РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лісткі календара
Уступ
Год 1935
Год 1936
Год 1937
Год 1938
Год 1939
ГОД 1935
ГОД 1935
        
7/I
        
        Лісткі майго календара ўвесь час перагортвае і шматае навальнічны вецер. Некаторыя з іх я сам вырываю і нішчу. Цяжка па такім календары жыць, яшчэ цяжэй будзе некалі аднавіць мінулае, а па ініцыялах і клічках – уваскрасіць сапраўдныя імёны многіх маіх сяброў.
        Мне і сённяшні дзень трэба было б вырваць і знішчыць, хоць і шкада, бо ён быў запоўнены незвычайнымі сустрэчамі, думкамі, марамі. Але каб усё гэта не паслужыла пачаткам для новага опуса пана пракурора Д. Пятроўскага1, я толькі занатую, што ў мяне быў дзень сёмага студзеня, калі ў Закрэце ішоў мокры снег, калі ў маёй кішэні было толькі трыццаць грошаў на хлеб, а ў галаве – пачатак новага «выўратовага» верша. Да ўсяго гэтага, я замёрз, як цюцька. Толькі на старой сваёй кватэры (вул. Буковая, д. 14) крыху адагрэўся. Любіна маці пачаставала мяне дранікамі і кубкам гарачага чаю.
        Уважна прачытаў адозву Лігі абароны правоў чалавека і грамадзяніна2, у якой сказана пра Картузскую Бярозу, што гэта – лагер, яшчэ горшы за царскую катаргу. У пераднавагоднім нумары «Работніка»3 (23/ХІІ 1934 г.) надрукавана патрабаванне ліквідацыі Бярозы4 і прыцягнення да адказнасці віноўных у злачынствах супроць арыштаваных. Гэта – першая прабоіна ў сцяне маўчання, што была ўзнята вакол засценкаў канцлагера. Да поўначы засталося 15 мінут. Цікава, колькі гадзін, начэй і дзён, колькі яшчэ гадоў – да сапраўднага світання?
        
        
8/I
        
        Па суседству з домам, у якім жыве П.5, – чатыры касцёлы. У нядзелю можна аглухнуць, калі яны ўсе разам пачынаюць званіць. На пару дзён пазычыў у П. «Левар»6 і «Часопіс для ўсіх»7 (1932), які, помню, так хутка быў канфіскаваны паліцыяй, што я нават не паспеў панюхаць, як пахне друкарская фарба маіх першых надрукаваных твораў. Паказваў ён мне і часопіс «Крыгалом»8, выдадзены групай прагрэсіўных беларускіх студэнтаў, і львоўскую аднадзёнку «Беларускае жыццё»9 (7/ІV 1932 г.) з маім вершам «Заштрайкавалі гіганты коміны», які ўпершыню я падпісаў сваім новым псеўданімам – Максім Танк.
        
        
9/I
        
        Аднекуль з’явілася мелодыя. Яна кужэльнай ніткай пацягнула за сабой вобразы, вобразы-рыфмы, апошнія ляглі ў верш. А ўвесь гэты абвал выклікала мелодыя забытай матчынай песні, словы якой не магу аднавіць у памяці. Забег да Т10. Ён расказаў мне пра гераічную смерць Андрэя Малько11. Калі асуджанага паднялі да шыбеніцы, ён крыкнуў у твар сваім катам: «Вешайце вышэй, каб відаць было мне, як гараць вашы маёнткі...». Я ўспомніў і веснюю раніцу на Лукішках, і стук тапароў, які мы чулі ў сваіх казематах, калі яму збівалі шыбеніцу, а потым – маленькія чырвоныя карткі, развешаныя ў Мядзеле, у якіх паведамлялася аб яго смерці. Чырвоныя карткі! Як часта яны з’яўляюцца на нашых шляхах! Трэба будзр пра іх напісаць. Вось так і не магу ніяк развітацца з цяжкай астрожнай тэмай.
        
        
14/I
        
        Чацвер. Сёння нашы, напэўна, недзе кірмашуюць. Праз два-тры дні прыедуць фурманкі мядзельскіх купцоў і, можа, прывязуць мне якую пасылку. Вечарам быў вольны час, і я глядзеў у кінатэатры «Пан» цікавы польскі фільм «Малады лес», а потым яшчэ два сеансы адседзеў у «Геліосе», дзе паказвалі цудоўны фільм А. Граноўскага12 «Маскоўскія ночы».
        Каля мяне седзячы, бедавалі два ягамосці:
        – А гарэлка, пане, «Выбарова» – чатыры злотых сорак грошаў, «Люксусова» – шэсць злотых... Не дзіва, што хлопы гоняць самагон...
        Прызнацца, я і не ведаў, што такая дарагая гарэлка, бо ніколі ніхто ў нас ёю не цікавіўся. Амаль тры пуды жыта каштуе літр гэтай «Люксусовай»! I хто яе такую п’е?
        Мароз амаль зусім адваліўся. На тратуарах – мокрая калатуша. Паўдзённы вецер гоніць над горадам цяжкія хмары, з якіх, як з мяхоў муку, вытрасае снег. Снег! Ніколі я так не радаваўся яму, як у юнацтве, калі ганяў статак на пашу. Вясной і летам трэба было рана ўставаць, а восенню дакучала мокнуць і мерзнуць на нашых балотных пашах. I вось настае такі дзень, калі ніхто цябе не будзіць, хоць даўно пара ўжо ўставаць. У прадчуванні нечага радаснага расплюшчваеш вочы і дзівішся: якім надзвычайным святлом свецяцца шыбы! Падбягаеш да акна і бачыш – снег!
        На Ігнатаўскім завулку сустрэў вялікую групу арыштаваных. Усе ішлі са скутымі рукамі. Ішлі сярэдзінай вуліцы, акружаньш паліцыяй. Відаць, пераганялі іх на Лукішкі.
        
        
15/I
        
        УК., з якой да свайго арышту ў 1932 годзе дружыў інжынер Сцяпан – Хведар Аніськевіч, засталася цікавая бібліятэка і шмат рукапісаў, прывезеных ім з Прагі. Яна паказала мне перапісаныя рукой Сцяпана вершы I. Дварчаніна. Праўда, вершы з мастацкага боку вельмі слабыя. У адным з іх, «Вечнасць», аўтар гаворыць:
        
...Як і мухі, людзі
Родзяцца і мруць.
Так было, так будзе...
Эх, жыццёвы пуць!
Вечнасць застаецца
У сабе сама,
З усяго смяецца,
Што было й няма.
        
        Бачыў некалькі вершаў і лістоў Л. Радзевіча і У. Жылкі. Я і не ўяўляў, што ў гэтага пражаніна было такое замілаванне да паэзіі. Я цяпер разумею, чаму ён цікавіўся і маімі вершамі, даючы ім дарогу на старонках «Пралома», «Часопіса для ўсіх» і іншых аднадзёнак.
        На пару дзён пазычыў у К. «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» М. Шчакаціхіна і «Расцвет культурна-нацыянальнага жыцця Усходняй Беларусі» I. Свянціцкага.
        
        
21/I
        
        Пасля доўгага чакання, ноччу Кірыл Карабейнік з хлопцамі прынеслі некалькі мяхоў літаратуры. Адразу мы яе размеркавалі: частку паслалі на Заворнач, а частку – на Нарач. Я пакінуў сабе пачытаць толькі некалькі зборнікаў савецкай паэзіі, пару часопісаў ды «Библию для верующих и неверующих». Усё гэта схаваў у старой крушні, дзе некалі дзед хаваў сваю жвіроўку, покуль не знайшоў ёй лепшае месца ў гумне.
        Відаць, зноў гэтымі днямі паеду ў Вільню. Там, чуваць, пачаліся антысеміцкія выступленні эндэкаў, сутычкі, біццё на Нямецкай вуліцы акон, вітрын...
        
        
14/II
        
        Толькі што вярнуўся з Браслава. I трэба ж было трапіць у гэта мястэчка пад суботу. Зайшоў у адзін, у другі дом, дзе меўся спыніцца і пераначаваць, а там гараць свечкі, моляцца старыя яўрэі. Хацеў ісці ў Слабодку, але далекавата. 3 возера дзьмуў пранізлівы вецер. За апошнімі хатамі каля дарогі – нейкія канавы, ямы. Заснежанае поле з чорнымі гарбамі азімай раллі здалося пакалечаным, самотным. Вярнуўся на вакзал. Некалькі чалавек грэлася ля печы. Прайшоў паліцэйскі, аглядаючы пасажыраў. Сонны касір марудна выдаваў білеты. Я забіўся ў куток і пачаў абдумваць: што адказаць, калі нехта пацікавіцца, чаго і да каго прыехаў я ў Браслаў... Далятаюць абрыўкі нечага расказу:
        – Круты і жывы быў чалавек. Я ўжо думаў, і смерць яго не дагоніць. Аднойчы хацелі яго злавіць за тое, што паляваў у казённым, дык дзе там! Стралялі. Куля – за ім, а ён – за дрэва, куля – за ім, а ён – за стог... Так і ўцёк... Тады было голадна. Елі свірэпку, крапіву, лебяду, валошку, чарнобыль... Зноў са сваёй неадлучнай качаргой – карабінам – прайшоў паліцэйскі.
        – У нас на магільніку, у склепе, дзе быў пахаваны стары Васютоўскі, знайшлі нейкую крамольную «бібулу». Прыйшоў камендант у двор да яго сынаі пытае: «Ці знае пан дзедзіц, што ваш бацька на магільніку займаецца какуністычнай прапагандай?» У сына аж валасы на галаве дыба сталі. Рогат.
        – А што гэта, вашаць, кульгае? Можа, каб не пайсці ў войска? Адзін у нас так разгнявіў рану кураслепам, што ледзь самога выхадзілі. Думалі, што памрэ, бо ўжо нічога не мог браць у рот, нават – гарэлкі.
        «Здаецца, слухаеш Адзісею, у якой, на жаль, не будзе свайго Гамера» (Гейнэ). А можа, усё гэта, што перажываем, некалі знойдзе свае адбіццё ў літаратуры?
        Хіліць сон. I гадзіннік застыў – ледзь перасоўвае свае стрэлкі...
        Аж сёння, здаецца, чую сцюжу ночы, праведзенай на вакзале. Праўда, калі развіднела і калі крыху адагрэўся ў чайной, Браслаў мне выдаўся і весялейшым, і цікавейшым мястэчкам, якое працягнулася паміж азёр. На агародах чарнеюць, выцягнутыя і перавернутыя днішчамі ўгару, рыбацкія лодкі.
        Каб не забыцца, калі прыеду ў Вільню, схадзіць на Гетманскую вуліцу да М., які абяцаў пазычыць мне апошнія літаратурныя навінкі. М. раней жыў на Віленскай, 12, у доме, дзе калісьці знаходзілася рэдакцыя «Маланкі». Відаць, з тых часоў у яго захавалася шмат кніг беларускіх пісьменнікаў: Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, 3. Бядулі, М. Багдановіча, М. Чарота.
        Мне здаецца, набліжаецца час, калі кніга перастане быць адзіным пасланцом культуры. Але ў нас яшчэ і кніга з’яўляецца рэдкім госцем у сялянскай хаце. Найчасцей гэтай кнігай бывае каляндар. Прызнацца, з яго пачалася і мая нацыянальная свядомасць.
        
        
15/II
        
        У старых сваіх паперах знайшоў перапісаную яшчэ ў 1932 годзе ў перакладзе Ю. Тувіма на польскую мову паэму Ул. Маякоўскага «Воблака ў штанах». I чарніла выцвіла, і тэкст зрабіўся невыразны. Трэба будзе нанава перапісаць яе ці, лепш, вывучыць на памяць. Эх, каб мог дзе я знайсці гэту рэч на рускай мове!
        З Галоўнай управы ТБПІ прывалок цэлую кіпу кніг, выдадзеных некалі былым Пасольскім Клубам. Чытаю I. С. «Марксізм і нацыянальнае пытанне». Мне здаецца, што да вядомага ўсім акрэслення нацыі трэба было б там, дзе гаворыцца аб супольнасці мовы, дадаць яшчэ: любоў да яе і замілаванне. А то і на маёй Мядзелынчыне – побач з заявамі, у якіх сяляне патрабуюць адкрыцця беларускіх школ, – мясцовыя ўлады збіраюць подпісы людзей, якія, наадварот, выказваюць пажаданне, каб іх дзеці вучыліся ў польскіх школах, бо «куды яны пададуцца ў людзі са сваёй мужыцкай мовай?». Праўда, гэтыя заявы часцей за ўсё пішуцца не па сваёй волі, а пад націскам асаднікаў, солтысаў, паліцыі, ксяндзоў і некаторых настаўнікаў, што прыехалі з Цэнтральнай Польшчы і перакананы, што гэтым робяць паслугу сваёй дзяржаве і свайму народу.
        
        
17/II
        
        Прывычка – не цікавіцца тым, чаго не трэба знаць, і людзьмі, знаёмства з якімі не з’яўляецца неабходным, часам шкодзіць мне як пісьменніку, бо пачынаю праходзіць міма многіх спраў і з’яў у жыцці, вартых большай увагі і роздуму.
        За акном – сонечная сінь, аж нельга ад яе адвесці вачэй. На вуліцы – смех дзяцей. Ён нагадвае звон жаўрука, калі той вясновай песняй палошча сваю дзюбу.
        Прачытаў дзве, нашумеўшыя ў свой час, паэмы: А. Радзевіча «Беларусь» і У. Жылкі «Уяўленне». Іх мне вельмі хваліў В. Г-ыч, лічачы іх пераломнымі ў нашай літаратуры, паэмамі з глыбокім філасофскім падтэкстам. Відаць, кожны ўспрымае найбольш блізкія і сугучныя яму песні, творы мастацтва. Мяне ж гэты, спознены на нашым грунце, сімвалізм не захапіў. Відаць, я з ім размінуўся, калі ішоў за плугам і кожную грудку зямлі, кожны камень яе адчуваў сваімі босымі нагамі. Ну, а ў камеру, калі сядзеў, праз заслон вартавых дайсці да мяне ён не мог. Накідваю новы верш:
        
Аловак адабралі –
Пішу скупым промнем сонца,
што прабіўся праз краты;
Паперы няма –
Пішу на стаптаным паліцэйскімі ботамі,
Акрываўленым лісце сваёй памяці;
Маркі няма –
Наклейваю на грыпс
Надзею сваю на сустрэчу з табой.
Ты атрымаеш маю песню
Ад старога катаржніка,
Майго таварыша,
Які сёння выходзіць на волю.
Ён мог бы вынесці адгэтуль – з пекла –
Шмат прывітанняў бацькам, жонкам, дзецям.
Але, па рашэнню Партыі,
Ён вынесе маю песню.
Не трымай яе доўга ў сваіх далонях.
Пусці. Хай ляціць.
Яна мусіць прынесці галінку вясны.
        
