РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Мележ
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Подых навальніцы
Частка першая
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацвёрты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Частка другая
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацвёрты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Частка трэцяя
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацвёрты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
        Раздзел чацвёрты
        1
        Аднойчы ранкам на лузе паявілася таратайка.
        Ледзь яна выкацілася на балота з лясной дарогі, адразу зацікавіла: далікатная, прыгожая, незвычайнаю была тут сярод адных вазоў: здалёк відаць было – прышыўся нехта чужы, нехта з начальства ці з упаўнаважаных. Праўда, побач з чужым, пазналі, спакойна хітаўся Міканор, але цікавасць ад гэтага не толькі не паменшыла, а стала вастрэй. Міканор сам цяпер быў начальства, хай сваё, невялікае, але ж начальства. Усё важнае, што прабівалася ў Курані, ішло цераз яго; нешта важнае, невядомае кацілася i цяпер, чулася, з гэтай гарадской каляскай…
        Таратайка пракацілася па дарозе ўскрай балота, паўз самы лес i стала каля Міканоравага надзелу. Тут i Міканор i чужы сышлі з таратайкі, распрэглі каня, пусцілі пасвіцца. Шкода, невядома было, пра што там гаварыў прыезджы з Дамеціхаю, з Дамецікам, які падышоў з касою на плячы; затое бачылі ўсе: прыезджы скінуў гарадскі пінжак, верхнюю сарочку, забраў ці не сілаю ад Дамеціка касу i пайшоў сам да травы. Побач з ім падаўся таксама з касой Міканор, а па другі бок – Дамецік, нібы збянтэжаны.
        Дайшоўшы да травы, прыезджы скінуў касу, памянташыў. Размахнуўся касою раз, другі, пайшоў роўна. Касіў звычна, упэўнена: відаць было, што браўся не першы раз. І ўсё ж, кожнаму відно было, прыезджы – не касец, i не толькі адтаго, што прыбыў на гарадской калясцы, a i па тым, як стаяў, дзівіўся на памочніка свайго Дамецік, як завіхалася ля агню са сняданкам Дамеціха. Вельмі ж борзда бегла потым да касцоў, гасцінна йрасіла аб нечым прыезджага. Звала, пэўна, падсілкавацца.
        Прыезджы з Міканорам укленчылі каля воза, перакусілі i зноў узяліся за косы. Пакуль можна было касіць, махаў касою госць побач з Міканорам, не памагаў ніяк куранёўцам дайсці да нейкай разгадкі. Праўда, асоба самога прыезджага хутка была высветлена, бліжнія ад Міканора пазналі, а хто быў далёка – пачулі, што прыезджы не хто іншы, а старшыня райвыканкома Апейка; але сэнс загадкі акалічнасць гэта не толькі не праясніла, а як бы заблытала больш: чаго ён тут, дапаў аж да мокуцьскага балота; чаго не выказвае кіраўнічай сваёй справы, а махае Дамецікавай касой! Не было б ужо такога дзіва, каб ён, калі ўжо такі прыткі, дабраўшыся сюды, загадаў, як належыць начальству, сабраць усіх, загадаў бы памаўчаць i стаў бы гаварыць пра палітыку, пра тое, што трэба выконваць куранёўцам, каб не быць у даўгу перад дзяржавай; стаў бы, як друпя, расхвальваць калгасы, заклікаць ісці ў ix. Ён жа не загадваў, ён махаў i махаў касою, я к бы другога i клопату не было; таіў, што прывяло яго ў гэту дален…
        Ранак быў сонечны, балота ўсё аж нібы зіхатліва дымілася; людзі толькі паглядвалі, гадалі, але не сгіыняліся – касілі, варушылі рады, як буслы, рупліва бялелі па ўсёй шырыні балота, на якім тырчала ўжо нямала стагоў. Сонца пякло, трава прывяла, хто-ніхто кінуў ужо касіць, a гарадскі госць усё махаў i махаў касою, як бы тое толькі i трэба было яму.
        Першая не ўтрывала Сарока: павесіўшы касу на дубок, напрасткі цераз рады, цераз някошанае падалася да Міканоравага памочніка. Стала побач, уткнула рукі ў бокі, важна прасачыла, як ён робіць. Ведала – усе, хто можа бачыць, сочаць за ёй.
        – Што, цётка, правяраеце, які касец? – хітравата зірнуў старшыня. Ён выцер далікатнай далонню твар: пот еў вочы.
        – Касец – не сакрэт – спраўны! – адгукнуўся ў тон яму Міканор. – Наняў – не шкадую! Касец – маладзец!
        – Касец – ігрэц! Ды вельмі ж стараецца!
        – Марку ж трэба трымаць! Штоб не зганьбіцца зразу!
        – Перад кім жа ето – такі старатлівы?
        – Як – перад кім! Перад гаспадаром! Перад Міканорам, дзядзькам Дамецікам!..
        – Касец – маладзец! Не сумнявайцеся, цётка!
        Сарока пільна кальнула Апейку:
        – Агіціруваць за калгас прыбуў?
        Апейка ўткнуў кассё, зноў нібы стаіў усмешку:
        – Да не ж! Бачыце ж! Памагці от Міканору трэба! Па службе ж чалавек заняты, а бацька – стары!.. – Улавіўшы хітры, мудры позірк жанчыны, з усмешкаю ж, нібы даверліва, схіліўся да яе: – Ну, і, прызнацца, зарабіць хачу! Зарплата малая!..
        – Саўсім збяднеў – год не піў, два – не еў! У чым толькі душа дзержыцца! – Сарока кпіла таксама гулліва: разумела жаргы. – Што ж ето ўласць твая абяднела так?
        – Ды ўлада тут ні пры чым! Дорага ўсё! – Апейка бачыў: за жартачкамі старая цікуе нешта, чакае; знарок сур’ёзна, заклапочана папрасіў: – Mo вам трэба помач?
        Яна як бы i не здзівілася:
        – Паможаш! З’арэш на далоньку, бяду навядзеш на Сарочыну галованьку! Скосіш на якую пятку, драбніцу – кулачкаю назавеш маладзіцу! Маўляў, батракоў наймае! Сем патоў спаганяе!..
        – Вам, цётка, не страшно! – засмяяўся ад Сарочыных прымавак Апейка. – Вам зробім выключэнне: у вас асобыя ўмовы, вы – удава!
        – Удава – сама сабе галава! А як зачнецца калекцівізацыя, дак не паглядзіце, скажаце: іксплуатацыя!
        – Дак, можа, цяпер i мне эксплуатацыю прыпішуць? – жартам напалохаўся Міканор.
        – Упішуць! Сама ў сельсавет пайду! Начальству ў вушы нагуду!
        Якой ні паказвала вясёлай сябе Сарока, пайшла назад яна, чуў Апейка, недавольная: так нічога толкам i не ўведала! Неўзабаве за ёй наведаўся Андрэй Руды; курыў, разважаў аб вялікай палітыцы, асцярожна, дыпламатычна падступаўся таксама: якія важныя справы прывялі сюды старшыню райвыканкома. Гаманіў, мітусіўся Зайчык; маўчаў найбольш, уважліва, удумліва слухаў Чарнушка; гасцей за дзень перабыло ў Апейкі нямала. Ён усё пасмейваўся, запэўніваў: памагчы Міканору прыехаў i зарабіць трэба. Ён бачыў, што ніхто не верыць яму, i быў давольны той загадкавасцю, якая ўсё расла вакол яго i надавала яго візіту ўсё большую цікавасць. З гэтай загадкавасцю расло нібы i значэнне яго прыезду сюды.
        Не было нічога дзіўнага ў тым, што надвячоркам, калі стала спадаць дзённая ліхаманка, людзей зноў пацягнула да Міканоравага агеньчыка. Пацягнула далёка не ўсіх, багата хто з гаспадароў непахісна прырос да сваіх вазоў, сваіх надзелаў, як нейкіх рубяжоў абароны насцярожана цікаваў здалёк, нібы чакаў варожага нашэсця. Агні, што чырванелі па ўсім балоце, нагадвалі Апейку табары часоў вайны; як калісьці пад Рэчыцаю або пад Мікашэвічамі… Перад боем…
        Мабыць, нямала ад каго з тых, што сядзелі ў абароне каля вазоў, сышліся да Міканоравага агеньчыка жонкі. Жанчын якраз i было найбольш між тых, хто акружаў Апейку. Яны трымаліся разам, то гаманілі між сабой, то прыслухоўваліся да таго, што гаварылі мужчыны з начальнікам; найбольш Андрэй Руды, які дабіваўся нейкага "навучнага" падыходу…
        – Дак скора ў калякціў нас пагоняць? – уламалася раптам, знарок недалікатна, Сарока.
        Апейка заўважыў – на людзях яна як бы выхвалялася сваёй грубаватасцю: глядзіце, маўляў, якая я смелая!
        Яна абрэзала Андрэя, абуранага яе некультурнасцю, знарок некультурна паўтарыла:
        – Скора?
        Апейка спакойна, зморана, з нейкай млявай усмешкай сказаў:
        – Не скора.
