РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Расейская кунсткамера
 
Занатоўкi, эсэ i лiтаратурныя партрэты
ПЕРШЫ ПАКОЙ
ДРУГІ ПАКОЙ
ТРЭЦІ ПАКОЙ
ЧАЦВЁРТЫ ПАКОЙ
ДРУГІ ПАКОЙ
ДРУГІ ПАКОЙ
        
        Рускi цар
        
        Само словазлучэнне «рускi цар» выклiкае ў мяне пачуццё гiдлiвасцi. У дзяцiнсве я захапляўся кнiжкамi пра старажытную гiсторыю. Дзесьцi ў iх i вычыталася згадка пра слабаразумнага рускага цара, здаецца, нейкага з Паўлаў, якi пальцам душыў на аконнай шыбцы мух. І не важна, як клiкалi таго рускага цара, бо душыць пальцамi мух мог i Іван-сабака, i першы Пётр, i трэцi Павал… Усе яны – рускiя цары – душылi людзей як мух. Таму саладжавая азызласць твараў рускiх цароў нiчога акрамя гiдоты выклiкаць i не можа ў нармальнага еўрапейца.
        Калi крамлёўскiя халуi пачалi нiбыта жартам называць царом першага прэзiдэнта Расеi Ельцына, мне стала непрыемна глядзець рускае тэлебачанне, нiбыта яно вось-вось пакажа, як на пакалечанай бяспалай руцэ прэзiдэнта Барыса чарнеюць расцiснутыя мухi.
        
        Рускi бруд
        
        Кожны нярускi, трапiўшы ў Расею, спрабуе прыбiраць рускi бруд. Ён прыбiрае i прыбiрае, мые, чысцiць, падмятае, шаруе, палiруе, лакiруе i чуе бясконцае «ты што, нярускi?». Стамiўшыся не столькi ад прыборкi, колькi ад некарэктнага пытання, ён кiдае прыбiраць I больш не чуе «ты што, нярускi?», i нiбыта становiцца простым рускiм чалавекам, якi жыць не можа без «вялiкага» рускага бруду.
        
        Руская рэклама
        
        «Калi ў вас кепская фiгура, паганыя валасы i перхаць, дзяўчаткi, прыходзце да нас! У нас цёмна i мы п’яныя!» – рэклама на рускiм радыё. На беларускiм радыё такой рэкламы няма, бо яна нахуй непатрэбная.
        
        Лермантаў i жаба
        
        Калi б можна было звесцi ўсю японскую лiрыку да аднаго верша, я б пакiнуў хайку Басё:
        
        Стары стаў.
        Скокнула жабка.
        Усплёск у цiшы.
        
        Японiя далёка-далёка, а таму i лёгка згарнуць яе лiрыку да аднаго верша. Расея блiжэй за Японiю, таму i цяжэй знайсцi адзiн-адзiны найлепшы рускi верш. Нават вызначыць найлепшага рускага паэта мне складана… Можа гэта Ясенiн з белай бярозаю пад акном? Можа Пушкiн з марозам, сонцам i цудоўным днём? Можа Лермантаў з белым самотным ветразем у блакiтным марскiм тумане? Нехта з iх… А гэтае лермантаўскае:
        
