РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Мележ
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Подых навальніцы
Частка першая
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацвёрты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Частка другая
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацвёрты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Частка трэцяя
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацвёрты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
        Раздзел другі
        1
        І вось Апейка ў інтэрнаце універсітэта, на старой, пазелянелай ад старажытнасці Нямізе. І зноў хвалюе тое, студэнцкае – неперажытае, завабнае: аб’явы пра сходы, пра заняткі, нейкі загад. Запіска, прыколатая шпількай: "Хлопцы, ёсць лішні білет на "Паўлінку". Галёрка, самы высокі рад! Самая танная цана! Спецыяльна для студэнтаў! Спяшайцеся! Пакой № 9". Яшчэ адна: "Хто ўкраў канспект па Замоціну?! Неадкладна вярніце!!!"
        Прыбіральшчыца ці дзяжурная, добрая, з выгляду зусім вясковая цётка, што спаткала яго ля дзвярэй, жаласліва зірнула на Апейку, уздыхнула, паківала галавой: быў тут, жыў такі, у трэцім пакоі. Цяпер – няма, выселілі. Дзе жыве – не пыталася; але са студэнтаў павінен нехта ведаць. Паклікала аднаго, другога з тых. што паяўляліся на калідоры; ніхто з ix не ведаў. Цётка загадала ім пашукаць, хто ведае; пачалася бегатня па пакоях, і, нарэшце, прыйшоў рудаваты, з рабаціннем на носе, хлопец i сказаў:
        – Я знаю, дзе ён.
        Яны ідуць удваіх, студэнт трохі наперадзе, Апейка за ім: тратуарчык такі вузенькі, што ўдваіх ісці побач не ўдаецца. Ды i вуліца, старая Няміга, такая вузкая, цесная, што, ідучы тратуарам, сцеражыся ўвесь час, каб не зачапілі вазок ці каляска, што яшчэ коцяць па слабенькім снезе. Адліга, што зранку ледзь чулася, цяпер налезла настырней: i вецер, мокры, стылы, i пад нагамі слізгота.
        – Вы разам вучыліся? – Пайшлі ужо іншай вуліцай, таксама вузкай, але цішэйшай; можна было ступаць побач.
        – Разам. На адным курсе.
        – Як жа дайшло да ўсяго гэтага?
        – Ён i раней казаў так. Спрачаўся з тым, што пісалі. Пра Пушчу i Дубоўку.
        – З чым спрачаўся?
        – Ну, з тым, што яны нацдэмы, ворагі. Казаў, што ім перашкаджае сялянская стыхія i арыгінальнічанне. Але што яны з часам выхаваюцца ў добрых пралетарскіх паэтаў. І што ім трэба памагчы, а не адштурхоўваць…
        – І як ты лічыш – няправільна ён казаў?
        – Ды мы i самі багата хто так думалі… Толькі – не вельмі гаварылі. Так, хіба ў кампаніі сваёй, сярод таварышаў… А яму гэтага мала. У яго што наўме, тое i на языку. На сходах яго дык асабліва цягнула на спрэчку.
        – Гэта пагана, што ён на сходах – адкрыта?
        – Не, хто кажа… – Хлопец на момант запыніўся, загаварыў разважліва: – Казаць можна. Але неабавязкова лезці з усім тым, што ты думаеш. Не тое што скрываць трэба, але трэба перш падумаць, які будзе толк з таго. І тое яшчэ знаць трэба: што калі прыходзяць на сход i гавораць нейкія рэчы, то, значыцца, гэта ўсё праверана i абдумана таксама. Людзьмі, у якіх ёсць фактаў пабольш, якія знаюць пабольш… І наогул не трэба лезці на сцяну, без толку!..
        – Яго выключылі не на літфаку?
        – У нас амаль усе галасавалі супраць выключэння. Яго выключылі потым – на бюро. A ў нас сабрал’ япічэ адзін сход: аб прынцыповасці i аб шкодных праявах на літфаку. Аб ім, можна сказаць. Праўда, яго ужо не было…
        – Ён што – не перамяніў сваёй думкі?
        – Перамяніў? – Хлопец хмыкнуў: – Ён потым знарок паказваў стойкасць сваю! – Па-юначы шчыра як бы пахваліўся сваёй практычнасцю: – Я яму казаўтрэба прызнаць памылку. Прызнаў бы – i ўсё было б добра. Інакш было б!
        – Значыць, ён быў перакананы.
        – Перакананы не перакананы, a калі трэба – то трэба было прызнаць. А ён – не! Усё па-свойму, дабіваўся ўсё сваёй праўды. І – дабіўся!
        Больш Апейка не пытаўся. І спрачацца не стаў: адчуваў, што спрэчка прападзе попусту. Моўчкі, асклізваючыся, ішоў па крывых вулічках з ямамі, між драўляных, касабокіх хат з зялёным i чорным гонтам, з аканіцамі; вулічках, якія былі як сёстры юравіцкім, самай нязграбнай местачковай глухамані. Як i на юравіцкіх, амаль нідзе не было тратуараў. Каля аднаго, падобнага на іншыя, крывабокага дома хлопец адчыніў веснічкі, першы пайшоў на двор. Апейка мімаволі глянуў у акно: убачыў за цёмнай шыбай лапушысты вазон i свой цьмяны адбітак на шыбе.
        На ганку патупалі, абабіваючы наліплую снегавую, з гразёю макрэчу, сумленна выцерлі боты. Увайшлі ў сенцы, ступілі ў хату.
        – Дома Алесь? – звонка i весела сказаў хлопец, павітаўшыся.
        Сухаватая, не вельмі ветлівая гаспадыня, што знарок перастаўляла табурэтку ля стала, з увагай акінула Апейку, як бы рашаючы: варта ці не варта казаць. Незычліва адказала: дома. Але хлопец яе не чуў; ён, не пытаючыся, расчыніў дзверы, уваходзіў у другі пакой.
        – Забраўся чорт знае куды! – усё з той жа звонкасцю папракнуў ужо некага іншага. – Ледзь дацягліся! Прымай гасцей!
        Убачыўшы Апейку, Алесь ад неспадзеўкі зніякавеў. Момант яшчэ сядзеў за сталом, потым схамянуўся, устаў, ніякава паціснуў руку. Павёў вачыма па пакоі – ці ўсё да ладу. Мітусліва падаў табурэтку, такую ж, як у тым пакоі, дзе гаспадыня, узяўся папраўляць кніжкі i сшыткі на стале, прыгладзіў не вельмі паслухмяную русявую чупрыну.
        – Вуліцы, брат, – што коўзанкі! Коўзаешся ўвесь час – як кот на лёдзе!.. Што парабляеш? Вершы?
        Хлопец нахіліўся над сталом. – Ага. Руская літаратура дзевятнаццатага стагодцзя. Вучымся, значыць! Пр-равільна!