        – Не скора? – Сарока на момант разгубілася: не чакала такога.
        Жанчыны захваляваліся.
        – Не скора. – У цішыні, гатовай выбухнуць, дадаў: – Саўсім не будуць. Гнаць – не будуць.
        – Няўжэ? – выказваючы ўсім мудрасць сваю, не паверыла Сарока. Не тое што не таіла, знарок выстаўляла: не верце ніхто; я не веру, i вы – не верце!
        Жанчыны, гатовыя паспакайнець, насцярожана прымоўклі. Глядзелі на Апейку, чакалі.
        – Не будзем. Самі прасіцца будзеце, прыйдзе пара!
        – Aгe! – насмешліва адгукнулася Сарока.
        Яе весела падтрымалі.
        – Будзеце! – прарочая ўпэўненасць Апейкі прымусіла прыціхнуць.
        – Ды мы шчэ паглядзім: прымаць ці не прымаць! – памог Міканор.
        – Цётку Аўдоццю – адставіць трэба зразу! – падаў звонкі голас Хоня. – Штоб папапрасілася!
        – А як не будзем прасіцца? – выскачыла наперад Сарокі гарачая Чарнушчыха.
        – Папросіцеся! Пабачыце, дзе выгада, – папросіцеся! Кожны ж дабра сабе хоча!
        Тут завіраваў нецярплівы, бязладны гоман. Здавалася, ніхто нікога толкам не слухаў, усе гаварылі, часам крычалі, кожны выказваў сваё, перадуманае, гаворанае ўжо не раз, але неадступнае, балючае; сыпала нейкімі прымаўкамі Сарока, аж гарэла Чарнушчыха, круціўся, блазнаваў Зайчык. Апейка i не заікнуўся, каб перабіць галас, рынуцца абараняць, даказваць сваё, смактаў сабе папяросу з газеціны, змораны, абыякавы нібы. Гэта злавала i разам бянтэжыла; гоман то ўскідваўся люта, то ападаў без сілы – неўзабаве i зусім апаў.
        Як апошні зык ветру, што прамчаў над лесам, было недавольнае, здзіўленае:
        – Нашто ето ў калякціў усіх канешне?
        На шчаках Чарнушчыхі палалі два неспакойныя кругі, вочы зырчэлі, дакаралі.
        Андрэй Руды памог Апейку, тонам дасведчанага цярпліва растлумачыў:
        – Калякціў – ето штоб нужду сялянскую адолець лаўчэй. Рычаг, так сказаць.
        – Ты, Андрэй, памаўчы! Самі знаем – што рычаг!.. Не цябе пытаюць!
        Апейка выпусціў з рота дым, збіў пальцам з папяросы агарак. Зірнуў спакойна i як бы не разумеючы.
        – Дак вам жа, пэўна, гаварылі – нашто?
        – Гаварылі-то гаварылі. Ды мы нешта не даўмелі.
        – Нешта не можам даўмець!
        Бачыў, разумеў: чакалі, спадзяваліся – можа, што новае, не чутае ні ад каго, скажа, мо тайну якую, нікім не паказаную, пакажа. Чакалі – бачыў па вачах, якія сачылі за ім, – хто з надзеяй, хто з недавер’ем, хто непрыхільна, але чакалі не абы-як. Чакалі – як усюды ў гэтыя дні. У другім радзе раптам убачыў дзіўна знаёмы твар; успомніў мігам, пазнаў: той, што сядзеў некалі ў каморцы за маслачкоў, Васіль Дзяцел. У вачах хлопца ці ўжо мужчыны была i надзея i насцярожанасць; насцярожанасць неяк асабліва кідалася, мусіць, адтаго, што пазіраў знаёмы спадылба. "Глядзіць усё так жа…" – прайшло мімаволі ў думках.
        – Чаго ж тут не даўмець такога? – нібы здзівіўся, стараючыся прыдумаць, як завязаць далей гаворку.
        – Ды от не можам…
        Памаўчаў. Было чуваць адно, як гугняць камары. Ламала рукі, спіну – пытанне само папрасілася:
        – Умарыліся?
        He чакалі гэтага, не зразу быццам i зразумелі.
        – Чаго тут. Ведамо… – адгукнулася некалькі галасоў.
        Сярод ix, заўважыў, адзін быў Дзятла Васіля. Адзначыў сабе між іншага: глядзіць на яго, як на знаёмага, не адракаецца. "Але давер’я – небагата…"
        – І я. Я дык, можна сказаць, зусім… запарыўся… – Варухнуўся, не таіў: жалезная спіна, ліха на яе, балела – як утрываць! Ён з вінаватай, кплівай усмешкай пакруціў галавою, перад усімі прызнаў кволасць сваю: – Запарыўся!..
        – Ето я запарыў! – засмяяўся, паспрабаваў падтрымаць Апейку Міканор.
        – Стараўся вельмі! – сказаў Дамецік. – He перадыхнуў ні разу!
        – Не кажыце няпраўду, дзядзько! І перадыхаў, i рабіў не болей за ўсіх! Работнік проста не дужа!.. І работа – ліха на яе!
        – Адвык, факцічаскі, ад сельскаго труда!
        – Ето – не ў канцылярыі! – нібы падтрымаў Дзяцел.
        – A сабіраўся шчэ на работу наймацца! – без злосці напомніла Сарока.
        – Сабіраўся – прызнаю! Было такое! І цяпер не адмаўляюся: от пасплю, акрыяю! І – калі ласка, бярыце! Тсшькі – каб заплацілі добра! І – каб харчы! І тлушчы каб, i мяса!
        – Aгe, захацеў! З такімі харчамі я i сама рабіла б днямі i начамі!.. Дый шчэ што ты там зробіш! Mo не так зробіш, як з’ясі!
        – Рабіць буду, не шкадуючы спіны! Толькі ж самі знаеце – работа не лёгенькая! Папамахаць касою, устаўшы ні свет ні зара!.. Бо вы ж, мабыць, спаць не дасце!
        – Не дам!
        Апейка перачакаў смешачкі, загаварыў, нібы i не жартаваў зусім:
        – Махаць касой – то ж яшчэ не ўсё. Самі ведаеце. Трэба ж будзе i насілкі цягаць цэлы дзень!
        – Ды ў такую гарачыню, не сакрэт!
        – Дарагі ты парабак, чалавеча! Дарагая торба – не варта на яе горба! Пакланюся Богу, другога папрашу на падмогу!
        – Работа, цётка Сарока, дарагая! Акурат – для горба! Нажыву там ці не нажыву што ў вас дзеткам сваім, а горб, мусіць, будзе!
        – Будзе! Не мінеш!
        – Сагне ў крук!
        – Труднае, факцічаскі, сялянскае дзело! – філасофскі абагуліў Руды.
        – Цяжкае. Не шкодзіла б i аблегчыць! – згадзіўся Апейка. Ён раптам адчуў, як спала млявасць зморы, як бярэ запал. Сказаў горача: – Не шкодзіла б! Думаеце, акрамя вас, не баліць гэта нікому?
        – А то – баліць?! – кінуў Дзяцел.
        – Баліць.
        2
        У Апейкі была загана, якую ён ведаў у сабе i якую стараўся стрымліваць. Ён вельмі любіў тлумачальныя падрабязныя гутаркі-прамовы. Схільнасць гэтая развілася i разгарнулася ў ім асабліва з той пары, калі яму выпала на долю стаць чырвонаармейскім агітатарам, адным з першых пачынаць новае ў родных мясцінах. Чалавек дапытлівы, адукаваны сваёй цікаўнасцю i газетамі, ён звычайна ахвотна дзяліўся тым, што ведаў, цешыўся той сілаю, якую чуў у сваіх ведах i ўменні дзейнічаць на людзей.
        Але i тады, i асабліва пазней, калі стаў валасным i раённым кіраўніком, Апейка ўведаў i тое, што ўсякае слова мае сваю цану, што яно тым даражэй, чым больш у ім вагі. Вялікі жыццёвы вопыт вучыў, што каму-каму, а яго амаль заўсёдным слухачам – сялянам – патрэбна нязменна: канкрэтнасць, дзелавітасць, яснасць.
        – Ёсць ужо нямала машын, – дзелавіта сказаў ён. – Добрых машын…
        У хісткім чырвоным святле ад агню Апейка стаў расказваць, якія машыны бачыў нядаўна ў Мінску – выпушчаныя для сялян. Вось паказвалі ў рабоце конную касілку: няхітрая нібы рэч, а як легка працаваць на ёй. Кіруй адно ca зручнага сядзення, слухай толькі, як бегаюць, чыкаюць спрытныя зубы-ножыкі, падразаючы траву. A ці не прынада тыя конныя граблі: сядзі адно ды пацягвай сабе ручку, пружыністыя жалезныя граблівілы будуць кідаць ззаду ледзь не цэлыя копы. Касілкі i граблі пакуль што тут не ўсюды можна пусціць, але багата дзе яны могуць рабіць. А малатарня трактарная – пабачылі б: аірамадзіна – як прыпяцкі параход, гумно добрае снапоў змалоціць – не агледзішся! Ну, а машына, што капае бульбу: ёсць i такая – бульбакапалка; гэта дык проста-такі цуд, іншага не скажаш!..
