РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лісткі календара
Уступ
Год 1935
Год 1936
Год 1937
Год 1938
Год 1939
ГОД 1939
ГОД 1939
        
3/І
        
        На полі дыміць, мяце, курыць снегам. На гумне спыніліся дзве фурманкі нарачанскіх рыбакоў. За пару лубак жыта мы купілі свежай сялявы. Прынеслі ў хату – і адразу запахла возерам. На вячэру будзе добрая юшка. Мы хоць і блізка ад Нарачы, але рыба – рэдкі госць на стале. Другая справа – дзічына. Да яе ў нас усе прывыклі. Перад Новым годам удалося ўпаляваць двух зайцоў, і сёння бацька падстрэліў шарака каля расстаўленых на выгане снапоў лубіну. У Нявераўскім дзед бачыў сляды кабаноў. Можа, заўтра паспрабуем шчасця і сходзім на іх. Толькі трэба будзе перазарадзіць нашы дапатопныя пістонаўкі: даць большыя набоі пораху ды падсыпаць глёту. Хацелі сёння кончыць малаціць акалот, але вецер перашкодзіў, пайшлі з тапарамі ў лес. Відаць, на гэтым тыдні трэба будзе з’ездзіць з бацькам на вузлянскі млын змалоць жыта і нарабіць круп. Вось мінуў яшчэ адзін зімовы дзень, адзначаны толькі новымі сумётамі ды болыным скрыпам разгайданага ветрам асвера, які з абледзянелым вядром хістаецца перад акном, як маятнік нейкага велізарнага гадзінніка.
        
        
5/I
        
        Усё больш і больш заносіць снег нашы хутарскія сцежкі. У Вільні, чуваць, шалее грып. Можа, цераз нашы сумёты і не дабярэцца гэта хвароба да Пількаўшчыны.
        Газеты пішуць, што галандскі ўрад перадае ў рукі гестапа ўсіх уцекачоў з фашысцкай Германіі, аб загадкавай смерці запалкавага караля I. Кругера і нават аб тым («Слова»), што кароль Ягайла і сын яго Казімір гаварылі па-беларуску.
        За апошнія дні яшчэ ўдалося накідаць фрагмент сваёй паэмы. Трэба будзе перапісаць і адзін экземпляр паслаць Лю.
        
...Пасля дзён, адшумеўшых бурлівым патокам,
Між крутых берагоў камяніцаў сівых,
Пашырэла зямля. За агароджай высокай
Дагарала асенняя зелень Масквы.
I калі расцягнулі плот дзеці на дровы,
Можна ў руках было перасыпаць
Лістапад, неастуджаны снегам, кляновы,
У алеях прысадзістых яблынь гуляць
У вайну і хавацца ў гушчарах акацый,
На таполях высокіх пужаць вараннё
Ці пускаць папяровага змея, смяяцца
Смехам радасным аж да вячэрніх агнёў,
Да змяркання, пакуль маці спаць не пакліча...
У глыбі саду ціхі стаіць асабняк.
Вецер змёў у рышток перасохлае лісце,
Аканіцы забіты. Густы хмызняк
Ацяняе высокага ганка калоны.
Чуў Сілаш: за граніцу ўцёк гаспадар.
Не любіў ён, відаць, дзіцячага звону.
А мо ведаў, што прыйдзе такая бяда:
Плот знясуць, і з сырых закануркаў нахлынуць
Дзеці столяра Кліма, салдатак, Сілаш,
Будуць піць сіні вецер грудзьмі маладымі,
Што з пакінутых ніў восень ім прынясла
На глухія завулкі, прадмесцяў заставы.
Потым, вечарам, пойдуць красці і гандляваць.
Аж да поўначы голас іх чуе Масква:
– Папяросы найлепшыя: «Іра», «Ява»!
Дагараюць лісты у марозным загары.
Сілаш часам успамінае говар калёс,
Ніў далёкіх, бясконцых абшары
I, мо трохі ад гэтых ніжэйшыя, хмары,
Ублытаныя ў зелень плакучых бяроз.
А ў матчыных песнях, не падобных да гэтых
Катрыначных, што будзяць асфальт,
Прачыналася, клічучы шолахам, даль
Яравая з грымотамі і вясёлкамі лета.
Ажывалі ў сівой успамінаў імгле
Гумны жытнія, стрэх саламяныя грывы
I за вокнамі – Ляда высокае – лес,
Поўны чараў прывабных і дзіва...
3 кожным днём адплывалі ўспаміны далей.
Некаторыя з іх не трывожылі болей,
Хоць у матчыных ціхіх напевах пра жней
Яшчэ доўга Сілаш чуў звон роднага поля.
        
        
7/I
        
        Няўмольна набліжаецца трагічная развязка першага акта рэвалюцыі ў Іспаніі. Цяжка сказаць, колькі іх яшчэ будзе і калі наступіць апошні, пераможны акт. З французскага лагера «Грю», дзе сядзяць інтэрніраваныя байцы з міжнародных брыгад, бацька Казіка Г. атрымаў пісьмо ад сына, які апошні час быў байцом брыгады Франца Шустара. Бядуе стары. Збіраецца паслаць сыну пасылку, хоць і ў самога не густа. У пісьме Казік Г. успамінае пра некаторых сяброў, пра нейкага Грыгулевіча, з якім сустракаўся ў Мадрыдзе. Трэба спытацца ў Ё. Каросаса, няўжо гэта наш знаёмы Ёзас, які вясной 1932 г. быў арыштаваны з групай літоўскіх гімназістаў і з якім мы разам сядзелі на Лукішках. Ён потым, здаецца, выехаў у Лацінскую Амерыку. Са спазненнем атрымалі «Зварот да польскага народа байцоў брыгады імя Дамброўскага», у якой з пяці тысяч чалавек больш трох тысяч пала смерцю герояў. Пачаў на гэту тэму пісаць верш «Per vuestra et nuestra libertat» (за вашу і нашу свабоду). Эпіграфам пакінуў словы з гэтага звароту: «Мы верым, што, стоячы поплеч з іспанскім народам у яго барацьбе за свабоду і незалежнасць, мы змагаемся супроць полчышч фашысцкіх варвараў, падпальваючых мір».
        Запісваю эпізод з іспанскай вайны, расказаны Р. «На старане Франка былі не толькі нямецкія і італьянскія фашысты. Быў там зброд з усяго свету. Аднойчы фашысты, прывязаўшы да браневіка, цягнулі па вуліцы цяжка параненага дамброўшчыка, які прасіў, каб яго прыстрэлілі. Прасіў на іспанскай мове. Усе смяяліся. Прасіў на нямецкай. Падыходзілі і білі нагамі. Прасіў на італьянскай. Кідалі каменнем. Прасіў на французскай. Маўчалі. I толькі калі, відаць, страціўшы надзею, што нехта злітуецца над ім, звярнуўся па-польску, нехта з групы афіцэраў падышоў да яго і выстраліў у галаву».
        Іспанская рэвалюцыя пакіне глыбокі след у памяці нашага народа. Мала сказаць: «А ўсё ж такі ў ёй нешта было». За Пірэнеямі ўпершыню ў адкрытым баі сілы міру скрыжавалі зброю з фашызмам. Шкада, што гэта супала з нашай трагедыяй, калі не стала ў нас арганізуючай сілы, калі людзі пачалі аддаляцца адзін ад другога, калі ніхто не знае, дакуль трэба ў бяздзейнасці чакаць, чакаць і чакаць, калі нейкі фаталізм і абыякавасць, як дрыгва, пачынаюць зацягваць многіх у сваё бяздонне.
        Раней мне хацелася быць старэйшым, мець за сваімі плячамі салідны запас гадоў, а зараз пачынаю нецакоіцца, што іх набіраецца ўсё болын і больш. Раней не хапала часу, а зараз, хоць я і запаўняю свій дзень вучобай, працай, яшчэ шмат застаецца лішніх гадзін, і не пакідае нейкае адчуванне, што я займаюся нечым другарадным, а не тым, чым трэба было б.
        Узяўся за «Гісторыю маньякаў» Р. Яворскага, «Стэпавыя вершы» Я. Спевака, зборнікі польскіх футурыстаў («Нуж у бжуху», «Фруваёнцэ кецкі», «Трам впопшэк уліцы»). Пасля паэзіі Маякоўскага я стаў больш адпорны на падобныя эксперыменты. Ды прадчаснымі я лічу гімны машынам, гораду ў краіне, дзе яшчэ скрыпяць драўляныя сохі, бароны і восі, дзе людзі не маюць за што купіць солі і ходзяць у лапцях, шчапаюць на чатыры часткі запалкі, хаты асвятляюць дымнай лучынай і лечацца ў розных знахароў і шаптух. Дарэчы, чым больш знаёмлюся з ранейшымі літаратурнымі напрамкамі, усё больш пераконваюся, як цяжка адкрыць нешта новае, чаго яшчэ не было. I ўсё ж яно недзе павінна знаходзіцца – у нашай сучаснасці. Быць паэтам мінуўшчыны – я спазніўся нарадзіцца, паэтам будучыні – паспяшаўся. Ды што мы можам сказаць аб нашай будучыні? Яшчэ ніводнаму варажбіту, пачынаючы ад утапістаў, не ўдалося яе намаляваць такой, якой яна прыходзіла. I хоць, можа, прыгожа гучыць слова «прарок» або «пясняр будучыні», мы – песняры праклятай сучаснасці. I быць песняром гэтай сучаснасці – куды больш цяжка. Тут, калі пачынаюць біць, не схаваешся ні за прадзеда, ні за праўнука. I знайсці свой шлях у гэтай сучаснасці – не так лёгка. Хоць упэўнены, што некалі пра нас напіша нейкі боўдзіла: «Ім усё было ясна і зразумела...». Чорт бы яго забраў!
        
        
13/I
        
        Радыё перадавала аб сутычках на чэшска-венгерскай граніцы і аб раскрыцці змовы супроць Гітлера, на чале якой стаяў журналіст і былы рэдактар «Дэр Відэршанд» Нікіш. I так, бікфордаў шнур вайны ўсё больш і болын разгараецца.
        Заходзіў стары мой сябра Д. Ён толькі што прыехаў са Слоніма. Бачыўся там з ксяндзом Адамам Станкевічам. Прысутнічаў у касцёле «Святых сясцёр непакалянак» на яго пропаведзі. Расказваў забаўную гісторыю пра аднаго правідца, які пусціў чутку, што на яго лядах закапаны скарб. Шукаючы гэты скарб, суседзі перакапалі яму ўсю яго дзялянку, потым не трэба было яе і араць.
        На змярканні солтыс Піліпок прывёз пошту. 3 пісьма дзядзькі Рыгора даведаўся, што "супроць майго артыкула ў часопісе «Беларускі летапіс» апалчыліся ўсе дзеячы і крытыкі, атакі якіх яму давялося адбіваць. Дужа шкада, што з-за цэнзурных умоў прыйшлося скараціць старонкі, дзе гаварылася аб дасягненнях савецкай беларускай літаратуры і больш востра – аб недахопах нашай крытыкі. Ну, ды я яшчэ некалі гэтым кастратам падсыплю жару.
        Не агледзеўся, як мінула поўнач. Зайшоў дзед пацікавіцца, што гэта я пішу і пішу. Прачытаў я яму «Сказ пра Вяля». Вельмі дзівіўся стары, як з яго кароткага апавядання пра разбойніка Вяля, які на Магдулінскай грэблі пераймаў і рабаваў людзей, я змог стварыць такую гісторыю.
        Вецер дзьме ад Захаркавага хутара, выдзімаючы з хаты ўсё цяпло. Трэба ўскінуць на плечы кажух ды яшчэ з гадзінку пасядзець, перагледзець газеты. Усё больш адчуваю, як мне не хапае грунтоўных ведаў, каб разабрацца ў розных тэорыях і плынях. Інтуіцыя не заўсёды можа быць надзейным компасам. Ледзь выбраўся з нетраў рамантызму, сімвалізму, футурызму, імпрэсіянізму... як сустрэўся з новымі літаратурнымі напрамкамі, якія з’яўляюцца, як грыбы пасля дажджу.
        У сенях бразнула клямка. Пэўна, бацька пайшоў падкінуць коням сена.
        
        
16/I
        
        Тралявалі з Нявераўскага лесу алешнік. На Малышкавым востраве клубіўся дым. Пэўна, нехта гнаў гарэлку. Дзед, ідучы за санямі, усю дарогу філасофстваваў – колькі гарэлка прыносіць людзям шкоды, непамыслоты, гора.
        – Падумаць толькі, калісьці лук’янаўскі Бакаляр прапіў цэлую валоку зямлі.
        Старому цяжка было ўявіць, што нехта мог прапіць зямлю, якую ён усёй сваёй сялянскай істотай любіў і паважаў больш, як самога бога. Потым успомніў, як вайной п’яныя легіянеры занішто замучылі Галубіцкага, колькі дзецюкі, напіўшыся, паразбівалі галоў і паламалі скаб на розных вяселлях і вечарынках. У маленстве, будучы сіратой, дзед мой гадаваўся ў сям’і свайго дзядзькі, які быў несусветны п’яніца. Нагледзеўся ён у дзядзькавай хаце розных жахаў, таму ўсё жыццё і сам асцерагаўся браць у рот гэта праклятае зелле, і дзяцей стараўся выхаваць такімі, які быў сам – цвярозымі, руплівымі, працавітымі.
        Свежы заечы след у Барсуках накіраваў яго думкі ў іншы бок. Пачалі мы з ім раіцца, як бы нам вечарам паспрабаваць паганяць гэтага зайца, які ноччу можа дабрацца ў садзе да маладых прышчэпаў. Але на паляванне схадзіць нам так і не ўдалося. Калі ехалі з апошнім возам, парваўся акруцень, і мы толькі пасля захаду сонца дацягнуліся да дрывотні, распраглі каня і пачалі паіць скаціну. Перад самай вячэрай да бацькі прыйшоў Піліпок, каб той памог яму выкраіць і выправіць з вырабленай цялячай шкуры выцяжкі на боты. Пакуль бацька навастрыў свой шавецкі нож, пакуль вымяраў, Піліпок расказаў, хто і калі збіраецца жаніцца, спаліць сваю хату, каб атрымаць страхоўку, хто накраў у казённым лесе бярвення і пра розныя любоўныя гісторыі. Ніхто і не падумаў бы, што ў нашым глухім кутку разыгрываецца столькі неверагодных драм і камедый. Сам Піліпок калісьці любіў хваліцца, што ні разу яго ніхто ў жыцці не ашукаў, пакуль хлопцы не пажартавалі, што ўсе яго дзеці чамусьці падобны на суседа.
        
        
17/I
        
        Сёння адказаў амаль на ўсе лісты. Засталося толькі адпісаць Путраманту.
        «Дарагі Юрый! Пасля сустрэчы ў цябе я хутка выехаў з Вільні дамоў. У дарогу захапіў твае і Чухноўскага зборнікі, каб нешта з іх перакласці для беларускіх часопісаў. Перад ад’ездам я быў выпадковым сведкам «гістарычнай» сцэны развітання беларускай калоніі са сваімі лідэрамі, якім староства забараніла жыць у Вільні. Гэта быў жывы вобраз даўно апяванай рознымі адраджэнскімі прарокамі і піітамі кансалідацыі. Праўда, вобраз досыць бедны. Аж гідка было глядзець на посныя міны некаторых дзеячаў, якія прыйшлі да гэтай кансалідацыі толькі таму, што, прадаўшы ўсё, засталіся без пасад і розных урадавых дапамог. Можа, яшчэ прададуцца Гітлеру? Цяпер гэтыя махляры і палітычныя банкруты ўзяліся за арганізаванне антынароднага фронту ўсіх правых груповак. А класавыя і нацыянальныя супярэчнасці ўсё больш і болын даюцца ў знакі. I іх не спыніць ні крапілам, ні кайданамі, ні штыкамі, ні вялікадзяржаўнымі прамовамі розных паноў палкоўнікаў. Цяпер на вёсцы атмасфера вельмі напружаная, як перад нейкай навальніцай. Людзі чакаюць рэформаў, амністыі, змен у кіраўніцтве, чакаюць... вайны, бо са зброяй у руках лягчэй будзе дабіцца свайго. Дрэнна абстаіць справа з асветай. Адны толькі паліцэйскія ліхтары гараць уночы... Жывучы ў горадзе, ірвешся на вёску. Тут, праўда, больш здаровых сіл, ды і сам становішся дужэйшы ад гэтага калючага, марознага ветру, ад подыху аснежаных прастораў. Пачынаеш болын упэўнена хадзіць па зямлі. Адно горш – тут вельмі хутка замятаюць вятры ўсе шляхі ў свет, да сяброў і блізкіх. Зараз з Вільні да Нарачы бліжэй, як з маёй Пількаўшчыны.
        Памалу гасне мая лямпа. Да сустрэчы – заўтра...».
        
        
20/I
        
        Перад выездам у Вільню атрымаў паштоўку ад дзядзькі Рыгора. Піша пра віленскія справы, пра атакі рэакцыйных брахуноў на нас і падбадзёрвае: «Няхай жабы крумкаюць». Наша маладая беларуская літаратура зарадзілася і расце на вялікім скрыжаванні дарог. Таму ў нашых метрыках не заўсёды бываюць запісаны сапраўдныя імёны нашых бацькоў і хросных. Апошнія, можа, і адчуваюць, што некаторыя іх дзеці не падобны на іх, але, як заўсёды бывае ў такіх выпадках, лічаць, што лепрі за ўсё – маўчаць.
        Дзве рэчы пакуль што не змог заваяваць: поўную самабытнарць і незалежнасць. Зноў прыехаў у галодную Вільню. Часамі мне здаецца, што ўсё больш і больш павялічваецца колькасць асенніх, дажджлівых, золкіх, чорных дзён у гаду, быццам зямля змяніла сваю арбіту і зноў пачынаецца ледніковы перыяд. I ўсё ж трэба пісаць і пісаць! Паэзія мая, калі яна сапраўдная, здольная адкрываць неадкрытае, адказваць на пытанні жыцця, не абмінаючы іх, павінна мне памагчы пераадолець усё.
        На Канарскага вуліцы сустрэў лукішскага пшодоўніка Стшэлецкага. Гэта ён у 1938 г. гразіў, што згноіць мяне ў карцэры.
        Няўжо ён тут дзе жыве? Размінуліся. Не пазнаў. Ну, а я і ў пекле яго пазнаю.
        Партыя распушчана, але тое, што яна пасеяла, жыве. Я толькі цяпер убачыў, як я ёй абавязаны. Зараз не магу ўявіць свайго жыцця без яе сцяга. Як пра ўсё гэта напісаць? Паэма мая разраслася, перагружаная падзеямі і героямі. Неабходна і слоўнік свой узбагаціць. 3 вёскі, дзе я радзіўся, вынес ладны запас слоў, але ў горадзе, які мяне прытуліў, я яго мала чым папоўніў.
        Усе разышліся. Нават гаспадыня і тая пацягнулася за пакупкамі на рынак. Можна будзе ўслых пісаць.
        
Калі б на маёй Мядзелыпчыне глухой
Заасфальтаваць дарогі, умаіць вясной,
На аселішчах імшарных, невясёлых
Пракласці каналы для рамантычных гандолаў,
Пабудаваць палацы з балконамі, на якіх
Сядзелі б сіньярыны ў уборах дарагіх,
А каля іх круціліся з гітарамі кавалеры
I спявалі серэнады аперэтачныя карабінеры,
А замежныя турысты хлябталі віно,
Танцавалі, пакуль не валіліся б з ног, –
Вось была б над фацэцыямі фацэцыя;
Не гаротная мая Мядзелынчына – а Венецыя.
        
        
21/I
        
        Прачытаў апошнія літаратурныя навінкі, якія прыслаў мне з Варшавы Я-ка. Усё болып пераконваюся, што для папулярызацыі таго ці іншага паэта, ці нават цэлай літаратуры, патрэбна адпаведная званіца. Званіца гэтая – дзяржаўнасць і тое месца на зямлі, якое займае народ і яго мова. А наш голас усё яшчэ не вырваўся нават на волю з падвалаў астрожных карцэраў. Аб якім рэзанансе нашай творчасці сёння можа быць гаворка! З пісьма Я-ка бачу, што ён астаўся нязменны ў сваіх поглядах на творчасць некаторых нашых паэтаў. Нават не бачыць ніякіх змен у літаратуры. Ён сам не заўважае, што чалавек з нязменнымі поглядамі на мастацтва, на свет, на жыццё не такі ўжо і цікавы. Ён часта бароніць пазіцыі, даўно пакінутыя ўсімі, і ўжо ні ў якім выпадку не здольны рызыкаваць, адважыцца пайсці на пошукі новага. А эпігоны нічога не могуць стварыць. Яны толькі зацягваюць паніхіду па мінулым.
        
        
28/I
        
        На стале – тры незакончаныя вершы «Ледакол Сядоў», «Малітва пана Эндэцкага» (верш сатырычны) і «Барселона», горад-герой, якога гэтымі днямі, як Гарсія Лорку, расстралялі франкісты. Са старонак рэакцыйных газет не сыходзіць яўрэйскае пытанне. Нават прэм’ер Славой-Складоўскі нічога лепшага не змог запрапанаваць, як толькі эміграцыю яўрэйскага насельніцтва з Польшчы, якая стала за апошнія гады, у сувязі з перасяленнем многіх яўрэяў з Германіі, краінай міграцыі. Сустрэў Е. Путраманта. Піша, казаў, аповесць «УЭСБЭ», фрагмент з якой збіраецца надрукаваць у «Слове».
        
31/I
        
        Эндэцкія галаварэзы ды розныя фалангісты зноў пачалі пагромы ў Ляндварозе і ў Вільні. Каля хрысціянскага кинатэатра «Святавід» паліцыя разагнала цэлую фашысцкую банду, узброеную палкамі, кастэтамі.
        
        
14/II
        
        Учора прыйшла паштоўка ад Лю. Піша, што ёй спадабаліся мае апошнія вершы («Калі хочаш...», «Зноў загарэліся сосны», «Марозны, белы вецер...» і іншыя) і пра абуральнае пісьмо ад С, на якое яна, параіўшыся з сябрамі, дала вострую водпаведзь. Ну і маладзец! Яна толькі не знае характару С. Гэты чалавек вельмі любіць усімі камандаваць, кіраваць. Вось ён і мне прыслаў дырэктывы, як мне трэба трымацца, што рабіць, з кім весці перагаворы, каб выдаць яго вершы. Яго ўжо не перавыхаваеш. Лю піша яшчэ, што яна збіраецца паехаць да сястры ў Хожаў. Трэба хутчэй вяртацца, пакуль яна яшчэ ў Вільні, пакуль мяне і мае вершы не замялі тут пількаўскія завеі. Відаць, заўтра збяру свае манаткі і паеду.
        Некалькі дзён таму назад, пісалі газеты, адбыўся працэс Б. Янкоўскай – Ірыны Пятроўскай – Соні Берман (так суд і не высветліў яе сапраўднага прозвішча) і Мікалая Бурсевіча. Б. Янкоўскай далі за камуністычную дзейнасць 10 год, а Бурсевічу – 6...
        
        
15/II
        
        Пад вечар пачалі з бацькам рыхтавацца ў дарогу. Калі наш Лысы стаяў запрэжаны каля ганка, я на хвіліну яшчэ забег у хату і накідаў кароткі развітальны верш «Зноў шкода мне родных аселіц». Неяк сумна гэты раз было мне пакідаць сваю Пількаўшчыну. Сумна таму, што я ехаў настрэчу бязрадасным дням, якія мяне чакалі ў Вільні. Мароз шчыльна замураваў усе вокны. Відаць, прыйдзецца ў дарозе памерзнуць, бо гадзіны чатыры будзем цягнуцца да нашай Княгінінскай станцыі. Бацька раіць ехаць на Наўрані, цераз раку, цераз якую даўно ўжо, чуваць, вазакі праклалі дарогу, возячы шпалы і папяроўку. Развітваючыся, маці, як заўсёды, перажагнала нас. Потым, выйшаўшы за вароты, праводзіла тужлівым позіркам, аж пакуль мы не схаваліся ў густым ельніку.
        
        
20/II
        
        I так, я зноў на знаёмай вуліцы Канарскага, на кватэры Шаф’янскіх. У кутку адгароджанага шафай і фіранкай пакоя размясцілася нас трое: Сашка Хадзінскі, яго брат Мікалай, які вучыцца ў гімназіі, і я. У пакоі два ложкі, стол, завалены кнігамі, і электрычная лямпа. Самае прыгожае ў нас акно. Яно глядзіць на зялёныя сосны Закрэта, падобныя да шышкінскіх, толькі без мядзведзяў. Можна доўга любавацца на гэту абрамленую аконнай рамай карціну, бо яна кожны дзень іншая – у залежнасці ад пагоды і колеру неба. Гэтыя сосны мне нагадваюць лес каля старой нашай пастоўні, якую, на вялікі жаль, дзед камусьці прадаў на вал для ветрака. Кажуць, ледзь яе лесарубы спілавалі, такая была тоўстая і стрыжняватая. Болып за дзвесце пярсцёнкаў я налічыў на яшчэ свежым яе пні.
        
        
21/II
        
        Прыйшла першая ад Лю вестка з Хожава. У сваёй паштоўцы – рэпрадукцыя з вельмі забаўнай карціны Мюлера Ёзэфа «Карцэр» – Лю просіць, каб я наведаў яе старую маці і напісаў, як яна чуецца. Пра сябе нічога не піша. Відаць, не дужа весела ёй там жывецца, толькі не хоча пра гэта пісаць.
        Бачыўся сёння з М. На фабрыцы «Дыкта», казаў, на днях пачнецца забастоўка. Рабочыя патрабуюць павелічэння зарплаты.
        Апошнімі часамі розныя беларускія дзеячы гучна пачалі адзначаць свае юбілеі. Трэба будзе і мне адклікнуцца нейкім сатырычным вершам на гэтыя «гістарычныя» даты. Да гэтага часу я мала карыстаўся смехам, які можа быць і шчытом і наступальнай зброяй.
        У бібліятэцы «Кола паланістаў» прачытаў цудоўны верш Леанідзе, перакладзены Ціханавым:
        
Мы прекраснейшим только то зовем,
Что созревшей силой отмечено:
Виноград стеной, иль река весной,
Или нив налив, или женщина...
        
        
27/II
        
        Легенда гаворыць, што Аляксандр Македонскі, убачыўшы карту Пталамея, расплакаўся. Яму стала крыўдна, што на зямлі ўсе краіны адкрыты і што ён спазніўся з’явіцца на свет, каб праславіцца нейкім подзвігам. Апошнімі часамі ўзяўся за французскіх класікаў, перакладзеных Боем. I сапраўды, часамі находзіць такое адчуванне, што нашы вялікія папярэднікі ўсё адкрылі і ўсё сказалі, не пакінуўшы сваім нашчадкам на карце чалавечага жыцця амаль ніводнай белай плямы.
        Сёння ў рэдакцыі «Калосся» гутарка зайшла аб рэцэнзіях, якія друкуюцца ў часопісах. У нас шмат людзей усё яшчэ баіцца сказаць праўду, каб не сапсуць адносін з аўтарам, але чамусьці не баіцца іх сапсуць з чытачом. Калі ж ацэньваюць творчасць людзі з інакшымі, як у аўтара, палітычнымі поглядамі, аб’ектыўнай ацэнкі нечага і чакаць.
        У кнігарню «Пагоня» па беларускія календары зайшоў нейкі дапатопны шляхціц з-пад Ашмян. Перш ён доўга таргаваўся, а потым пакрыўдзіўся, калі ў яго не хапіла грошай разлічыцца і прадавец не згадзіўся даць яму календары з умовай, што ён у наступны кірмашны дзень прывязе свой доўг.
        – Гэта ж абраза – не паверыць шляхціцу, у якогагерб...
        – Пане шаноўны, – адказаў яму нехта з прысутных пры гэтай сцэне, – большую частку гербаў вы атрымалі ад чужых уладароў і захопнікаў, і атрымалі іх, напэўна, не за заслугі перад сваёй краінай...
        Студэнты прасілі мяне прыйсці да іх на літаратурны вечар. Казалі, збярэцца шмат прыхільнікаў паэзіі. Я не ўпэўнены, што на такія вечары прыходзяць толькі аматары літаратуры, як у царкву – толькі веруючыя.
        
        
        
        *************************
        
        
1/ІІІ
        
        Становішча ў мяне катастрафічнае, а ў Кастуся – яшчэ горшае. У Вільні няма за што жыць. Пакінуць Вільню – пакінуць пісаць. Мінаюць дні, тыдні, месяцы, а я не бачу ніяквга выхаду. Адна надзея, што так не можа цягнуцца вечна. Цэлымі днямі і начамі думаю аб хлебе і паэзіі, аб паэзіі і хлебе. Сустрэў Путраманта. Збіраецца з Рымкевічам і Буйніцкім ехаць у Заользе на з’езд польскіх пісьменнікаў.
        
        
5/III
        
        Сёння самы разгар велізарнага віленскага фэсту – «Казюка», на які, чуваць, толькі адных турыстаў з Польшчы і з-за граніцы прыехала больш за дваццаць тысяч чалавек. З цікавасці я прайшоўся за карнавальным паходам вуліцамі Нямецкай, Віленскай, Замкавай, Каралеўскай, якімі каля выстраеных вітрын магазінаў бясконцым патокам цягнуліся розныя вазы і платформы з казюковымі сэрцамі і падарункамі, пальмамі і рознымі пудзіламі. Хоць пагода была добрая, але абутак мой прамок, і я вырашыў пайсці ў кінатэатр «Пан» паглядзець фільм «Вяртанне на золку», у якім іграе беспадобная Даніэль Дарыо. Толькі кінатэатр адчыняўся ў 14 гадзін. Часу ў мяне яшчэ было шмат, і я падаўся да Лукішскай плошчы – самага цэнтра «Казюка», у рытм гармонікаў, п’яных частушак, звону цымбалаў.
        Я ўжо збіраўся пакінуць кірмаш, калі пачуў песню. Яе спявала нейкая ў чырвонай хустцы маладзіца, седзячы на возе, засланым даматканай зялёнай посцілкай, на якой ляжалі закуска, казюковыя пернікі і вянок смаргонскіх абаранкаў.
        – Ты яшэ заспявай, Гануля!
        – На, пацягні з бутэлькі...
        
Запала сонейка за лес калінавы.
Ападае раса на ліст малінавы.
Не падай, раса, раса сцюдзёная.
Як босы я пайду сцежкай знаёмаю.
Падзёр я боцікі, за любай ходзячы,
Праз лес калінавы яе праводзячы.
        
        Зноў аднекуль уварваліся шум, гамана, звон, рогат...
        
        
        
13/III
        
        Нарэшце дачакаўся пісьма ад Лю. Толькі мала яно парадавала, бо шмат у ім трывогі і непакою. Чаго яна так доўга сядзіць у тым Хожаве? Хутчэй вярталася б у Вільню. Няўжо яна не бачыць, якія цяжкія хмары збіраюцца на Захадзе?
        Гэтымі днямі быў у інстытуце даследавання Усходняй Еўропы, дзе слухаў даклад аб міжнародным становішчы і пра Заользе. Якая цемень у мазгах гэтых дыпламаваных палітыкаў! Дагаварыліся да таго, што, калі пачнецца вайна, Полыпча без ніякай дапамогі зможа даць адпор і Усходу і Захаду. Я слухаў прамоўцаў і думаў: нават пан Заглоба ў сённяшняй сітуацыі быў бы болып рэальным палітыкам. Быццам нейкае бяльмо гэтым людзям засланіла вочы, і яны страцілі здольнасць бачыць тое, што няўмольна набліжаецца.
        Заходзіў мяне наведаць I. Досыць цяжкага характару гэты чалавек. Рэдка калі, сустрэўшыся з ім, не паспрачаешся. Вельмі ж ён упэўнены ў сабе.
        Я ўжо засынаў, калі загрукаў у акно Сашка, і я пайшоў адчыніць дзверы. Потым доўга не мог заснуць. Узяўся за Ніцшэ, у асобе якога паэзія страціла вялікага і арыгінальнага паэта, які зрабіў уплыў на многіх сучасных творцаў.
        
