РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лісткі календара
Уступ
Год 1935
Год 1936
Год 1937
Год 1938
Год 1939
ГОД 1938
ГОД 1938
        
14/I
        
        Такое адчуванне, што ва мне памерла штосьці, чаму шмат хто яшчэ адбівае паклоны, моліцца. Пачаў перачытваць свае ранейшыя творы. Некаторыя выправіў, а некаторыя – такія бездапаможныя, што шкада і часу, каб іх выпраўляць. Наша беларуская літаратура – адна з самых маладых, але ў ёй ужо столькі «класікаў», што хапіла б імі абдзяліць і суседзяў. Творы гэтых «класікаў» усё болыд і больш абрастаюць каментарыямі, і скалыіель часу ці дабярэцца калі да іх. Мне смешна, калі нашы крытыкі радаслоўную таго ці іншага паэта пачынаюць, як у святым пісанні: А нарадзіў Б, Б нарадзіў В і г. д. і г. д. Ці трэба мне было вучыцца ў Чарота ці ў Труса, калі я мог вучыцца непасрэдна ў Блока, Ясеніна, Маякоўскага?
        Наш засцянковы патрыятызм узвёў у сан святых і геніяў вельмі шмат пасрэдных вершаплётаў, даўшы іх творам завышаныя ацэнкі, гучна спраўляючы 5–10–20-годдзі іх «плённай» літаратурнай дзейнасці. Мо таму «не разумеюць» нас і мала цікавяцца намі на шырокім свеце. Атісііз Ріаію...
        
        
15/I
        
        Пад вечар хадзілі на паляванне. Хмарна. Імгла. Каля Краснаўкі забіў дзед беляка і ўдарыў па лісіцы, якая пацягнула на Дубаўскі бор, сям-там пакідаючы крывавы след. Вяртаючыся дамоў, на незамерзлых пратоках слабадской рэчкі ўзагналі некалькі дзікіх качак. Вада сярод аснежаных берагоў здаецца чорнай, таямнічай.
        Ад грэблі набліжаўся звон шарахавак. Мы сышлі ў кусты, каб не нарвацца на каго непажаданага. Гэта некуды ехаў нанач наш сусед – каваль Васіль Бабровіч. Мы перачакалі, калі ён схаваецца за гушчаром ельніку, і памалу пабрылі дамоў. На гумне сустрэлі Веру, Федзю і Людмілу. Яны чулі стрэлы і выйшлі пацікавіцца, з якой мы ўдачай вяртаемся. Праз паляванне спазніліся нават паіць і даглядаць кароў. Апошнія рэзгіны трасянкі бацька ўжо нёс у хлявы разам з вячэрнімі зорамі.
        
        
16/I
        
        Зайшоў да нашых суседзяў Глінскіх. Як заўсёды, у іх поўная хата народу. Расказвалі і смяяліся, як Базыль, хаваючы свайго сына, таргаваўся з папом. Духоўны айцец за два злотых не хацеў ісці на магільнік маліцца, патрабаваў, каб яшчэ летам Базыль тры дні яму пакасіў сена. I толькі тады згадзіўся, калі той напалохаў яго, што пойдзе да ксяндза ці да рабіна. Бо мёртваму – усё роўна, хто яго будзе хаваць.
        
У сасновай дамавіне
аспадар ляжыць, а ў хаце
Дзеці-сіраты і жонка
Горкімі слязамі плачуць.
– Супакойся, маладзіца! –
Суцяшае поп жанчыну, –
Бог забраў на неба мужа,
Мне давай яго скаціну.
        
        
20/I
        
        Заўтра еду ў Вільню. Разам са мною едзе і сястра Вера, якая выходзіць замуж за Браніслава Лётку ў Сэрвачы, дзе бацька яго, вярнуўшыся з Амерыкі, купіў сабе хутар. Цікавы чалавек гэты стары Лётка. У маладосці парабкаваў. Білет у Амерыку, казалі, купіў за грыбы, якіх назбіраў, ганяючы на пашу. Больш за дваццаць гадоў працаваў на дзве змены грузчыкам у доках Нью-Йорка. Быў надзвычай дужы. Насіў мяшкі, якіх ніхто не мог падняць. Ён і цяпер сваіх сыноў – Паўла і Броньку – заткне за пояс. У самы люты мароз ходзіць расхрыстаны і без рукавіц.
        А сёння цэлы дзень пракірмашавалі мы з бацькам у Мядзеле. Сёе-тое купілі на вяселле. Каля Носькавай крамы прывязаўся быў да мяне нейкі п’яны ці, можа, падасланы тып. Усё цягнуў мяне ў чайную Здановіча, каб пачаставаць гарэлкай, а калі я адмовіўся, пачаў гразіць: «Пачакай! Яшчэ ты не ўсё адседзеў у турме...». Ледзь я ад яго адкараскаўся. Як вярталіся дамоў, разы два нашы развалы перавярнуліся. Змёрз я ў сваім ватнім паліто. Шкадаваў, што не ўзяў кажуха. Дамоў вярнуліся позна. Бацька застаўся распрагаць каня, а я, забраўшы ўсе пакупкі і бутлю з газай, пабег у хату.
        Пасля вячэры, калі збіраліся класціся спаць, нечага ўсшануліся сабакі. Дзед паднёс лучыну да замёрзлага акна, але праз адталую лунку толькі відаць было, як вецер хістае асвер ды на дрывотні гнецца расахатая бабіна вярба.
        – Можа, ваўкі падышлі да прынады?
        Дзед апранаецца ў кажух і, узяўшы сваю жвіроўку, ідзе ў разведку.
        Я доўга сяджу, чакаю, калі ён вернецца. Перагледзеў усю пошту, напісаў некалькі лістоў. Зрабіў чарговую генеральную чыстку ў сваіх паперах. Апошнімі часамі з-пад пяра нічога талковага не выходзіць.
        На кірмашы бачыўся са слабадскімі хлопцамі – Мішам Ралёнкавым і Кірылам Карабейнікам, Сашкам Асаевічам. Міша расказаў пра свае цікавыя прыгоды, калі ён пераводзіў праз граніцу раненага Багданчука – героя маёй паэмы «Нарач». Калі яны доўга блукалі ў прыгранічным лесе, Багданчук на хвіліну ўсумніўся ў сваім правадніку:
        – Слухай, дружа, калі ты мяне выведзеш на засаду, знай: адна куля – табе, другая – мне.
        Шкада, што я не закончыў сваей паэмы гэтай сцэнай. Праўда, што, напісаўшы так, як усё гэта адбылося, я меў бы справу не толькі з цэнзурай. Гашу святло, не дачакаўшыся старога, які, пільнуючы прынады, напэўна, заснуў у лазні.
        
        
23/I
        
        Пасля вяселля сястры правёў маладых на вакзал, а сам паплёўся на сваю, ацененую ашаранелымі соснамі Закрэта, вуліцу Канарскага, да сваіх кніг і вершаў. Ці не варта было б напісаць сцэну «У музеі»? Ідэя яе зарадзілася ў мяне, калі перад Новым годам перагортваў старонкі гісторыі паўстання 1863 года і дзейнасці К. Каліноўскага, судовыя акты «Грамады». Трэба ажывіць усіх павешаных, забітых, расстраляных, і хай гэты рэвалюцыйны трыбунал судзіць катаў.
        – Ці не помніце нас, паны Радзівіл, Хадкевіч, Пац, Тышкевіч?
        – Не, не помнім...
        – Нічога дзіўнага. У нас усіх тады было адно імя: бунтаўшчык.
        Заўтра збіраюся наведаць В. Дрэму, паглядзець яго новыя гравюры. Яго работы – пранізаныя глыбокай любоўю да людзей працы, да сваёй зямлі – выдзяляюцца з усяго таго, што мне даводзілася бачыць на розных выстаўках не толькі ў Вільні. Мастацтва яго вырасла на літоўска-беларускім паграніччы, і сам ён з’яўляецца жывым звяном нашай дружбы. Ён не толькі лепшы знаўца літоўскага народнага мастацтва, але – і нашага, беларускага, аб чым гавораць яго шматлікія артыкулы ў розных часопісах.
        Чамусьці не прыходзіць Н., які абяцаў мне прынесці Бажана «Лічбы», Галана «99 %» і «Агонь» Казланюка.
        Відаць, прастыў. Гаспадыня напарыла ліпавага цвету. П’ю, а ў вушах – звон, быццам пчаліны рой злятаецца на маю галаву.
        Нешта і гадзіннік мой спыніўся, і Сашка з Мікалаем недзе затрымаліся. Ці не пайшлі яны ў тэатр?
        