        Пакуль што ў нас большай папулярнасцю, лктворы, карыстаюцца розныя літаратурныя і эстэтычныя праграмы і маніфесты. Амаль кожны друкаваны орган пачынае з іх сваё жыццё.
        Не заўважыў, калі захварэў на хваробу, вядомую золаташукальнікам. Толькі я шукаю новых тэм, яшчэ не сцёртых ад частага ўжывання новых слоў, рыфмаў, метафар, параўнанняў. Зараз цяжка прадбачыць, што застанецца ад нашых ранейшых твораў. Адно ясна – ім пагражае інфляцыя.
        Каля «Бара Акацімскага» ледзь не напароўся на X. Іляшэвіча і А. Бартуля – не так даўно яшчэ двух славутых паэтаў. Першы, стаўшы ценем Р. Астроўскага, п’е, спыніўшыся на нейкім раздарожжы паэзіі і непаэзіі, піша свае анемічныя, выхалашчаныя вершы; другі, як яго вусаты патрон, які, даехаўшы ў свой час на трамваі да прыпынку «Незалежнасць», развітаўся з сацыялізмам, дабраўшыся да панскага карыта, развітаўся са сваім былым радыкалізмам і вершамі і зараз памагае пракурору пісаць акты абвінавачання супраць нас. Помню, у 1930 г. мяне з імі пазнаёміла сястра Лю – Зося. А. Бартуль тады, здаецца, адзначаў пяцігоддзе сваёй літаратурнай дзейнасці.
        – А вы знаеце, што гэты жэўжык піша вершы?
        – Ну?! – здзівіліся барды. – Можа, ён што нам прачытае?
        Гэта было сказана для прыліку. Прыйшлі яшчэ нейкія студэнты, і я непрыкметна вышмыгнуў у суседні пакой.
        Другая сустрэча была праз некалькі год, калі мяне ў наручніках прывезлі з Глыбокага ў Віленскі акружны суд і прывялі на допыт да следчага, у пакоі якога я неспадзявана ўбачыў А. Бартуля. Ён увесь час, пакуль мяне дапытвалі, сядзеў за сталом, апусціўшы галаву, не адрываючы вачэй ад нейкіх папер.
        I вось – трэцяя сустрэча з памочнікам следчага. Добра, што не заўважылі мяне. Я спыніўся каля вітрыны кніжнага магазіна, у якой, быццам у люстры, бачыў, як яны перайшлі на другую старану вуліцы. Ля старой камяніцы, дзе, здаецца, мясцілася калісьці славутая друкарня Мамонічаў, стаяла некалькі рамізнікаў. Удвух яны, уваліўшыся ў сані, паехалі ў бок Нямецкай вуліцы. Можа, куды зноў піць.
        Неяк хутка прывык я да Вільні. Можа, таму, што вуліцы акраін, дзе я туляюся, мала чым адрозніваюцца ад вясковых. Летам тут можна сустрэць коней, кароў, коз, пачуць, як галосна пераклікаюцца пеўні, восенню гэтыя вуліцы пахнуць сенам, гароднінай, садавінай, зімой – бярозавым ды сасновым дымам з комінаў, а вясной – верхаводкай, капяжамі, балотам. Ды і неба тут не заслонена ніякімі камяніцамі. Здалёк відаць, якія набліжаюцца хмары, навальніцы, як ідуць змены года.
        Тут нават калі хто ідзе па нейкіх справах на Завальную, Вялікую, Нямецкую, Міцкевіча ці іншыя цэнтральныя вуліцы, лічыцца, што ён ідзе ў горад. А галоўнае – горад гэты, хоць на шмат кіламетраў расцягнуўся ўздоўж Віліі, падуладны маім нарам. Я яго магу некалькі раз прайсці ўдоўж і ўпоперак, з поўначы на поўдзень, з усходу на захад.
        Пытаўся ў Трахіма пра Юзафа, якому калісьці з «Праломам» быў перададзены цзлы жмут вершаў Я. Гароха і маіх. Некаторыя з іх былі надрукаваны – аб чым я даведаўся на судзе – у «Хрэстаматыі», выдадзенай у Мінску. Але рэшта, відаць, недзе загінула. На Чыгуначнай вуліцы – каляровыя рэкламныя плакаты: «Вэдэль», «Гэрбэо», «Магі», «Салялі».
        Каб забыць, што сёння нічога не еў, трэба пісаць. Голад у мяне чамусьці асацыіруецца з творчасцю, а творчасць – з голадам. Можа, таму, што яны да мяне прыйшлі разам.
        
        
19/II
        
        Чытаю вершы польскіх футурыстаў, якія збіраліся выкінуць на сметнік усіх класікаў і лічылі тэлеграфічны апарат Морзе найболыным творам мастацтва. «Калі прыйшоў Ясенскі, беззваротна памерлі Татмаер і Стаф»... Гэтым нігілістычным грыпам перахварэлі амаль усе старэйшыя еўрапейскія літаратуры, за выняткам такіх маладых, як наша, занятая сваімі нявырашанымі жыццёвымі праблемамі.
        Зайшоў да гаспадароў Трахіма з надзеяй, што, можа, застану яго дома. За сталом сядзелі дзеці, якіх маці павучала, як трымаць лыжку, нож, вілку, хоць гэтымі прыладамі не асабліва было што лавіць у іх талерках. Гаспадар даўно быў беспрацоўным. Толькі часамі яму ўдавалася зарабіць на чыгунцы нейкі грош пры разгрузцы вагонаў. Часта скардзіўся на жыццё і праклінаў дурныя непаладкі ў сваёй дзяржаве.
        – Пане дабрадзею, відаць, і створца не можа пахваліцца розумам, калі стварыў такі несправядлівы свет.
        Чуючы гэта, жонка пачынала крычаць: «Бязбожнік, што ты вярзеш?»
        Вечарам перапісаў для «Калосся» некалькі сваіх лірычных вершаў. Мне здаецца, лірыка, як крыніца з зямлі, заўсёды бярэ свой пачатак з біяграфіі самога паэта. Да поўначы праседзеў за вершамі. Паэзія – бадай што самая неспакойная і складаная работа ў жыцці. А калі ўлічыць, што ніхто ў маім родзе ніколі ёй не займаўся і сам я не быў да яе падрыхтаваны, можна ўявіць, з якімі цяжкасцямі мне зараз прыходзіцца сустракацца на сваім шляху. Ды ці толькі мне? Амаль поўная ліквідацыя беларускіх друкаваных органаў, выдавецтваў, непераадольныя цэнзурныя рагаткі – не даюць магчымасці нашаму голасу прабіцца ў свет. А да ўсяго, не кожны з нас, заходнебеларускіх пісьменнікаў, усё яшчэ мусіць біцца над рознымі нявырашанымі праблемамі, якія для іншых ужо з’яўляюцца пройдзеным этапам.
        Паны Кірціклісы, Рачкевічы, Бацянскія і іх ідэйны бард Цат-Мацкевіч хочуць з трох з паловай мільёнаў беларусаў зрабіць тры з паловай мільёны сваіх нямых валоў. Яны забываюць, што і маўчанне можа быць пратэстам, што на свеце ёсць дзве праўды: праўда прыгнечанай нацыі і пануючай. Першая – у мільён раз болыпая. I яе нічым не заб’еш.
        
        
20/ІІ
        
        Толькі што вярнуўся з апеляцыйнага суда, дзе па міласці пракурора I. Ячынскага пераглядалася мая справа. Абвінавачваўся я ў тым, што ў Вільні 14/П 1934 г. напісаў і распаўсюджваў антырэлігійны твор, а 30/ГУ 1934 г. – першамайскую адозву, у якой быў заклік выступаць «супраць тэрору і пацыфікацыі, у абарону СССР і Чырвонага Кітая, супраць фашысцкай дыктатуры, змагацца за Польскую Савецкую Рэспубліку, за права самаакрэслення аж да аддзялення...». Адным словам, як гаварыў пан пракурор, «заклікаў да выступленняў супраць існуючага ўрада і за адрыў ад Польскай дзяржавы часткі яе тэрыторыі». Апошняя фармуліроўка была заключным абзацам ва ўсіх палітычных актах абвінавачвання, стаўшы трафарэтнай і ўсім вядомай.
        I пракурор, і сведкі (у мяне не было адваката) сарамліва абыходзілі той факт, што гэтыя крамольныя матэрыялы былі знойдзены ў турме, і не ў маёй камеры, а ў суседняй, дзе тады сядзелі т. Б. Лагун, Д. Файгенберг і I. Фейгельман. Усё абвінавачванне трымалася на паказаннях стражнікаў А. Трухана і Т. Бараноўскага, якія сцвярджалі, што я даўно быў ім вядомы як аўтар падобных грыпсаў. Іх падтрымліваў і «графолаг», хутчэй усяго – нейкі шпік, I. Бругаль.
        Невядома, чым бы закончылася ўся гэта справа для мяне, як чалавека, западозранага ў прыналежнасці да КПЗБ і на ранейшым працэсе асуджанага на два гады ўмоўна з пазбаўленнем на 8 год усіх правоў, але ахілесавай пятой абвінавачання былі спасылкі ў знойдзеных матэрыялах на мінскую газету «Звязда», якія і памаглі мне падважыць усё абвінавачанне. Помню, яшчэ ў акружным судзе адбыўся цікавы дыялог. Я папрасіў дазволіць мне задаць пару пытанняў сведку абвінавачання.
        – Суд дазваляе.
        – Ці на Лукішках арыштаваныя могуць атрымліваць падпольную камуністычную літаратуру і савецкія газеты?
        Гэта абсалютна выключана! – горача запярэчыў стражнік, яшчэ не арыентуючыся, у чым справа. Ды каб ён і здагадаўся, куды я хілю, што ён мог іншае сказаць, калі не хацеў пашкодзіць свайму аўтарытэту – аўтарытэту лукішскага дзяржыморды. «Як вядома, – заключыў я, – у грыпсах падаюцца факты і цытаты, узятыя з савецкіх газет. Як жа я мог перапісаць іх, калі ў той час сядзеў на Лукішках і, як сцвярджае сведка А. Трухан, не мог карыстацца гэтай літаратурай? Не менш беспадстаўным з’яўляецца і абвінавачанне мяне ў аўтарстве антырэлігійных вершаў, якія з’яўляюцца – тут хай мне даруе наш выдатны сатырык, што прыпісаў яму гэтыя слабыя і бездапаможныя вершы, – фрагментамі з «Бібліі» вядомага беларускага савецкага пісьменніка Кандрата Крапівы».
        Суд зацвердзіў рашэнне першай інстанцыі, вынесенае 19/ХІІ 1934 г. Вечарам пайшоў да Мажуцаў. Сустрэў у іх бацьку I. Гарэлічонка. Стары бедаваў, што сына яго на Лукішках зусім скавала экзема. Ходзіць, казаў, увесь абкручаны бінтамі, толькі вочы блішчаць. 3 I. Гарэлічонкам я некалькі месяцаў сядзеў у 89-й камеры. Ён ужо тады быў цяжкахворы. Ад сырых і сцюдзёных астрожных муроў у нас ва ўсіх балелі і пухлі суставы пальцаў.
        На вуліцах чамусьці не гарэлі і так рэдкія на прадмесці ліхтары. Ледзь выбраўся з цёмнай і заблытанай Цмянтарнай вуліцы на вузкі, перакінуты цераз чыгунку прахадны мост, дзе было крыху святлей. Я спыніўся на хвіліну. Пада мной паблісквалі рэйкі. Яны, здаецца, разрэзалі горад на дзве часткі: патануўшы ў імгле Новы Свет і болып асветленыя прывакзальныя кварталы. Жыццё з кожным днём ускладняецца. Драматызм яго значна болыпы, як шэкспіраўскі, бо на арэне гісторыі вырашаецца не лёс адзінак, не паасобных герояў, а цэлых народаў.
        
Цені, што заміналі, паліў на барыкадным агні,
Пераплываў праз марскія бурлівыя воды,
Прарываўся праз джунглі сляпых забабонаў, хлусні,
Крышыў свае краты, каб стрэцца з табою, свабода.
        
        Я доўга шукаў работы, якой бы хапіла мне на 1000 год. Пакуль што такой для мяне з’яўляецца паэзія: скончыў песню – другая грукае ў сэрца. Праўда, работа гэта аказалася болыы складанай, як я думаў раней.
        Залежнасць мастака нават ад самога творцы не можа быць пацяшаючай і натхняючай. Стараюся пазбегнуць таннай патэтыкі, позы, хоць рэдка калі мне ўдаецца быць натуральным, як лінія небасхілу. Апошнія дні часта прыходзіцца браць удзел у розных дыспутах і спрэчках з нашымі ідэйнымі праціўнікамі, хоць усё больш і больш пераконваюся, што мае выступленні не варты і аднаго верша, які мог бы я за гэты час напісаць.
        Якія пайшлі бясконцыя зімы!
        Зайшоў Р. Перадаў прывітанне ад К. В. Мацконіса, з якім мы ў 1932 годзе разам сядзелі на Лукішках. Узяўся за Арыёста.
        Як часта ў людзей, якія жывуць у цемені, нараджаюцца вобразы сонечныя, пра волатаў – пішуць слабыя, пра каханне – тыя, што яго не зведалі. Зразумела, гэта – не аксіёма, але не аксіёма і тое, што, каб пра нешта напісаць, абавязкова трэба перажыць.
        Учора запісаў словы нейкага дзядзькі, які прадаваў дровы на навагрудскім рынку: «Што ты з яго возьмеш, калі ён толькі багаты смеласцю...». А гэта сапраўды немалое багацце!
        