        
16/III
        
        Заўчора была вучэбная паветраная трывога. На 20–30 мінут горад патануў у цемені. Многія ўсё яшчэ не бачаць, якая бяздонная ноч апускаецца над Еўропай. Сёння гітлераўскія полчышчы занялі Чэхію і Маравію. А што нас чакае заўтра? Усё мацней пачынае дыміць гданьскі вулкан. Бурліць занятая венграмі Закарпацкая Русь, усё мацней заціскаецца фашысцкая пятля на шыі сталіцы Іспаніі.
        
        
19/III
        
        Ледзь не праспаў сустрэчы з Кастусём. За акном кружыць снег. Е%шіцы амаль пустыя. У кожным выпадку, трэба на сто працэнтаў упэўніцца, што яны пустыя і бяспечныя. Ды яшчэ – не пашкодзіць застрахавацца быстрай хадой ад непажаданага ценю, калі ён чакае цябе ў нейкай браме. Кастусь чамусьці ў вызначаны час не прыйшоў. Любіна маці паліла ў печы, бо вецер зусім выхаладзіў іх старую, спарахнелую хату. Учора, казала, заходзіў М., хацеў мяне бачыць. Шкада, што старая не знала майго адраса і не магла яго накіраваць да мяне. А з М. трэба сустрэцца. Ён знае ўсю рабочую Вільню. Можа, памог бы Кастусю знайсці нейкую працу. Прыйдзецца цяпер самому яго шукаць па ўсім Новым Свеце. Я прысеў каля печы пагрэцца і, чакаючы Кастуся, накідаў чарнавік верша «Наймаючыся на працу».
        
Вы пытаецеся, што я патрафлю рабіць,
Калі не ўмею стаяць на галаве,
Забаўляць і смяшыць публіку,
Хадзіць па канаце пад купалам цырка,
Прыкідвацца, што не бачу
злачынства і подласці?
Выбачайце, што вас я патурбаваў,
Я – чалавек, які толькі ўмее
З грудкі зямлі здабываць хлеб,
З сэрца свайго – песні.
        
        
20/III
        
        Чуваць, некаторыя ўрадавыя кругі пачынаюць заігрываць з нацыянальнымі меншасцямі, даказваючы, што польскі нацыяналізм ніколі не адносіўся варожа да літоўцаў і беларусаў. Трэба мець вельмі кароткую памяць, каб у гэта паверыць. Кожны нацыяналіст хваліць свой нацыяналізм, лічачы яго найбольш прагрэсіўным і гуманным, нават тады, калі той душыць другога за глотку.
        На віленскім грунце з’явіўся нейкі доктар Мэндэ – нямецкі спец па беларускіх справах, следам за ім – японскі гісторык... Усе яны наведваюць беларускія культурныя ўстановы, рэдакцыі, вядуць закулісныя перагаворы з рознымі дзеячамі. Раптам ажылі нацыяналістычныя групоўкі ў Чэхаславакіі, Францыі... Як нам у гэты час не хапае сваёй баявой прагрэсіўнай газеты! Сустрэўшыся з Кастусём, доўга аналізуем усе гэтыя факты і міжнароднае становішча, якое ўсё больш і больш ускладняецца. Як доўга мы яшчэ будзем нямымі сведкамі падзей, што няўмольна набліжаюцца?
        
        
24/ІІІ
        
        «Камэна» змясціла некалькі вершаў французскіх надрэалістаў: «Пацалунак» П. Элюара і «У напрамку ночы» П. Супа, якія ўслед за Б. Сандрам ужо адмовіліся ад знакаў прыпынку. Не знае Еўропа, што мы даўно абагналі ўсіх мадэрністаў, навучыўшыся пісаць толькі’пры дапамозе кропак, бо ўсё іншае канфіскуе цэнзура.
        П. Ластаўка прыслаў з Варшавы лістападаўскі нумар (1938) «Атэнэум» са сваім інфармацыйнага характару артыкулам аб заходнебеларускай паэзіі. Не знаю, як ён прабіўся ў гэты паважны часопіс са сваімі некаторымі наіўнымі разважаннямі. Асабліва шкада, што ён абмежаваўся толькі некалькімі імёнамі і не ўспомніў нікога з нашых паэтаў, якія сёння – за кратамі Лукішак, Вронак, Гродна... А іх там – болынасць.
        На суседнім двары плача нечае дзіцё. Крыкам чалавек абвяшчае сваё з’яўленне на свет. Вось толькі ніяк ён не навучыцца развітвацца з ім непрыкметна. На пагулянцы сустрэў пахавальную працэсію з ксяндзамі, з музыкай, з вянкамі. На нейкі час аж быў спынены йа вуліцы рух аўтобусаў.
        На вакзале бачыў групу сялян з Ашмяншчыны, якая ехала ў Бразілі^. Людзі адпраўляюцца ў пошуках зямлі аж за акіян, тады калі ў нас – цэлыя неабсяжныя прасторы ў руках абшарнікаў, асаднікаў, духавенства.
        На Завальнай, 2 красуюцца каляровыя рэкламныя плакаты: «Крэм «Нівея» робіць цела далікатным» (шкада, што няма ніякага крэму, пасля якога не адчуваў бы сцюжы ды паліцэйскіх дубінак), «Чысць зубы Адолем». (Яны ў мяне і так чыстыя, бо зноў настала нішчымніца і бясхлебіца.)
        
        
25/III
        
        Насталі такія халады, што нават птушкі, прыляцеўшы з выраю, мерзнуць. Быў на выстаўцы графікі, дзе бачыў некалькі цікавых афортаў М. Сеўрука і К. Чурылы. Закончыў яшчэ адзін фрагмент «Сілаша».
        
Міналі дні. З Волгі поўз голад.
Пусцелі кварталы Масквы.
Прыходзячы з Прэсненскай школы,
Чытаў Сілаш Гогаля «Вій»,
«Канька Гарбунка» і балады,
Пакуль не рассыплецца друк
Ад сцюжы і едкага чаду
Бляшаных, прапаленых труб.
А толькі працягла правые
Ахрыплы фабрычны гудок,
Растуць ля сталовак даўгія
Чэргі. Рабочы паёк –
Дзве воблы ды хлеба акраец.
Ды зноўку – падвальны пакой,
Дзе ноччу вада абрастае
Чачоткавай лёду карой,
Дзе гутарыць на калідоры
З былой гаспадыняй сям’я
Дзяка пра іконы ў саборах,
Пра цуды на сценах Крамля,
Пра Сухараўкі і галёшы,
Пра даўнія дні – калачы...
Успомняць жывых і памёршых,
Пакуль самавар загучыць.
Часамі, заплюшчыўшы вочы,
Сілаш ажыўляе на міг
Марознай, сцюдзёнай ноччу
Старонкі прачытаных кніг.
То хатку на лапах курыных
Ён бачыць, дзе ведзьма жыве;
То крылы жар-птушка раскіне
Вясёлкавыя па траве;
То далеч бясконцую прэрый
I чырванаскурых налёт,
Разбітую лодку на шхерах
Паўночных успененых вод.
Ды хутка ўсё недзе знікае,
Чуваць толькі стук малатка,
Ды дратва пяе смаляная
У бацькавых чэрствых руках...
За Зялёным Лугам, касагорам,
Спіць глуха адгрымеўшая зямля.
Часта тут адпачывае воран,
Загледзеўшыся на далёкі шлях.
Дрэмле чарада бяроз плакучых,
Над якімі воблакі дымяць.
З дротам пераплёўшыся калючым,
На магілах верасы гараць.
Пройдзе час, і верхаводка змые
З папялішчаў і руінаў дым;
Зноў зазвоняць сярпы стальныя
I жнеяў песні ў жыце маладым.
Але покуль зараўняем плугам –
Зможам наша гора заараць, –
Доўга будзе за Зялёным Лугам
Воран поле бітвы вартаваць.
        
        
30/III
        
        Думаю над тым, як пісаць далей, як знайсці новую адпаведную форму для новага зместу. Некаторыя з нашых крытыкаў агітуюць мяне ўзяцца за гістарычную тэму, бо сучасная патрабуе пэўнай дыстанцыі часу. Я адстойваў сучасную, якая, на мой погляд, дае найболыпыя магчымасці выяўляць думкі аўтара, яго погляды і раскрыцца яго таленту. Што да дыстанцыі часу, дык я ў ёй ніколі не адчуваў патрэбы. Ды яна часта бывае толькі шырмай, за якой хаваюцца розныя баязліўцы.
        Сёння даведаўся, што Гарасім загінуў у Мадрыдзе, калі «Легіён Кондар» бамбіў горад, ці то ў гарах Эстрамадуры, прыкрываючы адступленне сваёй брыгады. Трэба ад некага больш дакладна даведацца пра яго смерць. А можа, усё гэта – толькі чуткі? Можа, ён жывы і недзе працуе ў іспанскім падполлі? Я запісваю сумную вестку пра свайго цудоўнага таварыша пяром, яко» ён мне падарыў у хвіліны нашага расстання.
        Гэты дзень перагружаны сумнымі весткамі. Паштальён прынёс паштоўку ад Міхася Васілька. У яго вялікае гора – памерла жонка, якая некалькі год хварэла на сухоты. Як і чым памагчы яму ў гэту цяжкую хвіліну жыцця?
        Начамі гараць разнаколерныя вітрыны і шыльды віленскіх магазінаў. Я іх знаю на памяць, хоць яны мяне, як іх кліента, напэўна, і не заўважаюць. Столькі ў гэтым горадзе беспрацоўных ды розных басякоў, якія цэлымі днямі стаяць і дзівяцца з іх! На вуліцах пачаўся збор грошай на паветраную абарону. Позна ўзяліся паны забяспечваць неба над Полыпчай. Перш трэба раскуць рукі народу. Бо толькі народ сваімі далонямі мог бы засланіць яго ад усякай небяспекі.
        
        
5/ІV
        
        Чакаю прыезду Лю. Зараз няма ў мяне нікога з блізкіх, з кім мог бы падзяліцца сваімі думкамі. Нават у турме, у адзіночцы, я знаў, што за сценамі – мае сябры, з якімі магу перастуквацца. Здаецца, яшчэ ніколі такіх беспрасветных і глухіх дзён не было. Хутка Вялікдзень. Апошняя галадоўка досыць моцна падкасіла маё здароўе. Дамоў на свята не паеду, ды і няма за што ехаць. Буду сядзець і працаваць. Учора з бібліятэкі ды ад знаёмых прывалок цэлы ахапак розных кніг. Агулам, нават самая светлая хата без кніг выглядае змрочнай і невясёлай. А што ўжо казаць пра нашы катухі, у якіх усе мы жывём.
        
        
12/ІV
        
        Дні мае складаюцца не з гадзін, а з кніг, брашур, часопісаў, газет, ночы – са сноў. I сны нейкія цяжкія, аднастайныя. Каб быў пад рукамі «Егіпецкі соннік», паглядзеў бы, што яны мне варожаць.
        Сёння цікавую звестку знайшоў пра генерала Бэма. За перамогу над аўстрыйскімі войскамі яго ўзнагародзілі найбольшым ганаровым венгерскім ордэнам, для якога з кароны святога Сцяпана быў узяты самы болыны брыльянт, а ў пустое месца ўстаўлена залатая пласцінка з надпісам: «Юзэф Бэм».
        Ніяк не магу знайсці зборнік вершаў Пецёфі на рускай ці на польскай мове. Не можа быць, каб ён не выдаваўся. Шкада, што ў нас ніхто з беларусаў да гэтага часу не перакладаў твораў гэтага рэвалюцыйнага паэта. Нікому да Пецёфі не ўдавалася ствараць вершаў, у якіх бы так непадзельна былі зліты жар сэрца і звон клінка, любоў і нянавісць да ворагаў, чуласць і рашучасць.
        
        
13/ІV
        
        А галодным дням і канца не відаць. Здаецца, набліжаюся да нечага фатальнага. I ў паэзіі сваёй усё болын і больш бачу недахопаў. Перад галодным зрокам бляднеюць нават самыя, як мне здавалася раней, лепшыя мае вершы. Праўда, кожны мастацкі твор мусіць прайсці праз дзве судовыя інстанцыі: сучаснасць, якая часта памыляецца, і будучыню. Час выпраўляе ўсе памылкі. Таму і я іх пачынаю бачыць болын выразна.
        
        
14/ІV
        
        Чакаю пісьма ад «Суполкі аўтараў кінасцэнарыстаў», дзе – перадавалі польскія сябры – зацікавіліся маімі паэмамі. Не думаю, што змест маіх паэм для іх падыдзе.
        Над Закрэтам вецер разам з аблокамі гоніць некуды вараннё. Трэба будзе абысці газетныя вітрыны, бо ўжо другі дзень не знаю, што робіцца на свеце. Хацеў напісаць верш пра вясну, але тэма гэта настолькі выкарыстана і добрымі паэтамі і графаманамі, што мусіў адмовіцца ад гэтай думкі ці, лепш, адкласці яе на гадоў дванаццаць. Не дзіва, што Ю. Тувім напісаў пародыю на веснавыя вершы. Кожная тэма, калі яна стане агульнавядомай, акляпанай, мусіць закончыць сваё жыццё ў пародыі.
        
        
19/ІV
        
        Рэмбо ў сваёй «Алхіміі слова» адкрыў колеры галосных літар, а я – колеры сваіх галодных дзён: панядзелак – белы, аўторак – сіні, серада – блакітная, чацвер – зялёны, пятніца – чырвоная, субота – чорная...
        Хутчэй бы вярталася Лю. Тры разы хадзіў на вакзал яе сустракаць, хоць знаў, што яна яшчэ не можа прыехаць. Сёння вяртаўся дамоў у дождж. Нават рад быў, што такая золкая пагода і на вуліцы мала прахожых. Ідзеш – і ніхто табе не перашкаджае думаць. Толькі якім апусцелым здаўся мне горад!
        Прыйшоў дамоў, а дождж усё шуміць і шуміць, то цішэй, то мацней барабаніць у шыбы. Засеў за вершы. Апошнімі часамі пачынае мне дакучаць «паэтычнасць», «прыгажосць» многіх твораў, у тым ліку і сваіх. Зараз у нас усе імкнуцца пісаць пад класікаў, і таму знік эксперымент. Не знаю, як доўга можа цягнуцца такі ненатуральны стан – стан бясконцай эксплуатацыі адкрыццяў нашых папярэднікаў.
        
        
20/ІV
        
        Па просьбе Казіміра Голтрэта паслаў усе свае зборнікі ў «Суполку аўтараў кінасцэнарыстаў». У пісьме напісаў яму, што сумняваюся, каб сучасная польская цэнзура дазволіла яму паставіць фільм па маёй паэме «Нарач». «...Пішучы сваю паэму, я хацеў расказаць аб цяжкім жыцці і гераічнай барацьбе нарачанскіх рыбакоў за кавалак хлеба, за свае правы на гэтую зямлю, на якой жылі і злажылі свае косці іх дзяды і прадзеды... Што да варожбаў і забабонаў, якія вас цікавяць, дык іх можна знайсці ў нашым багатым фальклоры – у казках, песнях, паданнях. Праўда, гэтых скарбаў з гадамі становіцца менш. I на берагах Нарачы ўжо чуюцца завезеныя рознымі турыстамі, чыноўнікамі чужыя песні, шлягеры.
        Мяняецца воблік людзей, сярод якіх можна сустрэць розных стральцоў, асаднікаў у «рагатыўках», «мацеюўках», людзей, якія гавораць на нейкім польска-беларускім жаргоне. Зямля тут бедная. Не ўдаўся ўлоў – бабы нясуць свае дываны і ручнікі прадаваць на мядзельскі рынак. Часта пасля такіх галодных дзён толькі лодка ды сетка астаюцца ў рыбака. Глыбока пад шэрымі сярмягамі і потнымі кашулямі схавана душа народа, а ў сасновых нетрах – непаўторнае хараство нашых азёр. Не ведаю, ці ўдасца Вам усё гэта зняць на сваю кінаплёнку...».
        
        
23/IV
        
        Працую над сваёй даўжэзнай паэмай, хоць усё болып і болып пераконваюся, што грамадзянскія пазмы адыходзяць у мінулае, як адышлі ў мінулае паэты-прарокі, паэты-прапаведнікі. Трэба прызвычайвацца да ашчаднасці ў прыметніках, словах, колерах, да ашчаднасці свайго і чужога часу.
        Ад Т. Буйніцкага дастаў некалькі вершаў Апалінэра. Хачу ўжыцца ў яго свабодны рытм, хоць у перакладах, гаварыў святы Геранім, найболып красамоўны паэт становіцца заікам.
        Абяцаў С. Паўловічу напісаць новую казку для дзяцей, а цяпер думаю: аб чым напісаць? Бацька мой заўсёды кажа, што пад трэцюю квадру і пад маладзік ніколі не трэба сеяць жыта. Праверу сёння, якая квадра, каб не пачынаць і мне сваёй сяўбы ў нешчаслівы час. А пакуль што перапісваю вестку з газеты: «На гары Ківашаў (Кітай) павесілі звон, які важыць 44 тысячы фунтаў, каб ён сваім гулам будзіў грэшныя душы, што апусціліся ў пякельныя нетры». А гэта – страфа з народнай песні, запісанай у 1933 годзе ў Азерцах, каля Глыбокага, з такім скочным рытмам, што, калі чытаеш, здаецца, самі ногі ідуць у танец:
        
Як у нас, так і ў вас,
А ўсё поле роўна:
Як і нам, так і вам
Пагуляці вольна...
        
        
26/ІV
        
        Без грошай і без хлеба. Панёс некалькі сваіх зборнікаў у кнігарню С, які неспадзявана расшчодрыўся і выплаціў мне за іх 20 злотых: 11 злотых і 75 грошаў за прынесеныя кнігі, а 8 злотых 25 грошаў – аванс на маю новую паэму. Я папярэдзіў яго, што яшчэ не так хутка закончу яе. Згадзіўся пачакаць. Што за чорт? Ну, хай пачакае. Сёння маю чым заплаціць за кватэру. З радасці ў малачарні Гайбэра, што па вуліцы Міцкевіча, выпіў кубак малака. I так – зноў за работу! С. цікавіўся лёсам маіх герояў. Не знаю, ці будзе рад, калі даведаецца з паэмы, якімі шляхамі яны пайшлі. I ўсё ж у мяне няма ніякіх магчымасцей прадоўжыць свае ўпартае прабыванне ў Вільні. А тут яшчэ ўскладніліся абставіны і дома: вярнуўся з Аргенціны дзядзька Фадзей, і бацьку цяпер будзе цяжэй памагаць мне. I так мая пісаніна для дамашніх з’явілася неспадзяванай і незразумелай катастрофай, якая яшчэ невядома чым закончыцца. Атрымаў пісьмо ад М. Васілька. С. Паўловіч паказаў мне сваё пісьмо, якое ён таксама атрымаў ад яго. Страшныя пісьмы. Можа, раней я не разумеў М. Васілька, але і ён не ўяўляе і не разумее, у якіх абставінах сягоння жыву я і ўсе нашы таварышы. Трэба будзе паказаць гэтыя пісьмы Кастусю і таварышам. Хоць зараз мы, жабракі, яму не зможам памагчы. Набліжаецца першамайскае свята. Але цяжка паверыць, што ў гэты дзень будуць ляжаць згорнутымі нашы сцягі – сцягі, якія заўсёды палымнелі над шматтысячнымі радамі дэманстрантаў колерам надзеі, барацьбы і перамогі.
        
        
27/IV
        
        Вяртаючыся з апошняга кінасеанса ў кінатэатры «Пан», дзе ў дадатак былі паказаны іспанскія танцы, я ўспомніў цудоўны балет Фелікса Парнэля «Памёр Мацюсь», а ўспомніўшы яго, прыгадаў і нашы казкі. Колькі ў іх можна было б знайсці яшчэ больш цікавых тэм для балета, оперы! Усё гэта ляжыць некранутым; а мо гэтак яго ўжо і нельга назваць: дзядзька Рыгор мне расказваў пра адкрыты рабунак нашых песень рознымі «этнографамі», якія перакладаюць іх на сваю мову і выдаюць за «крэсовы» польскі фальклор.
        Дома ўжо ўсе спалі. Ледзь дазваніўся, каб адчынілі дзверы. Сашка казаў, што нехта прыходзіў да мяне, пытаўся, калі я паеду ў Пількаўшчыну. Можа, хто з маіх землякоў?
        
        
28/ІV
        
        Сёння паэзія для мяне з’яўляецца краінай, у якую я без дазволу паліцыі і замежнага пашпарта ўцякаю адпачываць ад сумнай рэчаіснасці. Хацелася б напісаць пра вялікае каханне. Баюся толькі, што не змагу, бо і настрой не такі пагодлівы, і час не такі спрыяльны, і рэдактары не такія вальнадумныя, і цэнзура не такая рамантычная, і чытачы не такія падрыхтаваныя... Няўжо ніколі нельга будзе пісаць пра ўсё, што хацеў бы, і так, як хацеў бы?
        
        
29/ІV
        
        Задыхаемся без свайго часопіса. Напісаў верш пра Бярозу. Занясу ў архіў, бо ўсё роўна ніхто яго не надрукуе. Каля рэдакцыі «Слова» сустрэў Ш. Прыгадалі часы нашай супольнай працы. Шкада, што не захавалася ў яго мая паэма «Семнаццаць», напісаная пад уплывам Блока. Цэнзура наклала на яе сваю лапу. Помню, пасля арышту следчы ўсё дапытваўся: «А не азначае назва паэмы – гадавіны рэвалюцыі ў Расіі?»
        Ш. патаўсцеў, палысеў і, відаць, зусім адышоў ад палітыкі. Успомніў я яму пра нашу сустрэчу ў Лужках, якая яго вельмі напалохала, бо за мною тады былі разасланы паліцыяй гончыя лісты. Цяпер і самому яму смешна.
        
        
7/V
        
        Прачытаў выступленне Ю. Бэка. Ясна адно: вайна не за гарамі. Толькі наш гаспадар ды яму падобныя могуць думаць, што Гітлера ўдасца спыніць нейкімі прамовамі.
        К. прынёс мне падрадкоўнікі вершаў М. Шымеля. Ды толькі не да перакладаў мне зараз. Сяджу над сваімі вершамі. Па дзесяць раз іх перапісваю і ўсё не магу вырвацца з банальных вобразаў і стандартных уяўленняў.
        Кароткае пісьмо з Шлькаўшчыны, з тых родных, глухіх мясцін, дзе людзі і сёння жывуць, як у часы аўтаркіі. Купляюць толькі соль ды сякую-такую крамніну, а ўсё іншае – свайго вырабу.
        Пількаўшчына! Здаецца, нічога там прывабнага няма. Балоты, пералескі, буі, грэблі, валуны ды крушні... Але ўсё гэта для мяне з’яўляецца такім блізкім, ад чаго, як ад лёсу, нельга ўцячы, каб і хацеў. Вось і сягоння, прачытаўшы пісьмо ад бацькі, як заблукаўшага ў выраі жорава, мяне пацягнула дамоў.
        Усё больш пераконваюся, што па-за маімі вершамі застаецца шмат жыццёвага матэрыялу для прозы. Можа, некалі і за яе вазьмуся, каб выкарыстаць яе неабмежаваныя магчымасці.
        Пару гадзін правёў у антыкварным магазіне. Хоць ніводнай кнігі не купіў, бо не было грошаў, як у таго дзівака, які, хаваючыся ад дажджу, заўсёды забягаў у аўтамабільны магазін, прыцэньваўся, садзіўся за руль і пытаўся ў прадаўца, ці яму да твару колер машыны. Калі ж сціхаў дождж, ён, расчараваны, што не знайшоў пад свой густ машыны, выходзіў з магазіна.
        
        
22/V
        
        Праз нашага знаёмага студэнта В. Папуцэвіча Лю атрымала на пару тыдняў працу на віленскім складзе насенных траў, а разам з ёю – і я. Цяпер штодзень ходзім на вуліцу Афярную (якая назва!). Праца як для мяне не такая цяжкая, толькі вельмі пыльная. Вяртаемся дамоў чорныя, як чэрці. За тыдзень можна зарабіць 16 злотых. Для мяне гэта – цэлы капітал. Разлічыўся з гаспадыняй за кватэру і яшчэ купіў сабе новыя штаны.
        Вечарам забег да мяне I. Пасварыліся. Тыдзень таму я чытаў у музеі фрагменты «Сілаша», і ён, прававерны хадэк, не можа мне дараваць, што маладосць майго героя звязана з Масквой, з рэвалюцыяй. Уяўляю сабе, як заскуголяць усе мае крытыкі з Завальнай і Вострай Брамы, калі мне ўдасца закончыць сваю паэму. Праводзячы госця, напомніў яму, што ён апошнімі часамі парушае нашу ранейшую дамоўленасць, друкуючы ў сваім часопісе розныя антысавецкія матэрыялы.
        
        
24/V
        
        На склад, дзе я працую, прыходзіў Я. Шутовіч і рэдактар львоўскіх «Сігналаў» Курылюк, які хацеў са мною сустрэцца. Але яны не адважыліся лезці ў наша пыльнае і душнае пекла, дзе рабочыя перасыпалі, узважвалі і складвалі ў сцірты мяхі з насеннем траў. Шкада, што я позна даведаўся пра гэты візіт. Пасля работы, абмыўшыся пад пажарным кранам, мы з Лю дамовіліся пайсці вечарам у кіно.
        А ў горадзе такая гарачыня, што не знаем, як ад яе ратавацца. Апусцелі ўсе вуліцы. Толькі ля гасцініц дзяжураць дзень і ноч жанчыны з вачыма, галоднымі на спагаду.
        
        
25/V
        
        Многія з нашых бунтарных паэтаў саромеюцца прызнацца ў любві да свайго роднага кутка, да сваёй хаты, сям’і, каб не палічылі іх абмежаванымі. Сам пра сябе магу сказаць, што край майго юнацтва стаў неадлучным ценем маёй паэзіі. Калісьці ў мяне было шмат любімых паэтаў, а зараз мне цяжка назваць нават некалькі імён. Я часта знаходжу цікавыя рэчы ў людзей, здавалася б, далёкіх мне; зноў жа, у блізкіх мне знаходжу шмат рэчаў слабых, якіх перш не заўважаў. Розніца паміж тым, што бачыў раней і зараз, – досыць значная. Колькі я ўжо адкрываў на небасхіле астравоў шчасця, а потым пераконваўся, што гэта былі землі, як і наша, поўныя гора і пакут. Зараз шукаю новых форм, вобразаў, фарбаў, рытмаў і рыфмаў. Рыфмы? Я яшчэ адбіваю перад імі паклоны, хоць яны пачынаюць мне здавацца непатрэбнымі мыліцамі. Напісаў верш «На астрожнай прагулцы».
        
– Хто там спявае?
– Гэта, пан стражнік,
Спявае смяротнік
У ізалятары трыццаць чацвёртым...
– Чаго ж гэта песню спявае?
– Бо іншай ён зброі не мае...
        
        
26/V
        
        Ад М. даведаўся, што адзін з яго знаёмых атрымаў пісьмо ад Якуба Коласа, які быццам збіраецца ў Парыж і, магчыма, на пару дзён спыніцца ў Вільні ці ў Варшаве. Не знаю, наколькі ўсяму гэтаму можна верыць. З Кастусём дамовіліся, што я напішу пісьмо Якубу Коласу. Вечарам, калі ўсе паснулі, я накідаў чарнавік гэтага пісьма:
        «Дарагі дзядзька Якуб Колас!
        Да нас дайшла радасная вестка, што Вы збіраецеся наведаць сваю радзіму. Якое б гэта было шчасце для ўсіх землякоў – пабачыць Вас, пачуць Вашы словы – словы нашага народнага паэта і аднаго з перадавых будаўнікоў таго новага жыцця, за якое змагаюцца сёння мільёны людзей ва ўсім свеце.
        Цяжкія абставіны, у якіх мы працуем, шмат каго змусілі адступіць з перадавых пазіцый літаратуры ці змоўкнуць назаўсёды. Але растуць новыя сілы, складаюцца новыя песні за калючымі дратамі Бярозы, за кратамі Лукішак і іншых астрогаў і катоўняў. I гэтых песняў не заглушыць ні свістам паліцэйскіх нагаек, ні звонам кайданоў.
        Я ўжо некалькі разоў браўся за пяро, каб пра ўсё гэта Вам напісаць, але баяўся Вас непакоіць. Ды і слабая была надзея, што наш голас зможа прарвацца праз усе цэнзурныя і пагранічныя заставы і дайсці да Вас. Але сёння, калі над светам збіраюцца навальнічныя хмары і невядома якім – гаючым ці крывавым – дажджом абмываюць нашу шматпакутную зямлю, мне хочацца паслаць Вам гэта сваё пісьмо, а з ім паслаць Вам ад сябе і ад маіх сяброў сардэчныя прывітанні, шчырыя пажаданні добрага здароўя і поспехаў у Вашым вялікім і слаўным жыцці.
        За апошнія гады мы разаралі шмат межаў, і таму, прыступаючы да новай веснавой сяўбы, хочацца параіцца, спытацца ў Вас: ці добра мы сеем, ці хутка зліюцца нашы хвалі каласоў у адно бясконцае мора, калі сустрэнуцца ў братэрскім поціску нашы рукі, калі за супольным бяседным сталом зазвіняць нашы вольныя песні?»
        
        
29/V
        
        Яворскі піша ў сваім пісьме, што хоча выдаць невялікі зборнік маіх вершаў. Падчас канікул спрабуе перакласці майго «Кастуся Каліноўскага». Не знаю, ці быў калі Яворскі ў Беларусі, ці чуў калі нашу мову, але ў сваіх перакладах ён надзвычай дакладна перадае і рытм, і вобразнасць, і гучанне нашых вершаў.
        У бібліятэцы «Кола паланістаў» дастаў гадавікі «Аколіцы паэтаў» (1935–1938) і «Камэны» (1933–1938). У «Камэне» сустрэў шмат новых для мяне імёнаў польскіх, рускіх, украінскіх, чэшскіх, славацкіх. Зараз часопіс часта друкуе і творы нашых беларускіх паэтаў. З рэдакцыі «Беларускага летапісу» атрымаў на рэцэнзіраванне некалькі вершаў пачынаючых паэтаў, хоць у ацэнцы твораў я асцерагаюся ўсё мераць на свой густ і ставіць адзнаку мінус, калі сустракаюся з іншым, нават не зразумелым для мяне складам вобразаў, думак. Але болынасць вершаў, якія даюць у рэдакцыі, на вельмі нізкім узроўні.
        
        
30/V
        
        Цэлы месяц не браўся за паэму. Прачытаў Славацкага, Тувіма, Пентака, Вітвіцкага, Скузу, Бялінскага (збор твораў, падораны В. Труцькам), Шчадрына, Шэрбурга, Ластоўскага... З захапленнем прачытаў гістарычную аповесць Парнацкага «Аэцый – апошні рымлянін», напісаную цудоўнай мовай. Шукаю Ч. Цянткевіча «Чалюскін», пра якую «Кур’ер варшаўскі» змясціў вельмі прыхільную рэцэнзію.
        Адказаў на пісьмы М. Васілька і М. Машары. С. прыслаў цэлы сшытак вершаў, якія трэба будзе перадаць у рэдакцыю «Калосся». Можа, што з іх удасца надрукаваць, хоць усе гэтыя вершы цэнзура можа падвесці пад вядомыя артыкулы карнага кодэкса – 93 і 97.
        
        
1/VІ
        
        Усе пакрыўджаныя маімі сатырычнымі вершамі і эпіграфамі збіраюцца даць у друку мне водпаведзь. А сабралася гэтых пакрыўджаных добры дзесятак, і амаль усе – зубры з рознымі ганаровымі, навуковымі і духоўнымі званнямі. Вось як. Ліха на іх!
        Толькі ад часу з’яўлення майго «заганнага» твора да часу рэакцыі «абуранага чытача» звычайна мінае столькі часу, што я паспяваю стаць іншым, і мне здаецца – крытыкуюць ужо не мяне, а нейкага майго далёкага знаёмага. Але ў гэтым выпадку, калі задзяруцца, прыйдзецца яшчэ раз венікам сатыры сяго-таго адсцябаць. Праўда, ранейшыя мае сатырычныя вершы і эпіграмы былі, за рэдкім выняткам, без глыбокага філасофскага падтэксту, нагадвалі вясёлыя пустышкі, якія я нават не ўключаў у свае зборнікі. Трэба будзе змяніць свае адносіны да гэтага баявога жанру і падвучыцца ім валодаць у больш вопытных майстроў – Крапівы, Боя...
        