        
24/I
        
        Ля кіно «Геліос» мяне спыніў К. Я яго ледзь пазнаў, так ён змяніўся за апошнія тры гады. Калісьці, ідучы на ўмоўленую сустрэчу, ён не мог трапіць на наш хутар. Чую, нехта пяе песню, якую мы часта спявалі на Лукішках. I я адклікнуўся. Так і памагла нам песня сустрэцца ў асенняй ночы. Зараз ён жыве ў Вільні. Зарабляе, чытаючы лекцыі матурыстам. Дома паказаў мне цікавыя лісты свайго старэйшага брата, які падчас атакі загінуў на Каса дэ Кампа. Апошні ліст закончаны народнай іспанскай прыказкай: «Мёртвыя жывым адкрываюць вочы». Колькі горкай праўды ў гэтых словах!
        У дапісцы аўтар успамінае пра нейкія вершы, якія ён паслаў брату, і пытае, ці ён іх атрымаў. Чые і якія гэта былі вершы? Відаць, перахапіла іх цэнзура. Няўжо ён не знаў, што такія рэчы нельга пасылаць поштай, а калі поштай – дык не іспанскай, бо адна пячатка «Мадрыд» на канверце можа прывесці ў шал усіх быкоў дэфензівы.
        Лісты надзвычай цікавыя. Пісаліся яны ў акопах, паміж баямі. I сёння яны здаюцца гарачымі ад крыві і агню. Шкада, што зараз няма як іх апублікаваць у друку.
        Д. Буйніцкі і Е. Загурскі цікавіліся, што чуваць на беларускім Парнасе. Яны, аказваецца, досыць пільна сочаць за нашай літаратурай. Чыталі і знаюць амаль усе апошнія навінкі. Буйніцкі неспадзявана запытаўся, ці падабаецца мне паэзія В. Скузы. Праўда, я не ўсе яго творы чытаў. Але тое, што знаю, асабліва яго паэмы, перагружана вобразамі, метафарамі. Нават на мастах ставяць знакі, які цяжар дазваляецца перавозіць.
        Ад К. Н. дастаў новыя вершы В. Гаўрылюка пра Бярозу. Вершы надзвычай моцныя. Іх трэба распаўсюджваць як адозвы, пісаць на сценах. Іх трэба ведаць кожнаму.
        
        
2/ІІ
        
        Праз тыдзень зноў мяне пацягнуць у суд за мой зборнік вершаў «На этапах». Апошнія дні шмат пішу і шмат бракую. Пачынаю цаніць і няўдачы, якія часта бываюць болыы вернай меркай росту, як некаторыя ўдачы. Праўда, гэта вельмі слабая для мяне ўцеха, але іншай няма.
        Дачытаў біблію, пазычаную ў знаёмага клерыка Д., які калісьці на гарышчы бернардынскага касцёла перахоўваў мой канфіскаваны зборнік. Хоць Кандрат Крапіва ўжо выкарыстаў гэту кнігу, але і я вывудзіў з яе мора легенд і паданняў, шмат не толькі антырэлігійных, але і лірычных тэм, метафар, параўнанняў, вобразаў. Гэту цікавую кнігу трэба было б вывучаць у школах разам з міфамі Егіпта, Грэцыі, Рыма...
        На вуліцы Шапэна напароўся на аблаву. Нехта раскідаў пракламацыі. Паліцыя і шпікі затрымлівалі прахожых, правяралі дакументы, і ў некаторых, завёўшы ў пад’езд дома, у якім калісьці мне даводзілася працаваць, ператрасалі кішэні. Пры мне не было нічога, што магло б скампраметаваць, але, каб не затрымалі, я заскочыў у цырульню, дзе і перачакаў усю гэту мітусню.
        
        
3/ІІ
        
        3 акна нашай новай кватэры (Канарскага, д. 38) відаць аснежаныя сосны Закрэта. Здаецца, першую зіму мы з Сашкам не мерзнем, бо наш гаспадар – пан Шаф’янскі – працуе ў чыгуначнай адміністрацыі і апалу мае ўдосталь. Кватэру гэту знайсці нам памагла Лю, бо самі мы, відаць, і да гэтага часу не крануліся б са старога месца. Праўда, гаспадар – досыць антыпатычны чалавек. Па перакананнях – эндэк, прытым лавелас несусветны, хоць ужо стары і выглядае як аблезлы пацук. Не дае праходу сваёй служанцы, ды часта яго бачым на вуліцы з нейкімі размаляванымі, расфуфыранымі бабамі. Жонка яго – руская, ленінградка. Ажаніўся ён з ёю, яшчэ калі служыў да рэвалюцыі ў Расіі, на чыгунцы. Вельмі рада была, даведаўшыся, што мы беларусы. Старэйшая іх дачка – Галя – студэнтка медыцыны, сярэдняя – Ганка – памагае маці каля гаспадаркі, а малодшая – Ірка – гімназістка. Дзяўчаты інтэлігентныя і досыць прыгожыя, толькі ў жыццёвых і ў палітычных справах зусім не арыентуюцца. Яны яшчэ не паспелі атруціцца атмасферай свайго акружэння – антысемітызмам, шавінізмам, клерыкалізмам, але і да нас адносяцца насцярожана, хоць мастацкую літаратуру, якую мы ім даём, чытаюць з цікавасцю. Учора пазычыў у Галі лыжы ды, няўмела спускаючыся з крутога берага Віллі, зламаў адну лыжыну. Чорт бы яе пабраў! Апошнія дзве залатоўкі мусіў аддаць за рамонт.
        Зноў узяўся за фальклор. Колькі тут нявыкарыстаных скарбаў! I ўсё ж, мне здаецца, што фальклор будзе ўсё больш і больш адыходзіць у мінулае разам з лучынай і цемрай, непісьменнасцю і забабонамі.3 дому прывёз некалькі цікавых прыказак:
        
Бусел зямлю чысціць;
Як заб’еш бабра, не будзе дабра;
Частавалі, чым вароты падпіралі;
Герб у яго: гусь пад пахай і рука ў чужой кішэні;
Быў ранен на полі бубновым;
Баба ўцякае ад сівой галавы, як сабака ад вожыка;
Корд б’е, як чорт, а шабля – як граблі;
У іх воля, у іх і поле;
Гаспадар пачынае будавацца з гумна.
        
        
4/ІІ
        
        Узяўся за творы С. Бржазоўскага – філосафа і пісьменніка, поўнага супярэчнасцей, чалавека трагічнай біяграфіі, у якой шмат неразгаданых загадак. У музеі пазычыў некалькі замежкых беларускіх эмігранцкіх газет, якія прыйшлі туды апошнімі днямі з Парыжа. Хоць цэлы дзень мы з Кастусём праседзелі над імі, так і не змаглі сарыентавацца: якога яны напрамку і хто іх выдае. Артыкулы падпісаны нейкімі незнаёмымі прозвішчамі. Кастусь вырашыў пачакаць на наступныя нумары, каб знаць: ці нам гэту прэсу папулярызаваць у сваім друку, ці пачынаць супроць яе кампанію. Насцярожвае тое, што газеты прыйшлі на адрасы людзей варожых нам поглядаў, і тыя сустрэлі іх не толькі прыхільна, але стараюцца іх распаўсюджваць сярод моладзі і студэнтаў.
        
        
10/II
        
        Вецер, вецер, вецер. Шумяць у Закрэце векавыя сосны. А над імі – дзівосныя аблокі. Вось адно з іх – як з разгорнутымі ветразямі карабель разбіваецца на чорных скалах. Можа, нехта крычыць там, змагаючыся з хвалямі, а я гляджу і нічым не магу памагчы. Якое сцюдзёнае і непрытульнае неба! Можа, пад такім небам памёр і Алесь Гурло, аб смерці якога я сёння даведаўся ў Студэнцкім саюзе. Трэба будзе заўтра ў каго пазычыць яго «Сузор’і» і «Межы». Аж сорамна прызнацца, што я яшчэ не чытаў гэтых кніг.
        Прынёс Кастусю ад С. Паўловіча копію мемарыялаў аб школьным пытанні ў Заходняй Беларусі. Першы варыянт быў значна мацнейшы. Выпалі многія жахлівыя факты, звязаныя з ліквідацыяй беларускіх школ, бібліятэк, гурткоў, культурна-асветных арганізацый, газет, часопісаў. Адным словам – адрэдагавалі... Трэба будзе падумаць над вершам «Родная мова».
        
Калі б мы цябе, мова, не збераглі
Для нашых дзяцей на пакутнай зямлі,
Хай выкрасляць нас з пажыццёвага спіску,
Імёны з магільных сатруць абеліскаў...
        
