|
VI Мы сядзелі ў сакрэце: Карл, Навум і я. Лета хілілася да восені, але ночы яшчэ былі цёплыя-цёплыя, можна без сарочкі хадзіць. I вось мы сядзелі ў зарослай варонцы ад снарада, і калені нашы сутыкаліся (я ведаў, што Раланд незнарок паслаў у сакрэт Карла і Навума, і мяне ў якасці згодніка; ён цяпер часта рабіў такое), а вакол утрапёна сакаталі конікі і цыкадкі, а над намі нябачна для вока каціліся сузор’і, якія зрэдку перакрэсліваў патаемны лёт кажана. Мае паехалі, Карл і Навум былі ўвогуле вольныя птушкі. I вось мы сядзелі і чакалі, каб у дзве гадзіны ночы, калі ўсе паснуць, свіснуць Роліку. Падвальныя знялі сваю ахову ў гадзіну ночы, але ў вокнах у Дзмітрэнкаў усё яшчэ гарэла святло. Трэба было чакаць. – Расказалі б што-небудзь, хлопцы, – сказаў я. – Ну хаця б ты, Навуме. – А што мне расказваць? Звычайнае дзяцінства, пасля вайна, Бабін Яр... Гэта была, сапраўды, звычайная гісторыя тысяч і тысяч ягоных аднапляменнікаў; расказваць яе – паўтарацца ў стотысячны раз. Мяне здзівіла толькі тое, што яму ўдалося ўцячы і нават сяк-так уладкавацца, але пасля ён зноў трапіў у гета. Яго апазнаў і выдаў немцам адзін тып з яўрэйскай паліцыі. Зноў тры месяцы пекла і зноў уцёкі. На гэты раз проста з месца пакарання смерцю. – Я гэта ўсё на свае вочы бачыў. I акцыі, і як зямля варушылася. З таго часу ў мяне вочы настроены на тое, калі іншаму кепска. Хто, можа, і не заўважае, што камусьці кепска, а я – з першага позірку. Я адчуваў у цемры, якія напружаныя Карлавы калені. Але не перабіваць жа шчырага і праўдзівага апавядання. – Потым і іх туды ж павялі. I юдэнрат, і паліцыю, і таго гадаўца. Сам бачыў. Сволачы! Крывёй свайго народа купляць сабе... Ну і купілі... – I цалкам не лагічна дадаў: – А ўсё клятыя немцы. Фрыцы паганыя. Гэтае слова сарвалася ў яго з языка міжволі. Ён проста забыў. Я ўпэўнены, што ў наступную хвіліну ён пашкадаваў аб ім. Але было позна. – Хальт маўль,– сказаў Карл.– А па-нашаму “заторкніся”. – Ціха, хлопцы, ціха. – Не, ты пачакай. Ты памятаеш, калі палонных вялі па Брэст-Літоўскай шашы. Я ўспомніў. Сапраўды, бясконцая пыльная змяя, і апушчаныя вочы адных, і вочы другіх, у якіх пераважала не нянавісць, а грэблівая цікаўнасць. – Хто тады ў іх каштаны і іншае кідаў? Адзінкі кідалі. Бо разумелі – не ўсе вінаватыя. Многія, але не ўсе. А думаеш, у кагосьці з іх меней, чым у цябе, было прычын ненавідзець? Чаму так рабіў гэты люд? А таму, голубе, што ў яго вялікая незласлівасць жыве ў сэрцы. Б’е да смерці, але таго, хто ўпаў – не б’е. Вось чаго мне сорам, а не таго, што я... Навісла цяжкая паўза. – Мне, думаеш, лёгка кожны дзень такое чуць? I нават не магчы растлумачыць, бо я тлумачыць – не хачу. Гонар губляць – тлумачыць – не хачу. Сволачы ўсякай тлумачыць – не хачу. Смешачкі чуць, усмешачкі бачыць – не хачу. Каб нават добрыя людзі шкадавалі – не хачу. “Ах, беднае дзіця. Такое малое, а ўжо немец”. А я немец, немец! Немец, чуеш ты?! Мы маўчалі. Цыкадкі і конікі нібы раздзіралі ноч. – Вы, вядома, ведаеце, што нас высялялі, – глуха сказаў Карл. – Асцярога такая была, што вось Гітлер прыйдзе – і тут мы да яго ўсёй хеўрай перакінемся. А што нам было, большасці нашых, у гэтым аўстрыйскім недавучку-пэцкалі? У нас радзіма была. Іншая радзіма. Наша... Вязуць нас параходам... – Чакай, – перабіў я. – Які параход! Не “Пугачоў”? – Ён самы. А-а