        
4/VІ
        
        На Завальнай нехта аклікнуў мяне: «Не пазналі?.. Ну і сустрэча!..» Я сапраўды ледзь пазнаў былога канакрада па мянушцы Гняды, з якім калісьці сядзеў у адной камеры, калі ў 1933 годзе быў арыштаваны ў Глыбокім. Ён знаў неверагодную колькасць блатных песень. Тады ён памог мне пераслаць пісьмо Лю, у якім я пісаў ёй аб сваім арышце. I хоць сам ён быў непісьменны, але ведаў на памяць усе параграфы карнага кодэкса і сярод крымінальнікаў лічыўся адвакатам. Да мяне як палітычнага ён адносіўся з нейкай пашанай і здзіўленнем. Можа, таму, што падчас допытаў нашаму брату даставалася больш, як усім іншым арыштантам. Выглядаў ён зараз куды лепш, чым тады, падчас першай нашай сустрэчы. Хваліўся, што мае сталую працу ў нейкім павятовым гарадку, ажаніўся. Але цяжка паверыць, што гэты цыганскай натуры чалавек перайшоў на аседлае жыццё.
        
        
5/VІ
        
        Пазычыў у Мілянцэвіча Хемінгуэя «Развітанне са зброяй». Відаць, нікуды не пайду, бо да вечара абяцаў прачытаць і вярнуць гэту кнігу. Кніга з першых старонак захапіла мяне сваім настроем, суровым рэалізмам і бязлітасным трагізмам герояў, праўдай без ніякіх прыкрас. Нідзе не магу дастаць Мальро «Часы пагарды». Шкада, што я да гэтага часу не прачытаў гэтай кнігі. Ад ракі, чапляючыся за вяршаліны сосен, з грымотамі плыве хмара. Ёсць надзея, што ў дождж ніхто сёння да мяне не прыйдзе. Змагу спакойна пачытаць і папрацаваць. Але перад тым, як узяцца чытаць, перапісваю ў першай рэдакцыі свой новы верш «У камісійным магазіне»:
        
– Што вы прынеслі здаць?
Шапку? Такой дзіравай не возьмем.
Пінжак? Але ж на ім – лата на лаце.
Яго і рызнік у вас не купіў бы.
А штаны – праседжаныя да дзірак.
Дзе іх пан гэтак праседзеў?
Што? На Лукішках?
Не, мы нічога не можам прыняць.
Вы прапануеце рукі?
О, Езус-Марыя!
Ну, хто купіць гэткія рукі,
Параненыя кайданамі.
        
        
7/VІ
        
        Ніяк не магу ўспомніць, у якой газеце чытаў я, што недзе каля Маладзечна ў аднаго музыканта-самавука ёсць скрыпка несмяротнага Страдзіварыуса. Музыкант атрымаў яе ў падарунак ад раненага аўстрыйскага афіцэра яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны. Як я адразу не занатаваў гэтага цікавага факта! А цяпер – шукай ветру ў полі!
        Дасталі з Кастусём некалькі нумароў парыжскай эмігранцкай газеты. Па першых нумарах цяжка было сарыентавацца, якога яна напрамку, і толькі зараз убачылі знаёмыя бела-чырвона-белыя са свастыкай вушы яе рэдактараў.
        Сённяшні дзень быў такі гарачы, што аж уначы, нагрэтыя і асветленыя сонцам, калоны кафедральнага сабора, здавалася, гарэлі свечкамі і дыхалі жарам. Дома застаў госця – старога знаёмага К., што служыў парабкам у маёнтку пана Аскеркі ў Азерцах ля Глыбокага. Зараз, пасля Лукішак, шукае працы. Доўга праседзелі мы з ім, успамінаючы нашы першыя сустрэчы ў Азерцах, калі я хаваўся ў свайго дзядзькі Лявона Банькоўскага, нашы супольныя вандроўкі ў Докшыцы, Лужкі...
        
        
8/VІ
        
        Прачытаў Пентака «Азбуку вачэй», «Зямля адплывае на захад» і «Яся Кунэфала». Надзвычай цікавы паэт. Эпіка яго, палітра яго – цяжарныя новымі адкрыццямі. Я гэта адчуваю, хоць не ўсё яшчэ ў ім для мяне зразумела.
        Быў у Д. Як заўсёды, разгаварыліся з ім аб паэзіі. Ён прачытаў і пераклаў мне некалькі цікавых вершаў Градэ, Шымеля, Бергельсона і іншых віленскіх яўрэйскіх паэтаў. Абяцаў некалі зацягнуць мяне ў клуб «Макабі» на літаратурны вечар.
        Дзядзька Рыгор падабраў пару маіх вершаў для К. Галкоўскага, які хоча на іх напісаць музыку. Я перагледзеў тэксты і папрасіў, каб ён не спяшаўся, пакуль я не зраблю іх болын пявучымі.
        Каля Лукішак сустрэў групу арыштаваных, якіх пад вартай паліцыі кудысьці пераганялі. Усе былі скутыя. Напэўна – палітычныя. Прыгадаў сваё першае вяртанне з Лукішак. Бацька ўсю дарогу маўчаў, а я, каб адвесці прыкрую гутарку аб маім сумным лёсе, аб маёй «змарнаванай» будучыні, гаварыў аб набліжэнні рэвалюцыі ў Польшчы. Не знаю, ці пераканаў я свайго старога, але сам я быў рад, што ён мне не пярэчыў і слухаў. Гэта было, здаецца, самае вялікае маё палітычнае выступленне, бо цягнулася больш за тры гадзіны, ці каля 20 кіламетраў з Мядзела да Шлькаўшчыны.
        
        
9/VІ
        
        Быў у К. Жыве ён у цеснай і цёмнай кануры. Добра, што з акна хоць весялейшы від: высокі абрывісты бераг Вілелкі, усеяны валунамі, далей – некалькі хат, за якімі – «край зубчаты бору». Ва ўсіх кутках – кнігі, газеты, часопісы, сярод якіх вельмі прыгожа і багата аформлены нумар «Аркадаў», прысвечаны слуцкім паясам. К. паказаў мне цікавую калекцыю рэпрадукцый Марка Шагала. Ён, відаць, любіць гэтага мастака: шмат цікавага расказваў мне пра яго, пра Кандзінскага, Малевіча. Паказаў некалькі работ Блёндэра, Стэрна, з якімі ён сустракаўся, калі жыў і вучыўся ў Кракаве. У сюжэтах шагалаўскіх ёсць шмат знаёмага мне з дзіцячых казак і кірмашных балаганаў. Толькі ўсё гэта перамешана з такой вакханаліяй фарбаў, якая і ў сне не прысніцца. Раней я быў вельмі скоры на канчатковыя вывады і безапеляцыйныя прысуды. Вельмі ж мне тады здавалася ўсё простым і зразумелым. Можа, некалі буду зайздросціць свайму былому «ўсязнайству». Цяпер асцярожней стараюся падыходзіць да ацэнкі, бо гісторыя літаратуры і мастацтва гаворыць, што асуджаныя часта перажывалі сваіх суддзяў і іх трыбуналы. Дамоў вяртаўся з пачуццём чалавека, які раптам разбагацеў. Ад бачаных мною карцін мастакоў я нёс з сабою нейкую дзівосную музыку, надзвычайнае спалучэнне колераў і непакой пошукаў. Мне здаецца, што патрабаваць ад мастацтва, каб яно было адбіццём толькі рэчаіснасці, – вельмі мала. Тады хопіць і фатографаў.
        На Антокалі сустрэў П. Сергіевіча. Пабываў і ў яго майстэрні. На сцяне, побач з іншымі партрэтамі, вісіць адна з яго найлепшых работ – партрэт Лю. Паказаў ён мне шмат рэпрадукцый з карцін вялікіх мастакоў Адраджэння, прывезеных ім з Рыма. Казаў, усе грошы аддаў на іх. Хацеў і апошнія штаны прадаць, каб набыць яшчэ болып гэтых скарбаў, ды на свае старыя лахі не знайшоў пакупніка.
        Пётр Сергіевіч – своеасаблівы, з ярка выражаным нацыянальным характарам, мастак. Толькі ў наш час, калі ад кожнага патрабуюцца выразныя, акрэсленыя погляды, ён можа здацца чалавекам, які слаба арыентуецца ў палітычных напрамках, класавых антаганізмах. I барацьбе. Яму ўсе здаюцца добрымі, шчырымі, самаахвярнымі, нават такія прайдзісветы, пра якіх перад сном і гаварыць не хочацца, каб не прысніліся. Адзін з іх стараецца ўгаварыць мастака напісаць карціну на нейкую сваю псеўдагістарычную тэму, другі – на рэлігійную, трэці...
        – Як ты, брацятка, думаеш?
        Я гавару, што думаю пра ўсе гэтыя прапановы. Не знаю, ці пераконваю яго, хоць ён, як вельмі далікатны гаспадар, не аспрэчвае свайго, можа, нават грубаватага ў выказваннях, госця. Але хутчэй за ўсё ён сам сваім мужыцкім інстынктам знаходзіць правільнае рашэнне. Бо, калі потым прыходжу да яго, бачу на сцяне некалькі новых партрэтаў яго браслаўскіх землякоў, на тварах якіх выразна выпісана іх класавая прыналежнасць, а ў вачах – мужыцкая ўпартасць і ўпэўненасць у сваіх сілах і вера ў лепшую будучыню.
        Вяртаўся праз Бернардынскі парк. Ноч была цёплая, але велымі росная. Здаецца, з лістоў каштанаў можна б напіцца гэтай жывой вады, ад якой устаюць стаптаныя травы, знікае стома, маладзеюць людзі і зямля.
        
        
10/VІ
        
        У паветры ўсё болын і болын пахне порахам. Чуваць, пачаліся на заходняй граніцы розныя гітлераўскія правакацыі. Ніколі, як сёлета, не прыязджала ў Заходнюю Беларусь столькі турыстаў і людзей на адпачынак з цэнтральных і іншых раёнаў Полынчы. Толькі ўрадавыя газеты маўчаць. Тым, хто мог бы ўдарыць у набат, звязалі рукі; тым, хто мог бы сваім голасам папярэдзіць аб небяспецы, закрылі рот; тыя, хто павінен быў узначаліць барацьбу супроць фашызму, абяззброены. Але баюся, што могуць спраўдзіцца ўсе мае найгоршыя прадбачанні.
        Ізноў узяўся за фальклор. Я часта вяртаюся да яго як да крыніцы, каб асвяжыць свае вусны, змыць з твару дарожны пыл. Але доўга каля гэтай крыніцы стараюся не затрымлівацца. Паэзія павінна адкрываць новае. Інакш яна перастане быць паэзіяй. А новае трэба шукаць на жыццэвых шляхах не толькі свайго, але і іншых народаў.
        У К-ра дужа цікавая бібліятэка паэзіі. Я пазычыў у яго Рэмбо, Рыльке, Валеры, Малярмэ, Лесьмана – усіх найбольш выдатных сімвалістаў.
        У Ігнацьеўскім завулку сустрэў групу арыштаваных. Наперадзе ішоў са скутымі рукамі, у сялянскай вопратцы яшчэ малады хлопец. Ён прыглядаўся да прахожых, быццам шукаў сярод іх некага знаёмага.
        
        
11/VІ
        
        Каля Звярынецкага моста, дзе калісьці размяшчаўся цырк Станеўскіх, затрымаўся абоз цыганоў. Я спыніўся на хвіліну, каб палюбавацца на надзвычайную, яркую квяцістасць хустак жанчын. Некаторыя з іх, заўважыўшы, што я прыглядаюся, падыходзілі і прапаноўвалі паваражыць. Але нашто мне варажыць, калі я і без карт ведаю наперад, што мяне чакае дарога (паеду дамоў), што хутка атрымаю пісьмо ад сваёй бубновай, зычлівай мне асобы (Лю), а потым – пасланні з казённага дома (розныя судовыя павесткі), што і сам казённы дом даўно па мне сумуе (яшчэ шэсць месяцаў мушу адсядзець за свій зборнік «На этапах) і г. д.
        Трэба будзе навесці распарадак у сваім часе. А то пасля сустрэчы з цыганамі паплёўся на вакзал, пазнаёміўся з раскладам цягнікоў, быццам мне яны маглі прывезці нейкую радасць. Так і змарнаваў увесь дзень на вандроўкі па горадзе. Прайшоў усе вуліцы, вылажаныя гладкім каменнем, потым – брукаваныя, далей – проста вуліцы, за якімі працягнулася сцяжына, якая завяла да Панарскіх узгоркаў і сосен.
        
        
12/VІ
        
        Заходзіў сваткаўскі Ёська. Як ён мяне знайшоў у Вільні? Папрасіў, каб я яму даў свае зборнікі вершаў. Мы часта калісьці з дзедам і бацькам затрымліваліся ў яго карчме, паілі каня, грэліся. Помню, заўсёды ў яго – асабліва ў святочны дзень – было шумна і людна, а ў будні – грэліся, пілі гарэлку вазакі.
        Недзе чытаў я, здаецца, у Быстрона, што даўней мужыкоў змушалі піць гарэлку, нават кожнаму падданаму вызначалі норму. Так і прывучылі народ да гэтага пякельнага зелля. Зараз у каго знойдуць самагон – караюць турмой і штрафам, а таму, хто выдасць самагоншчыка з яго апаратам, урад выплачвае значныя прэміі. Ёсель расказваў, што ў іх некаторыя малазямельныя і беспрацоўныя сяляне дамаўляюцца і выдаюць адзін аднаго, а потым папалам дзеляць узнагароду.
        У Студэнцкім саюзе ад М. атрымаў два вершы Ф. Каравацкага. Але М. абяцаў мне даслаць яшчэ некалькі песень гэтага аўтара на беларускай і польскай мовах. Адну з іх я калісьці чуў. Песня харошая і баявая. Праўда, напісана яна ў стылі «дзядоўскім», крыху нагадвае валачобную. Толькі дзе іх надрукуеш?
        Сёння К. завёў мяне ў нядаўна адкрытыя падземныя галерэі Дамініканскага касцёла, дзе мы ўбачылі горы змуміраваных трупаў. Гавораць, што ў часы шведскіх войнаў, калі эпідэмія халеры касіла жыхароў Вільні, манахі сцягвалі сюды памёршых і абкурвалі іх дымам, каб забіць гэту пошасць. Таму ўсе трупы і скляпенні падземных галерэй – чорныя. У адной з галерэй манах-праваднік паказаў нам раскрытую труну, у якой ляжаў у чырвоным аксамітным халаце нейкі магнат. Чамусьці жывот у яго накрыж разрэзаны і сшыты грубымі ніткамі. Побач – труп жанчыны з маленькім дзіцянём. Нават смерць не змагла разарваць абдымкі маці. Калі выйшлі на дзённае святло, здалося, што мы выйшлі з таго свету.
        
        
14/VІ
        
        Прыехаўшы дамоў, абавязкова запішу ўсе назвы пількаўскіх урочышчаў. Я толькі помню некаторыя: Жукову, Краснаўку, Пружанку, Свінарку, Барсукі, Махнатку, Клецішча, Вялікі Бор, Тарчышнік, Вярхі, Нявераўскае, Бель, Дуброву, Сінюху, Плёсы, Мохаўку... Балотныя астравы: Малышкін, Слабодскі, Высокі, Пашкаў. Акрамя назваў урочышчаў яшчэ засталіся ў нас і назвы шнуроў. Няма і пядзі неахрышчанай, безыменнай зямлі...
        Мне здаецца, што няма ў нас месца, дзе не было б паэзіі. Яна вакол нас, як паветра. Я яе знаходзіў і ў турэмнай адзіночцы, дзе былі толькі голыя сцены. Праўда, былі часы, калі я яе не бачыў, але гэта былі часы мае слепаты.
        Апошнія дні я начытаўся розных замежных паэтаў, і ў маіх вачах выраслі многія нашы не толькі выдатныя, але і тыя, што ходзяць у званні «сярэдніх», а ў сапраўднасці з’яўляюцца паэтамі, вартымі большай увагі.
        
        
15/VІ
        
        Пасля кожнай сустрэчы з Ш. даведваюся, што ён адкрыў новага геніяльнага пісьменніка і мастака. Я яму сказаў, што не займаюся і баюся займацца падобнымі прароцтвамі. Помню, калі пачыналі гаварыць пра нашых дамарослых прарокаў, дзядзька Фадзей смяяўся: «Усе прарокі ў мокры год вымакаюць, а ў суш высыхаюць. Не ведаю толькі, адкуль яны бяруцца зноў».
        Прачытаў зборнік «На покуці» нашага беларускага ксяндза Бакі – Янкі Быліны. Я не буду крытыкаваць аўтара, які зрабіў непасільную для яго работу, напісаўшы гэты зборнік. Мова і вобразнасць яго – вельмі прымітыўныя, будова саміх твораў нагадвае нядзельныя пропаведзі ў касцёле. Але ў байках ёсць шмат народнага гумару, а ў вершах – шчырага пачуцця.
        
        
16/VІ
        
        Калісьці, здаецца, Поль Фор выказаў думку, што паэзіяй нельга займацца, з ёй трэба нарадзіцца. Але ў нас паэзіяй займаюцца нават тыя, каго і на гарматны стрэл не трэба б да яе падпускаць.
        Наведаў сваіх літоўскіх сяброў на Антокалі. Вяртаўся ад іх увечары. Не было куды спяшацца. Я узышоў на Замкавую гару, адкуль рукой падаць да Трохкрыжовай, увянчанай арыгінальным помнікам, бачным амаль з усіх кварталаў горада. Каля магілы паўстанцаў 1863 года – група турыстаў. Пад крыжам – цярновы, зроблены з дрэва, вянок. Вячэрняя зара доўга дагарае на шпілі, званіцы кафедральнага сабора, якая, быццам узняты палец праведніка, грозіць гораду, што западае ў змрок распусты, у пякельнае полымя разнаколерных рэкламных агнёў рэстаранаў, бараў, кіно, магазінаў... На галоўнай вуліцы – Міцкевіча – конная і пешая паліцыя. Чуваць быў нейкі скандал у рэстаране «Штраль»: са студэнтамі пабіліся ваенныя. Каля магазіна спыніў мяне К. Досыць непрыемны чалавек, але патрэбны, бо толькі праз яго магу амаль рэгулярна чытаць у бібліятэцы савецкую прэсу. Угаворвае мяне ўзяцца за гістарычную тэму. А ва мне сядзіць нейкі чорт, які, калі нехта нешта раіць, штурхае ўсё рабіць наадварот. Пачаў мне хваліць анемічныя вершы А. Бартуля. Паспрачаліся. Я спытаў у К., ці чытаў ён паэтаў, творы якіх, на вялікі жаль, друкуюцца толькі ў розных абвінаваўчых актах. Не. А шкада!
        
        
17/VІ
        
        Цэлымі днямі працую над новымі вершамі, раблю нарыхтоўкі, розныя нататкі, якія некалі прыдадуцца. Стараюся сарыентавацца ў джунглях розных сучасных напрамкаў і школ. Як няверны Фама, хачу да ўсяго дакрануцца сваімі рукамі, каб знаць, што чаго варта. У нас часта гаворыцца аб вернасці традыцыям. Сапраўднай традыцыяй павінен быць бунт супроць усяго, што аджыло свой век, бунт супроць розных схем, а не наследаванне адкрыццям мінулага.
        
        
18/VІ
        
        Запісаў залатыя радкі з народнай песні:
        
З’ездзіў коніка гарцуючы,
Стаптаў боцікі танцуючы,
Сцёр шапачку кланяючыся,
Змачыў хустачку ўціраючыся.
        
        А запісаў я гэта ад музыкі, калі апошні раз гасціў у свайго задубенскага дзядзькі Ігнася. Музыка вяртаўся з нейкага вяселля і, збіўшыся з дарогі, зайшоў на хутар. Дзядзька вывеў яго на гасцінец і паказаў, куды ісці. Доўга ў вячэрняй цішыні чуўся захмялелы спеў музыкі і рып яго гармоніка.
        На рынку гаварылі дзве жанчыны пра некага, што ён жыве, як у раі. Цікавая тэма для сатырычнага верша: «Направа ад раю». Трэба будзе падумаць аб ёй, а пакуль запішу яшчэ адну тэму, якая даўно мяне непакоіць. Калі багі раздавалі ўсім людзям таленты, апошняму дастаўся толькі смех, на які ніхто не звяртаў увагі. Толькі потым з жахам схамянуліся багі, што чалавек, узброены смехам, можа аказацца дужэйшым за іх...
        
        
19/VІ
        
        Заходзіў паліцыянт праверыць, ці дома я, ці не ўцёк куды. Убачыўшы ў дамавой (мальдунковай) кнізе, што я з Мядзельскай гміны, пачаў пералічваць знаёмыя вёскі, засценкі, маёнткі, у якіх ён быў, калі служыў у Крывічах.
        – Не пашанцавала, – казаў. – Пасля нападу ў 1922 годзе партызан на пастарунак панізілі ў чыне і перавялі ў Вільню.
        – Цяпер у вас, напэўна, менш работы? – запытаўся я ў яго. – Газеты пішуць, што кампартыя распушчана...
        – Гэта я ведаю, але камуністы астаюцца камуністамі – вось бяда, – адказаў ён і паспяшаў развітацца.
        Узяўся за недакончаныя вершы, хоць адчуваю, што за плячыма стаіць непажаданы чытач і сочыць за кожным маім словам. Таму і дзённік мой падобны да нейкага схову, з якога толькі я, калі не забуду, змагу некалі дастаць прыхаванае ад ліхіх вачэй і рук.
        
        
21/VІ
        
        Цяжка расці сярод людзей, у якіх няма чаму павучыцца, сярод людзей, якія не могуць выбрацца са сваёй заходнебеларускай засцянковасці. У кнігарні на Вастрабрамскай сустрэў некалькі дзеячаў, з якімі паспрачаўся. Папракаюць нас, маладзейшых, у адсутнасці належнай пашаны да старэйшых, да таго, што яны зрабілі, і г. д. і г. д.
        I ў той жа час баліць сэрца, гледзячы, як мы, у лапцях, бяжым, задыхаючыся, каб дагнаць суседзяў. А пакуль што на шырокім свеце пра нас амаль нічога не чуваць.
        Забег у Студэнцкі саюз перагледзець газеты і перачакаць навальніцу. Падышла К., якая быццам цікавіцца беларускай паэзіяй.
        – Што вас натхніла пісаць вершы? Каханне?
        – Перш – цікавасць, а потым – злосць на неверагодную колькасць дрэнных вершаў у нас.
        
        
22/VІ
        
        Сёння прыйшла больш дакладная вестка аб смерці Трахіма. Не веру, што ён мог пакончыць самагубствам. Ён, як жывы, стаіць перад маімі вачыма. Бачу яго, здаецца, у папяросным дыме (любіў шмат курыць), у цьмяным святле настольнай лямпы на Партовай, 9, у невялічкім пакойчыку Ніны Тарас і Зіны Еўтухоўскай, у якіх мы часта з ім сустракаліся, або на Сняговай, у Лю, куды ён заўсёды прыходзіў у змроку ночы, што зараз апусцілася над ім назаўсёды. Цяжка знайсці вінаватага ў яго арышце і смерці. Маглі за ім прасачыць, але я болын схільны думаць, што на яго след навялі тыя, з кім ён вёў перагаворы па лініі арганізацыі Народнага фронту. Сярод іх былі людзі, варожа настроеныя да нас і ад якіх усяго можна было дачакацца.
        
        
23/VI
        
        Толькі што закончыў новую частку «Сілаша».
        
Пяюць і пяюць акрутні, палазы на марозе.
Над Лугам Зялёным – прозалаць дня.
Чырвоныя, сінія інею іскры маросяць,
Воўчым следам брыдзе на палях цішыня.
У вуліцы, на цёмных высокіх калках-верацёнах
Вецер снежнага кужалю туга павіў.
Дзе-нідзе чарнее гной на дарозе і гоніць
Сівер каліва сена – балотнай травы.
Льецца з вадой ля калодзежаў говар і стыне.
– А, здароў!.. На вяселле прыехаў дамоў?..
Сілаш плюшчыць вочы ад сонца, ад словаў Юстына
I ад яснай усмешкі ў ашчэры зубоў.
У хаце шумяць, як у подзе сялянскія жорны.
З бэлек капае зелень хваёвая ў дым.
Эх, белы прастор! Вераб’іны ты дзень навагодні!
Эх, аб чым, скрыпачы, граеце маладым?..
Чарадзеем сёння музыкант:
Быццам сонца выпіўшы, смяецца,
На цымбалы ападзе рука –
I заменіць струны ў белым вецер.
I шуміць той вецер каля ног,
Высака мяцелячы спадніцы,
Аж пакуль падлога і парог
Звонкім полымем не загарыцца.
А дыхне ад хмелю гарачэй, –
Адзавецца песняй зруб сасновы,
Васількі пасыплюцца з вачэй.
З-пад хусцін узорных, паркалёвых.
У прыўне цішэй. Сказы рвуцца, як ніткі, і чутна,
Як пра дальнія весткі гаворыць Сілаш.
Ужо сывараткай змрок цэдзіцца мутна
Праз аконныя шыбы. – Што ж добрага ў вас?..
I хлынуў праз вусны засмяглыя жаль перажыты,
Чырвань з ранаў, якіх не заціснеш рукой;
Устала жыццё з ніў, зімы малачаем прыкрытых,
Зашумела сівой галаўнёй, гавылой.
Падпёршы вушак, маладзіцы ў кутку гаварылі.
Перабралі пасажную скрыню, сватоў.
– Дыван адзін новы, – ўздыхнула салдатка Марыля, –
Сама бачыла, ў восем ці ў дзесяць нітоў,
I зрэб’я труба... Потым пелі і зноў уздыхалі,
Што на полкі няма тонкага палатна,
Што Зосю без даўніх варожбаў вялі, спатыкалі
I што плакала трохі замала яна.
За печ нехта лез ў кажуху скамарохам кудлатым.
Піск дзяўчат, шум, раскацісты смех за сталом;
Расставіўшы полы, з услона, на цэлую хату
Галасіста пяяў Пераброд петухом.
Адгарнуў чупрыну музыкант
З полымем вячэрняга загару
I лязом сярэбраным смыка
Перавёў па струнах, гулка ўдарыў.
Гарманіст гармонік расцягнуў,
I зайграў ён Нёманам бруістым
Пра юнацтва, маладосць-вясну,
Пра шляхі-дарогі ў полі чыстым.
I напеў той вырваўся з сяней,
Залунаў, акрылены, над Логам,
Дзе ярчэй у змроку і ярчэй
Расцвітала Млечная Дарога.
Агарак лучыны дыміць пахам бору – жывіцай,
Быццам ноч развіваецца дымам з матка.
У чалесніку тлее вуголле Мядзведзіцай, Сітцам;
Льецца месяц з кужэльных махроў ручніка.
Паўзе па іконе прусак ці мо іншая мошка.
Святы зморшчыўся, быццам сабраўся чхаць,
Ды страх разбудзіць тых, што дрэмлюць на ложках,
На падлозе і на лавах, змарыўшыся, покатам спяць.
Маўчыць цудатворац. За посцілкай чуецца голас:
– Не храпі так, Сымон, а то нельга заснуць.
Казала, не пі... ды прачніся... З каленяў голых,
Чуеш, коўдру сцягнуў... – Ціха ў цёмную муць
Словы падаюць: – Эх, баба!.. Ну, што табе трэба?..
Засынаючы, зноў храпе глуха Сымон.
А потым на вочы, здаецца, спусцілася неба,
I Сілаш не пачуў, як абняў яго сон.
Прыснілася: ляціць стада дзікае качак,
Дзед Сцяпан папраўляе вясеннюю снасць.
Нясе вецер з поля журботнае водгулле – плача
Расой слёз незасеяная цаліна...
Збудзіўся...
За посцілкай чуюцца ціхія ўсхліпы.
Зосі плач нейкім страхам праймае яго.
Мо выйсці?..
Завесы дзвярэй адклікаюцца скрыпам.
Рэдка ў шыбах замёрзлых міргае агонь.
Другі канец хаты вяселлем яшчэ ўсё буяніць.
На дварышчы мінуў Сілаш коней, вазкі.
Ляжыць у адным Пераброд, абымаючы сані,
Спіць асаднік расхрыстаны. А з-за ракі,
Світаючы, снежныя стужкі нясе вецер полем –
I прыемна іх шолах кладзецца ля ног.
Вобраз Марты чамусьці ўстае ў гэтым снежным
прыволлі.
Тут не гэта заносіць мяцельная ноч...
Далёка ўздымаецца, пунсавеючы, золак,
Плыве на пагорку круты перакат.
Тады Сілаш бачыць ля жэрдзяў гнілых
частакола
Яшчэ не замецены след адзінокі шашка.
        
        
27/VІ
        
        Чакаю, як ля мора пагоды, лепшых дзён. Прызнацца, гэта крыху абнадзейвае. I чытаю. Чытаю розных аптымістаў і пранізаных песімізмам і катастрафізмам жагарыстаў. Баюся, што апошнія могуць аказацца болынымі правідцамі будучыні, бо толькі сляпыя не бачаць набліжэння навальніцы. А што да напрамкаў у сучаснай літаратуры, дык зараз, бадай, няма нейкага аднаго універсальнага напрамку, які падабаўся б усім. Можа, гэта – часовая з’ява?
        
        
28/VІ
        
        Надышлі так званыя «Дні мора». У гэты час на чыгунцы прадаюць зусім танныя білеты ў Гдыню, з чаго вырашыў пакарыстаць і я. Кошт майго падарожжа ўзялося аплаціць Варшаўскае Беларускае культурнае таварыства, з той умовай, што я ў іх спынюся на некалькі дзён і выступлю на літаратурных вечарах. Неспадзявана ў вагоне сустрэў свайго друга Ёнаса Каросаса. Нам нават удалося размясціцца ў адным купэ. Не адрываючыся ад акна, я з цікавасцю глядзеў на незнаёмыя мне краявіды цэнтральнай Полынчы, Памор’я. На світанні, калі цягнік наблізіўся да граніцы «вольнага горада Гданьска», кандуктар, асцерагаючыся розных эксцэсаў са стараны гітлераўцаў, папярэдзіў пасажыраў, каб не адчынялі вокны. I так мы праехалі па замініраванай тэрыторыі, па зямлі, дзе ўжо тлее вогнішча вайны. Ніхто не вымавіў уголас гэтага страшнага слова, але яго смяротны подых адчуваўся і ў нашым маўчанні.
        Цягнік памалу прайшоў нейкім змрочным каньёнам. На перакінутым цераз чыгуначнае палатно мосце я ўпершыню ўбачыў двух фашыстаў са свастыкай на рукавах. Дык вось яны – сучасныя інквізітары, якія пад гул маршаў «Ногзі; уеве1» і «ВеігкзсЫапіісі» палілі несмяротныя творы чалавечага розуму і якія ператварылі Нямеччыну ў велізарны канцлагер. А там, дзе паляць кнігі, – калісьці перасцерагаў Гейнэ, – урэшце паляць і людзей...
        Аж усе лягчэй уздыхнулі, калі Гданьск астаўся за намі і мы ўбачылі мора. На рэйдзе стаялі грузавыя, пасажырскія і ваенныя караблі. Наш цягнік спыніўся на гданьскім вакзале, мы ўсе высыпалі з вагонаў на перон.
        Я ўпершыню бачыў такія светлыя, шырокія, толькі што збудаваныя новымі гмахамі вуліцы. Гдыня, як вядома, была самым маладым партовым горадам Польшчы, пабудаваным за апошнія 10–15 год на месцы невялічкага рыбацкага пасёлка. I, можа, таму ўсе гэтыя новыя дамы, партовыя краны і мачты караблёў мне здаліся дэкарацыямі да нейкага спектакля, у якім і мы ўдзельнічаем, хоць не знаем ні сваіх роляў, ні таго, чым ён закончыцца. Прызнацца, хоць я ўпершыню бачыў мора, але столькі разоў і мае папярэднікі, і мае сучаснікі, і я рыфмавалі яго ў сваіх вершах, што яно не зрабіла на мяне такога ўражання, як я спадзяваўся. Можа, яшчэ і таму, што ўсе мы часта яго малявалі бурным, грозным, а сёння яно было прыгожае, спакойнае, а хвалі на ім былі не большыя, чым на маёй Нарачы.
        Наш экскурсавод – вельмі падобны да коміка Макса Ліндэра і такі ж, як той, без меры шчодры на жарты – пачаў збіраць нашу турысцкую групу, каб паказаць Гдыню і порт. Шум. Гам. Я пакінуў усіх і адзін пайшоў блукаць па горадзе, у якім нельга заблудзіцца, бо адусюль відаць мора і мачты караблёў, а вуліцы ўсе – шырокія і простыя і не такія блытаныя, як у Вільні.
        