        Пакідаю гэта як запеў, да якога некалі вярнуся, як тэму, якую трэба будзе развіць. А можа, гэту страфу зрабіць заключнай? Ці лепш пачаць у купалаўскай інтанацыі?
        
Вы нашу мову топчаце, панове,
Пад звон кайдан, уланскіх шпор.
Але час прыйдзе – і на гэтай мове
Народ вам прачытае прыгавор.
        
        
17/II
        
        Аж да ванітаў начытаўся розных авангардыстаў і іншых мадэрністаў. Часамі здаецца, што ў мычанні каровы – больш паэзіі і зместу. А наша крытыка ад гэтых вершаў у захапленні. Пішуць розныя даследаванні, разборы, даказваюць, хто на каго ўплываў, як атрымаўся ў галаве паэта той ці іншы вобраз. Адна з самых страшных хвароб нашай крытыкі – уплывалогія. Яна выступае ў двух відах: універсальным і нацыянальным. Першы даказвае, што ўсе нашы творы паўсталі пад уплывам узораў сусветнай літаратуры і ў нас амаль нічога няма самастойнага; другі сцвярджае ўплыў беларускай народнай творчасці на сусветную.
        Каторы дзень хаджу пад уражаннем ад смерці Трахіма (Буткевіча), які пасля катаванняў у дэфензіве павесіўся ў сваёй камеры на Павіяку. Усе асуджаюць яго, хоць ніхто не знае, што яго змусіла так зрабіць. У тое, што самагубствам канчаюць толькі слабыя людзі, я не веру. Не веру і ў тое, што ён зламаўся, бо ніхто, каго ён знаў – а знаў ён многіх людзей,– не быў арыштаваны. А можа, яго павесілі?
        Зараз я ўспамінаю той доўгі зімовы вечар, калі ён меўся прыйсці на явачную кватэру на Легіяновай вуліцы і не прыйшоў. Устрывожаная гаспадыня казала: «Такі пунктуальны таварыш. Гэта першы выпадак, каб ён дамовіўся з кім сустрэцца і не стрымаў свайго слова. Відаць, нешта здарылася. Можа, зойдзеце да нас заўтра?»
        Але і на другі, і на дзесяты дзень ён не з’явіўся. У мяне толькі засталася пасля яго нявыкураная пачка папярос. Я аддаў іх Любінаму бацьку, які пажурыў мяне, што я расходуюся на такія дарагія папяросы. Сам ён заўсёды курыў «Ценке» – папяросы беспрацоўных, ды і тых часцей не меў за што набыць.
        Вечарэе. Пайшоў да вакзала, хоць знаў, што ніводзін з цягнікоў не прывязе мне ніякай радасці і не забярэ з сабою маіх цяжкіх дум. Здаецца, Гётэ гаварыў, што творчасць яго – гэта кавалкі адной вялікай споведзі. А наша творчасць – не толькі наша споведзь, але і маўчанне.
        Чуваць, з Італіі вярнуўся П. Сергіевіч. Трэба схадзіць да яго і даведацца, што ён там бачыў цікавага.
        
        
20/II
        
        Сустрэчы. Сустрэчы. Нават няма калі, каб нейкім матузом паслядоўнасці звязаць свае думкі. Пісьмо з дому. Нешта дзед прыхварэў. Ён, як чалавек з ранняга сярэднявечча, не разумеў ціхага чытання і не лічыў яго ніякай работай, хоць чамусьці з пашанай адносіўся да пісання. Можа, таму, што радкі пісьма нагадвалі барозны раллі. Часамі мог доўга сядзець і глядзець, як нехта піша. Аб чым ён у гэты час думаў? Можа, шкадаваў, што сам не мог пакінуць на паперы перажытага, сваіх ведаў, цяжка здабытай сялянскай мудрасці. Заўсёды, калі я адрываўся ад сваёй пісаніны, ён уключаўся ў гутарку і пачынаў мне расказваць бясконцыя гісторыі са свайго жыцця. А расказчык з яго – адменны. I самае цікавае, што калі я потым спрабаваў запісваць яго гавэнды, яны ў мяне атрымліваліся нейкімі расцягнутымі. У расказах яго не было ніякага штукарства, якім часцей за ўсё грашаць іншыя, не было ніякіх паўтораў і лішніх слоў. Тое, што ён расказваў, нагадвала прытчы пра звяроў, пра хлеб, пра зло і дабро. Апошні раз, помню, ён уразіў мяне сваёй увагай аб снах: «Які чалавек, такія і сны». Гэта акрэсленне залежнасці сноў ад жыцця і паводзін чалавека мне здаецца. Больш трапным, як фрэйдаўскае....
        Трэба будзе дамовіцца з Кастусём, каб я змог на некалькі дзён пад’ехаць дамоў.
        Скардзіўся М. Васілёк на свае жыццё – голае і галоднае.
        – Ёсць, – казаў, – людзі, якія заўсёды знаходзяцца на віду, і ёсць такія, якіх заўважаюць толькі ў часы юбілеяў ці пахавання.
        Зайшлі мы з ім у Студэнцкі саюз. Уключыліся ў спрэчкі аб паэзіі. Чамусьці ўсе бяздарныя лічаць сябе несмяротнымі. А можа, яны і маюць рацыю, бо, як вядома, чалавечая глупасць – вечная. Калі пра пісьменніка гавораць, што ён – «тыповы прадстаўнік», мне ўжо не цікава і знаёміцца з ім. У кожным выпадку, будучыня будзе болын суровай у ацэнцы нашых твораў, і ў першую чаргу – твораў, кананізаваных нашай адсталай крытыкай. 3 кожным днём становіцца ўсё больш складана разабрацца ў людзях. Раней на кожным была свая бірка: партыйная, класавая, нацыянальная. Ідзеш па вуліцы і здалёк бачыш, з кім размінаешся. А зараз, перад абліччам небяспекі вайны і фашызму, шукаем людзей сумленных, гатовых стаць з намі поплеч. I трэба прызнацца, што іх удаецца знаходзіць нават там, дзе раней і не спадзяваліся іх знайсці.
        Сёння М. расказала, што ёй удалося арганізаваць гурток па вывучэнню сацыяльных праблем і сучаснай палітыкі ў асяроддзі каталіцкай моладзі, да якой раней кожную нядзелю прыходзіў ксёндз і чытаў лекцыі на тэмы: «Найсвяцейшая панна Марыя – як узор жанчыны», «Святы Язэп – узор цноты маўчання», «Значэнне малітвы і святога прычасця для здароўя і фізічнага жыцця», «Каранацыя святой Маткі Боскай Вастрабрамскай і значэнне гэтага акта», «Галоўныя каталіцкія запаведзі і іх уплыў на наша жыццё» і г. д. і г. д.
        Запытаўся ў М., як яна жыве. Чуў ад Паўла Адынца, што яна выйшла замуж за яго друга. Раней, здаецца, Павел да яе заляцаўся.
        – Помніш, як разам хадзілі на дэманстрацыю, пратэстуючы супроць закрыцця школ нацыянальных меншасцей? Помніш, як на першамайскім мітынгу ў Малой гарадской зале Павел са сваімі сябрамі хацелі праз акно выкінуць шпіка Пясецкага на брук, ды перашкодзіла паліцыя? Помніш сустрэчы пад Нова-Вілейкай? А потым – на Навагрудчыне?
        Усё помніла. Відаць, не была шчаслівай. I ў словах, і ў смеху не чулася ранейшай весялосці. Нешта зблажэла. На развітанне падала руку, як нейкую непатрэбную рэч. Трэба будзе пацікавіцца яе жыццём. Можа, у чым ёй трэба было б нам памагчы.
        Наведаў 3. Аднёс ёй пазычаныя кнігі. Была яшчэ ў папільётках. Не дзіва, што ў некаторых каталіцкіх краінах жанчынам загадваюць прыкрываць свае галовы хусткамі, каб чорт, які можа схавацца ў кудзерках валос, не спакушаў верных. 3 Варшавы прывезла яна акрамя гадавікоў «Звротніцы», дзе я знайшоў нашумеўшы ў свой час вядомы артыкул Т. Пайпера «Горад, маса, машына», з кнігарні Ф. Фрухмана апошнія навінкі савецкай літаратуры. У Полыпчы, як ні дзіва, не зважаючы на антыўсходнюю палітыку ўрада, шмат выдаецца кніг савецкіх пісьменнікаў. Відаць, гэта – прыбыльная справа для выдаўцоў, бо кнігі пра краіну Кастрычніцкай рэвалюцыі і яе народ карыстаюцца папулярнасцю. У бібліятэцы Сыркіна, Зана і іншых – заўсёды за імі чарга. Праўда, пераважна іх чытае мяшчанства, інтэлігенцыя, бо для шырокага чытача яны дарагія, амаль недаступныя.
        Ужо некалькі дзён не браўся за вершы. Тапчуся на месцы. То прызямлю сваю паэзію, то ўздымаю на рамантычныя вышыні. А што, каб адкінуць уяўную прыгажосць, прызнаную, апрабаваную аўтарытэтамі ўмоўнасці? Відаць, трэба было б забыць усё, што напластавалася і адклалася ў памяці, – нанава нарадзіцца. А пакуль што воз сваей паэзіі цягну па старой прасёлачнай дарозе, пракладзенай нашымі папярэднікамі, па дарозе, дзе акрамя пылу ды калдобін мала чаго можна сустрэць цікавага. Пошукі новага ў мастацтве не менш небяспечныя, як падарожжы ў невядомае, асабліва ў наш час, калі трэба мінаць не адну Сцылу і Харыбду. Не знаю, ці ўдасца мне калі сфармуляваць свае эстэтычныя тэзісы і прыбіць іх да лукішскіх сцен ці да муроў нейкага Вітэмбергскага сабора, які я яшчэ толькі пачаў будаваць.
        Атрымаў павестку з’явіцца да следчага на допыт. Каб можна было памяняць сваю памяць на памяць вар’ята – было б лягчэй. У галаву лезуць розныя тэмы: пра голад, пра архітэктуру Вільні, поўную своеасаблівай і непаўторнай музыкі, а то зусім несамавітыя сюжэты. Т. Буйніцкі расказаў мне цікавы факт пра Сандра, які за шмат год прадбачыў прыход чырвонага Хрыста рускай рэвалюцыі. Ці не ад яго потым прыйшоў гэты Хрыстос да Блока? Запісваю, каб не забыць, словы Марынеці з яго паслання да Мусаліні, пасля бітвы пад Тэмбенам: «Каб кожны набой італьянскі меў сёння вартасць забітага чалавека». Як гэта апалагеты нашай сучаснасці – Гётэль, Кадан – падчас пацыфікацыі Заходняй Беларусі і Украіны не паспелі нешта падобнае згарадзіць?
        
