РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кар’ер
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацверты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел сёмы
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
        
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

        
        Праз два-тры дні пасля ліўню зямля ў кар'еры падсохла. Лужыны яшчэ заставаліся на сваіх месцах, але вады ў іх прыкметна паменшала, на гліністых берагах засталіся крывулястыя паралельныя рысы - сутачныя адмеціны ўзроўняў. Дажджу больш не было, стаяла сухое і ветранае надвор'е, аднак на поўнае высыханне лужын можна было разлічваць хіба ў канцы месяца, што было, вядома, занадта. Агееў не мог затрымлівацца тут да канца лета, хаця пачуванне яго пасля сынавага прыезду патроху выраўнялася - усё ж, мабыць, імпартныя таблеткі яму памаглі. Наступным днём, праводзіўшы Аркадзя, ён нядоўга пасядзеў на абрыве і спусціўся ў кар'ер - трэба было неяк скапаць гэты чортаў абвал.
        Канечне, у душы ён разлічваў на дапамогу сына, мабыць, для таго і выклікаў яго тэлеграмай, але ў той вечар так яму і не сказаў нічога: думаў, здагадаецца сам. Аднак сын не здагадаўся, раніцай адразу ж пачаў збірацца ў дарогу. Размова ў іх не клеілася, і хоць Агееў за лета нямала перадумаў пра сына і збіраўся пра што-колечы з ім пагутарыць, цяпер таксама не знаходзіў ні слоў, ні патрэбнага для таго настрою. І калі ён усё ж сказаў Аркадзю, што аднаму труднавата ў кар'ры, той, крута павярнуўшыся ад узнятага капота, кінуў:
        - Вось што! Хопіць! Збірайся, паедзем!
        У яго штосьці не ладзілася з рухавіком, зранку сын злаваўся, і ўсё ж Агееў сказаў, што не можа ўсё кінуць пасля таго, як перакапаў тут гару зямлі і засталася дробязь. Удвух бы яны за пару дзён усё скончылі. Сын з прыкрасцю сказаў, усё калупаючыся пад капотам:
        - Знаеш, я не землякоп, я - электроншчык. Хочаш, дамоўлюся ў райкоме, прыгоняць бульдозер. За паўгадзіны ўсё раскапае.
        - Мне не трэба бульдозер.
        Больш пра кар'ер яны не размаўлялі. Пускаючы дым з глушыцеля, машына паўгадзіны трэслася ад вялікіх абаротаў рухавіка - сын рэгуляваў карбюратар. Пасля было няёмкае, паспешнае развітанне, ляснулі дзверцы, і чырвоны «жыгуль», апісаўшы па роснай траве даўгую дугу, пакаціў на дарогу. Агееў пайшоў да кар'ера.
        Ён працаваў без імпэту, не спяшаючыся, імкнучыся браць неглыбока - на паўштыка, не болей, і кідаў недалёка, сочачы позіркам за кожным камяком вільготнага, яшчэ не прасохлага суглінку. Нічога, аднак, яму не траплялася - відаць па ўсім, гэты куток кар'ера быў менш за іншыя асвойтаны людзьмі - на паверхні і ў глыбіні ўсюды ляжаў некрануты, дзікі суглінак. Агееў думаў пра сына, які цяпер каціў дзесь па новай, нядаўна пракладзенай бетонцы на Мінск. Канечне, у сына хапала ўласных клопатаў і сваіх няпростых праблем, ці варта крыўдаваць на недахоп увагі або ветлівасці - у кожнага свой нораў і свой чалавечы лёс. Бацькам нярэдка здаецца, што дзеці недадаюць ім, што ім як старэйшым у родзе належаць нейкія правы ў адносінах да малодшых, якіх яны нарадзілі, выхавалі, выпусцілі ў вялікі складаны свет і таму могуць разлічваць на ўдзячнасць, што рэдка маюць у жыцці. Але па спрадвечных законах жыцця ўвесь дынамізм дзяцей скіраваны ў будучыню, туды, дзе пралягае іх нязведаны шлях, і бацькам на гэтым шляху месца ўжо няма, ён цалкам заняты ўнукамі. Што ж, усё правільна, усё ў поўнай адпаведнасці з законамі жыцця і жывой прыроды, але чаму чалавечая натура так неахвотна мірыцца з такой відавочнай данасцю? Уся яе духоўная сутнасць бунтуе супраць гэтай завядзёнкі прыроды, чаму тут такая дысгармонія - таксама ад прыроды?
        Хіба таму, што мы - людзі. У жывёлы ўсё прасцей і больш гарманічна.
        Незразумелая, складаная, супярэчлівая істота - чалавек!
        Сын ажаніўся з харошай, любімай дзяўчынай з суседняга дома, калі тая стала студэнткай - жывой, мілавіднай, выхаванай дзяўчынкай, якая падабалася ўсім без выключэння - і родзічам, і суседзям. Жаніховы бацькі прыглядаліся да яе яшчэ з таго даўняга часу, калі яна сярод іншай дваровай дзятвы гуляла пад грыбком у пясочніцы, і яшчэ больш - калі вырасла ў бойкую, спрытную дзяўчынку, якая з заўсёднай мілай ветлівасцю на тварыку віталася з дарослымі і лёгка праскоквала насустрач у цесным пад'ездзе. Сын таксама любіў яе, гатовы быў на ўсё дзеля яе, пасля ў іх паявілася малое, што зусім ужо аб'яднала ў адно дзве ўвогуле малазнаёмыя да таго сям'і. Агееў нечакана лёгка сышоўся з яе бацькам, палкоўнікам у адстаўцы, былым ваенным лётчыкам, з якім яны ўвечары любілі гуляць у шахматы. Свацці таксама знайшлі адна ў адной сардэчных і адданых сябровак з безліччу агульнага ў характарах; суседзі, не перастаючы любавацца знойдзеным на схоне гадоў сямейным саюзам, нават нібы раўніва адасобіліся ад іх. Але вось мінуў год ці болей, і ўсё рассыпалася дашчэнту, ператварыўшыся ў поўную сваю процілегласць, і тады яны з недаўменнем убачалі, як шмат у гэтых іх адносінах трымалася на ўзаемным пачуцці двух юных сэрцаў, са знікненнем якога разбурылася і ўсё астатняе. Мабыць, занадта шмат нагрузілі яны на эфемерныя крылы гэтага кахання людзей, якія, можа, былі і някепскія паасобку, але так і не сталі сям'ёй. І хто вінават? Тых, хто пацярпелі, шмат, вінаватага ж не знайшлося нікога.
        Нябожчыца-маці вінаваціла ва ўсім нявестку, другі бок дружна бэсціў сына, Агееў жа звычайна маўчаў. Ён ужо ведаў, што здольнасць да самаадданага кахання ці дружбы - не частая якасць у людзей, што яна рэдка выяўляецца ў выпадковых ці пэўных камбінацыях, што тут трэба абавязковыя даныя, якімі ў гэтай гісторыі не валодалі ні бацькі, ні іх дзеці. З самага пачатку іхняга сямейнага жыцця Агееў адчуў, што надта яны розныя ў іх духоўнай аснове, з чаго, аднак, зусім не вынікала нічога. Гэтая іх рознасць магла стаць асновай гармоніі, але магла быць і асновай разладу, чым нарэшце і стала. Таксама як і аднолькавасць у пэўных выпадках прыводзіць да краху. Сын валодаў выразна пастаўленым інстынктам мэты, мабыць, занадта сучасным інстынктам, які, аднак, быў трохі чужы «абкатанаму жыццём» Агееву-бацьку, але які той увогуле не мог не цаніць у людзях. Аркадзь з малых гадоў ведаў, што яму трэба, і заўжды ўпарта ішоў да ажыццяўлення свайго імкнення, што наогул было і някепска, калі б не адна асаблівасць - ён меркаваў, што ягонаму руху да мэты павінны спрыяць усе астатнія, тым больш родзічы, жонка, бацькі. Быстравокая худышка Светачка, таксама адзінае дзіця ў бацькоў, была надзелена ад прыроды надта развітым пачуццём годнасці і нікому не даравала крыўды - міжвольнай ці тым больш знарочыстай. Кожная мэта для яе была другараднай у параўнанні са сродкамі, якія азначалі для гэтай дзяўчыны ўсё.
        Першае іх непаразуменне, непрыметная спярша шчылінка, якая неўзабаве з грукатам расшчапіла небасхіл іхняга кахання, здарылася на вачах у Агеева і ўжо тады непрыемна ўразіла яго.
        Пасля вяселля маладыя нейкі час жылі ў сям'і палкоўніка, які меў больш-менш неблагую кватэру на тры пакоі, у адным з якіх мясцілася старая бабуля, істота бесславесная, як і бяскрыўдная. Аднак бабуля не спадабалася Аркадзю, які неўзабаве пасля нараджэння сына перавёз жонку на кватэру да бацькі. Тут стала цеснавата; зноў жа, кватэра ўсімі вокнамі выходзіла на ажыўленую вуліцу, форткі заўсёды былі зачынены, і вельмі хутка ўсе зразумелі, што такое жыццё не прынясе радасці. Агееў яшчэ працаваў на паўстаўкі, чытаў у інстытуце лекцыі, і вось маці з сынам пачалі заводзіць гаворку пра тое, што трэба паклапаціцца аб пашырэнні жылплошчы - перагаварыць на рабоце, сустрэцца з некаторымі гарадскімі начальнікамі, з якімі былі старыя сувязі. Настаў жахлівы для Агеева-бацькі час, пачуццё абавязку прыгнятала яго, але ўсё было вышэй за яго магчымасці - не хапала ні настойлівасці, ні ўмельства, ні проста чалавечага шацунку. Ды і было сорамна - столькі яшчэ супрацоўнікаў у інстытуце мелі патрэбу хоць у якім-небудзь жыллі, а ў яго была ўтульная, хоць і невялікая кватэра ў цэнтры, якая яшчэ гадоў дзесяць назад лічылася амаль раскошай. А галоўнае, ён так і не мог зразумець, якія мае перавагі перад іншымі, асабліва перад зусім бескватэрнымі, каб хадайнічаць пра сябе, аббягаючы астатніх?
        Калі стала зразумела, што справа палепшання жыллёвых умоў дацэнта Агеева зацягвалася на няпэўны час, за яе ўзяўся Аркадзь. І пачаў ён не з сядзення ў прыёмных начальства, якое прымала раз ці два ў месяц, ветліва слухала наведвальніка, але прыктычна нічога не рабіла для яго просьбы, а са збору розных папер, дакументаў, абследаванняў, характарыстык, пісьмаў-адносін адміністрацыі і грамадсках арганізацый. На здзіўленне бацькі, нарэшце ён атрымаў ордэр на маленькую, але вясёлую кватэру ў новым квартале Зялёнага Луга. Калі ж бацька пацікавіўся, на якой падставе, аказалася: па-першае, як малады спецыяліст, а па-другое, як член сям'і ветэрана і падпольшчыка, што ледзьве не быў расстраляны ў гады акупацыі.
        - Ну, што скажаш? - урачыста пытаўся сын, памахваючы перад бацькам свежанькім ордэрам.
        - Далёка пойдзеш! - са злым захапленнем сказаў бацька.
        - Цудоўна! Калі б не так подла, - кінула нявестка.
        - Ну вы даёце! - здзівіўся Аркадзь. - Я вас не пайму.
        Мяркуючы па ўсім, ён і сапраўды не зразумеў нічога, і Агееў-бацька не стаў тлумачыць, тым больш што маці тут жа атэставала яго з уласцівай ёй лаканічнай катэгарычнасцю: «Дурань!» Ён толькі прыпамятаў недзе пачуты ім каламбур на кватэрную тэму: «Партызаны хай пачакаюць, яшчэ партызанскія дзеці не ўсе забяспечаны».
        ...Агееў нетаропка працаваў у кар'ры, акуратна сачыў за часам і роўна праз сорак пяць хвілін даваў сабе адпачынак. Тры чвэрці гадзіны мернай, без асаблівага напружання працы і пятнаццаць хвілін адпачынку, якія ён скарыстоўваў тут жа, прысеўшы на кінуты кружок фанеркі - сядзенне ад старога крэсла. У небе плылі разрозненыя кучавыя аблокі, часам закрываючы гарачае сонца, і голы абрыў насупраць то нікнуў у цяні, то ярка і горача ззяў сваім вымытым, гліністым бокам. Агееў працаваў усё ў тым жа сінім трыко, якое дужа аблезла за лета. Было душна, грудзі і плечы надта пацелі, хацелася піць, але да перапынку ён наважыўся ўстрымацца ад вады, каб не перагружаць сэрца. У поўдзень смага пабольшала, і ён рашыў даць сабе перапынак на абед, а галоўнае, прынесці свежай вады і напіцца. Тая, што заставалася ў бітончыку ля палаткі, мабыць, ужо нагрэлася і гадзілася хіба што памыцца.
        Уваткнуўшы ў зямлю рыдлёўку, ён выйшаў з кар'ера, і ягоную ўвагу чымсьці прыцягнулі могілкі. Паміж чорных каравых камлёў дрэў, драўляных і металічных надмагільных крыжоў, да паловы схаваных ад пагляду каменнай агароджай, у зеляніне бухматага кустоўя мільганулі непакрытыя галовы людзей, цёмныя хусцінкі некалькіх жанчын, хтось прайшоў з букетам кветак, чуліся нягучныя галасы - там кагосьці хавалі. Могілкі былі старыя і здаваліся Агееву даўно закінутымі, за лета ён ні разу не схадзіў за сцяну-агароджу і думаў, што там ужо і не хаваюць. Аднак вось хавалі. Падышоўшы да агароджы, ён з цікаўнасцю зазірнуў у іх глыбіню - невялікая кучка пажылых людзей сабралася ля свежавыкапанай магілы, труны, аднак, там не было відаць, наогул там няшмат чаго было відаць адсюль, могілкі надта зараслі кустоўем. Недзе ў купцы людзей, аднак, мільганула знаёмая постаць - адстаўнога падпалкоўніка, які нядаўна пісаў на яго акт, і Агееў адразу, неяк без дай прычыны падумаў: хаваюць ветэрана.
        Палатка яго хаця і стаяла наводшыбе, але была навідавоку; ён спаласнуў рот цёплай вадой з бітончыка, паліў на рукі і падумаў, што ў такую хвіліну заставацца тут будзе няёмка, мабыць, трэба схадзіць на пахаванне. Нетаропка, адольваючы стому, пераадзеўся ў непрасаваную, але трохі чысцейшую кашулю ў дробную клетачку і пайшоў уніз на дарогу. Цераз пралом у каменнай агароджы, затулены з дарогі дзядоўнікам і крапівой, на могілкі прашмыгнулі знаёмыя яго хлапчукі Шурка з Артурам, ён хацеў іх гукнуць, каб запытацца, каго хаваюць, але не паспеў. Праз высокі арачны праём увайшоў у густы прахалодны цень ад старых вязаў, якія зусім самкнуліся ў вышыні, дарожкай прайшоў да блізкае павароткі паміж магіл. Самотная кучка людзей цесна стоўпілася каля свежага землянога насыпу, мабыць, ужо ў апошнія хвіліны развітання, данесліся асобныя галасы, апошнія словы пахвалы нябожчыку:
        - А які ж чулы быў...
        - Заслужаны быў, усю вайну прайшоў...
        - Не ганарысты, не... Мяккую душу меў...
        - Царства яму нябеснае, - выдыхнуў немалады жаночы голас, і Агееў пашукаў вачыма, каб знайсці каго-небудзь знаёмага, лепш бы, вядома, Сямёна. Ужо ён павінен тут быць. Мяркуючы па ўсім, хавалі чалавека сталых гадоў, можа, якога адстаўніка ці настаўніка-пенсіянера - на пахаванне кіраўніка раённага звяна гэта было мала падобна - не той маштаб, не такі характар гаворкі.
