РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Расейская кунсткамера
 
Занатоўкi, эсэ i лiтаратурныя партрэты
ПЕРШЫ ПАКОЙ
ДРУГІ ПАКОЙ
ТРЭЦІ ПАКОЙ
ЧАЦВЁРТЫ ПАКОЙ
ТРЭЦІ ПАКОЙ
ТРЭЦІ ПАКОЙ
        
        Мiкалай Гогаль
        
        Ёсць пiсьменнiк, пра якога даведваешся задоўга да таго, як навучышся чытаць. Гогаль – ягонае прозвiшча. Гогаль прыходзiць да цябе разам з гогалем-могалем, гэтай найцудоўнейшай i найсаладзейшай страваю. Баба разбiвае яйка, вылiвае яго ў кубак, засыпае цукрам i, перамешваючы, узбiвае. Ты ясi лыжкаю пяшчотна-бела-залатую слодыч жыцця. Ты пачынаеш любiць смак гогаля-могаля, i, частуючыся дэсертам, ты, мiж iншым, даведваешся пра лiтаратара Гогаля. Баба кажа: «Ёсць пiсьменнiк, якi любiў, як i ты, есцi гогаль-могаль. Ён так любiў могаль-гогаль, што яго самога пачалi называць Гогаль. Калi падрасцеш, абавязкова прачытаеш казкi Гогаля-могаля!» Падрастаеш i чытаеш, а часам нават згадваеш смак гогаля-могаля, раскаштаванага ў далёкiм, назаўсёды страчаным, казачным дзяцiнстве.
        
        * * *
        
        Гогаль заўважыў, што расейцы – дзiўны народзец, бо не хочуць памiраць сваёй смерцю. У рускiх нiколi не было павагi да сваёй смерцi, таму i да жыцця ў iх няма нармальнага стаўлення. Пан або прапаў! Парвуся, а зраблю! І ўсё на тое падобнае ў крыклiва-трапятлiвых паводзiнах. Рускiя тэленавiны складаюцца з прападанняў i парыванняў, абвальванняў i падзенняў, крыкаў i трапятанняў. «На миру и смерть красна!» А смерць, калi навiдавоку – чужая, не свая, брыдкая. Гэта беларусу-еўрапейцу яна непрымальная, а расеец-азiят толькi марыць пра прылюдную смерць.
        
        * * *
        
        Калi нехта, кшталту Борхеса, кажа, што рускае мастацтва другаснае, бо не мае шэдэўраў жывапiсу, мне згадваецца аповесць Гогаля «Партрэт», мне ўяўляюцца жывыя вочы д’ябла, намаляваныя на палатне, але я ўсё адно не абараняю расейскае мастацтва i не аспрэчваю тэзiс пра ягоную заўсёдную другаснасць.
        
        * * *
        
        Знакамiтае гогалеўскае: «Не кожная пташка даляцiць да сярэдзiны Дняпра…» Птушка, здатная пералятаць праз акiяны, не можа пераляцець i паловы беларуска-ўкраiнскай рэчкi? Прынамсi, так нас пераконвае Мiкалай Гогаль. Застаецца набраць нам поўныя грудзi славянскага паветра i выгукнуць у адказ пiсьменнiку з птушыным прозвiшчам: «Не кожны Хрыстос дойдзе да сярэдзiны Дняпра!»
        
        * * *
        
        Мiф пра велiч Расеi iснуе дзякуючы Гогалю. У паэме «Мёртвыя душы» ёсць чыста расейскае фiласафаванне пра слана: калi б слон нарадзiўся з яйка, якая была б шкарлупiна, з гарматы не прабiў бы! Служка д’ябла – Вiй – гэтаксама ўражвае памерамi, павекi ягоныя падымаюць некалькi чартоў. Была ў Гогаля мара: сабраць на адной вулiцы ўсе шэдэўры сусветнай архiтэктуры, ад егiпецкiх пiрамiдаў дакёльнскага сабора. Была б вулiца, я табе скажу, Нерон з Гiтлерам ад зайздрасцi паздыхалi б. Ну i апагеем нечалавечых маштабаў з’яўляецца апiсанне Дняпра, дзе Мiкалай Васiльевiч кажа, што не кожная птушка даляцiць да сярэдзiны рэчкi. Вядома, курыца не даляцiць, i страус таксама. Наогул, птушкi пералятаюць не толькi рэчкi з азёрамi, а моры з акiянамi. Але тут важная не якасць птушкi, а памеры Дняпра, яго велiч. Так малююць велiч усёй Расеi, як тады, так i цяпер.
        