        197
        
        На мурах турмы, што на Панарскай вуліцы, стражнікі саскаблівалі некім напісаныя народна-франтавыя лозунгі:
        «Хто змагаецца супроць вайны – змагаецца супроць фашызму».
        «Хто змагаецца супроць...»
        – Не затрымлівацца! Прахадзіць! Прахадзіць!
        
        
23/ІІ
        
        Настаў сапраўдны голад. Напісаў дамоў, каб што падаслалі. Ніяк не магу знайсці работу. Чуў, што быццам ёсць пасада кантралёра білетаў на катку, але каб і яе атрымаць – трэба мець пратэкцыю ў магістраце. Пачаў чытаць К. Гамсуна, ды разбалелася галава і кнігу мусіў адкласці. Незакончанымі ляжаць на стале вершы пра катаргу шарварачных дарог і пра жыццё «халупнікаў» – пра жыццё самых забітых і бяспраўных рабочых у Польшчы.
        Голад. Горшы, як у астрозе. Там, калі і бывае галадоўка, дык галадаем усе разам. Так галадаць весялей. Помню, аднойчы на Лукішках, пасля чарговай галадоўкі, прыйшоў пракурор і пытае ў палітвязня Лагуна з Лужкоў: «Якія маеце просьбы?» А той, згодна з пастановай турэмнага камітэта, адказаў: «Просьбаў не маем, маем пастуляты». А пракурор, бачачы, што перад ім просты вясковы хлопец, пытае: «А што такое – пастуляты?» – «Я вам не буду тлумачыць, – адказаў той, – у нас ёсць агульны прадстаўнік палітвязняў – вы ў яго і пытайцеся...».
        Толькі калі выйшаў пракурор, Лагун звярнуўся да нас: «Сапраўды, што такое «пастуляты»?»
        Бяда, што я са сваімі «пастулятамі» нават не маю да каго звяртацца. Каб не марнаваць сіл, да мінімуму скараціў свае вандроўкі па Вільні. За апошнюю галодную дэкаду прачытаў каля дваццаці кніг: А. Якімовіча «Вершы», Дудара «Сонечнымі сцежкамі» і «Беларусь бунтарская», Дубоўкі «Сгесіо», Зарэцкага «Сцежкі-дарожкі», Хурсіка «Першы паўстанак», Чорнага «Срэбра жыцця» і «Апавяданні», Бабарэкі «Апавяданні». Да гэтага яшчэ: А. Васілеўскага, А. Фарэля, Давідова, М. Прэво, Аскара Уайльда. Вось колькі спажыў духоўнай стравы! Можа, і грэх называць гэту дэкаду «галоднай»?
        
        
2/IIІ
        
        У віленскай газеце «Слова» змешчана рэцэнзія на маю паэму «Нарач». У рэцэнзіі Ян Мацкевіч піша, што ён перасцерагаў польскі ўрад, калі пісаў у сваёй кнізе «Бунт ройстаў»: «...бунт над берагамі возера (Нарач) пяройдзе як факт у гісторыю людзей, якія баранілі свае слушныя правы... і ці легенда рыбацкіх пакаленняў не ўвянчае яго лаўрам эпасу...», і таму дужа быў здзіўлены гэты абшарніцкі зубр, што ён спазніўся са сваім прароцтвам, бо паэма аб нарачанскіх падзеях была ўжо даўно напісана.
        На Замкавай заўважыў, што нейкі тып неадступна крочыць за мною. Прыйшлося змяніць маршрут, каб збіць яго са следу. Зайшоў у студэнцкі інтэрнат на Бакшце, потым накіраваўся пад базыльянскія муры, падаўся на Нямецкую – самы шумны праспект яўрэйскіх гандляроў, дзе цябе на кожным кроку затрымліваюць і цягнуць за рукавы:
        – Пану патрэбны штаны?
        – Я, пане, прашу толькі паглядзець на мой тавар...
        – Самыя модныя капелюшы і кашулі!.. Ратуючыся ад свайго анёла-хавальніка і ад назойлівых гандляроў, нырнуў у нейкі ціхі і брудны завулак, які раптам вывеў мяне да яўрэйскага шпіталя, дзе калісьці, у 1932 годзе, адбылося першае рэдакцыйнае пасяджэнне супрацоўнікаў «Часопіса для ўсіх». Тады тут працаваў наш рэдактар – доктар Усевалад Шыран. Мала прывабнага ў гэтых сярэднявечных лабірынтах. Хіба толькі тое, што дакладна не ведаеш, куды цябе можа вывесці той ці іншы завулак, праходны двор ці нейкі лаз, вядомы толькі дзецям, сабакам ды катам.
        Дома застаў пісьмо ад Лю. Перапісаў з газеты ў блакнот – можа, калі прыдадуцца – гістарычныя словы пана міністра асветы Скульскага (якое прозвішча!):
        «Запэўняю вас, што праз дзесяць год у Польшчы нават са свечкай не знойдзеце ніводнага беларуса...».
        Запісаў яшчэ з памяці чутую ад майго школьнага друга Аляксандра Роўды цудоўную народную беларускую песню:
        
Ой, узышлі, ўзышлі тры месяцы ясны.
Ой, пілі, пілі тры малойцы красны.
Вось адзін брат піў – сто рублёў прапіў,
А другі брат піў – і каня прапіў,
А трэці брат піў – жоначку прапіў.
ПІто грошы прапіў – выйшаў і топнуў,
Што каня прапіў – выйшаў і свіснуў,
Што жонку прапіў – ручкі сашчапіў.
Прыйшоў ён дамоў, дзеткі пытаюць:
– Ой, татка, татка, дзе наша матка?
– Цішаце, дзеткі, пагнала цяляткі...
Пабеглі дзеткі ў поле скачучы,
А адтуль бягуць плачучы:
– Ой, татка, татка, дзе ж наша матка?
– Цішаце, дзеткі, прададзём хатку,
Прададзём хатку мы навюсеньку,
А купім матку маладзюсеньку.
– Хай згарыць хатка ды навенькая,
Хай памрэ матка маладзенькая.
        