        Трохі не дайшоўшы да магілы, Агееў спыніўся - два мужчыны ўжо апускалі на вяроўках труну ў вузкую шчыліну магілы, здушана заплакала жынчына ў цёмнай касынцы, астатнія стаялі моўчкі, з панылай засяроджанасцю на немаладых, аднолькава журботных тварах. Ён не стаў падыходзіць бліжэй, пазіраючы збоку, і да яго не падышоў ніхто. Знаёмых тут не было відаць, ні Сямёна, ні нават таго падпалкоўніка, якога ён згледзеў з-за агароджы. Раптам усе ў гэтым натоўпе заварушыліся, па адным і па два пачалі кідаць жменькі зямлі ў магілу, і Агееву прыпомнілася такая вось сцэна на могілках у яго даўнім маленстве, як хавалі цётку. Тады гэта было ўвосень, парой лістападу, усе магілы і чорныя помнікі гарадскіх могілак былі ўсыпаны чырвона-жоўтым разлапістым лісцем клёнаў, цётчын твар у белых карунках прыгожа вылучаўся васковай схуднеласцю ў чорнай труне, і было падобна, што цётка толькі прылегла і ўсё чуе, што адбываецца навокал. Нябожчыца ўсё жыццё пражыла ў горадзе, ён яе бачыў усяго разы два да таго і цяпер вось бачыў у труне. Тады яму было ўсяго гадоў пяць, і ён упершыню прысутнічаў на такой важнай падзеі, як пахаванне, дзе ўсё здавалася такім страхавіта цікавым і значным. Толькі калі цётку накрылі ў труне чорным векам і пачалі забіваць па краях даўгімі цвікамі, ён раптам заплакаў, спалохаўшыся, што цётка цяпер не вылезе з забітай труны. Маці, што трымала яго за руку, скаланулася і таксама заплакала, пакуль астатнія, як вось зараз, не пачалі кідаць жмені зямлі ў магілу. Тады яна пацягнула яго за руку - ён таксама павінен быў кінуць свае тры жменькі - каб не хварэць і жыць доўга, як цётка Вольга. Тое пахаванне было для яго першай і самай памятнай падзеяй у раннім дзяцінстве; пасля ён і хварэў, і ваяваў, сам забіваў ворагаў і яго хацелі забіць, і вось ён стаў дзедам. Колькі разоў даводзілася яму хаваць ці ўдзельнічаць у пахаванні, але заўжды ў апошні момант ён стараўся кінуць у магілу тры свае жменькі зямлі - так моцна ўвайшоў у яго свядомасць гэты старажытны звычай, які валодаў нейкаю незразумелай чароўнаю сілай.
        Магілу закопвалі ў тры ці чатыры рыдлёўкі. Спярша там гулка аддаваліся цяжкія ўдары зямлі аб века труны, пасля гэтыя ўдары пачалі глухнуць і сціхлі зусім, калі магіла напоўнілася зямлёй. На тым баку нехта ўжо трымаў чырвоную пірамідку з чорнай таблічкай на баку, і Агееў раптам ірвануўся наперад. Ён нічога яшчэ не разабраў на гэтай таблічцы, здалёку яшчэ нельга было згледзець ніводнай там літары, але, адчуўшы знянацку ўдар пад сэрцам, сцяміў - гэта ж ён! Бог мой!.. Як жа так?.. Як жа?..
        Ад магілы адступіліся, двое мужчын падбіралі рыдлёўкамі зямлю, трэці раўняў яе на магілцы. Штурхануўшы худога мужчыну з рудой ад загару шыяй, Агееў праціснуўся наперад і блізарука нагнуўся да пірамідкі. Зрэшты, ён ужо ведаў, што там напісана, і хвіліну пазіраў недаўменна, не ў стане засвоіць дзікі сэнс трох слоў, не надта прыгожа выведзеных белаю фарбай на чорным фоне:
        
        СЯМЁНАЎ
        Сямён Іванавіч
        1916-1983 гг.
        
        Ашаломлена замёршы каля магілы, ён не адчуваў, як з-пад ног выграбалі рэшту зямлі і ён яўна замінаў рабочым. На хвіліну страціў сілы і - падобна - розум, так яго збянтэжыла гэтая нечаканая смерць. «Толькі ж яшчэ заўчора... Толькі тут сядзелі... Заўчора...» - праносілася ў яго збянтэжанай свядомасці.
        Гэтыя ці падобныя да іх думкі авалодвалі ім не ўпершыню. Многа разоў, калі ён чуў пра нечаканую смерць знаёмага чалавека, разам з міжвольным пратэстам супраць таго паяўлялася адчуванне недарэчнасці, непаразумення, і ў глыбіні свядомасці бліскала надзея, што вось-вось нешта зменіцца, справядлівасць пераможа і вестка пра смерць акажацца фальшывай. Трохі пазней і паступова розум прывыкаў і мірыўся, але спярша, як цяпер вось, гэтае пачуццё-пратэст было такім моцным, што смерць здавалася нерэальнай, нібы яна толькі прыснілася.
        Але і на гэты раз смерць не прыснілася, усе дробязі гэтага пахавання былі надта рэальныя і зусім паслядоўныя. Магілу закапалі, усё зараўнялі, падчысцілі, зверху паклалі кветкі з пасялковых гародчыкаў. Ля пірамідкі барвова чырванела плюшавая падушачка з узнагародамі - адна на ўсе, заслужаныя нябожчыкам: сярод тузіна старых медалёў на заношаных стужках вылучаліся два ордэны Чырвонай Зоркі. Побач у журботна знямелых паставах стаялі два высокія маладыя яшчэ чалавекі, зірнуўшы на аднаго з якіх - у вайсковым, з пагонамі прапаршчыка, - Агееў зразумеў, што гэта - сын. Напэўна, такім жа калісьці быў Сямёнаў-бацька: хударлявы, шырокай касці, даўганогі і даўгарукі малады чалавек з трошкі плоскімі грудзямі і шырокім разваротам плячэй.
        Людзі з пахавання пачалі разыходзіцца, па адным і групамі пакідаючы магілу, засталося некалькі чалавек, можа, самых блізкіх нябожчыку, і сярод іх той самы адстаўны падпалкоўнік, якога ён убачыў здаля. Спатнелы, не зважаючы на засень, у цёмным пінжаку з многімі радамі ордэнскіх планак на грудзях, ён і тут па-начальніцку распараджаўся, тупаючы каля магілы.
        - А ўзнагароды чаму аставілі? Не палагаецца. Таварыш Хаміч, вазьміце! - загадаў ён нізенькаму пажылому ўжо чалавеку ў ботах, і той узяў падушку, перакінуў яе пад паху - медалі ціхенька забразгалі на яго баку. Усе з палёгкай накіраваліся да выхада. На могілках засталіся толькі дзве жанчыны, якія заканчвалі прыбіраць магілу: стараватая ў цёмнай хусцінцы і маладзейшая з тонкай, туга сцятай джынсамі таліяй. Усё пакутуючы ад нечаканасці гэтае смерці, Агееў запытаўся:
        - Як гэта здарылася?
        Маладая зірнула на яго і не адказала, ставячы букеты ў шкляныя слоікі, а стараватая, не адразу, памаўчаўшы, сказала, тоячы пэўнае значэнне:
        - Здарылася! Даўно павінна было здарыцца...
        Агееў не адчуў у яе словах ні жальбы да нябожчыка, ні належнай добразычлівасці да сябе і падумаў: жонка.
        Жанчыны яшчэ заставаліся, а ён пайшоў па дарожцы з могілак, выйшаў на дарогу, падняўся па адхоне да сваёй палаткі. Рабіць тут не было чаго, блізкасць свежай магілы, а галоўнае, гэтая нечаканая смерць прыгняталі яго, і ён задуменна пабрыў далей, да самага абрыву. За тыдні ягонай працы ў гэтым кар'еры ён неяк неўпрыкмет прывык да Сямёна, яго бясхітраснай прастадушнай натуры, якой, можа, не хапала яму для дружбы ці проста прыяцельскіх узаемаадносін у яго гарадскім жыцці. Сярод саслужыўцаў па інстытуце такіх, пэўна, не было ніводнага, мабыць, такія па адным ужо выводзіліся, уступаючы месца іншым характарам з яўна выяўленым імкненнем да лідэрства, рознага роду пераваг, напоўненых клопатамі аб дабрабыце і дробязнай прэстыжнасці. Сямён жа не прэтэндаваў ні на што, апроч хіба шклянкі віна ды кароценькай увагі да яго апавяданняў пра перажытое мінулае. І трэба ж - такая раптоўная смерць! А яму нават не прыснілася ноччу нічога такога, што б прадказала гэты канец, проста ноч выдалася на рэдкасць глухой, без сноў. Ці, можа, ён забыў усё да світання?
        Па той бок кар'ера ад поля расло некалькі чэзлых, абгрызеных козамі дрэўцаў, якія кідалі вузкія цені ад абрыву. Ён падышоў да іх, стомлена апусціўся на траву і пачаў задумліва азіраць зверху свой злашчасны кар'ер, могілкі, магутны заслон старых дрэў на іх, зеляніну садкоў і дахі ўскраінных хат пасялковай вуліцы. За аброслым крапівой і дзядоўнікам плотам насупраць ярка ззяла насустрач нізкаму сонцу некалькі жоўтых галовак сланечніку, і Агееў прыпомніў, як Сямён некалькі дзён таму абяцаў расказаць, што калісь ледзьве не атрымаў Героя. Аркадзь, мабыць, усумніўся, палічыўшы тыя словы пахвальбой, але Агееў быў гатовы паверыць. Шкада, цяпер ужо ніколі ён не раскажа пра свае ваенныя подзвігі і пра свае пакуты, што, зрэшты, на вайне адно і тое ж.
        Агееў сядзеў і думаў, што нябожчык і на самай справе мог заслужыць Героя, такія характары здольныя на самыя высокія, часта нават не зусім усвядомленыя імі подзвігі, бо ім не ўласцівы разлік, хітрасць - як дзеці, яны дзейнічаюць па першым клічы натуры. Натура ж іх недалёка адышлася ад прыроды, дзе ўсё рашаюць, эмоцыі, і істота цалкам належыць віду, наследуючы ўсе яго характэрныя рысы і падпарадкуючыся яго спрадвечнае логіцы. Напэўна, таму такія рэдкія і нехарактэрныя выпадкі ўзаемазнішчэння ўнутры віду, які ўвасабляе сваю відавую мудрасць у паводзінах сваіх істот.
        Героя ён зусім мог заслужаць у баі ці разведцы, пры фарсіраванні ракі, у абароне ці акружэнні. Але гэта зусім не значыла, што заслужанае аўтаматычна ператвараецца ў заробленае і як заробленае аплачваецца. Будучы з'явай выключнай, подзвіг, можа, болей за ўсё падлеглы элементу суб'ектыўнасці ў яго ацэнцы, якая залежыць ад многіх людзей і абставін. Агееў памятаў выпадак у іх стралковым палку, калі ўзнагароджвалі групу аўтаматчыкаў за фарсіраванне Нёмана ўлетку сорак чацвёртага года. Група была невялікая, каля дванаццаці чалавек, яна першая перабралася на другі бераг і на працягу сутак абараняла плацдарм. Жывымі засталіся толькі пяць чалавек і сярод іх сяржант Белаброўцаў, што з ручнога кулямёта адбіў восем нямецкіх атак. Усе яны былі ўзнагароджаны ордэнамі, апроч Белаброўцава, які, аказалася, год назад быў у палоне, чаго было даволі, каб узнагароду яму панізілі да медаля «За адвагу». Сямёнаў быў у палоне таксама і нават служыў у паліцыі...
        Мог ён і страціць Залатую Зорку, як знаёмы Агеева малодшы лейтэнант Мількоў, удалы разведчык, чалавек незвычайнай адвагі. З якой толькі калатнечы не выбіраўся ён на фронце, плоцячы за тое хіба што лёгкімі раненнямі, адно з якіх, па сутнасці, і загубіла яго маладое жыццё. Трапіўшы з прастрэленай рукой у армейскі ГЛР, размешчаны ў недалёкім тыле, Мількоў, напэўна, рашыў, што тут ужо можна расслабіцца - немцы і начальства далёка. Набраўшыся польскага бімберу, ён учыніў п'яную бойку з прымяненнем зброі, не паслухаў старшых афіцэраў, быў арыштаваны камендантам гарнізона, аддадзены пад суд ваеннага трыбунала, пазбаўлены звання Героя і адпраўлены радавым у штрафную роту без ніводнай з заслужаных ім дзевяці ўзнагарод.
        Трохі менш сумны лёс праўдалюбца старшыны Ступакова, артылерыста-супрацьтанкіста, які, застаўшыся адзін ля гарматы, падбіў з яе восем танкаў. Праўда, спярша артылерыстаў было два, ён і ягоны зямляк, які загінуў у разгар паядынку, Ступакоў быў паранены, усе падбітыя танкі залічылі яму і прадставілі яго да звання Героя Савецкага Саюза. Аднак прэтэндэнт на Героя, любячы праўду больш, чым узнагароды, пачаў усюды пісаць, што да гэтага звання трэба прадставіць і ягонага забітага сябра, бо той падбіў пяць з васьмі танкаў і таму заслужыў яго з яшчэ большым правам. Скончылася, аднак, тым, што начальства адклікала прадстаўленне, і Героя не атрымаў ніхто. Праўда, праз месяц Ступакова ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны другой ступені.
        І вось цяпер яшчэ адзін неардынарны ваенны лёс, які пакінуў без адказу шэраг пытанняў, не праясніў многіх загадкавых абставін.
        А дзе разгадка яго шматгадовай загадкі? Разгадаецца яна калі-небудзь ці і яму наканавана, як Сямёну Сямёнаву, пакінуць яе жывым? Або цалкам узяць у магілу?
        Зусім трохі заставалася яму працы - на дзень, не болей, і ён з чыстым сумленнем мог палічыць, што перавярнуў увесь кар'ер і не знайшоў нічога. Яе тут няма, значыць, яна магла выжыць. І з ёй магло выжыць новае, невядомае яму жыццё, якое цяпер зрабілася для яго важней за ўсё на свеце. Чамусьці на гэтым нязнаным жыцці сышоўся няскладны ягоны лёс - пралёг у будучыню. Гэта была тоненькая саломінка ў полі, маленькая іскрынка на ветры, але яна давала надзею. Агееў ужо выразна адчуваў, што яго існаванне без яе траціла ўсякі сэнс. З ёй жа - неспазнанай і загадкавай - усё рабілася інакшым, жыццё набывала сэнс, змест, а галоўнае - яно прадаўжалася. Няхай у іншых формах, у іншым аб'ёме і часе, але яно суцяшала. Іншага суцяшэння для Агеева ўжо не заставалася на гэтай зямлі, і ён вельмі шкадаваў, што надта позна зразумеў гэта.
        Тое, што павінна было стацца паміж маладымі людзьмі, сталася на трэцюю ноч іх начлегу ў застаронку, і яны апынуліся нарэшце пад адным кажушком на тапчане. Дождж на падворку ўжо не ішоў, але над сядзібай па-ранейшаму гуляў сцюдзёны восеньскі вецер, які, павярнуўшы з поўначы, наскрозь прадзімаў застаронак. І ўсё ж тут было зацішней, чым на вялізным гарышчы, а галоўнае - тут здавалася болей бяспечна. Побач быў непрыкметны ход на гарод, дзе пад каменем ляжаў пісталет. Той ноччу яны доўга не маглі заснуць і ціхенька гутарылі пра ўсё. Марыя хутка пазбылася сваіх беспадстаўных страхаў і смяшліва хіхікала пад кажушком у адказ на стрыманыя жарты Агеева, якімі той адгукаўся з сена. Абое яны быццам забыліся, дзе знаходзіліся, забыліся, што ў свеце грымела вайна і небяспека пагражала кожнаму. Ім было добра разам, і ў пачуццях Агеева тлела-расла рашучасць, якую нарэшце немагчыма стрымаць. Скінуўшы з сябе ахапак сена, ён падышоў да тапчана і прыўзняў палу кажушка. Марыя, наперакор яго спадзяванню і свайму палахліваму «не», пасунулася да сцяны.
        Тая ноч для абаіх мінула без сну, у мешаніне пачуццяў, неадольнай пяшчоце, якая нечакана авалодала імі, і толькі пад ранак яны ўсё ж забыліся ў кароткім сне. На світанні Марыя прачнулася першая, саскочыла з тапчана. Следам прахапіўся Агееў і, нібы з пахмелля, мала што разумеючы, скіраваў на яе недаўменны позірк.
        - Куды ты?
        Спярша яна ўся заўсміхалася, а пасля, насцярожаная і зваблівая ў сваёй цнатлівай збянтэжанасці, асцярожна ступіла да яго і з недзяўчачай, хутчэй мяцярынскай пяшчотай пацалавала яго каля вуснаў. Прыгадаўшы ўсё, што здарылася паміж імі ў гэтую непагодную ноч, ён паморшчыўся, падумаўшы, што, мабыць, Марыя пачне папракаць яго, можа, нават заплача. Ён не трываў папрокаў, тым болей жаночых слёз, але яна толькі гаротна ўздыхнула і сказала шэптам, поўным захаплення і ўдзячнасці:
        - Алег! Алежка... Дзякуй табе...
        - За што ж дзякуй, дзівачка?..
        Ён абняў яе за вузкія плечы, далікатна прыцягнуў да сябе.
        - За ўсё, усё дзякуй.