        – Цуд-то цуд! Ды грошай – пуд! – першая вярнула людзей на зямлю Сарока.
        Апейку зноў кінулася на ўвагу: Дзяцел, у вачах якога толькі што праз недавер’е прабівалася захапленне, кіўнуў згодна – правільна кажа!
        – Пуд – не пуд, а сёе-тое каштуе! – Апейка не спрачаўся. – Адзін бядняк не купіць!
        – Ну, от, от! Я ж i кажу! – Дзяцел цяпер не кіўнуў – вачыма, якія неяк павастрэлі, чакаў, пільнаваў: што будзе далей.
        – У тым i фокус: адзін не разгонішся!..
        – А нашто вам адной такія машыны! – перабіў Міканора, здзіўлена зірнуў на Сароку Апейка. – Каторым з ix сяла цэлага – небагата!
        – Усё – калякціў, калякціў! – прарэзліва, са злосцю i адчаем уварвалася Куліна Чарнушкава.
        Умомант цішыні, увагі як i не было. Зноў гаманілі запалена, без ладу, даказвалі Апейку, Міканору, Хоню, адзін аднаму: "Які калякціў, калі адзін – адно, а другі – нібыто – другое!" – "Ето ж калі б усе адно цягнулі!" – "Адзін спіць, другі – у носе круціць пальцам, а ты – перарывайся!.." – "Землю аддай, гаспадарку!.." – уплёў у гоман сваё Дзяцел – набалелае, нібы злоснае.
        – Гаспадарка там у катораго! – плюнуў з абурэннем Міканор, ледзь апаў гоман. – Палоска – як лапцем стаць! Конь – здыхляціна! А дрыжым, крычым! Бы палацы прападаюць!
        – Здыхляціна не здыхляціна, а свая! – Дзяцел, бы яго абразілі, i не першы раз, здавалася, гатоў быў схапіць Міканора загрудкі.
        Людскі гоман ухваліў Дзятла.
        Апейка падтрымаў разважна, не Міканора – Дзятла, іншых:
        – Багатаму жаль карабля, а беднаму – кашаля!
        – От, праўда! – заківалі, загаманілі вакол агню.
        Дзяцел упяў у Апейку няцямны гарачы позірк, апаў гневам, пасвятлеў.
        Апейка перачакаў шум ухвалы, памаўчаў, чуючы |зноў на сабе агульную ўвагу. Як бы падумаў:
        – A толькі i за кашэль трымацца лішне не трэба! Калi, скажам, карабель выменяць можна!
        – Дак калі б жа знаць добра!
        – Або выгадает, або без нічого астанешся!
        – І кашаля не будзе! – дакладна выказаў трывогу Васіль.
        – Не прагадаеце! – спакойная ўпэўненасць яго, заўважыў Апейка, багата каш бянтэжыла. – От я казаў ужо – машыны. Гэта – адно. Тут усё ясна: палучыце крэдыт, возьмеце машыны… Другое – зямля. Якая яна ў вас, не вам казаць: балота ды пясочак найбольш… – Ніхто словам не запярэчыў – той кіўнуў сумна, згодна, той уздыхнуу. – Ураджай, самі знаеце – ураджай на зямлі нашай – вядомы! Бывае, i таго не сабярэш, што кінеш у зямельку такую… А яна ж i не такая безнадзейная, i ад яе дабіцца можна нечага. Калі падступіцца як трэба. Да зямлі таксама – самі знаеце – падыход трэба умелы! Трэба ўгнаенне! Багата i рознага ўгнаення… Знаеце, сколькі палучаюць ужо на такой зямлі ў калгасах?..
        Людзі верылі i не верылі, але слухалі так, што забывалі i пра ўтому, i пра камароў, i пра ноч, хуткі час мёртвага сну. Цемра то насядала на самае вогнішча, то адскоквала так, што відно было блізка нерухомае, бы зачараванае, галлё дуба. З цемры выпаўз нечы конь, стаў, выцягнуўшы храпу, глядзеў на агонь, як бы таксама слухаў. Васіль, i не адзін ён, дзіву даваўся, адкуль столькі ведаў юравіцкі госць: i колькі дзе зямля родзіць, не толькі ў нас, a i на Украіне, i ў нейкай Галандыі, i чаго недастае глебе; i якія багацці тояцца ў гіблым гэтым балоце, з якога пакуль адна толькі "карысць" – камары ды хвароба малярыя! Нібы свет цэлы сышоўся сюды, к Дамецікаваму агню: сотні калгасаў былі навакол, тысячы людзей нібы стаялі, глядзелі на ix, чакалі ix адвагі, звалі за сабою. Як бы падышлі сюды, к Мокуці, к агню, i добра знаёмыя Юравічы, i не такі знаёмы, далекаваты быццам Мазыр, i ўжо зусім загадкавыя, толькі часам чутныя ў гаворках дасведчаных людзей Харкаў, Растоў, Чалябінск. Па ўсёй краіне стараліся для сялян, для калгасаў заводы, рабілі трактары, малагарні, веялкі, рыхтавалі ўгнаенне. І ўсюды, у кожным сяле, па ўсёй зямлі шырокай, людзі трывожыліся, думалі пра калгасы; абагульнялі скаціну, маёмасць, злучалі ў вялікія палі цесныя палоскі, пераворвалі межы. Разам ішлі ваяваць з векавечнай сялянскай бядою…
        – Толькі ў арцелі, у вялікай, на ўсё сяло, сямЧ – ратунак. Толькі так збудзем злыбеду – нішчымніцу i галечу. Даб’ёмся такога, што будзе хлеб на стале – i да хлеба будзе! І самі i дзеці адзенемся як людзі. Лягчэй рабіць станем… Іначай не выб’емся! Толькі так: разам усе. Арцеллю.
        Апейка снасцярожліва, з-пад броў зірнуў на аднаго, другога – людзі яшчэ нібы слухалі. Нібы чакалі яшчэ чагосьці. Позірк сустрэўся зноў з Васілём: той нелагодна адвёў вочы.
        Міканор першы адгукнуўся:
        – Адным словам, абстаноўка ясная. Народ па ўсяму Савецкаму Саюзу пайшоў у калгасы. Значыцца, i нам, куранёўцам, пара па таму ж маршруту!
        – Aгe! Зразу! – крыкнула Сарока насмешліва.
        Андрэй Руды з важным выглядам, павучальна запярэчыў Міканору:
        – Ето не так просто: усю Расію, факцічаскі, на новыя рэйкі пераставіць!..
        – Расію-то пераставяць! – звонка заявіў Хоня. – От ці Курані павярнуць удасца – ето няясно!
        – Няма тут нічого смешнаго! – зазначыў яму Васіль.
        – Увесь народ рушыў, зразумеў, дзе яго ратунак, – ірваўся ў бой Міканор. – А мы бачыць нічога не хочам! Не хочам, хаця кажнаму, i сляпому, відно, дзе ўся выгада!..
        Апейка адчуў: цішыня зрабілася насцярожанаю. Людзі неспакойна заварушыліся, хавалі позіркі, мужчыны сталі мацней дыміць папяросамі. Васіль Дзяцел хмурна кусаў травінку, унураны, непадступны.
        Адганяючы неспакой, як бы стараючыся зноў вярнуцца на вышыню адукаванага, перадавога чалавека, Андрэй Руды філасофскі згадаў:
        – Ето шчэ Карл Маркс вучыў: пралетарам няма чаго цяраць, а набудуць яны цэлы свет…
        – Карп! Карп той – адно, а тут – другое! – прарвала Сароку.
        Рудому не далі выкрыць неадукаванасць Сарокі: завіравала зноў гамонка.
        – Дак i ідзі! Набувай! А мы пасядзім, паглядзім, як яно! – вылучыў Апейка нацяты Васілёў голас.
        – Ну i – сядзі! А за другіх не кажы! – напаў, нібы загадаў яму, Міканор.
        – А я за сябе! – не паддаўся Васіль. – Кожны сам знае!
        "Моцны арашок!" – мімаволі падумаў Апейка, бачачы, якой упартасцю гараць Васілёвы вочы.
        Калі выгаварыліся, Міканор зноў кінуўся ў атаку – заклікаць не адрывацца ад усяго народа, арганізаваць калгас у Куранях, але яго ўжо амаль не слухалі. Тыя, што былі ззаду, пачалі ціха i хутка хавацца ў цемры, разыходзіцца. Нібыта-Ігнат перабіў Міканора, нагадаў, што час позні, Сарока дадала, што пра такую важную справу цяпер i гаварыць няма чаго; ix дружна падтрымалі, i Міканору, бачылі ўсе, не было нічога іншага, як сесці ні з чым. Але ён не сеў, няўвага людская яго не толькі не астудзіла, a запаліла больш; адужваючы гоман, наперакор тым, што хацелі так сабе разысціся, урэзаў:
        – Дак я заяўляю, што хваціць ужэ нам стаяць убаку Штоб з сягонняшняга дня калгас буў i ў Куранях! І хто сягоння гатоў уступіць – няхай тут астанецца i запішацца! А хто не хоча, хто, – Міканораў запал прагнуў нейкіх асаблівых, моцных слоў,– хто проціў народа i мерапрыемстваў савецкай улады – можа ісці дадому, спаць!..