ты чаго? – Так, нічога, кажы далей. – А ўва мне злосць кіпіць. I вырашыў я: уцяку. Я не кацяня, каб мяне без дай прычыны куды хочаш можна везці. Я ім давяду. За ўсіх сумленных нашых, што ані сном, ані духам... Мне пашанцавала. Уцёк. Фронт на трыбусе перапоўз, бо з нашага боку мне небяспечна было. Партызанаў знайшоў. I тыя ўзялі. Прозвішча нейтральнае, а месца нараджэння і прозвішча маці я вадой заліў ды пальцам расцёр. Дурань быў. Пасля ўсё адно расказаў, але тады, пакуль не давёў – нельга было. ...Я адчуў, што Карл варушыцца. Пасля ён надоўга змоўкнуў. А потым сказаў глуха: – Ну, ты мне важлівае сказаў. Як пляму з усяго вартага сцёр. А то я ўсё тыя стрэлы забыць не мог. – Агонь згас, – сказаў Фінеес. – Подаўна ўжо. ...Свіст наш аддаўся ў пустым двары. Пасля на трэцім паверсе бязгучна адчыніліся балконныя дзверы. Цень слізгануў па карнізе, і амаль адразу да нас данеслася ржавае крактанне рыны. – Ну як? – Ролік адвязаў хатулёк, што вісеў на шыі – Знялі пост. Дзве гадзіны таму. – Дабрэча! Ну, мы ім пакажам пільнасць. Узяўшы з-за памыйкі рыдлёўкі і лом, мы рушылі да месца дыверсіі, ломячы сухі бур’ян. ...Штаб-пячора была сапраўды на нашай палове схілу, прынамсі, мы так лічылі. Галоўнае, ніхто з нашых не бачыў, як і калі яны яе выкапалі: мабыць, тыя сачылі, калі нікога ў двары няма, пясок адносілі некуды далей, можа, працавалі начамі. Што праўда, адтуліна-ўваход вышынёю ў палову метра была за адрожкам узгорка і хавалася ў дрымучым нечапаным пустазеллі – хітрыя чэрці! – так што ў трох метрах прайдзі і не заўважыш. Адкрылі яе хлопцы выпадкова і толькі таму, што “падвальныя” перамудрылі: надумалі ставіць непадалёк вартавога, які датуль стырчаў у нас на вачах, аж пакуль хлопцы не зацікавіліся гэтай акалічнасцю. Мы ўпаўзлі ў пячору на жываце, і толькі там Карл запаліў нямецкі ліхтарык. Добры быў ліхтарык, з чырвоным і зялёнымі шкельцамі. Пры жаданні можна было пасылаць святло барвянае ці смарагдавае. Пячора была досыць вялікая: метры тры на тры і вышынёю каля двух метраў. Столь умацаваная крапежам: аполкі, падпёртыя слупамі. Бярвенцы-лаўкі і стол-скрынка. У куце драўляныя карабіны, два самапалы і дзве нямецкія патронныя бляшанкі: адна сапраўды з патронамі, а другая з “макаронамі”, нямецкім порахам. – Угм, – сказаў Раланд. – Бач ты, да чаго яны ўжо дакаціліся. Самапалы ў ход пускаць думаюць. Гэта ж не сумленная бойка, не кулакі. Гэтак жа і вочы выпаліць чалавеку можна. На сценцы вісеў груба намаляваны план нашага двара і самаробны плакат. На плане былі тры стралы, накіраваныя ў бок нашых дамоў і ніжняга двара. Стрэлы вялі праз памыйкі, штабелі дошак, дахі дрывотняў. – План разраблялі, гады, – сказаў Карл. На плакаце былі намаляваныя мы. Вядома, у пачварным выглядзе, так што здагадацца аб тым, хто ёсць хто, можна было толькі па вопратцы і па надпісах пад нагамі кожнай фігуры. “Падлягаюць адплаце за злачынствы супраць мірных дзяржаў: Падвальнай, Пірагоўскай, Чкалава і іншых. Пасля немінучай перамогі будуць несці адказ перад народам. Крывавы дыктатар Раланд Дзмітрэнка – акунанне ў бочку для дажджавой вады (на задворках, за дрывотнямі) да непрытомнага стану з паследуючым выцверажэннем пры дапамозе хвастання крапівою і забаронаю на векі вечныя хадзіць вышэйпамянёнымі вуліцамі (якія складаюць неад’емную частку нашай дзяржавы), нават калі пашлюць