        
25/II
        
        На пару тыдняў прыехаў у сваю Пількаўшчыну. Днём – у лесе з бацькам пілуем на дровы ўсякае гніллё, буралом, сухастой; вечарам – пішу. Першыя дні лес быў такі аснежаны, што і падступіцца да яго было цяжка, ды і шкада было ўрывацца з сякерай у яго цішыню. Ад малейшага стуку, подыху ветру на нас абрушваліся цэлыя лавіны снегу. Я расклаў быў агонь, але і яго засыпала. Каб не змёрз наш полудзень, мы закапалі торбу ў снег. Як смык, звініць і звініць наша піла. Перш мне здавалася, што звон яе – аднастайны. Але потым я пачаў адрозніваць яго адценні. Іначай спявала наша піла, уразаючыся ў асіну, іначай – у сасну, іначай – у настылую ардзель, скручаныя жылы чачоткі ці стрыжняватую, сукаватую, быццам кавальскімі цвікамі збітую елку.
        Сёння ў поўдзень прыйшоў памагаць дзед. Успомніў, як ён тут, дзе мы зараз пілуем, аднойчы ўдарыў па ваўку, толькі шрот быў драбнаваты, і той не злёг. Агулам найлепш па ваўку біць збоку, а не наўпрост, бо ён можа скочыць на чалавека.
        Мы пілуем. Стары цярэбіць сукі і расказвае:
        – Быў такі выпадак у Бушавым бары. Добра, што ў паляўнічага на галаве была баранняя шапка, якая і ўратавала яго.
        Усе пількаўшчане гавораць голасна. Іх і ў кірмашным гомане пачуеш. Словы дзеда выразна чуюцца праз шоргат пілы. Вярнуўшыся ў Вільню, і я доўга не магу прывыкнуць да гарадской сцішанай гамонкі, якой толькі можна запоўніць невялічкі пакой, а не поле або гэты лес.
        
        
5/ІV
        
        Ураілі з дзедам пайсці ў Дрывасек і спусціць бярозавы сок. Цяпер самы час, пакуль не крануліся мурашкі. Потым не адбаронішся ад іх: будуць лезці да соку, а напіўшыся, як п’яныя, тапіцца ў ім. Над выганам кружаць-плаваюць конюхі. Відаць, недзе блізка гняздуюць. I яны, покуль прачнуцца муравейнікі, стараюцца вывесці сваіх пісклят. Мы спыніліся каля трох разгалістых бяроз. Зачасалі. Покуль забівалі латак, буйнымі кроплямі пачаў выступаць сок, а потым – тонкай сярэбранай ніткай паліўся ў прынесеныя намі лёгкія, як папяровыя, асінавыя начовачкі. Стары пайшоў да дарогі, дзе, чуваць было, нехта панукваў на каня, а я прысеў на вывараці, чакаючы, калі на дне начовак збярэцца пару глыткоў хмельнага і асвяжаючага веснавога напою.
        Над лесам, некуды спяшаючыся, плылі аблокі. Я глядзеў на іх. Прабаваў кіраваць імі. Некаторыя нават былі паслухмяныя маёй волі: злучаліся ў фантастычныя кшталты, мянялі свой колер.
        Вярнуўся дзед з навіной: паехалі купцы з-пад Крывіч. Пыталіся дарогі да Мікалая. Чулі, што ён прадае сенажаць.
        – Можа, напісаць Фадзею ў Аргенціну, каб падаслаў грошай, ды прыкупіць і нам пару дзесяцін? – разважае стары ўслых.
        – А што гэта табе дасць, дзед? – асцярожна я стараюся падважыць яго сляпую, спрадвечную прагу да зямлі. – Ад таго, што прыдбаеш яшчэ больш карчоў ды балота, нікому не палягчэе. У цябе, як у руплівага гаспадара, хапае такой катаржнай працы, што нават дзеці твае, ратуючыся ад яе, паўцякалі з дому.
        Стары хоць і не прызнаецца, але знае, што гэта – праўда. Бацька мой не раз яму гаварыў пра гэта. З дванаццаці чалавек дзяцей частка памерла ад сухот, а рэшта разбрылася па ўсім белым свеце. Толькі адзін мой бацька вярнуўся з бежанства да гэтай зямлі і зараз пекліцца тут, за што кожны раз яго папракае маці, калі нажыты на пількаўскіх балотах раматус пачынае нясцерпна круціць ёй рукі і ногі.
        Вярнуўшыся дамоў, дзед узяўся за сваю любімую работу – драбіць лучыну. Ён ужо яе нарыхтаваў з паўсотні пукоў. Заваліў гарышча на хаце і печ. Няма нават дзе і парцянак з рукавіцамі пасушыць.
        Пасля абеду паехаў да каваля Васіля Бабровіча падкоўваць нашага Лысага. У кузні было некалькі чалавек пількаўшчан. Яны завіхаліся ля накавальні, памагаючы рассякаць старыя снарады, з якіх усе ў нас рабілі нарогі. Работа – не з лёгкіх. Трэба добра намахацца молатам, пакуль аддзеліш гільзу ад таўшчэзнай пяты снарада. Ужо колькі год мінула, а ўсё яшчэ перакоўваем пакінутае вайной жалеза на плугі, сякеры, палазы, сярпы. Амаль у кожнага ляжыць прызапасенае рознае ваеннае ламачча: крупаўскія шпалы і рэйкі з разабранай светкаўскай веткі вузкакалейкі, кастылі, балты, балкі з бліндажоў, скруткі рознага дроту.
        У кузні – дымна, душна. Палілі не вугаль, а тоўстую бярозавую кару, пазбіваную на пасеках са старых пнёў. Каля горна дыміла дзындра і стыла некалькі выкаваных нарогаў.
        Прывязаўшы каня да плота, я пайшоў у Езупаў двор, дзе спыніліся былі нейкія фурманкі, чуўся гоман галасоў ды вясёлы брэх сабак, якія, відаць, маладнякоўцаў мне здаюцца да таго шматслоўнымі, кучаравымі, што нагадваюць барок, толькі – пралетарскі. Праўда, мова значна багацейшая за нашу, заходнебеларускую, бязбожна засмечаную дыялектызмамі і рознымі паланізмамі. Я ўсё болын пачынаю думаць, што сапраўдная паэзія пачынаецца не ад слоўнай і рытмічнай эквілібрыстыкі, але – ад думкі.
        
        
3/V
        
        Раніцай мы з бацькам спілавалі на дварышчы сухую бабіну грушу. Чамусьці яна неспадзявана ссохла, хоць была яшчэ не такой старой. Доўга шмаравалі мы пілой яе цвёрды, быццам касцяны, ствол. I тапор не хацеў браць яе вузлаватыя, непадатлівыя сукі. Бацька збіраецца вычасаць з плашак грушы новыя кулакі для малатарні. А то старыя ўжо зусім збіліся і пашчапаліся. Думалі спілаваць і высокі яловы падтрухнелы пень, што служыў прывяззю для коней, але адклалі на другі раз. Цяпер ля варот засталіся толькі дзве маміны рабінкі і дуб, перасаджаны бацькам з Нявераўскага яшчэ ў першую восень, калі мы вярнуліся з бежанства. За апошнія гады шчодра пачаў пасыпаць восеньскі мурог дварышча сваімі залатымі жалудамі. За плотам разлапушыўся куст грэцкага арэха, што вырас з зярняці, пасаджанага дзядзькам Фадзеем, калі той вярнуўся з Чэхаславакіі. Куст гэты кожную зіму вымярзае, але кожную вясну зноў выпускае маладыя атожылкі, пакрытыя шырачэзнымі цёмна-зялёнымі клёнападобнымі лістамі. Нешта ёсць у яго характары з нашай мужыцкай упартасці. Можа, таму ніхто яго не чапае. Хай далей змагаецца з нашымі халадамі. Можа, з часам абжывецца, прывыкне, будзе неяк жыць.
        Зайшоў у хату напіцца вады. Мама, кленучы памаўзлівага ката, разблытвала скінутыя ім з печы, напрадзеныя ёю кужэльныя пачынкі. У хаце было душна. З цэбра, што стаяў ля печы, у які толькі што адцадзілі некалькі гаршкоў бульбы, як з кратэра вулкана, дыміла пара. У чалесніках, на патэльні скварылася некалькі рыжых скварак – падрыхтаваная для капусты заправа. Нечага пачаў брахаць сабака. На гумне спыніўся знаёмы рызнік Ходас – багаты на розныя навіны, на пасулы, на парады.
        Конь, з адпушчанай папругай, ловіць сваімі рухлівымі губамі расцярушаныя каля варот пуні калівы сена. Паміж задніх калёс, як маятнік, хістаецца карчага з квачом. Драбіністы воз завалены нейкімі кулямі, сторжкай, скрынямі. А вось і сам Ходас: худы і сутулы, з тварам, падобным да пытальніка, апрануты ў выцвілы, нейкага невядомага колеру сурдут, падпяразаны старой дзягай, на спражцы якой віднеецца надпіс: «^ой шіі ші8». Я ўсё збіраюся ў яго запытацца, дзе ён прыдбаў сабе гэты ваенны трафей, але ён заўсёды мяне апераджае сваімі пытаннямі:
        – Маці дома?
        – Дома.
        – Купляй, гаспадыня...
        – Купіла б сяло, ды грошаў мало!
        Відаць, сёння запознімся з абедам, покуль жанчыны не збудуць усю непатрэбшчыну і не купяць сабе іголак, мыла ці нейкую хустачку.
        
        
5/V
        
        Крыху задрамаў у вагоне, ды разбудзіў мяне гулкі паравозны гудок сустрэчнага цягніка. Нешта доўга стаялі на станцыі Вілейка. Можа, што здарылася на чыгунцы? Я выйшаў на перон, каб паглядзець на домік Бутараў, у якіх калісьці кватараваў. Світала. Нічога за апошнія восем год не змянілася на гэтай прывакзальнай вуліцы. У купэ падсеў знаёмы вілейскі гандляр яйкамі Сацункевіч са сваім сябрам. Пазнаў мяне. Разгаварыліся. Ад яго даведаўся пра смерць сваёй былой гаспадыні, пра хваробу старога Бутара, пра тое, што старэйшы яго сын Мікалай выехаў у Варшаву, а малодшы, Вася, з якім я разам вучыўся ў трэцім і чацвёртым класах гімназіі, ходзіць працаваць на лесапільны завод. Трэба было б мне некалі наведаць іх. Апошні раз я быў у іх у 1932 годзе, калі пехатой ішоў з Вільні дамоў. Хацелася мне распытацца ў Сацункевіча пра маіх сяброў-вілейчан – Міколу Гаўрыліка, Люсю Валынец і другіх, але субяседнік мой неяк хутка пачаў кляваць носам, відаць, змарыўся, пакуль уладкаваў свой багаж – цяжкія скрыні з яйкамі. Я заўсёды дзівіўся спрыту і нюху гэтага чалавека, які здалёк мог угадаць, дзе пахне заробкам, грашамі. Перад Вялікаднем і Радаўніцай ён цэлымі днямі праседжваў над скрынямі яек, выбіраючы наймацнейшыя, каб потым прадаць іх у сто разоў даражэй розным аматарам гульні ў бойкі. Затое яго кампаньён – буйны гандляр ільном – і не думаў лажыцца спаць. Абрадаваўшыся, што ў маёй асобе знайшоў уважнага слухача, пачаў расказваць пра свае камерцыйныя справы, пра велізарныя льняныя рынкі ў Трутнаве, Гандаве, Лілі, Белфасце, куды ён амаль кожны год ездзіў заключаць кантракты з рознымі замежнымі фірмамі. Ён, калі б мог, казаў, для падняцця дабрабыту загадаў бы сялянам сеяць толькі лён, лён і лён... Нарэшце, ляскаючы буферамі, крануўся і наш цягнік. За акном прамільгнулі вежа касцёла і белыя высокія сцены турмы. А потым – лес ды імшары, лес ды імшары.
        
        
7/V
        
        Зноў пачаліся з ранку да вечара мае бясконцыя вандроўкі па Вільні – вандроўкі па цікавых старонках гісторыі, розных прыгод і паэзіі. З кожным годам гэты горад усё болын і болын прываблівае да сябе турыстаў, я ўжо не гавару пра натоўпы багамольцаў, якія, пачынаючы з мая, праз усё лета цягнуцца да Вострай Брамы і да Кальварыі. Ідуць не толькі з Віленшчыны, Навагрудчыны, Гродзеншчыны, але і з Літвы і з Латвіі...
        Сёння я спыніўся каля групы вясковых жанчын, якія, схаваўшыся ад сонца ў засень Святаянскай званіцы, аб нечым гаварылі з ксяндзом. Быццам разглядваючы ў вітрыне магазіна паляўнічых і рыбалоўных прылад чучалы розных птушак, стрэльбы, вуды, сачкі, я краем вуха прыслухоўваўся да іх гутаркі.
        – Дык вы адкуль будзеце?
        – З Мядзела, – адказала ксяндзу старэнькая бабулька.
        – Прыйшлі ці прыехалі?
        – Прыйшлі... Як ачуняў мой унук Піліпка, я ахвяравалася хадзіць кожны год у Вільню. Вось толькі падбілася ды ногі апухлі...
        – У вас жа ёсць свая Кальварыя.
        – Ці ж такая?.. Божачка мой, каб дзе вады напіцца, прагнаць смагу, праясніць вочы, – гаворыць старая і, змораная, зняўшы з плячэй свой хатулёк, садзіцца на край тратуара.
        Мне хацелася падысці і спытацца ў бабкі, з якой яна вёскі, як яе зваць. Але да гэтай групы багамолак пачалі далучацца іншыя. 3 Замкавай вуліцы пад’ехалі фурманкі, загружаныя рознымі дэвацыяналіямі – крыжамі і абразамі. Відаць, тут быў зборны пункт багамольцаў з маёй Мядзелыпчыны. На дошчачках, прывязаных да драбін і вазкоў, я прачытаў: вёска Баяры... вёска Навасёлкі... вёска Купа... і нават два-тры знаёмыя прозвішчы. Пастроіўшыся радамі, багамольцы пайшлі сярэдзінай вуліцы ў напрамку Кальварыі. Раскрыўшы кантычкі, яны зацягнулі малітву, якая хутка задыхнулася ў гарачыні, у шуме, у грукаце «Арбонаў», у іх чорным жалобным дыме, што пакідалі за сабой гэтыя цяжкія швейцарскія дызельныя аўтобусы.
        