        Ён тут жа сам адчуў, што перагнуў, пагарачыўся лішне, але не паказаў нікому гэтага. Усе маглі бачыць: ён сказаў тое, што трэба, i якраз так, як трэба. Гэтых людзей праб’еш хіба інакш – далікатнымі гарадскімі слоўцамі!
        Але людзей не прабіла i Міканорава прамова: не зважаючы на тое, што ў яго словах ды i ў самой яго постаці была яўная пагроза, большасць з тых, што сядзелі яшчэ вакол, сталі дружна разыходзіцца, як бы атрымалі адно дазвол.
        Надзеў кепку Андрэй Руды, але не ўтрываў, пад шумок некалькіх куранёўцаў зазначыў Міканору, што пагражаць народу – "факцічаскі" няправільна; Міканор заўважыў між ix ціхага, давольнага Андрэевай заўвагай старога Глушака, узлаваўся:
        – Дзядзько, хваціць ужэ вашай балбатні! Або пішыцеся з намі, або ідзіце з дарогі!
        – Я-то пайду. Але его, так сказаць, не па-бальшавіцкаму!
        Андрэй хутка, але хадою пераможцы падаўся за дзядзькамі. Ужо ў цемры ён зноў загаварыў да дзядзькоў, ды Міканор не змог разабраць нічога: Сарока яшчэ раз хацела ўпэўніцца ад Апейкі, што заганяць у калгасы не будуць. За Сарокай сышоў у цемру i Васіль, які сачыў за ўсім трохі зводцалі, недаверлівы, пільны.
        Урэшце асталіся каля агніо шэсць гаспадароў: Хоня, Алёша, Зайчык, Грыбок, Міканораў бацька, Хведар крывы ды некалькі цікаўных жанок; між ix асабліва ўпадала ў вочы нейкая ўрачыстая i вінаватая Зайчыха з малым на руках. Міканорава матка глядзела з вечнай трывогай, i спакойная пастава сястры, Хведаравай жонкі, Міканору была як уцеха.
        Спачатку больш маўчалі. Было нешта новае ў тым, што чулі адзін да аднаго, была нейкая дзіўная, нязвычная паразумеласць, блізкасць. Было штосьці адзін да аднаго такое, быццам яны сваякі ўжо, браты i сестры быццам. Гэтая блізкасць чулася мацней адтаго, што з вясёлымі надзеямі лез у думкі, у душу клопат, які ў некаторых станавіўся проста-такі трывожнасцю: а як яно там будзе пазней, што выйдзе з усяго гэтага, якое пачынаецца тут парнай, душнай гэтай ноччу. Недарэмна такі задуменны сядзеў крывы Хведар, ашчаперыўшы выслізганую мыліцу, недарэмна так сціснуты былі бяскроўныя губы ў Зайчыхі. Ды i Зайчык быў не такі вясёлы, як хацеў здавацца.
        Не аднаму чулася цвярозае: ix, якія тут асталіся, як сваякі, было вельмі ж мала, на пальцах адной рукі палічыць, – ледзь не ўсё сяло было не каля агню, не з імі. Калі Міканора асабліва тачыла тое, што столькі людзей не слухалася яго, як бы не верыла яго шчырасці, то Зайчыху i Дамеціху, самога Дамеціка трывожыла, што з тых, якія нібы сачылі з цемры цяпер, не ўсе глядзелі зычліва, нават – не з простай суседскай цікаўнасцю. Былі там i такія, ведалі яны, хто кляў нема, хто скакаў бы з радасці, каб ix перуном спапяліла, каб ветрам развеяла, як заразу.
        – Небагата, – нібы падумаў Апейка, абводзячы ўсіх такімі вачыма, як бы хацеў пабачыць, хто чаго тут варты.
        – З нашым народам хіба зробіш што! – не стаў таіць Міканор расчаравання i нават злосці.– Гаворыш – усё адно як не людзям жывым, а пням у лесе! Дый пні, здаецца, угаварыць ужэ можна було б!
        – Ето праўда, – падтрымаў ахвоча Зайчык. – Сем разоў напужаюцца, перад тым як асмеляцца!
        – Бо й не так сабе ето! – Міканорава маці не ўхваліла Зайчыкавай весялосці.– Не абы-што. Пабурыць усё зразу, ды шчэ самому. Сваёй згодай…
        – Нічога, – як бы давольны ўсім, як бы іншага i чакаць не было чаго, сказаў Апейка. – На адзін вечар, можа быць, i нямала! – Ён павёў вачыма на Міканора, яшчэ на аднаго, двух, усміхнуўся. – І важна – не адно, колькі салдат, a i якія! Якасць важна, от што! Тут жа – цвёрдыя, надзейныя кожны!
        – Надзейныя! – падтрымаў Хоня. – Кожны дзесяці годны!
        Кульгавы Хведар, што абдымаў усё сваю мыліцу, адгукнуўся:
        – Ето усё адно як разведка.
        – Не мало, ей-бо, не мало! – выскачыў Зайчык. – Уся хітрасць, браточкі, як лічыць! Калі толькі гаспадароў, то i праўда – не густо! A калі ўсіх – з дзецьмі,– то з маімі ды Хоневымі – паўсяла, не меней, будзе!
        Хоня зарагатаў:
        – Ето праўда! Будзе!
        – Хваціць ужэ, – спыніў усмешкі Міканор, з твару якога не сыходзіла клопатнасць. – Не ранні час. Уставаць скора трэба будзе… Пра дзело давайце падумаем. З чаго i як пачынаць будзем… Зразу ж, не сакрэт, абагульняць скаціну i інвентар трэба: дак куды зводзіць i ставіць усё будзем, трэба рашыць… Трэба выбраць лепшыя хлявы для кароў i коней i павеці для калёс… Я тут падумаў ужэ, намеціў, дак давайце памяркуем, пастановім…
        – А як з курамі, не сказано! – перабіла яго раптам Грыбчыха. – Курэй аставіць трэба!
        – І курэй, як i ўсякую жыўнасць, будзем абагульняць, – спакойна, цвёрда заявіў Міканор; але вярнуцца да ранейшай гаворкі яму не ўдалося ўжо – выбухнуў бязладны i гарачы жаночы гоман.
        У гоман гэты ўчапілася i некалькі мужчын.
        Гоман сціх толькі тады, калі Апейка сказаў, што з курамі пакуль што пачакаць можна. Міканор намерыўся далікатна запярэчыць Апейку, пасарамаціць жанок за адсталасць, як Грыбчыха, распаленая гамонкаю, крыкнула:
        – І калі ето будзе, тое ўсё абагульненне? Кажа, як усё адно заўтра хоча рабіць!
        – Заўтра i зробім! A калі ж? – Міканор сказаў так, як гавораць на неразумную заўвагу.
        Але Грыбчыха нібы толькі гэтага i чакала:
        – Заўтра! Як жа ж ты пачнеш, калі ўсе ў балоце! Калi гаспадарка ў сяле – чорт ведае дзе!
        – Aгe, не ехаць жа ў сяло, кінуўшы ўсё тут! – падтрымаў жонку Грыбок.
        – Трэба, пакуль пагода, ухапіць, – неспадзявана згадзіўся з імі Алёша, што амаль увесь час маўчаў.– Як там яно будзе далей – Бог ведае, а пагоду трэба ўхаліць.
        – Дак што ж – калгас адкласці?!
        Алёша не глядзеў на Міканора, корпаў сукам чорную зямлю. Міканор аж кіпеў ад такой здрады, але Алёша сказаў упарта:
        – Няма калі цяпер. Пагоду ўхапіць трэба.
        – Дак ето ж, можно лічыць, i не адклад, – як бы хацеў прымірыцца Грыбок. – Згаварыліся ж разам буць. Упісаліся. І не выпісуваемся!.. Толькі што – пара такая!
        – Ухапіць трэба. Пакуль не позно.
        – Пакасіць, пажаць! Як е! Па аднаму! – Грыбчыха крыкнула так, што ўсе пачулі: хай хоць што – не пераменіцца.
        – A малаціць ужэ разам… – асцярожна памог ёй Грыбок. – Малаціць – там не гарыць так.
        – Дак ето значыць – зноў як аднаасобнікі?! – Міканор не таіў абурэння. Чуў за ўсім гэтым не так клопат пра пагоду, як хітрасць, кажучы па-ваеннаму – манеўр: пасядзець яшчэ, паглядзець, што будзе з усяго.
        Апейка заступіўся за яго, спакойна, мірна стаў даводзіць, што адкладваць надоўга неразумна, што трэба новы будынак ладзіць хутчэй, не адкладваючы. Але ці то адтаго, што гаварыў ён так, нібы i сам не цвёрда верыў, што спяшацца трэба, ці то ад людской упартасці – i яго не паслухаліся.