        І хто-та камень палажыл
        В ево працянутую руку…
        
        Непараўнальны вобраз жабрака. Люблю Лермантава. І не самотны я ў гэтай любовi. Лермантаў, безумоўна, любiмы паэт Расеi. Усё, што знiтавана з Лермантавым, мяне цiкавiць. Мне цiкава, чаму паэт на дуэлi стрэлiў у неба. Паэт страляе ў неба! Якi сiмвал! Якi вобраз! Забойца Лермантава – Мартынаў – страляў не толькi ў свайго заўсёднага злоязыкага крыўдзiцеля, ён страляў у дэмана, страляў у паэта, якi паўстаў супраць Бога. А застрэлiў Мартынаў не дэмана i не богаборцу, ён забiў любiмага паэта Расiйскай iмперыi, генiя забiў. Мiстычная драма. Інакш не скажаш.
        У Беларусi няма паэтаў, якiя загiнулi на дуэлi. Рамантычныя дуэлi адышлi ў нябыт, да з’яўлення вялiкiх беларускiх паэтаў. У нашых паэтаў iншыя лёсы, не менш драматычныя, але iншыя. І не вядома з якiх прычынаў, музейныя супрацоўнiкi iмкнуцца перакрыжаваць лёсы беларускiх i расейскiх паэтаў. Мне не зразумела. Ну не разумею я, нашто ў музеi Максiма Багдановiча выстаўляецца зялёная керамiчная жаба, якая нiбыта належыла Лермантаву. Можа я недастаткова добра ведаю спадчыну расейскага дэманолага, але не памятаю, каб ён дзе ўсхваляў жабу. Паэтызацыя вобраза жабы неяк не стасуецца з лермантаўскiм светам. Ды я ўпэўнены, што нiякiх дакументаў жаба, выстаўленая ў музеi, не мае. Трэба як мiнiмум два дакументы: першы – сведчанне, што Лермантаў меў керамiчную жабу (ну хоць бы якi пiсьмовы ўспамiн сучаснiка Мiхаiла Юр’евiча), другое – дакумент, якi б засведчваў, што гэтая жаба якраз тая самая, што была ў Лермантава. Можна не сумнявацца, такiх дакументаў у музейнiкаў няма. У лепшым варыянце: ёсць запiс сямейнай легенды Багдановiчаў пра жабу Лермантава. У такiм разе трэба, кааб экскурсаводы казалi не пра жабу Лермантава, а пра сямейную легенду сям’i Багдановiчаў. Ёсць рознiца! А то выходзiць, як з тым лермантаўскiм жабраком:
        
        І хто-та жабу палажыл
        В ево працянутую руку…
        
        
        
        ОКсана i ўсе грошы
        
        Маскальская белетрыстка ОКсана Робскi ў раманцы пра сцiплую чароўнасць новай расейскай буржуазii – CA$UAL (паўсядзённае) кажа: «Масква, як звычайна, працавала так, нiбыта хацела зарабiць усе грошы адразу. На ўсiх мыйках – чарга. На дарогах – заторы». Усё правiльна, калi паасобку. На маскоўскiх дарогах сташэнныя пробкi, бо адсутнiчае элементарная культура кiравання. На мыйках для машын даўжэзныя чэргi, бо мыек замала. Масква хоча зарабiць усе грошы адразу, як той казачны Ямеля хацеў адным загадам цудадзейнага шчупака перайначыць свет на свой капыл, i гэта праўда. Толькi ўсё разам выглядае суцэльным глупствам, як для мяне. А для расейскамоўных чытачоў вельмi прывабны раманчык збацала ОКсана. А iнакш, як растлумачыць статысячны попыт на CA$UAL.
        P. S.
        ОКсана, як разумею, жанчына не багатая, не буржуйка, бо новыя рускiя буржуi ведаюць гадзiннiкi IWC i не будуць пiсаць «гадзiннiк JVC», як пiша лiтработнiца Робскi.
        
        Казакоў i сны
        
        Стылiст i лiрык у прозе – Юры Казакоў – напiсаў колькi ўзорных апавяданняў, сярод якiх вылучаецца «У сне я горка плакаў». Перачытваючы зборнiк Казакова, я захацеў прачытаць апавяданне «У сне я мала выпiў», але такога твора ў кнiзе не было, хоць усё напiсанае кансерваторскiм кантрабасiстам Казаковым можна назваць «У сне я мала выпiў», гэта ж так па-руску.
        
        Дастаеўскi i антынапалеон
        
        Антыгерой з кнiгi Дастаеўскага «Злачынства i пакаранне» марыў стаць Напалеонам. Шызоiднае жаданне. Але ў Дастаеўскага, якi пiсаў раман (твор на раманскай мове) не было выйсця, або рабiць раманскага героя, або застацца ў русацяпскай правiнцыi з бязногiмi мурамцамi ды вечна п’янымi сусанiнымi. Антынапалеон Раскольнiкаў лепей за рэгiянальнага супермена, прынамсi, ён больш запатрабаваны на сусветным лiтаратурным рынку. Калi ў часы Дастаеўскага большасць лiтаратурных герояў былi Напалеонамi i антынапалеонамi, дык у 20 стагоддзi яны сталi Гiтлерамi i антыгiтлерамi. 21 стагоддзе вырадзiла новую пачвару – Бена Ладана. Яго «мочаць у сарцiрах», за iм палююць у афганскiх гарах i на вулiцах Лондана… Хiмерычная Гадзiла ў выглядзе Ладана вырвалася з вiртуальнай цемры 21 стагоддзя i стала антыпрэзiдэнтам ЗША. Вось такiя казкi 1001 i адной ночы 21 стагоддзя нам i расказваюць сучасныя дастаеўскiя.
        