        
8/V
        
        Трывожныя весткі прывёз Міхась Васілёк са сваёй Гродзеншчыны. Расказваў, як у іх расхадзіліся фашысцкія элементы, як яны рыхтуюцца да «ночы доўгіх нажоў». Трэба было б на гэту тэму нешта напісаць. Ноч доўгіх нажоў! I ў Вільні зараз эндэцкія пікетчыкі, узброеныя касцетамі і палкамі, часта патрулююць каля яўрэйскіх крам і магазінаў і ўгаворваюць пакупнікоў, каб яны далучаліся да іх, не куплялі нічога ў яўрэяў, а толькі ў палякаў, у якіх за ўсімі вітрынамі выстаўлены абразы з Маткай Боскай Вастрабрамскай. На Пагулянцы бачыў Матку Боскую побач з бутэлькамі гарэлкі і віна, а ў магазіне Фэрлічкі – у акружэнні жаночай бялізны, панчох, бюстгальтараў. Але ўсіх пераплюнуў гаспадар аптэкі на вуліцы Міцкевіча, памясціўшы яе побач з рэкламай супрацьзачаткавых сродкаў.
        
        
9/V
        
        Да сустрэчы з П. яшчэ было шмат часу. Каб не звяртаць на сябе ўвагу, я далучыўся да нейкай пахавальнай працэсіі, якая накіроўвалася на магільнік Роса. Крутой гарыстай сцяжынай я дайшоў да т. зв. «Беларускай горкі», дзе пахавана шмат розных дзеячаў. На гранітных і мармуровых плітах – «Вечная памяць...», «Вечная слава...», «Заўсёды будзем помніць...». Каму патрэбна гэта патэтычная хлусня?!. I ўсё ж надмагільныя помнікі падказалі мне цікавую тэму, за якую, вярнуўшыся дамоў, адразу вазьмуся.
        У нас літаратуры прыдаецца велізарнейшае значэнне, якога яна ў іншых народаў даўно не мае. Не знаходзячы ў сённяпгаім жыцці справядлівасці, народ шукае ў літаратуры адказу на ўсе пытанні, якія яго хвалююць і непакояць. У нас няма розніцы пміж літаратурай і адозвай, літаратурай і забастоўкай, літаратурай і дэманстрацыяй, таму амаль ва ўсіх палітычных працэсах разам з барацьбітамі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне на лаве падсудных знаходзілася і наша заходнебеларуская літаратура.
        
        
10/V
        
        Гэтымі днямі мне ўдалося пабываць у музеі «Таварыства сяброў навукі» і там упершыню пабачыць карціну Чурлёніса «Бура». Над уздыбленымі хвалямі мора – цяжкія хмары, якія нагадваюць званы. Аж, здаецца, чуваць у залах іх набатны гул. А сёння натрапіў на рэпрадукцыі карцін Рушчыца: «Зямля», «Балада» ,«Вясна», «Апошні снег». Гэтыя карціны – фрагменты з нейкай вельмі знаёмай і блізкай майму сэрцу паэмы.
        Сустрэўшыся з Трахімам (Буткевічам), прачытаў яму некалькі сваіх новых вершаў і чарнавы накід біяграфіі, якую падрыхтаваў для свайго першага зборніка. Аж не верыцца, што хутка можа выйсці зборнік маіх вершаў. Шмат мы з ім гаварылі пра нашу заходнебеларускую літаратуру. I хоць ён засцерагаўся, што літаратура не яго спецыяльнасць, яго вельмі трапныя заўвагі і ацэнкі часта мяне здзіўляюць сваёй глыбінёй. Сам ён нагадвае мне беражлівага гаспадара, які знае цану кожнай рэчы і нічому не дасць змарнавацца. Я часта з ім не згаджаюся, спрачаюся. Часамі адчуваю, што ён смяецца з майго задору, але неяк так добразычліва, што крыўдзіцца на яго няма як. Шмат курыць. Спакойным і разважлівым голасам гаворыць:
        – Перажываем вельмі складаныя сітуацыі, і паэту неабходна быць палітыкам.
        На змярканні мы з ім развіталіся. Мы з Лю пайшлі ў кіно.
        Відаць, заўтра паеду дамоў, каб забраць свае рукапісы ды сякія-такія халасцяцкія манаткі. Толькі яшчэ не ведаю, дзе мне ўдасца абаснавацца ў Вільні. На Букавай – цесна. Жывуць нейкія рабочыя з бойні. Ды і Трахім не раіць мне спыняцца на старой кватэры.
        
        
13/V
        
        Разгубленасць і жалоба сярод розных «ужэнднікаў» на вёсцы, пачынаючы з секвестратараў і паліцыі, канчаючы солтысамі ды стральцамі, – памёр Ю. Пілсудскі. Трэба сказаць, што ён выбраў сабе шчаслівую дату калі памерці – уцячы ад адказнасці за ўсё тое, што накуралесіў на гэтым свеце.
        Цэлы дзень баранаваў я ў полі. На змярканні з’явіўся М. Прынёс вестку, што хутка прыбудзе літаратура, каб мы яе пераслалі далей – на Нарач. З выгляду М. быў падобны на нейкага настаўніка: грузны, досыць прызваіта апрануты, у капелюшы, з партфелем у руках. Нават дзеці – смяяўся – яго віталі ў вёсках: «Дзень добры!» Ды і мне – казаў – відаць, прыйдзецца збірацца на сталую работу ў Вільню.
        Ноччу прыйшоў Кірыл Карабейнік. Дамовіліся, што ён заўтра паможа М. дабрацца да Навасёлак.
        
        
15/V
        
        Амаль з гадавым спазненнем Н. пазнаёміў мяне з матэрыяламі Першага з’езда савецкіх пісьменнікаў БССР – з дакладамі Бранштэйна, Клімковіча, Кучара, з некаторымі выступленнямі ўдзельнікаў з’езда. Прызнацца, не з усімі ацэнкамі я згодзен. Але самае важнае – якая ў Савецкай Беларусі расце вялікая і сапраўдная літаратура! Аж зайздросна. Бо ў нас не толькі няма ў каго павучыцца, але з кім у ахвоту падужацца. Сёння Заходняя Беларусь – мяшок, завязаны паліцэйскім бізуном, ксяндзоўскім ружанцам і пятлёй пана Маціеўскага, дзе з-за адсутнасці свежага паветра пачынае гаснуць усякае святло – нават лучына.
        
        
21/V
        
        Да гэтага часу лепшыя вершы з’яўляліся ў мяне больш неспадзявана для сябе, як для маіх знаёмых. Аж крыўдна, што ніхто не верыць, што творчасць для мяне – работа надзвычай цяжкая. Да гэтага часу мы эксплуатавалі толькі верхнія пласты жыцця, дзе няшмат засталося самародкаў. На маім шляху – безліч скрыжаванняў. I амаль на кожным, як у казцы, стаіць камень, які перасцерагае: «Проста пойдзеш – жыццё згубіш, налева – каня страціш, направа...». Вяртацца назад? Адысей, здаецца, не быў такім самотным чалавекам: яго дома помніў стары пёс. Я не думаю, што гора і бяда заўсёды будуць павівальнай бабкай паэзіі. Проста, яны да гэтага часу былі неадлучнымі яе спадарожнікамі.
        Сёння паміж нашымі схаластамі разгарэлася спрэчка: ці можа сапраўдны паэт пісаць па заказу. Камень, зразумела, быў кінуты ў наш агарод. Калі мастакі і паэты тварылі па заказах каралёў, паноў, магнатаў, купцоў, дык чаму ж яны не могуць тварыць па заказу народа – адзінага непадкупнага і найбольш высакароднага аўтарытэтнага ваказчыка?
        Поўднем прыйшоў Д. Ён спрабаваў мне перакласці некалькі лірычных вершаў X. Семятыцкага і А. Суцкевера. Але яго падрадкоўнікі нагадвалі разбураныя землетрасеннем бажніцы, пад руінамі якіх загінулі і веруючыя і сам Іегова.
        Пад вечар хадзілі ў разведку да друкароў Баеўскага і Знамяроўскага, хоць чамусьці да апошняга некаторыя з нашых таварышаў ставяцца насцярожана. А нам трэба знайсці найболып тайную друкарню для сваёй газеты. Каля Замкавай гары сустрэў Уладака. Пазнаёміўся я з ім яшчэ ў віленскім студэнцкім гуртку эсперантыстаў (Ягеленская вул., д. 3, кв. 2), куды мы разам з ім хадзілі, каб стаць сапраўднымі інтэрнацыяналістамі. Мы тады лічылі, што нацыянальныя мовы з’яўляюцца перашкодай на гэтым шляху, бо які ты ў чорта інтэрнацыяналіст, калі прызнаеш толькі сваю мову і змушаеш на ёй гаварыць іншых.
        У Вільню Уладак прыехаў з Данброўскага басейна. Працаваў, казаў, пару год у шахтах «Сатурн» і «Чэлядзь». Потым за работу ў МОПРы быў арыштаваны. Па выхадзе з астрога таварнымі цягнікамі дабраўся да Варшавы, дзе Стэфанія Шэмплінская, якую ўсе ў нас называлі цёткай, дапамагла яму пераапрануцца ў лепшую вопратку і дабрацца да Вільні. Тут ён пры дапамозе С. Мажуца і А. Хвалькі ўстроіўся на каналізацыйных работах. Але і ў Вільні, відаць, не пагрэе месца, бо ўжо выклікалі на Святаянскую і гразілі, калі не пакіне займацца камуністычнай прапагандай, пасадзяць яго зноў. Для мяне Уладак быў тады экзатычнай фігурай: сапраўдны шахцёр, рабочы. Хадзіў ён крыху сутулячыся, быццам на сваіх плячах заўсёды нёс нейкі груз. Мова яго – польская – была адменная ад той, якую ўжывалі на нашых крэсах. Я нават некаторых слоў не разумеў і прасіў яго растлумачыць. Апрача польскай ён, як болыпасць слёнзакаў, знаў яшчэ і нямецкую. У турме вывучыў яўрэйскую і ўкраінскую. А бадзяючыся па віленскіх рынках, пачаў вывучаць беларускую і літоўскую.
        На Навагрудскай сварыліся дзве гандляркі:
        – Ах, каб ты дзяцей чужых няньчыла!
        – Каб адсохлі твае рукі, якія нікому дабра не зычаць!
        Нейкі дзядзька бажыўся і кляўся, што свежае бярозавае пугаўё выразана ім не з прыдарожных саджанцаў, за знішчэнне якіх гразіў штраф. Паліцэйскі спакойна запісваў з дошчачкі, прывязанай да ляжэек, прозвішча і адрас селяніна.
        Сёння Трахім пазнаёміў мяне з адозвай, у якой пісалася аб новай дзяржаўнай пазыцы. Пры дапамозе яе ўрад збіраецца выдушыць з рабочых 200 мільёнаў злотых. I гэта ў той час, калі ліхаманкава расце беспрацоўе. Толькі зарэгістраваных – 500 тысяч! А калі ўлічыць і так званых «скрытых» і вясковых батракоў, відаць, сапраўдная лічба беспрацоўных будзе ў некалькі разоў большай.
        
        
22/VІ
        
        Хіба нідзе, як на прадмесцях у Вільні, няма столькі ціхіх, глухіх вулічак у зеляніне садоў і агародаў, схаваных сярод узгоркаў і саснякоў. Некаторыя з іх нават цяжка знайсці, а знайшоўшы – выбрацца з іх. На Полацкай пазнаёміўся з адным заядлым галубятнікам, які амаль да паўдня не адпускаў мяне, пакуль не паказаў усёй сваёй гаспадаркі і ўсіх сваіх крылатых гадунцоў. На Завальнай сустрэў цэлы абоз фурманак з бочкамі, цабэркамі, маслабойкамі, вядзёркамі. Аж не ўцярпеў, каб не спытацца, адкуль усё гэта вязуць.
        – З Куранца, з Касцяневіч, з Крывічоў,– адказаў адзін з вазакоў.
        Я доўга глядзеў на гэтыя вазы, загружаныя вершамі і паэмамі маіх родных ваколіц.
        Як часта ў пошуках паэзіі блукаў я па розных бездарожжах! А яна вось толькі што праехала міма на скрыпучых сялянскіх драбінах, запоўніўшы пахам жывіцы ўсю вуліцу.
        