        – Можно памагці таму, каму вельмі трудно будзе, – як бы павінаваціўся перад Апейкам i Міканорам Алёша. – Усё адно – што ў арцелі.
        – Такі праўда, мабуць: абагульненне лепей – калі сажнем! – разважліва, ціха сказала Вольга, Міканорава сястра. – Кеб з толкам, кеб зладзіць як трэба. То ж не так просто знайсці тут, хто тых кароў ды курэй даглядаць будзе! A сколькі ўсяго другога – калі людзям дыхнуць няма як!..
        – І калгасаўскім коням, дзетачкі, сена трэба будзе даваць! – уставіў Зайчык, які найбольш сачыў – не ведаў, да каго лепш далучыцца. Ён гатоў быў далучыцца да Міканора, але баяўся, каб не падумалі, што ён шукае адну сваю выгаду.
        – Міканор, людзі кажуць праўду! – раптам проста i весела рассек вузел Хоня. – Абагульняць трэба, калі палягчэе трохі! Паспеем! Усё толькі пачынаецца!
        – Усе ўжэ даўно пачалі – у другіх сёлах!
        – І мы, бачыш жа, пачалі. Запішы ўсіх, што, значыць, – уступілі. Што – калгаснікі. Што – калгас пачаўся.
        – Дак ето ж як абман.
        – Ніякаго абману няма. Дагаварыліся. Пастанавілі. Падпісацца можам. І памагаць адзін аднаму будзем, як усе адно калгаснікі.
        – Памагаць – трэба! – не ўтрывала Зайчыха.
        – Будзем памагаць i сена касіць, i жаць. А малаціць будзем ужэ i саўсім разам!
        – Разам, – пайшоў услед ухвальны i, можна сказаць, дружны гоман.
        Міканорава расчараванне адтаго, што мара пра калгас, нават такі, нават з гэтай купкі людзей, зноў нібы не спраўджвалася, адступала да восені, трохі памякчэла, калі ўсе прыязна, дружна выбралі яго за старшыню арцелі. Гэта падзея, акрамя таго, што цешыла яго гонар, яшчэ як бы гаварыла, што калгас які ён ні ёсць, а пачынае жыць. Прытрымліваючы раптоўную ўцеху, з годнасцю абранага кіраўніка новай гаспадаркі, з відным усім разуменнем не абы-якой адказнасці, нованароджаны старшыня арцелі папрасіў старшыню райвыканкома, каб паклапаціліся прыслаць у час землеўпарадчыка, каб нарэзалі адзін зямельны масіў…
        Стары Дамецік з гонарам сачыў за кожным словам сына. Дамеціха ж, слухаючы ўсё, ціха, нясмела ўздыхала. Калі ўсё скончылася, залезла пад воз, доўга, трывожна хрысцілася…
        3
        Чэрвеньская ноч у лузе – час спачыну. Людзі спяць чэрвеньскай ноччу як нежывыя. Так было заўсёды: дзень – у клопаце, у турбоце, у гонцы бясконцай, да знямогі, ноч – толькі сон, толькі ратоўнае, непрабуднае забыццё.
        Не кожны ў Куранях датрымліваўся цяпер гэтага заведзенага здаўна парадку: вялікія трывогі, што лезлі ў душу днём, калі ад знямогі балелі рукі i спіна, тачылі, пяклі іншых i ноччу, гналі i гналі патрэбны, жаданы сон. Было i так неспакойна, а гэты юравіцкі госць, што дапаў на сваёй гарадской калясцы аж сюды, у чортава балота, яшчэ падбавіў трывожнага думання.
        Не адзін доўга, бяссонна круціўся ў гэту ноч, паглядваў з непрыхільнасцю, з цікаўнасцю на Дамецікаў агеньчык, каля якога меркавапа, дамаўлялася аб нечым купка тых, якія паверылі ў вялікую трывогузагадку. Не ўсе супакоіліся i тады, калі тыя разышліся, калі i сам агеньчык апаў, перастаў зырчаць у цемры чырвоным, неспакойным вокам.
        Думалі па-рознаму. З надзеяй на добрае i з адчаем, з цвярозай разважнасцю i хмельнай злосцю. Як ні дзіўна, хутчэй за іншых заснуў Хоня. Дапаў да копкі сена, накрыўся, пазяхнуў з той лёгкасцю на душы, з якой можа пазяхаць толькі чалавек, які нарабіўся досыць, спраўдзіў усё, што трэба, i так, як трэба. Чаго было думаць лішне пра арцель – даўно аддумана ўсё, аддумана i адрэзана. Зрабіў сёння толькі тое, што рашыў даўно. Тут яму ўсё ясна. От калі i ёсць пра што думаць-гадаць, дык гэта пра Хадоську; ён i думае, ліха на яе, здаецца, кожны вечар – от i сёння згадаў яе. Чаго яна такая вечна: абы прытуліў – рукамі хутчэй упрэцца ў грудзі яму i адно: "Не трэба!" Пацалуеш яе, а яна толькі адно – адвернецца i зноў тое ж: "Не трэба!" Hi разу не прытулілася сама, не тое штоб пацалавала! A i не скажаш, каб гадкі быў ёй, не – падабаецца; гэта ён чуе добра; а от жа, ліха на яе, дзержыцца – як з чужым! Хацеў ужо не раз плюнуць на ўсё, кінуць, дык як жа ты кінеш такую! "На калгас як яна паглядзіць? – паявілася неспакойнае. – Пакуль – калі гаварыў з ёй – не вельмі каб коса. А там – каб не занатурылася яшчэ! Каб бацька, ліха на яго, не настроіў!.."
        Згадка пра бацьку заўсёды хмарыла, цяпер i гэта не разагнала бесклапотнай лёгкасці. "Нічого, абламаецца!.. Нідзе не дзенецца!.. Нідзе не… Хадосечко!.." Ён ужо ў сне паварушыў губамі, нібы развітваючыся да наступнага дня, да новай – шчаслівай – сустрэчы!..
        Чарнушку доўга не спалася. Спачатку не давала спакою жонка – чаго толькі ні наваліла на Міканора, на Апейку, на калектыў! Дасталося разам з іншымі i самому Чарнушку; ён толькі слухаў ды маўчаў, прывык даўно: з яе слоў заўсёды неяк так выходзіла – ва ўсім паганым, што б ні дзеелася на свеце, ён быў нязменна вінаваты! Накляла, напляла, нарэшце, дзякуй Богу, як рабіла ўсё, зацята ж захрапла: дала волю Чарнушку пабыць аднаму ca сваімі думкамі.
        Перабіраючы нанава тое, што казаў юравіцкі Апейка, Чарнушка ca сваім спакойным, разважным розумам чуў: багата ў чым той мае рацыю. І пра ўраджай правільна: трэба брацца за гэта, трэба, канешне, каб зямля болей давала, каб не дарам, грэц яго, ірваць на ёй жылы. Угнаеннем трэба паддобрыць яе, гэта таксама правільна: ахвотней радзіць будзе, не можа быць, каб не падахвоцілася, дзе, канешне, не адзін пясок. А тое, што пра машыны баяў, пра гэта i казаць няма чаго: прынада вялікая, такая палёгка! І што кожнаму не пад сілу машыны хоць бы якія, гэта таксама відно было Чарнушку, як i тое, што паасобку ўсяго, што трэба зямлі, не зрабіць. Як ты навозіш аднаго таго ўгнаення, калі да станцыі ні мала ні многа трыццаць пяць вёрст! Ды i за што ты, грэц яго, купіш! Далей Чарнушкавы думкі як бы трацілі сваю яснасць: добра ведаючы, што трэба зямлі, Кураням, ён ніяк не мог пачуць пад усім цвёрдай, надзейнай асновы. Не мог толкам даўмецца Чарнушка, з чаго мусіў той калгас так пабагацець, калі ўсе сыдуцца разам, звядуць сваіх конікаў, кабылак, свае калёсы ды сані. Крэдыт – то, канешне, непагана, пакуль суд ды справа, пакуль на ногі не станет! А толькі ж крэдыт той – як прыпарка; ды крэдыт i аддаць заўтра трэба будзе; сягоння палучыш, a заўтра аддай! Дапамога ад дзяржавы – канешне, добра, але што з таго дастанецца Кураням, от што яшчэ паглядзець трэба! Памагці-то яна, дзяржава, пэўна ж, рада, але ці вельмі ж памагці i яна можа, калі Расея без канца-краю i ўсім трэба помач, i трэба бясконца заводы будаваць, грошы на ix трэба! І на армію трэба, на зброю, на харч! Ясна, што помач помаччу, а трэба, каб самі, грэц яго, станавіліся зразу на ногі! А на тое, што станеш моцна, надзеі цвёрдай i няма! І дабра небагата з кожнага, i надзеі добрай не на ўсякага: не ўсякі, грэц яго, старацца будзе на нечай паласе ды берагчы нечага коніка! Ды i паглядзець яшчэ трэба, які з таго Міканора гаспадар выйдзе, каб правіць такой сям’ёй! У якой чорт ведае, як дайсці да ладу!