        * * *
        
        У Карлавых Варах я пасялiўся ў досыць прыстойным санаторыi. Пастаяльцы – людзi збольшага выхаваныя i ветлiвыя. Гаспадары, чэхi, сустрэлi мяне гасцiнна. Усё цякло прыстойна, як у рамане Германа Гесэ «Курортнiк». І раптам я заўважыў жанчыну з тварам гогалеўскага Сабакевiча. Давялося тры разы плюнуць цераз левае плячо, каб навалач знiкла. Не знiкла. У рэстарацыi я спаткаў мужчыну з аблiччам Каробачкi, якi па-расейску размаўляў з казахамi. Раскормленыя да амерыканскiх памераў казахi гаварылi на такiм расейскiм дыялекце, што нават Мiкалай Васiльевiч не аднавiў бы на паперы. Яны абгрызалi словы пад самы корань. Паступова ў кожным расейцу, казаху i немцу я пачаў шукаць рысы гогалеўскiх вобразаў i з лёгкасцю знаходзiў. Прычына неверагоднай лёгкасцi знайшлася таксама: у доме, дзе я пасялiўся, жыў у 1845 годзе сам Гогаль.
        
        * * *
        
        Начытаўшыся гогалеўскай чартаўшчыны пра мастака Чарткова, падумалася, што ён – Гогаль-Янаў-Чарткоў – мусiў маляваць не вялых i перасычаных баляваннямi дамачак, а жывапiсаць анёлаў у самым непатрэбным выглядзе… Анёл сядзiць на ўнiтазе. Анёл сцыць i сера пад елкаю. Анёл ябецца з жанчынаю. Анёла ябе мужчына. Анёл жыўцом з’ядае сямiмесячнае дзiця. Анёл падпальвае драўлянае ўкрыжаванне Ісуса Хрыста. Анёл адсякае мячом галаву цяжарнай Дзеве Марыi. Анёл падмяняе чорта, як д’ябал iмкнецца падмянiць Бога…
        
        * * *
        
        «Я сказаў, што дзве рэчы выклiкалi ў нашых паэтаў гэты лiрызм, блiзкiм да бiблейскага. Першы з iх – Расея. (…) Але пяройдзем да другой рэчы, у якой гэтаксама чуецца ў нашых паэтаў той высокi лiрызм, пра якi i iдзе гутарка, тож бо – любоў да цара», – пiсаў Мiкалай Гогаль у «Выбраных месцах з перапiскi з сябрамi» (1847). Расея i любоў да цара – грунт расейскай паэзii. Не пагадзiцца з Гогалем? Абсурд. Але дзве гэтыя рэчы, найважнейшыя для паэтаў расейскiх, у паэтаў беларускiх выклiкалi нянавiсць. Павесiць цара заклiкала Цётка. Антырасейскiя вершы пiсалi ўсе вядомыя беларускiя паэты ад Купалы i да Сыса. Калi ж беларускiх паэтаў змушалi ўхваляць расейскiх уладароў i саму Расею, атрымлiвалася кепскапрыхаванае фальшаванне. Сапраўднымi каштоўнасцямi для беларускiх паэтаў з’яўляюцца: Беларусь, мова i беларус. Зразумела, што тут iшла размова пра грамадзянскую лiрыку, пра геапаэтыку, а не пра паэзiю чыстае красы.
        
        * * *
        
        Страшна, калi мёртвае прымаеш за жывое. Жах ахоплiвае тваю душу перад тварам iншага жыцця, перад iснаваннем пасля смерцi. Ты баiшся прачнуцца ў цёмнай труне, закапанай у глыбокую магiлу. Прахапiцца ў вузкай труне пасля ўласнага пахавання… Што можа быць больш жахлiвым? Таму бiяграфiя лiтаратара Гогаля, гэтага майстра жахлiвых прыпавесцяў, не была б завершанай i мiфалагiзаванай, каб ён не прачнуўся ў труне. Цi прачынаўся Гогаль у труне насамрэч? Цi раскопвалi ягоную магiлу? Цi знаходзiлi ягонае цела з тварам, перавернутым да зямлi, а не да неба? Цi шылi з ягоных апошнiх, выцягнутых з труны i перапэцканых гнiллю, апранах вокладкi для кнiжкi «Мёртвыя душы»? Нiхто дакладна не ведае i не скажа. Але ж большасць аматараў творчасцi генiяльнага хахла вераць у жахлiвыя мiфалагемы i трупныя рэлiквii. Яны вераць у кароткае жудаснае ўваскрашэнне Гогаля ў труне. Яны згодны прымаць мёртвае за жывое i памнажаць жах.
        