        Аднак ужо развіднелася, і яны спяшаліся пакінуць застаронак, удзень бяспечней было хавацца ў вялікім доме з яго кухняй, кладоўкай, гарышчам. Звычайна, пакуль Марыя гатавала што-небудзь паесці, ён хадзў па падворку, пільнаваў яе ад вуліцы, каб пры выпадку, калі хто зойдзе, затрымаць яго і даць ёй магчымасць схавацца. Дранікаў яна ўжо не пякла, скончыўся тлушч у слоіку, і Марыя варыла бульбу, якую яны елі, макаючы ў соль на талерцы. Хутаючыся ў ватоўку, Агееў стаяў ля клёнаў і пазіраў угару на дах дома, чакаў, калі з коміна пойдзе дым - значыць, Марыя запаліла ў пліце, трэба было прычакаць, калі зварыцца бульба. Усё, што здарылася ноччу, цяпер прыпаміналася з прыкрасцю ў яго неспакойных пачуццях, і на цвярозую галаву ён пачаў дакараць сябе за тое, што ў адносінах з ёю дайшоў да таго. Канечне, з гэтай дзяўчынай цяжка было ўстрымацца ад граха, але ўсё ж ён павінен быў праявіць волю і ўтрымаць сябе ад апошняга кроку. Але во не знайшоў у сабе гэтай волі, паплыў па хвалях пачуццяў ды яшчэ ў такі самы непрыдатны для таго час. На свеце грымела вайна, ягоныя таварышы гінулі на фронце, а ён чым заняўся? Ды і яна вінавата - прыйшла, падпусціла... Што цяпер будзе? Нічога, вядома, добрага - гэта ён ведаў напэўна, будзе абаім кепска. Але гэта ён думаў зараз, разважаючы халоднай галавой, а на сэрцы ў яго наперакор усяму журчэла ціхая пяшчота да гэтай мілай дзяўчыны, якая так безаглядна і даверліва аддалася яму. І ён гатовы быў яе апекаваць, дапамагаць ёй у той пастцы, куды яе загнала вайна, нават гатовы быў пацярпець за яе - ён не адчуваў у тым гнятлівасці - хутчэй рашучасць і нявыказанаю ціхую радасць.
        Праўда, радасць яго хутка міналася.
        У такія вось ціхія хвіліны, калі ён заставаўся сам-насам, у ім узнікаў і ахопліваў яго ўсё большы неспакой з тае прычыны, што ішоў час, а яго пражыванню тут не відаць канца. Нага яго спакваля ўваходзіла ў норму, рана гаілася, і ён, трохі кульгаючы, ужо без кія мог хадзіць па падворку, выходзіць на вуліцу. Яму здавалася, што ён ужо здолеў бы паціху пусціцца на ўсход, да сваіх. Але во бяда, фронт усё не спыняўся, нашы адступалі, і, мяркуючы па ўсім, баі шлі дзесь за Смаленскам, можа, пад Масквой нават. Зрэшты, дакладна ён нічога не ведаў, усе сувязі яго парваліся, з лесу ніхто не прыходзіў. Ужо быў адрамантаваны ўвесь абутак, поўны мех якога ён запіхаў пад сена ў застаронку, каб аддаць таму, хто па яго прыйдзе. Але па абутак ніхто не прыходзіў, недзе прапаў Кіслякоў, і Агеевым усё болей авалодвала трывога ад сваёй адасобленасці, такой доўгай адзіноты. Ён пачаў ужо шкадаваць, што расказаў Кіслякову аб сваіх адносінах з паліцыяй, пра што той, вядома ж, перадаў Волкаву, і вось у выніку крыўдны недавер да яго. Вельмі падобна было на тое. Але гэта было б жахліва, гэта знішчыла б яго маральна, зусім не даўшы магчымасці што-колечы растлумачыць, у чымсь апраўдацца. Для сканчэння гэтай недарэчнасці не хапала хіба, каб яны пакаралі яго. Якая ў такіх умовах магла быць кара, ён ужо здагадваўся.
        Зашчапіўшы дзверы на кухні, яны моўчкі паелі бульбы, якая, аднак, толькі ненадоўга спатоліла голад, і Марыя штось прыкмеціла ў ягоным позірку ці, можа, адчула ў яго настроі. Яна з'ела ўсяго тры бульбіны, рэшту ў талерцы падсунула яму, і ён даеў усё.
        - Не наеўся? Не? - запыталася Марыя.
        Ён адвёў свой позірк - прыкідвацца далей, што сыты, вылазячы з-за стала, у яго ўжо не ставала сілы.
        - Бульбай хіба наясіся?
        Марыя ненадоўга задумалася.
        - Алежка, можа, я выбегу? Ну, на пятнаццаць хвілін? Тут во к суседзям.
        Агееў зразумеў адразу, што яна мае на ўвазе, і сказаў строга:
        - І не думай! Сядзі, нікуды не вытыркайся!
        Ён быў галодны, але думаў цяпер не пра хлеб - ён думаў, як яму звязацца з Малаковічам. З Малаковічам бы ён пагутарыў па шчырасці, ужо хто, а Малаковіч павінен яго зразумець і, можа, памагчы. Але лейтэнант быў далёка, здаецца, за два кіламетры, на станцыі; зноў жа, сустракацца з ім Агееву забаранілі ў самым пачатку. Агееў пачакаў, пакуль Марыя прыбярэ са стала, і абняў яе, з маўклівай пяшчотай пацалаваў у лоб і выйшаў на двор.
        У той дзень зранку надвор'е быццам пачало лепшаць. Усюды яшчэ было мокра, каля вугла дома стаяла лужына мутнай вады, на вуліцы холадна блішчэла мокрая гразь, з кляновага голля падалі долу буйныя кроплі. Але неба яснела, у разрывах аблокаў ненадоўга паяўлялася сонца. Агееў захінуў ватоўку, прайшоў у сваю апусцелую майстэрню-альтанку. Рабіць тут не было чаго, ён прысеў на табурэтку за набрынялыя вільгаццю дошкі стала, пачаў чакаць. Ён думаў, што хто-небудзь паявіцца на вуліцы, можа, з тых, хто патрэбны яму, ці, можа, каму-небудзь спатрэбіцца ён. Ён сядзеў доўга, але на вуліцы ніхто не з'яўляўся. Толькі захутаная ў тоўстую хустку жанчына правяла пярэстую карову - мабыць, на пашу, аднекуль з гародаў выскачыў бяздомны сабака, спыніўся, з цікаўнасцю паўзіраўся ў яго і пабег сваёю дарогай.
        Праз гадзіну на тым баку вуліцы паявіўся гадоў дзесяці хлопчык у вялікай, насунутай на вочы кепцы, з дубчыкам у руках. Роздумна сцябаючы дубчыкам па галовах малачаю, які буйна разросся пад плотам, ён паглядваў у бакі. Калі ён затрымаў свой позірк на Агееве, той, раптам узрадаваўшыся, махнуў рукой:
        - Ідзі сюды!
        Хлопчык нетаропка падышоў, саўгануўшы ўгору кепку, пільна ўставіўся ў яго светлымі вачыма.
        - Цябе як завуць?
        - Віця.
        - Яблыкаў хочаш?
        Віця згодна кіўнуў галавой і зноў саўгануў сваю кепку, якая ўсё з'язджала на вочы.
        - Ану, ідзі сюды.
        Агееў прывёў яго на гарод да смачнай малінаўкі, на якой яшчэ можна было дастаць знізу некалькі пераспелых яблыкаў. Ухапіўшыся за галінку, падцягнуў сук, які абдаў яго сцюдзёнымі кроплямі.
        - Ты дзе жывеш? На гэтай вуліцы?
        - Не, я - на Бялінскага. Во тут блізка.
        - У школу хадзіў?
        - Хадзіў. У трэці клас. Цяпер не хаджу.
        - Будзеш хадзіць. Як немцаў прагоняць. Пойдзеш у чацьвёрты.
        - Хутчэй бы, - сказаў Віця і зусім па-даросламу ўздыхнуў - працягла і трудна.
        - У цябе татка ёсць?
        - Ёсць. На вайне толькі. А можа, ужо і няма.
        - З мамай жывеш?
        - З мамай.
        Агееў сарваў некалькі яблыкаў, Віця распіхаў іх па тугіх кішэнях, за пазуху і сказаў, калі Агееў пацягнуўся да новай галіны:
        - Мне ўжо хопіць.
        - Ну, хопіць, дык хопіць, - сказаў Агееў і вылез з-пад нізкіх галін. - Слухай, Віця, а ты на станцыі быў?
        - Быў. Толькі даўно ўжо. Там у мяне цётка жыве.
        - А дзе качагарка, ведаеш?
        - Гэта што за семафорам?
        - Ну, - пацвердзіў Агееў, хаця сам, канечне, не ведаў, дзе тая качагарка. - Ты не мог бы збегаць туды?
        У светлых вачах Віці паявілася стрыманая цікаўнасць, і ён з гатоўнасцю кіўнуў галавой.
        - Збегаю. А што зрабіць?
        Яны выйшлі з гарода. Агееў абтупаў на сцежцы мокрыя ад расы боты, Віця босы стаяў на мокрай траве.
        - Панімаеш, там працуе твой цёзка, дзядзя Віця. Знойдзеш яго і скажаш, што яго чакае кульгавы дзядзя. Паняў?
        Віця моўчкі кіўнуў і паправіў кепку, гатовы бегчы, выконваць даручэнне.
        - Але каб нікому болей ні слова! Перадасі дзядзю Віцю і адразу дадому. А заўтра прыйдзеш, я табе яшчэ яблыкаў дам.
        Боўтаючы цяжкімі кішэнямі, Віця пабег на вуліцу, а Агееў зноў заняў свой пост у майстэрні-альтанцы. Можа, ён зрабіў і няправільна, можа, не трэба было давяраць тое хлопцу, тым болей выклікаць сюды Малаковіча. Але ў яго ўжо не хапала вытрымкі, гэтая няпэўнасць прыгнятала яго горш за якую небяспеку.
        Ён праседзеў у альтанцы яшчэ з гадзіну і нікога не дачакаўся. Местачкоўцы, падобна на тое, у ім не мелі патрэбы і паводзлі сябе так, быццам увесь іх абутак быў у парадку. А можа, яны рамантавалі яго ў іншым месцы, дзе-небудзь бліжэй да цэнтра? Ці, можа, несамавіты выгляд яго майстэрні не даваў ёй даверу? Агееў нарэшце раззлаваўся, пайшоў дадому і, зашчапіўшы дзверы на кухні, палез на гарышча. Марыя чакала яго наверсе і, толькі ён ступіў з драбіны, абхапіла яго ззаду рукамі, ціхенька засмяяўшыся над вухам.
        - Марыя!
        - А я цябе бачыла, вось! Як ты ў альтанцы сядзеў - незадаволены такі, злосны. Во зірні.
        Яна падвяла яго да скошанага даху за куфрам, дзе каля кроквы свяцілася невялікая, з паўдалоні, дзірка, з якой былі бачны альтанка і частка двара ад вуліцы.
        - А што гэта такое? - запытаўся ён, убачыўшы расчынены куфар з грудай кніжак у цёмных пераплётах, падшыўкі старых пажоўклых часопісаў, нейкіх папер, купкі іншых выданняў у мяккіх вокладках з неразрэзанымі старонкамі.
        - Кнігі, разумееш!
        Апусціўшыся ля куфра, Марыя выцягнула адтуль тоўсты том у прыгожай, з царскім гербам, вокладцы.
        - Вось: «Россия, полное географическое описание нашего отечества под редакцией Семенова». Гэткая кніга і ў нас была, баця яе ў экспедыцыі браў. А во тры тамы Шэлер-Міхайлава з дваранскага быту, некалі я ім зачытвалася. Во «Бесы» Дастаеўскага. А часопісаў колькі!
        Следам за Марыяй ён таксама пачаў перабіраць у куфры бязладна наваленыя туды тамы старых выданняў і сярод іх патрапаныя падшыўкі часопісаў «Будильник», «Осколки», «Стрекозы », цяжкі камплект «Нивы» за 1916 год. На першай старонцы камплекта быў змешчаны малюнак маладой прыгажуні ў святочным убранні з пацеркамі на грудзях і крылатымі херувімамі, што пырхалі навокал з часопісам у руках. Унізе значылася імя выдаўца А. Ф. Маркса - сорак сёмы год выдання. Агееў з цікавасцю пагартаў багата ілюстраваную падшыўку, і зноў на яго дыхнула вайной: карта ваенных дзеянняў з лініяй фронту ад Рыгі да Кішынёва і ў Закаўказзі каля Тэгерана, пасля ішлі здымкі нейкай «Северопомощи» з натоўпамі мужыкоў і салдатак, артбатарэя на пазіцыі. Пад прыгожа намаляваным загалоўкам «Вечная память» стракацелі рады афіцэрскіх здымкаў, і ён угледзеўся: палкоўнік Крабэ з ліха падкручанымі вусамі, палкоўнік Баркоўскі, падпалкоўнік Ленц у модным тады пенснэ, капітан Гусакоў з суровым паглядам з-пад навіслых броваў, самотна-задуменны штабс-капітан Кібаленка і яшчэ некалькі радоў невялікіх, з паштовую марку, здымкаў.
        - Гэта што - забітыя? - схілілася да яго Марыя.
        - Забітыя...
        Хвіліну ён прыглядаўся да іх твараў і думаў: вось мінула столькі гадоў - і зноў тое ж самае. Зноў гінуць рускія камандзіры, палкоўнікі і капітаны, усё ад рук тых жа немцаў і амаль у тых жа самых месцах, што і чвэрць стагоддзя назад. Толькі ў адрозненне ад гэтых вусатых чыноў у пагонах і эпалетах іх фатаграфіі не друкуюцца ў газетах, на тое, мусіць, не хапіла б усіх газет у краіне. Што і казаць, жыццё чалавечае не падаражэла цаной і, мабыць, ужо не падаражэе ніколі. Вайна стала бязлітаснай, ахвяр будзе куды больш, чым раней. Хіба можна яе параўнаць з той маларухомай соннай вайной, якая некалькі гадоў ішла амаль на адным і тым месцы.
        - Вось гэта прыгожы хлопчык! - з жалем сказала Марыя, паказваючы на фота. - На цябе падобны.
        «Паручнік Ольгін», - прачытаў Агееў, пазіраючы на малады, бязвуся твар дабрадушнага хлопца ў пагонах, з крыжам на грудзях і прытоенай усмешкай на мяккіх хлапечых вуснах. Што ён думаў, пра што клапаціўся, гэты паручнік, перад сваёй пагібеллю дваццаць пяць год назад? Але пра гэта ўжо не скажа ніхто, як ніхто, мабыць, ужо не прыпамятае маладога паручніка.
        А ці прыпамятае хто пра іх праз дваццаць пяць год?
        Выпадковы гэты часопіс выклікаў у Агеева самотныя думкі, і, можа, упершыню за сваё жыццё ў мястэчку ён падумаў пра непазбежнасць сваёй пагібелі на гэтай вайне. Можа, і перажыве яе хто-небудзь, і дачакаецца перамогі, але наўрад ці гэта наканавана яму. Надта яна блізка ад яго ходзіць, гэтая яго пагібель, надта часта даводзіцца заглядаць у яе чорную пашчу, каб песціць надзею застацца жывым.
        - А во паглядзі, смешны часопіс «Осколки», - зусім у іншым настроі, жвавым і бесклапотным, сказала Марыя. - Пазнаеш?
        - Чэхаў?
        - Чэхаў. Антон Паўлавіч, мой самы любімы пісьменнік. Во на фурманцы, як смешна. Сяброўскі шарж.
        Пры цьмяным святле з слухавога акна яны доўга перабіралі ў куфры, глядзелі кніжкі, гарталі старыя часопісы, змест якіх у многіх адносінах проста яго здзіўляў. З розных старонак на іх пазіралі ўвешаныя ўзнагародамі генералы, гафмайстры двара і сенатары ў расшытых мундзірах, франтаватыя свецкія дамы, губернатары, вусатыя афіцэры і ніжнія чыны даўняй, мала яму знаёмай вайны. Ад старой паперы ішоў непрыемны, магільны пах, які вымушаў іх чхаць. З неба тым часам усё часцей пачало выглядваць сонца, праз слухавое акенца ў паўзмрок гарышча звесіўся пук промняў, паклаўшы ў доле светлы косы квадрат. Стала цяплей. Навокал драмала цішыня, і, зноў забыўшыся пра ўсё на свеце, яны прылеглі на коўдры. Марыя шаптала штось, горача і аддана, але Агееў не надта ўнікаў у блытаны сэнс яе слоў, ён зноў аддаўся пачуццям, пакуль не забыўся ў знямозе. Сон яго, аднак, быў не доўгі, і, калі ён прачнуўся, Марыя, падкурчыўшы ногі, ляжала на баку побач. Сонца з акна ўжо знікла, і тое ледзьве свяцілася, мабыць, на склоне дня. Агееў падумаў, што так можна празяваць прыход Малаковіча, і ціхенька, каб не пабудзіць Марыю, устаў. Аднак падхапілася і Марыя.