        
4/IIІ
        
        Быў на канцэрце студэнцкага хору Рыгора Шырмы. У другой частцы канцэрта выступала маладая і вельмі сімпатычная спявачка А. Орса-Чарняўская. Адкуль яе выкапаў дзядзька Рыгор? I не толькі выкапаў, а і ўзбагаціў яе рэпертуар беларускімі народнымі песнямі. Яна выканала некалькі новых песняў, і асабліва ўдала – «Паднімайся з нізін, сакаліна сям’я...». I яе праводзілі бурнымі апладысментамі; студэнты падарылі ёй прыгожы букет жывых кветак і сэрца кірмашнага «Казюка».
        Творчасць мая зноў апынулася ў паласе нейкіх сейсмічных зрухаў, пасля якіх, не знаю, ці ацалее што з маіх ранейшых будынін. Узяўся за новую паэму. Раблю розныя накіды, збіраю неабходны слоўны матэрыял, каб папоўніць і аднавіць свой паэтычны арсенал.
        
        
6/III
        
        Забракаваў некалькі пачаткаў свае паэмы «Сілаш». Перапісваю апошні варыянт, на якім пакуль што спыніўся.
        
Над кучаравым багуннікам вецер калышацца п’яны.
Імжыць над стагамі вячэрняя сінь.
3 крылаў страсаючы сонца, стада чыранак
Шыпаўкай ціха плыве.
Недзе далёка ласі
Пласкаюць звонкай вадою, мінаючы выган,
Кругом камары талакою начлежнай звіняць.
Капаюць сонныя зоры
ў затоплены выгар.
Пільна Сцяпан углядаецца ў цёмны хмызняк.
Сам – на паляванні,
а думкамі бродзіць у хаце:
«Сёння збіраюцца дзеці ехаць у дальні край;
Хворага сына калыша нявестка, а маці
Топае ля качарэжніка.
Весела дровы гараць,
Цёплым святлом заліваючы шыбы і сцены.
Пухне на нізкіх крыжах з жытняй рашчынай дзяжа.
Асірацеюць палосы з аўсом ды ячменем,
Некаму ж трэба будзе, асірацелыя, жаць...»
Раптам зашасталі хвояў дрымучыя лапы,
Выйшаў памалу сахаты на вадапой.
Піў асцярожна, і дыхалі мокрыя храпы
На зорнае неба, што ўніз адплывала ракой.
«Глёту не ўсыпаў»,– успомніў Сцяпан і з паспехам
Стрэльбіну ўскінуў, плячом прысланіўся да пня...
Глуха за Сіняю Гаццю грому далёкага рэхам
Фронт адазваўся...
Насцеражыўся, падняў
Лось галаву ў расахатай кароне і ветрыў,
Ветрыў і слухаў... Аж выстрал раптоўны, сухі
Спудзіў, пагнаўшы навослеп сахатага ў нетры,
Дзе павадкам сінім імгла залівала стагі.
Свяжэла.
Сцяпан ахінуўся жакетам кароткім.
Высака Сітца было, калі выйшаў на буй.
 
Чуваць, у суседа не спалі, за рэдкім замётам
Моладзь у пуні наладзіла жарты-гульбу.
– Спаць не пара вам?!
Сена шкада маладога...
Сцішыліся спуджаныя галасы.
А потым зноў быў чуваць напоены травамі рогат.
На вішнях ужо даспявалі паўночныя кроплі расы.
Чамусьці сягоння сон доўга Сцяпана не хмарыў.
Слухаў, як вецер шумеў неспакойнымі кронамі ліп,
Як доўга старая шаптала малітвы на нарах
Пад аднастайны калыскі раскалыханай скрып.
Скрып гэты часам здаваўся напевам абозаў,
Стогнам раненых на бездарожжы калюг...
Бачыў расстайныя сосны, бярозы, бярозы...
I думаў пра асірацелую маці-зямлю...
        
        
17/III
        
        Польшча накіравала ультыматум Літве. Цэлы дзень па вуліцах Пагулянцы і Легіяновай, дарогай на Каўнас, ідуць ваенныя часці – пяхота, артылерыя, кавалерыя. Каля скульптурнай фігуры Святога Яцка і гаража «Арбон» стаяць натоўпы школьнікаў, пенсіянераў, нейкіх ачумелых дэвотак, якія, надрываючыся, крычаць: «Віват!.. На Літву, на Літву, на Літву!..»
        Прызнацца, мне не верыцца, што тут можа разгарэцца сапраўдная вайна. Хутчэй усяго кончацца на дэманстрацыі «сілы», «гатоўнасці» польскай ваеншчыны. Бачыў сёння Рэгу (Л. Янкоўская). Прыблізна і яна такой думкі. Кажу «прыблізна», бо дужа складаны гэты чалавек, які ніколі не любіць адкрыта выказваць свае думкі. Дамовіліся з ёй, што я пад’еду ў Крывічы, Даўгінава і ў сваё Мядзела. Апошнімі часамі ўсё ў нашай рабоце неяк ускладняецца. Але гаварыць з Рэгай на гэту тэму не хацелася. Яна была стрыманая ў сваёй інфармацыі, і я не выходзіў за межы пытанняў, якія яе цікавілі.
        Сёння адпісаў С. Крыўцу, ад якога атрымаў некалькі цікавых вершаў. Арыгінальны і самабытны паэт. Трэба будзе паказаць яго вершы Кастусю і распытацца пра яго ў дзядзькі Рыгора, які, здаецца, добра яго ведае па працы ў ТБІП.
        
        202
        
        На стале – цэлая гурба лістоў і вершаў Чорнага, Падбярэста, Овада, Гуля, Расы, Зоркі... Усіх ахапіла псеўдаманія, на якую і я калісьці перахварэў. Помню, тады ў мяне было больш псеўданімаў, чым вершаў...
        
        
20/III
        
        Ад Ёнаса Каросаса даведаўся аб вяртанні Ёзаса Кекштаса з канцлагера. 3 Кекштасам у 1932 годзе я разам сядзеў на Лукішках, калі ён быў арыштаваны з вялікай групай літоўскіх гімназістаў-камсамольцаў. На працягу некалькіх месяцаў мы кожны дзень сустракаліся на астрожнай прагулцы, перастукваліся праз сцяну, дзяліліся хлебам і надзеямі. Потым доўга я з ім не бачыўся. Чуў толькі, што ён стаў адным з вядомых літоўскіх паэтаў. Шмат добрага чуў пра яго і ад Каросаса, і ад другіх маіх літоўскіх сяброў. Шкада было, калі яго вырвалі з ыашых радоў. Ён стаіць перад маімі вачамі – прыгожы і непахісны, з нейкай не па гадах і гаркаватай і мудрай усмешкай на вуснах – усмешкай чалавека. які бачыць далей, чым іншыя. Зноў у мяне насталі цяжкія дні. За апошнія грошы купіў на базары кілбасных абрэзкаў. Чуў там, як адзін селянін гавары’ў другому:
        – Зямля бедная, толькі падаткі на ёй растуць...
        Вельмі хацелася б выпісаць народна-франтавую газету «Пшэкруй тыгодня». Хоць грошай няма, але на ўсякі выпадак трэба запісаць адрас рэдакцыі: Варшава, пляц Жалязнай Брамы, 4, кв. 2, нумар рахунка ў ПКО (Польска Каса Ошчэндносьці) – 5006.
        Прачытаў творы Карскага, Вікі Баўма, Тувіма, Фрэйнета, Меражкоўскага, а з беларускіх – Крапівы і Александровіча.
        Зараз не помню, у каго з пісьменнікаў я знайшоў гэта хвалюючае апісанне ўражання ад Маўзалея Леніна:
        «Здалося ёй, што будыніна гэта магла быць яшчэ прыгажэйшай, калі б яна была вышэйшай, але раптам спыніліся ўсе яе крытычныя заўвагі, калі ўбачыла простае, кароткае слова, у якім яны хацелі сказаць усё, што маюць сказаць: Ленін – і больш нічога».
        