        Лiпаўскi i целы
        
        «Чым больш неспецыялiзаваная частка цела, чым меней падобная яна да працоўнага механiзма, тым мацней адчуваецца яе ўласнае жыццё. Таму жаночае цела страшнейшае за мужчынскае; ногi страшнейшыя за рукi, асаблiва гэта вiдаць на пальцах ног». Развагi мадэрнiста Леанiда Лiпаўскага, на першы погляд, выглядаюць поўным абсурдам. Можа я пакiнуў бы гэтыя назiраннi без усялякiх заўваг, кааб не адно здарэнне на чужым вяселлi. Пiлася гарэлка. Гаварылiся тосты. Маладым жадалася ўсяго ўсялякага. Звычайныя рэчы. І тут я заўважыў: нявеста сядзiць босая. Новыя чаравiчкi нацерлi ногi – яна i разулася. Дзесяць кароценькiх пальчыкаў глядзелi на мяне. Яны клiкалi ў спакусу. Я пагладзiў голыя пальцы чужой нявесты. Пальчыкi ўзрадавалiся, а галава зрабiла выгляд, што нiчога дзiўнага не здарылася. Нiчога i не здарылася, бо жаночыя пальцы, сапраўды, жылi ўласным жыццём.
        
        Дзе сканчаецца Расея?
        
        Спярша была показка. І показка была пра абвестку на расейскай мяжы: «У сувязi з тым, што памежнiкi маюць абмежаваную колькасць патронаў, папераджальны стрэл у паветра не будзе рабiцца!!!» Показка была б весялейшая, каб расейцы ведалi пра межы свае. Але расейскiя ўяўленнi пра межы Расеi вельмi цьмяныя i заблытаныя. Можна сказаць проста: расейцы не ведаюць межаў сваiх. Са школы яны памятаюць пра княства Маскоўскае, з якога было прасечана акенца ў Еўропу, памятаюць войны з Напалеонам i Гiтлерам, нават памятаюць Сталiна з СССР. Межы таго СССР ад Курылаў да Карпатаў расейцы крыху ўяўляюць, толькi гэткiм каламутным уяўленнем iх веды пра межы Расеi i абмяжоўваюцца. Пасля спрадвечных расейскiх пытанняў «Што рабiць?» у 19 стагоддзi i «Што рабiць з трупам?» у 20 стагоддзi наспела новае рускае пытанне «Дзе сканчаецца Расея?». Усе ведаюць, як нечакана i знянацку выпадае ў Расеi снег, як неабгрунтавана i паскудна разлiваюцца вясною расейскiя рэчкi, так i межы Расеi немаведама дзе пачынаюцца i сканчаюцца. Расейцы шчыра дзiвяцца, калi чуюць, што Абхазiя – гэта не Расея, што Карэлiя – мае межы, як Татарстан i Тыва. Расейцы паспрабавалi ўтвараць нейкiя панавыдумляныя акругi, але навыдумлянае кепска накладаецца на рэальнае. Тады расейцы вырашылi правесцi «мазгавы штурм» на тэму расейскай мяжы. Я тактоўна адмовiўся ад удзелу ў «штурме», бо, як зразумеў, яны не гатовыя атаясамiць межы сучаснай РФ з межамi Расеi. Гаварыць з iмi пра гепатытычную еўрапейскую Масковiю зусiм не выпадае, пакуль яны хварэюць на хiмерычнае еўразiйства, у якiм мусульманства з праваслаўем мусяць злiцца ў нейкiх любоўных, не раўнуючы гомасэксуальных, абдымках. Такiм чынам, атрымлiваецца, што анекдатычны расейскi памежнiк можа стрэлiць без папярэджання ў любой кропцы зямной кулi. А жартоўны тост Уладзiмiра Арлова «Вып’ем за Расею ў яе этнiчных межах!», на жаль, мае горкi смак.
        