        - Куды ты?
        - Ціха, ціха. Спі. Я гэта... Тут павінен адзін чалавек прыйсці.
        - Які чалавек?
        - Ну, панімаеш, знаёмы.
        - З мястэчка знаёмы?
        - З мястэчка.
        Быстрымі рухамі маленькіх рук яна паправіла на сабе падол сарафаніка, маленькім перламутравым грабеньчыкам трохі прычасала на патыліцы кароткія валасы. Здаецца, яна нічога не падазравала і ні пра што не здагадвалася.
        - А мне... Тут быць?
        - Ага. Ты сядзі тут. Як толькі я яго адпраўлю, дык і прыйду.
        Ён пацалаваў яе мяккія пакорлівыя вусны і злез па драбіне ўніз. Гультай, які драмаў ля парога на кухні, неахвотна падняўся, пацягнуўся, патрабавальна прамяўкаў. Агееў падхапіў яго ўпоперак цела і ў кладоўцы падсадзіў на драбіну.
        - Во сябрука табе. Каб не сумавала.
        Агееў выйшаў на двор. У небе ўжо плылі грувасткія кучаравыя аблокі - пэўна, на лепшае надвор'е, і ён падумаў: як утаіць яго справы ад Марыі? Утаіць, канечне, было неабходна, ён не меў права самавольна давяраць ёй тое, што не было ягоным сакрэтам, але і ўтаіць што-небудзь пры такіх з ёю адносінах было няпроста. Хоць бы таго ж Малаковіча. Яна магла яго ўбачыць, падслухаць іх гутарку - што яна магла падумаць пра іх? Вядома, лепш за ўсё, каб яна была ў курсе іх спраў, але яшчэ без прычыны, амаль падсвядома, ён баяўся ўцягваць яе ў гэтыя іх няпростыя справы, якія штодня маглі кепска скончыцца. Навошта рызыкаваць яшчэ і ёю?
        Тупаючы па двары, Агееў чакаў Малаковіча, пасля выйшаў на мокрую сцежку ў гародзе. Ён узіраўся ў бок рова, але Малаковіча не было. Пачало ўжо змяркацца, з садкоў і гародаў пацягнула золкай вільгаццю, зрабілася халадней, і ён падумаў, што, мабыць, трэба ісці ў застаронак. Малаковіч ведае, дзе гэта, ён павінен знайсці. Толькі Агееў падумаў так, стоячы каля расчыненых дзвярэй хлява, як за домам, дзесьці ў баку местачковага цэнтра, раздаліся стрэлы - два вінтовачныя і некалькі разрозненых аўтаматных чэрг. Агееў знерухомеў, прыслухаўся, але стрэлы на тым і спыніліся, крыкаў быццам не было чутна, і ён занепакоена падумаў: ці не па Малаковічу гэта? Усё ж пачынаўся каменданцкі час, немцы і паліцыя лютавалі па вуліцах і дарогах, спыняючы кожнага, хто там паяўляўся. Увесь местачкавы люд імкнуўся ў гэтую пару быць дома і не вытыркаць носа з сваіх двароў. Але Малаковіч мог прыйсці да яго толькі ўначы, калі ніхто яго не мог пазнаць у мястэчку.
        Агееў пазіраў у абодва канцы двара, але часцей - на межавую сцяжыну паўз гарод, думаў, што Малаковіч паявіцца з рова. А той раптам выслізнуў з-за вугла хлеўчука і апынуўся перад Агеевым.
        - Добры дзень!
        - Ну, напалохаў!.. Там стрэлы, чуў? Гэта не па табе?
        - Я хаджу там, дзе стрэлаў не бывае, - пахваліўся Малаковіч, аднак цяжка дыхаючы ад хуткай хады. Яны прайшлі праз хлеў у застаронак, дзе ўжо было амаль цёмна. Агееў апусціўся на тапчан, Малаковіч, як і ў мінулы раз, прысеў на парозе.
        - Што-небудзь здарылася? - запытаўся ён ціха.
        - Нічога такога, - супакоіў яго Агееў. - Проста некаторыя пытанні.
        Мне ж забаронена сустракацца з вамі. Але тут хлопец сказаў...
        - Я ведаю. Але ў мяне не было выйсця. Я страціў сувязь з Кісляковым.
        - Гэта горш, - памаўчаўшы, сказаў Малаковіч. - Я таксама не маю з ім сувязі.
        - Можа, яго ўзялі?
        - Не, бытта. Калі б узялі, было б вядома. У паліцыі яго няма. Можа, якая накладка? Або эсдэ сцапала?
        - Можа, і накладка. У мяне вось гаспадыня прапала. Ужо два тыдні. Сказала: адлучуся дні на тры - і знікла.
        - Ну, цяпер усё можа быць. Дзе-небудзь напаролася. Схапілі. Або застрэлілі дзе-небудзь. Як ваша нага?
        - Нага больш-менш. Хаджу ўжо. А як плячо?
        - Ды што плячо? Зарасло як на сабаку.
        - Значыць, можна ўжо дзейнічаць, калі тут сядзець. Што-небудзь плануецца? - запытаў Агееў і сціх, увесь поўны ўвагі.
        Малаковіч прыслухаўся да цішыні ночы і адказаў на адразу.
        - Нешта задумалі. Днямі правернем. Толькі са ўзрыўчаткай кепска.
        - А якая трэба ўзрыўчатка?
        - Ды хоць якая. На харошы выбух.
        - На харошы выбух трэба харошы зарад. А як сувязь з лесам?
        - Цяжка з сувяззю. Усё пад наглядам. Усе дарогі, вуліцы. Ні праехаць, ні правезці.
        - Што чуваць на фронце?
        - Ерунда на фронце, - паныла сказаў Малаковіч. - Немцы пад Масквой.
        - Да-а, - расчаравана працягнуў Агееў, непрыемна ўражаны гэтай невясёлай навіной.
        - Але ўсё роўна хутка падавяцца. Ужо Маскву ім не аддадуць.
        - Ну, а мы што ж, тут і будзем сядзець? У гэтай нары? - з прыкрасцю запытаўся Агееў.
        - А што ж нам рабіць? Дагнаць фронт? Далекавата, напэўна?
        - Далекавата, канечне. Але ж мы вайскоўцы. Камандзіры ўсё ж. З дзеючай арміі.
        - Дзейнічаць і тут можна. А там відаць будзе.
        Можа, Малаковіч казаў і праўду, яны абавязаны былі дзейнічаць, вось толькі тыя дзеянні, што выпалі на долю Агеева, былі не надта яму па натуры. Нават супраць яго натуры. Ужо лепш які бой, адкрытая агнявая сутычка з ворагам, чым гэтая незразумелая гульня, спрэс няпэўнасць, маркотнае чаканне невядома чаго. Ён думаў цяпер, як сказаць Малаковічу пра паліцыю і Кавешку. Як зрабіць, каб выбрацца з мястэчка куды далей, можа, у лес, у партызанскі лагер, бо яму тут не месца. Але зноў жа, што карысці гаварыць аб тым Малаковічу, у якога таксама няма ні з кім сувязі. Толькі выклікаць падазрэнне ў апошняга, які пакуль што яму верыць.
        - Але куды ж прапаў Кіслякоў? - зноў сказаў ён у роздуме.
        - Кіслякоў знойдзецца. Можа, пайшоў у лес. А на яго месца другі прыйдзе.
        - Прыйшоў бы хутчэй.
        - А ў вас што - тэрміновыя справы? Ці паведамленні?
        - І тое, і другое... Панімаеш, тыдзень назад прывезлі мех абутку. Ну, пачыніў. І ніхто не забірае.
        - Забяруць. Спатрэбіцца - і забяруць, - супакоіў Малаковіч.
        - А можа, чакаюць, не давяраюць?
        - Ды ну? З якой прычыны?
        - Прычына ёсць. Начальнік паліцыі панадзіўся. Угаворвае на супрацоўніцтва.
        - У даносчыкі? - напружана выпаліў Малаковіч.
        - У даносчыкі. Раз ледзьве ў шталаг не адправіў. Нямецкі оберст загадаў адправіць, - сказаў Агееў і пачакаў, што на гэта скажа Малаковіч. Малаковіч, аднак, прыціх, і Агееў зразумеў адразу: дарма сказаў. Паўтарылася ранейшая гісторыя з Кісляковым - яго паведамленне толькі насцярожыла, нічога не праясніўшы, ускладніла і без таго іх няпростыя адносіны.
        - Да-а-а... Што ж, кепскія справы, - няпэўна сказаў Малаковіч. - А выкруціцца нельга?
        - Я, канечне, супрацоўнічаць з імі не стану, але зразумей і маё становішча: прама адмовіцца я не магу. Яны ж мяне адразу возьмуць, - хвалюючыся, сказаў Агееў.
        - Гэта канечне.
        - Таму мне тут болей нельга. Трэба ў лес.
        - Мабыць, так, - вяла пагадзіўся Малаковіч. Ён не пярэчыў і не спрачаўся, ён быццам разумеў Агеева, але па тым, як ён адразу абвяў у размове, Агееў зразумеў, што гэтая іх сустрэча не палепшыць яго становішча. Як бы не пагоршыла.
        - Пры выпадку ты там скажы каму... Каб перадалі Волкаву. Бо я тут - кругом на падазрэнні.
        - Але ж і там патрэбны... давер. З падазрэннем як жа ў атрад?
        - Гэта правільна, - памаўчаўшы, сказаў Агееў, устаў і зноў сеў на тапчан.
        Вось пра гэта ён не падумаў. Яму здавалася: толькі б вырвацца адсюль у лес, у партызанскі атрад, дзе вакол будуць свае, і ён вызваліцца ад гнятлівай няпэўнасці, ад зняважлівай падазронасці з боку сваіх жа. Але ж і там з падазрэнне немагчыма - такі ён там проста непатрэбны.
        Дык што ж яму рабіць?
        Што рабіць, не параіў і Малаковіч, які, мабыць, сам ведаў не больш за яго. Агееў разумеў тое і звяртаўся да яго толькі таму, што лейтэнант быў мясцовы, ведаў большую колькасць людзей і, думалася, - сувязь у яго павінна быць болей надзейная. Аказваецца, са знікненнем Кіслякова ў яго таксама шмат што абарвалася.
        Агееў праводзіў Малаковіча да канца гародаў, і яны стрымана развіталіся. Калі б ведалі абодва, што ім так нядоўга засталося быць на волі, што гэта ў іх апошняя магчымасць адкрыта і па шчырасці пагутарыць пра ўсё... Але - не ведалі. І лёгка рассталіся. Малаковіч, як здалося Агееву, - з палёгкай нават, і Агееў, пастаяўшы хвіліну, праводзіў яго невясёлам позіркам, пакуль той не схаваўся ў цемры. Застаўшыся адзін, ён пачаў думаць, чаму так заведзена ў людзей, што вось паявілася маленькае непаразуменне - і ўжо гатовы ўсумніцца, гатовы паверыць некалькім невыразным фактам і не верыць доўгім гадам сяброўства, знаёмства, сумеснай работы, нарэшце, выпрабаванням пагібеллю, якія яны нядаўна стрывалі. Але няўжо Малаковіч таксама ўсумніўся ў ягонай шчырасці, няўжо падумаў хоць на хвіліну, што ён двурушнічае і можа ім здрадзіць? Здрадзіць дзеля каго? Дзеля вось гэтых шакалаў, сабак, якія самі некалі здрадзілі самаму святому ў жыцці - радзіме і народу - дзеля ўратавання ўласнай шкуры? І ён пойдзе да іх служыць? Трэба было зусім не ведаць яго, старшага лейтэнанта Агеева, ці мець самому курыныя мазгі ў галаве, каб падумаць такое. Але ж, напэўна, падумалі. Мабыць, думаць так было болей звыкла? Ці прасцей? Ці, магчыма, болей практычна, дальнабачна? Але калі дальнабачней, як жа тады яго чалавечы лёс? Ці ў такіх абставінах адзін лёс нічога не варты? Дык колькі ж тады лёсаў могуць што-небудзь значыць? Сто? Тысяча? Дзесяць тысяч?
        Не, мабыць, калі нічога не варты адзін, дык мала чаго варта і дзесяць тасяч. Такі ўжо элементарны закон арыфметыкі. Арыфметыкі, але не вайны. У вайны свае, далёка не людскія законы, і яны будуць правіць людзьмі, пакуль будуць войны.
        Ну што ж, што будзе, тое будзе. Галоўнае - не мітусіцца, не вукручвацца, думаў Агееў, застацца чалавекам, якім ён быў дваццаць шэсць пражытых гадоў. Тыя чатыры гады, што ён праслужыў у арміі, ён імкнуўся быць спраўным камандзірам і, мабыць, такім быў. Па крайняй меры, у яго асабовай справе, якая некалі была ў страявой часці палка, значылася восем падзяк і ніводнага спагнання, хаця сутычкі з начальствам не былі для яго рэдкасцю, здараліся і заслужаныя ім наганяі. Але, апроч службовых адносін з начальствам, былі яшчэ рознага роду адносіны з роўнымі сабе, сярэднімі камандзірамі, сябрамі, былі, нарэшце, адносіны з падначаленымі сяржантамі і чырвонаармейцамі. І для Агеева, можа, даражэй за думку начальства была дзе-небудзь бегла прамоўленая фраза: «А ён быццам някепскі мужык, гэты наш начбой!» Да іншых водгукаў пра сябе ён не прывык за жыццё, і тое, што цяпер закручвалася вакол яго ў гэтым мястэчку, проста кідала яго ў роспач.
        Растрывожаны і апанураны, ён пайшоў на кухню і толькі ў цемры зашчапіў дзверы, як трапіў у абдымкі цёплых дзявочых рук. Марыя падвяла яго да стала і зашаптала, падсоўваючы крэсла:
        - Ну, зараз я цябе накармлю... Зараз, зараз...
        Перш чым ён што-небудзь паспеў зразумець, яна сунула яму ў рукі вялізную скібіну хлеба, ад якой апетытна запахла кменам, у другую - вялікую кварту з малаком.
        - Еш! Ну? Смачна?
        Сапраўды, гэта было надта смачна, здавалася, ніколі не еў ён такога смачнага хлеба і такога малака, ён знемагаў у асалодзе, моўчкі праглынуў усё, запіў рэштаю малака.
        - Ну, пад'еў? Хочаш яшчэ?
        Агееў больш не хацеў - ён ужо зразумеў, што яна выбягала кудысь, можа, да сястры ці суседзяў, і яму зрабілася страшна. Марыя была тут адзінаю яго ўцехай і, напэўна, адзінай апорай, на якую можна было спадзявацца. Небяспека страціць яе азвалася ў ім спалохам, якога ён не ведаў нават перад пагрозай уласнай пагібелі.
        - Дзякуй! - сказаў ён, цалуючы ў цемры мяккія яе далонькі. - Але я цябе папрашу: не хадзі болей нікуды! Не трэба! Як-небудзь. Пойдзем разам...
        - Куды? - з наіўнай паспешнасцю запытала яна, быццам гатовая зараз жа бегчы разам з ім.
        - Куды? Пойдзем куды-небудзь. Настане час - і пойдзем.
        - Настане час! Я веру, што настане часю павінен настаць. І скончыцца гэтая ноч. І ніхто не будзе нам пагражаць. Ой, як я хачу дажыць да таго часу... Мілы, Алежка мой!..
        Яна апусцілася долу каля яго калень, абедзьвюма рукамі абняла іх, і яны лашчыліся так, ледзьве стрымліваючыся, каб не плакаць. І ён моўчкі выціраў яе мокрыя шчокі, напружана думаючы, як уратаваць яе і сябе ад бязлітаснай калясніцы знішчэння. Можа быць, менавіта ў той вечар ён адчуў тое, што раней неяк не даходзіла да яго свядомасці - што ён кахае яе, - насуперак сваім намерам, насуперак вайне і нават здароваму сэнсу. Напэўна, яму трэба было сказаць ёй пра тое, але хіба і без слоў не было зразумела ўсё...
        
        Надвор'е рэзка павярнула на восень, зачасцілі нудныя слотныя дажджы, а калі яны пераставалі, асабліва ўранні, напаўзалі туманы, у якіх патаналі дамы, гароды, платы і дрэвы. Аднаго разу, устаўшы на світанні, Агееў не пазнаў двара - усё, што было перад варотамі, знікла ў стылай шэра-малочнай навалачы. Сядзіба сціхла, неяк дзіўна, затоена, вуліца нібы вымерла, змоўкла і ўсё мястэчка.
