РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лісце каштанаў
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
КАМЕНТАРЫІ
XI
XII
XIII
X
        
X

        
        
        – А мы не пашалелі? – сумна сказала Нонка.– Ўсе пашалелі, а я болей за ўсіх.
        Мы ішлі па Уладзімірскай горцы. Падол спаў увесь у рэдкіх, дужа рэдкіх, агнях. Ноч дыхала цеплынёй. У ртутна-цьмяным люстры Дняпра адбіваліся буйныя зоры.
        – Было аднойчы на Урале. Ішоў я да сваёй вёскі, дзе наш інтэрнат, з раскольніцкай вёскі Падавіха. Восем кіламетраў тайгою. Мароз – не ведаю, які мароз. Тэрмометр на сельсавеце ляснуў. Жалеза крохкім рабілася: грукнеш сякераю, то палену нічога, а лязо – напалам. Зор – у тысячу разоў болей, чым заўсёды. Ды рэзкія, ледзяныя, без літасці. Іду – шолах, нібы нехта гоніцца. Стану – і той стане. Пабягу – і той за мною бяжыць. I ўвесь час шоргат, шоргат, шастанне. А вакол – ну нічога не варухнецца. Тайга ў снягах замерла, нічога жывога, што магло б шаргатаць, толькі зоры рухаюцца, міргаюць. Ясна, што болей няма каму. Яны! Славутае паўночнае “голас зор”, або “размова”, ці “песня” зор. Гэта я пасля даведаўся, што той шум – дыханне, якое на ляту замярзае, і крышталікі лёду адзін аб адзін шоргаюць і звіняць. А тады страшна стала. Колькі іх! Якія калючыя! Вось памру, і такое ж ледзяное будзе давеку. I хто зведае, каму да гэтага справа будзе? Гэта я вось так упершыню зразумеў – менавіта зразумеў, што канец будзе. I развее, разнясе ў гэтым ледзяным пыле. Бог – і той слядоў не знойдзе.
        – А цяпер баішся?
        – Цяпер не. Іду вось з табой і проста не думаю аб тьм, аб чьм тады думаў. I не буду я думаць. Мне здаецца, таму людзі і ходзяць удваіх.
        – Удваіх?– спытала яна.
        – Ну так. Вось я цябе за руку трымаю, і ніякай мне няма справы, што яны ледзяныя, вялізныя, што там такая бездань... Нонка, каб мне ўжо зусім лепей за ўсіх на свеце было... Можна мне цябе пацалаваць?
        – Пацалаваць? Ах так, так. Не ведаю, па-мойму, пра гэта не пытаюць. Ты таксама можаш пра гэта не пытаць цяпер. Я ж сама ўсім сказала.
        Я абняў яе, няўмела прыцягнуў да сябе, убачыў цераз яе плячо цені каштанаў, узнесены ў зіхоткае – ад безлічы зор – неба Уладзіміраў крыж і апусціў твар у яе валасы.
        ...Гэты халаднаваты пацалунак! Той, калі вусны яе амаль не рухаюцца. I ўсё ж я не мог адарвацца ад гэтай першай смагі і першага паталення, і мне гэта было нават лепей: адчуваць яе холад, але яшчэ і яе пакору, тое, што яна нікуды не здолее пайсці, што яна мая. Хаця я й не дужа, не ў поўным сэнсе разбіраўся ў тым, што азначае “мая”.
        Холад адданых вуснаў. Я стаяў, прыціскаючыся да яе, і разумеў яшчэ мацней, зусім несумненна, безнадзейна і беспаваротна, што я для яе – нішто. Але побач з несамавітай горыччу, з сысучым болем жыла ў глыбіні яшчэ і трапяткая радасць, такая, якой мне пасля ніколі не даводзілася перажываць.
        Яна раптам узняла руку і дакранулася да маёй шчакі.
        – Ты што?
        – Нічога, – сказаў я. – Зусім нічога. Нонка, мілая, ты думаеш, я не бачу? Не адчуваю ўсяго? Цябе зараз як агнём пякуць. Мне б трэба пайсці, саступіць. Але я не магу гэтага, проста не магу. Хачу, каб ты была тут, побач, хаця сёння. Хачу цалаваць рот. Такі ён у цябе безуважлівы! I твае валасы, і ўсё... I ты ўсё ж паруш сваё слова, Нонка. Не мучай сябе. Мяне – калі хочаш, а сябе – не. Мне ўжо і тое добра, што ты жывеш.
        – Глуптасю ты. Куды ўжо мне ісці адсюль? Ты не звяртай увагі. Ты проста гладзь мае валасы... вось... вось так. I, калі захочаш, цалуй мяне. Я пастараюся, каб ты не адчуваў таго, аб чым па дурасці падумаў. Я пастараюся.
        Я захутаў яе плечы крысом пінжака, успёр руку на спінку лаўкі. Цяпер яе плячук быў у мяне пад пахай, яе галава на маім плячы. I я гладзіў і гладзіў гэтыя цяжкія валасы, баючыся паварухнуцца, баючыся неяк спалохаць гэты дзіўны сон наяве.