        Ён яўна строіў з сябе бывалага, баявога хлопца. Алесь не папраўляў яго i не падладжваўся: як бы i не заўважаў таварыша, які нібы не хацеў нічога разумець.
        Сеўшы зноў за стол, Алесь зірнуў насцярожана на Апейку i ўжо не ўздымаў вачэй.
        Але, чуў Апейка, жыў нялёгкім хваляваннем сустрэчы.
        Таварыш яго, якім ні ўдаваў сябе бесклапотным, усё ж хутка ўлавіў, што Алесю не да яго балбатні, бадзёра аб’явіў:
        – Што ж, я сваю функцыю выканаў
        Ён весела паціснуў руку Алесю, са сталай стрыманасцю развітаўся з Апейкам. Праз момант звонкі голас яго прыбіўся з суседняга пакоя, хвацка стукнулі дзверы…
        І калі асталіся адны, доўга яднала абодвух маўчанне. Апейка глядзеў з пяшчотаю, са спачуваннем, з увагаю: збоку здавалася – Алесь не змяніўся вельмі. Было ў твары, у постаці тое ж юнацка мілае, далікатнае, сарамяжае, з-за якога не зусім i верылася, што гэта ён, гэты далікатны юнак, так цвёрда трымаўся сумлення свайго, стаяў так перад небяспекаю. Можа, хіба толькі – цвёрдасць у падбародку, у шчаках, новая, не бачаная раней ці не заўважаная; ды i позірк недаступны, затоены. Не такі, як там, на полі…
        Апейка глядзеў i глядзеў; Алесь усё не ўздымаў галавы: не зразумець было – ці чуў сябе вінаватым, ці не хацеў папрокаў.
        Апейка першы пачаў:
        – Што вучышся – добра. Малайчына…
        Ён кіўнуў: прымаю да ведама. Галавы ж не ўзняў. Памаўчалі зноў. Раптам як бы ўспомніў штосьці, устаў, выйшаў у суседні пакой. Пра нешта ціха пагаварыў з гаспадыняю. Вярнуўся. Сеў.
        – Пра што ты там?
        – Так… Гаспадарчыя дробязі…
        – Не трэба нічога.
        Ён не адказаў. Чакаў, відаць, насцярожана гаворкі пра няўхільнае, балючае i важкае.
        Апейка спытаў:
        – Працуеш?
        – Пакуль – не…
        – Таксама… знялі?
        – Знялі…
        Апейка здагадваўся аб прычыне, але запытаў, хацеў высветліць усё:
        – Чаму?
        – Выключылі з камсамола – выгналі з работы… Не ўтаіў крыўду. На міг зірнуў на яго, сустрэўся гарачым позіркам, тут жа адвёў вочы ад Апейкі. Зноў сядзеў, схіліўшы галаву.
        – Як будзеш цяпер?..
        – Рабіць буду…
        – Дзе?
        – Ды хоць дзе. Хоць грузчыкам на станцыі.– Зноў зіркнуў горача, адвёў вочы.
        – А мо – к нам?
        – Чаго?
        – У школу. Настаўнікам.
        – Не дазволяць. Выхаванне дзяцей…
        – Я даб’юся.
        – Вас абвінаваціць могуць…
        – За мяне не турбуйся!
        – П-падумаю…
        Увайшла гаспадыня. Унесла спачатку пляшку гарэлкі. Потым – закуску: трохі парэзанай каўбасы, талерку квашанай капусты з гуркамі i яркімі кроплямі журавінак. Пайку парэзанага чорнымі пліткамі хлеба.
        Прынесла ўсё, выйшла. Алесь наліў у Апейкаву чарку, потым – у сваю. Моўчкі дакрануліся чаркамі, выпілі. Сталі закусваць. Апейку павяло на гаворку: пачаў расказваць навіны з юравіцкага жыцця. Алесь слухаў моўчкі, задуменна. Няхутка Апейка зачапіў самае чулае, балючае. Асцярожна, як да балючага, дакрануўся:
        – З-за чаго ўсё гэта?
        Алесь устаў, выйшаў да гаспадыні. Зноў пагаварыў пра нешта. Вярнуўся, наліў у чаркі. У хаце стукнулі дзверы, потым – у сенцах. За акном прайшоў абрыс гаспадыні.
        – Цікаўная дужа… Аж лішне…
        Апейка здагадаўся: гэта – пра старую. Алесь зноў маўчаў, еў паволі, сур’ёзна. Выціснуў нарэшце:
        – З-за веры ўсё…
        Ён як бы іранізаваў з сябе.
        – Якой веры?
        – Звычайнай. Сказаў, што веру аднаму чалавеку. Якому не трэба верыць…
        – Хто гэты чалавек?
        – Пісьменнік. Цішка Гартны. – Іранічная усмешка прапала. Зірнуў проста, сумна, задумаўся раптам зноў.– Быў сход у нас… Дакладчык быў з райкома… Гаварыў пра міжнароднае становішча… Пра тое, што класавая барацьба абвастраецца. Што вораг ідзе на ўсё. Што патрэбна пільнасць… Правільна, адным словам, гаварыў…
        – З-за чаго ж спрэчка?
        – Ён сказаў, што ворагі хочуць зацягнуць у свае сеці студэнтаў. Што закідвае вудачкі ўсякая нечысць – нацдэмы розныя, розныя гартныя. З яго слоў выходзіла, што ў літаратуры гэтай нечысці болей, як жаб у балоце. Што ледзь не ўсе ў літаратуры – людзі падазроныя… Я i выступіў. Сказаў, што нельга без падстаў абкідаць усіх гразёю…
        – А ён – што?
        – Ён пачырванеў. Нават – пасінеў. Але стрымаў сябе. Заявіў з абурэннем, што ён не абкідае нікога гразёю. Што абвінавачвае таго, хто заслужыў гэтага. Прадажных нацдэмаў – Гартных, Зарэцкіх i ix кампанію. І як ні шкода некаторым цяперашнім гімназісцікам ix – факты ёсць факты… Я выступіў зноў i сказаў, што калі ёсць факты, што Зарэцкі i Гартны – ворагі, то чаму ён ix не назваў. Што тое, што ён казаў,– адна лаянка. Што лаянка, якая яна ні ёсць, не замяняе фактаў… Ну, студэнты сталі крычаць, падтрымліваць мяне. А некаторыя з кіраўніцтва – дакладчыка. Сталі даказваць тым, што пра гэта i газеты пісалі. Што – ворагі. А я на тое – што i газеты – без дастатковых фактаў! Тады i – пачалося!
        – А чаму ты так упэўнен, што не памыляешся? Што ты ведаеш дастаткова?
