|
 | ЧАЦВЁРТЫ ПАКОЙ |  | Вера Маркава «Вялiкая руская перакладчыца» – так было напiсана пра Веру Маркаву ў анатацыi да кнiгi Сэй-Сёнагон «Нататкi каля ўзгалоўя». Нязвыклае словазлучэнне запомнiлася. Тым больш што, чытаючы Басё, Іса, Бусона, Такубоку i Сэй Сёнагон у перакладах Маркавай, я ўяўляў не Японiю, а Беларусь. А сказаўшы пра гэта Веры Мiкалаеўне, якая нарадзiлася ў Мiнску, пачуў наступнае: «Самае дарагое, што ў мяне засталося з дзяцiнства, гэта ўспамiн пра вербы над Свiслаччу». Чытаю i перачытваю: На смерть маленького сына О мой ловец стрекоз! Куда в неведомой стране Ты ныне забежал? Чыста беларускi верш. * * * Перачытваючы зборнiк лiрыкi Веры Маркавай «Воблака», спыняюся на такiм радку: «Дух мой – быў не са мною». Якi блiзкi мне вобраз! Душа пакiдае паланёнае цела, душа адплывае, аддаляецца, ляцiць да воблака, каб злiцца з iм, расплысцiся ў сонечна-белым ззяннi. Пакiнутае цела знябожана чакае, просiць вярнуцца вольную душу. Яна вяртаецца. Рука выводзiць на катаржна-клятчастым аркушы словы: «Дух мой – быў не са мною». * * * У перакладзе Веры Маркавай чытаю Іхара Сайкаку. У кнiзе «Гiсторыя прыгодаў самотнай жанчыны», у навеле «Таемная схованка старой жанчыны» ёсць i такi вобраз: дзяўчына атрымлiвае безлiч любоўных лiстоў, iх столькi, што няма дзе схаваць. Дзяўчына просiць маўклiвых стражнiкаў кiнуць iх у агонь. «Але iмёны багоў, напiсаныя каб зацвердзiць любоўныя клятвы, не знiкаюць у полымi». Дзяўчына раскiдвае абгарэлыя шматкi паперы з iмёнамi багоў у садзе, каля храма. Безумоўна – рукапiсы гараць, як гараць у варварскiм полымi i храмы. Прырода не ведае лiтасцi. Але надзея застаецца, яна падмацоўваецца вераю. Вера перапiсваецца ў вобраз: абгарэлыя шматкi паперы з iмёнамi багоў у садзе, каля храма. Творчасць Веры Маркавай – раскiданыя ў садзе, каля сабора, папяровыя пялёсткi з iмёнамi багоў. * * * Шмат разоў задумваюся над сваiм пастаянным захапленнем японскай лiрыкаю, над бясконцымi перачытваннямi тэкстаў, перакладзеных з чужой i далёкай мне мовы. Лiтаратура ў Японii квiтнее ў палацах уладароў, але яна не культывуе вайсковае жыццё; наадварот, вайсковыя подзвiгi малююцца ў ёй праявамi суцэльнай маркоты i безнадзейнасцi. Такi вобраз стварае i Басё: На полi старадаўняй бiтвы Летняя трава Там, дзе знiклi героi, Нiбыта мроя. А так хоку гучыць у перакладзе Веры Маркавай: На старом поле битвы Летние травы Там, где исчезли герои, Как сновиденье. Прыблiзна так яго можна запiсаць кiрылiцаю па-японску: нацу гуса я цувамоно домо но юмэ но ато У даслоўным пераказе на рускую мову Мойчы Ямагучы прапаноўвае наступнае: Травы лета! Вы следы снов воинов. (Другими словами: Воины спят. Они видят сон. От этих снов рождается трава.) Версiю Ямагучы я прыводжу, каб падкрэслiць рознiцу ў магчымых перакладах. Антымiлiтарызм класiчнай японскай лiтаратуры прываблiвае мяне. У жыццi больш чым дастаткова смерцi, каб множыць яе ў лiтаратурных формах, апяваючы