        Той ноччу Агееў з Марыяй заснулі толькі перад світаннем, усю ноч праседзеўшы ў застаронку ад незразумелай трывогі, якая падняла на ногі местачковыя ўлады і паліцыю. Пачалося ўсё са здзічэлага крыку дзесь на ўскраіне, у раёне могілак, пасля раздаліся стрэлы ў ваколіцы, і па іх Зялёнай вуліцы прабегла некалькі чалавек - усё туды ж, у бок могілак. Тупаценне іх ног глуха аддалося ў начы, але галасоў не было чуваць, быццам гэта прабег строй салдат ці паліцыі. Пасля на суседняй, болей наезджанай вуліцы застукалі фурманкі, там жа пачуліся галасы, нават крыкі, а недзе ля цэнтра і царквы прагырчэлі цяжкія машыны, і святло ад іх фар жоўтымі плямамі мільганула ў тумане над дахамі местачковых хат. Сцяўшы дыханне, Агееў слухаў, спрабуючы зразумець, што адбываецца ў мястэчку, але зразумець было не так лёгка. Марыя, прыпаўшы да яго і абхапіўшы ягоныя плечы рукамі, дробна дрыжала, нібы ў гарачцы, ён хутаў яе ў кажушок і думаў, як бы не давялося ратаваць яе ў гэтую трывожную ноч. Ніжнюю адарваную дошку ў сцяне застаронка ён паказаў ёй даўно, дзяўчына магла пралезці ў гарод, але што далей? Куды ратавацца з гарода, яны так і не вырашылі.
        Яны не вырашылі шмат чаго ды так і занулі пад ранак у пяшчотных абдымках, калі гэтая малазразумелая трывога неяк сама па сабе ўляглася і ўсё навокал паступова заціхла.
        У волглым застойным тумане ўсё на падворку было настылае, золкае і няўтульнае. На змакрэлым голлі віселі празрыстыя кроплі, сцякалі па мокрых камлях дрэў; туман ціха ахутваў рыжае лісце клёна і, чапляючыся ў суках, ціха клубіўся там, марудна спаўзаючы на чорны, набрынялы вільгаццю дах хаты. Агееў схамянуўся ад сцюжы і перш за ўсё падышоў да дзвярэй на кухню - клямка звечара некранутай ляжала на прабоі, значыць, Бараноўскай усё не было. Ён перастаў ужо лічыць дні і тыдні, што мінулі пасля яе ад'езду; мабыць, сапраўды ягоная гаспадыня прапала назаўжды і без знаку. Яны з Марыяй ужо з'елі паўагарода бульбы, падабралі, што можна было падабраць з ежы ў кладоўцы, але з маёмасці нічога не чапалі, абыходзіліся пакуль кажушком ды стракатаю ватнай коўдрай, што была на гарышчы. Кожны раз, прачынаючыся ў застаронку, Агееў чакаў, што хто-небудзь з'явіцца ў двары і скажа: «Ад Волкава». Але ішлі дні, а ніхто не прыходзіў, мех з адрамантаваным абуткам па-ранейшаму ляжаў пад сенам. Не паявіўся і Кіслякоў. Агееў адчуваў сябе абсалютна закінутым і забытым, і адзінаю ягонай уцехай была Марыя.
        Ён не мог даўмецца чаму, але Марыя ўжо ўладарна і без рэшты захапіла яго пачуцці, запоўніла сабой ягоную істоту - яго памяць, увагу, думкі - і, здаецца, ужо стала яго каханнем. Не перастаючы, ён думаў пра яе і пра іхні няўдалы лёс. Наяве ці ў марах яна штодзень была з ім, і ён заўжды бачыў перад сабой яе мілае аблічча, слухаў яе асаблівую, парывістую манеру гаварыць, гатовы быў глядзець і глядзець, як яна ў размове адкідвае з ілба светлую пасмачку валасоў ці, трошкі схіліўшы галаву, прычэсваецца маленькім празрыстым грабеньчыкам, які заўжды блішчэў у яе на патыліцы. Яе тонкія трапяткія рукі былі ўвасабленнем клопату і руху, калі яна гаварыла пра што і нават калі маўчала, папраўляючы кароткі сарафанік на каленях, ці парывіста абдымала яго за плечы, прыціскаючы маленькія далонькі да яго лапатак, ці лахмаціла яго валасы. Асаблівае задавальненне для яе рабіла барада, якую ён разы два падстрыгаў нажніцамі, але пагаліць якую ў яго не было чым. Марыя лахмаціла яе рукамі, цалавала і цёрлася шчокамі, гарэзліва прыгаворваючы: «Якая ў цябе барада! Якая калючая! А ты адпусці яе, як у дзеда, во здорава будзе!»
        - Што - да твару?
        - Пытаешся! І кашуля гэтая дужа табе да твару. Вышытая! Ну, проста былінны герой! Ілья Мурамец!..
        - Які Мурамец! Можа Салавей-разбойнік...
        - Не, не... Ты такі... Праўда! Адразу відаць - камандзір.
        - Во гэта і кепска, што адразу відаць.
        - Ну і нічога, ну і нічога... Ну і добра! - горача пераконвала яна, цалуючы яго ў бараду, у шчокі, у вусны...
        У такія хвіліны ён чуўся расслабленым, размораным, але амаль шчаслівым, калі б тролькі не яго турботныя думкі, якія не пакідалі яго ні на імгненне, і ён усё думаў і думаў бясконца - лежачы з ёю пад кажушком, седзячы побач на коўдры, калі яна спала, на адзіноце ў двары, слухаючы гукі з вуліцы, імкнучыся заўважыць сярод іх тыя, што былі яму так патрэбны. Гаротная думка тачыла ягоную душу ўдзень і ўначы - дабром гэта не скончыцца! Не можа гэта скончыцца дабра ў такі бязлітасны час, на краі прадоння, за два крокі ад паліцыі, немцаў, СД. Будзе бяда! Але ён нічога не мог зрабіць з сабой і сваім непаслухмяным пачуццём, нібы ведаючы, што іншага часу для іх не будзе - што такое не паўторыцца болей. Сапраўды, цудоўнае не доўжыцца і не здараецца часта, яно - шчаслівая рэдкасць, што выпадае чалавеку як узнагарода. Вось іх узнагародзіў лёс - добры жартаўнік ці крывадушны д'ябал, як бы ён хутка не паздзекаваўся з іх.
        Яны стараліся не марыць пра будучае, не меркаваць нават, што чакае іх заўтра, а то і сёння, увечары, ноччу. Яны жылі кожным імгненнем зараз, бо толькі гэтае імгненне належала ім. Заўтра магло для іх не наступіць ніколі, учора было даўно і таксама належала не ім, хаця яны і ўспаміналі пра яго. Абуткам Агееў больш не займаўся, мястэчка, падобна, ігнаравала яго няпэўнае шавецкае майстэрства, і ён, некалькі разоў нядоўга пастаяўшы ў альтанцы, болей там не паказваўся. Харчаваліся бульбай. Апошнім часам налаўчыліся пячы яе ў прыску - печаная бульба здавалася смачнейшай, а галоўнае, была больш сытная, чым звараная. Неяк Марыя напарыла буракоў з градкі, і яны елі іх два дні - спярша гарачыя, а пасля астылыя. Удзень звычайна сядзелі на гарышчы пад дахавым акенцам, даючы волю неспатольным абдымкам і пацалункам. Размаўлялі шэптам ці напаўголасу. Зрэшты, ён болей маўчаў, Марыя ж здольная была шчабятаць, не перастаючы, і ён зрэдзьчасу перапыняў яе: «Ціха!» Рана ў Агеева амаль загаілася, толькі з ніжняга канца разрэзу сачылася брудная сукровіца, павязка трохі макрэла. Ён даўно ўжо ўпэўнена ступаў на левую нагу, хаця, калі спяшаўся, трохі кульгаў, што было прыкметна, і ён стараўся ісці цішэй; часам браў кій.
        У той дзень, як заўжды ранкам, яны перабеглі з застаронка на гарышча, паелі ўчарашняй бульбы. Можа, з прычыны бяссоннай ночы Марыя была менш разгаворлівая, чым заўжды, бульбу амаль не ела, болей падкладвала яму і часта ўздыхала. Яны сядзелі на разасланай пад дахавым акном коўдры, ражком якой яна прыкрывала азяблыя ногі, і раптам запыталася ў яго без усялякай сувязі з тым, пра што яны размаўлялі:
        - Алежка, а мы загінем?
        Ён здзіўлена зірнуў на яе, у яе вялікія вочы, у якіх застылі боль і надзея.
        - Чаго ты? Чаму ты так?
        - Я хачу ведаць, што нас чакае.
        - Што нас чакае - хто ж табе скажа? Я хіба ведаю? Але мы будзем жыць. Інакш і быць не можа.
        - А немцы?
        - Што немцы?
        - Немцы нас перамогуць?
        Во дзівачка, падумаў ён, пра што яна непакоіцца! Зрэшты, хіба не тым самым быў занепакоены і ён? Але ён нават на хвіліну не мог дазволіць сабе пагадзіцца, што іхняе існаванне безнадзейнае, што перамога будзе за Гітлерам. Ён адганяў ад сябе гэтыя чорныя думкі - незалежна ад таго, як яно будзе далей, ён павінен быў верыць у нашу перамогу. Канечне, абое яны могуць не дажыць да перамогі, але гэта ўжо другое пытанне, і на яго павінен быць інакшы адказ.
        - Вось што, Марыя, - сказаў ён рашуча. - Ніколі немцы нас не перамогуць...
        - Чаму?
        - Хоць бы таму, што... Што Расію ніхто і ніколі не перамагаў. Гэта немагчыма.
        - А ты ўпэўнены?
        - Абсалютна.
        - Ну, дзякуй, - сказала яна, падумаўшы, і адхінулася на локаць. - А то... Ты ведаеш... Здаецца, я зацяжарала.
        - Во як!
        Не ведаючы яшчэ, узрадавацца яму ці апанурыцца, ён абняў яе за плечы, прыцягнуў да сябе, ціхенька пагладзіў яе па валасах. Пачуццё яго не было гатовае да такога павароту справы, але цвярозы, заўжды напружаны розум ужо вынес свой хуткі прысуд, які быў падобны на трудны і сумны ўздых - ох, не на добрае гэта. Яно і сапраўды не на добрае, але што ў гэтае лета і восень было на добрае? Усё на бяду, на пагібель у горы і роспачы...
        - Ладна, - сказала яна, далікатна вызваляючыся з ягоных абдымкаў. - Ты толькі не перажывай. Калі што - я сама вінаватая. Лепш раскажы пра сябе.
        - Што расказаць?
        - Ну, як ты жыў. Раскажы пра сваю маму. Дзе яна? Жывая?
        - Была жывая. І бацька таксама жывы быў. Але што расказваць - калгаснікі.
        - А як ты камандзірам стаў? Напэўна, вучылішча скончыў?
        - Вучылішча, вядома. Але гэта проста. У мяне, бачыш, дзядзька вайскоўцам быў. Зрэдзьчасу прыязджаў у вёску. Во я нагледзеўся на яго і падаўся ў вучылішча. Вайсковая служба цяжкая, але падабалася. Ды што там... Лепш ты раскажы пра сябе. Ты ў Мінску і нарадзілася?
        - У Мінску. Панімаеш, я расла паміж бацькам і маці - можаш сабе ўявіць такое? Справа ў тым... Справа ў тым, што болей нясхожых людзей, чым мае бацькі, цяжка сабе і ўявіць. Бацька паходжаннем з сялян, некалі скончыў настаўніцкую семінарыю, доўга настаўнічаў, пасля перайшоў у Інбелкульт - быў такі ў Мінску. Бацька заўжды жыў у народнай стыхіі - фальклоры, гісторыі Беларусі. Заўжды даследаванні, летапісы, старая літаратура, пасля пайшлі экспедыцыі. Размаўляў дома ці там на вуліцы, у трамваі, у магазіне толькі па-беларуску. Некаторыя на яго азіраліся, у горадзе ж яно не прынята, каб так, па-вясковаму. А ён прынцыпова. А вось мама мая, хоць таксама паходзіла з вёскі, але пажыла ў горадзе, і так, ведаеш, палюбілася ёй усё гарадское, што ўсё ранейшае, вясковае, зненавідзела. Яна таксама прынцыпова не магла прыняць нічагусенькі, што хоць бы трохі нагадвала вёску. Не прызнавала ні песняў, ні казак, ніякага фальклору, не любіла мужыкоў, вясковай гразі ў разводдзе, нават вясковай жывёлы. Ну, а ўжо як яна здзеквалася з мовы, з гутаркі па-белпруску, тут у яе проста талент быў сатырычны. У бацькі было шмат знаёмых - вяскоўцаў - ну, там як ездзілі ў экспедыцыі, дык ён усім даваў наш мінскі адрас, і вось калі зімой пад'язджаюць сані, прыходзіць мужык ці двое адразу - у кажухах, лапцях, ды яшчэ мокрыя, у снезе. Бацька іх распранае, вядзе ў кабінет, у лапцях, вядома, там доўгая размова, ну, і чарку калі возьмуць. Але мама туды ні нагой - бацька сам іх частуе. Малую маці мяне яшчэ пускала туды паглядзець-паслухаць, а як падрасла, забараніла і заходзіць. Але, мабыць, позна. У мяне такая цікавасць з'явілася, што я гэтых дзядзькоў дагэтуль усіх памятаю. Ну, і неяк пасля шостага класа паехала з бацькам у экспедыцыю. Помню, на Палессе, да камунараў. Мама сабралася ў Сочы, мяне з сабой брала, а я ўпёрлася: хачу на Палессе. Столькі аб ім чула з размоў, ад бацькі. Скандал быў, плакала, але дабілася свайго - паехала з бацькам. А мама пакаціла на мора з сяброўкай, жонкай аднаго адказнага работніка з ЦВК.
        - А як вы там жылі, у экспедыцыі?
        - О, там быў рай! Дзе-небудзь у лясной вёсачцы, кватэра ў якой-небудзь цёткі Лушы або цёткі Альбіны, а ў той карова з цялушкай, конь, сабака, авечак з ягняткамі штук восем, парасяты, піскаляты. Страх як цікава было! Пасябрую, бывала, з рабятамі, на начлег ездзім, коней пасвім. У рэчцы купаемся, ракаў ловім, ну, і рыбу, вядома. А кветак колькі ў полі, на лузе. А лес! Якія лясы там - ягад, грыбоў процьма. Не, я і цяпер не магу спакойна прыпамінаць усё тое. Я ж і сюды во да стрыечнай сястры прыехала - па ягады хадзіць. Так ягады люблю збіраць... І вось пазбірала...
        Марыя змоўкла і трошкі ўсхліпнула - ціхенька і адзін толькі раз. Агееў далікатна правёў рукой па яе плячы, яна праглынула слёзы і хутка супакоілася, усміхнулася яму з ціхай самотнай радасцю.
        - Ну ўсё, нічога... І вось, разумееш, апроч таго, бацька мяне далучыў да сваёй стыхіі - збору народнай мудрасці, розных там фразеалагізмаў, прымавак. І песень. Жніўныя, калядныя, вясельныя, абрадавыя і яшчэ бог ведае якія. Ён ведаў. Ну, і я старалася, нават некалькі песень сама запісала ад цётак і бабак на Любаншчыне. Вось, напрыклад, паслухай:
        Мая матуля забедавала:
        Дзе мая дочка заначавала?
        Заначавала ў цёмным бору
        Пад каліною,
        Пад каліною,
        Белыя ручкі пад галавою.
        
        
        Праспявала яна ціхенька, амаль шэптам, гаротна і меладычна.
        - І яшчэ памятаю... Хочаш паслухаць?
        - Не, ведаеш, усё ж чутна, мабыць. А наогул добра ты гэта - па-беларуску.
        - Ага, за лета так прывыкну да беларускай мовы, што, калі вярнуся ў Мінск, доўга яшчэ не магу перайсці на рускую. Мама здзіўляецца, нават сварыцца на мяне і бацьку. А я тады знарок. Мне - пажалуста, а я - калі ласка. Мне - да свідання, а я - да пабачэння. Мне - плацце, а я - сукенка. А што? Хіба горш? Такая ж славянская мова, як руская ці ўкраінская, - не лепшая і не горшая - раўназначная.
        - Гэта ты малайчына, - сказаў Агееў. - А мне, ведаеш, дзеравенцу, у арміі давялося... памучыцца. Пакуль адвык ад сваёй, рускай авалодаў. І пасля яшчэ дражнілі «трапка, братка».
