, як жывецца: адпачываць, рыбаліць, як тысячы пенсіянераў, не тузаючы сябе надуманымі праблемамі, не грызці мараллю, як казаў сын Аркадзь, імкнуцца да прастаты там, дзе пануе складанасць; можа б, так ён прыдбаў магчымасць пражыць лішні год на гэтым няласкавым свеце. А то нагарадзіў барыкаду праблем і вось зараз не мог сціхамірыць сэрца, якое соты раз напамінала яму пра ўзрост і тое, што яно не жалезнае... Самае кепскае, аднак, было ў тым, што ён нічога не дазнаўся за лета, праведзенае з рыдлёўкай у кар'еры, перакапаў кубаметры зямлі, але ні на крок не наблізіўся да рашэння сваёй загадкі, нічога не давёў да канца. Часам яму здавалася, што так яно, можа, і лепш - ён нічога не знайшоў і тым пакідаў для сябе надзею. Часам жа ў ягонай памяці паўставаў адзіны, не крануты рыдлёўкай закутак у кар'еры, які мог падмацаваць тую надзею, хаця мог і панішчыць яе. Было падобна, аднак, што яго ўсё ж палохала ісціна і шматзначны туман спадзявання быў яму болей мілы. Ён даваў яму магчымасць жыць спакайней. Без дэпрэсій і стрэсаў.
        Вось ці даваў толькі?
        Часам, успамінаючы перажытае, Агееў не пазнаваў сябе цяперашняга, так мала ў ягоным характары засталося ад маладога Агеева. Часам можна было падумаць, што той даўні Агееў знік, перарадзіўся, падмяніўся іншым чалавекам, які не мае нічога агульнага са сваім саракагадовай даўнасці папярэднікам. Зразумела, ён пастарэў, пражыў нялёгкае жыццё, што было справай звычайнай і што ён выдатна назіраў на прыкладзе іншых. Да таго ж ён бачыў, як няўхільна мяняўся характар часу, знікаў без следу аскетычны рыгарызм нядаўніх яшчэ гадоў і неўпрыкмет, але ўладарна ў жыцці запаноўвала спаважная цвярозасць разліку, дух узаемнай цярпімасці. Але ці да лепшага гэтыя перамены ў жыцці, ён зразумець не мог. Не ў прыклад іншым, ён даўно ўжо не прымерваў свайго мінулага да пакалення сваіх нашчадкаў, яму хапала роздуму пра сябе самога і сваіх даўно ўжо не маладых аднагодкаў. Часам ён быў не ў стане ўявіць, як бы аднёсся да яго цяперашняга той даўні Агееў, які ледзьве не скончыў свой кароценькі шлях у гэтым пакінутым ім сёння кар'еры. У той час, як ранейшы Агееў быў пазбаўлены магчымасці судзіць яго цяперашняга, сам ён тысячы разоў на ўсё лады даследаваў і судзіў Агеева даўняга. Гэта было задоўжанае і малапрыемнае для абодвух следства, хаця строгі суддзя быў бясстрасны і мудры той непадкупнай мудрасцю, якая спасцігаецца толькі з вышыні пражытых гадоў. Часам дзівячыся, а часам абураючыся бязмозглаю недарэчнасцю ўчынкаў свайго абвінавачанага, мінаючы некаторыя старыя ісціны, што ўжо выйшлі ў тыраж, гэты суддзя паступова пачаў арыентавацца на сапраўдны кодэкс пастаянных каштоўнасцей, першае месца сярод якіх ён адводзіў самацэннасці самога жыцця. У тым ліку і таго, якім ён некалі так легкадумна распарадзіўся ў гэтым пасёлку. Зрэшты, як і сваім таксама...
        У калідоры за тонкімі дзвярамі нумара чуліся таропкія крокі жыльцоў, бесцырымонна перагукваліся спаважныя пакаёўкі, аднойчы ўварваліся шум, смех і гамана маладых людзей - прыслухаўшыся, Агееў зразумеў, што гэта спартсмены.
        Праўда, яны хутка зніклі - на трэніроўкі ці на абед у сталовую, у гасцініцы запанавала цішыня, і ён заснуў ці задрамаў, як толькі крыху выраўнялася сэрца.
        Прачнуўся ад нязвыклай трывожнай цішы, расплюшчыў вочы і не адразу сцяміў, дзе ён. Было зусім цёмна, за прыштораным акном ляжала летняя ноч, праз шчыліну каля дзвярэй прабівалася тоненькая палоска святла ад лямпачкі з калідора. Аднекуль здалёк, з ускраіны пасёлка, далятаў ледзь чутны сабачы брэх, а наогул было маркотна і ціха. Неўзабаве, аднак, у гэтай душнай, гнятлівай цішы ён улавіў знаёмыя гукі рухавіка, якія спярша ўстрывожылі яго, а пасля жаданай міратворнасцю ляглі на яго душу, як толькі ён зразумеў, што гэта - бульдозеры. Яны працавалі і ноччу, закопвалі кар'ер - кар'ер яго памяці, раўнялі абрывы ягоных трывог, выбоіны яго памылак, назаўжды сціраючы іх з ягонага жыцця і яго перабольшанага ўяўлення. Зацяўшы дыханне, Агееў услухаўся ў захлюбісты грукат дызеляў, і яму зрабілася нясцерпна шкада чагосьці, што заставалася ў беззваротным мінулым, - можа, сябе і сваёй скрываўленай маладосці, можа, даўно нежывых, расстраляных, забітых, закатаваных у фашысцкіх засценках таварышаў.
        Можа, гэта быў плач душы па тых, каму не суджана было нарадзіцца і прадоўжыць жыццё, але пачуццё няўцешнага гора ахапіла яго так моцна, што ён, страціўшы спакой, падняўся, сеў на пасцелі і раптам зусім незнарок заплакаў. Ён быў тут адзін і мог не стрымліваць сябе, даць волю слязам, і даўкія сутаргі скаланалі яго грузнае цела. Ён плакаў доўга, самазабыўна, як гэта здаралася з ім калісь у раннім дзяцінстве, - аб сабе і аб іх, непамерных людскіх пакутах, якія, аказваецца, ніколі не мінаюць бясследна. Навучаны жыццём, ён ужо разумеў, што за ўсё трэба плаціць - за добрае і за кепскае, якія так моцна звязаны ў гэтым жыцці. Але ўся справа ў тым: хто плоціць? Плоціць, канечне ж, той, хто менш за ўсіх вінаваты, хто не разлічвае на выгаду, хто ад нараджэння схільны даваць, у адрозненне ад тых, хто навучыўся браць ды патрабаваць з іншых.
        У свой час ён заплаціў ЁЮ і быў бязлітасна пакараны, таму што яна была паслана яму для шчасця, а не для збавення.
        Калі за прыхінутым шторай акном азначыўся ранні світанак, ён устаў, падняў свой ацяжэлы за ноч рукзак, расплаціўся з соннай дзяжурнай унізе і павалокся праз сквер на аўтастанцыю.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.