за газай”. “Нямецка-фашысцкая морда Карл...” Далей ішлі пакаранні ўсім нам. Мне “суд народаў” прысудзіў туга напхаць крапівы ў порткі і звязаць рукі, каб не вызваліўся ад яе, аж пакуль не дабягу да людзей. Ніжэй гэтых фігурак ішоў буйны надпіс: “Наша справа справядлівая – перамога будзе за намі! Раздушым ніжнедворскую гадзіну ў яе ўласным бярлогу!” – Бачылі? – спытаў Ролік. Бледны як палатніна Карл здзёр са сценкі абодва аркушы. Скамячыў. – Ну, гадаўё. Я ім “нямецка-фашысцкую морду” пакажу. Бач ты, што яны нам рыхтавалі. Сутаргава зглынуў нешта: – Я, хлопцы, раней і не хацеў. Што, думаю, – дзіцячыя гульні! Недагулялі дзецьмі, то... Але думаў: несур’ёзная гэта справа. Кожны з нас пекла прайшоў. Але цяпер буду біць іх. Усур’ёз. Таму што дай такой свалоце волю... Гэта ж капо растуць, паліцаі пры зручным выпадку, дзярмо. – То што? – спытаў Жэнька. – Развалім проста? Разбурым? – Э, не, – падумаўшы, сказаў Ролік. – Цяпер, пасля такога, гэтага ўжо мала. Тут выбух патрэбен або хаця падабенства. Трэба ім феерверк учыніць. Навум, Карл – за мной. Да паваленага плота. Трэба трэскі, дошкі, пара бярвенняў. Васілько, лезь наверх і прабі пару дзірак. – Дзеля чаго? – Дзеля цягі. Я палез наверх і пачаў лупасіць ломам, выварочваць камяні, выграбаваць рыдлёўкай зямлю і жвір. Я працаваў і чуў, як хлопцы, сапучы, валакуць праз дзядоўнік, дурман і беляну бярвенні ад старога, чорт ведае колькі год назад паваленага плота. Лом ужо чатыры разы правальваўся ў пустату, і ўрэшце я вырашыў, што досыць. Пасля мы насыпалі на падлогу пячоры трэсак, а на іх паклалі штабелем дошчачкі. Раланд развязаў хатулёк і высыпаў з яго дзесяткі тры цыліндрыкаў з тэрмітам (у нас асаблівым шыкам лічылася чыркаць запалкай менавіта аб тэрміт вось у такім бліскучым бардова-карычневым цыліндрыку, а не аб пачак). – Каб гарэла зырчэй, – растлумачыў ён. Паўзверх дошак мы нацягалі бярвенцаў. – Патроны возьмем? – спытаў Навум. – Патроны самі знойдзем, – адказаў Ролік. – Правільна, – сказаў праз зубы Карл, – яшчэ рукі іхняй зброяй, поскуддзю гэткай, пэцкаць. Мы клалі бярвенцы і на кожны новы іхні слой рассыпалі па некалькі жменяў пораху і патронаў. – Слухайце, – сказаў Навум, калі скрынкі былі амаль апарожненыя, – тут яшчэ дзесяць... пятнаццаць... дваццаць чатыры ракеты. – Валачы іх сюды, – сказаў Ролік. Праз дзіркі, што прабіў я, мы засунулі ў штаб-пячору яшчэ некалькі пацурбалкаў і паленняў і туга ўвапхнулі між іх ракеты. Старчма. Капсулямі ўніз. Пасля спусціліся да лазу, пхнулі ў яго паперы, паклалі на яе, разламіўшы, цыліндрыкі, буры тэрміт. – Падпальваць, ці што? – спытаў Навум. – Э, не, – сказаў Ролік і дастаў з кішэні мятровы кавалак шнура, – без бікфорда – гэта, хлопцы, будзе непарадак. Трэба з бікфордам. Каб усё, як у сур’ёзных людзей. – Ну, а калі яны тут пасля ачысцяць? – спытаў я. – Эге, палезуць яны на пузе, калі тут вуголле ды куродым будуць. Ручкі пашкадуюць. I потым невядома яшчэ, што з гэтага нашага пірага з начынкай будзе. Ён адрэзаў кавалачак шнура даўжынёю сантыметраў у пяць і прысмаліў. Некаторы час здавалася, што шнур не гарыць, але потым з канца вырваўся накіраваны, нібы ў паяльнай лямпе, прагны язычок полымя. – Парадак. Прыдатны. Канец шнура падсунулі да тэрміту, абклалі ўсё гэта паперай і порахам, вывелі другі канец вонкі, і Ролік запаліў запалку. – Ну, з