        А яна тулілася да мяне ўсё шчыльней і шчыльней. Я не цешыў сябе гэтым.
        Яна гарнулася не да мяне, а да цёплага побач з сабою і ад гэтага свету, ад гэтых халодных зор, ад усяго, што здарылася.
        I раптам заплакала. I гэта было немагчыма: Нонка – і заплакала. Я абхапіў яе і сціснуў так, што аж сам задыхнуўся.
        – Ды што? Што з табой? Мілая мая. Нонка мая.
        Яна ўся абвіснула ў маіх руках, я адчуваў, як уздрыгваюць ад плачу яе маленькія цвёрдыя грудзі.
        – Суцеш мяне, Васілько. Кепска мне. Ой, як мне кепска! Пашкадуй мяне. Ты добры, харошы, лепшы за іх усіх, але што я магу, што я магу зрабіць з сабой?!
        Я і сам адчуваў, што плачу. Рэдкімі цяжкімі слязьмі. Як ніколі дагэтуль. I не за сябе, а за яе.
        – А ты нічога і не рабі. Пасядзі вось так, са мной, і ідзі, куды хочаш, дзе табе добра будзе, мая ты неласкавая. Ідзі туды, дзе захочаш быць ласкавай. – А сам, ведаючы, што гэта ў апошні раз, усё гладзіў яе плечы і цалаваў мокры тварык.
        – Не. Не. Позна ўжо. Ты што, не бачыў? Я слабых не дабіваю. Не.
        Закалацілася яшчэ няўцешней.
        – Ой, Васілько, Васілько. Пра ўсіх я падумала, толькі пра цябе не падумала. Як гэта табе! Удар мяне, чуеш? Не падумала я, як гэта кепска будзе табе. А ты самлеў. Проста ўзяў, дый... Ой, даруй мне, даруй. Калі толькі можаш.
        – Кінь, кінь ты. Што, каму, за што дараваць, дурненькая?
        – Даруй.
        Яна абхапіла мяне за шыю, пачала блытацца пальцамі ў чупрыне і сама, таксама зусім няўмела, стала цалаваць мяне ў вочы, нос, урэшце ў вусны.
        – Ты не думай. Я цябе кахаць буду, я цябе не пакрыўджу, я ўсё гэта запомню. Дай мне толькі крышачку ачуняць.Дужа цябе буду любіць. Ужо нават і цяпер люблю. Даруй мне.
        Рукі мае дрыжалі ад болю, падзякі і пяшчоты. Усё яе цельца калацілася ў гэтых маіх руках, нібы з кожным выбухам плачу з грудзей вырывалася не толькі дыханне, але й самое жыццё. А я гладзіў яе, і плач паступова заміраў, і я шаптаў і шаптаў, нібы ў дурмане:
        – Дарагая мая... Любая мая... Мая добрая...
        ...Ачуўся я на плошчы Хмяльніцкага. Конны Багдан паказваў булавою на бязважкі сілуэт Сафіі, што ўзносіўся ў зоры. Было поўнае бязлюддзе начнога спустошанага горада.
        Кіяўляне са смешачкамі перадавалі такую, нібыта “праўдзівую”, гісторыю. Уладзімір са сваёй горкі крычыць Хмяльніцкаму:
        – Багдане, гоў!
        – Чаго табе?
        – Кінь сваю булаву.
        – Нашто?
        – Пары. Такую корчму, такі шалман развялі, што я вжэ більшэ дывытыся не можу. А крыжам іх ганяць нязручна.
        Ого, паспрабаваў бы ён на мяне з Нонкай. Я так бы ім, бронзавым нават, усыпаў.
        Я думаў так. I гэта было праўда.
        Я памятаў, што адвёў Нонку дамоў і доўга яшчэ стаяў з ёю ў зарасцях бэзу перад пад’ездам. Але што было пасля – не памятаю, хаця забі. Нейкія завулкі, дрэвы паркаў, руіны і зноў паркі, начны, паміраючы ў вуліцах крок, і туман у вачах, і нейкія дзіўныя, лепшыя ў свеце вершы, якія я мармытаў, і чытаў уголас, і цяпер начыста забыў.
        Багдан узвышаўся нада мною. А я падумаў, што вось пакінуў жа ў Кіеве свой след на гэтай плошчы адзін беларус, скульптар, што зрабіў яго. А можа, пакіну і я? Хаця б тымі вершамі, што я мармытаў і забыў. Шмат год яны будуць лунаць гэтымі завулкамі, нябачныя для вачэй іншых, будуць ціха гучаць у вушах закаханых нават у той нязмерна далёкі час, калі мяне, магчыма, не будзе. I яны, юнакі, будуць прыслухоўвацца да гэтых водгукаў, да водгулля далёкага шчасця і думаць, што гэта ў іхніх душах. А гэта буду я і вершы, забытыя мной дзеля гэтых вуліц і завулкаў. Вечныя вандроўнікі кахання, што блукаюць уначы па гэтай зямлі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.