        
29/VІ
        
        Учора позна вярнуліся на начлег у свае вагоны. Вярнуліся, змораныя чайкамі, сонцам, ветразямі, шумам Балтыкі. Найболынае ўражанне пакінуў паўвостраў Гэль, які падобны да жоўтага, распаленага ў сонцы нажа. Нехта аж па дзяржанне ўбіў яго ў грудзі мора, і мо таму яно стогне і днём і ноччу. У пошуках бурштыну мы далёка прайшлі па лязе гэтага нажа, то хаваючыся ў засень пагнутых штормамі сосен, то акунаючыся ў асвяжаючую кіпень хваль.
        Чамусьці зусім не хацелася спаць. Гутарка зайшла аб творчасці У. Уітмена, потым аб нацыянальным характары. Дарэчы, здаецца, ніхто ў нас гэтым пытаннем не займаўся. Самі мы сябе захвальвалі аж да ташнаты, а чужыя людзі часта няслушна і абразліва чарнілі нас. А характар кожнага народа складаецца не толькі з сумы адных станоўчых рысаў, але і з адмоўных. I, напэўна, ёсць шмат супольных рысаў у характары розных народаў, асабліва – блізкіх. Але ёсць у нас адна «свая» неад’емная рыса, якой, здаецца, ні ў кога з нашых суседзяў не сустрэнеш і якая склалася ў выніку розных гістарычных працэсаў, гэта – абыякавасць да сваёй мовы і культуры...
        Перад сном яшчэ паспеў прагледзець газеты. Гучныя і пустыя словы: прапаганда сілы «мацарствовасці» (вялікадзяржаўнасці), непераможнасці. На каго ўсё гэта разлічана? Праўда, гэта прапаганда нічым не падмацаванага аптымізму некаторых так засляпіла, што яны перасталі бачыць горкую і трывожную рэчаіснасць.
        Ноччу наш вагон кудысьці перагналі на іншую каляю. Доўга з ражком стрэлачніка пераклікаўся манеўровы паравоз. Потым усё сціхла: толькі відаць было, як у начным небе кагосьці шукаў пражэктар.
        
        
30/VІ
        
        I так, я апынуўся на радзіме кашубаў. Праўда, у Гдыні не так лёгка сустрэць гэтых спрадвечных гаспадароў Памор’я, якіх бязлітасна вынішчалі крыжакі і германізавалі прускія юнкеры. Ды і зараз да іх адносяцца, як да нейкіх дзівакоў, што трымаюцца сваіх звычаяў і нават выдаюць газету на сваёй «гвары», на мове шорсткай, як прыбярэжны жвір, з адгалоскамі хваль, што вымываюць бурштын, на мове шумнай, як гэты вецер, што свішча ў рыбацкіх сетках і прыземістых соснах. З Каменнай гары – незабыўны від на Гданьскі заліў. Ля пірса высіцца грамада пасажырскага карабля «Шлсудскі». На беразе зачарпнуў жменяй марской вады. Яна мне здалася толькі злёгку салёнай. Хвалі гайдалі некалькі медуз. Нізка кружылі чайкі. Я папрасіў фатографа зняць нас з Ё. Каросасам. Мы і не агледзеліся, як ён шчоўкнуў сваім апаратам і ўручыў мне сваю візітную картку (Гдыня, Агенцтва фатографаў-аматараў. Тэлефон 35–34), сказаўшы: «Пасля паўдня зможаце атрымаць свае здымкі».
        Пацягнуўся на рынак, дзе высіліся цэлыя горы шчупакоў, вугроў, ляшчоў, нейкіх цёсаў, цэршаў, флёндраў, доршаў, макрэляў... Я пачаў запісваць назвы рыб, а потым кінуў – усё роўна ўсіх не пералічыў бы.
        А на рынку, як і ў нас, адчуваецца недахоп сярэбранай дробязі. Ці не пачалі яе толькі ўсе збіраць, бо, у выпадку вайны, папяровыя грошы ў першую чаргу губляюць сваю вартасць.
        
        
1/VІІ
        
        Раніцай прыехаў у Варшаву. Горад яшчэ спаў. Толькі адны дворнікі замяталі вуліцы, узнімаючы хмары пылу. На вакзале мяне сустрэў Г., з якім мы пайшлі на яго кватэру. Жыў ён у шматпавярховай камяніцы, у цесным і змрочным невялічкім халасцяцкім пакойчыку, заваленым кнігамі, газетамі. Адно акно і тое ўпіралася ў нейкую брудную, заплеснелую сцяну. Пасля снядання Г. пазнаёміў мяне з праграмай маіх сустрэч, і мы пайшлі яе рэалізаваць. Дні майго прабывання ў Варшаве, відаць, шчыльна будуць запоўнены рознымі сустрэчамі, а мне яшчэ хацелася б наведаць маіх літоўскіх сяброў – А. Жукаўскаса і I. Кекштаса, якія тут недзе вучацца, і абавязкова пабачыцца з Войцехам Скузам – ініцыятарам арганізацыі сялянскіх пісьменнікаў Польшчы. Гэтымі днямі я прачытаў яго цікавы зборнік вершаў «Фарнале» («Возчыкі», ці «Фурманы»), дзе быў змешчаны і яго ўступ-маніфест:
        «...Мяшчанства, пафутурыстычнае ўскладненне рыфмаў і метафар, мусіць адступіць перад беспасрэднасцю простага слова, як мусяць адступіць штучныя контуры, мёртвыя майстэрні вершапробаў, адмерваючых кожнае сваё слова параграфамі, бяздумнымі правіламі, перад абліччам песні народнай на вуліцы ў часы, калі ўздымаюцца барыкады...».
        Не ўсё яшчэ мне зразумела ў гэтай «праграме», але я адчуваю, што гутарка ідзе аб рэвалюцыйнай літаратуры. А гэта – галоўнае. Вярнуўшыся дамоў, перакладу некаторыя яго вершы. Мне здаецца, радаслоўная сялянскай паэзіі Войцеха Скузы ідзе ад геніяльнага «Слова пра Якуба Шэлю» Б. Ясенскага.
        На рагу Мазавецкай і Траўгута купіў «Работніка», каб крыху пазнаёміцца з падзеямі апошніх дзён.
        
        
2/VІІ
        
        Бясконцыя вандроўкі па Варшаве. Прызнацца, упершыню нікога не асцерагаючыся, я хаджу па гэтым горадзе. Нават няма калі прысесці і занатаваць свае ўражанні. На вечары ў «Асветным таварыстве беларусаў у Варшаве» (на вул. Свентакшыскай, 9-18) сустрэўся з некаторымі сваімі старымі таварышамі – студэнтамі і рабочымі. Падарылі мне букет кветак і новы партфель, у якім я паабяцаў ім да наступнай сустрэчы прывезці новыя творы. На вечары сярод прысутных было шмат нейкіх незнаёмых людзей, сярод якіх, напэўна, былі і такія, якія прыйшлі не толькі паслухаць мае вершы. Таму ў гутарцы з імі я стараўся не выходзіць за межы спраў літаратурных.
        
        
3/VІІ
        
        Калі сёння ішоў выступаць у Саюз польскіх пісьменнікаў (в. Перацкага, д. 16, кв. 8), прызнацца, хваляваўся больш, як заўсёды, бо не знаў, як там сустрэнуць і хто будзе прысутнічаць. Тое, што я знаў пра гэты саюз, не магло мяне асабліва радаваць. На чале арганізацыі стаялі людзі з яўнымі прафашысцкімі сімпатыямі, блізкія да ўрадавых кругоў, і беларускі паэт для іх быў, напэўна, нейкай «крэсавай» экзатычнай з’явай, чалавекам, які цудам уцалеў пасля столькіх год гаспадарання іх – паланізацыі і пацыфікацыі Заходняй Беларусі. Вечар павінен быў пачацца ў 17 г. 30 м. Прыйшоў я крыху раней. Сустрэў мяне прэзэс пан Гётэль – чалавек сярэдняга росту, з выглядам сытага купчыка, у якога інтэрас дае добры даход. Пазнаёміў ён мяне з прысутнымі польскімі пісьменнікамі. Чытаць я пачаў вершы, перакладзеныя на польскую мову (Яворскім, Путрамантам), а потым чытаў на сваёй роднай мове. Не знаю, ці разумелі мае слухачы тое, што я чытаў па-беларуску, бо нехта ў перапынку пытаўся ў мяне: «Што такое – «не варта тужыць»?» I калі я растлумачыў, Мальхіор Ваньковіч, які вырас на Беларусі (на Случчыне) і добра знаў нашу мову, дадаў жартам: «Калега правільна зразумеў – «не варта тужыць» як «не варта тут жыць». На вечар чагосьці прыцягнуўся і вядомы ўкраінскі нацыяналіст – паэт Е. Маланюк, прынёс мне свой зборнік «Персцень Палікрата». Тут жа я сустрэўся з вельмі цікавым паэтам і сціплым чалавекам К. Вайнтраўбам. Ён мне падарыў свае два зборнікі вершаў: «Варожы час» і «Спроба вяртання». Гётэль пацікавіўся (не знаю, ад каго ён даведаўся), за што быў канфіскаваны мой першы зборнік «На этапах», распытваў пра беларускіх пісьменнікаў, якія працуюць у Вільні, якія ў нас выдаюцца газеты і часопісы. Гутарка ў мяне з ім не клеілася, і я дужа быў удзячны М. Ваньковічу, калі той запрасіў мяне і яшчэ некалькі чалавек да сябе на абед.
        Ноччу доўга не мог заснуць. Пачаў чытаць падораную мне М. Ваньковічам кнігу яго «Шчанячыя гады» – пра сваё маленства. Мне здаецца, што –зараз у Польшчы адчуваюць сантымент да нашай мовы, культуры. Але ад гэтага да сапраўднай зацікаўленасці беларускім пытаннем – яшчэ вельмі і вельмі далёка.
        
        
4/VІІ
        
        У чайной на Маршалкоўскай я сустрэўся з Я. Урбановічам і А. Шыдлоўскім. Запрашалі, каб я прыехаў да іх у Атвоцк, але я адмовіўся, бо яшчэ было ў мяне некалькі запланаваных сустрэч з пісьменнікамі, ды і не хацелася надаўжэй затрымлівацца ў Варшаве. Урбановіч вельмі шкадаваў, што я не магу пазнаёміцца з яго атвоцкімі сябрамі – рабочымі і студэнтамі, якія не мелі магчымасці прыехаць на мой літаратурны вечар. Казаў, што беларускія рабочыя ў Варшаве збіраюцца выдаваць сваю газету, і запытаўся, ці не згадзіўся б я быць яе літаратурным рэдактарам. Я пацікавіўся, хто будзе фінансаваць гэты орган. Урбановіч нічога канкрэтнага не змог адказаць. Спробу выдання газеты толькі за грамадскія складкі, без падтрымкі нейкай масавай арганізацыі я лічыў справай не толькі цяжкай, але і безнадзейнай. Што да майго ўдзелу ў газеце, дык мне хацелася параіцца з некаторымі маімі варшаўскімі сябрамі, і асабліва – з Кастусём (Міронам Емяльянавічам Крыштафовічам). Урбановіч нават абяцаў, калі я перабяруся ў Варшаву, падшукаць нейкую для мяне працу, каб я мог тут жыць. Прызнацца, ідэя гэта мне падабалася, бо ўжо надакучыла сядзець і нечага чакаць. Адзін час я нават збіраўся паехаць у Хожаў, дзе, як пісала Лю, яе швагер Л. Блятон можа памагчы мне знайсці працу на разборцы старых фабрычных каміноў. А потым я думаў падацца ў Чэхаславакію ці ў Літву, дзе пастараўся б паступіць ва універсітэт. З гэтых краін не так цяжка можна было б зноў вярнуцца ў Заходнюю Беларусь. За нелегальны пераход давалі ўсяго некалькі месяцаў турмы. Можна было б, папярэдне дамовіўшыся з таварышамі, паспрабаваць ажыццявіць гэты план, але я яго ўсё адкладваў і адкладваў. Як і ўсе мае таварышы, чакаў змен. I чым даўжэй зацягвалася гэта чаканне, я з большай упартасцю стаяў на сваім – можа, зусім нікому не патрэбным – пасту: вёў перапіску з былымі карэспандэнтамі і супрацоўнікамі «Нашай волі», «Беларускай старонкі», газеты «Папросту», паэтамі, якія згуртаваліся каля «Беларускага летапісу» і «Калоссяў»... Вечарам быў у Вайнтраўба. Яго дужа сімпатычная жонка – пані Ёанна – пачаставала мяне пончыкамі і чаем. Гасцінныя гаспадары запрашалі, калі буду ў Варшаве, заходзіць да іх. Развітваючыся, я паабяцаў прыслаць ім свае зборнікі, а Вайнтраўб – дамовіцца са знаёмымі рэдактарамі, каб яны рэгулярна высылалі свае газеты і часопісы. Калі я выйшаў ад Вайнтраўба, Маршалкоўская ўжо ззяла ўсімі сваімі разнаколернымі агнямі вітрын і рэклам. Зараз Варшава мне здалася вельмі прыгожай, хоць нейкая трывога і адчувалася ў яе шумным і бурлівым жыцці. На сценах дамоў віднеліся велізарныя плакаты. Я думаў, што гэта – рэклама новага фільма, але, прыгледзеўшыся, на адным з іх убачыў партрэт маршала Рыдза-Сміглага і аршыннымі літарамі напісаныя яго словы: «Не толькі вопраткі, але і гузіка ад яе нікому не аддадзім», а на другім: «Маршал, вядзі нас наперад!..». Куды вядзі? Супроць каго? Відаць, крутая заварваецца каша. Трэба хутчэй вяртацца дамоў. Да адыходу цягніка было яшчэ некалькі гадзін. Г. паказаў мне велізарны гмах варшаўскай палітэхнікі, калісьці пабудаваны архітэктарам С. Шылерам за складкі варшаўскіх мяшчан, якія збіраліся гойна сустрэць цара, ды той пабаяўся прыехаць. Гэты будынак даўно ўжо стаў гістарычным. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у ім было шмат бурлівых студэнцкіх мітынгаў, рэвалюцыйных выступленняў. Мае варшаўскія старыя і новыя знаёмыя абяцалі прыйсці на вакзал праводзіць. Не люблю я самой працэдуры нудных развітанняў, і наогул ніякіх развітанняў. Дужа шкадую, што мне не ўдалося пасля літаратурнага вечара, на якім быў Міхал Забэйда-Суміцкі, наведаць яго. Мы ўсё з ім сустракаемся на скрыжаваннях, і ні разу нам не ўдаецца пагаварыць у спакойных дамашніх абставінах, пагаварыць аб літаратуры, аб мастацтве.
        А цяпер, калі на кожным кроку вісяць плакаты, якія заклікаюць да абароны, гатоўнасці змагацца, а гэта значыць, што небяспека вайны зусім наблізілася да нас, хто знае, калі зноў сыдуцца нашы крутыя шляхі-дарогі.
        
        
5/VІІ
        
Іржа Іржавіч Эсэрман
Калісьці атрымаў ад бацькі
У спадчыну чырвоны бант
Са светапоглядам лайдацкім.
 
Ёсць хлеб, соль, грошыкі ў яго,
Дыплом акадэмічны мае...
Але – для крытыка майго –
Яшчэ шмат клёпак не хапае.
        
        Усё часцей пачынаю ўцякаць у краіну Іроніі – уцякаць ад розных няпрошаных гасцей, затхлага паветра і банальнасці. Прыехаў па сваіх справах мой зямляк Н., пра якога суседзі калісьці гаварылі: вельмі любіць на сенажаці закасіць за чужую мяжу, на полі – зажаць, на базары – вытаргаваць, у карчме – выпіць і накурыцца за чые-небудзь грошы, а ў папа – за гнілыя яйкі атрымаць адпушчэнне грахоў. На Цмэнтарнай сустрэўся з Насцяй Стэфановіч. У 1932 годзе яна болып за два месяцы мяне хавала ад розных лягавых. Мужа яе, шаўца, дома не засталі. А шкада. Я ўсё не трачу надзеі пры дапамозе сяброў падшукаць нейкую працу Кастусю. Сёння расказаў яму пра свае варшаўскія сустрэчы, уражанні, а ён – пра свае невясёлыя прыгоды. Галадае. Добра, што Лю паклікала на абед, і яе маці чым мела пачаставала нас. I ўсё ж, не зважаючы на нягоды, Кастусь трымаецца, як салдат на сваім пасту, хоць, можа, тыя, што яго паставілі, даўно забыліся на гэты ўчастак фронту. I ён сам гэта знае. I ўсё роўна не падае духам. Я з захапленнем гляджу на яго і ўспамінаю баладу Мікалая Ціханава пра цвікі.
        
        
6/VІІ
        
        У рукапісны фонд Беларускага музея занёс чарговую порцыю грыпсаў – астрожных вершаў. Трэба будзе параіцца з Кастусём, што з імі рабіць. Малая ўцеха, што, выратаваныя з астрога, яны будуць ляжаць, як забальзаміраваныя, у музеі. Шукаю чэрвеньскага нумара «Літаратуры і мастацтва». Чуў ад Я. Шутовіча, што там надрукаваны дасціпны артыкул – памфлет Міхася Лынькова «Пра некаторых Угрум-Бурчэевых, ці Прыгоды аднаго Лінгвіста».
        Легенда нашага часу: быццам Марконі пакончыў жыццё самагубствам, каб толькі не аддаць Мусаліні адкрытыя ім праменні смерці.
        Зноў атрымаў даўжэзны ліст ад X. Эпісталаманія яго стала хранічнай хваробай. Калісьці раіў яму, каб ён пісаў толькі пра справы сур’ёзныя, а пра іншыя будзе час пагаварыць і на тым свеце.
        Амаль паўдня правёў у Бернардынскім парку. Чакаючы Кастуся, я прымасціўся на лаўцы, каля нейкага тоўстага і круглага, як порхаўка, клерыка, які сядзеў, заглыбіўшыся ў свой брэвяж. I я пачаў быў разглядаць апошні нумар «Сігналаў», час ад часу паглядаючы на алею, дзе гуляла грамада дзяцей і праплывалі цені аблокаў. Яны былі цяжкія, шэрыя, падобныя да ваенных караблёў, што нядаўна бачыў на гданьскім рэйдзе.
        Сёння доўга гаварылі з Кастусём аб нашай будучай працы. Прыйшлі чуткі з Францыі, што партыя зноў будзе адноўлена. Але колькі ўжо было падобных чутак! Начытаўшыся Гейнэ і Віткацага, узяўся за сатырычныя вершы. Сатыра часам памагае больш ясна бачыць сваю мелізну, апошнія станцыі аджыўшых свой век літаратурных напрамкаў.
        Усё болын пераконваюся, што паэма мая распадаецца на часткі, якія мне не хочацца і нітаваць. Я нават не перажываю сваю няўдачу. Паасобныя лірычныя адступленні трэба будзе зрабіць вершамі. Анахранізмам вее ад паэтаў, у якіх толькі зарыфмованыя падзеі. Ламаю галаву: якой павінна быць новая эпіка? Ды і ў лірыцы сучаснай адбываюцца нейкія тэктанічныя зрухі. Я іх яшчэ не магу акрэсліць, хоць і адчуваю, улаўліваю ў творчасці некаторых сучасных паэтаў. Відаць, у літаратуры не апошнімі былі канфлікты і баталіі паміж класікамі і рамантыкамі, рамантыкамі і пазітывістамі... Ды, відаць, не канфліктаў, не спаборніцтва трэба баяцца, а адсутнасці іх.
        Атрымаў падрадкоўнікі двух вершаў Д. Пампуціса. За апошнія гады крыху лепш пазнаёміўся з літоўскай паэзіяй. Самае цікавае тое, што ў нашых суседзяў пачала тут развівацца і проза (А. Жукаўскас, I. Радзюліс, П. Свірга, В. Русакайтэ), чаго нельга сказаць пра нас. Цікавы артыкул пра літоўскую літаратуру быў у «Сігналах» (15/ІП 1939 г.) Ёнаса Дагыса (Каросаса). Калі развіццё паэзіі – характэрная з’ява для ўсіх маладых літаратур, дык нешта вельмі доўга цягнецца наша маладосць. Ніяк не можам пасталець. А пара.
        Ад украінскіх сяброў прынёс два тамы М. Чарэмшына і некалькі сшыткаў «Гісторыі ўкраінскай культуры», якая, здаецца, пачала выходзіць у 1936 г. Курылюк піша, што хутка выйдзе анталогія ўкраінскай паэзіі «50 з гэтай і той стараны Збруча».
        Сёння наш гаспадар пан К. Шаф’янскі, прыйшоўшы са сваёй установы, расказваў, што іх інструктавалі, як захоўвацца ў часе паветранай атакі: трэба на агародах, на скверах капаць акопы, папяровымі стужкамі заклейваць вокны, падрыхтаваць вёдры з пяском і вадой, бусакі, драбіны для тушэння пажараў. Слабы гэты ратунак пры сучаснай тэхніцы знішчэння, калі вал артылерыйскага агню (бачыў у кіно) змятае ўсё. Роля салдата зведзена да ролі мішэні, якая мусіць сваімі грудзьмі спыніць кулю. Адлегласць ад жыцця да смерці скарацілася ў сотні раз.
        Перад сном прачытаў – ужо каторы раз! – адну з самых трагічных калыханак – калыханку Ф. Багушэвіча.
        Накідаў праграму-мінімум на заўтра: прачытаць зборнік Н. Кубінца «На новую грань», матэрыялы пра Грынявіцкага (на вялікі жаль, вельмі мала ўдалося знайсці) і, узброіўшыся слоўнікам, «Вечны дзень» Г. Гейма.
        
        
7/VІІ
        
        На Пагулянцы грыміць ваенны аркестр. Здаецца, Платон гаварыў, што музыка дрэнна ўплывае на развіццё духу. Відаць, ён меў на ўвазе ваенную музыку, бо і ў старажытнай Грэцыі перад бітвай ігралі ў трубы...
        На пару хвілін забег да мяне К. Папрасіў, каб я яму пазычыў свае зборнікі. Збіраецца нешта пісаць пра мяне для замежнай прэсы. Расказваў пра беларускую літаратуру ў Аргенціне, Францыі, Чэхаславакіі.
        Я сказаў яму, што не веру ў будучыню літаратуры, якая не мае жывой сувязі са сваім народам і зямлёй.
        Нарэшце злавіў нумар «Проста з моста», у якім надрукаваны нарыс М. Ваньковіча пра Заходнюю Беларусь. Толькі чаму ён у гэтым нарысе надрукаваў неразумны ўрывак з пісьма Н.? Калі б трохі іншая ў нас сітуацыя, напэўна, прыйшлося б уступіць у палеміку з аўтарамі і нарыса і пісьма. Перагортваю апошнія нумары нашых часопісаў і зноў пераконваюся, што ў нас няма сур’ёзных крытыкаў, да голасу якіх можна было б прыслухацца. Усе заняты адным – даказваннем, што ўсе ў нас паэты – выдатныя і геніяльныя. Хоць сёння вядзі іх на сусветную выстаўку. I бязбожна блытаюць дзве розныя рэчы: вартасць з папулярнасцю, забываючы пра тое, што апошняя складаецца з элементаў ужо ўцэненых, страціўшых сваю арыгінальнасць.
        
        
8/VІІ
        
        Памалу адыходжу ад старой метафары. Шукаю новай. Час перабудовы – самы цяжкі. Пры адсутнасці сур’ёзнай крытыкі і болын патрабавальнага чытача я мог бы яшчэ шмат год пісаць так, як пішу, але я перастаў бы быць цікавым сам для сябе. I таму мы такія нецікавыя і нудныя, што мы гаворым і адкрываем шмат бясспрэчных ісцін.
        Упершыню зайшоў да Р. У пакоі – не павярнуцца. На акне, на этажэрцы, на ложку, на крэслах – кнігі, газеты, нейкія статуэткі, забаўкі. Некаторыя запаўняюць свае жыццё рознымі рэчамі таму, што ў дзяцінстве не мелі ніякіх цацак. Найболын мне ў яго спадабалася кераміка. Ёю застаўлены ўсе паліцы. Нават знайшоў тут некалькі пеўнікаў, паўміскаў, паліваных глякоў нашых мядзельскіх ганчароў. Каля дзвярэй стаяць вылепленыя з гліны два бюсты: Міцкевіч і Пілсудскі.
        – Не б’юцца? – запытаў я ў гаспадара.
        – Таму я іх і зрабіў без рук. Праўда, часамі, уначы, не даюць спаць – сварацца.
        Дома ўзяўся за «Карычневую кнігу» – кнігу аб злачынствах гітлераўцаў, перад якімі бляднеюць усе жахі Апакаліпсіса.
        Перад ад’ездам у Шлькаўшчыну набралася столькі розных спраў, што не знаю, ці паспею ўсе іх уладзіць. Трэба пабачыцца з Кастусём, з дзядзькам Рыгорам, з рэдактарам «Калоссяў», вярнуць пазычаныя кнігі.
        Абедаў у невялічкай сталоўцы на Вялікай вуліцы, дзе абедала група студэнтаў-карпарантаў. У некаторых на кляпах паблісквалі эндэцкія значкі – «Мячыкі Харобрага». З-за цёмнай, як сутана, шырмы з’явіўся скрыпач. Ён доўга настройваў сваю скрыпку, пакуль з яе не паліліся цягучыя, як дождж, гукі. Каля буфета сядзеў велізарны сібірскі кот. Па тым, як яго ўсе гладзілі і песцілі, відаць было, што гэта быў любімчык рэстарана. Кот сядзеў, заплюшчыўшы вочы, і адзін слухаў скрыпача, бо ўсе шумелі, смяяліся – былі заняты сваімі справамі.
        
        
9/VII
        
        Ля аўтобуса сустрэў Д., які расказаў мне цікавую гісторыю. У іх вёсцы знайшлі забітага правакатара. На пытанні паліцыі ўсе адказвалі, што яго пакарала маланка. Некалькі чалавек нават падпісаліся пад пратаколам, што яны бачылі хмару і чулі гром. I паліцыя, каб не ўзнімаць лішняга шуму, мусіла згадзіцца з гэтай версіяй.
        Сёння вяртаўся дамоў старым знаёмым шляхам: Вілля – Смаргонь – Маладзечна – Вілейка – Куранец – Касцяневічы. Перад Куранцом – невялікі аб’езд. Чалавек дзесяць брукароў цяжкімі малаткамі білі камень. Праўду казаў мой дзед: «Грошы і камень б’юць». У Касцяневічах у знаёмага крамніка пакінуў свой чамадан з кнігамі і пайшоў да сястры ў Сэрвачы. Сэрвачы былі калісьці багатым маёнткам, якім уладарылі магнаты Казлы-Паклеўскія. Адзін з іх – удзельнік паўстання 1863 года – загінуў у бойцы з казакамі. Там, дзе была бітва, і цяпер стаіць велізарны драўляны крыж. На месцы маёнтка – хутары і столькі розных польных сцежак, што я ледзь дабраўся да хаты Лёткаў. Усе былі дома. Вячэралі. Сястра паставіла перада мной міску з малаком і талерку з бульбай. Даўно я ўжо не каштаваў гэткіх прысмакаў. Стары, як заўсёды, пачаў расказваць пра Амерыку, дзе ён больш за дваццаць год адпрацаваў грузчыкам. Польшча яму не падабалася. Ганіў гэтыя парадкі. Пры цару, казаў, хоць ён і пастухом быў, жылося цікавей.
        
        
10/VII
        
        Спаў у пуні на сене. Першую ноч на свежым месцы мне чамусьці заўсёды не спіцца. Прачнуўся рана. На беразе Сэрвачы знайшоў нейкі човен, на якім даплыў амаль аж да млына. Калі вярнуўся, Бронька чакаў мяне з таптухай, пры дапамозе якой мы пачалі з ім лавіць рыбу. Рака яшчэ не астыла пасля ўчарашняй спякоты, і толькі лёгкім халадком праймала нас, калі мы брадзілі па лужах і завадзях, парослых густым трыснягом і духмяным аерам. I хоць слабыя з нас рыбакі, але трох сярэдніх шчупакоў мы прынеслі дамоў на сняданне. I Вера, і Бронька затрымліваюць мяне, каб у іх пагасціў. Але няма калі, бо і ў бацькоў – рабочая пара. Вечарам абяцалі мяне завезці ў Шлькаўшчыну. Трэба зноў пайсці на раку, заваліцца недзе пад ракітавы куст ды перачытаць захопленую з сабой у дарогу літаратуру, а таксама прыхапіць і лісты, на якія яшчэ не адказаў. На канвертах – маркі з партрэтамі каралёў, маршалаў... Некаторыя збіраюць іх, калекцыяніруюць. А я і лісты мушу паліць. Помню, калісьці пракурор затрымаў быў пісьмо ад Лю, у якім яна пісала, што Алесь Карповіч, з якім я разам сяджу на Лукішках, можа навучыць мяне танцаваць. Потым на судзе пракурор дапытваўся, што трэба разумець пад словам «танцаваць». А танцор з А. Карповіча быў выдатны. Танцамі, казаў мне, калі быў студэнтам у Празе, не раз зарабляў сабе на хлеб.
        За ракой чуецца гул трубы. На яго адклікаецца статак кароў, што ляніва брыдзе да вадапою.
        
        
11/VIІ
        
        О Апалон! Даруй мне ўсе мае ранейшыя вершы-аднадзёнкі! Абяцаю болын іх не пісаць. Пяты раз перапраўляю свой новы верш, і нічога не выходзіць. Відаць, на некалькі дзён трэба будзе яго адкласці, бо страціў нейкае беспамылковае адчуванне хараства. Засталася толькі адна няўпэўненасць і нездаволенасць.
        Пад вечар прыехалі з Заворначы тры фурманкі пагарэльцаў. Бацька даў ім па сяўні жыта. Прапанавалі ім заначаваць, але яны адмовіліся і паехалі жабраваць далей. Доўга ў цішыні змяркання чуўся лёскат іх калёс.
        
        
12/VІІ
        
        Перасушваў сена ў Нявераўскім. На нейкі час прылёг пад алешынай, але раптам пачуў нешта сцюдзёнае на назе. Гляджу – гадзіна! Асцярожна ўзяў нейкі сук, што быў пад рукой, і адкінуў яе. Шкада, што не ўдалося забіць. Схавалася пад корч. Доўга я за ёю цікаваў. Потым, калі ўпарадкаваў сена, я нанасіў сухога ядлоўцу і кругом карча запаліў агонь. Але не было часу сачыць ні за гадзінай, ні за агнём. Ад Езупавай граніцы ішоў, растрасаючы пракосы, віхор. Я ўзваліўся з граблямі на сваю капу. Думаў, наробіць ён мне работы. Але віхор неспадзявана павярнуў на балота, круцячы лазовыя кусты, беразнякі, трысцё.
        Ля ракі, чуваць, нехта выстраліў. Пэўна, па качках, бо хутка цэлая чарада іх праляцела над нявераўскімі пунькамі. Потым, рассеўшыся на вершалінах елак, пачалі пераклікацца дзікія галубы, а на Махнатцы гулка галасілі трубы пастухоў.
        Калі, змораны, вяртаўся дамоў, мне здалося, што я нясу на сваіх плячах велізарны, прапацелы мех, поўны водару сена, гарачыні, звону аваднёў, птушак. Я памалу ішоў, каб не парушыць спакою зямлі, бо і яна, здаецца, была стомленай. Балота пакрылася ўжо досыць высокай атавай. Пасля апошніх дажджоў з іржавых прэлін і выгараў павыскаквалі светла-зялёнымі свечкамі асака, аўсюг, аер. Аж, здаецца, нагам цёпла ад гэтага зялёнага полымя.
        На Дуброве ўзагнаў цэлы вывадак сломак. Потым увайшоў у фантастычны лес, дзе пад самае неба ўздымаліся слупы камароў.
        Вечарам узяўся за прывезеную з Варшавы паэму В. Шэўчыка «Ганыс». У польскай літаратуры заўважаецца нейкі рэнесанс паэмы: Скуза, Дабравольскі, Чухноўскі, Пентак, Шэнвальд...
        Федзя прынёс ад нашай настаўніцы пошту. У адным пісьме – вершы А. Крывіча. Новы паэт ці новы псеўданім? У другім – Я. Шутовіч піша, што збіраецца даць у «Калоссе» падборку вершаў Я. Пушчы з яго зборніка «Цені на руінах», што ў Мінску абмяркоўваецца праект змены беларускага правапісу і марфалогіі і некаторыя з пісьменнікаў (I. Гурскі і В. Барысенка) выступаюць за скасаванне «акання», і, нарэшце, пра канфлікт паміж ксяндзом А. Станкевічам і фашысцкім «Беларускім фронтам», у якім раскрытыкавалі цікавую работу ойца Адама «Літуанізмы ў беларускай мове». Праўда, можа, не ўсе словы, пералічаныя аўтарам, можна залічыць да літуанізмаў, але факт застаецца фактам, што супольнае жыццё двух народаў – літоўскага і беларускага – пакінула глыбокі след і ў іх мовах. Я думаю, што шмат і беларускіх слоў можна знайсці ў літоўскай мове, як іх знаходзім і ў польскай мове А. Міцкевіча.
        На канвертах акрамя звычайнага паштовага штэмпеля адбіта: «Помні аб своечасовай выплаце пазыкі супрацыіаветранай абароны».
        I яшчэ невялікая паштоўка ад У.: «Гэтымі днямі брат з усёй сваёй раднёй пераехаў жыць бліжэй да Заходняй Еўропы». Гэта значыць, што зноў групу палітвязняў перакінулі на заходнія рубяжы, каб у выпадку вайны яны адразу трапілі пад агонь ці ў рукі нямецкіх фашыстаў.
        А гэта – некалькі крошак народнай мудрасці, якія мне сягоння ўдалося сабраць за сталом падчас вячэры:
        
Час раскрывае сховы.
Маладзік на трэці дзень умываецца.
Сустракаліся і дружылі, як сабака з палкай.
Хто каня часта мяняе, у таго хамут гуляе.
Багаты на грошы – бедны на сумленне.
На хату нельга ўжываць ні буралому, ні сухастою, каб не прычапіліся хваробы.
Нельга секчы пастаўкі, каб не было ў сям’і калатні.
Стралец страляе, а гаспадарка гуляе.
Піце жылы, пакуль жывы.
Ачарніў чарней зямлі.
        