10/IV
        
        Са спазненнем прачытаў цікавую газетную нататку Выш.(амірскага) пра часопіс «Калоссе», дзе вельмі прыхільна ён адзываецца аб маёй паэме «Нарач», піша пра беларускае літаратурнае жыццё ў Вільні, аб патрэбе болын цесных кантактаў паміж польскімі і беларускімі пісьменнікамі. Нататка невялікая, але закранае шмат істотных і вельмі важных спраў.
        Трэба будзе паказаць яе Кастусю, абмеркаваць яе. Мне здаецца, у гэтыя прыадчыненыя дзверы варта было б увайсці, хоць бы для абмену думак, хоць бы для таго, каб вынесці нашы набалелыя справы на большы форум, зацікавіць імі шырэйшыя кругі польскай грамадскасці, якая хіба знае болын пра амерыканскіх індзейцаў, чым пра нас. За гады існавання панскай Полыпчы вырасла пакаленне, атручанае вялікадзяржаўным, каталіцкім і шавіністычным духам. I яно, апроч «польскай рацыі», не бачыла нічога. Толькі трагічныя падзеі ў самой Польшчы, у Германіі, у Іспаніі змусілі многіх задумацца і зрабіць пераацэнкі ўсяму, чаму іх вучылі, і болын цвяроза паглядзець на рэчаіснасць, на жыццё.
        Некаторыя з іх – з палітычных працэсаў і скупых звестак аб пацыфікацыях – упершыню даведаліся, што пад адной страхой з імі, толькі за закратаванымі вокнамі, жывуць мільёны людзей іншых нацыянальнасцей – людзей, пазбаўленых усіх чалавечых правоў...
        Я, здаецца, парушыў стыль дзённіка і пачаў пісаць перадавую ў даўно закрытую газету ці ў нейкую пракламацыю.
        У Студэнцкім саюзе Г. папрасіла, каб я ёй напісаў што на сваім зборніку «На этапах». Я пацікавіўся, дзе яна яго набыла. Аказваецца, ёй прадаў друкар Багаткевіч. Гэты стары і хітры воўк, відаць, прыхаваў сабе нейкую сотню экземпляраў і цяпер іх распрадае. Потым Г., упэўненая, што ёй – прыгожай жанчыне – усё можна, пачала задаваць вельмі неразумныя пытанні на літаратурныя тэмы, якія быццам яе дужа цікавяць. Добра, што мяне паклікалі ў рэдакцыю «Калосся», бо, праз сваю нерашучасць, не так хутка мне ўдалося б вызваліцца ад гэтай прыхільніцы паэзіі.
        
        
15/ІV
        
        Газеты прынеслі ў жалобнай рамцы вестку аб смерці Ф. Шаляпіна. Цяпер сяджу і праклінаю сваё хранічнае безграшоўе, праз якое не змог я пабыць на яго апошнім канцэрце ў Вільні. Ніяк тады не наскроб у сваіх дзіравых кішэнях двух злотых на самы танны білет. Так я і не пабачыў гэтага ўжо легендарнага артыста.
        Пішу далей свайго «Сілаша»:
        
Вёска асверамі перш пачынала будзіцца.
Стужкамі дыму вярхі каміноў зацвілі.
Раніцы шум – сырадой бабы цадзілі з дайніцаў.
Сонца ўзняўшы рагамі,
каровы на выган ішлі.
Сцяпан ля драбінаў, снасць правяраючы, топаў.
Побач ляжалі: хамут, падсядзёлак, дуга.
Дыхалі хаты вясковыя хлебам, укропам,
Калі ён пачаў у аглоблі каня запрагаць.
Конь цёрся, ад аваднёў бараніўся і фыркаў.
Сышліся суседзі: Янук, Пераброд і Юстын.
Хто – ў шаппы салдацкай,
хто – ў зрэбнай кашулі з біркай.
Стаялі, курылі, плячамі падпіраючы тын.
– Пасцілкай кашэль засцялі ды садзіся, Раіна!
Села нявестка, грудзьмі дзіцячы сцішаючы плач.
Памалу Сцяпан лейцы пяньковыя ўскінуў.
Хоць рупіў другіх, але сам не спяшаў выязджаць.
– Крануліся!
– Не забывайце, пішыце!..
Салдатка Марыля
Нехаця ўсхліпнула, вочы тручы падалом.
I, як па нябожчыку, загаласіла,
Ды змоўкла.
Не злазячы з воза, Сцяпан пагразіў пугаўём.
– Тата, а тата!
Сцяпан, з задумаю нейкай
На твары, з’араным гадамі, вятрамі, бядой,
Брыдзе і ледзь чуе, як чайнік звініць аб ляжэйкі,
Глушачы словы Раініны...
– Куфар пасажны мой
Недзе схавайце ў гушчары, ламы і вяршалле.
Мо прыдадуцца ў жыцці маім зноў
I ручнікі й дываны, што ў дзявоцтве наткала.
Вернемся ж некалі, пэўна, дамоў...
– Вернемся, кажаш...
Раптам Сцяпан ажывіўся.
Быццам рой дум разагналі паўстанка гудкі.
– Сына глядзі вось. Спіць? Не будзі!..
Нахіліўся
Сумам вачэй сваіх.
Цягнікі.
Недзе зблудзіўшы ў палёх ярыны ўсхваляванай,
Пераклікаліся гулка басам густым.
Вецер дыміў на валатоўках пясчаных,
I нылі-гудзелі слупоў тэлеграфных драты.
        
        
16/ІV
        
        Па дарозе ў сваю Пількаўшчыну спыніўся ў сястры Веры ў Сэрвачах. Прысеўшы ля нейкай вывараці, накідаў верш «Лірнік». Хацеў схадзіць паглядзець магілу паўстанцаў 1863 года, але дарога гразкая, а цераз рэчку перабрацца не было на чым. Усе чоўны зімавалі яшчэ воддаль ад ракі, перавернутыя ўгару днішчамі, ды і рака яшчэ не ўвайшла ў сваё рэчышча. Над затопленымі сенажацямі праносіліся дзікія качкі.
        Вечарам за сталом стары Летка расказваў пра сваё жыццё-быццё ў Амерыцы. Потым я пачаў пераглядаць захопленыя з сабою літаратурныя часопісы – польскія, чэшскія і беларускія. I неяк сумна стала. Бедна мы выглядаем у параўнанні з нашымі суседзямі. Нейкая сустрэча за шклянкай чаю двух-трох беларусаў, нейкая вечарынка ці самадзейны спектакль, нейкая малазначная брашура ці зборнічак слабенькіх вершаў – усё гэта адзначаецца ў нашым жабрацкім друку як гістарычная падзея... У літаратуры амаль ніхто не клапоціцца аб форме, хоць абыякавыя адносіны да яе сведчаць і аб несур’ёзных адносінах да любой ідэі – нават самай перадавой.
        «Я прачнуўся аднойчы раніцай, – пісаў Байран, – і ўбачыў сябе выдатным». Я ўпэўнены, што некаторыя нашы «выдатныя» некалі прачнуцца раніцай і ўбачаць, якія яны пасрэдныя. А можа, такія людзі ніколі і не прачынаюцца?
        
        
7/V
        
        Сачу за развіццём сучаснай польскай і заходняй паэзіі. Хоць цяжка нешта меркаваць аб апошняй па перакладах, але мне здаецца, што нараджаецца
        нейкая паэзія – паэзія без радзімы. Баюся, што будучым археолагам і іншым вучоным лягчэй будзе акрэсліць культуру і жыццё народа па старажытных асірыйскіх гліняных таблічках ці егіпецкіх папірусах, як па некаторых сучасных зборніках.
        Учора, будучы ў музеі, ад нашага мастака Драздовіча даведаўся, дзе знаходзіцца дом, у якім загінулі віленскія камунары. Сёння знайшоў і здзівіўся: столькі разоў праходзіў міма гэтага трохпавярховага гмаху і не знаў, што на яго цэгле запісаны кулямі слаўныя старонкі новай гісторыі горада.
        А Драздовіча сустрэў я ў святочнымл настроі. Ён прызнаўся, што крыху выпіў са сваімі сябрамі. «Сёння, – смяяўся, – атрымаў ганарар за прададзеныя наведвальнікам музея кійкі». Я бачыў адну калекцыю яго кійкоў, упрыгожаных арыгінальнай разьбой гэтага таленавітага дамарослага мастака. Іх вельмі ахвотна купляюць усе наведвальнікі музея, асабліва – замежныя. Падараваў ён мне сваю кнігу «Нябесныя бегі», прысвечаную сваім бацькам. Не знаю, які з яго астраном. Мне здаецца, што ён не праз тэлескоп, а праз бутэльку глядзеў на нябесныя бегі планет. I ўсё ж гэта надзвычай арыгінальны, цікавы і таленавіты чалавек, які ў нашых умовах жыцця сланяецца, не знаходзячы сабе месца. Арыгінальныя яго карціны, напісаныя тушшу, акварэльнымі і маслянымі фарбамі, на гістарычныя і касмічныя тэмы.
        
        207
        
        Не толькі здзіўляюць сваім новым бачаннем свету, але змушаюць задумацца над тым яшчэ неразгаданым, што акружае чалавека. Зарысоўкі ж яго народных тканін, дываноў, паясоў, зробленыя падчас яго бясконцых вандровак па Заходняй Беларусі і падараваныя музею, – рэдкі скарб, якому некалі і цаны не будзе.
        