        - Ну, у арміі, там, можа, і трэба, каб усё па-руску. А ў Мінску чаго мне саромецца? У сваёй рэспубліцы. Але ў горадзе таго не разумеюць, затое ў вёсцы было раздолле. Так любіла, як бабы спяваюць. Во як увечары з поля ідуць - чутно і тут, і там, за гарою і пад лесам, песні працяжныя такія, прыгожыя, ды так слаўненька цягнуць на два галасы.
        Агееў слухаў і трохі здзіўляўся ў душы - усё тое было для яго новым і нязвыклым нават. Васемнаццаць гадоў свайго жыцця ён правёў у вёсцы ў той самай стыхіі, пра якую з такім захапленнем апавядала Марыя, але ў яго не было і ў думках захапляцца тагачасным жыццём, ён проста яго не заўважаў, як не заўважаюць паветра, якім дыхаюць. Ну, спявалі, ну, размаўлялі па-беларуску, ці, як казалі ў іх, па-тутэйшаму; але хіба ў тым была якая культура? Культура здавалася тады ў горадзе, дзе тэатры, кіно, дзе спяваюць расфранчаныя актрысы і розныя вучоныя людзі размаўляюць чыста па-гарадскому, а то і на замежных мовах. У арміі ж яму каштавала клопату пазбыцца звыклага акцэнту ў вымаўленні, якое адразу выдавала ў ім беларуса і часам рабілася прадметам насмешак сяброў. А яна - глядзі ты! Гараджанка, а з такой цікавасцю і нават захапленнем да ўсяго, такога для яго звычайнага, вясковага.
        Ласкава абняўшы Марыю, Агееў слухаў яе ціхенькі, журботны голас, пранікаючыся яе настальгічным пачуццём да нядаўна перажытага, а ў свядомасці яго гучалі яе словы, сказаныя без усялякай сувязі з успамінамі. Гэта ж трэба, дажыў да чаго, думаў Агееў, ён будзе бацькам - аднак выбраў жа час! А як ёй у такі час стаць маці? Гэта чорт ведае што, як яно ўсё ўскладняла, заблытвала, пагражала новымі бедамі. Але што рабіць? Калі так, дык, напэўна, нічога ўжо не зробіш, застаецца адно - чакаць.
        Чаго дачакаешся толькі?
        Ён і так чакаў увесь час у мястэчку, чакаў рознага. Спярша - калі загоіцца рана, калі вернецца яго Бараноўская, чакаў прыходу Кіслякова ці каго-небудзь ад Волкава, са страхам і непрыязню чакаў паяўлення Кавешкі або Драздзенкі, налёту паліцыі, выкрыцця, арышту. Увесь яго час тут мінуў у трывожным чаканні - лепшага або горшага. Але ўсё ў гэтай сядзібе нібы стаілася, сціхла, ішоў час, а ў ягоным становішчы нішто не мянялася. Можа, накоплівалася, ці што? А пасля як бы не выбухнула бядой, няшчасцем - цяпер ужо для дваіх, вось што горш за ўсё. Зрэшты, мабыць, ужо і для траіх...
        Калі Марыя ненадоўга сціхла, прыслухоўваючыся да невыразных гукаў унізе, ён падхапіўся і ўстаў.
        - Ты пасядзі. Я спушчуся, зірну.
        Трэба было паглядзець, хоць бы дзеля перастрахоўкі, для ўпэўненасці, што ў двары ўсё ціха і няма ніякіх падстаў для трывогі, а таксама ў выпадку, калі да яго хто прыйшоў ад патрэбных людзей. Па крутой драбіне ён спусціўся ў цёмную кладоўку, выйшаў на кухню. Пасярод стала прыкрыты чыстай анучкай бялеў састаўлены Марыяй посуд - талерка, лыжка і кубак, строга на аднаго чалавека, нішто тут не павінна было навесці на думку, што ў доме яшчэ хто-небудзь жыве, за гэтым ён сачыў строга. Можа, усё было занадта старанна прыбрана, ён бы так прыбіраць не стаў, але гэта ўжо Марыя. Трохі кульгаючы, Агееў выйшаў на двор, пашукаў позіркам Гультая, ды ката паблізу нідзе не было, напэўна, згаладнеўшы дома, пайшоў кудысьці на промысел. Туман патроху радзеў, сплываў за гароды, у роў, росным дываном асядаючы на дробнай траве, брукаваным доле, на гонтавым даху дома і саламяных стрэхах хлявоў. Усё навокал набрыняла гэтым туманам, яго стылай вільгаццю; было сцюдзёна, і, можа, упершыню Агееў адчуў подых блізкае восені, хуткае сцюжы і непагадзі.
        Ён хацеў ужо быў вярнуцца на гарышча, як рашыў для пэўнасці зазірнуць з падворка на вуліцу, адтуль звычайна насоўвалася небяспека. І, зірнуўшы з-за вугла, мімаволі адхіснуўся - з веснічак другога ці трэцяга адсюль дома выходзіла група мужчын - тры чалавекі, іх, відаць, праводзіў гаспадар, барадаты чалавек у картузе; пярэдні, адвярнуўшыся, нешта строга выгаворваў яму, і ў гэтым пярэднім Агееў лёгка пазнаў начальніка паліцыі Драздзенку. Затаіўшыся за вуглом, ён пачакаў, услухоўваючыся і стараючыся вызначыць, куды павернуць паліцаі - па вуліцы ў мястэчка ці... Але, канечне, тры паліцэйскія хуткім крокам паўз агароджу скіравалі да сядзібы Бараноўскай, і Агееў, вылаяўшыся ў думках, выйшаў на сярэдзіну падворка.
        - Здарова, сапожнік! - бадзёра і нібы нават па-свойску павітаўся Драздзенка, павяртаючы ў двор. - Ну, аброс, як дзед. Брытвы няма, ці што?
        - Ды так, ведаеце... Лень галіцца, - прабурчэў Агееў.
        Начальнік паліцыі быў усё ў тым жа танкісцкім фрэнчы, падперазаным шырокім камандзірскім рамянём з латуннай, без зоркі, спражкай, у шызай нямецкай пілотцы. У руках у яго замест заўсёднага дубчыка была прыгожая, аздобленая разьбой палачка, якой ён лёганька памахваў у паветры.
        - Бараноўская прыбыла?
        Спыніўшыся насупраць Агеева, ён настырчыў у яго выпрабавальны позірк, і Агееў заклапочана выдыхнуў.
        - Не, не прыбыла. Не ведаю, што і думаць.
        - Ах, сцерва! - з горыччу вылаяўся начальнік паліцыі. - Дрэнь гульню з намі зацеяла. Але дагуляецца пападдзя! Ужо я ёй прыпомню!.. Як нага? - раптам без усялякага пераходу запытаўся ён і зноў застыў, поўны ўвагі.
        - Гоіцца, - не адразу сказаў Агееў. - Але марудна. Лякарства, ведаеце, ніякага. Нават перавязаць няма чым.
        - Не прыбядняйся! Вунь без палкі бегаеш, у арміі даўно б на перадавую выпхнулі. Ану, зойдзем у хату, - раптам прапанаваў Драздзенка і рвануў дзверы на кухню. - Вы пастойце! - азірнуўся ён на двух паліцаяў з белымі павязкамі на рукавах, і тыя знялі з плячэй вінтоўкі.
        Імкнучыся трымаць сябе як мага спакайней, Агееў прайшоў за ім на кухню, трохі з празмернай гасціннасцю саўгануў крэсла каля стала - каб хутчэй пасадзіць і адцягнуць яго позірк ад дзвярэй у кладоўку. Аднак, перш чым сесці, Драздзенка бегла азірнуў пліту, посуд на стале, паглядзеў у акно.
        - Курыш, не?
        - Не, не куру.
        - А я куру. Раней курыў «Беламор», а цяпер вось гэтую дрэнь, - сказаў ён, сядаючы на крэсла і дастаючы партсігар і нямецкімі цыгарэткамі. - «Беламору» няма.
        - Гэта дрэнна, - чужым голасам фальшыва паспачуваў Агееў. Драздзенка грэбліва хмыкнуў.
        - Калі б толькі гэта і было дрэнна! А то ўсё дрэнь! Беспарадкі, грабяжы! А на чыгунцы што робіцца!
        - А што робіцца? - прастадушна пацікавіўся Агееў.
        - Рухомы састаў ірвуць! Немцы ўжо трох начальнікаў станцыі расстралялі - не памагае. Думаеш, на тым яны абмяжуюцца? Яны нічым не абмяжуюцца, пакуль будуць дыверсіі. І ні перад чым не спыняцца. Сёння расстралялі сто, заўтра расстраляюць дзвесце. Пакуль не спыняцца безабразія. А не спыняюцца. Тым, мабыць, сваіх не шкада. Нікога не шкада...
        «Во як! - падумаў Агееў. - Аказваецца, вінаваты тыя. Не немцы, якія расстрэльваюць, а тыя, што недзе далёка адсюль».
        - А куды глядзіць паліцыя?
        - Драздзенка рэзка крутнуўся - усім сваім мажным целам на слабенькім хісткім крэсле.
        - Паліцыя разрываецца! Але паліцыі мала. Мы не можам усё ўпільнаваць. Нам патрэбны памочнікі, людзі з мястэчка, са станцыі, з вёсак. Але тыя запалоханы бальшавікамі і не хочуць дапамагаць. І каму ад таго горш? Насельніцтву перш за ўсё. Ну, насыплюць пяску ў буксы, развінцяць рэйкавы стык - хіба гэта ўшчэрб для Германіі? Ды ў іх гэтых вагонаў з усёй Эўропы. А вось той вёсцы, дзе крушэнне, капец! Спаляць і пастраляюць. Учці - нявінных людзей. І ніхто іх не абароніць. У мяне на ўсё сілы не хопіць.
        Агееў маўчаў. Такі паварот у размове быў для яго нечаканым. Ён лічыў паліцыю карным органам акупантаў, а яна, як кажа гэты начальнік, гатова абараняць нявінных людзей, берагчы іх ад дыверсій і непазбежных затым рэпрэсій.
        Скрыпнуўшы крэслам, Драздзенка ўскочыў, з цыгарэтай у зубах жвава падбег да акна, паглядзеў на двор, відаць, шукаючы позіркам сваіх паліцаяў. Але паліцаі стаялі каля дзвярэй, і начальнік вярнуўся да стала, грузна абапёрся на яго рукамі.
        - Слухай, уступай у паліцыю, хопіць табе сачкаваць. У такі час трэба не толькі пра сябе думаць. Падумай пра людзей. Трэба наводзіць парадак, а то немцы ўсіх панішчаць. Вунь як яўрэяў. Але яўрэі - чорт з імі, а сваіх шкада. Хто за іх заступіцца? Чырвоная Армія кінула - жывіце, як хочаце. Адзіная свая сіла - паліцыя. Але паліцыі патрэбны парадак. Пры ўмове парадку паліцыя яшчэ што-колечы можа. Для сваіх, вядома. Дык як? Згодны?
        Агееў на момант збянтэжыўся. Ён не быў гатовы да такой размовы і толькі прамармытаў разгублена:
        - Нага, ведаеце... Баліць яшчэ.
        - Нагу далечыш у нас. У нас і доктар ёсць. Лякарствы таксама. Пакажаш сябе - папрашу немцаў, зробяць намеснікам. Мне намеснік патрэбны, талковы мужык. А то вунь гэтыя, - кіўнуў ён на акно, - як калуны. Тупыя і лянівыя. А ты ўсё ж сярэдні камандзір.
        - Ды ўжо які там камандзір, - сціпла заўважыў Агееў. - Цяпер акружэнец.
        Драздзенка моўчкі з хвіліну ўзіраўся ў ягоны твар, нібы хацеў штосьці ўбачыць на ім.
        - Ты мне глядзі! Я цябе магу і сілай. У парадку мабілізацыі. Але мне сілай не трэба. Ты ж не дзеўка. Мне каб дабраахвотна. Каб работа была. А ты ж мужык дзелавы. І з галавой. Ты павінен разумець, што можна спазніцца. Вайна ж канчаецца...
        - Няўжо канчаецца? - холадна перапытаў Агееў.
        - Усё! Асталося нямнога, немцы акружаюць Маскву, хутка прыдушаць. Глядзі, спознішся.
        - А я нікуды і не спяшаюся.
        - І дарма. Як бы не давялося трымаць адказ перад немцамі пасля перамогі: чым займаўся? Калі што - па галаве яны не пагладзяць. Яны наогул па галаве не гладзяць. Строгая нацыя!
        - Гэта я ведаю.
        - Во і добра, што ведаеш. Дык падумай. Болей я гаварыць не буду. Сам прыйдзеш. Паняў?
        - Што не паняць, - сказаў Агееў.
        Драздзенка рэзка адхіснуўся ад стала, кінуў пад ногі недакурак і павярнуўся да Агеева ўсім тулавам.
        - Ну во! А цяпер твая галоўная задача - Бараноўская. Як толькі паявіцца, стукні. Зараз жа. Удзень ці ўначы. Упусціш - пяняй на сябе. Ёю СД цікавіцца. Тут ужо я цябе не прыкрыю.
        - І чым яна так зацікавіла СД? - не стрываў Агееў.
        - А гэтага не ведаю. Чымсьці насаліла, значыць. Паліцыя тут ні пры чым.
        - Што ж, панятна, - сказаў Агееў, падумаўшы, што таго ўжо ад яго не дачакаюцца. Але як бы не празяваць, папярэдзіць гаспадыню адразу, як толькі тая вернецца дадому.
        Як і мінулыя разы, Драздзенка, не развітаўшыся і раптам спыніўшы размову, сігануў да дзвярэй і выскачыў на двор. Агееў з палёгкай праводзіў яго да вуліцы, і трое паліцаяў, не азіраючыся, пакрочылі ў мястэчка. Трохі пастаяўшы ля дзвярэй і пераканаўшыся, што небяспека мінулася, Агееў пайшоў у кладоўку. Марыя чакала яго на гарышчы, забіўшыся за куфар з кніжкамі, і, як толькі ён ускарабкаўся па драбіне, падхапілася насустрач. Ён расчулена абняў дзяўчыну за плечы.
        - Ну што ты! Не бойся. Я ж цябе не пакіну...
        - Я ўсё чула, - сказала яна, дрыготка скаланаючыся ў ягоных абдымках, і запыталася: - У цябе зброя ёсць?
        - Зброя? Якая зброя?
        - Ну рэвальвер, ці вінтоўка, ці яшчэ што-небудзь...
        - Нашто табе?
        - Ты не знаеш нашто? - яна зірнула на яго з дакорам, вачмі, поўнымі слёз.
        - Не, не, - сказаў ён таропка. - Да гэтага не дойдзе. Думаю, што не дойдзе. Нам галоўнае - каб перабіцца... А там...
        - А што там?
        - А там... Перамога будзе за намі! - сказаў ён, натужна ўсміхаючыся.
        - Ой, баюся, не будзе, Алежка! Баюся, не будзе за намі. За кімсьці, можа, і будзе, але не за намі. Як бы нам хутка не прыйшлося легчы ў сырую зямельку...
        - Ну што ты! Ну што ты!.. Нашто так страшна? Ты супакойся... Яшчэ ж нічога не здарылася.
        Па мяккай засыпцы гарышча ён прывёў яе да ўлежанай пасцелі, пасадзіў на ватную коўдру. Сам апусціўся побач і абняў яе дрыготкія худыя плечы.
        - Ну, нічога, нічога. Пакуль што мы жывыя і разам - гэта галоўнае. Яшчэ мы пазмагаемся з імі. Яшчэ паваюем...
        Марыя, моўчкі і ціхенька хліпаючы, патроху спакайнела, паддаючыся яго ласкавым абдымкам, усё цясней прыпадаючы да яго, нібы аддаючы яму свой боль і набіраючыся ягонай рашучасці. І ён сабраў у сабе ўсю рэшту тае рашучасці, слабой упэўненасці ў шчаслівым зыходзе іх задоўжаных выпрабаванняў, каб толькі пабольшыць яе сілы. Сам ён гатовы быў да ўсяго. Але з ёю ўсё рабілася болей складаным, заблытаным, і ён яўна адчуваў, што павінен патроіць свае сілы і сваю вытрымку.