        
17/VІІ
        
        На сучасным Парнасе – няспынныя баталіі і сутычкі, далёкія ад жыцця, ад народа, які не прымае ў іх удзелу і не цікавіцца імі.
        У часопісе «Хлопскі свят» выступіў са славянафільскай ідэяй – хто б гэта думаў! – генерал Л. Жалігоўскі. Ці не па памылцы ён у свой час захапіў Усходнюю Літву?
        Дамоў прывёз з сабой зборнік вершаў I. Волькера. Думаю, з дапамогай дзядзькі Фадзея, які добра ведае чэшскую мову, змагу пазнаёміцца з творчасцю гэтага выдатнага паэта. Пасля прыезду дзядзькі Фадзея з Чэхаславакіі ў лексіконе маіх дамашніх з’явілася шмат чэшскіх слоў, якімі яны часта перасыпаюць сваю гутарку. Ды і я памалу пачынаю сяк-так разбірацца ў дзядзькавых сельскагаспадарчых кнігах на чэшскай мове, якіх ён прывалок цэлы чамадан.
        
        
19/VІІ
        
        Пішу М. Ваньковічу пра яго кнігу «Шчанячыя гады».
        «...Гэтымі днямі я закончыў чытаць вашы надзвычай жыва і займальна напісаныя ўспаміны пра юнацкія гады і далёкую мінуўшчыну, пра якую толькі чуў ад старых дзядоў, што яшчэ помнілі паншчыну, прыгон. Зразумела, што з іх слоў гэта мінулае паўставала ў менш прывабных фарбах, як у вас, бо гэта яны вынеслі на сваіх плячах цяжар жудаснай эксплуатацыі, гэта яны, схіліўшыся і зняўшы свае шапкі, прасілі дрэва «на пяць крыжоў». Пануры цень ляжаў і ўсё яшчэ ляжыць на лёсе нашага народа.
        Ваша таленавітая кніга змушае пра многае забыць, многае дараваць, змушае глядзець на жыццё з «іншага акна» – акна панскага палаца, з якога лягчэй было захапляцца хараством прыроды беларускай зямлі, дзе прайшло ваша маленства.
        Дзіўная гэта зямля! I мы яе любім, хоць вам шмат лягчэй было яе любіць...».
        Вечарам трэба будзе дапісаць і адправіць пошту.
        Бацька закончыў кляпаць косы. Пакуль раса – касілі па чарналессі, па алешніку, дзе няма нават як размахнуцца, бо ў траве поўна дробнага галля. Дзед бурчаў, што вясной не падграблі, не падабралі гэтага лому, а потым пачаў павучаць, як трэба жыць і гаспадарыць. Перш я не прыслухоўваўся да гэтых парад, і цяпер яны для мяне мала прыгодны, але ў іх шмат ёсць цікавага, чаго не знойдзеш ні ў якой кнізе. Вось і сягоння, расказваючы пра пакуты свайго дзядзькі, неспадзявана заключыў: таму ніхто, нават дзядзіна, не была для яго такой добрай, як смерць... Калі хавалі, я здзівіўся: чаму самая цяжкая сырая калода – лягчэй, як труна, збітая з яе сухіх дошак...
        Калі вецер змёў расу, падаліся бліжэй да ўзбалоцця, дзе трава была болын рэдкая. Недзе пад касой зазвінела чмялінае гняздо. Не было толькі часу паглядзець, ці ёсць у гэтых лугавых гультаёў нейкі мёд. А калі гнаў другі пракос – ужо ў чмяліным, выдраным з кургана гняздзе гаспадарылі вароны, якія разам з бусламі цэлы дзень ходзяць за намі. Здалёк буслоў нават цяжка адрозніць ад касцоў: і кашулі ў іх белыя – як у нас, і ідуць па сенажаці такой жа павольнай хадой.
        
        
20/VІІ
        
        Атрымаў пісьмо ад К. Вайнтраўба, які зараз знаходзіцца ў Закапаным, віла «Ямбар» па дарозе да Белага. Просіць хутчэй прыслаць яму падрадкоўнікі вершаў: «Вырай», «Над курганамі», «Пад мачтай» і падрадкоўнікі ўсіх маіх баек.
        Хадзіў у Крывічы па лякарства для маці, якая зноў цяжка захварэла. Дастаў для яе некалькі таблетак прэпарата «Тогаль» ад рэўматызму. Вяртаючыся, спыніўся ў задубенскага свайго дзядзькі Ігнася. Зноў бачыўся з Макарам Хацяновічам. Перажывае стары пуцілавец наша агульнае няшчасце. Калі і хто з нас мог спадзявацца, што мы, астаючыся на волі, у такі праднавальнічны час будзем асуджаны на бяздзейнасць? Якому чорту ўдалося пасеяць атрутнае зелле – бязвер’е ў чалавека? Аж страх падумаць, які яно дало чорны ўраджай!
        Быў сведкам цікавай сцэны. У агарод дзядзькі Ігнася, абведзены нейкай драцінай, залез суседскі конь. Ціхан першы ўбачыў яго і крычыць:
        – Ты куды, ваўкарэзіна? Ах, каб цябе! Глядзі, Марыля, што ён робіць! Во, ужо скача ў капусту...
        Марыля ўставіла галаву ў акно:
        – Ах, каб цябе апрагло! Глядзі, Іван, гэта быдла бязрогае ўжо хрумстае качаны...
        – Ах, падла ненажэрная! Ужо і да буракоў дабіраецца! Куды цябе, памаўзу, чорт гоніць!
        – Цю-га! –крычаць усе трое на каня, які спакойна (відаць, добра знае руплівасць гаспадароў) папасваецца ў агародзе.
        Цяпер зразумела, чаму ў іх так падупала гаспадарка, чаму яны за апошнія гады так абяднелі.
        Дзядзька – хворы, а дзеці – хто куды. Праўда, і падаткі на хутары іх моцна прыціснулі. Зямлі стала больш, а зямля – горшая. Ды яшчэ трэба заплаціць і за гэту праклятую парцэляцыю. Палохаюць, што могуць змусіць правесці асушку, меліярацыю. У выніку ўсяго гэтага давядзецца ім тады плаціць казне за сваю зямлю, апроч падаткаў, у некалькі разоў больш, чым яна каштуе. Фактычна, селянін другі раз выкупляе сваю зямлю: першы раз – ад паноў, другі раз – ад іх дзяржавы. I адмовіцца ад гэтага ніхто не мае права, бо ўсё гэта робіцца ў інтарэсах абароны «ўсходніх крэсаў», якія падлягаюць асобым пагранічным воўчым законам.
        Думаў завідна дабрацца дамоў, але ўжо за Малінаўкай дагнала ноч. Цішыня, падобная да балотнай ціны, якая пачынае зацягваць і мой востраў, дзе я апынуўся пасля шторму.
        У цемені, вошчупкам, прайшоў цераз дзіравы Наўранскі мост. Далей дарога была мне больш знаёмая, але на Дубаўскім полі такая камяністая, што трэба было ісці асцярожна, абмінаючы крушні і паасобныя валуны.
        
        
21/VІІ
        
        Поўнач даўно мінула. Трэба напісаць пару лістоў, каб раніцай адправіць з Віктарам Глінскім у Мядзела. Настольная лямпа з белым абажурам – нябачная раскоша ў Пількаўшчыне, прывезеная цёткамі з бежанства, – адкідвае святло на этажэрку, змайстраваную мною з неакораных бярозавых пруткоў і запоўненую кнігамі, на рудыя круглякі сцен і на столь, дзе пад бэлькамі заўсёды тырчаць крукі, якімі дзядзька Фадзей уе вяроўкі, павады, пабоцні, лейцы, путы, супоні, пугі, падплёт і аборы да лапцей. Ля сцяны на тоўстай асінавай калодзе стаіць грамафон. I яго прывезлі з бежанства. Відаць, бацьку вельмі хацелася здзівіць сваіх старых гэтай гарадской выдумкай, што ён аж з-за свету яго прывалок у нашу балотную глуш. Перш на ім часта ігралі, а потым выйшлі іголкі, перабіліся пласцінкі, і ён стаіць, выставіўшы на хату сваю трубу, як нейкае велізарнае вуха, і слухае, як шуміць за вокнамі лес. Усё гэта адбіваецца ў павешаным на сцяне і разбітым люстэрку. Трэшчыны люстэрка здаюцца лініямі, якімі нехта перакрэсліў і мяне, і мае рукапісы, і ноч.
        
        
22/VІІ
        
        Прыйшлі весткі з Вільні аб новых арыштах, ссылках у Бярозу, разгуле цэнзуры. Ці настане час, калі можна будзе напісаць усю праўду? Зараз дазваляюць пісаць толькі аб рэчах прыемных для начальства, але кароткі век гэтых твораў. Можна пісаць і аб непрыемных з’явах у жыцці, але тады – вельмі кароткі век аўтара. Выбар, можна сказаць, багаты. Прачытаў некалькі тэарэтычных работ з серыі «Пытанні паэтыкі». Нудна. Чамусьці ўсе гэтыя літаратурныя каноны здаюцца мне нейкімі калодамі. Знаць іх не шкодзіць, але карыстацца імі – лепш пакінуць каму іншаму. Я толькі зайздрошчу тым, хто загадзя ўмее распрацаваць планы сваіх твораў. Во я аб гэтым часцей даведваюся ад самога сябе ў апошнюю хвіліну. Таму мой творчы працэс падобны да выклікання нейкага духу, які не заўсёды мне падпарадкоўваецца.
        
        
24/VІІ
        
        Буйная раса і глыбокая, бяздонная цішыня. Сучасныя авангардысты сказалі б наадварот: глыбокая, бяздонная раса і буйная цішыня. Мы – бацька, дзядзька Фадзей і я – прагналі пакосы і аж усе спыніліся, каб паслухаць, як далека нясецца рэха нашых сцябачак. I што самае дзіўнае – за шмат кіламетраў ад нас быў выразна чуваць далёкі перастук колаў цягніка, які ішоў недзе на участку паміж Княгінінам і Крывічамі.
        Калі Федзя з Мілкай прынеслі на сенажаць снеданне, падышоў Сымон. Бедаваў, што некуды сышлі коні і знайсці не можа. Гэта яму калісьці вываражылі цыганы, што ён будзе царом. I Сымон, здаецца, паверыў у гэту байку. Усё жыццё дружыць з цыганамі, якія заўсёды ў яго спыняюцца абозам. Ён разам з імі дыміць махорку, варыць зацірку, мяняе коней, а калі вып’е – пяе цыганскія песні. Запісаў ад сваіх дамашніх назвы нашай флоры: касцяніца, малачай, хвошч, пырнік (цвіце, як рабіна, крэмавым цветам), крываўнік, падбярозка, гусіная лапка, грачанка, асот, аер, дзядоўнік, бабоўнік, шнітка, мячэўнік, багульнік, аўсюг (расце па лугах)...
        
        
25/VІІ
        
        Мне часамі здаецца, што навакол мяне шмат існуе такога, чаго я яшчэ не бачу, не чую і не ведаю. Правальваюся ў нейкі пількаўскі агнастыцызм, і разабрацца ва ўсім гэтым няма калі. Трэба было хутчэй кідаць свае філасофстваванне – находзіла навальніца – і хутчэй увіхацца звезці сухое сена з балота. Да суседа Мікалая прыехалі купцы на яго сенажаць. Шум. Рогат. Відаць, запіваюць барышы. Сам Мікалай ходзіць, хістаючыся, балотнымі, гадзючымі сцежкамі, вытоптвае – адзначае – касцам дзялянкі.
        Вечарам, калі пайшлі ўжо спаць з дзядзькам у пуню на сена, па гулкай асінавай шчапе нашай страхі забарабаніў спорны дождж. Але і ён не змог суцішыць падвыпіўшых гасцей суседа. Доўга праз шум дажджу чуліся галасы, і нехта прабаваў зацягнуць «Последнлй нонешннй денечек».
        
        
26/VІІ
        
        Разымжылася, раздажджылася. У Купёле ўчарашнія пакосы ляжаць затопленыя ў вадзе. Прыйдзецца выграбаць ды віткамі выносіць на сухое. А пакуль што наладзіў дэтэктарны радыёпрыёмнік. Праўда, апарат капрызны, часта псуецца. Але і то добра, хоць буду знаць, што робіцца на свеце. А робіцца такое, аб чым лепей было б і не знаць. Калі пачынаеш думаць – пачынаеш шукаць віноўнікаў трагедыі, якая няўмольна набліжаецца. I тут – малая ўцеха, што ты сябе лічыш неадказным. Няма людзей, у тым ліку і пісьменнікаў, неадказных за жыццё на зямлі.
        Зноў дождж. Відаць, сёння ўжо не пойдзем касіць. Бацька, згорбіўшыся пад клеццю, пачаў кляпаць касу. З Памарачыны прыйшлі да дзядзькі Фадзея па лякарства «ад крываўкі». А гадзіннік забыліся завесці. Стаіць. I невядома: ці то ад хмар пацямнела, ці вечарэе. Парывы ветру хістаюць нацягнутую паміж клеццю і хатай антэну. У навушніках праз шум, піск і іншыя перашкоды ледзь прарываецца знаёмая мелодыя. Спявае Ларыса Пампееўна Александроўская.
        
        
28/VІІ
        
        Лю піша пра свае дамашнія справы і пра нашы фатаграфіі, якія яна забрала ад Зданоўскіх. Веларускі нумар «Сігналаў» яшчэ не бачыла. А можа, ён і не паступіў у продаж? Трэба будзе папрасіць Янку Шутовіча, каб прыслаў мне хоць аўтарскі нумар, бо ў Мядзеле яго і са свечкай ні ў кога не знойдзеш.
        На полі цёплы вецер. Можна было б пачаць верш:
        
Вецер свістаў, пакуль я не вырваў
Свісток у яго...
        
        Вайнтраўб прыслаў у пісьме трывожныя вершы Бранеўскага. Толькі ці паспее набатны голас паэта-трыбуна разбудзіць пільнасць народа, прыспаную рознымі вялікадзяржаўнымі клерыкальнымі ды прафашысцкімі калыханкамі аб еднасці (якой ніколі не было), аб гатоўнасці (толькі не да абароны, а да новых распраў з рабочымі і сялянамі) і дружбе... з гітлераўскай Нямеччынай...
        
        
29/VІІ
        
        Накідаў чарнавік пісьма Вайнтраўбу: «Дарагі дружа! Я атрымаў Ваша пісьмо, за якое шчыра Вам удзячны, бо яно прынесла ў мой глухі куток глыток свежага паветра. Апошнія звесткі ад сяброў з Вільні і з правінцыі поўныя скаргаў і нараканняў на жыццё. Адны не могуць пісаць, бо перашкаджаюць няспынныя візіты розных анёлаў-ахоўнікаў, другія – хворыя пасля Бярозы, трэція – не могуць знайсці выхаду з бяды і нястачы. I ўсё ж, не зважаючы на ўсё гэта, восенню думаем прыступіць да выдання свайго часопіса маладых. Апошнімі днямі выйшлі з астрога два нашы паэты... I так, прыбыло папаўненне. Не знаю толькі, як мне ўдасца сёлета выехаць у Вільню і знайсці там нейкую працу. Чуў, што ў «Вядомосцях літэрацкіх» была заметка аб маім аўтарскім вечары, у якой Станіслаў Бруч прычасаў мяне пад Ясеніна. З нецярпеннем чакаю апошняга нумара «Сігналаў». Папярэднія нумары атрымаў. Дзякую. У газеце «Наруд і паньство» (№ 23–24) прачытаў аб нашай паэзіі дылетанцкі артыкул П. Ластаўкі, а крыху раней – вельмі добрыя пераклады вершаў, зробленыя Вамі і Яворскім. Яшчэ не знаю, як абстаяць справы з чацвёртым нумарам «Калоссяў», прысвечаным польскай літаратуры. Спадзяюся, што, прыехаўшы ў Вільню, нам удасца выпусціць такі нумар і «Беларускага летапісу». Сёння пашлю пісьмо Янку Шутовічу і папрашу яго выслаць вам гадавікі «Калоссяў». Баюся, што спазнюся ў час напісаць для «Сігналаў» артыкул аб сучаснай беларускай літаратуры, бо ўсе гэтыя дні не выпускаю касы з рук. Разам з пісьмом пасылаю падрадкоўнікі сваіх баек...».
        
        
30/VІІ
        
        Учора ішоў міма слабадскога магільніка, які нагадвае велізарную крушню помнікаў-валуноў. Схіл гары, як воспай, зрыты бульбянымі ямамі. Ноччу тут можна галаву скруціць. На старой сасне, што недалёка ад магілы дзядзькі Ціхана, гняздзяцца буслы. Добрае яны выбралі сабе месца.
        Вечарам доўга сядзеў над вершам пра родную мову. Мова! Яна разам з сэрцам даецца кожнаму чалавеку пры з’яўленні яго на свет. I па тым, як гучыць твая мова, песня, можна дагадацца, і як жыве народ.
        А верш не ўдаўся, здаецца, да канца быў прадуманы. Прыйшлося адкласці. Можа, калі іншым разам вярнуся да гэтай важнай тэмы. Бо чым большая па свайму значэнню тэма, тым яна болын глыбокага патрабуе вырашэння. Здаецца, С. Віткевіч гаварыў, што добра намаляваная галава капусты вышэй за дрэнна намаляваную галаву Хрыста. Перапісваю працяг свайго «Сілаша».
        
Замерла ўсё,
калі ля хаты Пераброда
З начальствам затрымаліся разводы,
Калі на стол са сваей торбы падарожнай
Пан войт паклаў паперы асцярожна –
Нядоімкі, павесткі розныя ды кары...
Падбрэхіч-солтыс, уздзеўшы акуляры,
Пачаў аратарстваваць: «Лагавяне,
Паводзіце сябе, скажу я вам, пагана. -
Папраўцеся! Начальства глядзіць коса
На вас. Палітыка вам шкодзіць,
Газеты розныя. Што вам прыйшлося
З лемантароў сваіх? На лапаць сыдзе
Жыццё. Хіба не пагусцела ў саганах зацірка?
Глядзіце, не змяняйце гузіка на бірку!..»
Тут солтыс выцер потны твар насаткай,
Глынуў вады з надбітай, вышчарбленай
шклянкі,
Закашляўся.
– Ўсё праўда, пане солтысу! Вось горай,
Што ваша праўда вельмі дарагая:
Ужо летась паздзірала кажухі, аборы
З лапцяў выверзала...
Не, не маем
Не толькі за яе, а і за песню
Тваю чым заплаціць...
Няспелыя чарэшні –
Вочы войта злосцю даспяваюць
Ад шуму і ад словаў Пераброда.
Але, пачуўшы ў хаце непагоду,
Сачыць ён за настроем пачынае
I цягне голасам, прыхільным нават:
– Я сам – з сялян, вам шчыра спачуваю...
(Паправіў галынтук, пачакаў на лаве,
Пакуль сцішыліся бабы.)
Знаю –
Цяжка справіцца з нядоімкамі, можа,
Ды трэба ж раіць неяк.
Ну, разложым
Бяду на раты, залатоўкі, грошы...
Ды цішыня пярэчыць і трывожыць.
Пан войт на іншых пачынае нотах
Саліраваць:
– А думы вашы раіў бы пакінуць.
Дарма іх паліваеце вы потам.
Ім не цвісці, ім не гарэць рабінай.
Дарма хаваеце іх, ім даяце прытулак
Пад латамі сваіх сярмяг, у хатах цесных,
I дзецям завяшчаеце ў бунтарных песнях.
Дарма чакаеце з Усходу дапамогі.
Лепш панадзейцеся на панства і на бога.
I шмат лягчэй было б і вам і коням
Па полі валачыць плугі, смыкі-бароны...
Ля качарэжніку смех пырснуў нечы
У цішыню смалістую, сухую
I хату ахапіў ад печы
Да абразоў.
Смяяліся тыя,
Што бачылі,
як дзед Сцяпан старую
Нязгаснай люлькай прапаліў сярмягу;
Смяяліся старыя і малыя,
Не бачыўшы гэтага...
Смех моцнай брагай,
Нарастаючы, рваў абручы бярвення.
I толькі зразумеў пан войт, што немагчыма
Смяяцца так людзям і гэтым сценам
З прапаленай сярмягі, з яе дыму, –
Падняўся з лавы, быццам з лодкі бераг
Хацеў убачыць.
Але дзе там!
Шумела хата хвалямі і ветрам.
Нервова алавік забегаў па паперы.
– Запісвае нешта.
Нас ці мо скаціну?..
На твары солтыса забегала ў маршчынах
Усмешка хітрая.
На вачах пусцела
У хаце Пераброда.
Расходзячыся, маладзіцы
Перашэптваліся нясмела
Аб тым, што зноў у Кацярыны
Стан поўны, перацягнуты спадніцай,
Абснах...
А сухавей у полі сінім
Шум атрасаў і на барознах глею
Звон яравы –
звон жаваранка сеяў.
        
        
2/VIII
        
        Сусед Захарка Калбун прынёс з апошняга кірмашу цэлую торбу навін пра вайну, якая на гэтым тыдні павінна пачацца (у нас заўсёды кожнай падзеі вызначаюць дату, нават аднойчы канец свету быў вызначаны на Спаса, за дзве гадзіны да ўсходу сонца). Потым ён расказаў пра заручыны ў Шлькаўшчыне, у Слабадзе, пра суды, штрафы і што, чуваць, з восені зноў павялічаць гмінны падатак і шарваркі. Захарка – цікавы чалавек. Век свой пражыў, спадзеючыся на лепшае жыццё, а гэта, якое яму выпала – і галоднае, і халоднае, і беспрытульнае, – быццам зусім не яго, і лічыў, што яно толькі праз нейкую памылку яму дасталося. За апошні год ён неяк асунуўся, пастарэў. Агулам, хутка тут у нас старэюць людзі, толькі сосны ў бары з гадамі ўздымаюцца вышэй і ўсё больш дужэюць...
        Ужо другі год у заходнебеларускай літаратуры пануе смерці падобная цішыня. Спынілася барацьба за якасць, за ідэйнасць. Ні франтоў, ні атак, проста – так. Кожны забраўся, як слімак, у сваю ракавіну і жыве адасоблена. Мы нават не заўважылі, як у гэты час пралегла паміж людзьмі граніца недаверу, якую зараз цяжэй перайсці, чым тую, што абведзена калючым дротам, абстаўлена вартавымі вышкамі; і разраслася на несусветнай хлусні і дэмагогіі варожая прапаганда, якая амаль не сустракае ніякага адпору. А калі і сустракае – дык са спазненнем. А за гэты час нарастаюць напластаванні новай хлусні. Як не хапае нам трыбуны, каб усё паставіць на свае месцы, каб, як раней, з намі лічыліся. Добра, што яшчэ ніяк не могуць заглушыць радыёперадач з Мінска, якія ў нас слухаюць не толькі сяляне, але і асаднікі, і ўжэнднікі, і ваенныя. Нездарма ўрадавыя колы ўздымаюць шум і намагаюцца заглушыць гэты голас з Усходу. Ужо за слуханне радыёперадач з Мінска паліцыя многіх аштрафавала, судзіла, высылала ў заходнія ваяводствы.
        Трапілі пад руку два цікавыя вершы ўкраінскага паэта Макара Краўцова. Спрабаваў іх перакласці. Атрымалася не зусім, як хацеў. Пераклад жа, у якім не ўсё перададзена, што было ў арыгінале, нельга лічыць перакладам мастацкім. Цікава, хто гэты Макар Краўцоў? Бо ёсць яшчэ Багдан Краўцоў – аўтар зборніка вершаў «Санеты і строфы». Каб не згубіліся, трэба перапісаць хоць чарнавыя пераклады гэтых двух вершаў Макара Краўцова. Першы называецца «Як зверы».
        
Як зверы, мы прастор любілі,
Далечыню, блакіт вады,
Сцяжыны воўчыя і волю,
З трывожным шумам гарады.
I сёння нам – як зверам – сцены,
Стальное скрыжаванне крат,
Дзе усяго – чатыры крокі
Туды – назад... туды – назад...
        
        Другі верш – «Як згаснуць».
        
Як толькі згаснуць дзень і вочы,
А сном нальецца галава,
Прыходзяць да маёй пасцелі,
На ложак сядуць цені два.
Адзін галубіць, атуляе,
Другі з мяне не зводзіць воч
Трывожным позіркам сцюдзёным.
I так глядзяць і смерць і ноч.
        
        Пасля славутых «Вікнаў» да нас вельмі мала даходзіць навінак украінскай літаратуры. Адзінай крыніцай, дзе яшчэ можна сёе-тое раздабыць, з’яўляецца гурток украінскіх студэнтаў у Вільні. А нам, беларускім пісьменнікам, нельга не ведаць літаратуры братніх славянскіх народаў – рускай, украінскай, польскай, чэшскай, славацкай, балгарскай...
        
        
3/VІІІ
        
        У нас часта спакушаюць аўтараў расказаць аб сваёй рабоце. Зрабіць гэта займальна і цікава ўдалося бадай што толькі аднаму Ул. Маякоўскаму. Але скарыстацца з падобных «адкрыванняў» нельга, бо за расказам астаецца самае істотнае – талент, індывідуальнасць, непаўторнасць і тысячы-тысячы выпадковасцей, чаго нельга прадбачыць і аб чым ніхто не раскажа. Ды ўсё гэта адносіцца да жанру ўспамінаў, якія нагадваюць агляданне назад, чым яшчэ вельмі рана і небяспечна ўсім нам займацца.
        Усе гэтыя дні нават не было вольнай хвіліны, каб сабрацца з думкамі і сур’ёзна папрацаваць. А праца пісьменніка патрабуе і шумных віроў жыцця, і самотнасці.
        Ад дзядзькі Лявона Банькоўскага запісаў далікатныя формы зваротаў, якія ўжывае шляхта: вашэсць, ацан, вашмосць, васіндзей, ягомасць, іхмосць, дзедзіц, шаноўны, дабрадзей.
        А гэта спраўка ад дзеда: на нашай Мядзелыпчыне ў кожнай вёсцы, у залежнасці ад якасці зямлі, былі розныя надзелы. У самым Мядзеле валока лічыла 8 дзесяцін, у Пількаўшчыне – 60, а ў Шыкавічах, дзе шмат сыпучых пяскоў, – 120. I яшчэ: калісьці быў звычай хаваць на вяселлі затычкі ад калёс, каб раней сямі дзён у маладога і сямі дзён у маладой не маглі раз’ехацца госці.
        
        
4/VІІІ
        
        «Хай рукапіс паляжыць дзесяць год», – раіў Гарацый. У яго, відаць, было шмат часу ў запасе. А ў нас – вельмі мала, і, нягледзячы на гэта, рукапісы нашы дзесяцігоддзямі ляжаць у судовых актах, у пастарунках, у следчых аддзяленнях і ў розных сховах, нават – астрожных.
        Цяжка пісаць вечарамі пасля працы. Думкі цяжкія, як валуны.
        Калі збіраліся ісці спаць, прыйшоў да дзядзькі Фадзея па лякарства Андрук Малька. Захварэла карова. Пакуль дзядзька падрыхтаваў нейкае пітво, Андрук расказваў нам, як ён хаваўся ад войска, як яго ў пуні асачылі паліцэйскія і, порачы штыкамі сена, у якім ён ляжаў, зарыўшыся, цяжка паранілі. I я помню тую ноч. Тады да нас прыехала паліцыя пазычыць ёду, каб перавязаць Андрука, у якога і цяпер яшчэ праз увесь лоб сінее шрам ад таго штыка.
        
        
5/VІІІ
        
        Раніцай, толькі выгналі статак у Дрывасек на дзірваны, як прыляцелі ваўкі. Я падаўся ім наперарэз – да Белі, дзе яны заўсёды любяць перабягаць. Доўга стаяў у хмызняках, чакаючы гэтых няпрошаных гасцей. I толькі калі сышоў са свайго паста, убачыў двух ваўкоў, якія перабягалі ў Бель. Стрэл мой для іх быў такі неспадзяваны, што яны, як шалёныя, кінуліся ўцякаць праз Памарацкае балота, толькі пырскі ляцелі. Я заўсёды пасля галёкання на ваўкоў зрываю голас і некалькі дзён хаджу, як нямы.
        Сёння да нашага суседа Мікалая зноў прыехаў секвестратар. Разам з ім чагосьці прывалокся і мядзельскі суддзя. Добра, што Мікалай паспеў уцячы са сваімі каровамі ў нявераўскія нетры. Так панам і не ўдалося пажывіцца. Перад ад’ездам суддзя падышоў да дзеда, які закопваў каля мяжы старую крушню, павітаўся з ім, пацікавіўся, колькі яму год і што раблю я. Казаў, што чытаў мае вершы. Стары быў дужа здзіўлены і хваліўся потым, што творы яго ўнука знае такі вялікі начальнік. А я і не расчароўваў старога, што тут няма чаму радавацца, калі пракуроры і суддзі раней за народ чытаюць нашы творы.
        
        
8/VІІІ
        
        Перакінуў толькі што прывезеныя з Мядзела газеты. Усё больш і больш паміж радкамі хронікі на шырокім свеце прабіваецца чырвань пажару. А можа, гэта толькі мне здаецца? Не. Ва ўсіх пісьмах, якія ў апошнія часы атрымліваю, адчуваецца трывога. Толькі – як ні дзіўна – людзі пачынаюць ужывацца з думкай, што будзе вайна. Бадай што ніводная істота на зямлі, апроч чалавека, не патрафіць так дастасавацца да любых абставін і звыкнуцца з любой жыццёвай трагедыяй ці катаклізмам.
        Вайнтраўб прыслаў мне некалькі сваіх перакладаў з Г. Тракля. Піша, што падрыхтаваў пераклады маіх вершаў для «Камэны» і «Скамандра», што канчаткова вырашана справа выдання майго зборніка вершаў на польскай мове і трох казак («Дзед і шчупак», «Мухамор», «Казка пра Мядзведзя») з ілюстрацыямі яго харошай сяброўкі-мастачкі. Піша, што Курылюк быў вельмі рад, калі даведаўся аб хуткім выданні маіх вершаў. Шкода, што я не сустрэўся з ім, калі ён быў у Вільні. Скардзіцца Вайнтраўб на сваю самотнасць, ізаляцыю. Відаць, цяжэй за ўсё вырвацца з турмы, якую чалавек пабудуе сам сабе. Што я яму магу параіць?
        Памаленьку збіраю матэрыялы пра Ф. Скарыну. Колькі неразгаданых загаданак у жыцці гэтага чалавека!
        Збіраюся пачаць перагаворы з П. Можа, удасца мне ў яго выменяць на нешта слоўнік Паўла Бірынды, які, напэўна, ён сцягнуў з нейкай бібліятэкі. Добра было б яшчэ пазнаёміцца з мядзельскім мулой. Дзед казаў, што гэта надзвычай цікавы і разумны чалавек і што ён бачыў у яго, калі даваў на вырабку аўчыны і прадаваў яму дубільную кару, шмат нейкіх старых, у скураных пераплётах кніг.
        