        З усіх Чарнушкавых разваг выходзіла яму пакуль адно: хапацца няма чаго, глядзець трэба, куды ўсё пойдзе. Гэта браў з ахвотаю: яно супакойвала, ураз тушыла трывогу – боль за кабылку i жарабя, за карову, за гумно, аб якіх ніяк не магла не балець душа. Супакойвала яно i таму, што давала ўнікнуць пакуль вайны ў сям’i з Кулінаю, давала мір, які ён заўсёды любіў. Але спакою ў Чарнушкавай душы не было: як i ўсе дні, неадступна ныла, балела іншае – Ганніна бяда. Зноў успомніў, як хавалі малую, як упала на дочаччыну труну, як чаплялася без памяці за яе; як нікла нема над свежай магілкаю на другі ранак. Звялася зусім, счарнела ад гора… Стала нядобра, аж запякло ўсярэдзіне: з жалем за яе бяду, за няўдачу ўсю яе ўпаўзла даўняя, заўсёдная вінаватасць. З таго дня, як заўважыў, што невясёлая, не радая Гануля, вінаватасць была нібы важкім, гарачым каменем у сэрцы. І ўранку, i ўночы насіў яе ў сабе. Хоць помніў, як вінавата ў Ганнінай бядзе жонка, не дзяліў віны, караў аднаго сябе. Хіба б яна зрабіла што, Куліна, каб ён стаў тады цвёрда, адрэзаў: не! Сам, сам ва ўсім вінаваты: не ўтрымаў перад бядою дзіця, пусціў Ганулю на пакуту! Паспадзяваўся на карчоўскае дабро, паквапіўся: адзетая, абутая паходзіць, нішчымніцу забудзе! Пахадзіла, пабачыла "добрага", забыла "нішчымніцу"! Забыла – як смяялася некалі, у беднай бацькавай хаце! Даў шчасця дачцэ сваёй! Устала б, пабачыла б нябожчыца матка!
        А цяпер – з Карчамі разам – i яна кулачка, лішэнка! Як бы багацейка якая праўдзівая, як бы не парабчанка ў чалавека свайго! Усё, што на Карчоў ідзе, ідзе i на яе, i адзін чорт знае, чым усё скончыцца! І адзін чорт знае, што зрабіць тут можна, як выбавіць яе!..
        4
        Васілю прыйшла на памяць у гэту ноч ужо амаль забытая юравіцкая каморка, недалужная ноч, якою гналі яго маслачкі між чорных гумнаў. Рэдка цяпер памяць вяртала ix, толькі тады хіба, калі што-небудзь нагадвала, як сённяшняя сустрэча з Апейкам; як i ў тыя разы, i ў гэту ноч успаміны, калісьці такія горкія, прайшлі далёкаю хмарай.
        Не, сёння дык асабліва ціха прайшлі, бы i не чуў ix. Бы i не з ім, Васілём, а з некім іншым было. І ці дзіва: было тут як успамінаць Васілю аб далёкім, сатлелым, калі душа трывожылася, балела блізкім, неперажытым, i не якім дробным, a вялікім, што падступалася да ўсяго, што рабіў, чым жыў усе гэтыя гады. "Толькі пачаў станавіцца як мае быць на ногі! – балела, пякло Васіля. – Толькі пачаў жыць!.. І от – на табе!.."
        Усё нібы i шло дасюль, як хацеў. Жаніўся непагана, выгадна. Да свайго надзелу прыпісаў Пракопавай больш як паўдзесяціны, i зямлі не абы-якой! Пасаг за Маняй добры ўзяў! Скора пасля таго, як жаніўся, прывёў каня – не здыхляціну, а каня – людзям на зайздрасць! Жаніцьба выгадная – памагла!.. Памагалі вуллі: мёд – на юравіцкім, а то i мазырскім кірмашах – прыкметна падбаўляў грошай. Разам з дзедам выдзяўблі яшчэ тры калоды, усцяглі на сосны. Яшчэ ў тую восень стаў вазіць лес на хату; у пару то з маўклівым, старанным для дачкі Пракопам, то з яго Пятром: склады бярвення на двары, на вуліцы перад селішчам раслі проста ўвачавідкі. Дзякуй Богу, лес не дзе-небудзь, а пад бокам, ды i Міцю-лесніку дзякаваць: паперку на парубку загадаў узяць так толькі, для прыліку; па той паперцы заплаціў за сем дрэваў, а звёз на цэлую хату! Набраў, лічы, бясгілатна, хіба што на гарэлцы трохі вытраціўшыся.
        Увосень жа з Пракопам укапаў шэсць дубовых слупоў, паклаў падваліны. Злажыць зруб удалося небагата, бо хутка ўчагііліся маразы, паваліў снег, але аснова, што б там ні казалі, была, усю зіму цешыла вока! Хату, бачылі ўсе, стаўляў не абы-якую – пяцісценку, на два пакоі! Не лічачы сенцаў. Сенцы меркаваў потым прыставіць, вялікія, як палавіна хаты. Акрамя хаты, браўся гумно злажыць. Зімой два добрыя дубы на сохі зваліў, прывёз на санях, паклаў пад сцяной старога гуменца. Адным словам, бачыў ужо i хату новую – пяцісценку, з сенцамі, бачыў i добрае гумно, бачыў, што ў людзі выходзіць пачаў…
        "Толькі пачаў станавіцца на ногі! Толькі пачаў жыць! І от – на табе!" Аддай вуллі, якія дзяўбаў, цягаў на хвоі ці ты, ці дзед, якія кормяць, дзержаць цябе! Аддай у арцель коніка, якога набыў з трудом такім, якім, можна сказаць, i нацешыцца не паспеў! Аддай чорту нейкаму за нішто, абагуль з якою дыхляцінай; аддай у чужыя рукі, над чужыя злыя пугі, глядзі, як ганяць яго будуць, бы байструка якога, не лічачыся ні з ахвотаю, ні з сілаю яго! Аддай зямельку сваю, якая яна ні ёсць, але на якой ты цар-валадар; аддай тую пасажную налоску, з якой парадніўся толькі; аддай сваё на нічыё, змяняй матку родную на мачыху! Аддай гуменца сваё, якое ўжо ў думках паставіў, аддай плуг свой, калёсы свае, хамут, аброць, усё, што ты нажываў, агорваў, недаядаючы, недапіваючы, выжыльваючыся! Аддай за добрыя словы, за абяцанкі! Аддай за нішто!
        Не, няма дурных! З таго, што пячэ несйравядлівасць, што бачыць добра: ашукаць, абдурыць хочуць, – дужэе злая, гарачая ўпартасць. Няма дурных! Хай, каму падабаецца, той ідзе! Каму сваё надакучыла, каму гак нагана! "А мне i так непагано! Я i так пражыву!.. Вы сабе, а я – сабе!.." Узяло сумненне: так яны i дадуць рабіць, як яму хочацца! Ён тут жа згадаў Апейкава абяцанне: гнаць не будуць, але не вельмі супакоіўся, нібы не паверыў: "Будуць ці не будуць, а – не найду! Скажу: не i не! Хай хоць што!.."
        Цвёрдасць, рашучасць свая ўсё ж давалі глядзець уперад з нейкай надзеяй. Ужо не так ныла, калі думаў: "Толькі станавіцца пачаў… Толькі пачаў жыць…" Можна было ўжо думаць нават пра розныя заўтрашнія клопаты; за драбязой рознай прыйшоў неўзабаве i спакой, вольны, бяспамятны…
        Агонь, забыты людзьмі, хутка апаў, сацьмеў, але абгаркі, вуголле доўга яшчэ не тухлі, зырчалі ў вільготнай, душнай цемры каля Міканора. Доўга не ўціхаў, зырчаў i неспакой у Міканора: вясёлае, прыкрае, клопатнае ішло, лезла, тачыла i тачыла незлагаднасцю, супярэчлівасцю думак. Сярод блытаніны ўсёй то дужэй, то цішэй гаманіў, звінеў вясёлы ручайчык радасці: які ён ні ёсць, а пачатак – зроблены, арцель сабралася, аб’яўлена, арцель, як там ні глядзі, жыве! Багата ці не багата ўступіла, а арцель, усе чулі, ёсць i ў Куранях! Але ручайчык радасці амаль не бег чысты, ясны; ледзь не ўвесь час цямніла яго недавольнае: ёсць яна, арцель тая, толькі ў гаворцы; рабіць жа i жыць пакуль усе захацелі паасобку! Ды каб i рашылі разам – колькі ix у сяле, сярод іншых! Тады ручайчык зусім мутнеў: колькі часу, сілы аддаў гаворкам аб арцелі без толку! Калі думаў пра гэта, аж браў адчай: эх, людзі! Даб’ешся хіба чаго з такімі, калі чуць, разумець не хочуць нічога! Як глухія i сляпыя! Горш за сляпых! Сляпому дай руку – пойдзе! Ды падзякуе яшчэ! І глухому – на пальцах пакажы толькі! А тут: вазьмі руку – вырве! У другі бок пойдзе! Бы ў багну завядуць яго! Брала злосць, калі ўспамінаў недаверлівую гарачкаватасць Васіля – суседа: гэтаму дык i казаць не кажы, што на цвёрдую дарогу выведзеш! У гэтага свая дарога, гэты i сабе раз у тыдзень верыць! Сам, усё толькі сам, ды каб далей ад усіх! Лезе, аж ірвецца, жылы ўсе напяў! Прыдбаў трохі, хату ставіць пачаў, дык як на ворага якога зіркае! Без малога – як Глушак той стары! Уламай такога, паспрабуй! Яшчэ больш злаваў, калi на памяць прыходзіў Андрэй Руды! Калi б ні загаварыў з ім, ківаў усё, памагаў Марксам, Калініным, Някрасавым – свядомы такі, перадавы! A толькі да справы дайшло: "Не так ето ўсё просто – Расею на новыя рэйкі", – i шасць у тыл! Дэзерцір, балбатун, Маркса шчэ прыплятае! Недавольнасць брала i калі ўспамінаў, як вёў гаворку каля агню Апейка: падышоў, падступіўся – дык бяры быка за рогі, атакуй! Даб’ешся не даб’ешся, а спрабуй, атакуй! Дык не, пагаварыў, пагаварыў – i стаў! Добра, што ён, Міканор, у час выйшаў, рынуўся наперад! А то так i кончылася б нічым! І смешак – лішне ў яго; сур’ёзны момант – не да смешак вельмі!..