богам. Мы адышлі ў цёмны кут паміж трыма “шанхаямі”, узлезлі на дах пуні і сталі чакаць. Спачатку нам здалося, што ўсё дарэмна, што тэрміт і папера не загарэліся, але вось з верхніх дзірак спачатку тонкімі струменьчыкамі, а пасля ўсё мацней, таўсцей паваліў белы нават у цемры дым. – Пайшло, – са здавальненнем сказаў Ролік, – зараз як пачне пластаць. “Пластаць”, сапраўды, пачало. З бліжняй дзіркі вырваўся раптам слуп полымя, і ў тую ж хвіліну глуха ляснуў стрэл. За ім другі, трэці. А потым над узгоркам з шыпеннем узляцела невысокая ракета, заліўшы фасфарычным святлом узгорак, двор, дамы, зеленаватыя твары людзей у адчыненых вокнах. – Нічога, хлопчыкі, нічога, – кідаў Ролік, – вось ім, вось. Страляніна ўсё мацнела. На гэты раз стралялі пачкамі. З аддушын раўло і клубамі несла іскры. Мы заўважылі, што ля муроў з’явіліся людзі. Падыходзіць баяліся, але стаялі і глядзелі. Толькі некалькі чалавек насмеліліся падысці бліжэй. Я заўважыў чалавека ў белай сподняй сарочцы, расхрыстанай на грудзях. Трымаючы ў руцэ сякеру, ён стаяў і непаразумела глядзеў на агонь, на іскры, на ракеты, што часцей і часцей уздымаліся над узгоркам. Непадалёк ад нас адчынілася адно акно, другое. – Што такое? – спытаў старэчы голас. – А чорт яго ведае, – адказаў бас. – Бандзюгі нейкія, пэўна. Мо не падзялілі чаго? – А ракеты? – Ну, можа, фуліганнё... Страляніна. Можа, боепрыпасы нейкія ахнулі. – Не кажыце. Развялося – хоць ты не ведаю што рабі. Чуткі ходзяць: з’явіліся нейкія “малаточкі”, цюкаюць людзей малаточкамі па галаве. У мяне суседка... Ведаеце, пажылая... То ёй трэба было сярод ночы на вакзал ісці, сустракаць кагосьці. Гляджу, надзяе на галаву алюмініевую міску і зверху хустку завязвае. “Чаго гэта вы, Двося Аронаўна?” – “А малаточкі?” Гэта яна, значыцца, накшталт шлема прыдумала. Калі і цюкнуць, то не да смерці. Яны засмяяліся. – Чорт ведае, што гэта, – сказаў бас. – Падазроная нейкая гісторыя... А ўсё ж прыгожа, га? – Прыгожа... У міліцыю заявіць трэба. Цяпер страляніна была такая, нібы на ўзгорку віраваў запеклы бой. Снапамі ўзляталі ўгору рознакаляровыя ракеты. Адна паляцела паралельна зямлі між двума кастрамі дроваў і зігзагамі, адбіваючыся па чарзе то ад аднаго кастра, то ад другога, памчала ў бок дамоў. Людзі шарахнуліся ў бакі. Пасля ў зеніт пайшла адна ніць, другая: сярод патронаў былі трасірныя. Мы ў захапленні заскакалі на нашым даху. I тут нешта глуха вухнула – абвалілася столь пячоры. Відаць, падгарэлі слупы. А можа, і сціснутыя парахавыя газы дапамаглі, не ведаю, як там атрымалася. З ямы, як з жарала вулкана, вырваўся слуп агню, узляцела ў розныя бакі яшчэ некалькі ракет, а страляніна стала ўтрапёнай. Мы саскочылі і пайшлі да людзей. Цяпер можна было ўдаць, што мы таксама выйшлі пацікавіцца. А людзі стаялі і ўсё яшчэ нічога не разумелі. – Ролік, хлопчыкі, вы? – пачулі мы шэпт. – Нонка, Ліза. Прыемна ўсё ж несці цяжар гераізму і славы. Ва ўсякім разе, мы стрымана і мужна ўсміхаліся, калі Нонка трэсла нам рукі, а Ліза ўстала на дыбачкі і выцерла насавіком пляму сажы на Ролікавай шчацэ. Кроках у дваццаці ад нас стаяў Гнат, і зарыва скакала ў яго па твары. Ён заўважыў нас – аблічча ягонае тарганулася: зразумеў. Узняў з зямлі ўламак цэглы і шпурнуў яго проста ў жарало, у агонь. Вочы ў яго былі белыя ад ярасці. – Ну, трымайцеся. І плюнуў у наш бок.
|
|