        Дастаеўскi i ворагi
        
        Здавалася б, Дастаеўскi мог скласцi доўгi спiс ворагаў сваёй Расеi, але ён напiсаў у дзённiку такi сказ: «У Расеi няма больш ворагаў i не будзе, акрамя славянаў». Прароча сказаў, бо асноўныя прынiжэннi i здзекi ад Расеi цярпелi менавiта славянскiя народы. Русiфiкатарства i каланiзацыя, што праводзiла Расея, найбольш жорстка i паслядоўна чынiлiся на славянскiх землях, якiя iмперыя нахабна называла «спрадвечна рускiмi», адпаведна i найбольшы супрацiў Расея атрымлiвала, атрымлiвае i атрымае менавiта ад братоў-славянаў.
        
        Дастаеўскi i гнюснасць
        
        Аўтар рамана «Д’яблы» («Бесы») так сказаў пра аўтара паэмы «Дэман»: «Лермантаў гнюсны».
        P. S.
        Тут i падумалася, а каго з нашых лiтаратараў можна назваць «гнюсным»? Перабiраў-перабiраў i не знайшоў, бо калi гнюсны – не пiсьменнiк, а як пiсьменнiк – не паскудны цi недастаткова паскудны, каб побач з ягоным прозвiшчам напiсаць толькi адно слова «гнюсны». Але я не пакiдаю надзеi знайсцi сярод беларускiх лiтаратараў гнюснага.
        
        Забалоцкi i кроў
        
        Лiтаратар Сiнельнiкаў, пiшучы пра маладосць паэта-абэрыута Мiкалая Забалоцкага, згадвае такiя словы: «Вы нiколi не снедалi крывёю? – нечакана спытаў ён. – А вось мне, уявiце сабе, даводзiлася. Бацька вадзiў мяне на бойню. Калi рэзалi барана, падстаўляў шлянку i даваў мне выпiць яшчэ гарачай крывi. Ён лiчыў гэта карысным для здароўя. І сапраўды, на здароўе я не скарджуся. А паэт павiнен быць здаровы.» Удава Забалоцкага паспрабавала змiкшыраваць крыважэрны ўспамiн, яна сцвярджала, што Забалоцкi прыдумаў пiццё барановай крывi, каб вытлумачыць ярка-ружовы колер на ўласным твары. Замест затушоўвання ярка-крывавага ўспамiну атрымалася падкрэслiванне. Мне ж згадаўся падобны эпiзод з жыцця ў мястэчку Койданава, дзе на першых снягах калолi кабаноў. Былi сярод койданаўцаў i такiя, што пiлi цёплую свiную кроў. Салiлi i пiлi. Мяне тое моцна хвалявала. Сляпуча-блакiтны снег пад сонцам. Залатое цела абсмаленага i абмытага кабана. Кроў у конаўцы. Мужчынскi рот з перапэцканымi крывёю зубамi. Зубы ў крывi ўражваюць. Авечак у Койданаве не трымалi, i таму я не бачыў, кааб хто пiў кроў з барана. Зрэшты, у пiццi на сняданак барановай крывi, як i ў пiццi малака кабылы, ёсць нешта расейска-азiяцкае i чужое для беларусаў.
        
        Блок i работа
        
        Каго нiколi не разумеў з расейскiх пэтаў, дык гэта Аляксандра Блока. Нi ягоная запозненая рэваюцыйнасць, нi альбомна-любоўная ружовасць, нi iнтэлiгенцкi патрыятызм мяне зусiм не хвалявалi. Нават чужыя захапленнi Блокам мяне дзiвiлi. Адно, што чытаў з цiкавасцю, – гэта Блокаўскую злосную крытыку. Ад усёй паэтычнай спадчыны Івана Бунiна Блок прапаноўваў пакiнуць адзiн верш «Хрыстос». Дзякуй яму i за гэта, бо Бунiнаўскi «Хрыстос» варты завучвання i цытавання. Але тут я працытую Блока:
        
        Друг другу мы тайно враждебны,
        Завистливы, глухи, чужды.
        Но как же и жить и работать,
        Не зная извечной вражды?
        