вайсковыя вычварэнствы. Герояў чакае трава забыцця, няма выняткаў, толькi вайскоўцы раней за астатнiх знiкнуць у зялёных хвалях. * * * Калi Вера Мiкалаеўна разважае пра лёс Расii i рускага народа, яна гаворыць пра Масковiю, пра дзяржаву рускiх людзей. Раней цi пазней рускiя мусяць вярнуцца на сваю Радзiму, што ляжыць залатым пярсцёнкам вакол Масквы, яны мусяць пабудаваць нармальную дзяржаву i жыць у згодзе з iншым светам. Так кажа Маркава. Для рускiх нармальнае жыццё выглядае больш утапiчным, чым ненармальнае з месiянствам i сусветнымi войнамi. Але мяне цешыць тое, што i ў Маскве знаходзяцца людзi, здатныя прагаворваць iдэю стварэння Масковii – цывiлiзаванай рускай дзяржавы. * * * У свае школьныя гады я любiў ездзiць у правiнцыйныя кнiгарнi. Іду на вакзал, сядаю ў электрычку, еду ў якое Заслаўе, дзе непадалёк ад старажытнага храма стаiць урослы ў зямлю дамок. У iм i месцiцца маленькая цемнаватая кнiгарня. Рознафарматныя тамы тоўпяцца на палiцах абы-як, без ладу i складу. Я знаходжу вельмi рэдкiя выданнi, а запамiнаецца пакупка першай татавай кнiгi «Свой чалавек», каштуе яна 4 капейкi, купляю ажно пяць кнiжак, усе, што ёсць. Вельмi рамантычныя мае падарожжы ў правiнцыю па кнiгi. Падобны настрой апiсаны Такубоку: Не ведаю ча- му, я так заўсёды ма- рыў – на цягнiку паехаць. Вось з цягнiка сы- шоў, няма куды пайсцi. Маркава перакладае верш так: Не знаю отчего, Я так мечтал На поездзе поехать. Вот – с поезда сошёл, И некуда идти. Пэўна Ісiкава Такубоку iдзе таксама ў кнiгарню. Прынамсi, мне так бачыцца, бо апошнi радок прачытваецца хутчэй як «няма да каго пайсцi». Значна пазней у кнiжцы, набытай у зусiм iншай кнiгарнi, чытаю, што дзяцiнства Веры Маркавай праходзiць пад грукат колаў, што вагон яе таты – iнжынера-чыгуначнiка – чапляюць да розных саставаў, потым яго адчэплiваюць на выбраным для працы месцы, i ён робiцца для ўсёй сям’i Маркавых домам. Яшчэ пазней Вера Мiкалаеўна распавядае мне, як у 1913 годзе мiнскае «общество» ездзiць на татавым цягнiку ў Заслаўе назiраць сонечнае зацьменне. Перад самым зацьменнем робiцца фотаздымак. Яго з лаканiчным подпiсам: «В. М.Маркава на крэсле» i дорыць мне Вера Мiкалаеўна. * * * Дома Веру Маркаву называюць Дабруша. «Дабруша ведае ўсе мовы свету». – «Дабрушанька – сусветная энцыклапедыя». – «Трэба ў Дабрушы спытаць. Быць таго не можа, каб яна ды не ведала…» Дабруша i сапраўды чуе нейкую агульную пра-мову. Яна нiбыта стаiць на вяршынi Вавiлонскай вежы, калi Бог зблытвае мовы, калi людзi перастаюць разумець адзiн аднаго, а яна яшчэ разумее ўсiх, разумее i спрабуе дапамагчы паразумецца iншым. Рэдкi дар Дабрушы здзiўляе. * * * Няма такой размовы з Верай Мiкалаеўнай, каб яна не згадала пра свайго любага мужа: «Муж чытаў Гётэ ў арыгiнале, а я так i не палюбiла Гётэ. Муж лiчыў Гётэ за найвялiкшага з паэтаў. Томiк вершаў Гётэ заўсёды быў пры iм. Апошнiя гады свайго жыцця муж чытаў толькi адну кнiгу – лiрыку