        
        Выдаўся слотны, сцюдзёны дзень, зранку церусіў дробны дожджык - нудна шапацеў па набрынялым вільгаццю даху. Марыя драмала - ціхенька ляжала пад кажушком на гарышчы. Агееў сядзеў побач на ражку коўдры і пры святле з дахавага акна гартаў зжаўцелыя старонкі «Нивы», кіпу якой прынёс з куфра. У кожным нумары гэтага густа ілюстраванага часопіса была вайна - даўняя вайна 1916 года, фатаграфіі яе ахвяр і яе герояў, генералаў і царскіх саноўнікаў, апавяданні пра вайну, вершы, агляды ваенных падзей, падрабязныя малюнкі акадэміка Самокіша - коні, казакі з пікамі, кавалерыйскія атакі на разгубленых, у паніцы немцаў, што шалёна ўцякалі, губляючы дзіўныя вастраверхія каскі. Агееў, аднак, шукаў іншае - шукаў што-небудзь пра здраднікаў, пра тагачасных прадажнікаў тыпу цяперашніх паліцаяў, перабежчыкаў, такіх, як Драздзенка. Тады ж таксама ў гэтах самых мясцінах праходзіла лінія фронту, ішлі баі, палавіна Беларусі была пад немцамі - мабыць жа, былі і тады нямецкія прыслужнікі, пра якіх напісала б ці хоць бы памянула «Нива». Але «Нива» пра тое маўчала, нібы іх не было зусім.
        А можа, і сапраўды не было?
        Але чаму тады іх развялося столькі ў гэтую вайну, чыя ў тым віна ці якая ў тым прычына? У саміх гэтых людзях ці, можа, у немцах-фашыстах з іх лютай палітыкай татальнага запалохвання ці татальнага знішчэння? Ці таго і другога разам?
        Пачало змяркацца. Агееў усё ніжэй схіляўся над старонкамі часопіса, ледзьве чытаючы шрыфт тэксту і асабліва дробныя радкі подпісаў, калі яго слых злавіў ціхі, перарывісты стук унізе, які змусіў яго трывожна напяцца. Побач трывожна падхапілася Марыя, спалохана акругліла вочы. Стук выразна паўтарыўся ў цішы пустой хаты, і ўжо не было сумнення, што стукалі ў акно на кухні. Марыя, як заўжды, нячутна шмыганула ў цёмны паддошак за куфрам, а ён таропка спусціўся ў кладоўку, старанна прычыніў за сабой дзверы. За светлаватымі шыбінамі кухоннага акна цямнелася нейчая постаць. Агееў угледзеўся - не, то была не Бараноўская і не хто-небудзь знаёмы. Тады ён ступіў да дзвярэй і выняў з прабоя крук.
        Па той бок парога зважліва стаяў немалады ўжо чалавек з густым шчаціннем на шчоках, у мокрым картузе і мокрым, у плямах брызентавым плашчы, з якога сцякалі долу кроплі дажджу. У апушчанай руцэ чалавек трымаў да палавіны накладзеную чымсьці торбу.
        - Вам каго? - цераз парог запытаўся Агееў.
        - Я ад Волкава, - ціха сказаў мужчына і змоўк, чакаючы адказу.
        Унутры ў Агеева штосьці радасна страпянулася, ён шырэй адчыніў дзверы і ўпусціў чалавека на кухню.
        - Я так чакаў вас... Праходзьце... Можа, распранецеся.
        - Не, - змораным голасам сказаў чалавек. - Няма калі. Тут вось вам... мыла. Перадаць на станцыю сказалі. Ведаеце - каму?
        - Да? На станцыю? Мыла?..
        Агееў памкнуўся сцяміць усё адразу, каб выразна зразумець сваю задачу, але, мабыць, чагосьці зразумець не мог. Можна было здагадацца, што перадаць трэба Малаковічу, але - мыла?.. Нашто таму мыла?
        - Ну, я пайду, - тым часам сказаў чалавек, тупаючы ля парога ў шархоткім плашчы. - Чакаюць мяне.
        - Што ж, дзякуй, - амаль расчулена сказаў Агееў, поўнячыся сваёй тайнай радасцю, што вось нарэшце ўспомнілі, даверылі, значыць, прэч падазронасць, сумненні, усё добра. А ён столькі перадумаў, перажыў, перахваляваўся...
        Усё поўнячыся радасным ажыўленнем, ён праводзіў госця на двор, зірнуў на пустую вуліцу, якая патанала ўжо ў непагадзі вечаровага змроку. Госць накінуў на картуз капюшон і хутка пакрочыў па двары, цераз гарод да ўзроўка. Напэўна, недзе яго там чакалі. Агееў ні пра што не пытаўся болей (не было для таго ні часу, ні магчымасці), цяпер ён думаў, што наўрад ці мог гэты чалавек яму што сказаць. Відаць, быў ён проста сувязны, якому даручылі перадаць нешта, і ён перадаў. Пра што было гаварыць? Зрэшты, і без размовы сам факт гэтай перадачы сведчыў пра многае, і перш за ўсё пра давер да яго, Агеева. Вось толькі - мыла! Той раз дзіравы абутак, цяпер - мыла... Хаця магло так быць, што і абутак, і мыла былі ў адным ланцугу нейкай складанай залежнасці, пра якую яму не сказалі. Але, можа, так трэба. Ва ўсякім выпадку, цяпер ён быў рады, што доўгая няпэўнасць чакання засталася ззаду, яго жыццё тут зноў набывала сэнс, толькі б пашэнціла, не сарвацца на якой драбязе. Не ведаў ён і нават не думаў, што менавіта з гэтай сустрэчы і з гэтага мыла пачнецца для яго ланцуг самага цяжкога і самага страшнага, што будзе каштаваць яму крыві, здароўя, а ягоным сябрукам жыцця. Але што можа ведаць чалавек пра сваё будучае? Ён не часта задумваецца нават аб перажытым, і трэба час, каб зразумець мінулае, разабрацца, што ў ім на карысць, а што на шкоду. Усё тое нярэдка праяўляецца толькі праз гады ў сваіх няпэўных заблытаных сувязях і не заўжды зразумелых выніках.
        Пакідаць торбу з мылам на кухні было рызыкоўна, і ён усцягнуў яе на гарышча. Гэты раз Марыя не спалохалася, яна ўжо сцяміла з размовы на кухні, хто да іх завітаў, і цяпер з цікаўнасцю пазірала, як ён нецярпліва разблытвае завязку на торбе. Развязаўшы яе, Агееў і сапраўды знайшоў там бязладна наваленыя брускі гаспадарчага мыла, ад якога, аднак, ішоў трохі іншы, чым ад мыла, пах, і ён выняў адзін брусок.
        - Што гэта? Гэта мыла? - нецярпліва пыталася Марыя.
        - Мыла, - сказаў ён проста, ужо зразумеўшы, якое гэта «мыла». У торбе ляжала дзесяткі два брыкетаў прасаванага толу, і ён сцяміў тады, навошта гэта спатрэбілася перадаць на станцыю.
        - А навошта мыла? - дапытвалася Марыя. - Гэта на абмен? На продаж?
        - Гэта трэба перадаць на станцыю, - скупа адказаў Агееў, не хочучы нічога болей тлумачыць Марыі. Ён па-ранейшаму не меў права адкрываць ёй свае падпольныя сакрэты, тым больш уцягваць яе ў свае нелегальныя справы.
        Як толькі сцямнелася, яны перабеглі ў застаронак, куды ён перанёс і торбу з паклажай. Марыя адразу стулілася пад кажушком на тапчане, а ён падумаў, што трэба пачакаць. Напэўна ж, цяпер да яго прыйдуць - Кіслякоў, Малаковіч ці яшчэ хто, трэба іх сустрэць у двары і перадаць торбу. Ці, можа, завесці на кухню, там пагутарыць пра што-колечы, але без Марыі. Вось настаў час хаваць яе і ад ягоных знаёмых, інакш як ён растлумачыць ім яе тут знаходжанне.
        Агееў вынес вынес цяжкаватую торбіну ў хлеў і пакуль што затуліў яе за шулам, прыхінуў нейкаю дошкай. Сам, усё яшчэ не ў стане саўладаць з радасным хваляваннем, прайшоў па двары, пасля, каб не мокнуць на дробным дажджы, стаў пад страху, шчыльней зашпіліў ватоўку. Канечне, цяпер стаяць тут, можа, і не мела сэнсу, да яго маглі завітаць і апоўначы, і пад ранак, але ён проста не меў сілы спакойна чакаць, тым болей з такой перадачай пад бокам. Зноў жа, кожнай гадзіны магла наляцець і паліцыя, той жа Драздзенка, і Агееў павінен быў дбаць, каб яго не засталі знянацку.
        Ён прастаяў пад страхой гадзіну ці болей, навокал ужо зусім усё сціхла, замерла; садок, двор і гароды схаваліся ў прытуманенай цемры. Настала ноч. Дожджык то сыпаў, налятаючы з парывамі ветру, то нібы пераставаў. На падворку, аднак, ніхто не з'яўляўся, нікога за ўвесь вечар не чутна было і на вуліцы - ні прахожага, ні фурманкі, ні нават якога сабакі. Хаця Агееў больш слухаў і ўзіраўся ў бок гародаў і рова, хутчэй за ўсё нехта павінен прыйсці адтуль. Але мінаў час, а ніхто ніадкуль не паяўляўся. Мабыць, за поўнач ён ціхенька пратупаў праз хлеў да застаронка. Ён думаў, што Марыя даўно ўжо спіць, а яна, ахінуўшыся кажушком, сіратліва сядзела на сенніку, прыпёршыся плячмі да сцяны.
        - Ну што? Прыйшоў хто?
        - Спі. Чаму не спіш? Прыйдуць. Можа, пасля.
        - Ён прысеў побач, не знімаючы мокрай ватоўкі, і яна ў кажушку падалася да яго.
        - Ой, якія ў цябе рукі! Дай я пагрэю. Дай во сюды...
        - Сцюдзёныя. Спалохаешся...
        - Як лёд! Во я іх пагрэю, - ціхенька сказала яна, уся сціскаючыся ад дотыку ягоных халодных рук і далей засоўваючы іх сабе пад пахі. - А хто да цябе павінен прыйсці, ты ведаеш?
        - У тым-та і справа, што не ведаю. Але хтосьці прыйдзе.
        - А калі паліцыя?
        - Паліцыя ўжо прыходзіла. Болей не прыйдзе, - сказаў ён ціха, без асаблівай, аднак, упэўненасці.
        - А калі тыя, твае, не прыйдуць?
        - Ну, як не прыйдуць? Мыла ж патрэбна...
        «Мыла», вядома, патрэбна, думаў ён, але во Кіслякова няма ўжо другі тыдзень, а Малаковіч не ведае нават, што з ім здарылася. А раптам сапраўды з іх наладжанага ланцужка сувязі выпала нейкае звяно, што тады? Як тады звязацца? І што яму рабіць? Чакаць ці праявіць ініцыятыву самому?
        Трохі сагрэўшы каля Марыі свае азяблыя рукі, Агееў усё ж паклаў яе дасыпаць, старанна ўкрыў кажушком, а сам зноў выйшаў у двор. Дажджу цяпер быццам ужо не было, але вецер дзьмуў з большай сілай, стала сцюдзёней, чым увечары. Мокраю слізкай сцяжынай Агееў пайшоў у гарод, спыніўся, паслухаў. У глухім начным цемрыве чуваць былі бязладныя парывы ветру і неспакойны, захлёбісты пошум вязаў, што чорнай сцяной высіліся на ўзроўку. Нікога вакол быццам не было, і ён вярнуўся на двор. Усё ж тут было зацішней, і можна было чакаць далей.
        І ён чакаў, то захінаючыся ад ветру за варотамі ў хляве, то выходзячы на падворак, то спыняючыся пад дахам, - увесь у напружанай увазе, насцярожаны і чуйны да кожнага гуку ўначы. Але ноч выдалася надзвычай скупой на гукі, з мястэчка амаль нічога не было чуваць, а з рова ад могілак нядоўга даносіўся далёкі сабачы брэх, які неяк непрыкметна сам сабою змарнеў. І зноў ветраная цішыня запанавала ўначы.
        Пад ранак ад доўгага стаяння пачала ныць параненая нага - набрыняла хваравітым цяжарам, і ён, намацаўшы ў хляве пустую дзежку, перакуліў яе на праходзе і сеў. Спаць яму не хацелася, цярплівае чаканне на зыходзе начы стала перапыняцца пакутнымі хвілінамі неспакою, цьмянай трывогай - чаму ж да яго не ідуць? Апроч таго, што ўзрыўчатка, мабыць жа, патрэбна была там, на станцыі, яна была немалой небяспекаю тут, на сядзібе. У выпадку, калі тут што западозраць, канечне ж, усё перавернуць і знойдуць; такую паклажу схаваць не проста. Хіба што закапаць на гародзе. Але гэта калі надоўга. А прыйсці маглі кожнай гадзіны дня і начы. Асабліва начы. Але во не ішлі. А можа, усё ж трэба было яе аднесці самому? Можа, цяпер там Малаковіч, як і ён тут, чакае ягонага прыходу і таксама не спіць усю ноч? Але як ён туды пойдзе? Ён нават не ведае, дзе тая станцыя, у якім баку. Ды і ці дойдзе ён з ношай, кульгавы, мала каму тут вядомы і таму для ўсіх чужы і падазроны...
        Чорт ведае, што рабіць?
        Калі пачаўся позні нясмелы світанак, ён зразумеў, што ноч мінулася марна, і пабудзіў Марыю.
        - Пара. Пайшлі на гарышча.
        - Што? Ужо раніца?.. А я так добра заснула, - гаварыла яна, падхопліваючыся на тапчане, і, уся разамлелая, яшчэ санлівая, абхапіла яго за шыю.
        - Пойдзем на гарышча. Там даспіш, - сказаў ён шэптам, цалуючы яе рассыпаныя валасы.
        - Ну, прыходзілі? Ты аддаў?
        - Панімаеш, не прыйшоў ніхто. Не ведаю, што рабіць...
        Яго трывожны клопат адразу перадаўся Марыі, тая прагнала з вачэй рэшту сну і, ускінуўшы тонкія рукі, хуценька прычасала кароткія валасы маленькім перламутравым грабяньком.
        - Калі перадалі, дык, мабыць, прыйдуць, - спрабавала супакоіць яго Марыя.
        Ён думаў таксама і хацеў верыць, што неўзабаве павінен нехта прыйсці. Праўда, як пачаўся світанак, упэўненасць яго аслабла, пачала мацней дапякаць трывога: напэўна, нешта там не зладзілася. Яны перайшлі на гарышча, паелі ўчарашняй бульбы. Зрэшты, Агееў амаль не еў, пасядзеў ля Марыі і зноў злез на кухню, выйшаў на двор.
        Увесь той дзень да самага вечара ён не мог знайсці сабе месца і ўсё швэндаўся па падворку, стаяў пад страхой, сядзеў на кухні. Разы два ён схадзіў па сцежцы да рова, паўзіраўся ў яго мокрыя, непрытульныя зараснікі з рэштаю рудой лістоты на дрэвах. Але ў рове было глуха і пуста, як толькі там можа быць глыбокаю восенню, нідзе не было нікога, як не было нікога і на вуліцы, нават у суседзяў у дварах і гародах - пазнікалі ўсе, нібы ў прадчуванні хуткай бяды. Марыя, захінуўшыся ў кажушок, сядзела на коўдры і, як ён узлазіў на гарышча, трывожна ўзіралася ў яго. Агееў паныла кідаў:
        - Няма нікога...
        Тады яна пачынала пытацца, хто там, на станцыі, і нашто мыла, але ён ужо не мог трываць тыя яе роспыты, яны яго пачыналі злаваць, і трэба было намаганне, каб схаваць тую яго злосць. Хвіліну пасядзеўшы на гарышчы, ён зноў злазіў уніз, паныла стаяў ля акна на кухні, зноў выходзіў на двор.
        Так мінуў дзень, і зноў прыйшла ноч. Яны перабраліся ў застаронак. На гэты раз, спакутаваная ягонай трывогай, Марыя таксама не прылягла ні на хвіліну - стаяла на праходзе ў хляве, пакуль ён атупела хадзіў па двары. Калі ж ён паяўляўся ў варотах, пыталася: «Ну што? Няма нікога? Што ж нам рабіць?»
        Што рабіць - ён таксама не ведаў, але па меры таго, як міналі цёмныя хвіліны ночы, усё мацнела яго нядобрая ўпэўненасць, што гэта - не выпадкова, штосьці там здарылася. Можа, якая мітрэнга, можа, схапілі каго, а можа... А можа, там, на станцыі, ужо адмовілі яму ў даверы і чакаюць. Чакаюць, як зробіць ён з толам, каму перадасць...
        Як пачало днець, азяблы і спакутаваны сумненнямі ды марным чаканнем, ён увайшоў у хлеў і на праходзе сутыкнуўся з Марыяй. Тая нерухома ўгледзелася ў яго і нічога ўжо не пыталася - мусіць, сама разумела ўсё.
        - Вось такія дзяла, - паныла сказаў ён, абы сказаць што-небудзь.