        – Чаму ўпэўнен? – Хлопец проста на Апейкавых вачах перайначваўся: ужо i знаку не было нядаўняй сарамяжасці, ніякавасці. Усхваляваны, з чырвонымі плямамі на твары, ён зірнуў так горача, цвёрда, што Апейка раптам адчуў: як ён, настаўнік, не малады i не сляпы нібы чалавек, так мала ведаў яго. – Чаму ўпэўнен? Хоць бы таму, што ён пасылаў свае допісы ў "Правду" тады, калі бальшавікоў на катаргу ссылалі. Ці таму, што ён сам падпісваў дэкрэт гipa абвяшчэнне савецкай улады ў Беларусі. Хіба гэтага ўжо аднаго мала, – каб верыць чалавеку?
        – Так, гэта… нямала…
        – Нямала… A ў яго ж ёсць i такі "дробны" доказ як дзесятак кніг. Ён першы ў нашай літаратуры – яшчэ да рэвалюцыі – выбраў сваім героем рабочага. Не дзеля выгады ж, так я сваім "дурным" розумам мяркую, – выгаду гэта ў той час, здаецца мне, наўрад ці давала. Значыць, выбраў ад душы? Ад духоўнага братэрства? Сам рабочы, ён i выбраў сабе ў героі такога ж рабочага. І гаварыў аб ім i ад яго. Так мне "здаецца". Па адных кніжках, здаецца, можна было б зрабіць вывад, што за чалавек!.. А я ж яшчэ ведаю яго трохі i, можна сказаць, асабіста. Ведаю, як прыхільна прымаў ён кожную кніжку такіх, як я…
        – Але ж у яго былі "грахі". Памылкі – i сур’ёзныя…
        – Былі,– згадзіўся Алесь. Зноў зірнуў горача, ясна. – А як ix магло не быць, Іван Анісімавіч, – памылак? Былога гарбара паставілі раптам кіраваць цэлай рэспублікай, цэлай, можна сказаць, дзяржавай! Паставілі даваць новыя ацэнкі ў такой складанай гісторыі народа! Як можна было не памыліцца ні разу, жывучы ў такі незвычайны, такі бурны час! Для гэтага трэба было – я не ведаю, кім быць? Геніем – дык i геніі ж рабілі памылкі – ды яшчэ якія! Вазьміце хоць бы Талстога!.. А ён жа – не геній. Ён – да ўсяго – не вельмі i граматны. Ён у нечым i астаўся на ўзроўні гарбара. Я сам чуу, як некаторыя, больш адукаваныя, пісьменнікі падсмейваліся з яго. З капыльскай мовы, з манеры гаварыць… Яго адукацыя – капыльскія вечары над кнігамі. Гутаркі з рабочымі, з салдатамі – у Рызе, у Пецярбурзе. Трохі пабыў каля вопытных партыйных кіраўнікоў у Маскве. Вось i ўвесь яго "універсітэт", перад тым, як яму трапілася стаць у першы рад народа. Дык хіба ж дзіўна, што ён i нямала зрабіў добрага, i нямала – наблытаў? – Хлопец быў так усхваляваны, гаварыў так шчыра, што Апейка сам хваляваўся, паддаваўся i яго шчырасці, i ўзрушэнню, i разумнасці,– проста дзіўнай для такога зялёнага юнака разумнасці, сталасці яго разваг. Быў ужо не толькі жаль аб ім, a i гонар, неспадзяваны, невыказны гонар за яго, як бы недарэчная радасць. З роздумам, даверліва, як сябру, Алесь сказаў: – Папраўдзе, Іван Анісімавіч, яго трэба было б паслаць на добрыя паліткурсы! Пабачылі, што памыляецца часта, – папрасіце, каб вызваліў крэсла. І каб не траціць добрага чалавека, які яшчэ можа спатрэбіцца, пашліце павучыцца! У свой час яму не было калі вучыцца!.. Калі ўжо на тое – памыліўся асабліва сур’ёзна, зрабіў асаблівае глупства – наківайце строга! Суровую вымову ці яшчэ што дайце!.. Я так мяркую сваёй "дурной" галавою… Дык не ж: зразу – нацдэм, нацыянал-дэмакрат! Прыслужнік буржуазіі! Вораг!.. Ды яшчэ не смейце сумнявацца!
        Ён быў увесь перад Апейкам: са сваёй крыўдай. сваім роздумам, сваімі перакананнямі. Было ў ім нешта вельмі юнае, амаль дзіцячае, бездапаможнае: у тым, як ён гаварыў, з якою крыўдай, – i было разам надзіва сталае, дарослае: у тым, як ён разважаў. Апейка дзіўна чуў, што, няхай хоць бы ў тым, што ён казаў, ён ведае не менш, а больш за яго, немаладога ўжо чалавека. Ад гэтага ў Апейкі было дваістае пачуццё да Алеся: i як бы бацькі i – таварыша. І дваістасць была яшчэ адтаго, што ён бачыў, што хлопец не вінаваты, што ўсё тое, што напісана было, паклёп, i Апейка рад быў гэтаму: не памыліўся ў ім! Але разам быў яшчэ i боль за тое, што на добрага савецкага хлопца навалілі такую няпраўду, што абышліся так чэрства i так несправядліва.
        Што Апейка мог сказаць яму? Іван Анісімавіч, як рэдка калі, адчуваў, што яму цяжка гаварыць, цяжка падбіраць патрэбныя думкі i словы. Ён не хацеў вярэдзіць крыўду хлопца, i без таго балючую; адтаго, што было па-бацькоўску шкода яго i трывожна за яго, за тое, што ўсё гэта можа збіць хлопца з тропу, хацелася супакоіць: каб глядзеў навокал без такога болю. Каб бачыў, як усё ў жыцці ix няпроста…
        – Уся бяда, што не так-то проста выявіць, хто вораг, а хто – не вінаваты, – сказаў ён па-бацькоўску. – Сам ведаеш – абстаноўка якая!
        Гэта Алеся не толькі не супакоіла, a запаліла яшчэ больш.
        – Дык не трэба так проста i вешаць ярлыкі! І не трэба крычаць на чалавека, калі ён хоча дакраць, што не вінаваты!.. – Губы яго па-дзіцячы смыкнуліся. – Абараняць от цяжка, a абвінавачваць – легка!.. Цяпер жа той, хто абвінавачвае, часта выглядае – як герой! І чым з-злей крычыць, т-тым – б-большы герой!
        Што Апейка мог запярэчыць на гэта? Мімаво; згадаў Галенчыка, яго пагрозы на сходзе…
        – Нічога, гэтыя, як ты кажаш, "героі" хутка зла маюць сабе галаву! Гэта – героі на хвілінку! Пакуль – шумна!..
        Алесь не адказаў: быў, відаць, нязгодны. Апейка ўспомніў, што чыстка Гартнага ў наркамасветы ішла чатыры дні i што там некалькі чалавек заступаліся за яго.