        
9/VІІІ
        
        Прачытаў апошнія нумары нашых літаратурных часопісаў. Аж набіў аскому аднапланавымі, адназначнымі, аднатоннымі, аднаколернымі, пазбаўленымі ўсякага падтэксту творамі. Другі раз не захочаш такія суслы для бяззубых браць у рукі. Усё, як кажуць філосафы, развіваецца скачкамі. Маякоўскі – велізарнейшы скачок наперад. Толькі потым у літаратуры эпігоны запаўняюць сваімі творамі тыя нізіны, праз якія пераступіў гігант. Цікава, колькі часу пройдзе да наступнага такога скачка?
        Сёння на прызбе сабраліся мужчыны і дзяліліся рознымі навінамі.
        – Чуваць, бальшавікі выдумалі машыну, якая робіць пагоду...
        – Яны могуць усё.
        – Мой пісаў з Амерыкі, што там пачалі праз зямлю прабіваць да нас тунель...
        – Нейкі нямецкі прафесар адкрыў спосаб дабываць з гною спірт...
        I хоць у неверагодныя рэчы паверылі, але ў апошнім адкрыцці многія ўсумніліся, бо ў нас усе з хіміяй прадукцыі самагонкі добра знаёмы.
        Відаць, зараз лягчэй здзівіць вучонага нейкім адкрыццём, як чалавека непісьменнага. Ды, мне здаецца, у нас ва ўсіх памалу знікае першабытная здольнасць здзіўляцца.
        Потым гутарка перайшла на самую балючую, пасля падаткаў, тэму – пра суды. Бо амаль кожнага па некалькі разоў цягалі да «Сонду покою», то за патраву на папоўскай сенажаці, то за лес... Чамусьці ўсё судзяць па законах божых, панскіх, дзяржаўных, толькі не па чалавечых...
        
        
15/VIII
        
        Сёння талакой узяліся за вывазку гною. Прыехаў нават з Бадзень наш сваяк Марцін. Цэлы дзень мы разам з ім накідалі гной на драбіны.
        Расказаў ён мне пра аднаго свайго знаёмага сталяра-мастака, які з дрэва ўмее рабіць розныя цацкі для дзяцей: млыны, малатарні, свісцёлкі, кадушачкі, скрыначкі з хітрымі, замыславатымі вечкамі, сховамі, сошкі, бароны, граблікі, вазкі... Летась быў выразаў велізарны паўмісак з усімі пладамі нашай зямлі. Паўмісак гэты адкупіў у яго мядзельскі войт пан Галка і паслаў, казалі, на нейкую выстаўку як экспанат «польскага народнага майстэрства».
        Прыбягала Тэкля. У яе далёкіх сваякоў памерла малое. Тэкля была на пахаванні. Калі вярнулася з магільніка, расказвала – сястрычка памёршай суцяшала сваю маці: «Не плач... Зосьцы на тым свеце будзе весела: я ёй паклала ў дамавіну сваю лепшую ляльку...». I калі ўбачыла, што маці яшчэ горш залілася слязамі, і сама расплакалася.
        Начамі крыху пахаладала. Нават вокны пачалі пацець.
        За парогам – восень. У садзе вецер атрасае пераспелыя ранеты. Да поўначы сяджу пры вогнішчы на сенажаці, дзе пасвяцца коні.
        
        
16/VIII
        
        Рана растрасаў гной, потым абіваў жыта на насевак, а вечарам пілавалі з бацькам на дровы вывернутую апошняй навальніцай старую з дзятлавымі і шаршнёвымі гнёздамі елку, што ляжала, перагарадзіўшы дарогу ў Барсукі. Дзед капае новыя ямы пад яблыні. У вольную хвіліну і я яму памагаю ў гэтай рабоце. Работа марудная і цяжкая, бо зямля камяністая і гліністая. Трапляецца такая цвёрдая, што і рыдлёўка не хоча браць.
        – Не знаю, ці дачакаюся я з гэтых прышчэпаў яблыкаў? – быццам сам у сябе, пытае стары.
        Учора ў адной з такіх ям ледзь не прываліў яго велізарны валун, пад які дзед рабіў падкоп, каб глыбей схаваць у зямлю, бо вельмі ён перашкаджаў падчас арбы і баранавання. Ледзь паспеў стары выскачыць з ямы. Часта ў гэтыя ямы, як у пастку, трапляюць палявыя мышы, яшчаркі, жукі... Восенню, пакуль саджаць дрэвы, вецер пазаносіць іх лістападам, часамі аж да берагоў паналівае дажджавой вады.
        
        
17/VІІІ
        
        Хадзіў у Мядзела на пошту і ў гміну. Вяртаўся позна ноччу. Здаецца, увесь час за плячыма чуў, як скрыпеў на зорным шляху Вялікі Воз – гэты цыганскі фаэтон. У цемені Ліпаўскага бору ногі чапляліся за карэнне сосен, за стому і сон. Каб не будзіць дамашніх, у хату ўлез праз акно, якое было толькі прычынена. Трэба запісаць, каб зберагчы некалькі крошак з нашага фальклору, пакінутых учора дзедам за абедзенным сталом:
        Не кідай хлеба, каб ён цябе не кінуў.
        Хто часта каня мяняе, у таго хамут гуляе.
        А гэта – дарожная сцэна:
        – Скажы, панок, колькі будзе да Мядзела?
        – Да Мядзела, міленькі, пяць вёрст, а для таго лайдака, што паехаў і не прывітаў мяне, дваццаць пяць вёрст.
        
        
19/VІІІ
        
        Цікава, колькі нашых беларускіх кніг перакладзена на замежныя мовы? Відаць, вельмі мала. Бо і для перакладаў – як гаворыць К. Гамсун – выбіраюць краіны, а не літаратуры. Нарзшце атрымаў № 75 «Сігналаў», дзе змешчана некалькі і маіх вершаў, перакладзеных Вайнтраўбам і Яворскім. Нумар адкрываецца цудоўным вершам Я. Пушчы «Да паэтаў Еўропы». З цікавасцю прачытаў артыкулы Дрэмы, Шырмы, Путраманта і асабліва В. Гроша: «Ані кроку далей – гэта замала».
        Вайна набліжаецца з Захаду, як навальніца. Гітлер збіраецца напасці на Савецкі Саюз. Толькі перад гэтым стараецца забяспечыць свае пазіцыі ў Еўропе. На чарзе – удар па Польшчы. Грош разблытвае ў сваім артыкуле змяіны клубок фашысцкай палітыкі і стратэгіі. Трывожны і смелы голас перасцярогі. Усе лісты, якія атрымліваю ад сваіх сяброў, поўныя непакою і невясёлых прадчуванняў. Справа ў тым, што ўступаем у паласу падзей пад чужымі сцягамі і без ніякай зброі... Толькі ў маёй Пількаўшчыне – цішыня. Усе заняты працай на полі. Самы разгар сяўбы жыта. Дні стаяць пагожыя. У Нявераўскім загарэлася балота; сіняя паласа дыму нізка сцелецца па зямлі. Некаторыя пабойваюцца, што агонь можа дабрацца да пунек і стагоў сена. На начлезе пачаў пісаць верш «Цень».
        
Брыдзе заўсёды цень за мной,
Затулены ў пальто і шалік.
Мне сцюдзёна. Асенні рой
Лістоў нясуць рачныя хвалі.
А за балясамі маста –
Агнёў і зораў пералівы.
Дзе б ні спыніўся, ні прыстаў –
Брыдзе за мною цень маўклівы...
        
        
20/VIII
        
        В. Скуза прыслаў месячнік «Хлопскі свят» і газету «Чарнэ на бялым» з вершам У. Бранеўскага «Штык да зброі». НапіЬаі апіе регіез!
        Вайна ўжо грукае ў вароты. Аб гэтым пачынаюць гаварыць нават палітычныя глухары і сляпцы. Толькі на нашым Парнасе ўсё яшчэ працягваюцца нудныя спрэчкі, далёкія ад надыходзячых падзей. Кожны крытык прапануе свае акляпаныя ва ўсіх газетах тэмы, забываючы, што ў сапраўднай літаратуры не можа быць ніякіх паўтарэнняў. «Упершыню ў беларускай літаратуры» – павінна перастаць быць індульгенцыяй і пропускам на Парнас. Паўтарэнне ўжо вядомага ў мастацтве ў нас магчыма толькі дзякуючы непадрыхтаванасці, неасведамлёнасці нашых чытачоў, сярод якіх многія яшчэ распісваюцца крыжыкамі. Усё гэта адносіцца ў першую чаргу да мяне. Смешна было б мне не знаць аб сваіх недахопах. Паэзія! Без візы будучыні – бяскрылая птушка. Ёсць у Антэ Цэцінео ў вершы «Без цябе» словы, сказаныя пра каханую, якія можна было б сказаць і пра паэзію.
        
Прыйдзі!
Без цябе я – мора без ветру,
Радасць без крыку, жыццё без смерці.
        
        Прачытаў Я. Івашкевіча «Лета ў Наане». Камедыя, поўная драматычнага напружання. Некаторыя з крытыкаў дакараюць аўтара, што сапсуў ён гэту рэч эратызмам, брудам надзённага жыцця... Усё гэта глупства! Я. Івашкевіч не баіцца дысанансаў, спраў балючых, «непрызваітых». Ён іх не абыходзіць і ў гэтым сваім творы, напісаным – як і ўсё, што выходзіць з-пад яго пяра, – па-майстэрску.
        Відаць, кожны з нас паўтараў першыя словы А. Міцкевіча з яго паэмы «Пан Тадэвуш»: «Літва, айчына мая...». Але толькі сёння я задумаўся над глыбейшым, сказаў бы, палітычным зместам гэтых слоў. Звяртацца яму да Польшчы, якую ён ніколі не бачыў, было б недарэчнасцю. Польшча была для яго краінай мовы. I ўсё іншае было непадзельна з ёю звязана.
        Пакідаю гэту тэму на пазней. Можа, некалі напішу, як некаторыя вучоныя мужы – аб нічым цэлы трактат.
        
        
22/VIII
        
        Быў на шарварачных работах. Канавамі акопвалі Мядзельскі гасцінец. Працаваў са слабаджанамі, пількаўшчанамі, магдулянамі... Участак мне выпаў лёгкі – пясчаны. За дзень выканаў свае дзве нормы. Дамоў вяртаўся праз Шыкавічы, Азаркі. Чамусьці ўспомнілася мне дарога з Пагіраў на паўстанак Яцукі. Можа, таму, што і лес быў падобны да таго, і сёння, як і тады, у заснуўшых пасёлках мяне доўга залівістым брэхам праводзілі сабакі, і сёння, як і тады, я стараўся адгадаць свой наступны дзень. У Вярхах мігцеў агонь кастра. Няўжо дзядзька Фадзей усё яшчэ пасвіць коней?.. Над балотам мільганула, падаючы, зорка. Ад закрута ракі цягнуўся туман.
        
        
24/VIII
        
        На гасцінцы сустрэў цэлы абоз з яловай карой, якую везлі на смаргонскія скураныя заводы.
        Вяртаўся я з поштай разам з Якімам. Ехаў ён на сваім захудалым, зацяганым гнядым, гледзячы на якога, цяжка было адгадаць, ці конь трымае аглоблі, ці аглоблі – каня. Сам Якім быў задзёрысты і няўжыўчывы чалавек. За свой век ён нажыў непрыяцеляў больш як трэба, каб гэты свет стаў пеклам. Да таго любіў яшчэ гандляваць коньмі. Гэта пра яго мой дзед казаў: «Хто коней мяняе, у таго і хамут гуляе».
        Вечарам узяўся за раман З. Мікалайціса-Пуцінаса «У цені алтароў», які выйшаў перакладзены на польскую мову.
        Святло з акна падае на дыск сланечніку, які прытуліўся да самай шыбы. А можа, гэта сланечнік асвятляе маю кануру.
        Перад сном хацеў паслухаць радыё. Здаецца, спяваў Я. Кепура, але голас яго быў нейкі далёкі-далёкі, ледзь прарываўся праз хрыпату навушнікаў.
        
        
25/VIII
        
        Відаць, у сувязі з заключэннем Савецка-Германскага пакта аб ненападзе суды пачалі даваць яшчэ большыя кары ўсім западозраным у камунізме. Так, апеляцыйны суд Б. Янкоўскай да дзесяці год дадаў яшчэ два гады.
        Цяпер кожнаму відаць, што не сваім часам распараджаюцца паны. Не сваім. Усе газеты адкрыта пішуць аб набліжэнні вайны. На польска-нямецкай граніцы даўно ўжо льецца кроў, адбываюцца розныя сутычкі, праводзіцца мабілізацыя.
        
        
26/VIII
        
        У апошнім сваім пісьме Н. піша, што чужыя людзі часта памыляюцца, ацэньваючы нашы творы. А мне здаецца – наадварот. Збоку бывае відней. Агітуе мяне болып заняцца гісторыяй, мінуўшчынай, вызваліцца з палону сацыяльных праблем, палітычных...
        Зноў заседзеўся да позняй ночы, аж пакуль не пачала гаснуць лямпа. В. прыслаў мне Б. Ясенскага. Чытаю яго «Якуба Шэлю». Перш я пазнаёміўся з беларускім перакладам гэтай паэмы. Але ў арыгінале – як і кожны выдатны твор – яна гучыць значна мацней.
        Хацеў паслухаць па радыё апошнія навіны, але вецер, відаць, абарваў маю самаробную антэну, і ў навушніках толькі чуваць быў шум, піск, а потым і зусім змоўк мой дэтэктар.
        
        
27/VIII
        
        «Кур’ер віленскі» перадрукаваў з каментарыямі А. Мікулькі з «Вядомосцяў літэрацкіх» артыкул Ст. Бруча аб маім літаратурным вечары ў Варшаве. I ў аднаго, і ў другога ёсць шмат цікавых для мяне заўваг. Асабліва здзівіла мяне празорлівасць Ст. Бруча: «Не ведаю, ці Танк напіша беларускую трэцюю частку «Дзядоў», але я ўпэўнены, што пракладзе для яе дарогу...». Як ён падслухаў мае думкі? З артыкула А. Мікулькі даведаўся, што мае вершы перакладаў Ю. Лабадоўскі. Нічога я раней не чуў пра гэтыя пераклады і не знаю нават, дзе яны друкаваліся.
        Паслаў пісьмо К. Яворскаму, які хоча перакласці майго «Кастуся Каліноўскага». Гэта, здаецца, будзе другі пераклад, пасля скузаўскага. Праўда, В. Скуза пакуль што пераклаў толькі другую частку паэмы.
        
        
28/VIII
        
        Чамусьці ўсе прывыклі гаварыць і пісаць аб адказнасці пісьменнікаў перад гісторыяй. Апошнія за рэдкім выняткам – заўсёды ўхвалялі мір, а свет няспынна абліваўся крывёй. Відаць, аб гэтай адказнасці трэба напамінаць некаму іншаму. Зноў знаёмлюся, па атрыманай ад маіх варшаўскіх сяброў літаратуры, з новымі напрамкамі. А для мяне, чалавека тэарэтычна непадрыхтаванага, справа гэта не такая простая. Бо некаторыя з сучасных напрамкаў з’яўляюцца на вельмі кароткі час і, пакінуўшы ў пярэдняй музея сваю візітную картку, назаўсёды знікаюць у Леце. Думаю, што не кожны гісторык і спецыяліст зможа потым успомніць, як выглядаў нябожчык, як быў апрануты і што ён гаварыў. Ды, па сваёй легкадумнасці, я не магу доўга затрымлівацца над рэчамі і ідэямі, якія мне здаюцца нуднымі. У адным я перакананы, што не літаратурныя напрамкі і школы нараджаюць пісьменнікаў, не літаратурныя напрамкі і школы ствараюць выдатныя творы. Павівальнай бабкай было і будзе – жыццё.
        Зноў да поўначы сядзеў за нуднай работай – пісаў лісты. С. пакрыўдзіўся, што я яму не адказаў на апошнюю паштоўку з Варшавы. Трэба будзе напісаць яму, што мы – беларусы – не вельмі любім карыстацца перапіскай, бо жывём у такія часы, калі рэдкія лісты даходзяць да адрасата. Ды і яго святы патрон – Адам – не вельмі любіў марнаваць час над карэспандэнцыяй.
        Вось дзядзька Рыгор піша, што пісьмо кампазітара Кошыца, якое тыдзень таму я яму паслаў, ён яшчэ не атрымаў. Баюся, што можа недзе загінуць гэта надзвычай цікавае пісьмо, у якім ён пісаў пра нашы народныя песні, над гарманізацыяй якіх ён зараз працуе, і пра мой зборнік вершаў «Пад мачтай».
        
        
29/VIII
        
        Радуюся, што вечары робяцца даўжэйшыя і ў мяне з кожным днём прыбывае больш вольнага часу. Прачытаў Талстога, Конрада, Бранеўскага, Шэмплінскую, Галендара, Гамсуна, Дзікенса, Добліна, Бурдацкага, Харамінскага, Бэнду (Літаратура, хрэстаматыя, частка II). У Варшаве, Вільні і Львове – арышты. Некалькі пісьменнікаў і журналістаў адпраўлены ў Картуз-Бярозу. Трэба быць падрыхтаваным да найгоршага. Адчуваю, што за кожным крокам сочаць паліцыя і розныя яе прыслужнікі; уся мая карэспандэнцыя праходзіць праз падвойную-патройную цэнзуру, пачынаючы ад солтыса і мядзельскай паліцыі, канчаючы на ваяводскіх чыноўніках ды розных следчых.
        Зараз нельга пісаць і пра пагоду, бо могуць западозрыць, што і пад гэтым словам нешта зашыфрована.
        
        
30/VІІІ
        
        На дварэ – цемень, хоць вока выкалі. Пакуль дабраўся да дзвярэй, скінуў з куфра нейкае вечка і пустую дзедаву сяўню, з якой ён кожны год, апрануўшы новую кашулю, нашча, з сонцам выходзіць на сваю спрадвечную працу сейбіта. Прайшоўшы з канца ў канец усё поле, ён потым, як нешта самае святое, перадае сяўню майму бацьку, бо ўжо самому яму цяжка хадзіць па свежай раллі. Апошнія гады і я пачынаю памагаць ім сеяць.
        – Можа, лучынай пасвяціць? – пытае маці.
        Праз расчыненыя дзверы сноп святла разганяе змрок. Я бяру аброць, сярмягу і іду на балота, дзе, прыслухаўшыся, можна здалёк пачуць, як, храпучы і чвокаючы папутанымі нагамі, пасуцца коні.
        Думаў, не раскладаючы кастра, паляжаць пад стогам, але ад ракі цягнула нейкім халадком, і я ля старой вывараці мусіў раскласці агонь. Дрэва, відаць, было смалістае, і полымя хутка, як лесавік, пачало скакаць, дражніць мяне, корчачы розныя міны, паказваючы свае то чорныя, то чырвоныя, то жоўтыя языкі, быццам хацела выклікаць мяне на бяседу. Пра што яно хацела даведацца? Я доўга глядзеў на агонь, пакуль ён, змораны, не запаў у прысак і мяне не адолеў сон. Не знаю, колькі часу драмаў. Разбудзілі мяне ржанне каня і ляскат калёс у Вялікім Бары. Гэта, напэўна, наш сусед Езуп вяртаўся аднекуль дамоў. Цікавы з яго чалавек. Ён нават у будні дзень аблётае ўсе хутары, каб дазнацца, што чуваць на свеце. Раней усіх выбіраецца на кірмаш і пазней усіх вяртаецца. А калі што прадае, дык, як скнара, назоліць усім купцам, пакуль яны ў яго што не купяць. I вельмі любіць ездзіць карацейшымі дарогамі, напрасткі. Нават вясной, калі ўжо ніхто не адважваецца адпраўляцца па храпаватым ільду Баторына ў Мядзела, ён будзе ездзіць, аж пакуль не праваліцца і не памогуць рыбакі выбрацца яму з купелі.
        
        
2/ІХ
        
        Учора пачалася вайна. Пачалася яна далёка ад нас, але ніхто не знае, дакуль дакоціцца яе полымя. Прыйшлі хлопцы са Слабады, пытаюцца, як ім аднесціся да мабілізацыі: ці ісці ў армію, ці хавацца. Што ім адказаць? Мне здаецца, што гэта вайна павінна перайсці ў вайну супроць фашызму, і не толькі нямецкага. I, зразумела, мы будзем і ў ёй удзельнічаць. Польскі ваенны камунікат перадае, што збіта 16 нямецкіх самалётаў, што на Вестэрплятэ ўсе атакі фашыстаў адбіты. Колькі там цяпер гіне нашых людзей? Бо пераважна ўсіх з крэсаў адпраўлялі служыць на заходняй граніцы.
        
        
3/ІХ
        
        А ў нас – быццам нічога трагічнага і не здарылася на свеце – жыццё як ішло, так і далей ідзе сваёй спрадвечнай дарогай. Перад абедам, калі завёў коней на атаву, я прабег праз Жукову і нарэзаў поўны кошык падасінавікаў ды баравікоў. Баравікі, праўда, старыя, нетаварныя. Маладыя павыбіралі слабаджане. Яны прыходзяць у грыбы, калі яшчэ і днець не пачынае. Вобмацкам іх шукаюць. Яшчэ не вырашыў: ці падацца мне ў Вільню, ці застацца дома.
        Сваткаўскі паліцыянт Жалезны двойчы нечага праязджаў на веласіпедзе міма нас. Нешта вынюхвае. Чуваць, некаторыя з пількаўшчан і магдулян, атрымаўшы прызыўныя павесткі з гміны, падаліся ў лес ды ў хмызы хавацца ад паліцыі.
        Усе гэтыя дні стаіць ясная і цёплая пагода. Нават выкупаўся ў сажалцы, у якой заўсёды мочым пяньку. Сажалку я летась паглыбіў. Зараз у ёй поўна рудой балотнай вады, зацягнутай зялёным рабаціннем водарасцяў.
        
        
4/ІХ
        
        Прыйшлі ад бульбы. Рукі пахнуць зямлёй і дымам ад кастра. Над сталом вісіць на драціне закапцелая лямпа. Яе святло падае на твар дзеду, які сядзіць на чырвоным кутку пад абразамі. Стары, са сваёй сівой раскладзістай барадой, выглядае больш рэальна, чым заседжаны мухамі Саваоф. Бабка засцілае настольнік, сястра Мілка раскладвае лыжкі. У кожнага свая лыжка. У дзеда – драўляная, а ў нас – самаробныя, адлітыя яшчэ з ваеннага алюмініевага лому нашым суседам-кавалём. Ад частага і шчырага скробання па дне гаршкоў, місак і латак яны пасціраліся, зрабіліся аднабокія. Такімі лыжкамі трэба ўмець есці, каб не разліць на настольнік стравы і каб нешта трапіла ў рот.
        Бацька кожны раз, калі садзіцца за стол, збіраецца купіць новыя лыжкі, але кожны раз, калі бывае на кірмашы, шкадуе траціць грошы на такую не дужа пільную прыладу ў гаспадарцы. «Было б, – кажа, – што есці, і старыя яшчэ могуць паслужыць». Відаць, новыя лыжкі, калі дажывём, будзем адліваць з новага ваеннага лому...
        А па вёсках галосяць маткі, чые дзеці ў войску. Пачалі падлічваць, хто ідзе служыць з пількаўшчан. Здаецца, амаль усе – на заходняй граніцы. На ўсходняй – рэдка каго з нашых трымалі... Заседзеліся за сталом, пакуль не выгарала газа ў лямпе. Я хацеў даліць, але бацька сказаў:
        – Не трэба. У пацёмку не гэтак дакучаюць мухі. А ад мух сапраўды няма ратунку. Роем звіняць у хаце. Ніякімі мухалоўкамі і мухаморамі іх не вынішчыш.
        Ноччу, наладзіўшы свой наравісты дэтэктар, праслухаў камунікат аб бамбардзіроўках фашыстамі Варшавы, Дэмбліна, Торуна, Кракава. Пад націскам фашысцкіх войск польскія часці змушаны адступаць на Слёнскім участку фронту.
        
        
7/ІХ
        
        Раніцай солтыс прынёс загад: здаць для арміі з кожнай гаспадаркі па некалькі мяшкоў. Навошта гэтыя мяшкі? Для ўмацаванняў? А вечарам – новы загад: завезці для кавалерыі ў Кабыльнік авёс. «Відаць, дрэнныя справы ў нашага мацарства, – скаліць зубы Захарка, – калі з першых дзён вайны пачало яно ў мужыкоў забіраць мяшкі ды аброк». Выдзер жа, чорт, аднекуль гэтае слова – «мацарства»!
        Учора, чуваць, паліцыя рабіла аблаву на дэзерціраў, толькі злавіць нікога не злавіла. Які дурань будзе сядзець дома! Цяпер, пакуль цёпла, у кожнай пуньцы ці ў стозе можна пераначаваць.
        
        
8/ІХ
        
        Разам з іншымі пількаўшчанамі ездзіў у Кабыльнікі здаваць авёс. Даўно ўжо не быў у Кабыльніку. Пасля пажару, калі выгаралі ўсе прылягаючыя да базару вуліцы, мястэчка адбудавалася і папрыгажэла. Дамоў вярталіся праз Купу. Налюбаваўся ў гэты раз і начнымі, і світальнымі пейзажамі Нарачы. У Скеме, як заўсёды, напаілі коней. Нідзе так ахвотна не п’юць коні, як з гэтай балотнай рачулкі. Нейкая адмысловая вада. На трыданаўскім магільніку, дзе яшчэ перад першай сусветнай вайной мой бацька з дзядзькам Ціханам шукалі скарбу, некага хавалі. Мы праязджалі ў той час, як укопвалі велізарны сасновы крыж. Сярод старых зялёных сосен і пачарнелых надмагільных пліт ён – белы, з шырока расстаўленымі рукамі – нагадваў нейкае недарэчнае пудзіла, з якім яшчэ не звыклася навакольная прырода.
        Дамоў вярнуўся пад вечар, калі над Вялікім Борам доўга палалі аблокі, быццам падпаленыя далёкім пажарам. З Махнаткі даносілася галашэнне: некага праводзілі на вайну.
        – Каго там маглі праводзіць? – спыніўшыся на ганку з вядром вады, старалася адгадаць маці. Сёння моўчкі сядзелі за вячэрнім сталом. Нават ніхто не цікавіўся, як я здаў авёс, з кім ездзіў, каго бачыў. Відаць, кожны думаў аб той бядзе, якая ўсё больш і больш набліжалася да нас, галосячы па хатах.
        Дзед – я ўпэўнены – непакоіўся, што зноў, як і ў мінулую вайну, усё нажытае, прыдбанае цяжкай працай, можа пайсці прахам, што зямля зноў можа задзірванець, а ўсе мы – рассеяцца па невядомых глухіх франтавых дарогах.
        Дзядзька Фадзей, відаць, шкадаваў, што, шмат год прабадзяўшыся па свеце, у такі неспакойны час вярнуўся дамоў.
        Бацька, які больш за ўсіх знаў, чым пахне вайна, сядзеў нейкі разгублены. Толькі пад канец вячэры пачаў раіцца з дзедам, што рабіць раней: ці аторваць бульбу, ці канчаць ляшыць жыта ў Дрывасеку.
        – Трэба было б падкаваць Лысага, а то зусім збіў капыты. Не будзе на кім і ў Мядзела з’ездзіць па соль ці запалкі.
        – А ты, Домка, чаму не вячэраеш?
        – Паспею! – адказвае маці і пачынае шаптаць свае пацеры. Пацеры ў яе бясконцыя. Яна моліцца за кожнага з нас, моліцца за жывых і памёршых, за хату і зямлю, за ўсіх людцаў на свеце. Такой малітвы я нідзе не чуў, як малітва маёй маці...
        
        
9/ІХ
        
        Мы – песняры народа невялікага, пра які мала хто чуў на свеце, і ў той жа час мы – песняры народа вялікага і такога багатага, які нават не знае ўсіх сваіх дзяцей, усіх сваіх скарбаў...
        Нейкі сёння глухі дзень: ні газет, ні пісем, ні вестак ад сяброў – усё не магу наладзіць свой дэтэктарны радыёпрыёмнік. За што б ні ўзяўся – здаецца, не тое раблю, што трэба. Пачаў перакладаць цікавы верш Вайнтраўба «Люстра»:
        
Далонь, затопленая ў люстры,
Пад мяккім дотыкам адчула
Жывую гіпсавую маску.
Калі яе са дна ўзняла,
Дык вызваліла цемру,
Захованую ў чалавека,
Які схіліўся над самім сабой...
        
        За апошнія ночы прачытаў Г. Маляпарта «Легенда Леніна», Сланімскага «Збор твораў», З. Ундсет «Алаф сын Андуна».
        
        
12/ІХ
        
        Пазычыў аповесць Стасько, якім тут зачытваецца ўся гмінная інтэлігенцыя. Дарэчы, ніхто, здаецца, не прасачыў, чаму такія кнігі часамі карыстаюцца надзвычайнай папулярнасцю ў чытачоў.
        Ездзіў у Крывічы па лякарства для маці, якой зноў дакучае раматус. Конь, пасля арбы, памалу цягнуўся шырокім і пыльным, зрытым калдобінамі, сваткаўскім гасцінцам. Якія высокія выраслі некалі пасаджаныя тут намі, школьнікамі, бярозы! Заслухаўшыся ў іх шум, я і не заўважыў, як мінуў Азярко і заглыбіўся ў бор, не заўважыў і хмары, якая густой сеткай дажджу накрыла мяне, сосны і сівыя курганы-валатоўкі. Пад густым парасонам хваіны я мусіў спыніць каня і перачакаць, покуль сцішыцца дождж. У галаву лезлі нейкія фантастычныя вобразы, навеяныя маўклівасцю гэтых курганоў, у якіх спіць далёкая мінуўшчына, гісторыя нашай зямлі... Помню, калі вучыўся ў Сватках, мы хадзілі раскопваць гэтыя курганы. У адным – знайшлі косці, іржавую сякеру, меч, у другім – прыгожыя бурштынавыя пацеркі. Зараз многія з гэтых курганоў разараны, толькі ў сасняку, перад Гарадзішчам, яшчэ некалькі дзесяткаў іх дажывае свой век. Паміж сосен неспадзявана з’явілася старэнькая бабка з кошыкам баравікоў і знікла ў шуме і ў цемені ядлоўцаў.
        Дождж пачаў драбнець. I, можа, гэту вестку лясным жыхарам дзяцел нястомна выстукваў на прыдарожнай сасне.
        У Крывічах каля рэстарана сустрэліся мясцовыя палітыкі.
        – Пане, немцы пры сустрэчы з нашымі «Ласямі» не ведаюць, куды ўцякаць... Нашы зусім разбамбілі Берлін.
        – А вы чулі? Англічане высадзіліся ў Гдыні.
        – Пасля затаплення «Атэніі» і Амерыка не будзе маўчаць.
        – Не з тымі швабы задзёрліся... Нашы ў Прусіі...
        – Французы праламалі і здабылі лінію Зігфрыда...
        Я толькі заўчора пачуў, што Францыя і Англія абвясцілі немцам вайну. Няўжо англічане паспелі ўжо высадзіцца ў Гдыні? Ноччу праслухаў па радыё выступленне прэзідэнта горада Варшавы Старжынскага. Невясёлыя былі яго заключныя словы: «Варшава... будзе змагацца...».
        