        Шчырае пытанне. Чыста расейскае пытанне. Пасля такiх слоў робiцца зразумелым, чаму расейцы вайну называюць «работой», а жыццё без вайны iм падаецца нiкчэмным i нецiкавым. Расейцаў цiкавiла i цiкавiць «спрадвечная варожасць» i бясконцая вайна за «спрадвечна расейскiя» землi.
        
        Хармс i Эстэр
        
        Прыйсцi ў расейскую лiтаратуру i не зачапiцца за Данiiла Хармса проста немагчыма. Доўгае цела Хармса ляжыць адразу за дзвярыма, што вядуць рас.лiт. Ты заходзiш i не бачыш Хармса (Холмса – Даню Ювачова), бачыш Пушкiна з Гогалем ды Талстога з Дастаеўскiм, кiруешся да iх, а чапляешся за Хармса, чапляешся i падаеш, ляжыш i чытаеш. Чытаеш ну хоць бы такое: «На 30 верасня 1925 г. (…) Божа, я хацеў сягоння minet, а тут смерць любовi. Божа, будзь з намi, не забывайся пра нас, мая мiлая дзяўчынка Эстэр прапала для мяне, цяпер я гэта ведаю. (…) Божа, твая воля. Не, я хачу або minet сягоння, або ўсё скончана з Эстэр».
        
        Антыквар на «Рачным вакзале»
        
        Каля маскоўскай станцыi метро «Рачны вакзал» пабачыў я вулiчнага антыквара. Ён пакурваў, тупаючы пад дробным снегам. На грудзях у яго красавалася шыльда з надпiсам «Антыквар. Набываю: ордэны, медалi, абразы, гадзiннiкi, каронкi, крыжы». Ад выгляду набывальшчыка зубных каронак стала гiдка. Толькi маскоўскi збiральнiк i набывальнiк старызны можа залiчыць зубныя каронкi ў антыкварыят. І не столькi мяне абурае крымiнальная сутнасць пазазаконнага набыцця i продажы каштоўных металаў, колькi сама прысутнасць на бруднай вулiцы падаставаных з рота каронак.
        
        Рускасць
        
        У кожным беларусе сядзiць рус, у беларускасцi ёсць i рускасць, i гэта не найлепшае, што маюць беларусы i Беларусь. Трэба выцiскаць гэтую рускасць, замяняць яе еўрапейскасцю, цывiлiзаванасцю i выхаванасцю.
        
        Мара, iдэя i дзiва
        
        Пакуль на iнфармацыйных палях iдзе халодная бойка памiж амерыканскiмi марамi i рускiмi iдэямi, Еўропа набывае сабе прыхiльнiкаў. Прынамсi, так адбываецца ў Беларусi. Еўра, еўрарамонт, еўрастандарт, еўрапейцы, еўразвяз – словы, што ўсё часцей чуе беларускае вуха. Амерыка так i застаецца з мараю, а Расея з iдэямi, Еўропа набывае рэальную значнасць. Амерыканскiя i расейскiя прапагандысты ў Беларусi займаюцца выключна крытыкай беларускiх рэалiяў, бо ўпэўнены ў прывабнасцi сваiх iдэй i мараў, яны не заўважылi, як пабляклi iх мары i састарэлi iдэi. Яны губляюць сваiх гледачоў, слухачоў, чытачоў i прыхiльнiкаў. Будаўнiкi беларускай дзяржаўнасцi ўсё больш i больш захапляюцца еўрапейскасцю i мадэлямi, што прапаноўвае для жыцця Еўразвяз. Кiтайскае дзiва, зноў жа, спрыяе еўрапеiзацыi Беларусi, з-за сваёй падкрэсленай азiяцэнтрычнасцi.
        
        Бязвухi ў метро
        
        Спускаюся на эскалатары ў глыбокiм маскоўскiм метро. На суседняй дарожцы спускаецца чалавек без вуха. Ад вуха ў мужчыны засталася адна мочка. Нават вушная адтулiна зарасла ружова-жоўтай скуркаю. Гледзячы на бязвухага, я адчуў усю патрэбнасць уласных вушэй, з iх казялкамi i супрацьказялкамi. Бязвухi заўважыў мой цiкаўны позiрк, давялося адвярнуцца.
        