        – Заступаліся, – ахвотна, але нявесела кіўнуў Алесь. – Паспрабавалі абараніць. Дык што ж выйшла! Што потым напісалі, як падалі гэта! "Арганізаваная вылазка раз’юшанай нацыянал-дэмакратыі!" "На бязлітасную барацьбу з нацдэмакратызмам – дапаможнікам сусветнага сацыял-фашызму!.." То ні за што навесілі знак напдэма, то ўжо гатовы аб’явіць ні мала ні многа – фашыстам! І заадно – людзей, якія сказалі, што гэта – няпраўда! Што ён пры ўсіх сваіх "грахах" – савецкі чалавек, бальшавік!.. І дзе сказалі – на адкрытым партыйным сходзе!
        Алесь, як бы штосьці раптам успомніўшы, стаў хутка корпацца ў паперах. Дрыготкімі ад хвалявання пальцамі выцягнуў лісток, спісаны яго почыркам. Дрыготкім ад узрушэння голасам загаварыў:
        – У нас некаторым варта было б напомніць, што казаў гipa такія рэчы Ленін. Хоць кожны дзень напамінаць! – Ён стаў чытаць, выразна, як бы ўрачыста: – "Точные факты, бесспорные факты – вот что особенно… необходимо… если хотеть серьезно разобраться в сложном и трудном вопросе…" От што казаў Ленін! Нібы спецыяльна для такіх дзеячаў! – Ён з пашанай разгладзіў паперку, раптам зноў задумаўся: на чыстым юнацкім твары зноў паявілася клопатнасць. Потым зноў сказаў трывожна: – Аж страх бярэ – як легка цяпер некаторыя вешаюць людзям усялякія ярлыкі. Скажа – "вораг", "нацдэм", "прыслужнік фашызму", – i яму хоць бы што! Таму, хто хоча заступіцца за невінаватага, могуць так даць, што не рад будзе! А таго, хто ні за што абзаве ворагам нашага ж чалавека, – ледзь не хваляць!
        – Калі цячэ рака, нясе яна i пену, – сказаў разважна Апейка. – І бруд таксама нясе. І ламачча гнілое. Усякага трапляецца ў ёй, сам знаеш… – Апейка стаў расказваць яму пра сваю чыстку, пра Галенчыка, пра Белага, Беразоўскага, Гайліса.
        Алесь слухаў яго моўчкі i нібы няўважліва, думаючы пра нешта сваё. Яшчэ да таго як Апейка скончыў, за акном праплыла гаспадыня: хустка, плечы. Стукнулі дзверы, спачатку ў сенцах, потым у хаце.
        Алесь загаварыў так, быццам думаў уголас:
        – Хтосьці казаў: самае важнае – паставіць у час кропку. Гэта правільна. Самае важнае заўсёды – пачуццё меры. Любую разумную справу можна давесці да абсурду. Да злачынства нават… Асабліва ў такі час, калі ўсё ў заўтрашнім дні…
        Гаспадыня прынесла, паставіла яшчэ бутэлечку гарэлкі, капусты i хлеба. Апейка сказаў, што піць больш не будзе; папракнуў Алеся за тое, што п’е. Той адказаў знарок бесклапотна:
        – Гэта не часта…
        – Трымацца трэба.
        – Стараюся…
        Яны яшчэ нямала гаварылі, найбольш ужо аб родных мясцінах, знаёмых людзях, успаміналі сустрэчы, перажытае. Між гэтых успамінаў Апейка па-бацькоўску параіў напісаць матцы i сястры – супакоіць ix. Пра што ні гаварылі, жыў у Апейку, не адступаў неспакой пра Алесеў лес: сказаў яму напісаць заяву ў ЦК камсамола – папрасіць пераглядзець усю гісторыю.
        – Я напісаў…
        – Не адказапі яшчэ?..
        – Не…
        Алесь правёў яго да гасцініцы. З гасцініцы Апейка адразу пазваніў Беламу, але таго не было. Ён пазваніў другі раз i таксама не застаў. Толькі на трэці раз Апейка пачуў голас Белага. Белы адазваўся прыхільна, але сказаў, што цяпер заняты вельмі i сустрэцца можа толькі праз паўтары гадзіны.
        Роўна праз паўтары гадзіны Апейка сядзеў у пакоі Белага. Белы i тут трымаўся спакойна i проста: без якой-небудзь важнасці ці насцярожанасці, i разам з тым без той гасціннасці, якой іншыя кіраўнікі паказвалі свой дэмакратызм i якую Апейка вельмі не любіў. Ён пацікавіўся, як Апейка ўладзіўся ў гасцініцы. Сустрэўшыся з ім позіркам, Апейка чакаў ужо, што ён зараз захоча даведацца аб прычыне візіту яго, калі Белы раптам запытаў, ці чытаў Апейка рашэнні лістападаўскага пленума ЦК. Стаў расказваць пра тое, што Апейка ведаў пакуль толькі па чутках, пра справу Бухарына. Пленум, сказаў Белы, абмеркаваў новую заяву Бухарына, Рыкава i Томскага ад І2 лістапада, ацаніў яе як фракцыйны манеўр, падобны да трацкісцкіх.
        – Бухарына вывелі з Палітбюро. Рыкава i Томскага папярэдзілі. Пры самай малой спробе зноў працягваць барацьбу супраць ЦК будуць прыняты аргмеры.
        Ён не стаў тлумачыць значэння падзеі, ведаў, Апейка ўсё разумее. Апейка заклапочана памаўчаў, нібы паказваючы, што i не трэба тлумачыць. Правая апазіцыя зноў рашыла даць бой i пацярпела паражэнне. У маўчанні было i разуменне таго, што ўсе тры правыя лідэры – члены Палітбюро, кіруючыя дзеячы: Рыкаў – старшыня Саўнаркома, Бухары и – рэдактар "Правды", Томскі – старшыня ВЦСПС. Правыя зноў спрабавалі павярнуць партыю на свой лад…
        Ён зірнуў на Апейку, нібы пытаючыся: які клопат прывёў сюды. Уважліва слухаў, пакуль Апейка расказваў пра Алеся, пра бяду яго.
        Калі Апейка скончыў, стрымана, дзелавіта сказаў:
        – Добра, я займуся гэтай справай. Што змагу, зраблю.
        Ён запісаў прозвішча, імя, запытаў, каму ў ЦК камсамола напісана пісьмо. Апейка заўважыў, што аловак трымае ён у руцэ цвёрда i піша цвёрда, i падумаў, што ён, праўда, зробіць усё, што можа.