Гётэ па-нямецку. Я вельмi любiла мужа, але так i не зразумела такой адданасцi паэтычнаму таленту Гётэ.» Аднаго разу гутарка заходзiць пра Сталiна, пра мастакоў, якiе навыперадкi малююць правадыроў. Муж Веры Мiкалаеўны быў выдатным малявальшчыкам i жывапiсцам… «Муж нi разу не намаляваў «яго». Было цяжка, вельмi цяжка, даводзiлася пiсаць роспiсы ў калгасах, бо малюнкi i карцiны нiхто не купляў. Але як цяжка нам нi было, а муж нi разу не пагадзiўся маляваць “яго”». Вера Маркава так i не вымаўляе слова «сталiн»; пэўна, яно для яе кепскапрамаўляльнае. * * * У мяне захоўваюцца пяць вiншавальных паштовак ад Веры Маркавай. Часам я iх дастаю з капэртаў i перачытваю… «Дарагая Алена, зараз да мяне зойдзе Ваш брат, з нецярплiвасцю чакаю фотаздымкi! Нарэшце знайшла паштоўкi з дакладнай адрэсаюў Мiнску: Магазiнная вулiца, дом Паржэцкай. Ён стаяў у глыбiнi двара, праваруч, калi тварам да Свiслачы, (i, вядома, загiнуў?). Абдымаю Вас i цалую. В.Маркава». Вера Мiкалаеўна памыляецца наконт сваяцтва. Да яе заходзiць мой брат Мiраслаў, каб перадаць Аленiны фотаздымкi i «Слоўнiк беларускай мовы» І. І. Насовiча. Магазiнная вулiца цяпер пераназваная ў Кiрава. Дом, дзе нарадзiлася i жыла Вера Маркава з 1907 па 1914 год, стаяў на месцы, дзе цяпер стаiць школа, што насупраць дзяржаўнай бiблiятэкi iмя Францiшка Скарыны. Некалi, чамусьцi я ў гэтым перакананы, вулiцу Магазiнную-Кiрава пераназавуць у вулiцу паэткi Веры Маркавай. «12.ХІІ.91 г. Дарагая Аленачка! Пасылаю кiтайскi веер «Сад хрызантэмаў» на шчасце. Пяшчотнае прывiтанне Ядзеньцы. Панове! Вам абодвум найлепшыя пажаданнi здароўя, поспехаў, доблесцi i радасцi! Я вельмi кранутая Вашым заўсёдным апекаваннем мяне i радуюся, што кнiга выйдзе ў Мiнску. Я ўжо казала, што «Правда» атрымала ад мяне сухую адмову… Няхай жыве Новая Сталiца! З любоўю да Вас В.Маркава». Кiтайскi веер «Сад хрызантэмаў» усяго толькi фотаздымак на паштоўцы. Кнiга, пра якую пiша Маркава называецца «10 вечароў», зборнiк японскiх народных казак укладзеных i пераказаных Верай Мiкалаеўнай. Нажаль, я ўсё яшчэ не первыдаў «10 вечароў». «Вiншую з Вялiкiм святам Калядаў! Гасподзь хай ахоўвае ўсю вашую сям’ю, бацькоў, дзяцей i ўсiх блiзкiх i любiмых! 12 снеж. 1991 г. В.Маркава». «Дарагiм Алене, Уладзiмiру, мiлым дзецям i нават усяму любiмаму Мiнску жадаю мiру, спакою i чалавечай ласкi! Мае вам найлепшыя пажаданнi i блаславеннi на парозе вашага новага жыцця. Вера Маркава. 7 студзеня 1992 г.». Мы шмат гаворым з Маркавай пра маладую дзяржаўнасць Беларусi. Пра крохкi парастак беларускай незалежнасцi, зацiснуты памiж молатам i кавадлам, памiж Усходам i Захадам. «Дарагую Ядзеньку вiншую з Нараджэннем Хрыстовым! Шчасця, здароўя, любовi, веры i радасцi! Вера Маркава. Масква, 7-га студзеня 1992 г.». З усёй нашай сям’i найбольшая колькасць увагi i пяшчоты ад Веры Маркавай дастаецца Ядзi. Чамусьцi Маркава бачыць у маёй дачцэ перакладчыцу, так яно i здараецца.
|
|