        
24/VІ
        
        У кіно чыгуначнікаў неспадзявана паказалі савецкую хроніку пра слаўную эпапею «Чалюскіна». Калі на экране з’явіліся з кіраўнікамі ўрада і партыі Шміт, Горкі – у зале пачуліся апладысменты. Я праседзеў два сеансы, каб толькі яшчэ раз паглядзець гэтыя цікавыя кадры.
        На Пагулянцы дагнаў мяне навальнічны дождж, але ён хутка прайшоў. Над горадам успыхнула вясёлка, якая на вачах пачала налівацца яркімі колерамі, а канцамі сваімі хіліцца да зямлі, быццам нейкі волат хацеў з яе выгнуць велізарную арку і паставіць яе на плячах гор – Трохкрыжовай і Замкавай.
        
        
25/VІІ
        
        Трапіў на біяграфію Якуба Ясінскага – аднаго з кіраўнікоў паўстання, які 4 лістапада 1794 года загінуў на акопах Прагі. Быў ён блізкім другам М. Касцюшкі, пісаў вершы. Т. Буйніцкі абяцаў мне пазычыць яго творы, выдадзеныя ў 1869 годзе К. У. Вайціцкім. За яго вядомы верш «У часе жалобы» кароль быў вызначыў узнагароду таму, хто знойдзе аўтара, які асмеліўся сказаць: «Няхай загінуць каралі, а вольны будзе свет...».
        У рэдакцыі «Летапісу» сярод карэспандэнцыі знайшоў цікавае пісьмо Уладзіміра Шгулеўскага пра беларускія песні, сабраныя ў Латгаліі С. Н. Сахаравым.
        А гэта – статыстыка: зараз у Польшчы выдаецца каля 300 каталіцкіх газет і часопісаў. Некаторыя з іх, як «Пшэводнік католіцкі», «Малы дзённік», «Рыцэж непоколянэй», распаўсюджваюцца ў сотнях тысяч экземпляраў. Такімі тыражамі не можа пахваліцца ніводная з існуючых газет. Праўда, розныя еўхарыстычныя арганізацыі і брацтвы многім веруючым дарма рассылаюць сваю прэсу. Я часам перагортваю гэты часопіс абскурантаў. Аж не верыцца, што ў наш век рэвалюцыйных зрухаў можа выдавацца нешта падобнае.
        Каля кіно «Геліос» купіў «Чарнэ на бялым» – орган левага крыла санацыі. У гэтай газеце часта можна знайсці для нас надзвычай цікавыя матэрыялы, якія ў нас не прапусціла б цэнзура. Сёння два разы прыйшлося – з Антокаля аж на Воўчу Лапу – перамераць нагамі горад.
        I так, пасля ўсіх сустрэч, мне зараз патрэбны аловак і цішыня, ды такая цішыня, каб чуць было нават, як на чарапічных віленскіх дахах гасне дзень, а ў небе – загараюцца зоры.
        Пішу пра батлейку, пры дапамозе якой калісьці ў Карэлічах, Нягневічах, Шчорсах збіралі на МОПР. Ноч. Мароз. Нясуцца коні з чырвонай пяцікутнай зоркай. Спыняемся каля хат, завеяных снегам; на матыў калядных песень пяём аб канчыне старога і нараджэнні новага свету, аб тым, каб уставаў народ змагацца за сваю волю. А назаву я свой твор «Каспар, Мельхіёр, Бальтазар». Так называліся каралі, якія першымі прыйшлі за віфліемскай зоркай пакланіцца міфічнаму Хрысту. На каляды, каб адагнаць нячыстую сілу, усе прававерныя католікі на дзвярах і на вокнах пішуць крэйдай першыя літары іх імён – К. М. Б. Але гэта можа азначаць і Камсамольская Моладзь Беларусі, якая спявае:
        
Вясёлы дзень, святочны час –
Пяцікутная зорка ў нас.
Алілуйя, алілуйя, алілуйя!
Дзе чырванню яна гарыць,
Там вораг-злыбедзень дрыжыць.
Алілуйя, алілуйя, алілуйя!
Там рушацца сцены турмы,
Там запяваем песні мы.
Алілуйя, алілуйя, алілуйя!
Сякеры з віламі бяром.
Усе за волю ў бой ідзём.
Алілуйя, алілуйя, алілуйя!
        
        Паэзія падобна да таго казачнага арла, які, несучы свайго героя, патрабуе ад яго корму. Апошні пад канец свайго падарожжа нават змушан быў ахвяраваць самім сабой.
        
        
27/VІІ
        
        Ад уплываў розных бясплодных мадэрнізмаў заходнебеларуская літаратура атрымала надземную прышчэпку, зробленую нашымі «апекунамі» пры дапамозе гумавых палак. Паэзія наша – цяжкая, як камень, вырваны з бруку падчас вулічных баёў, немілагучная – як стогн ці крык, чырвоная – як пралітая кроў. Іншай яна сёння і не можа быць. Што да мяне, дык я цікавіўся і цікаўлюся рознымі школамі і напрамкамі, але асцерагаюся, каб не трапіць на пракрустава ложа іх тэорый. Пакуль што мяне ратуе, як старога каня, адчуванне галоўнага напрамку – дарогі.
        
        
28/VІІ
        
        Амаль усе мы – прадстаўнікі першага пакалення беларускай інтэлігенцыі, якая выйшла з сялянскага асяроддзя. Нават гарадская вопратка, у якой чуемся скутымі, не ў сілах адмяніць наш мужыцкі выгляд. Мы ўсюды выдзяляемся сваімі абветранымі тварамі, шурпатымі, шырокімі далонямі, плячыстасцю і гутаркай ва ўвесь голас, быццам заўсёды знаходзімся ў полі ці ў лесе.
        На некаторых віленскіх вуліцах пачалі брук замяняць болын трывалымі і гладкімі гранітнымі плітамі, знітаванымі цэментам. Цяжка будзе з такой вуліцы вырваць камень для барыкады.
        «Гісторыя вучыць»... Мала яна каго навучыла. Асабліва нічаму не навучыла ўсякай масці рэакцыянераў. Якімі былі бесчалавечнымі, такімі і засталіся.
        П. Сергіевіч пазнаёміў мяне з работамі свайго настаўніка – А. Слядзінскага, з яго цудоўнымі лірычнымі пейзажамі.
        Начытаўшыся С. Пігоня, узяўся за пераклады А. Міцкевіча. Самае цяжкое ў гэтай рабоце – перадаць няўлоўную музыку паэзіі, захаваць вернасць арыгінала і каб пераклад не нагадваў почырку самога паэта-перакладчыка. А то я знаю перакладчыкаў, якія ўсіх падганяюць пад свой стыль.
        Сёння абедаў у сталоўцы на Навагрудскай вуліцы, Дзе заўсёды можна знайсці і пачытаць пару газет левага напрамку. За суседнім сталом сядзелі вазакі і нешта горача абмяркоўвалі. На вешалцы віселі іх брызентавыя плашчы, прапахшыя рыбай, селядцамі, вугалем, дровамі, дажджом... Калі адчыняліся дзверы, даносіўся шматгалосы гоман рынку. I так было накурана, што аж дваілася ў вачах. З групай турыстаў заблудзіў на Замкавую гару і яшчэ раз паслухаў, аб чым гавораць руіны.
        
        
29/VІІ
        
        Цэлы дзень праседзеў у бібліятэцы імя Урублеўскіх, у аддзеле савецікі. С. даў мне некалькі перакладзеных на польскую мову вершаў Элюара. Яны былі падарожжам у яшчэ адну не знаную для мяне краіну паэзіі. Бяда толькі, што я са спазненнем адкрываю даўно вядомыя іншым часткі свету.
        
        
30/VІІ
        
        П. на пару дзён прыехаў з Вільні дамоў. Поўднем, было крыху вольнага часу, пачаў збіваць з бярозавых неакораных пруткоў этажэрку для кніг. Але хутка мусіў пакінуць сваю майстэрку, бо паклікалі збіраць рой, што змёўся на елцы каля лазні. Я пабег за драбінамі. 3 роем удалося досыць хутка справіцца: сабралі яго ў шаснастку і, шчыльна абвя-заўшы чыстым настольнікам, занеслі ў пуню. Вечарам, пасля захаду сонца, перагонім яго ў падрыхтаваны бацькам стары ляжак. Пчолы ў нас былі даўно. Толькі ў дзеда яны не асабліва вяліся. Лепш пайшла справа, калі імі заняўся мой бацька. Ён умеў хадзіць каля іх і даглядаць. Не баяўся, калі каторая пчаліна яго ўджаліць, хоць гэта рэдка здаралася, бо пчолы яго зналі і не чапалі.
        Прыцягнуўся сусед Захарка Калбун. Ля Мядзела, казаў, нехта забіў шалёнага ваўка, за што выдалі яму ўзнагароду 500 злотых, але за тое, што ён не меў дазволу на сваю стрэльбу, аштрафавалі яго на яшчэ болыную суму. Можа, праўда, а можа, Захарка сам выдумаў. Запісваю дзедава апавяданне пра салдата, які ашукаў цара і пана.
        Служыў з нашага краю адзін салдат у цара. Калі ён адслужыў свой час, цар у яго пытае: «Што табе даць за верную службу?» «Нічога мне не трэба, – адказвае той, – дай мне толькі старое сядло». Усцешыўся цар, што салдат не просіць у яго ні грошай, ні зямлі, ні багатай вопраткі, а толькі – старое сядло. I тут жа загадаў, каб выдалі салдату за яго подпісам адпаведны дакумент. Салдат пакланіўся цару і пайшоў дамоў. Вярнуўшыся ў свой край, зайшоў да пана, у якога служыў некалі парабкам у маёнтку Старое Сядло, паказаў яму царскую грамату і кажа: «Ідзі, пан, куды хочаш, бо маёнтак гэты – мой, і я цяпер тут гаспадар...». Схапіўся пан, пачаў крычаць, пабег да папа, да соцкага, да суддзі. Але так нічога і не змог зрабіць. Мусіў аддаць салдату свае Старое Сядло.
        Зноў зачапіўся за фальклор, як п’яны за парог. Вячэралі пры лямпе. Заўтра з расой збіраемся касіць свінарку. Паганая і цяжкая для касьбы трава.
        – Цяпер ужо можна выспацца, – кажа бацька. – Ночы падаўжэлі.
        Ён заўсёды ўстае першы і ўсім даводзіць, што больш 4–5 гадзін спаць не трэба, бо гэта толькі шкодзіць здароўю. Мы ўжо і не аспрэчваем яго «ісціны», бо ўсе ведаем, што яго нічым не пераканаеш.
        
        
5/VІІІ
        
        Уладак Барысевіч завёў мяне на Скапуўку, дзе ў доме № 5 размясцілася рэдакцыя «Папросту». Ён мне даў некалькі экземпляраў першага нумара газеты, якая сёння адзначае свой дзень нараджэння, і пазычыў мне на пару дзён паэму Чэслава Мілаша «Аб застылым часе». Нарэшце купіў сабе за чатырнаццаць злотых «бацеўскія» пантофлі. Як навучыцца так хадзіць, каб не зношваўся хутка абутак?
        
        
6/VІІІ
        
        Учора толькі пад вечар дабраўся да Кан-станцінава. У канцы вуліцы спыніўся каля студыі і ў жанчын запытаў, у каго можна было б пераначаваць.
        Гаспадары, да якіх трапіў на начлег, аказаліся досыць гасціннымі і ветлівымі людзьмі. Калі садзіліся вячэраць, яны і мяне пачаставалі досыць смачнай поліўкай. Потым пачалі мне паказваць свае сямейныя альбомы. Па фатаграфіях я сарыентаваўся, што гэта – шляхецкая сям’я. Амаль на кожнай былі ўвекавечаныя розныя сямейныя ўрачыстасці: вяселлі, хрэсьбіны, першая споведзь, прыезд ксяндза, войта, ляснічага, сустрэча на фэсце са сваякамі, сярод якіх красавалася і сама гаспадыня – яшчэ досыць прыгожая жанчына год пад 40, грудны, хрыплаваты голас якой быў вельмі падобны да голасу папулярнай артысткі ў тэатры «Рэдут» I. Эйхлеруўны.
        «Я люблю цябе, Іанне!» Вымаўляла I. Эйхлеруўна гэтыя словы так, што аж замірала сэрца, бо ў іх было і прызнанне ў каханні, і прадчуванне трагічнай развязкі... Гады мінулі, а я чую яе голас. Ці, можа, раней усё ўспрымалася глыбей. Помню, калі сямігадовым хлапчуком я першы раз у Маскве трапіў у тэатр.
        Ён мне тады паказаўся самай цудоўнай казкай. Для мяне нічога не было ўмоўнага. Тэатральная заслона адкрывала не толькі свет сцэны, але і новы свет маіх уяўленняў, якія потым доўга мяне не пакідалі.
        Я, напэўна, задумаўся, пераглядаючы фатаграфіі, і не адразу зразумеў, да каго звяртаецца гаспадар:
        – А пан, відаць, наскі, добра ведае польскую мову...
        I пачаў мяне распытваць пра мядзельскую, крывіцкую, даўгінаўскую шляхту, з якой я амаль зусім не быў знаёмы. А ён, чорт, знаў усіх. Знаў, хто з кім парадніўся, колькі ў каго валок зямлі, коней, кароў. Я аж не стрымаўся, каб не выказаць яму свайго захаплення і не падзівіцца з жывучасці, здавалася б, ужо даўно аджыўшых свой век старых каставых традыцый.
        Спаў я ў пуні. Пасля горада пах сена быў такім хмельным, што я адразу, як у нейкую бяздонную студню, праваліўся ў сон.
        Раніцай мяне разбудзіў вясёлы гудок шустрага паравозіка. Ён нечага доўга манеўраваў на вузкакалейцы, доўга некага клікаў на пераездзе, але яму толькі адклікалася стогалосае рэха пушчы. Кусты ляснога лубіну па абочынах дарогі былі густа затканы павуціннем. На іх гарэлі цэлыя сузор’і расы – дробныя і буйныя, розных адценкаў і колераў. А каля самага лесу стаяў, сплёўшыся, дрымучы травастой, у які аж страх было ўлазіць. Ён цёмна-зялёным шляхам кіламетрамі цягнуўся ўздоўж гасцінца.
        Перад Кабыльнікам спыніўся адпачнуць у старой карчме. Думаў, можа, знайду фурманку з Мядзела. Праўда, сустрэў некалькі знаёмых вазакоў, але яны ехалі з пянькой і льном у Вільню. Ну што ж, неяк дацягнемся дадому. Не першы раз. Каб не падбіцца, стараўся ісці роўным, размераным крокам, але праз нейкі час лавіў сябе на тым, што іду подбегам. Спыняўся. Стараўся кантраляваць сваю хаду. Але хіба ніколі не навучуся спакойным, павольным крокам вяртацца дамоў.
        Гэты раз я мог бы і не ісці пехатой з Вільні. Грошы на білет у мяне былі. Толькі мне дужа хацелася набыць сабе Шолахава, Траццякова і «Брунатную кнігу» – кнігу пра падпал фашысцкага рэйхстага. За дурной галавой і нагам непакой. Праўда, прыемна, ідучы, адчуваць, што колькі б небасхілаў ні змыкалася над дарогай, усе яны застануцца за табой. Кабыльнік, рыбацкія вёскі – Мядзела, Навасёлкі, Трыданы, Лук’янавічы, Беразнякі, Ліпава, Магдуліна... Нарэшце замаячылі і пількаўскія хутары і страха нашай хаты, здалёк падобная да шалаша, бо сам зруб яшчэ хаваецца за паласой ярыны, за цёмнай зелянінай кустоў сліў.
        У цішыні чую скрып асвера. I неяк раптам захацелася прагнаць дарожную смагу, напіцца з дамашняга драўлянага, шчарбатага ад часу, прымацаванага да вочапа, вядра.
        На пустым прасле пераплотаў сушыцца шэрае зрэб’е. Гэта, відаць, яго пафарбавала маці ў адвары мучанічніку ці ў іржавым жалезе, каб пашыць нам усім вопратку на штодзень, вопратку, упрыгожаную яе самаробнымі драўлянымі гузікамі-біркамі.
        З частакола глядзяць на мяне паліваныя глякі. Глядзяць і быццам не пазнаюць.
        – Зачыняй, Жэня, вароты, каб цялё не выскачыла на гумно! – чую звонкі голас сястры Мілкі, якая ніяк не можа загнаць у хлеў шустрага паджарага бычка.
        Вось я і дома.
        