        З думкамі гэтымі мяшаліся клопатныя, клопаты забягалі далека аж пад восень, пад зіму: была ці не была ўжо арцель, а думак-турбот давала!..
        Апейка, які таксама блізка бачыў, як атухаў агонь, жыў зусім іншым настроем. Апейку было легка, радасна. Праўда, i ў руках, i ў нагах, ва ўсім целе была змора, але, можа быць, якраз гэтая змора i давала найбольш радасці. Даўно не рабіў ён з такім смакам: з той пары, як лёс закінуў яго на вайну, Апейка ўведаў добра, што такое радасць махаць касой, лажыць пракос свежай травы; радасць гэту не раз спазнаваў ён i пазней, калі стаў вучыцца, а потым – настаўнічаць. Пасля школьнага тлуму заўсёды з ахвотай браў ён касу, аддаваўся звыкламу калісьці, цяпер ужо нячастаму занятку, які налівае рукі, ногі маладою дужасцю. Цяпер касы не трымаў ён асабліва доўга, асабліва весела ж было яму, калі павёў Дамецікаваю касою па траве. Пасля валасной мітусні, бясконцых паездак, часта няўдалых сходаў цешылі вочы i сэрца тут каса, i вільготна-вясёлая трава, i лагодны павеў ветру, i сонечная бяскрайняя сінь. Цешыла дужасць у руках, цешыла працоўная еднасць з Дамецікам, з Міканорам, з усімі, хто касіў, насіў копы, складваў стагі. Адчуванне гэта жыло потым ля агню, жыло i цяпер, калі ён ляжаў адзін у начным поцемку.
        Перабіраючы тое, што казаў людзям, аглядваючы сябе збоку крытычным, нібы чужым вокам, Апейка таксама не чуў прыкрасці. Не так, як Міканор, – ён лічыў, што ў асноўным усё было добра: гаварыў дзелавіта, перавагі калгаснага жыцця паказваў на фактах зразумелых, даходпівых; бачыў сам: слухалі не абы-як, верачы. Канешне, практычны вынік – невялікі пакуль, але аб выніках можна меркаваць будзе пазней. Важна, каб людзі думалі, думалі правільна, каб сэрцы i галовы ix усведамлялі, што змены неабходны, што ix трэба не баяцца, a імкнуцца да ix. Што партыя хоча толькі дабра тым, хто жыве сваім мазалём… Урэшце ж, самае важнае i самае цяжкае – тое, што трэба не толькі звесці ix у адну сям’ю, але i навучыць думаць, адчуваць інакш! Трэба змяняць душы, псіхалогію ix: уласнік павінен стаць калектывістам! От у чым найбольшы сэнс! І тут – ясна – галоўнае: пераконваць людзей! Цярпліва, доказна, па-ленінску! І няхай вынік пакуль невялікі, кірунак усё ж быў правільны! A вынік канчатковы пакажа час!..
        Лёгкасць i радасць былі яшчэ адтаго, што ён бачыў над сабою неба. Не столь нудную, а высокае, з зоркамі далёкімі, бяссоннымі, неба. Ён даўно не бачыў ix так: даўно не спаў на лузе. Адтаго ён быццам раптам вярнуўся ў маленства: быў ужо не старшынёй райвыканкома, пажылым дзядзькам з безліччу клопату i абавязкаў, а малым, што прыгнаў пасвіцца на ноч кабылу. От яна, не інакш, захрапла, яго кабыла. За яе няма чаго трывожыцца вельмі: спутаў добра – от i ляжыць ён, ціхі, лёгкі, пазіраючы адно на зоры. Праўда, у цішыні яго ёсць нейкі смутак: мусіць, адтаго, што чуе, што ён не пастух малы усё ж, што маленства – далека. Што, думае, даўно не быў у той хаце маленства, што матка, мусіць, даўно глядзіць-выглядвае, што даўно не сядзеў з бацькам, не меркаваў аб дамашніх клопатах. Захацелася раптам пабачыць такі родны лазовы плот, пайсці сцежкай паўз вербы да ракі…
        Зоры. Збоку, наводдаль, чарнелі хмары, часам на ix трапяталі чырвона зарніцы; а тут былі толькі зоры, i было ціха, i цёпла, i душна. Можа, адтаго, што было душна, i не спалася; а можа, не заплюшчваліся вочы больш адтаго, што там, у высокай недасяжнасці, не спалі, глядзелі зоры. Ад ix было дзіўна маркотна: зоры трывожылі сваёй недасяжнасцю, вечнасцю; яны нібы далучалі самога да нечага недасяжнага, вечнага. Душу таміла адчуванне раптоўнай афомністасці, бясконцасці свету, дробнай, мімалётнай прыналежнасці да гэтага вечнага…
        Колькі от так ляжыць на гэтым лузе, на іншых лугах! Колькі не спяць, думаюць – аб чым мяркуюць, на што спадзяюцца? Колькі ляжала, гадала тут, спадзявалася – з таго дня, як прыйшлі людзі на гэтае мокрае, травяністае балота? Якія радасці i якія няшчасці бачыў гэты луг, як ступіў тут чалавек? Векавечныя, нязменныя з незапомных часоў тут толькі купіны, векавечныя поцемкі, векавечнае неба, векавечныя зоры. Дзесяткі, сотні гадоў чаргаваліся вятрамі ды цішаю, спёкаю ды сцюжай. Мяняліся тыя, што прыходзілі сюды з граблямі, з косамі. У турбоце, у знямозе старэлі дужыя хлопцы i маладзіцы, прыходзілі на змену новыя, такія ж дужыя, поўныя надзей, каб аддаць тут дужасць, маладосць сваю. Цэлыя таварыствы, пакаленні цэлыя змяняліся, як трава скошаная – маладой, сакавітай; нязменна, неўміруча высілася толькі неба – сіняе, хмарнае, з зорамі.
        Колькі ж тут думак перадумана, між гэтых сівых зараснікаў, колькі надзей памерла, колькі расчаравання i злосці сатлела! Людзі думалі, ірваліся душою, а жыццё ішло сваёй мернай, важкай хадою, абыякавае, бязлітаснае да людскіх мар i стогнаў! Ішло, пакуль аднойчы не павярнулі яго, не перайначылі хаду: мокрае балота бачыла тады, мабыць, натоўпы нібы незнаемых, ахмялелых людзей; яго кроілі нанава, спрачаліся, радаваліся, браліся загрудкі. Калі перакроілі, аціхла, i ўсё як бы зноў пайшло роўнай, вечнай дарогай, з тымі ж клопатамі, неспакоем, з тым жа імкненнем.
        Упершыню, як прыйшлі сюды людзі, даводзіцца ім думаць такое, пра што тут, мабыць, ніколі i не снілі. Жыць арцеллю адной, адной сям’ёй, аддаць усё нажытае, панішчыць усё звыклае, праверанае гадамі, зладжанае бацькамі i дзядамі! Ёсць чаго думаць: ніколі нікому не выпадала ламаць галаву над такой загадкай, трывожыцца такой трывогай, чуць такі неспакой перад заўтрашнім.
        Тут у высокі лад думак увайшла зямная клонатнасць: згадалася нядаўная справаздача ў акружкоме, на якой казалі ім i запісалі, што калектывізацыя ў раёне ідзе слаба. Хоць было трохі крыўдна, што ў Мазыры быццам бачыць не хацелі ўсяго, што яны тут рабілі, як ім тут цяжка, Апейка не спрачаўся ні тады, ні цяпер: як бы там ні было, зрабілі i праўда небагата. Няхай не таму, што пусцілі на самацёк, як там гаварыў хто-ніхто, a зрабілі-такі небагата. Праўда, бяда тут не толькі ў працэнтах, на якія ўжо аж лішне націскалі на бюро. Бяда ў тым – i гэта асабліва трывожыла Апейку i цяпер, i ўсе дні да гэтага, – што з тых адзінаццаці калгасаў, якія ёсць, большасць ледзь ліпяць. Бяда, вядома, што яны малалікія, а яшчэ горш, што ледзь не ў кожным няма добрага ладу. І прычына найбольшая ў тым, што мала дзе – кіраўнікі як трэба: не ўмеюць, не могуць кіраваць! Арганізацыя працы ў большасці – кепская, кепская дысцыпліна! Кепскі ўлік!.. Не хапае добрых кіраўнікоў, не хапае рахункаводаў! Не хапае вопыту!..