        
14/ІХ
        
        Знайшоў у чарнавіках стары верш «Кожны дзень шукаюць маю песню», напісаны яшчэ ў 1930 годзе. Перш думаў спаліць яго, а потым вырашыў перапісаць і захаваць на памяць, як гэта робяць археолагі, знайшоўшы ў раскопках нейкую старую ржавую матыку ці каменную сякеру.
        Зноў нашы хутары наведала паліцыя. Адзін з паліцыянтаў заехаў да нас, быццам напіцца вады. Я вынес да студні нашу старую медную, зробленую з гільзы снарада, конаўку.
        Пацікавіўся прадстаўнік улады, ці не збіраюся я куды ехаць.
        – А куды і чаго ехаць у такі час? – адказаў я.
        Колы веласіпеда і боты паліцыянта былі ў гразі.
        Відаць, нечага блукаў па нашых пружанскіх сцежках, бо толькі там яшчэ не высахлі калдобіны.
        Вечарам пад яблынямі назбіраў некалькі кошыкаў ападу і высыпаў у пуні на сена. З пахам мурагу змяшаўся пах мундэраў, цітавак, антонавак. Праз адчыненыя вароты на гэты хмельны пах роем ляцяць асвянкі. Толькі звон у пуні.
        Зноў удалося вывудзіць з дзедавай гавэнды некалькі прыказак:
        
Доўг не раве, а спаць не дае;
 
Павер босы ходзіць;
 
Паміраць збірайся, а жыта сей.
        
        Цэлы дзень нашу ў сабе, як стрэмку, пачатак і канец верша «На пахаванні».
        
Хаваюць салдат у Судэтах,
Іх труны цяжкія, як зрубы,
Вязуць на гарматных лафетах;
Галосяць мядзяныя трубы.
 
Каб мёртвыя не пракліналі
Вас, што іх на смерць павялі, –
Болып сыпце на раны медаляў,
На вусны – маўклівай зямлі!
        
        Запісваю пачатак яшчэ аднаго верша, навеянага сустрэчай з Балтыкай.
        
Мора! Вось калі сустрэліся з табой мы,
Хоць пра гэту стрэчу марылі не раз.
Толькі мала было дзён у мяне вольных,
I табе было далека плыць да нас.
 
Як я рад, што бачу ў сіняве высокай
Крылы чаек, як сустрэчныя сцягі,
I твайго прыбою чую вольны рокат,
Абдымаю твае хвалі, берагі...
        
        Відаць, цяпер не пазнаў бы ні спаленай і разбуранай фашыстамі Гдыні, ні маляўнічых берагавых дзюн, зрытых акопамі, усеяных магіламі. На хвалях Рашынскай радыёстанцыі пачалі немцы перадаваць свае камунікаты. Няўжо Варшава пала?
        
        
15/ІХ
        
        Даўно не сустракаўся з героямі сваёй паэмы. Вайна, напэўна, змусіць унесці некаторыя карэктывы ў іх прыгоды, а можа, прыйдзецца нанава перапісаць і ўсю паэму, у якой вельмі марудна разгортваюцца падзеі. Зараз усё больш і больш бачу недахопаў у яе кампазіцыі. А найбольшая цяжкасць – гэта сказаць у сваім творы праўду аб нашым жыцці, без чаго ці мае якую-небудзь вартасць паэзія, калі яна прэтэндуе на нешта болынае, чым забыццё.
        Прыйшла паштоўка ад Лю, з якой даведаўся, што яна атрымала мае новыя, высланыя ёй вершы. З дому нікуды мне выязджаць не раіць. На маё досыць наіўнае пытанне аб канцы вайны піша: «Думаю, што вайна кончыцца тады, калі будзе знішчаны Гітлер і ўвесь яго фашысцкі зброд». Напісаныя ёю гэтыя газетныя радкі сёння здаліся мне такой глыбокай праўдай, якую яшчэ нямногія ўсведамляюць. У канцы піша, што будучыня залежыць ад нас. Толькі якая перад намі будучыня? Я некалькі разоў перачытаў гэту паштоўку і падзівіўся, што на невялічкай картцы паперы яна змясціла шмат для мяне цікавых вестак і яшчэ хапіла месца пажурыць мяне, што са спазненнем адказваю на яе лісты.
        
        
16/ІХ
        
        Радыё перадае супярэчлівыя камунікаты аб становішчы на фронце. Адно ясна, што польская армія, разбітая, адступае. Здарылася тое, што даўно людзі, якія хоць крыху былі знаёмыя з эканамічным становішчам краіны і палітыкай санацыі, прадбачылі і гаварылі.
        Раніцай над Пількаўшчынай нізка праляцелі нейкія два самалёты. Гук іх быў зусім не падобны да таго, які даводзілася чуць. Але якія былі на іх знакі, у імгле нельга было разглядзець.
        Цэлы дзень капалі ля Краснаўкі бульбу. I хоць цёпла было, я са старых, выараных плугам карчоў распаліў агонь. Падышлі слабадскія пастухі, каб прасушыць свае набраклыя балотнай іржой парцянкі, вопратку. Расказвалі, што на астравах знайшлі нечы самагонны апарат. Каровы, напіўшыся брагі, цэлы дзень былі як п’яныя.
        Дзьме цёплы паўднёвы вецер, шасцяць павешаныя пад свірнам сухія абаранкі лазы. У хаце пахне свежым вялікім хлебам, які выпякаюць у нас на цэлы месяц, аж да вечара на лаве астывалі буханкі. Трэба будзе памагчы маці пазносіць іх у істопку.
        
        
17/ІХ
        
        Не знаю, з чаго нават пачынаць запісваць падзеі гэтага дня. Хіба – з усходу сонца, якое хоць і дакладна ўзышло па календары, але гэта ўжо быў каляндар новага жыцця і іншы ўсход сонца.
        Раніцай прыехалі на веласіпедах слабадскія хлопцы, сярод якіх быў і Кірыл Карабейнік. Яны першыя пачулі па радыё і прывезлі мне гэту ашаламляючую радасную вестку, што Чырвоная Армія перайшла граніцу і ідзе вызваляць Заходнюю Беларусь. Цікава, сама ідэя вызвалення Заходняй Беларусі пры дапамозе нашых усходніх братоў – не была новая. Толькі за дваццаць год акупацыі, я сказаў бы, яна стала літаратурнай тэмай.
        I калі запаветная мара здзейснілася, мы ёй не менш здзівіліся, як ажыццяўленню казкі.
        Я пазычыў у Глінскіх веласіпед, і мы ўсёй кампаніяй паехалі ў Мядзела, дзе, чуваць, была ўжо Чырвоная Армія. I сапраўды, з Навасёлкаў мы ўбачылі натоўп сялян, якія віталі байцоў, крычалі «ўра!», калі міма праходзілі машыны, танкі. Увесь гэты бясконцы паток людзей, не бачанай намі тэхнікі з шумам і грукатам пераможна плыў на захад. Мы спыніліся на ўзгорку паміж Новым і Старым Мядзелам, адкуль яшчэ больш велічная адкрывалася перад намі карціна. Некаторыя кавалерыйскія часці на хвіліну спыняліся каля млына і паілі ў Мястры сваіх коней, а байцы змывалі з твару дарожны пыл і стому.
        Дык вось наша свабода! Толькі я нейкі непадрыхтаваны сустракаю яе. Прыйшла ў хату гэта госця, а я ад хвалявання не знаю, дзе яе пасадзіць, чым яе частаваць, з чаго пачаць гутарку. Мне прыгадаўся расказ маёй маці пра сустрэчу двух салдат-аднасяльчан, якія не бачыліся некалькі год. «Сядзяць, – кажа яна, – у нас на прызбе, скрабуць бульбу і моўчкі ўсміхаюцца, паглядаючы адзін на аднаго, не верачы ў свае шчасце, што сустрэліся на цяжкіх і крывавых дарогах вайны».
        Пад вечар хлопцы пайшлі па маёнтках раззбройваць паноў. Арыштавалі сваткаўскіх паліцэйскіх. Толькі каменданту ўдалося некуды ўцячы. Паліцэйскія – Група і Жалязны, – якія часта ў нас рабілі вобыскі і ганялі па этапах нас у Паставы, сустрэўшыся са мной, перапалохаліся. Відаць, думалі, што мы ім наладзім самасуд за ўсе іх розныя судовыя справы, допыты ў пастарунку, пратаколы, штрафы... Але ніхто іх не чапаў. Перадалі, як палонных, у рукі чырвонаармейцаў. I я ўзброіўся асадніцкім браўнінгам. Вінтоўкі ўзялі хлопцы, якія пайшлі адбіраць зброю ў стральцоў, кракусаў і вузлянскіх асаднікаў.
        
        
22/ІХ
        
        Афіцыйна яшчэ нідзе не працую, але і дома бываю рэдка. Пачынаюць арганізоўвацца розныя часовыя ўрадавыя і сялянскія камітэты, міліцыя. Цэлымі днямі з былымі капэзэбоўцамі і камсамольцамі ездзім па Мядзельшчыне – наводзім новы лад і на зямлі, і на небе.
        
        
25/ІХ
        
        Наразалі надзелы панскай зямлі малазямельным мядзельчанам і навасёлкаўцам. Тут прыдаліся і мае сякія-такія веды, набытыя некалі на меліярацыйных курсах, хоць мераць прыходзілася без каморніцкіх прылад – лейцамі ды крокамі.
        Сёння, калі быў у Сялянскім камітэце, зайшоў да мяне ваенны карэспандэнт. Назваўся Быкоўскім. Я яму падарыў свой зборнік «Пад мачтай». Цікавіўся маёй творчасцю, жыццём. Пытаўся, што думаю рабіць, над чым працаваць і г. д.
        
29/ІХ
        
        З жахам агледзеўся, што мне мінула 27 год!
        А ў мяне толькі некалькі зборнікаў вершаў, сярод якіх 75 працэнтаў слабых, 20 працэнтаў – сярэдніх і толькі 5 працэнтаў – добрых. Няма чым хваліцца.
        
        
1/Х
        
        Дома – гармідар. Прыязджаюць, ідуць розныя наведвальнікі, быццам я – нейкі дарадчык па ўсіх справах. Адным раю да каго звярнуцца, другім пішу заявы, просьбы да нашых савецкіх устаноў. Сярод гэтых наведвальнікаў трапляюцца і такія, што трасуцца над сваёй зямлёй, над сваімі крамамі, грашамі – багаццем, якое прагна збіралі дзесяткамі год і якое зараз страціла сваю былую вартасць. Аж агідна глядзець на гэтых учарашніх гаспадароў жыцця, з якімі яшчэ не так даўно ўсе былі змушаны лічыцца. Зараз яны стараюцца быць непрыкметнымі, ціхімі, толькі каб перачакаць гэты грозны і незразумелы для іх час, непрадбачаныя імі падзеі. Чамусьці большасці з іх усе гістарычныя змены, усе рэвалюцыі здаюцца часовымі, нейкай памылкай.
        Трэба ехаць у Вільню. Толькі пакуль што не маю адтуль ніякіх вестак. Пачаў пісаць верш – першы верш на вызваленай зямлі, чарнавік, якога мне ўжо не трэба недзе хаваць. Пачатак гэтага верша не прыйшлося доўга шукаць, бо ён быў на вуснах народа: «Здарова, таварышы!..».
        
        
2/Х
        
        Стараюся ўсё занатаваць у свой блакнот. Нататкі мае досыць хаатычныя, але я ўпэўнены, што з іх мне некалі ўдасца скласці сваю табліцу жыццёвых элементаў. Перада мною стаіць сур’ёзная праблема – праблема ўключэння ў новую тэматыку. Бо ўсё, што я да гэтага часу пісаў, магчыма, мне самому будзе хутка здавацца пісанінай з таго свету. I агулам, нашай заходнебеларускай паэзіі трэба будзе навучыцца больш самастойна думаць.
        Сёння падчас абеду каршун нарабіў у курэй перапалоху. Пакуль дасталі дзедаву жвіроўку, каршун ужо быў над лазняй, і мы не паспелі яго як след напалохаць. Трэба будзе высачыць, дзе яго прыстанішча.
        За ноч вецер наатрасаў антонавак. Бацька ўзяўся кляпаць косы, відаць, будзем на гумне – ужо каторы раз – касіць атаву. А то коні абласаваліся і ідуць на яе, а потым залазяць у пераплоты. Толькі і глядзі за імі.
        Пад вечар на Памарацкім балоце нашы вартавыя абстралялі групу паліцэйскіх. Але затрымаць нікога не ўдалося. Цяпер гэтыя паны, хаваючыся, цягнуцца да літоўскай граніцы.
        
        
3/Х
        
        З газет, якія сёння прыйшлі з Мядзела, даведаўся, што 26 верасня ў Вільні адбыўся сход інтэлігенцыі, на якім выступалі С. Бусел, Ф. Грышкевіч, А. Луцкевіч... Апошні заклікаў беларускую інтэлігенцыю энергічнай работай забяспечыць росквіт культуры, навукі, мастацтва ў Заходняй Беларусі. Няўжо ніхто з газетных работнікаў не знае, што некаторыя з сённяшніх палымяных трыбунаў, якія вітаюць савецкую ўладу, усё жыццё, як маглі, змагаліся супраць яе.
        Падобны сход адбыўся ў Беластоку. На ім выступалі савецкія пісьменнікі: Лынькоў, Кірсанаў, Далматоўскі, Ісбах.
        У буйнейшых гарадах ужо ідуць савецкія фільмы. Яшчэ не ведаю, калі крануся з дому, але пачынаю рыхтавацца ў дарогу: складаю свае рукапісы, зборнікі.
        Маці ўвешала частакол вымытымі і вышараванымі гладышамі. Адны – чорныя, другія – паліваныя, рудыя, трэція – зусім жоўтыя. З дарогі здаецца, што гэта грамада дзяцей, перавесіўшыся праз плот, сочыць, хто ідзе ці едзе. У падстрэшак згроб раскіданы курамі з кашаля пошар. На дзянніку нечага сабакі ўзнялі гармідар. Відаць, некаторы сарваўся з прывязі.
        Пад вечар пачалі з пераплотаў прымаць сухі гарох. Я скідваў, а дзед насіў у застаронак. Падчас гэтай аперацыі старому заляцела за кашулю палявая мышка. Ну і напалохаўся стары, пакуль здзёр з плячэй кашулю. Ледзь уседзеў на пераплотах, хоць і смяяцца з яго бяды не выпадала.
        
        
7/Х
        
        Пісьмо ад Лю. Піша, каб хутчэй прыязджаў у Вільню, куды выклікае мяне начальнік Часовага ўпраўлення I. Ф. Клімаў. Трэба збіраць свае манаткі ды ехаць.
        Днём з Кірылам Карабейнікам і іншымі хлопцамі хадзілі прачосваць лес, але нікога не сустрэлі. Пастралялі з трафейнай зброі ды вярнуліся дамоў. На дуброве сустрэў Захарку. Расказаў ён мне, як аднойчы пасварыўся быў са сваткоўскім папом падчас споведзі, за якую ён не меў чым заплаціць.
        – Я табе, – пагразіў, – яшчэ ўсе вокны павыб’ю, калі ты данясеш пра мае грахі каму на зямлі ці на небе!
        I поп, казаў, спалохаўся. Без грошай адпусціў усе грахі.
        
        
10/Х
        
        Перапоўненым цягніком, які ішоў, падоўгу спыняючыся на ўсіх станцыях і пераездах, раніцай я прыехаў у Вільню. У Лю ўжо быў для мяне запрашальны білет на літаратурны вечар, у якім было напісана:
        «Паважаны таварыш! Запрашаем Вас на літаратурны вечар з удзелам беларускіх савецкіх паэтаў-ардэнаносцаў Петруся Броўкі і Пятра Глебкі. Вечар адбудзецца 10/Х у 5 г. вечара па мясцоваму часу ў зале тэатра «Лютня».
        Аддзел культуры і асветы Часовага ўпраўлення г. Вільні».
        Часу да вечара яшчэ аставалася шмат, і мы з Лю пайшлі паблукаць па горадзе. Выйшлі на Легіяновую, Пагулянку, Завальную... Вуліцы, як ніколі, былі перапоўнены народам. Відаць, у горадзе шмат было бежанцаў з цэнтральнай Польшчы, якія апынуліся ў гэтым віленскім мяшку і зараз не зналі, куды падацца. Шмат хто, чуваць, стараўся перабрацца ў Літву, а з Літвы – на Захад. Каля тэатра «Лютня» вісеў велізарны плакат з прозвішчамі ўдзельнікаў гэтага літаратурнага вечара, сярод якіх было і маё імя. Міма пляца Ажэшкі ў напрамку Зялёнага моста са страшэнным грукатам ішлі танкі і каціліся на сваіх абручах велізарныя цыстэрны, якія цягнулі магутныя трактары. Усе глядзелі на гэтую нябачную тэхніку Чырвонай Арміі. Адны глядзелі са здзіўленнем і захапленнем, другія – разгублена. Бо столькі год санацыйная прапаганда распаўсюджвала розныя чуткі, што Чырвоная Армія ўзброена старымі вінтоўкамі, фанернымі танкамі і г. д.
        Потым пайшоў бясконцы паток грузавых машын, які надоўга перагарадзіў вуліцу Міцкевіча, спыніўшы па ёй усякі рух.
        Вечар, як і можна было спадзявацца, зацягнуўся, бо шмат было выступаючых. Гэта, здаецца, быў першы такі вялікі інтэрнацыянальны літаратурны вечар у Вільні, калі не лічыць розных ранейшых першамайскіх вечароў, якія былі меншыя і не з такім размахам арганізаваныя. Адкрыў і вёў вечар рэдактар «Віленскай праўды» Афенгейм. Як рэдактар, можа, ён быў і добры, але як прамоўца – слабы, ды голас у яго быў нейкі прастуджаны, пісклявы. Напэўна, у апошніх радах не чуваць было, што ён гаварыў, бо я нават у прэзідыуме не ўсё мог улавіць. Я выступаў адным з апошніх. Чытаў фрагменты з «Нарачы» і свой новы верш «Здарова, таварышы!..». Калі закончыліся выступленні, я пазнаёміўся з П. Броўкам, П. Глебкам, А. Кучарам, А. Лебедзевым, якія запрасілі мяне з Любай і Рыгора Раманавіча на вячэру ў рэстаран «Штраль». Вечар пакінуў харошае ўражанне. Асабліва мне спадабалася паэма П. Броўкі «Праз горы і стэп», якую ён з аратарскім пафасам прачытаў на гэтым вечары.
        Вяртаючыся на Буковую вуліцу, мы з Лю ўсю дарогу гаварылі пра гэты незабыўны вечар, пра нашых новых сяброў і пра нашы планы. Яна збіралася пайсці працаваць настаўніцай, а я – у рэдакцыю газеты «Віленская праўда», куды мяне ўжо запрашаў яе рэдактар. Планы, планы!
        Заўтра трэба нам быць у I. Ф. Клімава, па выкліку якога я і прыехаў у Вільню.
        
        
11/Х
        
        Сёння быў у рэдакцыі газеты «Віленская праўда», якая размясцілася ў велізарным гмаху былога «Кур’ера віленскага». Рэдактар пазнаёміў мяне з некаторымі работнікамі рэдакцыі, колькасць якіх мне здалася астранамічнай. Да гэтага я працаваў у невялічкіх нашых газетах, дзе ўвесь штат складаўся з двух-трох добраахвотнікаў, якія былі і творчымі адміністратыўнымі работнікамі, і пісалі, і вычытвалі, рассылалі сваю газету.
        А ў гэтым камбінаце з некалькімі дзесяткамі пакояў можна было згубіцца.
        Праўда, на рэдактарскім стале стаяла цэлая батарэя тэлефонаў і нават быў званок, якім рэдактар выклікаў сакратарку і даваў ёй неверагодную колькасць розных даручэнняў.
        Толькі тут я зразумеў, што пры такім размаху рэдактара і гэта колькасць людзей можа быць недастатковай. Перагортваючы падшыўку «Віленскай праўды», я неспадзявана напароўся на свой верш «Паслухайце, вясна ідзе», у якім нехта дапісаў бязглуздую чацвёртую страфу, якой у мяне не было. Няўжо гэта зрабіў той Быкоўскі, якому я калісьці ў Мядзеле падарыў свой зборнік?
        У Часовым упраўленні нас з Лю дужа сардэчна сустрэў I. Ф. Клімаў. У Івана Фролавіча на стале ляжалі мае зборнікі вершаў. I ён пачаў са мною гаварыць як з даўно знаёмым яму чалавекам. Пасля гэтай сустрэчы мы ішлі з Лю па Вільні, першы раз такія акрыленыя і шчаслівыя. Хацелася нашай радасцю падзяліцца з сябрамі, але дзе цяпер іх знойдзеш! Усе працуюць у розных установах, усе перабраліся на новыя кватэры. I ўсё ж трэба будзе паспрабаваць адшукаць Кастуся, М. Бурсевіча, Ё. Каросаса, Е. Путраманта і інш.
        Вечарам з Лю пайшлі ў кіно «Геліос», дзе ў натоўпе бачыў лукішскага стражніка пшадоўніка Стшэлецкага, які хутка недзе знік. Можа, мяне заўважыў. Каго тут толькі не сустрэнеш, у гэтым горадзе! У перапоўненых рэстаранах сядзяць былыя абшарнікі, урадоўцы, пераапранутыя ў цывільную вопратку паліцэйскія і ваенныя – п’юць дзень і ноч, быццам спраўляюць хаўтуры па былым жыцці, па сваіх маёнтках і надзеях.
        
        
13/Х
        
        Зноў былі з Лю ў I. Ф. Клімава. Ад яго даведаліся аб перадачы Вільні Літве. Ён загадаў выдаць мне 60 злотых на пераезд у Вілейку, куды праз 7–10 дзён і сам са сваім апаратам збіраецца перабрацца. Цэлы дзень мы рыхтаваліся з Лю ў дарогу. I хоць часу ў нас было зусім мала, пасля абеду мне яшчэ удалося абысці Закрэт, пабываць нават на Замкавай гары і ўзбярэжжы Віллі, дзе летам 1936 г. з Паўлікам і Гарасімам, забраўшыся на плыты, пісалі адозву, якая пачыналася словамі: «Прытыцкі мусіць жыць...» Прызнацца, шкада было пакідаць Вільню – горад, з якім зжыліся, з якім у нас звязана столькі розных успамінаў. Але едзем мы насустрач новаму жыццю, якое абяцае быць болын светлым, болын цікавым і змястоўным. Заходзіў да Казіка Петрусевіча. Усе нашы польскія сябры таксама збіраюцца ехаць у Вілейку.
        Вечарам забег развітацца з дзядзькам Рыгорам. Ён мне падарыў свой новы зборнік «Нашы песні». З радасцю я даведаўся, што і ён гэтымі днямі з усёй сваёй сям’ёй накіроўваецца на ўсход. Зараз з Вільні столькі выязджае людзей, што вакзал перапоўнены, каля білетных кас – і днём і ноччу натоўп. Пачалося вялікае перасяленне. Усё, што вякамі не праяўляла ніякага руху, скранулася са свайго месца.
        
        
16/Х
        
        Дні, падзеі пераносяцца з хуткасцю кінаплёнкі. Вярнуўся ў сваю Пількаўшчыну. Лю, пакуль перабраліся ў Вілейку, спынілася ў сястры Веры ў Сэрвачах. На вёсцы – каму трэба і не трэба – усе пачалі будавацца, рэзаць лес. Калі вёў коней з Вярхоў, недзе за плёсамі палала зарыва далёкага пажару. Дзед і бацька стаялі на ганку і варажылі: дзе і што гэта магло гарэць. Чуваць, што ў бок Губскай пушчы сцягваюцца нявылаўленыя паліцэйскія і асаднікі, бо тут у нас усе дарогі пад пільным кантролем нашай народнай міліцыі. Відаць, гэтыя паны і выгналі з пушчы ды з графскага лесу чараду дзікіх свіней, якія апошнімі днямі з’явіліся ў нашых ваколіцах і пачалі выходзіць рыць бульбянішчы.
        
        
16/Х
        
        Вылучаюць кандыдатаў у Народны сход. Некаторыя хлопцы з Мядзела, Слабады хацелі і мяне вылучыць, але нейкі палітрук, расказвалі мне, – даведаўшыся, што я быў членам КПЗБ, параіў ім вылучыць каго іншага, дыпламатычна тлумачачы, што я як пісьменнік, напэўна, хутка паеду ў Мінск, не буду тут сядзець. Агулам, адчуваецца з боку раённых кіраўнікоў нейкая насцярожанасць да былых членаў КПЗБ. Многія з маіх былых сяброў нават ужо не прызнаюцца, што яны некалі бралі актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху, бо зараз асабліва цэняць тых, хто да самага вызвалення ціха сядзеў дома. Ледзь не са свечкай шукаюць падобных «дзеячаў». Што да мяне, дык я, як і раней, ад розных прыкрасцей уцякаю ў паэзію, у якой мой партыйны стаж у КПЗБ ніколі не быў мне перашкодай.
        Перапісаў са старых сшыткаў тры свае юнацкія вершы: «Колькі часу...», «Снежны вецер», «У дзень панскай незалежнасці». Апошні быў так зашыфраваны, што я яго ледзь аднавіў.
        
        
20/Х
        
        Ад Путраманта з Дакудава прыйшла паштоўка. Піша, што ўзяўся за аповесць. Нешта яго апошнія гады цягне на прозу. Ці не думае ён зусім развітацца з паэзіяй? Скардзіцца, што пасля Вільні апынуўся ў нейкай соннай атмасферы. Просіць напісаць яму, куды збіраюся падацца, і, калі дзе спынюся, каб прыслаў яму свой новы адрас.
        Пасля паўдня на арбе падмяніў дзядзьку Фадзея. У таго сёння паганы настрой. На камяністым Дрываску некалькі раз ірваліся новыя пабоцні. Кляне гэтую цяжкую зямлю на ўсіх вядомых яму мовах. Некаторыя нямецкія, іспанскія і асабліва чэшскія словы, прывезеныя ім са шматгадовых бясконцых вандровак па свету, нават прыжыліся ў нашай хаце.
        Прыйшлі Сашка Асаевіч і Кірыл Карабейнік. З трафейнай, адабранай ва ўзлянскіх асаднікаў зброі стралялі па шапках. Відаць, цэлыя былі б нашы шапкі, каб не ўмяшаўся дзядзька Фадзей, які так іх пашкуматаў са сваёй пястуноўкі, што сталі не прыдатны і варонам на гнёзды.
        Пад вечар будзем пераносіць з пераплотаў у ток сухую грачыху. Сёлета яна не ўрадзіла. Не было як ні жаць, ні касіць. Ірвалі, як лён.
        Ніяк не збяруся перагледзець гадавікі польскіх і беларускіх старых часопісаў: «Варшаўскі цырульнік», «Муха», «Шпількі», «Вераб’і на даху», «Маланка», «Асва». Знайшоў я іх сярод розных папер, газет у будынку былой Мядзельскай гміны, калі ўсю гэту макулатуру палілі ў печах.
        
        
25/Х
        
        Праз шмат год зноў апынуўся ў старой і знаёмай мне Вілейцы. Зараз цяжка пазнаць гэты былы захалусны павятовы гарадок, слаўны сваім высачэзным касцёлам і пабудаванай яшчэ пры цару турмой. Калі глядзіш на гэты горад з боку лугу, яго разнаколерныя аднапавярховыя домікі, платы здаюцца бялізнай, развешанай на даўжэзнай вяроўцы, нацягнутай над перапоўненым зеленаватай вадой карытам Віллі.
        Са станцыі я пайшоў да свайго гаспадара Бутара, У якога калісьці кватараваў і з сынамі якога – Мікалаем і Васілём – разам вучыўся ў гімназіі. Думаў, што, можа, на нейкі час мне ўдасца спыніцца ў яго. Але невялічкая хата Бутара была так перапоўнена кватарантамі, што не было куды і носа ўтачыць. А ў самога старога бяда: памерла жонка і сыны яшчэ не вярнуліся з вайны. Апошнія лісты ад іх былі з Варшавы. Пасядзелі мы з ім, пагутарылі пра свае розныя справы. Дзень быў досыць цёплы. На станцыі, забітай ваеннымі эшалонамі, гулка пераклікаліся паравозы. Іх цяжкі дым вецер слаў па зямлі, гнаў праз сады, агароды на тартакі, дзе чуваць быў несціханы звон цыркулярак, гул і грукат грузавікоў. Развітаўшыся з гаспадаром, я пайшоў шукаць абласны аддзел народнай асветы і рэдакцыю. Яшчэ ніхто з сустрэтых віляйчан не знаў, дзе яны знаходзяцца. Я толькі здагадваўся, што такія ўстановы павінны быць недзе ў цэнтры горада. Ішоў я старымі, знаёмымі вуліцамі, якія амаль зусім не змяніліся, асталіся такімі ж, якімі былі 15–10 год таму назад. Толькі дзе-нідзе над былымі крамамі віселі новыя шыльды: «Абутковы магазін», «Хлеб», «Кнігі і школьныя прылады»... Хацеў зайсці ў чайную перакусіць, але народу было шмат, і я падаўся далей. Неспадзявана ў старым парку сустрэў сваіх старых сяброў В. Мілянцэвіча і А. Кананюка.
        I яны прыехалі сюды з Вільні. Працуюць у бальніцы, жывуць недзе на ўскраіне. Далі мне свой адрас, прасілі, каб вечарам зайшоў да іх.
        У парку на невялікай палянцы стаяла збітая з дошак трыбуна. Відаць, тут быў нейкі мітынг. На адной з лавак нехта спаў, прыкрыўшыся газетай. Можа, і мне давядзецца, пакуль знайду якое прыстанішча, вось так правесці ноч. Дарожкі парку аж гарэлі ад залатога лістападу.
        
        
28/Х
        
        Заўтра ў Беластоку адкрываецца Народны сход. Шкада, што я, заняты пераездамі – з Вільні ў Пількаўшчыну, з Шлькаўшчыны ў Вілейку, – не змог паехаць нейкім карэспандэнтам ці звычайным гледачом у Беласток. Тое, што зараз там адбываецца, мне, як паэту з Заходняй Беларусі, трэба было бачыць на свае вочы і чуць сваімі вушамі. Перажытае самім не заменяць ніякія самыя дакладныя справаздачы, карэспандэнцыі, рэляцыі, апавяданні іншых.
        У абласным аддзеле народнай асветы мне прапануюць працу ў сектары нацыянальных школ, паколькі я знаю польскую мову. Тут працуе шмат віляйчан на пасадах розных інспектараў, інструктараў, метадыстаў.
        Агулам, куды б ні пайшоў – усюды прапануюць працу, працу і працу. Прызнацца, аж не верыцца, што для ўсіх ёсць праца. Я помню, колькі лішніх рук было толькі ў маёй Пількаўшчыне, на Мядзелыпчыне. А што ўжо казаць пра нашы «ўсходнія крэсы»!
        
        
29/Х
        
        У невялічкім пакоі жыве нас трое: А. Кананюк, В. Мілянцэвіч і я. На ўсіх нас: два ложкі, стол, этажэрка і адно крэсла. Болын у гэтым пакоі нічога не можа змясціцца. Сплю на стале. Падобнае становішча і ў Лю, і ў Ендрыхоўскіх, і ў Дэмбінскіх, і ў Петрусевічаў, і ў Штахельскіх. Нічога не зробіш. Вілейка – не Вільня.
        Разам са сваім старым таварышам па Лукішках Ёзасам Кекштасам, цудоўным літоўскім паэтам і перакладчыкам Ул. Маякоўскага, цэлы дзень выбіралі кнігі для школьных бібліятэк. Відаць, іх з усёй Вілейкі звезлі ў пустыя пакоі абласнога аддзела народнай асветы. На некаторых кнігах былі цікавыя подпісы іх былых гаспадароў, пячаткі: адвакат, доктар, землямер, камендант паліцыі, маёр, суддзя...
        Тут, з адходаў, можна было б падабраць і для сябе цікавую бібліятэку. Столькі розных брашур, гадавікоў газет, часопісаў! Потым, калі спатрэбяцца, і са свечкай іх не знойдзеш. Бяда толькі – няма куды іх дзяваць. Я ўзяў толькі на польскай мове «Кліма Самгіна» і некалькі нумароў часопіса «Аркады».
        