        
10/VІІІ
        
        Раніцай прыляцела сваткаўская паліцыя рабіць вобыск. Перавярнулі ўсё гумно, хату і гарышча. Нават у катухах перапаролі штыкамі кулі саломы, леташняе азаддзе і мякіну. Доўга капаліся ў маіх паперах. Потым дасталі з шуфляды, з’едзенай шашалем, кульгавай самаробнай шафы жменю каляровых іконак, аб існаванні якіх ужо даўно ўсе забыліся. Доўга не маглі разабраць размашысты надпіс на «Старым завеце»: «В молнтвенную память от монаха Носнвалона, 1912 г., 1 августа». Што за дзіўнае імя? Гэты Іосівалон, здаецца, быў далёкім сваяком маёй бабкі, ад якой я чуў, што ён пехатой хадзіў у Іерусалім. Сярод розных матузоў, клубкоў, пачынкаў, цэвак, гузікаў і бірак ляжаў падораны гэтым багамольцам і невялічкі драўляны крыжык «са святога кіпарысавага дрэва». Старыя калісьці былі дужа набожнымі. Дзед нават устанавіў дома сваёй воляй некалькі святочных дзён. Толькі ў вайну, калі пабачыў усе яе жахі, і асабліва пасля смерці цяжка кантужанага на нямецкім фронце дзядзькі Ціхана, усумніўся ў існаванні Бога і яго справядлівасці. Гэта можна было заўважыць і па тым, як з кожным годам усё болын станавіўся пустым чырвоны кут у нашай хаце, дзе некалі красаваўся цэлы іканастас.
        Амаль да вечара паліцыя ператрасала ўсе закануркі. А знайсці ёй удалося толькі выцертую і палатаную паляўнічую дзедаву торбу, дзе было са жменю пораху, на дзесятак набояў – шроту і некалькі манкоў на птушак.
        – А дзе стрэльба, стары?
        – Была і стрэльба, але вайной у мяне яе забралі, – адказаў дзед, у душы цешачыся, што не знайшлі яго дапатопнай пестуноўкі.
        Калі паліцыя паехала, стары толькі шкадаваў, што прапаў яго порахавы рог. I сапраўды па-майстэрску быў ім зроблены гэты рог: выпрастаны, выгладжаны, з прыгожым арнаментам і вечкам. Шылаваты канец рога быў падобны на раскрытую дзюбу качкі, з якой сыпаўся порах.
        
        
30/VIII
        
        Па вушы закапаўся ў грамадскую прэсу: «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Наш голас», «Наша справа»... Раблю выпіскі. Можа, некалі прыдадуцца. У беларускім музеі знайшоў велізарныя залежы матэрыялаў, надзвычай цікавых для пісьменніка, гісторыка.
        Каля пасрэдніцтва працы на вуліцы Субач сабралася бясконцая чарга беспрацоўных. Я памалу прайшоў міма яе, прыглядаючыся, – думаў, можа, пабачу знаёмых з чыгункі, спіртзавода, алейнай фабрыкі, рабочых, якіх, чуў, апошнімі днямі звольнілі з працы. На другой старане вуліцы круцілася некалькі шпікоў і паліцэйскіх. «Часамі пагарды» мы ахрысцілі нашу эпоху – эпоху крызісаў, чалавечага прыніжэння, бяспраўя, фашызму... А можа, гэта яшчэ не самы горшы час? Якую назву тады дамо наступнаму – яшчэ болып змрочнаму? Не знаю, якая будзе наша будучыня, але, напэўна, нашай мінуўшчыне і сучаснасці ніхто не будзе зайздросціць.
        У браме нечага плакала малая замурзаная дзяўчынка. Нехта, пэўна, яе пакрыўдзіў ці, можа, згубіла сваю маці.
        Чамусьці гэты плач доўга звінеў у маіх вушах, нават тады, калі я апынуўся на шумнай Вялікай вуліцы, на забітай гандлярамі, галаслівай і мітуслівай Нямецкай.
        
        
7/ІХ
        
        Зайшоў да сваіх знаёмых на Новым Свеце, а ў іх – вяселле. Нехта з гасцей прыцягнуў стары грамафон, і пад яго ўсе пачалі танцаваць. Жаніх – К. не так даўно выйшаў з астрога. Мы разам з ім вучыліся на тэхнічных курсах. Харошы хлопец.
        Нявесту яго я калісьці сустракаў у Навасвецкім гуртку Таварыства беларускай школы, дзе яна, здаецца, працавала бібліятэкаркай. Я атрымліваў ад яе творы Сінклера, Барбюса, Ралана, навінкі савецкай літаратуры. К. абяцаў перадаць мне некалькі новых вершаў. Можа, удасца іх дзе надрукаваць, хоць яны, казаў, амаль усе крамольныя.
        Ва ўчарашнім нумары «Кур’ера віленскага» змешчан крытычны артыкул аб выступленнях Я. Коласа, М. Клімковіча і А. Александровіча на з’ездзе савецкіх пісьменнікаў у Маскве. Артыкул злосны. Відаць, нехта пісаў яго з санацыйных ці хадэцкіх кругоў, схаваўшыся пад лацінскай літарай «ф», бо сама газета да гэтага часу амаль зусім не цікавілася беларускімі справамі. I раптам...
        Позна апусцелымі вуліцамі вяртаўся на сваю кватэру. Толькі на Каляёвай пад засенню старых таполяў сланяліся прастытуткі, ды пад Вострай Брамай клен-чыла некалькі багамольцаў. Бледнае святло ліхтароў поўзала па іх нахіленых плячах, па маўклівых сценах касцёла і праваслаўнага манастыра, па рэкламных афішах кіно, сярод якіх выглядала пачварная маска Франкенштэйна. Ноч цёмная. Толькі рэдкія зоры мігцелі на небе, быццам рэшту падзяўблі журавы, адлятаючы ў вырай. Учора, калі быў на Антокалі, неспадзявана пачуў іх курлыканне. I не было ніводнага чалавека, каб не спыніўся і не правёў іх развітальным позіркам.
        
        
15/ІХ
        
        Сустрэў Сашку Хадзінскага. Абрадаваліся, бо даўно ўжо адзін другога не бачылі. Ён абаснаваўся на Сняговай вуліцы. Дамовіліся, што на нейкі час спынюся ў яго. Пад вечар з Букавой я перанёс свой багаж на новую кватэру. Гаспадыня прыцягнула з вышак раскладны ложак, які, адсунуўшы стол, сярод нашага цеснага прахаднога пакоя будзем ставіць нанач. Адзінае акно ўпіраецца ў чырвоны чарапічны дах суседняга дома. З нашага другога паверха можна бачыць закураныя паравозным дымам прывакзальныя будынкі і нават частку перона. На дварышчы аж да позняй ночы – брэх сабак, сварлівы голас дворнічыхі і лаянка п’яных.
        Сашка паглыбіўся ў падручнік хіміі, а я пачаў ператрасаць свае нататкі. Як гогалеўскі Плюшкін, чаго толькі не назбіраў за апошнія дні! Трэба будзе ўсе запісы прывесці ў нейкі лад; лішняе і непатрэбнае выкінуць, а вартае ўвагі адкласці ці адразу спрабаваць пераплавіць у вершы.
        Не магу ніяк аднавіць па памяці адзін са сваіх турэмных вершаў – «Лукішскія вітражы». Я яго паслаў Лю з таварышам, які выходзіў на волю, але яна нічога не атрымала. Відаць, прыйдзецца пісаць нанава... Пісаць і пісаць. Вершы для мяне сталі паветрам і хлебам, хлебам і паветрам.
        
        
16/ІХ
        
        Сёння ў студэнцкай «Мэнсе» за суседнім сталом распінаўся нейкі эндэк, ратаваў за тэорыю «нацыянальнага ўладання зямлёй», даводзячы, што зямля, якая знаходзіцца ў руках польскіх абшарнікаў, – польская, і права распараджацца ёю належыць толькі палякам. Здаецца, яшчэ да рэвалюцыі цемрашал С. Маеўскі прапаведаваў нешта падобнае, абасноўваючы сваю «тэорыю» тым, што ў руках польскіх магнатаў знаходзілася болын паловы зямлі на Беларусі. Дарэчы, палітыку «нацыянальнагаўладання», дапоўніўшы палітыкай высялення беларусаў з пагранічных раёнаў (шырыня якіх – 120 км), пацыфікацыяй і асіміляцыяй, ужо даўно праводзіць урад, задаўшыся мэтай этнаграфічныя межы пануючай нацыі расшырыць на Усходзе аж да Рыжскай мяжы.
        Старая гісторыя. Ужо некалькі раз на нашай зямлі хавалі нас розныя «дабрадзеі» – на зямлі, дзе яшчэ і сёння, як у далёкія часы «Вялікага літоўскага статута», лічыцца аднолькавым – забіць мужыка ці сабаку. Толькі народная прыказка гаворыць: той, каго хаваюць пры жыцці, жыве даўжэй за тых, хто яго хавае.
        Пра ўсё гэта трэба пісаць у нашым друку. Народ можа дараваць пісьменнікам многае, але не можа дараваць маўчання ў часы, калі вырашаецца яго лёс. А ў галаву лезуць нейкія несамавітыя вершы.
        
Дождж, дождж, дождж.
За вітрынамі магазінаў:
Як флейты бутэлькі з віном,
Як бандуры вэнджаныя кумпякі,
Як бубны паджарыя булкі,
Як барабаны бочкі з селядцамі,
Як смыкі скрыпак салямі...
Я сыграў бы на струманце гэтым,
Але грошай не маю.
Дождж, дождж, дождж.
 
Пачынаю іграць марш галодных.
Чуюцца паліцэйскія свісткі.
Як палачка дырыжора,
Рассякае паветра гумовая палка.
Няўжо і на струнах дажджу
Іграць забаронена?
Дождж, дождж, дождж.
        
        
1/Х
        
        Трахім разгарнуў небывалую дзейнасць сярод віленскай інтэлігенцыі. 3 кім ён толькі не сустракаўся. Учора Зося Асаевіч пазнаёміла яго з Г. Будзько, які блытаецца каля эсэраўскага часопіса «Золак», захапляючыся тэхнакратычнымі ідэямі. Цэлы вечар гутарыў з ім Трахім, агітаваў яго супрацоўнічаць з намі ў рамках Народнага фронту. Але толькі дарма змарнаваў з ім час.
        Вечарам прыйшоў да мяне Фелік 3. Я пазнаёміўся з ім, яшчэ калі ён працаваў парабкам у Азерцах, што ля Глыбокага, у пана Аскеркі. Трэба памагчы яму пераапрануцца. Зайшлі ў магазін «Братоў Яблкоўскіх». Дорага. Не па нашых кішэнях. Пацягнуліся Віленскай у бок Нямецкай. Успомнілі нашу першую сустрэчу ў хмуры веснавы ранак 1933 г., калі я ледзь не ўтапіўся, плывучы на дзіравым чоўне. Успомнілі майго дзядзьку Л. Банькоўскага, які памог мне тады знайсці ў Азерцах прытулак. Потым зайшлі ў рэдакцыю «Папросту», дзе засталі майго старога друга
        М. Урбановіча, які з іншымі членамі рэдакцыі быў заняты рассылкай чарговага нумара газеты і перапіскай адрасоў.
        Быў у Эдварда. Цікавіўся, над чым працую, што чытаю. Абяцаў пазнаёміць мяне з творчасцю Т. Крамера – чалавека з горкаўскай біяграфіяй. Апошнімі начамі сняцца нейкія каляровыя сны. Здаецца, і фарбаў такіх няма, каб іх намаляваць. На вочы трапіў курс валюты. Ёсць, колькі злотых каштуе долар, франк, марка, рубель, крона. Няма толькі цэн на кроў і пот. Пасля крызісу яны зусім абясцэніліся. Усё часцей народнафрантавыя газеты выходзяць з белымі плямамі. Зараз цэнзура адгарадзіла нас такім частаколам сваіх артыкулаў ды параграфаў, з-за якіх толькі відаць ці касцельныя вежы, ці краты турмы. Але ніяк не ўдаецца панам адгарадзіць народ ад уплыву савецкай прапаганды і літаратуры. Яны, каб маглі, забаранілі б і сонцу ўзыходзіць з Усходу. Заўсёды тыя, у каго няма ніякіх аргументаў, адказваюць кулямі, арыштамі, цэнзурнымі забаронамі.
        