        Заплюшчыўшы вочы, засынаючы ўжо, Апейка падумаў, што трэба ўсе гэтыя дні, пакуль лета, аддаць калгасам – памагчы ўмацавацца ім. Падумаў з надзеяй пра восень: увосень людзі з’едуцца з лугоў, з палёў, спадзе працоўная гарачка. Увосень павінны рушыць хутчэй. Хутчэй, шырэй… А пакуль – больш увагі новым калгасам!.. І – дадому, к бацькам… выбраць час, наведацца… Пачуў, як пырхнуў недзе конь, i здалося – маленькі зноў, прыгнаў пасвіцца кабылу. І яшчэ дайшло – бліснула недзе недалёка. Бліснула i загрымела, туга, працавіта…
        5
        Раніцай неба было без адной хмурынкі. Край яго над лесам густа пунсавеў, так што здавалася, вось-вось загарыцца лес. Вышэй ад лесу пунсовасць слабела, паступова пераходзіла ў ружовасць, якая ахоплівала паўнеба. Усё на лузе: кусты, лужы, копы, пракосы – таксама ружавела. Увесь луг як бы дыміўся.
        Яшчэ да таго, як выйшла сонца, Апейка i Міканор каля воза перакусілі тым, што падала, просячы выбачэння ў госця, Дамеціха. Падзякаваўшы Дамецісе за сняданак, Апейка, у расхрыстанай сарочцы, з закасанымі рукавамі, з яшчэ больш ружовай, чым звычайна, лысінай, што свяцілася праз рэдзенькае светлае валоссе, дастаў з воза касу, неяк хітравата зірнуў на Міканора:
        – Дык што ж, можа, твая праўда – пачнем сягоння? Паспрабуем па-новаму, па-калгаснаму, а?
        – Канешне, не трэба адкладуваць! – адразу ўхапіўся Міканор.
        – Адкладваць не трэба, але трэба рабіць з толкам. Я прапаную, – Апейка глядзеў усё з хітрынкай, – улічваючы абстаноўку – пераходную форму. Касіць будзем так, быццам косім кожнаму, але – разам, калектыўна. І капіць будзем кожнаму, калектыўна. А як ты мяркуеш?
        – Можна i так, – сказаў прыкметна халадней Міканор.
        – Дык – з каго пачнем?
        – Да ўсё адно. З Зайчыка можна.
        – З Зайчыка, – падтрымаў i Дамецік, што сачыў за гаворкай збоку.
        – Што ж, давай з Зайчыка.
        З косамі цераз плячо ўдвух: адзін у крамных штанах i ў ботах, a другі, як i ўсе вясковыя, у зрэб’і, у лапцях, пачоўгалі па мокрай траве, цераз накошу, зайшлі да Хоні, які ўжо браўся касіць.
        – Куды ето выправіліся, як на заработкі? – Хоня, у расхрыстанай сарочцы, з кепачкай на макаўцы, весела бліснуў цікаўнымі, жвавымі вачыма.
        – Можна сказаць, што i на заработкі,– паддаючыся тону яго гаворкі, адказаў Апейка. – На першы калгасны заработак.
        – Рашылі з сягонняшняга дня рабіць па-калекціўнаму, – сур’ёзна, як i належыць кіраўніку, старшыні калгаса, растлумачыў Міканор. – На старых покуль надзелах, але па-калекціўнаму. Разам скасіць i прыбраць кожны надзел. Параіліся з Іванам Анісімавічам, – кіўнуў Міканор на Апейку, – i рашылі пачаць з Зайчыка. І от з-за етаго зайшлі к табе. Штоб падтрымаў першы, – кончыў прыяцельскім ужо тонам Міканор, як бы намякаючы, што Хоня таксама на асобым становішчы, Хоню – асобае давер’е.
        – Да я чаго ж, – зухавата прамовіў Хоня. – Я не ўломак! Я хоць зараз!
        Нібы паказваючы, што ён слоў на вецер не кідае, Хоня тут жа ўзняў касу, ускінуў на плячо. Утраіх напрасткі пакіравалі да Алёшы. Таго таксама не трэба было ўгаворваць, ахвотна далучыўся. Людзі там i тут ужо касілі, іншыя збіраліся касіць, багата хто з цікавасцю паглядаў на незразумелыя зборы, змовы тых, што запісаліся ў калгас. Тыя ж трое, што ішлі з Апейкам, – бачачы, як да ix прыглядаюцца, ішлі i гаманілі між сабой голасна, ганарліва, нават як бы задзірыста. Адчувалі сябе быццам не такімі, як усе, смялейшымі, разумнейшымі. Вялікае гэта адчуванне: ты ідзеш першы, першы пачынаеш тое, што яшчэ ніхто не рабіў, першы бярэшся за тое, да чаго ў іншых не хапае розуму i смеласці! Тыя, што ішлі побач, бачыў Апейка, добра адчувалі гонар i шчасце быць першымі, асабліва хвалюючыя ў такі пунсовы ранак, перад столькімі позіркамі! Не трэба было ўгаворваць, адразу дапучыліся i Грыбок i Хведарава Вольга. Гатоў быў паіісці з вясёлай ахвотай крывы Хведар; хаваючы звыкла няёмкасць за сваё капецтва, за нагу на драўлянай падстаўцы, нсцярпліва падскокваючы на кастылях, паварочваючыся то да аднаго, то да другога, папрасіў:
        – Mo касу каму адбіць трэба? Дык я ўмент!
        – Трэба будзе, прынясем! – паабяцаў Хоня.
        Зайчык ужо махаў касою. Калі падышлі, кінуў касіць, здзіўлена павёў вочкамі, але клопатнасць схаваў гарэзлівай мітуснёй:
        – Чаго ето так рано? Шчэ ж, братачкі, жонка не напякла нічого!
        – А мы найперш зарабіць хочам, – зарагатаў Хоня.
        – Да от рашылі,– у сваёй старшынскай ролі выступіў Міканор, – работаць калякціўно з сягонняшняга дня. Па чарзе рабіць калякціўно. І рашылі пачаць з цябе.
        – Я тут падумаю… – узрушана i вінавата загаварыла Зайчыха, што адразу падышла да гурту. – Я падумаю, – зірнула на Зайчыка, супакойваючы, – звару чаго-небудзь!.. Пакуль тое!..
        – Да не трэба! – заявіў Хоня. – Перакусілі ўжэ!
        – Паснедалі,– супакоіла жанчыну Вольга.
        – Не, патом усе-такі трэба! – прамовіла Зайчыха.
        – Трэба, – смяяўся i не смяяўся Зайчык. – Дзень такі!.. – Жартам, але не жартаўліва загадаў жонцы: – Разарвіся, але штоб як… Штоб як у людзей!
        Хвіліну яшчэ ўгаворвалі Зайчыкавых, што нічога не трэба. Потым спрачаліся, каму першаму ісці, каму весці; гэта было вельмі важна не толькі таму, што весці павінен лепшы касец, але i таму, што гэтым вызначалася i агульнае прызнанне перавагі аднаго перад іншымі i разам як бы аддаваўся яму знак асобай пашаны. Апейка заспяшаўся, параіў першаму пайсці гаспадару, самаму сталаму сярод усіх, самаму, значыць, i заслужанаму. Але Зайчык першы ж запярэчыў: жартуючы, дурэючы, сказаў, што ён i касец не асаблівы i, галоўнае, зусім не сталы: ні ў каго ў Куранях няма ў галаве столькі ветру, як у яго. Ён першы ж i сказаў, каб наперадзе пайшоў Апейка. Зайчыка ўсе падтрымалі, i Апейку асталося толькі падзякаваць за гонар i давер’е. Адтаго, што рад быў пракошаны ўжо далека ад краю, вярнуліся к пачатку надзелу; Апейка пракасіў першы трохі, тады побач, ззаду пайшоў Міканор, потым Хоня…
        – Ну, благаславі, старая! – засмяяўся Зайчык, становячыся, каб ісці за Хонем…
        Так яно весела i проста пачалося, на мокрым, нібы дымным, балоце, у ранак, ва ўсім, здавалася, падобны на ўсе іншыя. Балота жыло звычайным сваім клопатам, i ў клопаце гэтым мала хто разумеў, што з гэтага пачынаецца новае, не знанае яшчэ ў Куранях…
        Пад вечар таго ж дня бачылі, як Апейка зноў праехаў паўз балота, знік разам з таратайкаю ў зарасніку, што абчэгіліваў дарогу.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.