        Белы зірнуў засяроджана, раптам загаварыў павольна, важка:
        – Тут яшчэ з адным пісьменнікам гісторыя была. З Міхасём Зарэцкім. Тым, каторы напісаў раман "Сцежкі-дарожкі". Зарэцкі, як кажа ваш паэт, таксама нямала наблытаў. Яго моцна пакрытыкавалі. І не толькі пакрытыкавалі. Той-сёй з партыйных кіраўнікоў рашыў, што яму наогул не месца ў партыі. Далі такую параду ў пярвічную ячэйку, дзе быў Зарэцкі. У ячэйку Дзяржаўнага выдавецтва. Там разабралі яго справу i, хоць за Зарэцкага некаторыя моцна заступаліся, выключылі. Дзевяць было за выключэнне, сем – супроць. Фактычна – выключылі пад націскам зверху. Зарэцкі напісаў заяву ў ЦКК. ЦКК разабралася як мае быць i рашыла, што падстаў дастатковых для таго, каб выключаць яго з партыі, няма. І аднавіла ў партыі. Тут бы, здаецца, канец справе. Дык не ж. На адным партактыве выходзіць на трыбуну газетны дзеяч – Бухімовіч, вы яго, можа, ведаеце. І апошнімі словамі крые ячэйку за Зарэцкага. За патуранне ворагу, за страту класавага пачуцця. За палітычную слепату. Мала таго, адважна выпнуушы грудзі, крые ЦКК.
        Тымі ж самымі словамі. Громіць усіх. Ён – адзін класава чулы, палітычна прынцыповы, непахісны! Яго асабістая думка вышэй думкі ўсіх іншых, думкі партячэйкі, ЦКК!..
        – Я з адным такім пазнаёміўся ўжо, – адазваўся Апейка. – На чыстцы ў Юравічах…
        – Галенчык не адзін… Модна сгановіцца выкрываць, крычаць, лупіць – пад маркай прынцыповасці! Модна i выгадна. І рызыкі ніякай, i смелым паказаць сябе можна! Лепшым за ўсіх! Архібарацьбітом, архібальшавіком!
        – Мне здаецца, што гэта падобна на спекуляцыю, – горача падхапіў думку Белага Апейка. – Спекуляцыя на цяжкасці моманту…
        – Спекуляцыя, – згадзіўся Белы. – У аснове якой вельмі часта – кар’ерызм. Імкненне пагрэць рукі на сітуацыі, выскачыць на чужой бядзе. Зрабіць кар’еру… – Ён дадаў раздумліва: – Па сутнасці ж, гэтыя дзеячы часта выступаюць як правакатары. Падбіваюць на падазронасць, нецярпімасць…
        Апейка адчуў у голасе яго трывогу, падумаў, што Белы, мабыць, не першы раз думае пра гэта i, можа, не першы раз гаворыць.
        – Адзін чалавек – можна сказаць, звычайны, абмежаваны, з неабмежаванай хіба амбіцыяй – ставіць сябе над дзесяткамі партыйцаў, над цэнтральнай партыйнай камісіяй! Выбранай з’ездам! І ніхто там не выступіў супроць яго! Усе палічылі гэта нібы нармальным!
        – Слухалі яго, можа, таму, што ён усё ж не радавы камуніст. З павагі да пасады…
        – Можа быць… – Белы раптам прамовіў: – Нягоднік з пасадай – гэта нягоднік у квадраце. У кубе.
        Ён устаў, як бы паказваючы, што гаворку канчае. Ужо каля дзвярэй затрымаўся, перад тым як падаць руку, сказаў:
        – А Галенчык спраўдзіў пагрозу. Напісаў. Тлумачыць прыходзіцца… – Не выпускаючы руку, дадаў: Але вы не хвалюйцеся. Я растлумачу ўсё. Як належыць. – Белы вымавіў "растлумачу" спакойна, з годнасцю…
        2
        Вячэралі ў рэстаране ўпяцёх за адным стадом Аніся, яе новая сяброўка, вусаты, гаварлівы старшыня калгаса з-пад Полацка, рухавы, увесь у бліскучых рамянях камандзір-пагранічнік, Апейкаў сусед па пакоі Кампанія была выпадковая, – i выпадковая, раскіданая аж лішне вясёлая, гаворка была за сталом. Прычынай таму быў, мусіць, рэстаран: чысціня, бляск, гоман навокал, агульная святочнасць у зале; напэўна, памагала i піва, якога нямала-такі выпілі за вечар. Вусаты старшыня нібы жартам падладжваўся да Анісі, якая прыкметна раставала, час ад часу адно няёмка паглядваючы на Апейку. Увесь вечар ёй дзіўна хацелася рагатаць. Сяброўцы таксама было весела; асвойтаўшыся з прасцецкім, таварыскім пагранічнікам, яна дапытвалася з захапленнем i страхам: "А шпіёнаў вы лавілі?.. А якія яны?.. A няўжо ж вы ix так проста бачылі? І не страшна было?!" Пагранічнік ухіляўся гаварыць пра сваю справу, ахвотна i дасціпна расказваў усялякія вясёлыя гісторыі, анекдоты, чым выклікаў аж раўнівую зайздрасць у палачаніна: Аніся таксама з захапленнем смяялася пагранічніку…
        Апейку, хоць ён з-за таварыскасці падтрымліваў кампанію, было не вельмі весела. Была нейкая хваравітая ўзрушанасць, i гаварыў неспакойна, i слухаў нецярпліва, i ўвага была прычэплівая, зласлівая. Не падабалася легкадумнасць зямлячкі, злавала назойлівая, не заўсёды разумная балбатлівасць старшыні. Адно пытанне яго ледзь не прарвала Апейкаву стрыманасць. Вельмі сур’ёзна i разам з усмешачкай, як бы звысака, вусаты запытаў: "А праўда – вашы кажуць: "Палешукі мы, а не чалавекі?" Ён захіхікаў, пакруціў галавою: дзівакі! Апейка толькі i сказаў з насмешкаю: "Не чуў! Прыеду – папытаюся!.."
        Ён першы ўстаў з-за стала. Пагтрасіў прабачэння, развітаўся. У пакоі адразу ж раздзеўся, лёг у пасцель. Думаў, тут жа засне, але сон не ўзяў.
        Па сцяне пайшоў водбліск нейкага святла, нейкія ўзоры; здалося, нібы сцяна зрушылася, нахілілася, папаўзла дзіўна коса; ён здагадаўся, што водбліск – ад фар аўтамабіля. Праз некалькі хвілін святло зноў папаўзло, зрабіла ўсё зноў няпэўным, незвычайным; паўзлі зноў дзіўныя ўзоры, знакі, што як бы дадавалі ўР а " жання незвычайнасці. Ён падумаў: ад чаго гэтыя знакі,– ад фіранак, ад рам, ад галін са скверу? – але ўражанне незвычайнасці, няпэўнасці так i асталося ў душы. Ніяк не i шло супакаенне. Бачанае ўдзень, чутае, сказанае лезла ў галаву, нагадвала, хвалявала.