        
8/V
        
        Прыйшла вестка, што 4/V памёр непахісны змагар за мір – Карл Асецкі. Не стала чалавека, які быў не толькі выдатным публіцыстам і крытыкам, але – самае галоўнае – у нашы часы пагарды быў сумленнем свайго народа. Трэба пайсці ды падштурхнуць нашых дзеячаў, каб у друку адзначылі добрым словам яго памяць.
        Знаю, што некаторыя з іх спытаюць: «А ён не быў камуністам?» Хадэкам трэба будзе сказаць, што ён быў болын святы, чым іх Папа рымскі. Ужо трэці дзень хаджу і не магу сустрэцца з Рэгай і Міколам Бурсевічам. Няўжо іх арыштавалі? Пытаўся пра іх у Кастуся, але і ён нічога не ведае. Чуў толькі, што перад святам у горадзе былі правалы...
        
        
18/V
        
        Учора позна прыцягнуўся дамоў з Літоўскага таварыства літаратуры і мастацтва, дзе адбыўся вечар, прысвечаны беларускай літаратуры. Нашы літоўскія сябры прадумана і хораша ўсё арганізавалі. Было шмат народу, асабліва моладзі. Вершы чыталіся на беларускай і літоўскай мовах. Пераклады ў большасці былі зроблены А. Жукаўскасам і О. Міцютэ. I хоць я, на жаль, не знаю літоўскай мовы, але некаторыя вершы так прыгожа на ёй гучалі і так іх горача прымалі слухачы, што мне яны здаліся куды лепшымі, чым я іх знаў. 3 Ёнасам Каросасам дамовіліся аб выпуску спецыяльных нумароў часопісаў, прысвечаных літоўскай і беларускай літаратурам. У нас, здаецца, такім нумарам будзе адзін з нумароў часопіса «Калоссе», рэдактар якога – Янка Шутовіч – вельмі горача падтрымаў нашу ідэю. Ды як яму было не падтрымаць, калі Амур сваёй стралой даўно прыгваздзіў яго сэрца да адной харошай дзяўчыны-літвінкі, ад якой ён зараз ні на крок не адступае.
        
        
25/V
        
        Пісьмо і цэлы жмут вершаў ад С. Амаль усё – на астрожныя тэмы. Сярод іх асабліва вылучаюцца вершы, вынесеныя ім з Картуз-Бярозы. Але дзе і як іх надрукаваць? Трэба паказаць іх «Кастусю». Можа, ён што параіць. Дакуль пыл музеяў і судовых архіваў будзе напластоўвацца на нашай рэвалюцыйнай паэзіі? А што, калі б выдаць усё гэта – без цэнзурных белых плям – за мяжой? Выдавалі ж такія рэчы раней у Мінску, Празе. Чамусьці ніхто ў нас не цікавіцца нашай рабочай эміграцыяй у Францыі, Бельгіі, Аргенціне, Уругваі...
        
        
5/VІ
        
        3 захаду памалу паўзе хмара. Часам успыхваюць маланкі, быццам нехта ўзмахвае ліхтаром, азараючы ёй дарогу. Каля кандзіцерскай Рудніцкага сустрэў інжынера У. Ён працуе ў кіраўніцтве Фонда дапамогі віленскага таварыства прыяцеляў навукі. Чуў, што ён, як і многія з віленскай інтэлігенцыі, належыць да нейкай масонскай ложы. 3 гэтай арганізацыяй звязаны і некаторыя са старэйшых беларускіх санацыйных дзеячаў. Чорт ведае якая блытаніна! Не хапала яшчэ ў віленскім каўчэгу і масонаў. I ў той жа час я ў яго бачыў нямецкія антыфашысцкія газеты «ГгеіЬаіі», «ЗйскіеііізсЬе агЬеііег 2аіШ炙. Між іншым віленскае таварыства прыяцеляў навукі за апошнія гады выдала шмат вартых увагі публікацый і кніг па гісторыі і тэорыі літаратуры. У. цікавіўся і маім зборнікам «Пад мачтай».
        Яшчэ раз перачытваю свой рукапіс. Правяраю вершы на слых, на колер, на смех. Апошняе – самае цяжкае выпрабаванне. I яго не кожны верш вытрымлівае. Не кожны верш, калі ўзважваю яго на далонях, мае цяжар зямлі, жыцця. Арыгінальнасць і антытрадыцыйнасць, якімі я захапляўся раней, – не ўсемагутныя багі. Лягчэй дабіцца, каб словы мелі бляск дарагога металу, але цяжэй – каб яны мелі яго і вагу, і звон, і вартасць.
        
        209
        
        Узяўся за пазычаны ў Путраманта зборнік вершаў Пентака «3 вясновых аблокаў». Перад гэтым прачытаў яго цікавую аповесць «Маладосць Яся Кунафала», за якую аўтар атрымаў прэмію Польскай Акадэміі навук. Да таго ж як пазнаёміў мяне Путрамант з Пентакам, я ўяўляў яго чалавекам ад зямлі, больш мужыкаватым, а ён у нечым падобны да Ясеніна – таго чулага лірыка – не «Масквы кабацкай», а лістоў да маці, да сястры, аўтара адной з самых светлых і лірычных паэм – «Анны Снегінай». Пентак прачытаў нам некалькі сваіх вершаў. Чытаў ён у захапленні, у забыцці. Свежай і арыгінальнай здалася мне яго эпіка. У кожным выпадку яму ўдалося знайсці свой шлях – адменны, непадобны да іншых. Я яшчэ не знаю, у чым абаяльнасць яго твораў. Мне, як нявернаму Тамашу, хочацца да кожнага яго радка дакрануцца сваімі пальцамі, адчуць, зразумець. Таму, прыйшоўшы дамоў, яшчэ раз перачытваю некаторыя фрагменты яго паэм. Паэзія – вечназялёнае дрэва. Толькі адны бачаць яго вяршыню, а другія – ніжэйшыя галіны, якія, як у кожнага дрэва, адміраюць і адпадаюць, даючы месца маладым.
        У Студэнцкім саюзе Д. пыталася ў мяне: ці знаю я яе суседа Васіля Ражко? Я ніяк нікога не мог успомніць пад гэтым прозвішчам. Яна апісала яго выгляд. Няўжо гэта адзін з маіх старых таварышаў, з якім калісьці мы сустракаліся ў Кальчыцах у занесенай хаце Карлюкоў, куды прыйшоў я і спытаў у гаспадароў: «Ці можна купіць у вас два кілаграмы яблыкаў?» Потым былі бяссонныя ночы ў Пагірах, Тудараве, Вірышчах, Сянежыцкім лесе, Асташыне. Прыезд з літаратурай Шуры, якая захварэла ў хаце Васіля Каляды і ледзь праз сваю хваробу не падвяла нас усіх. Усё ж я рад быў, што яна тады акрамя адозваў прывезла нам каля 500 нумароў другога нумара «Пралому», дзе быў змешчаны адзін з маіх першых твораў. У хаце Карлюкоў, набраўшыся адвагі і не прызнаючыся ў аўтарстве, я чытаў на вечарынцы свае вершы. I так, першае публічнае маё літаратурнае выступленне – каб, як казаў Ю. Тувім, не спрачаліся гісторыкі – адбылося тут, на Навагрудчыне, пры святле цьмянай лямпы, пад аховай нашых камсамольскіх вартавых.
        Сёння Я. Шутовіч перадаў мне некалькі фатаграфій: адна – любіцельская – зробленая на казюкаўскім фэсце, дзе мы зняліся са спявачкай А. Чарняўскай, другая – зробленая 13/ІП у Зданоўскіх. На апошняй – А. Жукаўскас, П. Каросас, Я. Шутовіч і я. У рэдактара «Калосся» ёсць адна слабасць – увекавечваць на фатаграфіях усе «гістарычныя» сустрэчы. А паколькі здымкі з’яўляюцца адзіным ганарарам, які ён выплачвае за нашы творы, мы і не адмаўляемся, калі ён угаворвае нас зняцца.
        
        
20/VІ
        
        Выйшаў з друку мой новы зборнік вершаў «Пад мачтай». Аж не верыцца, што гэты вярблюд прайшоў праз ігольнае вуха цэнзуры. Праўда, у ім няма адкрытых заклікаў да бунту, але трэба быць сляпым, каб не бачыць, што выбуховы зарад паэзіі ў гэтым зборніку лепш спрасаваны і значна большы, чым у «На этапах».
        Атрымаў ад I. Кекштаса яго першы зборнік вершаў на літоўскай мове – «Такое жыццё» і ад 0. Міцютэ – кнігу яе лірыкі «Агні на плёсах».
        