        Руская назва
        
        Учытваюся ў назву Льва Талстога «Вайна i мiр» i разумею, што можна прыдумаць i зрабiць вайну, а прыдумаць мiр нельга.
        
        Шаламаў i паэзiя
        
        У адным з лiстоў Варлам Шаламаў выказаў жудаснае меркаванне пра паэзiю: «Калi Вы хочаце займацца вершамi сур’ёзна, штодзённа (усё роўна, у якасцi аматара або прафесiянала, паўпрафесiянала, «хабiста» цi даследчыка), Вам трэба добра ведаць, адчуць напоўнiцу, а не толькi прадумаць, што вершы – гэта падарунак Д’ябла, а не Бога, што той, Іншы, пра якога пiша Блок у сваiх нататках пра «Дванаццаць», ён i ёсць наш гаспадар. Зусiм не Хрыстос, зусiм. Вы будзеце знаходзiцца у надзейных руках Антыхрыста. Антыхрыст жа i дыктаваў Бiблiю, i Каран, i Новы запавет. Антыхрыст жа i абяцаў падарункi на небе, творчае задавальненне на Зямлi…» Ад такiх сцвярджэнняў на спiне шэрхне скура i мярцвеюць вусны. Гаварыць, спрачацца з Шаламавым не хочацца. Варлам Шаламаў – лiтаратар, якi прайшоў пекла, самае сапраўднае пекла рускiх турмаў i савецкiх канцэнтрацыйных лагераў. Можаш паверыць: Шаламаў бачыў дзеяннi д’ябла i ягоных памагатых на свае вочы. Пасля словаў Шаламава застаецца адно суцяшэнне – прызнаць Прыроду большай за Бога i д’ябла i лiчыць паэзiю праяваю непадзельнай Прыроды. І яшчэ… Апантаных паэтаў не варта называць узорнымi. А радкi, накшталт верша Забалоцкага « Я не шукаў гармонii ў прыродзе», не прымаць блiзка да сэрца.
        
        Лазар i эратызм
        
        Назавi любiмую кнiгу? Безлiч разоў чую такое пытанне. І сам у сябе шмат разоў перапытваю пра любiмую кнiжку. Вось прыдумаўся i такi адказ… Мая любiмая кнiга «Стары Хатабыч» Лазара Лагiна. Чаму? Арабскi джын Хатабыч, каб здзейснiць дзiва, вырывае з барады волас, загадвае жаданне i кажа чароўныя словы: «Трах, цiбiдох-цiбiдох! Вух, цiбiдох-цiбiдох!» Вельмi эратычна атрымлiваецца гэтае «трах, цiбiдох-цiбiдох».
        
        Ясенiн i Сыс
        
        Пра гнюсныя паводзiны Ясенiна панапiсвана шмат. І кожнага разу ўсё адно здзiўляешся, калi сучаснiкi рускага паэтычнага генiя апiсваюць ягоныя непамысныя выхадкi. Юры Алеша, чый род паходзiць з каталiцкiх земляў Беларусi, так апiсаў сустрэчу з Ясенiным: «Я жыў у адной кватэры з Ільфам. Раптам позна ўвечары прыходзiць Катаеў i яшчэ некалькi чалавек, сярод якiх i Ясенiн. Ён быў у смокiнгу, лакiраваных чаравiках, але пашматаны, – вiдаць, пасля бойкi з кiмсьцi. З iм быў нейкi малады чалавек, над якiм ён здзекаваўся, нават здымаў лакiраваны чаравiк, бiў гэтага чалавека па твары.
        – Ты мне гiдкi з тваiм каталiцызмам! – увесь час паўтараў ён. – Гiдкi з тваiм каталiцызмам.
        Цяжка сабе ўявiць, што адчуваў католiк i паляк Алеша, якi жыў адзiн у краiне, выклятай ягонымi роднымi бацькамi. Як цяжка яму было ў сваiм дзённiку праз некалькi сказаў напiсаць: «што Ясенiна ўсе любяць».
        У беларускай сучаснасцi падобнымi гнюснасцямi праславiўся Сыс. Беларускi паэтычны генiй таксама хадзiў па чужых кватэрах з нейкiмi хлопчыкамi, якiм прапаноўваў есцi сала, дастанае са свайго рота, прымушаў цалаваць красоўкi i слухаць бясконцыя паўторы прыказкi ўласнай вытворчасцi: «Я хуею з гэтых рускiх!»
        І дзiва дзiўнае – Сыса ўсе любiлi, i ён пра тое ведаў i не прамiнаў нагадаць: «Усё адно, вы мяне любiце!»
        