        Учапілася недарэчна: "Ці праўда – вашы кажуць самі: "Палешукі мы, а не чалавекі"?" Пашкадаваў: дарэмна не адказаў як след. Адбыўся жартам. Трэба было сказаць як мае быць. Не знайшоўся. У яго заўсёды разумнае прыходзіць у галаву потым…
        "Самі кажуць: "Палешукі мы, а не чалавекі"". Чаму гэта пайшло так шырока? Чаму ў гэта вераць? Ці таму, што яно падобна на анекдот; як анекдот, як парадокс, урэзваецца ў памяць? A людзі бяруць на веру, дзівяцца. Вераць… І газеты нават пішуць часам: раней палешукі самі гаварылі: "Палешукі мы – не чалавекі". Праўда, разумныя людзі ў газетах тлумачаць гэта праклягым мінулым: людзі былі такія цёмныя, дзікія, што не лічылі нават самі сябе за людзей, чалавекаў. За каго ж яны сябе лічылі?"
        У гэтым – цяпер, у неспакойнай цемры асабліва – Апейка чуў нешта вельмі крыўднае, абразлівае. Ён чуў гэта i як крыўду сабе – усё ж ён ніколі не забываў, што сам паляшук, – i як крыўду тым, з кім жыў, каго любіў. Ці ж не абраза верыць, што чалавек так прынізіў сябе, так звык душою да гэтага, што ўжо нават i за чалавека не лічыць сябе. Да такой нікчэмнасці дайсці!..
        Гэта не толькі крыўдзіла Апейку, але i злавала, як мана. Гэта была – мана. Няхай часта не ад пагарды, але – мана, мана. Колькі ні жыў у сваёй старане, начуўшыся ўсяго ўсякага, – ні разу не чуў гэтага: "не чалавекі". І не чуў, i не адчуваў… Не было такога… Была цёмнасць, наіўнасць, дзікасць нават. Што было, тое было. Але здзеку з сябе такога – не. Не было. Хіба што так, для выгляду, з хітрыкаў якіх, для якой-небудзь сваёй карысці. З хітрыкаў – гэта маглі, для якойнебудзь выгады – маглі сказаць i што-небудзь падобнае; сказаць, каб потым парагатаць з нягегласці таго, хто паверыў. З даверлівай дурнаты. Як маглі не заўважыць: у многіх з гэтых "нечалавекаў" век жыло перакананне, што яны вышэй за другіх. Што ў ix i "законы", i парадкі лепшыя, i яны самі – разумнейшыя. Што ёсць, тое ёсць. У якой-небудзь гіблай, за гушчарамі, за багнамі вёсачцы – не дзіва: дзядзькі ці Цёткі падсмейваюцца з суседзяў з-за балота, пацяшаюцца з гарадскіх – звычаяў i парадкаў. З убораў гарадскіх паненак, з дурнаты гарадскіх дзядзькоў, трэба ж такое, не ведаюць, чым кормяць цялят i як растуць булкі. Ці не ад гэтага пераканання i ў казкахусякі пан – дурань, i нават мужычы дурань з дурняў Іван разумнейшы за самага разумнага пана?.. "Палешукі мы, а не чалавекі…" Апейка падумаў: дзе-дзе, a ў ix старане дык аж лішне гэтага непахіснага пераканання ў сваёй дасканаласці. Дзе-дзе, а тут лішне ўжо любілі іншыя пахваліцца, пакрасавацца, паказаць сваю хітрасць, свой розум. Ён успомніў палескі жарцік, не раз чуты дома: "А за Гомелем людзі е?" – "Е. Толькі – дробненькія". Успомніў – i сам сабе засмяяўся: ці не ад ix, не ад юравіцкіх, пайшло гэта ў свет?
        Ён раптам пашкадаваў: усё ж непагана было б, каб гэтай веры ў сваю дасканаласць, сваю перавагу было б трохі менш! Менш яе i менш – недаверлівасці да ўсяго, што ідзе ў сёлы. Лягчэй было б рабіць з людзьмі, весці на новую калгасную дарогу.
        Адсюль развагі падышлі зноў да таго, пра што ён думаў не раз раней: як мала ведаюць пра Палессе, пра вялізны балотны край, пра мільёны людзей! Большасць, нібы культурных, людзей, калі даводзілася гаварыць пра Палессе, прыгадвала някрасаўскае: "Видишь, стоит, изможден лихорадкою, высокорослый больной белорус… Ноги опухли… колтун в волосах…" Іншыя ўспаміналі што-небудзь падобнае на "палешукі мы, а не чалавекі…". Апейка пачаў перабіраць у памяці, што гавораць пра Палессе кнігі. Ён чытаў ix усе, якія мог дастаць. Некалькі талковых кніг ира прыроду – пра лясы, балоты, пра птушак, пра звяроў; некалькі зборнікаў – запісаў казак, песень ды звычаяў. З ix маляваўся воблік народа: ціхія, дзікія, у палоне забабонаў. У гэтым таксама было нямала праўды, але як далека было да вялікай праўды! Як мала – пра бязмежна багатае людское мора, імя якому – народ!.. Ад чаго гэта? Ад імкнення спрашчаць? Імкнення да нейкай простай, зручнай высновы?..
        Думаючы, згадваючы, Апейка прыкмячаў недавольна, што ў душы яго ўсё нейкае хваравіта ўзрушанае, чулае, што нават на звычайныя думкі адгукаецца яно неспакойным, вярэдлівым хваляваннем. Было нешта ад той узрушанасці, з якой ён сядзеў у рэстаране, толькі цяпер, на адзіноце, сярод цемры, усё гэта чулася мацней. Тут ён злавіў сябе на адчуванні, што аб чым ні думay, за ўсім чуў большае, больш важнае, больш трывожнае. Ён знарок чапляўся думаць пра іншае, спакайнейшае, стараўся не трывожыць сябе; але i думаючы пра іншае, ён не мог не чуць водсвіту таго, больш важнага i паганага.
        Яно ўсё вісла над ім, навальвалася, гняло. Усё намагалася прарвацца ў думкі. Ведаючы, што ні да чаго добрага не дадумаецца з ім, Апейка гнаў яго, спадзеючыся, што ўсё абыдзецца, што прыйдзе патрэбная бяздумнасць, спакой. Трэба было спаць: выспацца перад не абы-якім заўтрашнім днём. Але спакой не ішоў.
        "Цьфу ты, як хвароба! – вылаяўся ён. – Лезе ўсякае! Усякая непатрэбшчына!.. Знайшло час!.." Ён павярнуўся на другі бок, паспрабаваў яшчэ заснуць, але адчуў, што супакоіцца не зможа, i перастаў ужо гнаць тое паганае i трывожнае. "Галенчык… Пільны i непахісны Галенчык. Усё-такі напісаў!.. Белага адклікалі!.. Дабіўся!.. Значыцца, не скончылася. Значыцца, чысціць будуць яшчэ!.. І, значыць, можа яшчэ павярнуцца i інакш!.." Гэта ж яго шчасце, што там аказаліся Белы i Беразоўскі! А каб не Белы, а яшчэ адзін Галенчык? Ці ж цяжка было трапіцца яшчэ аднаму такому?.. Мяркуючы ж па тым, што казаў Белы, i тут ёсць свае галенчыкі. З большай сілаю… Вунь як ухапіўся павярнуць гісторыю з Зарэцкім! На цэлую партячэйку, на ЦКК адважна замахнуўся!..