        
30/Х
        
        Працую з Лю ў рэдакцыі нашай абласной газеты. Я – літработнікам, яна – машыністкай. Работы ў мяне не так многа, але, відаць, прыйдзецца цэлымі днямі сядзець у рэдакцыі, выпраўляць матэрыялы, розныя карэспандэнцыі, адказваць на лісты. Асабліва ў наш аддзел культуры паступае шмат вершаў. Прыходзіла ў рэдакцыю Ганна Новік, з якой я ўпершыню пазнаёміўся асабіста, хоць перапісваўся з ёю даўно. Яна – дужа цікавы чалавек. Працуе ў сельсавеце. Цэлымі днямі занята сваёй працай. Прызналася, што за вершы няма калі брацца. А шкада. Я яе паслаў бы на вучобу. Зараз ёсць каму агітаваць за савецкую ўладу, хоць Г. Новік здаецца, што без яе ў Куранцы гэта ўлада не зможа па-сапраўднаму ўмацавацца і перамагчы. Усё ж, развітваючыся, дастала са свайго партфеля два свае вершы. «Рабіце што хочаце», – сказала і паехала. Я прачытаў гэтыя вершы, і сапраўды – над імі яшчэ трэба працаваць і працаваць.
        
        
2/ХІ
        
        На адрас рэдакцыі прыйшла паштоўка ад нашых слонімскіх паэтаў, якія пытаюцца, што я раблю, над чым працую. Пішуць, што яны ўжо «актыўна ўключыліся ў будаўніцтва новага жыцця». А вось я і не ведаю: ці я ўключыўся, ці не. Патрабуюць, каб я прыслаў ім адрасы ўсіх заходнебеларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Адкуль я іх вазьму? Усе адрасы асталіся ў рэдакцыях віленскіх часопісаў. Трэба іх там і шукаць.
        З Даўгінава прыехаў В. А. Сасенскі. Расказваў, што ён калісьці быў звязаны з «Нашай нівай». Хваліўся, што ён вывеў у людзі свайго суседа і друга Змітрака Бядулю, пазнаёміў яго з супрацоўнікамі гэтай газеты. I сам пісаў калісьці вершы, карэспандэнцыі, нарысы. Арыгінальны чалавек. I мова ў яго беларуская – сакавітая, багатая, хоць вучыўся ён толькі пару год і то – у яўрэйскай рэлігійнай школе.
        Хацелася мне даўжэй пагаварыць з В. А. Сасенскім, які добра знае многіх нашых старэйшых пісьменнікаў і нават некаторых маіх сваякоў у Докшыцах, Крывічах, але мяне паклікалі да рэдактара, і я мусіў з ім развітацца.
        Збіраюся ехаць на будаўніцтва дарогі Вілейка – Маладзечна, каб напісаць нарыс ці верш для нашай газеты. Я ўжо некалькі разоў бываў на многіх участках гэтай народнай будоўлі. Падчас апошняга рэйду сапсулася наша рэдакцыйная машына, і я начаваў у Красным, потым цягніком з перасадкай ды з рознымі дарожнымі прыгодамі дабіраўся дамоў. Нарыс мой з гэтай паездкі рэдактар забракаваў, бо ў ім я не паказаў бязмежнага энтузіязму будаўнікоў. А які мог быць энтузіязм, калі імгліў сцюдзёны дождж і на ўсёй трасе толькі некалькі фурманак працавала на падвозцы каменю. Можа, і новы мой нарыс чакае падобны лёс. Ніяк я не магу ўлавіць нешта такое няўлоўнае, што дае газетным нарысам другіх супрацоўнікаў зялёную дарогу на старонках нашай газеты, хоць ад іх мала што астаецца ў памяці.
        Прыходзіў да мяне адзін з пачынаючых паэтаў.
        – Раскажы, – кажа, – як пісаць вершы.
        – Як пісаць, – адказаў я яму, – і сам не знаю. Магу толькі расказаць, як пісалі іншыя, або – як не трэба пісаць...
        Пайшоў нездаволены.
        Пазнаёміўся са сваім суседам – Іванам Іванавічам Янушкам. Ён прывёз мне з Глыбокага, дзе разбіраў архівы дэфензівы, мой здымак, зроблены яшчэ ў маі 1933 года, калі там мяне арыштавалі.
        А ў гаспадыні маёй – госці. Зноў папойка. Патэфон хіба ўжо дзесяты раз іграе старую пласцінку «Разбітае сэрца»...
        Пачалі, чэрці, танцаваць.
        Пара спаць. Толькі ці ўдасца заснуць пад гэту мелодыю танга аб разбітым сэрцы.
        
        
3/ХІ
        
        Сесія Вярхоўнага Савета прыняла закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні яе з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Гэтай векапомнай падзеі ўжо нікому і ніколі не выкрасліць з нашай гісторыі. Гераічная барацьба беларускага народа знайшла сваё канчатковае і слаўнае завяршэнне. I таму нельга пераацаніць значэнне гэтага акта. Аж не верыцца, што за паўтара месяца са дня вызвалення адбылося ў жыцці столькі змен. Я гэту дату – дату, з якой мы пачалі людзьмі звацца, – назаўсёды залатымі літарамі ўпісаў бы ва ўсе нашы календары як самае вялікае свята пасля Вялікага Кастрычніка. Шкада, што ў нас яшчэ няма твораў, якія б тэму ўз’яднання нашага народа паказалі ва ўсёй эпічнай велічы. Відаць, прыйдзецца мне майго «Сілаша» перарабляць. У цэнтры падзей ставіць не героя-адзіночку, а народ, праблему пошукаў праўды і праблему граніцы, якая глыбокай ранай вякамі крывавіла на нашай зямлі. Граніца! Я яе некалькі раз перасякаў у сваім жыцці. Яшчэ і сёння, здаецца, адчуваю тое хваляванне, з якім я глядзеў на яе, калі вучыўся ў Радашковічах, і потым, калі яе вераснёвай раніцай 1932 года пераходзіў каля Пагоста... Цапамі дажджу вецер малоціць па дрэвах, абіваючы апошнія лісты, па лужынах, пакрываючы іх воспай сцюдзёных пухіроў, па плячах прахожых, якія, спяшаючыся, подбегам вяртаюцца з працы дамоў.
        На Савецкай вуліцы дагнаў Лю. Пад навесам пажарнай каманды думалі перачакаць самы буйны шквал дажджу, але і тут не было ад яго ратунку. У гэтым будынку калісьці, яшчэ будучы гімназістам, я глядзеў «Запарожца за Дунаем». Грошай на білет не было. З раніцы да пачатку спектакля, схаваўшыся, прасядзеў за пажарнай бочкай. Набраўся я тады страху, бо, калі выбіраўся са свайго сховішча, перавярнуў нейкае вядро і на мяне пачалі ўсе шыкаць, што я перашкаджаю ім глядзець. Ну і дождж! Праводзіў Лю да яе кватэры. Гаспадыня паліла ў печы. Агонь то весела патрэскваў, то ўздыхаў з парывамі ветру. «У такое надвор’е добры гаспадар, – казала мая маці, – і сабаку з хаты не выганяе».
        
        
4/ХІ
        
        Гарадскі парк акупіравалі цыганкі. Кожнаму прапануюць паваражыць. Адкуль іх столькі наехала? Ля ракі гараць кастры, на скупой асенняй атаве пасуцца коні...
        
        340
        
        Ля касцёла дагнаў мяне нейкі работнік абкома.
        – Вы – таварыш Танк?
        – Я.
        – Хутчэй сядайце ў машыну. Сёння шукаю вас па ўсім горадзе...
        У прыёмнай сакратара абкома я сустрэў некалькі сваіх знаёмых таварышаў. Усяго тут было чалавек дваццаць.
        Хутка запрасілі нас да сакратара, ад якога мы даведаліся, што ўся наша група зараз жа выязджае на легкавых машынах у Мінск. Нават не было часу ні пераапрануцца, ні пакінуць дома свой партфель, набіты рознымі рэдакцыйнымі паперамі і ў якім ляжаў мой трафейны браўнінг. Я крыху непакоіўся, што не паспеў здаць гэту трасцу. А ну, на старой граніцы будуць пераглядаць ды знойдуць яго?
        Ад Вілейкі да Маладзечна дарога мне была знаёмая. Не адзін раз я яе перамераў сваімі нагамі. Зараз яе рамантавалі, клалі новы брук, таму шмат на ёй было аб’ездаў. Але ехаць, ды яшчэ ўпершыню на легкавой машыне, было прыемна. Я любаваўся старым гасцінцам, што ішоў з Маладзечна да Радашковіч, над якім вецер кружыў жоўтае лісце бяроз. Перад Радашковічамі мы спыніліся на некалькі хвілін. Да нас падышлі дзеці з кошыкамі журавін.
        – У школу ходзіце? – спытаўся я ў малышоў.
        – Пэўне ж... А чаму, дзядзя, у вас пяць калёс? Шафёр наш пачаў тлумачыць, але паступіла каманда ехаць, і мы зноў крануліся ў дарогу. У Радашковічах не спыняліся. Бачыў, як прамільгнулі знаёмыя вуліцы мястэчка, белыя сцены касцёла, нізкія хаты, магільнік. Далей зноў пайшлі маляўнічыя ўзгоркі. Я дастаў блакнот, каб занатаваць свае ўражанні, але дарога стала болып дрогкая, і я зноў яго паклаў у кішэню, бо ўсё роўна не прачытаў бы сваіх іерогліфаў. Хіба прыехаўшы на месца, сур’ёзна вазьмуся за свае нататкі. Перад ад’ездам, сазваніўшыся па тэлефоне з рэдактарам, абяцаў яму напісаць для газеты нарыс аб сваім падарожжы ў Мінск і аб святкаванні Кастрычніцкай гадавіны. Пачало вечарэць. Відаць, ужо Мінск быў зусім блізка, бо на небасхіле ўсё больш і больш разгаралася зарыва яго агнёў.
        
        
5/ХІ
        
        Спыніліся ў новай гасцініцы «Беларусь». Шкада, што акно майго пакоя глядзіць не на вуліцу, а на заваленае рознымі скрынямі ды бочкамі дварышча. Ну, нічога. Не праз акно я, думаю, буду знаёміцца з нашай сталіцай. Гэта мая ўжо трэцяя сустрэча з Мінскам. Першая была на пачатку восені 1922 года, калі мы вярталіся з бежанства. Я тады яшчэ з бацькам праехаў на концы да Камароўкі, дзе жыла цётка Соня. Помню, калі вярталіся назад, каб усцягнуць над гару стары і скрыпучы, перапоўнены людзьмі вагон, падпрагалі пару коней. Горад тады мне здаўся ціхім, спакойным. Нечым нават нагадваў пакінуты намі Ціхвінскі завулак у Маскве. Другая сустрэча – зноў восенню – была менш радасная, калі я ў 1932 годзе, уцякаючы ад праследаванняў паліцыі, апынуўся ў Мінску. Два тыдні я тады праседзеў у турме, пакуль высветлілі, хто я, і зноў мяне накіравалі на працу. У велізарнай агульнай камеры я тады сустрэўся з камсамольцамі з Навагрудчыны, якія сярод групы крыміналістаў, спекулянтаў, перабежчыкаў выкрылі двух сышчыкаў дэфензівы, што іх катавалі на пастарунку. Потым нас, камсамольцаў, перавялі ў лепшую камеру, далі газеты, часопісы. Толькі ў агульнай камеры мы так завашывелі, што не было калі і чытаць, бо ўвесь час трэба было змагацца з гэтай нечысцю.
        А зараз – трэцяя сустрэча з Мінскам, з горадам, які, пасля Масквы, быў тым рэвалюцыйным цэнтрам, да якога вялі ўсе нашы заходнебеларускія шляхі; горад, які часта мы ўспаміналі ў нашых адозвах і творах, а ворагі з шалёнай злосцю скланялі яго ва ўсіх нашых абвінаваўчых актах і судовых прыгаворах: «арыентацыя на Мінск», «кантакты з Мінскам», «перапіска з Мінскам», «слухалі радыёперадачы з Мінска»...
        Адпачываць не хацелася. Адзін пайшоў знаёміцца з горадам.
        Неяк хутка выйшаў на галоўную – Савецкую – вуліцу і падаўся ў бок Свіслачы. Помніў, што галоўная вуліца недзе каля электрастанцыі перасякае раку. Зліўся з натоўпам, сярод якога, напэўна, былі і тыя людзі, з якімі, можа, хутка пазнаёмлюся, пасябрую.
        Заўважалася, што горад перапоўнены ваеннымі. Відаць, блізасць былой граніцы надала свой суровы воблік усёй сталіцы Беларусі. Ды ў шынялі і вайсковыя гімнасцёркі і так былі многія апрануты. Неспадзявана на адной з камяніц заўважыў шыльду: «Дом пісьменніка». З дзвярэй выйшла нейкая шумная кампанія. Цікава, што гэта за людзі? Я пастаяў хвіліну на рагу вуліцы, па якой, не змяшчаючыся на тратуарах, да самых трамвайных рэек плыў вячэрні людскі паток.
        Пачаў імгліць дробны дождж. Час было вяртацца ў гасцініцу.
        
        
6/ХІ
        
        Пасля снедання прыйшла да нас вельмі сімпатычная прадстаўніца з абласнога аддзела народнай асветы і пазнаёміла нас з праграмай нашага гасцявання ў Мінску. Праграма такая, што выканаць яе, не ведаю, ці ўдасца, бо столькі ў ёй розных сустрэч, экскурсій, вечароў...
        
        
8/ХІ
        
        Як і можна было прадбачыць, я не толькі не меў часу нешта напісаць для газеты, але хоць зрабіць звычайныя нататкі. Ад раніцы да позняй ночы наведваем калгасы, заводы. За абедам сустрэў Анішчыка, які пабываў ужо ў Доме пісьменніка і пазнаёміўся з М. Лыньковым, К. Чорным. Бачыў нават Якуба Коласа, які падарыў яму з аўтографам свій зборнік. Ён угаворваў і мяне пайсці з ім у Дом пісьменніка, але я адмовіўся. Перад усім, мне не хацелася адлучацца ад сваёй групы, ды і не зусім было зручна самому лезці туды, куды цябе не запрашаюць. Пад уражаннем святочнага парада і шматтысячнай дэманстрацыі мінчан я пачаў пісаць верш «На плошчы Леніна».
        
        
9/ХІ
        
        Вярнуліся з Масквы дэлегаты Народнага сходу. Сустрэўся з С. Прытыцкім, У. Царуком, П. Пестраком. З усімі імі ўпершыню сустрэўся ў Мінску, хоць не раз перакрыжоўваліся нашы шляхі ў Заходняй Беларусі. Амаль усю ноч прасядзелі, успамінаючы цяжкія мінулыя гады, нашых супольных сяброў і знаёмых. Сярод дэлегатаў сустрэў і Міхася Машару. З Масквы ён прыехаў бадзёры, акрылены. Выпілі мы з ім у маім нумары бутэльку шампанскага. У гэту ноч не прыйшлося адпачываць.
        
        
11/ХІ
        
        Пазнаёміўся з Я. Купалам, Я. Коласам, З. Бядулем, М. Лыньковым... Колас і мне падарыў з аўтографам сваю аповесць «Дрыгва». Хіба толькі ў Вілейцы запішу свае ўражанні пра гэту незабыўную сустрэчу. Зноў некуды едзем выступаць.
        
        
18/ХІ
        
        «Чырвоная Змена» дала вялікую падборку вершаў паэтаў Заходняй Беларусі і фотаздымкі А. Іверса, Н. Тарас і мяне. Гэтымі днямі выступалі ў Мінскім педінстытуце П. Пестрак, М. Машара, Н. Тарас, Б. Гелер, А. Іверс, Маргентой і я. Не магу прывыкнуць да гэтых няспынных літаратурных вечароў і велізарнейшых аўдыторый, і асабліва да прыёмаў, прамоў і тостаў. У параўнанні з маімі новымі мінскімі сябрамі адчуваю сваю адсталасць і ненатрэніраванасць, бо ні піць не ўмею, ні прамоў застольных гаварыць не ўмею і зусім слаба арыентуюся ў рангах, іерархіі. А гэта, здаецца, трэба ўлічваць.
        Пасля ўсяго позна вяртаемся ў гасцініцу «Беларусь» і засынаем так, што нават сны не сняцца. Нешта пачынае цягнуць дамоў. Каб гэта было летам, заваліўся б у пуні, поўнай гнёзд, гаючага шчэбету ластавак, звону асвянак, ціхага шуршання палявых мышэй, ды адпачыў бы ад усёй мітусні. А сена ў нас – асабліва з Барсукоў – якімі толькі не пахне травамі, кветкамі, атожылкамі. Прачынаешся п’яны ад яго водару. Глядзіш і не адразу пазнаеш гарышча, заваленае бярозавымі плашкамі для сахі, звеннямі для калёс, запаснымі драўлянымі восямі, палазамі-капанямі і нейкімі дошкамі, якіх дзед не дае пускаць у расход, бо могуць спатрэбіцца яму на труну. Праз незабіты шчыт відаць трыкутнік неба. Па палёту аблокаў угадваеш, з якой стараны дзьме вецер...
        Званілі з рэдакцыі «Полымя». Збіраюцца ў адным з нумароў даць падборку маіх вершаў. Пыталіся, каго ім яшчэ параіў бы даць з заходнебеларускіх паэтаў. Агулам, калі мы яшчэ крыху арыентаваліся ў савецкай беларускай літаратуры, дык нашы мінскія таварышы аж да самага вызвалення амаль нічога не зналі і не чулі пра многіх з нас.
        Ні ў каго не магу толкам даведацца, дзе Міхась Васілёк. Чуў, што ён быў мабілізаваны ў польскую армію. Хаця б ён дзе не загінуў.
        
        
19/ХІ
        
        Выступаў на вечары інтэлігенцыі. Аўдыторыя – досыць цяжкая. Сярод прысутных шмат было чыгуначнікаў і польскіх настаўнікаў, якія працавалі пры санацыйным польскім урадзе і атрымлівалі значна большую зарплату, як зараз. Некаторыя нашы агітатары – асабліва з усходніх раёнаў – не арыентуюцца ў гэтых справах, і ім незразумела многае, калі яны сустракаюцца з падобнымі фактамі. Хоць тут няма нічога дзіўнага. У такой паўфашысцкай дзяржаве, якой была панская Польшча, нават пры масавым беспрацоўі многія ўрадавыя служачыя, асабліва ў Заходняй Украіне і ў Заходняй Беларусі, былі не толькі служачымі, але – і праваднікамі афіцыйнай палітыкі (большасць іх паходзіла з цэнтральнай Польшчы), і апорай санацыі ва ўсіх яе пачынаннях.
        Вярнуўшыся дамоў, узяўся за перагляд часопісаў, якіх сабралася цэлая гара. Люблю часопісы чытаць з канца – з рэцэнзій і крытычных артыкулаў. Мне здаецца, што аб’ектыўнай ацэнцы таго ці іншага пісьменніка ў нас перашкаджаюць кананізаваныя ацэнкі, якія можна толькі цытаваць, але не аспрэчваць, нават і тады, калі яны размінаюцца з праўдай і фактамі.
        Цікава, хто з маіх былых настаўнікаў жыве зараз у Вілейцы? Мне вельмі хацелася б пабачыць выкладчыцу рускай мовы і літаратуры К. Мажухіну, лацініста К. Мірановіча, выкладчыка польскай мовы Крашэўскага і іншых. Ды яшчэ, як ні дзіўна, не сустрэў нікога і са сваіх аднакласнікаў па гімназіі. Трэба будзе пашукаць Люсю Валынец, Міколу Гаўрыліка, а яны памогуць знайсці і другіх віляйчан.
        
        
20/ХІ
        
        Быў у рэдакцыі Путрамант. Казаў, што яму прапанавалі працаваць разам з намі ў «Вілейскай праўдзе», але пасля Вільні наш абласны цэнтр здаўся яму такім глухім кутком, што наўрад ці астанецца ён тут. Можа, лепш яму паехаць у Беласток ці Львоў, дзе, чуваць, сабралася шмат польскіх пісьменнікаў. Абедаць пайшлі з ім у новаадкрытую каля касцёла сталоўку. Вечарам дамовіліся сустрэцца ў Дэмбінскіх.
        
        
21/ХІ
        
        Мае сябры – Мілянцэвіч і Кананюк – збіраюцца ехаць на работу, здаецца, у браслаўскую бальніцу. I так, я гэтымі днямі магу стаць адзіным гаспадаром гэтага нашага невялічкага пакойчыка. З А. Буравым на рэдакцыйным грузавіку ездзіў у Мядзела і ў Шлькаўшчыну. У дарозе некалькі раз псавалася машына. Каля Беразнякоў прастаялі пару гадзін у лесе. Мароз. Змерзлі. Толькі поўначчу дабраліся да нашай хаты. Дома ўжо ўсе спалі. Нават не чулі, як мы заехалі ў двор. У новай хаце было сцюдзёна. Пайшлі грэцца ў старую. Маці распаліла печ – пачала рыхтаваць пачастунак. За сталом А. Бураў першы прагаварыўся, што мы з Лю збіраемся пажаніцца. Маці, стоячы ля качарэжніка, пацікавілася, ці шлюб будзем браць у царкве, ці па-новаму. Бацька, як больш прагрэсіўны, абышоў юрыдычнае пытанне: «Гэта, Домка, не самае важнае... Ну што ж, калі парашылі жыць разам, жывіце шчасліва...».
        Я быў дужа ўдзячны свайму выпадковаму свату, які памог мне вырашыць гэту далікатную справу, і пастараўся хутчэй перавесці гутарку на іншую тэму.
        Каб канчаткова выгнаць нашу дарожную прастуду, маці падала нам зялезнік гарачага малака і міску з мёдам.
        Потым, калі ўсе пайшлі спаць, падышла да мяне, прысела на ложку і пачала распытваць, як мы з Лю думаем жыць, ці не галадаем мы, ці ёсць у Лю якая падушка, бо яна ж, напэўна, выязджаючы з Вільні, не паспела нічога з сабой забраць...
        – Я ёй, сынку, пашлю губку свайго тонкага льнянога палатна, ёсць у мяне для яе харошая суконная, вытканая ў 12 нітоў, посцілка... Што б гэта мне яшчэ ёй паслаць?.. Ты чуеш?..
        
        
22/ХІ
        
        Няма ратунку ад вершаў, якія цэлы дзень выпраўляю і аўтарам пішу адказы. Я і не ўяўляў, што ў нас столькі піітаў. Праўда, сярод іх шмат халтуршчыкаў. Апошніх цікавіць: колькі ім заплацяць за радок; чаму іх рэдка друкуюць, хоць яны напісалі цэлыя тамы вершаў; чаму іх «пралетарскай музе не даюць ходу». Адзін з іх – Габрыель Парнаскі (напэўна, псеўданім) са Смаргоні – пагражае, што будзе пісаць у ЦК і далей... Самае дзіўнае, што ў кожнага графамана ёсць свае паклоннікі, якія, як і іх аўтар, а можа, нават і па просьбе яго, любяць пісаць у рэдакцыі ды іншыя ўстановы ад імя ўдзячных чытачоў хвалебныя водзывы, рэцэнзіі на гэтыя вершы.
        Забыўся спытацца ў Путраманта, ці чуў ён што пра У. Бранеўскага. Няўжо ён не змог уцячы з акупіраванай Варшавы? Дзе Л. Пастарнак, Л. Шэнвальд, Л. Кручкоўскі, В. Скуза і іншыя рэвалюцыйныя польскія пісьменнікі?
        У рэдакцыйнай бібліятэцы знайшоў вывезеныя з Вільні прадбачлівым нашым рэдактарам Афенгеймам гадавікі многіх польскіх літаратурных часопісаў і газет. Сярод іх: «Месячнік літарацкі», «Левар», «Облічэ дня» і іншыя прагрэсіўныя органы, якія я болыд-менш сістэматычна чытаў у свой час. Але тут апроч іх былі і «Вядомосці літэрацке», эндэцка-эсэраўская газета «Проста з моста», санацыйны «Піён» і другія. Усім гэтым ніхто ў рэдакцыі не цікавіўся, хоць тут можна было знайсці шмат каштоўных звестак, матэрыялаў.
        У вольны час пастараюся перагартаць іх і папоўніць свае веды пра класавых іхціязаўраў.
        
        
23/ХІ
        
        У нашым невялічкім драўляным трохпакаёвым доміку жыве з маленькай дачушкай жонка былога паліцыянта. Сам ён кудысьці ўцёк ці мо нашы саслалі куды. Амаль кожны вечар у яе збіраецца нейкая вясёлая кампанія, да позняй ночы надрываецца патэфон, чуецца п’яны гоман. Сама гаспадыня, здаецца, збіраецца ехаць да бацькоў у Варшаву. Распрадае сваю маёмасць, мужавы рэчы, мэблю. Усё гэта нагадвае памінкі, хоць госці весяляцца, і толькі адно хворае дзіцянё, забытае ўсімі, надрываецца – плача. Хоць ты ідзі ды разгані ўсіх.
        На дварэ ўзнікае вецер. Расшумеліся старыя таполі. Трэба пайсці прычыніць аканіцы. Відаць, на электрастанцыі не хапае току, бо святло на нашай вуліцы то выключаюць, то ўключаюць. I нават тады, калі ўключаюць святло, лямпачкі так цьмяна гараць, што нават нельга чытаць. Трэба было б і печ запаліць, а то вецер выдзьмуў з хаты ўсё цяпло. З дому прывёз частку свайго «архіва». Пачынаю наводзіць парадак у сваёй паэтычнай гаспадарцы – пераглядаць усё раней напісанае. Зараз вельмі мала знаходжу вершаў закончаных. Амаль усе патрабуюць правак і правак. Толькі на ўсё не хапае часу.
        А за хатай, за агародамі чуваць, як няспынна ідуць цягнікі. Ля пераезда, як п’яныя, крычаць іх працяглыя гудкі. А ў перапынках гудзе злосны асенні вецер, абрываючы апошняе лісце з дрэў.
        
        
24/ХІ
        
        Раніцай у рэдакцыю нашай вілейскай абласной газеты А. Бураў прынёс апошні нумар «Літаратуры і мастацтва» з артыкулам А. Куляшова «Паэзія Максіма Танка». Гэта першы артыкул у савецкім друку аб маёй творчасці. Усе глядзяць на мяне, як на імянінніка. А я і радуюся і трывожуся, бо ўвесь час думаю аб тых творчых цяжкасцях, якія
        Істаяць перада мною. Апошнія мае вершы – семантычныя, адназначныя, дыдактычныя, разлічаныя на кароткае жыццё і на непатрабавальнага чытача. Як пасля паэзіі бунту перайсці на паэзію будаўніцтва? Мне трэба будзе даганяць тых, хто з першых дзён свайго жыцця зжыўся з новай тэмай, з новай рэчаіснасцю. Хоць ты садзіся за адну парту з першакласнікамі. Ёсць адзін – самы лёгкі – спосаб: апяваць тое, што бачыш і што хацеў бы бачыць. Але такія перспектывы – не для мяне. Ды ў ідылічнай атмасферы і мускулы могуць зусім атрафіравацца. Непакоіць мяне і даўгавечнасць рознага стар’я, у параўнанні з якім нават Ф. Багушэвіч з’яўляецца больш сучасным. Не магу яшчэ ўлавіць: што прапануе наша крытыка? Адзін – Маякоўскі. А яшчэ? Агулам, з кожным днём у мяне павялічваецца колькасць пытанняў, і на большасць з іх пакуль што не знаходжу здавальняючых адказаў. Вучуся дыхаць наступіўшай цішынёй, паветрам, у якім адгрымелі навальніцы, адгалоскі якіх часамі прыносіць заходні вецер.
        У Мінск я не імкнуся. Вельмі ж там цесна багамі заселены Парнас. Ды тут і спраў у мяне – непачаты край.
        Рэдактар нашай газеты раіць, каб я напісаў падвальны артыкул у дапамогу маладым. Я яму адказаў, што хацеў бы належаць да пісьменнікаў, якія больш самі пішуць, а менш балбочуць аб тым, як трэба пісаць. Апошнія дні чартоўскі загружаны перапіскай, рознымі кансультацыямі. Працую ў аддзеле культуры. Работа не цяжкая. Але адбірае шмат часу. Кожны дзень трэба даць у газету пэўную колькасць радкоў.
        Бачыўся з Фёдарам Маркавым. Ён мне расказаў, як са Святакржыжскай турмы вярнуўся яго таварыш дамоў.
        Загрукаў у сваю хату:
        – Ці ёсць хто жывы?
        – Я, – адказала, выйшаўшы ў цёмныя сенцы, сястра.
        – А хто яшчэ тут жыве?
        – Дыдзецімае...
        – А мужык дзе?
        – Няма. Не вярнуўся з вайны.
        – А бацька і маці?
        – Памерлі...
        – I больш нікога ў цябе няма... Агата?..
        – Быў яшчэ – святой памяці – брат, але, казалі, недзе загінуў на панскай катарзе... Толькі адкуль ты, чалавеча, знаеш, як мяне клікаць?.. Няўжэ гэта – ты, брацятка, вярнуўся з таго свету?
        
        
26/ХІ
        
        Напісаў некалькі слабых газетных вершаў. Стаю над сваёй пустой студняй паэзіі, з якой вычарпаў усё, і не знаю, як хутка зноў яна напоўніцца жывой бруёй. А можа, не напоўніцца?
        
Плыве рака
Малінаўка,
Лянівая, драмлівая.
У змрочнай тоні, глыбіні
Спяць шчупакі, самы, ліні,
Чараўнікі,
Вадзенікі.
I лес, які стаіць над ёй,
Абвіты мохам, дзеразой
I цішынёй.
А ягады, якія тут
На купінах сівых растуць, –
Крывавыя ды чорныя,
Атрутныя, снатворныя.
Ці звер, ці птушка іх глыне,
Адразу сцішыцца, засне
Каля ракі
Малінаўкі.
Я з краю гэтага ледзь-ледзь
Уцёк у свет, дзе можна пець,
Дзе можна цешыцца, тужыць,
З адкрытымі вачамі жыць.
        
        
27/ХІ
        
        Як хутка Вілейка мяняе свае аблічча! Быццам нехта разбудзіў гэты горад, і ён ажыў, пачаў раптам будавацца, як не будаваўся за ўсю сваю гісторыю. Кожны дзень перавозяць сюды апусцелыя асадніцкія ды панскія асабнякі. Трэба было б некаму запісваць і ўчарашні, і сённяшні дзень Вілейкі, найбольш слаўныя даты, імёны былых падпольшчыкаў-рэвалюцыянераў. А то агледзімся мы, ды будзе позна, калі ўсё пакрыецца пылам забыцця. У кожным горадзе, пасёлку трэба, каб быў свой летапісец, каб нічога, вартага ўвагі, не загінула. Бо ніводная газетная хроніка не можа ахапіць усяго, ды часта яе аб’ектыў бывае пастаўлены толькі на парадную старану жыцця.
        Пры агарку свечкі (зноў на нашай вуліцы выключылі святло) дачытаў на польскай мове трылогію Перл Бак «Зямля бласлаўлёная». Калісьці бачыў пастаўлены па гэтай эпапеі фільм, які, як і кніга, пакінуў глыбокае ўражанне. Шкада, што па перакладу не магу меркаваць аб прыгажосці мовы арыгінала. Чалавек, які ведае толькі адну мову, нагадвае матроса, які плавае па водах закрытага мора.
        
        
28/ХІ
        
        Атрымаў тэлеграму ад М. Лынькова, які выклікае мяне ў Мінск. Цэлы дзень бегаў, афармляў дакументы (камандзіроўку, пропуск), рыхтаваўся да паездкі.
        Усё радзей і радзей бяруся за пяро, каб прадоўжыць свае нататкі. Можа, таму, што, перагортваючы іх старонкі, усё перажытае мне здаецца вельмі і вельмі далёкім і нават нейкім нерэальным. Сённяшні дзень запоўніў сабой нават мінулае. Верасень пралёг граніцай паміж тым, што было і што ёсць. Граніцу гэту нават не трэба пільнаваць, бо ніхто з нас праз яе не захоча вяртацца назад, нават калі па той бок і асталося нешта каштоўнае.
        У мяне ж асталіся толькі мае лукішскія дзённікі, нумары «Кратаў» і «Палітзака», запоўненыя наіўнымі юнацкімі думамі-марамі, раннімі апавяданнямі і вершамі. Можа, і сёння ляжаць яны ў вентыляцыйных прадухах камер 10, 14, 124... Хай ляжаць, пакуль вецер свабоды, які раскрыў турэмныя дзверы, канчаткова не разбурыць і набраклыя слязамі, горам, крывёй народа муры ненавісных казематаў.
        На сцяне вісіць нядаўна куплены каляндар, на якім, апроч даты, даўжыні дня, гадзін усходу і захаду сонца, напісана, колькі год Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая пераможна крочыць па ўсёй зямлі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.