        Рускi твар
        
        На рускай галаве ўласна твар займае зусiм маленькую частку. Галава ёсць, а твара амаль няма. Нават няёмка робiцца за такую рускую галаву.
        
        Рускiя нажы
        
        У Маскве заўсёды, мiж iншым, шукаю нешта незвычайнае. Вось i сягоння, стоячы ў дарожным кораку на Ленiнградскай шашы, пабачыў шыльду «Нажы-падарункi». Кожны беларус ведае, што нажы дарыць неьга, а ў сучаснага расейца нож – лепшы падарунак…. Напэўна. Запiс гэты я зрабiў ужо ў самалёце, калi камандзiр карабля сказаў, што вылет затрымаецца з-за «скопления самолетов на вылет». Ё маё! У iх цяпер коракi па ўсёй Маскве, нават на ўзлётнай паласе.
        
        Чэхаў i свiнства
        
        «Рускi чалавек – вялiкая свiння». Ёсць у Антона Чэхава такi сказ. Думаю, што вызначэнне «вялiкая» можна прыбраць, але пакiну права выбiраць азначэннi для свайго народа за русiм доктарам. Далей Чэхаў тлумачыць пра тое свiнства: «Калi спытаць, чаму ён не есць мяса i рыбу, дык ён пачне апраўдвацца адсутнасцю прывозу, шляхоў зносiн i д.п., а гарэлка памiж iншым ёсць у самых глухiх вёсках у колькасцi, якой заўгодна». Чэхаў напiсаў пра рускае свiнства, калi праязджаў Байкал, едучы на Сахалiн. За сто гадоў мала што змянiлася, а цяпер яшчэ i гарэлка зрабiлася «палёнай» i вызначэнне «вялiкая» непатрэбным.
        
        Грышкавец i «нiбыта»
        
        На расейскiм тэатральным небасхiле загарэлася чарговая зорка – Грышкавец. Ён распавядае лiрыка-камiчныя гiсторыi пра сябе маленькага, пра чалавечка ў гарадку N.Гарадок той можна абазваць Грышкасранскам. Чаму? Тож бо сам Грышкавец ходзiць, нiбыта ў порткi наклаўшы. Ён i стаiць, i сядзiць, i аблiзваецца нiбыта ўсраўшыся. Кажу «нiбыта», бо праглядаў спектаклi Грышкаўца на DVD. У тэатр глядзець на чарговую зорку не пайду, а раптам ён ходзiць па сцэне, абрабiўшыся па-сапраўднаму.
        P. S.
        Грышкавец i сам кажа, што ягоны пах людзям не падабаецца, i даводзiцца парфумам аблiвацца. Толькi за адэкалонам гной не схаваеш.
        
        Аляксей Талстой i нядзеля
        
        Граф Талстой, якога злыязыкi Бунiн называў Алёшка, так напiсаў пра нядзелю ў сваiм рамане «Гiпербалоiд iнжынера Гарына»: «Людзi маленькiя – прадаўцы з прадавачкамi, чыноўнiкi ды служачыя – забаўлялiся хто як мог у гэты дзень. Людзi вялiкiя, дзелавыя, салiдныя сядзелi ў дамах каля камiнаў. Нядзеля была днём чэрнi, аддадзеным ёй на шкамутанне i раздзiранне». Дзiвiць не тое, што граф так напiсаў, а тое, што ён гэта друкаваў, выдаваў i перавыдаваў мiльённымi накладамi ў СССР. І нiхто савецкага графа за гэта не крытыкаваў. Чаму? А таму, што чырвоныя паны ставiлiся да савецкага народа так, як i рускi граф Талстой, грэблiва. І яны аддавалi народу нядзелю на раздзiранне i шкамутанне.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.