        Зноў убачыў, як зрушыла, нахілілася, коса папаўзла сцяна; стала потырч, упала ў цемру. Адолеў, адагнаў кволасць. "Глупства ўсё! Далікатныя нервы! П’яны хмель!.. Піць не трэба было! Не трэба!.."
        Раптам ён нібы зноў пабачыў сябе ў пакойчыку з вазонамі, раскіданыя паперы на стале; Алесь як бы i цяпер сядзеў, звесіўшы галаву. "За што ж цябе гэта?" – "За веру…" Умомант, з незвычайнай яркасцю, уражлівасцю, урыўкамі, што ішлі без парадку, абы-як, зноў апанавала яго бачанае, чутае там. Памчалі, закружыліся, як бы радуючыся, што прарваліся, думкі пра Алеся, пра яго лес.
        Чаму з ім так абышліся? Таму толькі, што сказаў тое, што думаў? У чым яго парушэнне камсамольскага статута? Парушыў дысцыпліну – не згадзіўся з думкай райкома? Але ж сіла наша – не ў бяздумнай дысцыпліне, сіла – у калектыўным розуме i – у калектыўным сумленні. Дысцыпліна павінна быць зліта з сумленнем, з перакананнем. Нават ваенная дысцыпліна лепш за ўсс, калі яна евядомая. Тым больш гэта трэба камсамольскай, партыйнай. Трэба пераконваць, даводзіць – асабліва там, дзе усе маладыя, зялёныя Чаму ж зразу – камандныя вокрыкі? Чаму зразу – пракурорскі прысуд? Зразу – выкідаць?!
        Хіба тое, што ён сказаў, папярэчыць чым-небудзь генеральнай лініі партыі? Чаму ж – выкінулі?! Чаму так абышліся з сумленным, адданым нашай справе чалавекам? Чалавекам – вельмі каштоўным. Не толькі таму, што ён – иаэт, талент, a i таму, што – прыгледзеліся б – чалавек які! Іменна ж такія – з характарам, з моцным сумленнем, з цвёрдай прынцыповасцю – аснова ва ўсякай вялікай справе. Іменна яны – сыны i ўнукі тых, хто калісьці ішоў i на катаргу i ў ссылкі з-за сваіх перакананняў. Іменна такія могуць выстаяць у часіны трудных выпрабаванняў, выстаяць, не пахіснуцца; такія не будуць адседжвацца ў зацішку. Іменна яны, а не тыя, хто i цяпер, у мірны час, адседжваюцца, адмоўчваюцца, туляюцца, што гатовы, наперакор свайму заечаму сумленню, "разумна" глядзець на ўсё, больш за ўсё асцерагаючыся якой-небудзь рызыкі. Чаму прыстасаванец з душой слізня іншы раз больш даспадобы, чым характар сумленны, надзейны, але неспакойны? Ён сказаў, што – сумняваецца? Што ж – дакажыце, пераканайце яго, не пашкадуйце часу i клопату. Іменна ў такіх неспакойных, адкрытых, прынцыповых – сіла народа, сіла партыі. Жывая сіла.
        Ён заступіўся за чалавека; а чаму ён не мог заступіцца, калі не ўпэўнен у тым, што той вінаваты? Хіба б лепш было, каб ён, не ўпэўнены, што чалавек – вінаваты, наперакор свайму сумленню, прамаўчаў бы? Каб ён – па сутнасці – зрабіў подлы ўчынак! Чаму ж ён, зрабіўшы подлы ўчынак, мог бы хадзіць між таварышаў, вучыцца, тады як, паступіўшы сумленна, апынуўся па-за таварыскай гурмой, стаў i не камсамол ьцам, i нават не студэнтам?.. Чаму – праўда, думаў Апейка, згадаўшы тое, што казаў Алесь, – абараняць цяжэй, чым абвінавачваць? Чаму – праўда – той, хто абвінавачвае, загадзя стаіць нібы вышэй? Нібы ўжо самім тым фактам, што можа абвінавачваць, нападаць – даказвае сваю адданасць! Чаму, – адкуль гэта ўзялося? – той, хто каго-небудзь абараняе, рызыкуе нібы паказаць сваю мяккацеласць, трапіць у апартуністы? Адкуль гэта ўзялося, як яно пранікла ў наша паветра: што прынцыповасць – гэта толькі, ці найперш, – выкрываць, абвінавачваць? A калі вінавацяць – невінаватага, сумленнага партыйца? Вінавацяць без пераканаўчых доказаў? Хіба ж гэта менш важна, менш прынцыпова – заступіцца за таварыша, падтрымаць яго? Хіба ж прамаўчаць, не падаць руку падмогі таварышу, на якога нападаюць без падстаў,– не беспрынцыпнасць сапраўдная? Яшчэ горшая! Падобная на здраду!..
        Апейка зноў апынуўся ва універсітэцкім пакойчыку, пачуў злое: "Адкалоўся… Дакаціўся!.. Стаў прыслужнікам!.. Паслугачом нацдэмаўскага ахвосця!.." Нанава стаў перабіраць у памяці, што казаў Алесь пра Гартнага. Не падобна было, што хлопец затлумлены проста: вельмі ж цвяроза, разумна разважаў. Не, тут было не сляпое захапленне. Канешне, што да Гартнага, ён мог i не ведаць усяго; тагосяш на сходзе маглі не сказаць па якіх-небудзь прычынах, – чаго-небудзь, можа, пакуль нельга было пускаць шырока. Можна было дапусціць i такое, што Гартны перарадзіўся. Апейка не мог бы абсалютна паручыцца за Гартнага, але ў яго, з таго, што ён ведаў, не было i ўпэўненасці, што Гартны – вораг, што Алесь памыляецца. Мімаволі прыйшло ў думкі: ці не было тут, з Гартным, падобнага на тое, як "выкрываў" Галенчык яго, Апейку? Таксама ж прамова была "пераканаўчая", з "фактамі"! І тут ці не "факты" такога ж парадку i тая ж праўда?!. Памяць нагадала, – калі так проста было абвінаваціць у "контррэвалюцыйнай прапагандзе" адну з цэнтральных газет, то хіба ж не маглі так жа прышыць бірку "нацдэма", ворага, аднаму чалавеку? Тым больш што чалавек гэты мог быць i не зусім не вінаваты; хоць вінаваты зусім па-іншаму. Як бальшавік, што рабіў памылкі ў рабоце.