        
11/Х
        
        Ледзь знайшоў на Піўной вуліцы свайго старога таварыша Н., з якім некалі вучыўся на тэхнічных курсах, што мясціліся на Галяндэрні. Вуліца цяпер раскопана так, што ноччу можна галаву скруціць. Ды і прахожых тут мала. I тыя нейкія павольныя, сонныя, быццам не знаюць, куды ім дзяваць свой час. Н. зараз працуе на Нарачы, дзе будуецца суднаходны гарцэрскі цэнтр імя палкоўніка Ліса-Кулі. Што гэта за звер? Н. прасіў мяне, каб я, калі буду на Нарачы, заглянуў да яго. Жыве ён у Купе, каля самага возера. Я прагледзеў газеты, якімі быў завалены яго стол. Сутычкі на абісінска-самалійскай граніцы. А ў Лізе Нацый – дэбаты, дэбаты, якім і канца не відаць.
        Трэба было б схадзіць паглядзець фільм «Вяртанне Франкенштэйна» або «Капрыз іспанскі», у якім іграе Марлен Дзітрых, але Н. мяне зацягнуў на выстаўку М. Раўбы, дзе мы доўга любаваліся яго карцінамі: «Старая каплічка», «Праз акно», «Вілля», «Зялёнае возера», «Блакітная віла».
        
        
24/Х
        
        Беларуская хадэцыя апублікавала ў «Крыніцы» разгорнуты адказ на прапанову ЦК КПЗБ аб утварэнні супольнага антыфашысцкага фронту. Патрэбы ў публікацыі гэтага адказу, мне здаецца, не было. Проста перастрахоўваюцца лідэры хадэцыі, каб часам ім не закінулі, што яны вядуць з камуністамі перагаворы.
        У «Рэдуце» апошні раз ідзе «Цудоўны сплаў» у пастаноўцы Чэнгеры. А ў горадзе зноў на кінаплакатах з’явіўся славуты Тарзан.
        
        
2/ХІ
        
        Субота. Маю два дні, вольныя ад розных сустрэч. Хадзіў глядзець, як спраўляюць памінкі (задушкі) на Росах. Найболып урачыста было каля магілы I. Лялевеля, куды прыйшлі са сваімі сцягамі ўсе універсітэцкія карпарацыі: Рутэнія, Баторыя, Вільненія, Снядэція, Крэсовія, Леаніданія, Пілсудзія і нават Палесія...
        На магілах гарэлі свечкі. Асабліва прыгожа выглядала ўсё гэта вечарам. Здавалася, зоры апалі на зямлю і цепляцца мігатлівым святлом. I нешта ў гэтым святле іх было несмяротнае.
        
        
10/ХІ
        
        Вечарам узяўся за верш «Серп сонца».
        
Пакой, як скрыня, з адным акном.
Стол-інвалід падпёр сцяну...
        
        Верш гэты – пра наш пакой, у якім мы жывём з Сашкам Халадзінскім. Вобразы – побач, не трэба па іх далёка ісці. Перапісаў для архіва адзін са сваіх ранейшых вершаў – «Грукаючы ў дзверы» (1932). Потым пачаў перагортваць зборнік К. Бальмонта. Некалі я гэтым паэтам захапляўся, а зараз ён мне здаваўся неглыбокім і адназначным, без ніякага падтэксту... У пакоі сцюдзёна, як у сабачай будцы, хоць я накінуў на сябе посцілку, паліто. Толькі адзін ручнік бялее на вешалцы. Па столі, калі гасіцца святло ў пакоі, аж да раніцы поўзаюць водсветы вулічных ліхтароў.
        
        
12/ХІ
        
        Забег да К. Застаў яго за кнігай Э. Піскатэра. Нешта падкрэсліваў, выпісваў. Збіраўся, казаў, пісаць артыкул пра тэатр. Стол у яго, як заўсёды, завалены рознымі замежнымі, нямецкімі і французскімі, газетамі і часопісамі. Пачаў агітаваць мяне, каб я праштудзіраваў Бергсана і Фрэйда, без якіх, казаў, цяжка зразумець усе новыя плыні і напрамкі сучаснага еўрапейскага мастацтва і літаратуры. Між іншым, прачытаў мне цікавае выказванне Фрэйда аб рэлігіі, паводле якога яна з’яўляецца ўцёкамі ад адказнасці ў свет фантазіі. Я пазнаёміў яго з новымі вершамі нашых рэвалюцыйных паэтаў, змешчанымі ў апошнім нумары лукішскіх «Кратаў». Спадабаліся. Чатыры вершы перапісаў. Абяцаў паслаць сваім сябрам у Варшаву з просьбай перакласці іх на польскую і яўрэйскую мовы і, калі ўдасца, надрукаваць.
        
        
15/ХІ
        
        Закончыў «Акт першы». Прабую вызваліцца са старых паэтычных канонаў, з палону пявучасці, традыцыйнай вобразнай сістэмы, хоць пакуль што на гэтым шляху ў мяне болын паражэнняў, як удач. Адчуванне крызісу архаічных форм яшчэ нічога не дае. Да новага цяжка знайсці ключы. Можа, іх і не знайду, бо новае само па сабе не існуе. Яго кожны мастак мусіць стварыць. А пакуль што запісваю тэму заўтрашніх вершаў: пра дванаццаць маляроў – дванаццаць месяцаў, пра неразменны рубель, пра навагоднюю карусель (палітычная сатыра) і антыкварны магазін, дзе выстаўлены для продажу санацыйныя, паланафільскія, антысеміцкія і розныя шавіністычныя пудзілы.
        Заходзілі хлопцы з беларускай гімназіі. Нават не распраналіся, бо ў пакоі маім сцюдзёна, як у хляве. Нехта не памыліўся, назваўшы нашу вуліцу Сняговай.
        I днём, і асабліва ноччу ўсё больш і больш дакучае холад. А што будзе, калі настануць маразы?
        Праўда, за сем злотых, што плачу гаспадыні за свій куток, бадай, цяжка знайсці нешта лепшае.
        
        
21/ХІ
        
        Пішу ўступ, ці прадспеў, да паэмы пра Нарач, хоць, прызнацца, ніякага плана гэтай паэмы ў мяне яшчэ няма. Спадзяюся на музу: можа, яна, прачытаўшы мае першыя радкі, нешта падкажа. Так было неаднойчы. I так – не ў імя Айца і Сына і Святога Духа, а ў імя справы, за якую змагаемся, у імя перамогі і светлай будучыні – пачынаю:
        
Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песняры,
Не з торбаю песняў жабрачых:
Бярозавым смыкам на струнах зары
З табой заіграем іначай...
        
        
22/ХІ
        
        Прыехаў Кірыл Карабейнік. Перад самымі кастрычніцкімі днямі, казаў, нехта на брацкіх могілках чырвонаармейцаў, каля нашай Краснаўкі і ў Ліпаўскім бары, паклаў вянкі з надпісамі на чырвоных стужках: «Няхай жыве рэвалюцыя!», «Няхай жыве КПЗБ!». Паліцыя некалькі разоў рабіла засады ў лесе, але так нікога і не злавіла.
        Расправіўшыся з селядцом і выпіўшы па пары шклянак чаю, мы пайшлі з Кірылам на Вастрабрамскую вуліцу ў беларускія кнігарні. Хлопцы са Слабады і Мацкоў прасілі яго прывезці беларускія календары. Але Кірыл апроч календароў купіў яшчэ і «Шляхам жыцця», і «Сымона-музыку», і «Вянок», партрэты Я. Купалы і Я. Коласа. Ён, відаць, апошнія грошы пакінуў бы тут, каб я яму не паабяцаў некаторыя кнігі дарма дастаць пры дапамозе дзядзькі Рыгора ў Таварыстве беларускай школы. I сапраўды гэты дзень выдаўся ўраджайны. Накалядавалі мы з ім цэлы мех літаратуры: Маркс, Энгельс, Пляханаў, Сталін, некалькі спеўнікаў, гадавікоў старых часопісаў, аднаактовак... Каля яўрэйскага клуба «Макабі» сустрэлі групу п’яных карпарантаў. Чуваць было, як недзе бразнула разбітая шыба.
        Правёўшы Кірыла да цягніка, позняй ноччу вярнуўся ў сваю Сняговую кануру. На некаторых вуліцах чамусьці зусім не гарэлі ліхтары. Густы туман апусціўся на горад. Толькі коні рамізнікаў, якія на памяць знаюць усе віленскія завулкі, чуваць было, як гулка цокалі падковамі па настылым бруку.
        
        
24/ХІ
        
        I дзень святочны, і пагода нішто сабе, і ноччу ніхто не будзіў. Можна было б радавацца, каб не сапсуў настрой Юпіцер, які спусціў на нашы крэсы ваяводзіць вядомага асімілятара і дзяржыморду – пана Бацянскага. У касцёлах б’юць званы, склікаючы на імшу ўсіх чарнасоценцаў.
        Трэба пайсці з Лю, якая заўтра выязджае ў Варшаву, паглядзець у «Касіно» «Анну Карэніну». Гераіню гэтага цудоўнага рамана Л. М. Талстога іграе Грэта Гарбо.
        
        
9/ХІІ
        
        У 7 гадзін 12 мінут вечара над горадам узвылі сірэны – вучэбная паветраная трывога. Пагаслі ўсе агні. Я спыніўся на вуліцы Міцкевіча ў пад’ездзе насупраць рэстарана «Штраль». У некаторых дамах пазапальвалі свечкі. Аўтобусы і машыны памалу ішлі з замаскіраванымі і прыгашанымі фарамі. Відаць, болып за ўсіх з гэтага зацямнення скарыстаюць розныя зладзеі. Пазаўчора, чуваць, ачысцілі абутковыя магазіны фірмы «Баця». Колькі там было харошых пантофляў!
        Амаль над самым дахам праляцела некалькі самалётаў, мільгаючы агнямі сваіх крыл.
        Вельмі шкада, што Лю пакінула Вільню. Не стала самага блізкага чалавека. Трахім нават забараніў перапісвацца. Я гэта і сам знаю, што ні аб якой карэспандэнцыі зараз не можа быць гаворкі. I ўсё ж... Трэба схадзіць да яе маці, можа, яна мае якую вестку з Варшавы.
        
        
10/ХІІ
        
        Вывучаю «Малы статыстычны гадавік». Па-мойму, пазнаёміўшыся з дадзенымі статыстыкі, можна лепш прадбачыць развіццё некаторых падзей, як па нашых літаратурных творах. Галава нейкая пустая. Баліць. Можа, таму і баліць, што – пустая. Трэба было б яе падставіць хоць пад скразняк, каб праветрыў.
        Сёння, шукаючы дом, у якім жыў П., я доўга блукаў па завулках Антокаля. У цемені трапіў на нейкую пустэлю, дзе шмат было бітага шкла, бутэлек. Зацішша. Імгла. Што можна стварыць з бітага шкла і з імглы? Дагнаў нейкую жанчыну. Ідучы назіркам за ёю, выйшаў на асветленае скрыжаванне, на якім драмаў рамізнік. 3 П. дамовіліся аб маім выступленні на вечары ў літоўскай гімназіі. На гэтым вечары будуць дзядзька Рыгор са сваім хорам і М. Забэйда-Суміцкі. Збіраўся яшчэ пад’ехаць М. Машара. П. заўважыў, што я зацікавіўся рэпрадукцыямі, якія віселі на сцяне яго пакоя.
        – Гэта – Тэафіль Квяткоўскі, паўстанец, блізкі друг Міцкевіча, Шапэна... Не знаю, адкуль мае гаспадары дасталі гэтыя рэпрадукцыі. Самі недзе пайшлі гасцяваць. Вось знайшоў у іх – раю і табе прачытаць – цікавую біяграфію рэвалюцыянера і былога катаржніка М. Пехаля «Жменя попелу». Пачаставаўшы мяне панцаком, які, відаць, застаўся ад абеду, пачаў завіхацца каля радыёпрыёмніка. Доўга не мог злавіць Мінск. А калі злавіў, мы толькі пачулі гоман Краснай плошчы і бой крамлёўскіх курантаў.
        Вяртаючыся на сваю сцюдзёную кватэру, каб скараціць дарогу, пачаў у памяці ўкладваць нейкія вершы.
        Мы жывём у дзяржаве, дзе больш за ўсё цэняцца Подласць, маўчанне, пакора...
        Белыя муры ваеннай турмы на Антокалі, заўсёды шчодра асветленыя ліхтарамі, здаліся мне велізарным аркушам паперы. На ім хацелася напісаць верш, ды такі, які прапаліў бы іх агнём і які ніколі не змаглі б сцерці вартавыя.
        
        
15/ХІІ
        
        Выпіска з «Кур’ера віленскага». На з’ездзе польскіх настаўнікаў у Вільні дырэктар семінарыі Матушэвіч сказаў, што рэгулярнае наведванне дзецьмі школы тут, на Паўночна-Усходніх землях, не з’яўляецца пытаннем школьнага характару, а, наадварот, пытаннем грамадска-дзяржаўнага значэння. Заклікаў «вальчыць» (змагацца) за польскую культуру на рубяжах дзяржавы.
        Вось адна з галоўных прычын, чаму бацькоў, дзеці якіх не наведваюць школу, адміністрацыя карае штрафамі. А ў нас некаторыя наіўныя думалі, што паны стараюцца даць беларускім дзецям адукацыю.
        
