РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лісце каштанаў
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
КАМЕНТАРЫІ
XI
XII
XIII
III
        
III

        
        Мы ляжалі на гарачым пяску, і мяне ўсяго калаціла. Не ад холаду, ад страшэннага нервовага напружання, якое я толькі што перажыў. Ногі ледзь не курчыла, жывот сутаргава ўздрыгваў.
        Дняпро каціў ля нашых ног свае плыні, а непадалёк узвышаліся з вады каменныя быкі старога ланцуговага моста, знішчанага вайной. I унь з таго быка я толькі што скокнуў.
        Мяне аж пацёпвала, калі я ўспамінаў, як я лез, чапляючыся за кожную няроўнасць, за кожную выбоіну ў каменнай кладцы. I як стаяў наверсе, і калені дрыжалі, і я разумеў, што злезці не ўдасца. А пада мною Дняпро імкліва рухаў зялёную, шкляную, цяжкую плынь, і хлопцы ўнізе былі з напарстак... ух ты, божа мой!
        I як зразумеў, што яшчэ хвіліна і я ніколі не скочу і не злезу... I скочыў салдацікам, і, праз стагоддзі, увайшоў у ваду, і адразу падкурчыў ногі, і ўсё адно мяне так доўга несла да паверхні і паветра, што я ледзь не захлынуўся, а Дняпро цягнуў мяне за ногі, заносіў убок, кідаў.
        Я і скочыў толькі таму, што хлопцы глядзелі. Такое са мною ўжо было. На Урале. Там рака Ірэнь бегла, сціснутая высачэзнымі скаламі, як мурамі, і са скалы на скалу быў перакінуты канатны мост. Я пабіўся аб заклад, што скокну з яго. Дваццаць пяць метраў. I ўзлез. I зразумеў, што не здолею. I збіраўся ўжо злезці. Але тут з абодвух канцоў падышлі да моста дзве нашыя дзяўчачыя брыгады. I з адною была выхавацелька. А мы купаліся, ясна ж, без ніякіх плавак. Я ўявіў сабе, як яны сыдуцца ля мяне, і што з гэтага будзе, і як давядзецца, скурчыўшыся, сядзець на кукішках, а то і проста стаяць, прыкрываючы сорам – і скокнуў, бо ганьба была страшнейшая нават за смерць.
        Вось так і тут.
        – Малайчына, – сказаў Ролік. – Я чатыры разы спускаўся, пакуль не наважыўся.
        – А я з другога разу, – выскачыла Нонка.
        – Ну, расхвасталася, – сказаў Багдан. – Вечна свае тры грошы.
        – Чаму? Яна праўду кажа, – сказаў Ролік.
        – Гэта таму, што дзяўчо бязмозглае. Небяспекі яны не разумеюць.
        Нонка раптам брыкнула Багдана нагою і, калі ён схапіў яе, пачала малаціць яго кулачкамі па грудзях, па галаве, паўсюль. Багдан апешыў.
        – Кінь яе, – сказаў Раланд.
        – Ды ўжо... сам кінуў.
        – Малайчына ты, – паўтарыў Дзмітрэнка. – I трэба нам – як вы думаеце, казакі-малойцы? – прыняць яго ў наш курынь.
        – Прыняць, прыняць.
        – А раз так, то можна яму і таямніцу раскрыць. План такі... Спачатку іхнюю штаб-пячору падарваць. Пасля іх, гадаўцаў, раскалашмаціць. А то заганарыліся занадта, адному праз іхнюю зону хаця й не хадзі. Паставіць іх на месца, загартавацца, вопыт прыдбаць, а пасля – ён зрабіў эфектную паўзу – уцякаць на Заходнюю Украіну. Там па лясах яшчэ і паліцэйскія атрады блукаюць, і... Гадоў прыбавім, дый...
        – Не возьмуць.
        – Самі возьмемся. Свой атрад. Ды ты зразумей. Ну, сорам жа глядзець, ну, гэта ж усё жыццё сябе паважаць не будзеш, калі прыйдзеш на гатовенькае.
        – А зброю што, з калена выламім?
        – Ёсць зброя. Ведаю дзе. Не даходзячы да Цялічкі, амаль ля Дняпра, яры і слупы пясчанікавыя. Там нямецкія кропкі былі. Абарона. Думалі, відаць, што нашы могуць і там фарсіраваць раку. А пасля давялося ім уцякаць... Я ўжо сёе-тое знайшоў.. Пакуль што мы туды хадзіць не будзем – гэтыя гады з Падвальнай хвастамі за намі ходзяць. А за пару дзён да ўцёкаў пойдзем, возьмем, дагледзім, і хай яны нам тады солі... I гэта яшчэ лепей, што самі, сваім атрадам. Ніякай гэтай дарослай нудоты, натацый, ніякага гэтага дзярма.
        Гэта была не проста спакуслівая прапанова. Гэта было паветра, будучыня, спаўненне той мары, якой я жыў тры гады.
        – Я з вамі, хлопцы, – сказаў я.
        – Дабрача, – сказаў Раланд. – Займелі, значыцца, і беларуса. Я думаю, цяпер трэба і іншых завербаваць, каб, значыцца, інтэрнацыянал.
        – У Вялікай Айчыннай вайне дружба народаў сыграла выключную ролю, – паважна сказаў Жэнька.
        Як заўсёды, нельга было зразумець, усур’ёз ён гаворыць ці дзяцініцца.
        – Прахвесар, – сказаў Ролік. – Ясна, што ўсёй хеўрай каго хочаш біць лягчэй. Дружба народаў, як дзядзька кажа... Рашаючы фактар. Нібыта без ягоных слоў гэта невядома.
        – Ён нічога, твой дзядзька, – сказаў Багдан.
        – Зануда ён, мой дзядзька. Зануда цара нябеснага. Як пачне – ну, дзячок без царквы: “Маладое пакаленне... Ду-ду-ду, ду-ду-ду”. Мне як ён нудзіць пачне, то кожную хвіліну ў нужнік бегчы хочацца... па малой патрэбе.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.