        Адразу падумалася: колькі ў любога чалавека, асабліва з тых, хто на кіруючай рабоце, такога, к чаму можна пры ахвоце прычапіцца! Прычапіцца, крыва расталкаваць, перавярнуць усё дагары нагамі. І калі такое могуць зрабіць з чалавекам, які адданасць сваю даказаў даўно i ясна, то як жа тым, у каго такіх доказаў няма? У каго звычайная біяграфія, а то яшчэ i пляма якая – брат кулак ці яшчэ які чорт?
        Лупіць з-за пляча, канешне, лягчэй, чым развязваць, разбірацца. Лупіць з-за пляча яно i больш "надзейна"; само па сабе відно – рэч "прынцыповая". Але ж сячы з-за пляча добра было, калі конь імчаў цябе насустрач ворагу, яунаму ворагу; тады, калі не было як разбірацца, калі трэба было дзейнічаць адразу. Сячы – гэта неабходнае ў вайну, супроць яўнага ворага. Але як сячы тут, дзе наступаюць не ланцуг на ланцуг, дзе свой i вораг разам, дзе добрае i злое пераблыталася, сплялося; дзе легка секануць шабляй не толькі па ворагу, a i па сваім? Чаму ж іншыя гатовы секануць па табе толькі за тое, што ты хочаш разабрацца, перад тым як узняць сваю шаблю? Што ты хочаш, перш чым рашыць, разблытаць, разгледзець таго, хто перад табой? Пільнасць, – пільнасць якраз i павінна быць зліта з уважнасцю, з імкненнем разабрацца ва ўсім добра!..
        Апейка ўспомніў, што казаў Белы пра Бухімовіча, i падумаў: не памыліўся Белы; такі Бухімовіч, i праўда, можа быць як правакатар – са сваёй яўнай архіпільнасцю i тайным кар’ерызмам. Што, калі такія бухімовічы ды галенчыкі – пры ix галасістасці ды нахабстве – возьмуць сілу, калі не адзін, не два такія, пры цяперашніх акалічнасцях, возьмуць сілу, – чаго яны наробяць са сваёй архіпільнасцю? Пры такім парадку, калі вольна будзе нападаць на кожнага, хто захоча разабрацца, выключаць тых, хто намерыцца заступацца? Калі даць волю такім, каму хочацца – для справы, вядома! – надзвычайных мер i правоў? Каму не церпіцца секануць з-за пляча? Калі моўчкі дазваляць награваць "страсці".
        Ён падумаў, што такія людзі i такія тэндэнцыі, калі ix не стрымаць, могуць зрабіць нетрывалым становішча ледзь не любога чалавека. Апейка тут жа запярэчыў сабе, што тэндэнцыя гэта жыве толькі таму, што пакуль мала праявілася: не заўважылі, як трэба, шкоду яе; калi ж толькі праявіцца, ёй дадуць бой. Прышчэмяць, як гадзюку, што ўпаўзла ў дом.
        Яму верылася, што гэта – да пары, што прыйдзе пара, i недалёкая, – i з усім гэтым разбяруцца, як трэба. "Чаго ты хочаш? – спрачаўся ён сам з сабою, цвярозы, разважны. – Каб проста было ўсё? Не будзе проста. Складана будзе ўсё. Бо – складаны час. Вораг не той, што ў ірамадзянскую. Не тымі метадамі дзейнічае. Асцярожна, спадцішка. Затоены, пад друга маскіруецца. Усміхаецца, як друг. Не ўсякага зразу раскусіш. А трэба – выкрыць. Абясшкодзіць. Каб не ўсадзіў нож у спіну табе!.. Таму трэба пільнасць, надзвычайная пільнасць! І нічога не зробіш, іншы раз яна будзе перарастаць у падазронасць! І лагоды, далікацтва – не будзе! Барацьба не спрыяе далікацтву! Барацьба ёсць – барацьба! Барацьба патрабуе рашучасці, робіць жорсткім. Гэта – непазбежна… Нельга зваць да лагоднасці. Гэта аслабляе ў барацьбе! І гэта – пры барацьбе – проста немагчыма. Трэба быць цвёрдым, рашучым, напагатове заўсёды! Такі закон барацьбы. Азбука барацьбы. Ты добра ведаеш гэта. – Але нехта іншы ў Апейку i згаджаўся з першым, i спрачаўся: – Ведаю. Але той жа закон барацьбы кажа: адзін у полі – не воін. Помні, што побач плячо друга. Памагай таварышу, ён – паможа табе. Толькі з таварышамі ты – дужы, ты – баец!.."
        "Уся соль у простай ісціне: разбірацца, хто – друг, хто – вораг. Берагчы друга, нішчыць ворага. Такая простая ў думках i такая няпростая ў жыцці ісціна. Дзе ворага можна палічыць за друга, а друга – за ворага!.. Пільнасць, уважлівасць, суд сур’ёзны, справядлівы – адзін закон, абавязковы для кожнага. "Толькі факты, бясспрэчныя факты", – помніць заўсёды!.."
        "Так, усё можна давесці да абсурду, да шкоды, – згадзіўся ён, успомніўшы Алесевы словы. – Ва ўсім – праўда – патрэбна пачуццё меры. Пачуццё рэальнасці…" Успомніўшы Алеся зноў, Апейка думаў ужо толькі пра яго. Перабіраючы гаворку, Апейка чуў цяпер неадступнае нездавальненне сабой: ён не зрабіў усяго, каб правільна накіраваць хлопца. Дзіўна, ён, вопытны чалавек, у гаворцы з хлопцам часта не знаходзіў патрэбных слоў. Зялёны хлопец сваімі гарачымі думкамі часта нібы адольваў яго, старэйшага i вопытнага. Усё таму, мабыць, што ён, Апейка, аказаўся негатовым да такой гаворкі. Мала ведаў, стаў як бы вучнем. Узяло трывожнае, бацькоўскае: "Каб не надламала гэта ўсё хлопца! Мы – што, мы – старыя ваўкі, тоўстая скура. Нас цяжэй збіць. А яму як, кволаму парастку? Ды яшчэ – з чуласцю яго!.." Апейка падумаў, што трэба зрабіць усё, каб памагчы хлопцу, выратаваць яго…
        Ужо вярнуўся камандзір-пагранічнік, упоцемку раздзеўся, скрыпнуў ложкам, захроп, а яму ўсё не спалася. "Інтэлігенцкая мяккацеласць", – сказаў бы Башлыкоў. Сам падумаў з папрокам сабе:
        – Усё ж нервы распусціліся… І не трэба было піць…" Намаганнем волi прымусіў сябе супакоіцца зусім: трэба спаць, заўтра важны дзень.
        Засынаючы ўжо, убачыў –апошні раз, – як па сцяне коса паплыло святло з плошчы. Паплыло i прапала.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.