        - А можа, трэба туды аднесці? Перадаць каму? - загаманіла Марыя.
        - На станцыю?
        - Ну, - сказала яна. - Гэта ж недалёка. Адразу за мястэчкам.
        - Панімаеш, я нават не ведаю... Я ж там ніколі не быў.
        - Давай я збегаю. Каму там аддаць, ты знаеш?
        - Знаю. Толькі... панімаеш...
        Ён абсалютна не ведаў, як аднесціся да гэтай яе гатоўнасці. Канечне, у нейкай ступені гэта было для яго выйсце, якое, аднак, нараджала і некалькі новых, таксама няпростых праблем, галоўнай з якіх была рызыка, што цяпер перакідвалася і на Марыю.
        - А калі паліцыя? - сказаў ён.
        - Ну і што - паліцыя? Толькі б на Драздзенку не нарвацца. А іншыя, што яны мне?
        - Ой, ой, Марыя... Не, яшчэ пачакаем. Можа, хто ранкам прыйдзе. Усё ж ноччу каменданцкі час...
        У халодным світальным тумане яны перабеглі мокрым дваром на кухню, Марыя палезла на гарышча, а Агееў застаўся ўнізе. У галаве яго ўсё гуло ад бяссоннай ночы, цела аслабла, думкі вяла і бязладна варушыліся вакол аднаго і таго ж у пошуках выйсця. Усе ягоныя намеры зблыталіся, ён не ведаў, як зрабіць лепей. Чакаць? Даверыцца часу? Выпадку? Ці ўзяць у дапамогу Марыю? Але ж Марыя - чалавек старонні, хіба ён мае права ўцягваць яе ў такую сур'ёзную і рызыкоўную справу? Але і самому брысці на станцыю?.. Усё ж на ім замыкалася некалькі ланцугоў сувязі, ці мог ён так легкадумна рызыкаваць сабой? І тым самым ставіць пад пагрозу гэтую не ім наладжаную сувязь? Разумней было б рызыкнуць кім-небудзь іншым - іншым заўжды рызыкаваць зручней, са зласцівай іроніяй падумаў Агееў. Але - Марыя... І ці разумее яна, ці здагадваецца, якое «мыла» ў гэтай торбіне? І ці можна яму ўсё ёй патлумачыць, ці не лепш, каб у такой сітуацыі яна нічога не ведала.
        А калі яе схопяць?
        Не, рашыў ён, калі пасылаць Марыю, дык трэба ёй усё растлумачыць, ён не мог гуляць з ёю ў хованкі. Усё ж гэта гульня са смерцю, дзе стаўка - жыццё. Той, хто робіць гэтую стаўку, павінен выразна сабе ўяўляць, чым рызыкуе, інакш гэта будзе ашуканствам, подласцю з ягонага боку. Так ён не мог.
        Усё ж ён чакаў увесь гэты ляніва-світальны ранак, прыслухоўваючыся да глухіх гукаў знадворку - выпадковых галасоў з суседніх двароў, кудахтання курыцы за плотам. З кухоннага акна было відаць, як па вуліцы ў мястэчка пратупала немаладая цётка ў вялікай, напятай на плечы хустцы, яна несла ў абедзьвюх руках чымсьці накладзеныя кашолкі, і ён здагадаўся: відаць, на кірмаш? Здаецца, сёння была нядзеля, каля царквы збіраўся кірмаш, штось прадавалі там, штосьці куплялі. Зрэшты, Агееў там ні разу не быў, чуў толькі, расказвала Марыя.
        - А што, калі вось гэтак - у кашолцы?
        Ён пашукаў позіркам па кутках кухні, па сценах, зірнуў пад стол. Не, прыдатнай пасудзіны тут не было, бульбу звычайна капалі ў старое бляшанае вядро з дзвюма дзіркамі ў дне... І ён раптам прыпомніў, што на гарышчы за комінам сярод іншага ламачча валялася нейкая кашолка. Тая, мабыць, згадзілася б... Ён таропка ўзлез на гарышча, перш чым пралезці ў лаз, зірнуў пад акно на пасцель, позіркам сустрэўся з Марыяй. Тая не спала, ляжала на баку, захінуўшыся ў стракатую коўдру, і ў яе вачах свяцілася штосьці далёкае адсюль і ад ягоных клопатаў. Але трывогі ў іх нібыта не было, дзяўчына неяк хуценька супакоілася, адышлася ад сваіх нядаўніх яўных і надуманых страхаў. Неспакой цяпер цалкам перайшоў да яго, і Агееву было нялёгка ўтаіць яго ад Марыі.
        - Ну што? Няма? - заклапочана спытала ў яго дзяўчына.
        - Няма.
        - А ты што?.. Ідзі сюды. Прыйдуць - пастукаюць.
        - Баюся, не прыйдуць.
        Ён адразу згледзеў тую кашолку, што адзінока ляжала на смецці сярод непатрэбнага рыззя і ламачча. Гэта была старая, прадаўгаватая пляцёнка з рысавай саломы, пляскатая, з прадраным дном. Але дно можна было чымсьці закласці, а ручкі былі добрыя - дзве тугія почапкі, мабыць для зручнасці абматаныя чырвоным матузом. Сумка была самы раз - звычайная гаспадарчая рэч, у якой можна было насіць што хочаш: рэчы і прадукты, з кірмаша і на кірмаш. Нядоўга памацаўшы яе, Агееў рашуча страсянуў з яе смецце.
        - Во для мыла.
        - Правільна! Вось я і аднясу, - рашыла Марыя і падхапілася з-пад коўдры. - Калі, зараз аднесці?
        Агееў разгубіўся. Яна проста здіўляла яго гэтай легкадумнай гатоўнасцю, хоць і разам вырашала галоўнае ў ягоным клопаце - нічога ёй не трэба было тлумачыць ці тым болей прасіць. Можа, так будзе і лепей, падумаў ён. Аднак усё марудзіў, бавіў час, адсоўваючы той самы апошні момант, калі перадумаць ужо будзе позна. Доўга цягнуць, аднак, было нельга, трэба было карыстацца ранкам, калі на кірмаш і назад ішлі людзі.
        - Марыя, тут такая справа, - нерашуча пачаў ён, апусціўшы кашолку. - Мабыць, ты здагадваешся, што гэта такое?
        Яна, падобна, здзівілася - не гэтак ягоным словам, як голасу, якім яны былі сказаны - з пакутным пераадоленнем сябе, няпэўным намёкам на штосьці.
        - А што? - наіўна запытала яна.
        - Гэта не мыла. Гэта - узрыўчатка.
        - Узрыўчатка?..
        Па яе мілым, такім дарагім цяпер яму твары мільгануў цень кароценькага недаўмення ці нават спалоху, але Марыя хутка авалодала сабой і прасветлена, лёгка ўсміхнулася.
        - Ну што ж, я паняла. Каму перадаць?
        - Марыя, ты ж разумееш, калі пападзешся...
        - Усё разумею, не маленькая, - сказала яна і, стаўшы на пальчыкі, пацягнулася да яго, пацалавала тры разы - у абедзьве шчакі і ў лоб. Пасля ўраз адхінулася, узялася за чырвоныя почапкі кошолкі, якую ён усё яшчэ трымаў у сваіх руках. - Дык каму перадаць?
        Гэтая кароткая і пакутная размова кінула яго ў жар. Пасля ён марудна змакрэў ад сцюдзёнага поту. Каб толькі ён ведаў, куды пасылаў яе і што будзе за тым... Пасля сотні разоў ён прыпамінаў гэтае расставанне і паспешлівую размову з ёй, яе пацалункі і пагляды, шукаў, што зрабіў не так, што не растлумачыў, забыўся сказаць галоўнае. Ён ужо адчуў, як штосьці ў ягоных намерах пайшло наўкось, нібы пад адхон, незразумелай фатальнай хадой, але змяніць нічога не мог. Падганялі няўмольны час, хваляванне, і ён аддаўся на волю выпадку, на лёс і... на Марыю.
        - Ведаеш, дзе качагарка?
        - Ну, за пакгаўзам, здаецца?
        - Во там працуе такі Малаковіч. Паклічаш яго.
        - Добра. Гэта я мігам. За якую гадзіну, мабыць, упраўлюся. Ты пачакай.
        Трошкі дрыготкімі рукамі ён наладзіў кашолку, вокладкай ад старой кніжкі з куфра затуліў дзіравае дно. Пасля пераклаў туды тол. Атрымалася амаль даверху, і Марыя акуратна прыкрыла яго нейкай знойдзенай на гарышчы клятчастай анучкай. Агееў падняў кашолку, паважыў у руцэ - было цяжкавата, але несці можна. Яны злезлі на кухню, трэба было расставацца. Усё ўнутры ў Агеева дробна трэслася, нібы ў гарачцы, душа яго заходзілася ў нямым плачы, і ён ледзьве стрымліваў сябе. Марыя ж, наадварот, знешне была спакойная, трошкі заклапочаная, але жвавая і поўная так нечакана знойдзенай рашучасці.
        - Ты як - па вуліцы? - глухім, перацятым голасам запытаўся ён.
        - Не, цераз роў. А там у поле і - на станцыю.
        - А паліцаяў не стрэнеш?
        - Яны больш у мястэчку. Зноў жа, кірмаш сёння.
        - Ну, глядзі. Перадасі і адразу сюды. Я чакаю.
        - Дзякуй, мілы!
        - Чуеш, я цябе чакаю!
        Яна зноў пацалавала яго - у куточкі вуснаў - і падхапіла кашолку. Агееў адразу ўбачыў: цяжкаватая ўсё ж была ёй тая кашолка, але ўжо нічога мяняць не стаў, амаль разгублены выпусціў яе з кухні на двор. Хуткім дробненькім крокам яна пайшла ўздоўж хлява, ля прыбудовак, каля дрывотні азірнулася, махнула яму незанятай рукой і кораценька ўсміхнулася - развітальна-самотнай усмешкай, якую ён запомніў да скону сваіх дзён.
        Калі яна схавалася за вуглом хлеўчука, ён марудна, губляючы рэшту адабраных бяссоннем сіл, пратупаў да вуліцы, агледзеўся. Нікога быццам паблізу нідзе не было. Тады, трохі счакаўшы, вярнуўся на кухню і цяжка ўсеўся на скрыпучае крэсла каля стала. Ягоны позірк слізгануў па карціне на сцяне насупраць, якую любіла Марыя, спыніўся на вымытым ёю і прыбраным посудзе акрай стала, што, здавалася, яшчэ хаваў цеплыню трапяткіх яе рук, і яму зрабілася невыносна горка. Ён сядзеў так доўга, невідушчым позіркам тупа ўставіўшыся ў чыста падмеценую Марыяй падлогу, слухаў. Час адмерваў свае хвіліны - апошнія яго хвіліны спакою ў гэтым доме, у якіх было чаканне і - надзея. Аднак чаканне яго стала непамерна расцягвацца, нібы пухнуць у часе, запаўняючы сабою свядомасць, паралізуючы волю, і, па меры яго разрастання, меншала, вузела надзея. Мабыць, мінула ўжо абяцаная Марыяй гадзіна, затым скончылася і другая. Аднекуль з-пад стала вылез ягоны Гультай, выйшаў на сярэдзіну кухні, пацягнуўся і сеў, выпрабавальна пазіраючы на Агеева. Што ён хацеў сказаць, гэты стары і мудры кот? І што ён разумеў з таго, што рабілася на душы ў Агеева? Яшчэ праз гадзіну Агееў пачаў ужо думаць, што зрабіў недаравальную памылку, што не трэба было пасылаць Марыю, што ён проста не меў права на тое - ні боскага, ні чалавечага, што трэба было пачакаць або ісці самому. Калі ўжо рызыкаваць, дык рызыкаваць сабой і нікім іншым - гэта была самая сумленная рызыка. А так... Але даўно сказана, што чалавек заўсёды багаты на свой задні розум, калі справа зроблена і дапушчаную памылку ўжо не паправіць, і застаецца адно - прымаць на сябе заўжды суровы і не заўжды справядлівы ўдар лёсу. Часам, калі чаканне Агеева перапынялася асабліва вострым прыступам нецярпення, ён ускокваў з крэсла і пачынаў хадзіць па кухні - ад парога да дзвярэй у кладоўку - пяць крокаў туды і пяць назад. Балела нага - у сцягне і калене, мабыць, трэба было паправіць павязку, але ён ужо не звяртаў увагі на боль і на рану - ён хадзіў да знямогі, не перастаючы ўслухоўвацца ў гнятлівую цішыню сядзібы. Часам яму здавалася: ідзе, быццам бы чутныя рабіліся крокі ў двары, але дзверы не адчыняліся, і ён разумеў, што памыліўся. І зноў пачынаў чакаць - напружана, нервова, насуперак прадчуванням, а затым і наперакор усякаму сэнсу. Ён не заўважыў, як мінуўся ранак і хмарны восеньскі дзень неўпрыкмет перайшоў у яшчэ болей пахмурны вечар, і чакаць чаго добрага ўжо было недарэчы. Але ён чакаў. Яшчэ ён мог бы, напэўна, уцячы з сядзібы, схавацца ў рове, наогул пакінуць мястэчка, але ж ён сказаў ёй, што будзе чакаць тут. І ён чакаў. Ён перадумаў рознае: і спадзяваўся, і развітваўся з ёю, і зноў аддаваўся надзеі, і сам ужо расставаўся з усім белым светам. Але - чакаў.
        Дзіўная справа, калі яна была побач усе гэтыя дні, тыдні і нават апошнюю ноч, праведзеную разам, ён больш перажываў за свае шматпакутныя справы, сувязь, заданні. Цяпер жа, з тае хвіліны, як разлучыўся з ёю, ён ні пра што іншае, як пра яе, не мог і падумаць, падобна, ён толькі цяпер і зразумеў, якую бяду наклікаў на яе галаву, а ўсё астатняе, што тыднямі дапякала яму, адышлося на другі, задні план. Не тое каб стала другарадным, але адсунулася, здрабнела ў сваёй значнасці, затуленае яе мілым абліччам, яе развітальнай усмешкай - яе бядой.
        Надвячоркам ён ужо выразна адчуў, што прайграў, што дапусціў фатальную памылку, і толькі той факт, што ўсё ж да скону дня да яго ніхто не з'явіўся, даваў яму нейкае апраўданне - не перад Марыяй - перад сэнсам барацьбы, у якую ён быў уцягнуты. Усё ж, мабыць, трэба было праявіць ініцыятыву, паклапаціцца даставіць тол куды было трэба, дзе чакалі яго. Тут сваю задачу ён зразумеў правільна і пастараўся яе выканаць.
        Вось толькі якімі сродкамі?
        Калі ў кухні нарэшце зусім запанавала вечаровае цемрыва, хваляванне яго дасягнула мяжы. Ён ужо з рашучасцю прыкідваў, куды падацца - на станцыю па яе слядах ці яшчэ раз паспрабаваць знайсці Кіслякова. Можа, трэба было ўзяць пісталет? Усё ж са зброяй было зручней, а галоўнае, болей звыкла. Але ён яшчэ не рашыў, куды ісці, як раптам ад вуліцы пачуліся крокі - тупаценне многіх мужчынскіх ног па камянях падворка, пад клёнам матлянуўся доўгі і вузкі, бы нямецкі цясак, прамень з ліхтара. Гэты прамень затым ударыў праз аконнае шкло на кухню, рэзка высвеціў стол і прыкрыты на ім посуд, чорны цень ад яго лёг на аблезлую шпалеру сцяны. Агееў інстынктыўна падаўся да кладоўкі, але спыніўся і стаў. Дзверы ўжо расчыняліся, дыхнуўшы на яго вулічнай сцюжай, і два пукі электрычных прамянёў зусім асляпілі яго з парога.
        - Во ён! І не хаваецца, сука!..
        Па голасе ён пазнаў адразу: то быў Драздзенка. Аднак, зусім аслеплены скіраваным у вочы святлом, Агееў нічога не бачыў там, і люты знянацкі ўдар у левае вуха змусіў яго адляцець убок. Ён наткнуўся на паваленае крэсла, але паспеў ухапіцца рукой за рог пліты і ўстаяў на нагах.
        - Ах ты б...! Здраднік! Ану, перавярнуць усё дагары нагамі! Абшукаць кожную дзірку! Пахом, дзействуйце! - з лютасцю распараджаўся Драздзенка. - А гэтага - марш у падвал! Ужо я пагавару з ім!..
        Усё слепячы яго промнямі з двух ліхтароў, яны таропка аблапалі яго ватоўку, кішані брыджаў, пад пахамі, пасля злосна піхнулі ў насцеж расчыненыя дзверы, і ён з амаль заплюшчанымі ад святла вачамі слепа патупаў знаёмым падворкам да вуліцы...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.