        
16/ХІІ
        
        Гарасім збіраецца пісаць для «Нашай волі» артыкул пра адукацыю ў Заходняй Беларусі і ў Полынчы, дзе ў сярэднія і вышэйшыя школы амаль зусім закрыты доступ для дзяцей рабочых і сялян. Неадольнай перашкодай на іх шляху да асветы стаіць антынародная палітыка санацыйнага ўрада і такіх цемрашалаў, як пан Багдан Васютынскі, які і так лямантуе, што рост інтэлігенцыі з ніжэйшых слаёў абніжае ўзровень культуры, або пазнанскія антраполагі, якія даводзяць, што «вясковы люд, як цэласць, сам з сябе ні сёння, ні ў бліжэйшым часе не можа выдзеліць кіраўніцтва дзяржавы».
        Я часта думаю аб нашай заходнебеларускай паэзіі. Колькі ў ёй розных адгалоскаў, перайманняў! Толькі чырвонай ніткай праходзіць праз яе бунтарнасць. I хіба гэта яе выдзяляе як з’яву самабытную і арыгінальную.
        Быў на старым нямецкім магільніку. Чаму яго назвалі нямецкім? Бадай, няма больш сумнага месца, як стары, забыты магільнік.
        Праз сіта шыб працэджваецца вячэрні змрок.
        Стары гадзіннік за сцяной, відаць, памыліўшыся, прабіў 12 раз, хоць да поўначы яшчэ далёка. А ў мяне столькі сабралася непрачытаных кніг, часопісаў! Столькі непрадуманых тэм! А часу – мала, у параўнанні з біблійным Мефусаілам, які жыў, здаецца, тысячу год.
        
        
17/ХІІ
        
        Сёння быў досыць далёка за горадам. З таварышам А. ездзілі да яго бацькоў. Ноч застала нас у дарозе за сем ці дзесяць кіламетраў ад хутара, да якога па снежнай цаліне ды крутых панарскіх перавалах ледзь давалок нас змораны конік выпадковага фурмана-літоўца. Бацькі А., даведаўшыся, што я калісьці разам сядзеў з іх сынам на Лукішках, надзвычай гасцінна прынялі мяне. Разам з намі пасадзілі за стол і нашага фурмана. Ён аказаўся знаёмым гаспадара і, пачуўшы, што мы – свае людзі, адмовіўся ўзяць грошы за паслугу і яшчэ запрашаў, калі зноў будзем у іх ваколіцах, наведаць і яго хату.
        
        
19/ХІІ
        
        Учора памёр у Варшаве Альберт Радзівіл, «XVI ардынат на Нясвіжы, XIII на Клецку, граф на Міры, кавалер Мальтанскі», адзін з тых праклятых магнатаў, якія на крыві і працы нашага народа нажывалі незлічоныя фартуны. Няўжо яго міне пекла? Велымі ж узяліся ўсе духоўнікі маліцца за яго душу, за адпушчэнне яму грахоў...
        У С. пазычыў гадавікі ўкраінскага часопіса «Вікна» (1930–1932) і некалькі навінак савецкай літаратуры. Трахім раіць, каб лепш мне злегалізавацца, запісацца на нейкія матуральныя курсы. Сёння гаварыў з Франукам Г., які займаецца гэтымі справамі. Абяцаў дапамагчы, нават прапанаваў мне хадзіць на карэпетыцыі да яго.
        
        
24/ХІІ
        
        Ва ўсіх нас – святочны настрой. Пасля столькіх захадаў выйшаў першы нумар газеты «Наша воля». Цэлую ноч у студэнцкім пакоі рэдактара В. Склубоўскага пісалі адрасы. Раніцай згрузілі ўвесь тыраж газеты на санкі рамізніка і завезлі на пошту.
        На Татарскай вуліцы ля пад’езда дома № 15, дзе размясцілася рэдакцыя, і каля друкарні ўжо другі дзень круціцца нейкі падазроны тып. Відаць, сочыць, сабака!
        Пасля бяссоннай ночы вуліцы, дамы, дрэвы, вецер і нават людзі здаюцца болып сцюдзёнымі, чым паказвае тэрмометр на вакзале, куды на хвіліну забег пагрэцца.
        
        
25/ХІІ
        
        Трэба будзе пакапацца ў Беларускім музеі, можа, там удасца знайсці якія творы Марозіка. Ад С. даведаўся толькі, што ён быццам чытаў на беларускай мове свае вершы на адкрыцці помніка Кацярыне ў Вільні і што тады апекаваўся ім рэдактар газеты «Северо-Западный край». Гэты С. – хадзячая энцыклапедыя. Пра ўсё, чорт, знае.
        Перапісваю свой новы верш: «Подпіс нечытэльны».
        
«...Тое, што западозраны чытаў
Маркса,
          Энгельса,
                       Леніна, Сталіна –
Вядомых камуністычных лідэраў –
Мы ведалі з даносаў канфідэнтаў.
Да агульнай характарыстыкі яго,
Лічу, дадаць не лішнім будзе
Дакумент, знойдзены ў архіве мядзельскім:
 
«...Дня... верасня, 12-га года.
Калі я, стражнік Боўдзіла,
Па загаду Яго імператарскай Высокасці
Сачыў, каб ніводзін у дзяржаве
Не смеў крычаць на сваёй роднай мове,–
У вёсцы Шлькаўшчыне
Нарадзіўся бунтаўшчык,
Які не падпарадкаваўся гэтаму загаду...»
 
Таму мяркую:
Ёсць дастатковыя падставы
Яго арыштаваць,
Са сваткаўскага пастарунка
Адправіць пад канвоем у Паставы.
Адтуль – пасля дапросу – на Лукішкі.
Найлепш было б адразу – на той свет.
Але патрэбна ўсё рабіць
Згодна канстытуцыі Рэчы Паспалітай
Год 1934.
             Пракурор».
                             Подпіс нечытэльны.
        
        
27/ХІІ
        
        З нагоды змены праграмы беларускай хадэцыі накідаў некалькі радкоў сатырычнага верша.
        
Ксёндз на сутану ўздзеў сярмягу,
Пачаў нат лапці абуваць,
Трыбух крыху падціснуў дзягай,
Каб лепш дурманам гандляваць...
        
        У Студэнцкім саюзе паспрачаўся з нейкім эндэкам за беларускую мову, культуру. Дзівіць мяне тое, што людзі, якія яшчэ ўчора былі ў падобнай сітуацыі, як мы сёння, самі становяцца душыцелямі і прыгнятальнікамі іншых народаў. Хоць тут асабліва і дзівіцца няма чаго. Дапусці толькі да ўлады некаторых цемрашалаў з Завальнай ды іншых беларускіх шавіністычных звярынцаў – відаць, рабілі б тое самае.
        Апошнімі часамі, калі пішу новы верш, чамусьці трывожыць думка, што мне яго могуць не даць закончыць. Таму зубную шчотку і мыла нанач кладу, на ўсякі выпадак, у кішзню свайго паліто.
        
        
28/ХІІ
        
        Усяго некалькі дзён засталося да Новага года. Не знаю, дзе і як буду яго сустракаць. Бо мой Дзед Мароз – у сінім паліцэйскім мундзіры, з трохзначным нумарам на шапцы – учора прыходзіў правяраць, што я раблю. Ці не збіраецца пан пракурор на маю навагоднюю ёлку павесіць некалькі сваіх артыкулаў? Трэба будзе перапісаць усе новыя вершы і папрасіць каго з нашых віленскіх старажылаў прыхінуць іх ад нядрэмнага вока маіх дакучных апекуноў. П. раіў мне выехаць на пару тыдняў у Пількаўшчыну. Відаць, заўтра крануся ў дарогу. I так, трэба ехаць дамоў, каб падрамантаваць здароўе, вопратку, боты. Добра было б, каб у заезным двары мне ўдалося знайсці транспарт знаёмых купцоў і на ім дабрацца да Крывічоў ці да Мядзела.
        Вецер круціць снег над дахамі горада. Можа, будзе адліга?
        
        
30/ХІІ
        
        Пішу нарыс пра лесарубаў, пра іх катаржную працу. Пішу на польскай мове, каб хутчэй прабіўся наш голас у шырокі свет. Э. Ажэшка лічыла Д. Конрада здраднікам за тое, што ён пісаў на англійскай мове. Тут яна яўна, як кажуць, перагнула палку. Праўда, Д. Конрад, пакінуўшы мову бацькоў, з якімі ў свой час пакутаваў у сібірскай ссылцы, пакінуў і свой народ у самыя цяжкія гады яго паднявольнага жыцця. Дзіўныя і загадкавыя гэтыя старонкі біяграфіі аўтара «Негра з «Нарцыса», «Лорда Джыма», «Настрома».
        Запісваю, каб не забыць, выказванне С. Буднага аб мове: «Глупствам з’яўляецца пагарджаць мовай адной краіны, а словы другой узносіць пад нябёсы».
        Узяўся за верш «Апошняя старонка» – верш пра летапісца.
        
Вось і вечар наступае.
                                   Час канчаць мне
Завітушкамі ўпрыгожваць пергамент,
Над учынкамі славутымі маліцца,
А над справамі ганебнымі журыцца.
Запішу вось толькі: «Сёння днём у Супраслі
3 града Слуцкага мітрапаліт прыслаў нам
Неўгамоннага ігумена Сімона,
Несусветнага распусніка, п’янчугу,
Што прывёз з сабой заместа кніг набожных
Два бачонкі акавіты і рушніцу.
П’яны, злез з фурманкі, не перажагнаўся.
На крыжы манастыра варон убачыў –
I давай па іх паліць, аж на званіцы
Рэха доўга языкі званоў хістала.
Недарма мітрапаліт напамінаў нам,
Што з нячыстай сілай знаецца ігумен.
Вось чуваць, як за сцяною чортам скача,
Як «Лявоніху» спявае трубным басам,
Аж дрыжаць скляпенне, вокны нашых келляў.
Гэта пісана ўсё ў Супраслі славутым,
У год тысяча пяцьсот трыццаць чацвёртым,
Рукой Сенькі – дзяка божага з-пад Клецка».
        
        А на полі пачынае разгульвацца завея. Ад ветру калышуцца павешаныя пад свірнам абаранкі – скруткі лыка і заточанае пад страху касавішча, паскрыпваюць ключы, столь, быццам па іх нехта ходзіць, а ў коміне чорт іграе на дудцы. Вечарам па нейкай справе да бацькі прыйшоў Янук Чарняўскі. Казаў, на вечарынцы ў Крыжаноўцы аднаму ўлану, які прыехаў у водпуск і, падпіўшы, задзёрся з хлопцамі, паламалі скабы і шаблю. Паліцыя ледзь жывога павезла яго ў Мядзела, а з Мядзела – у Вілейку. Невядома, ці адрамантуюць яго.
        Неспадзявана, калі ўжо ўсе спалі, прыехаў з літаратурай Макар Хацяновіч. Я запрапанаваў яму пераначаваць, але ён не згадзіўся. Вярнуў пазычаны наган № 46847, даў крыху перадыхнуць каню і зноў крануўся ў дарогу. Я правёў яго да грэблі. Добра, што да раніцы завея зараўняе ўсе сляды і палазіны.
        
        
31/ХІІ
        
        Абуўшыся ў кнатовыя лапці, сёння з бацькам пратоптвалі дарогу ў Нявераўскае, дзе восенню расчысцілі новую дзялянку пад сенажаць і адкуль трэба было вывезці дровы і некалькі старых, дуплаватых альховых калод для лежакоў. На балоце ўзагналі беляка. На высокім востраве, на адной з бяроз, як павешаныя шапкі, сядзела некалькі цецерукоў. Нізкая паласа зары ляжала на хмызняках. I здавалася, яны гараць і не згараюць у яе агні. Снег шмат дзе быў расшыты сцежкамі слядоў ласак, мышэй. Яны як неспадзявана з’яўляліся, так неспадзявана і абрываліся каля нейкага ламачча, быццам западалі пад зямлю. Каля пунькі – здвоеныя сляды зайца і лісіцы, якая, відаць, тут палявала. Цішыня. Толькі ў лесе – перастук дзятлаў ды ціхі шорах нашых крокаў. А ісці ўсё цяжэй і цяжэй. Месцамі ногі правальваюцца ў прэліны, абросшы снегам і лёдам, становяцца цяжкія, як ступы.
        Змораныя, прывалакліся дамоў.
        Калі маці гатавала вячэру, я папрасіў, каб яна пераказала мне народную польскую песню, якую спявалі ў яе роднай вёсцы – Задубенні. Песня гэта – дыялог ашуканай дзяўчыны і хлопца, які абяцаў, але не хацеў браць яе замуж, – відаць, нарадзілася ў тым каталіцкім асяроддзі, дзе часта ўжывалася своеасаблівая, густа запраўленая беларусізмамі, польская мова.
        
– Nieszczesliwy ten dzioneczek, –
Oj, boza moj!
Gdy stracilam swoj wianeczek, –
Oj, boza moj!
 
– Nieszczesliwe te poduszki, –
Oj, boza moj!
Gdzie ja jadlam slodkie gruszki, –
Oj, boza moj!
 
– Kiedy debzie chlopiec ladny, –
Oj, boza moj!
Kupie pas jedwabny, –
Oj, boza moj!
        
        Далейшых слоў мне запісаць не ўдалося, бо маці паклікалі ў хлеў, дзе пачала цяліцца карова. Я адзін застаўся ў хаце пільнаваць зялезнік з бульбай, які, абняты вясёлым полымем, пачынаў ужо закіпаць. Дровы былі яловыя, сухія, траскучыя. Калі такія дровы гараць, у нас кажуць: нічога не трэба пракідаць, бо ў страве і так будзе поўна скварак.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.