        * * *
        
        Зацяты антысемiт i расейскi брутальны нацыяналiст Розанаў на самым пачатку 1914 года запiсаў пра Гогаля вось такое: «З’яўленне Гогаля было большым няшчасцем для Русi, чымсьцi ўсё мангольскае iга. Багамолец, ён спустошыў рускую царкву; «патрыёт», ён пагнаў рускiх салдатаў.
        І так мала выходзiў з дому. «Усё зябнуў» (успамiны Аксакава). Напраўду, гэта «пiемiя» – заражэнне крывi трупнай атрутаю. У Гогалю было нешта-нейкае ад трупа. «Усё мне халодна». (…)
        Гогаль адвiнцiў нейкi вiнт усярэдзiне рускага карабля, пасля чаго карабель стаў увесь развальвацца. Ён «адкрыў кiнгстоны», пасля чаго пачалося незваротнае, павольнае, год за годам патапленне Расеi. Пасля Гогаля Крымская вайна ўжо не магла быць выйгранай. Другая Турэцкая (77г.) была ў сутнасцi ганебная. У Манджурыi мы толькi адступалi…» Дык вось аказваецца хто вiнаваты ва ўсiх бядотах i гаротах Расеi! Гогаль вiнаваты! Гогаль вiнт адкруцiў. Каб не Гогаль, дык Расейскi карабель плыў бы i плыў, i рабаваў народы, i захоплiваў бы зямлю за зямлёю. А гад Гогаль, маленькi мярзляк, не даў раздзьмуцца расейскаму караблю да глабальных памераў. Правiльна заўважыў Розанаў. Хiтры быў мужычок, гэты Вась Васькавiч. Толькi ён заўважыў ваду ў караблi, а не дзiрку. Ён пачаў верашчаць: «Вада! Вада! Тонем!!!» А дзе той вiнт, i што за вiнт Васiль Васiльевiч не здагадаўся, ён можа б i здагадаўся, каб уявiў памер гогалеўскага вiнта. Розанаў уявiў сабе вiнт звычайнага памеру, а ў Гогаля вiнт быў зроблены Вiям i памер ягоны – уся ўкраiна разам з Крымам. Пра Крым, буду справядлiвым, Розанаў якраз згадаў, але пра Украiну не падумаў. І руская царква… Зрэшты, якая яна руская, калi яна грэцкая насамрэч. І царква праваслаўная здрыганулася i пахiснулася, бо Гогаль Вiя прывёў у яе. І аддзялiў Вiй Украiну ад Расеi на ўсе часы.
        
        * * *
        
        Гогаль мерз, халодна яму было, золка, няўтульна ў варожым свеце… «Усё зябнуў…» – паўтарае пра Гогаля Розанаў за Аксакавым, што быў сведкам таго холоду, што дзьмуў на Гогаля з чатырох бакоў. А мерз Гогаль, я перакананы ў тым, з-за страты жыццёвай энергii, што праз вострую дзюбку пяра вылiвалася на паперу. Энергiя выцякала з Гогаля ўся, да кроплi, да рэшты, да поўнай спустошанасцi. І бiла паэта ледзяная дрыготка… Хто здатны аддаваць свае сiлы, хто можа працаваць i выпрацоўвацца да канца, зразумее мяне, дакладна. Усе свае сiлы Гогаль аддаў «Мёртвым душам». А калi аддаў, спахапiўся, захацеў вярнуць, хоць крышачку аддадзенага паперы, рукапiсу, паэме… Сагрэцца хацеў у свеце галодных i халодных монстраў… Вось i такая ў мяне ёсць версiя пра спальванне другой часткi паэмы «Мёртвыя душы».
        
        * * *
        
        Апошняе слова, прамоўленае Мiкалаем Гогалем перад смерцю ў 1852 годзе, – лесвiца. А iлюстратар гогалеўскiх «Мёртвых душаў» Марк Шагал аддаў Богу душу 28 сакавiка 1985 года ў лiфце, што ўздымаўся на другi паверх. Лесвiцы мяняюцца на лiфты, але сутнасць руху застаецца нязменнай.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.