        
26/VІ
        
        Ад Ё. Каросаса атрымаў часопіс «Пювіс». Увесь нумар прысвечаны заходняй беларускай літаратуры. У перакладах В. Жвайгждаса, I. Кекштаса і А. Жукаўскаса надрукавана вялікая падборка вершаў, артыкул В. Русакайтэ аб маёй творчасці і нарыс У. Дрэмы пра беларускае мастацтва, некалькі рэцэнзій I. Кекштаса і Ё. Каросаса. На апошніх старонках – хроніка і некралог пра А. Асецкага. Агулам, нумар «Пювіса» – харошы братэрскі падарунак ад нашых літоўскіх сяброў і яшчэ адна прабоіна ў свет – прабоіна ў сценах нашай адзіночкі.
        У бібліятэцы Урублеўскіх дастаў стэнаграму пленума праўлення СП СССР, выдадзеную асобнай кнігай «Савецкая літаратура на новым этапе». Дамоў узяць не даюць. Трэба хоць збольшага пазнаёміцца з ёю. Праз Зялёны мост цягнуўся цэлы абоз фурма-
        нак з фашынай. Відаць, недзе ўмацоўваюць берагі Віллі, якая кожны год іх падчас павадка размывае.
        Запісваю тэму верша, навеяную фільмам «Бетховен». Клавішы – як белыя крыгі. На іх апускаюцца пальцы, як чайкі, пад якімі западаюць крыгі і стогне мора...
        Нейкія хаатычныя і далёкія асацыяцыі. Зараз мне нават цяжка іх прывесці ў нейкі лад.
        Рыхтуюся да выступлення ў студэнтаў. Палітыка фашызацыі прывяла да таго, што зараз універсітэт усё больш становіцца прыстанішчам самых рэакцыйных элементаў. Мотіпа вшіі осііоза.
        Праграма-мінімум на заўтрашні дзень: дачытаць А. Палеўку і раздабыць апошнія творы В. Васілеўскай, Э. Зэгадловіча, М. Данброўскай.
        
        
27/VІ
        
        Раніцай, наладаваўшы чамадан сваімі зборнікамі ды іншай літаратурай, на рамізніку дабраўся да пляца Ажэшковай, адкуль аўтобусам выехаў у Мядзела. Дарога гэта – з Вільні да маёй Пількаўшчыны – была мне добра знаёма. Некалькі раз я яе вымераў сваімі нагамі. Але толькі цяпер, калі ехаў, як усе нармальныя людзі, з білетам у кішэні, я заўважыў, якая яна прыгожая і маляўнічая. На прыпынку ў Міхайлішках у аўтобус улез нейкі шляхціц са сваёй, гадоў пад трыццаць, здаровай і рослай краляй, апранутай у шырокую, як звон, фальбоністую, бронзавага колеру спадніцу. Убачыўшы, што аўтобус перапоўнены, ён уголас пачаў разважаць:
        – Мне здаецца, Галенка, што сярод пасажыраў павінен знайсціся нехта культурны і ўступіць табе месца... Гм, нешта не бачу, што тут ёсць такія. Дзіўна, вельмі дзіўна, што мы трапілі ў нягжэчную кампанію...
        Напэўна б, нехта, ды і я сам, уступіў бы сваё месца, але пасля слоў гэтага боўдзілы ўсе пасажыры сядзелі моўчкі, ніхто не рупіўся быць для яго «гжэчным».
        
        212
        
        Ды і патрэбы такой не было. Пані Галенка вельмі добра размясцілася на адным са сваіх хатулёў, у якім ці не пярыну толькі везла, і так даехала да Кабыльніка.
        3 Кабыльніка аўтобус ішоў праз невялічкую, але прыгожую ў буйнай зеляніне садоў і таполяў Купу. На хвілін дзесяць спыніліся каля рэстарана яхт-клуба. Разам з усімі і я выйшаў палюбавацца на хвалі Нарачы, на далёкія белыя ветразі, што танулі ў сіняй далечыні.
        Толькі блізасць фермы серабрыстых лісіц, калі дзьмуў усходні вецер, атручвала сваім смуродам паветра. Відаць, таму гэты бераг быў менш, як Гатаўскі, забудаваны рознымі дачнымі дамамі. Недалёка ад аўтобуснага паўстанка ўзвышаецца высачэзны драўляны крыж над магілай адной настаўніцы з Варшавы, якая падчас навальніцы ўтапілася ў Нарачы, а ля самай дарогі – невялічкі абеліск з прымацаваным да яго бліскучым штыком. Абеліск, відаць, быў пастаўлены з мэтай напамінаць кожнаму, што гэта зямля назаўсёды польскай зброяй заваёвана... Праўда, «ідэя» нашмат перарасла памеры і форму абеліска, падобнага да рэпера, на якім адзначаюць вышыню над узроўнем мора. Ды і штык быў мініяцюрны, падобны да нейкай брошкі-«мечыка» – адзнакі эндэкаў. I таму помнік гэты быў настолькі абстрактны, настолькі недарэчны на беразе возера, дзе яшчэ не так даўно шумелі хвалі рыбацкага бунту, што рабіў не большае ўражанне, чым прыдарожны слуп, пастаўлены для прывязі коней.
        
        
29/VІ
        
        Солтыс Піліпок прынёс пошту. Сярод розных звычайных лістоў – невялічкі ліст ад М. Прачытаў і здзівіўся, бо зусім быў не падрыхтаваны атрымаць ад яе гэтае болыы як сяброўскае пасланне. Трэба будзе мабілізаваць усе свае паэтычныя і дыпламатычныя здольнасці, каб адпісаць ёй і не пакрыўдзіць. У пісьме сваім М. успамінае пра надакучаўшага ёй аднаго нашага супольнага знаёмага I., які амаль кожны дзень яе наведвае. Ну, што я тут магу параіць? Каб не тыя рэдакцыйныя справы, якія мушу з ім абмяркоўваць, узгадняць, я, напэўна, з ім не сустракаўся б.
        Так што апроч гэтага пісьма трэба будзе паслаць пісьмо Г. і яшчэ раз напомніць, каб прыслаў пару вершаў Клячко, падшукаў для мяне ў сваёй каталіцкай прэсе матэрыялы пра кананізацыю ў Рыме езуіта Баболі. Трэба будзе не забыцца купіць «Малы рочнік статыстычны». Трэба...
        А зараз трэба ісці з бацькам і ўпарадкаваць навалены за лазняй бураломны ельнік. Наваліла, накрыжыняла яго столькі, што на цэлы дзень хопіць работы.
        
        
7/VІІ
        
        3-за павароту дарогі паказалася нейкая фурманка. Цішыня. Над старой крушняй ля сажалкі мітусяцца пліскі. Напэўна, яны тут гняздуюць над гэтымі абкуранымі вятрамі, пасівелымі ад часу валунамі. Маруднай хадой цягнецца ранак. Як жораў, ківаецца над студняй асвер. Над страхой Мікалаевай хаты – парасон дыму. Відаць, паляць нейкімі стрыжнямі або асмалкамі. Неба, здаецца, згубіла сваю вышыню і ніжэй апусцілася на зямлю. Прыпомніліся радкі I. Буніна: «А калі ўжо зводы неба блізка...». Хіба на змену пагоды так душна, і каровы, панакрываўшы свае крыжы хвастамі, ляніва плятуцца ў Дрывасек.
        Узабраўшыся на прыстаўлены да тыну аполак, на ўсю Шлькаўшчыну галёкае стары чорны певень, якога ўчора так напалохаў, а можа, і «пагладзіў» каршун, што ён цэлы дзень праседзеў у каноплях.
        Быў Макар Хацяновіч. Нагрузіў я яго прывезенай з Вільні літаратурай. Расказаў ён пра сваю гутарку з войтам, які скардзіўся, што разагітаваныя камуністамі сяляне не выходзяць на шарварачныя работы. Крывіцкі ксёндз і той зняверыўся ў сваіх парафіянах, якія перастаюць хадзіць у касцёл і чытаюць падпольныя лістоўкі. У адной са сваіх нядзельных
        214
        пропаведзяў пагражаў вялебны, што бог, узлаваўшыся, некалі прасее на вялікім рэшаце гэту зямлю і аддзеліць дабро ад зла, праведнікаў ад грэшнікаў...
        Ратуючыся ад аваднёў, прыскакаў з пашы Лысы. 3 карыта, з якога паілі скаціну, пчолы прагна п’юць ваду. Аж звон стаіць над студняй, над дварышчам.
        Перапісваю са старой запісной кніжкі: «Адно дрэва – не лес, адзін чалавек – не народ». Словы дзядзькі Лявона Банькоўскага, які падвозіў мяне да Порплішча (1932).
        
        «Ой, маці, маці, не журыся ты намі,
        Падрастуць крылы – паразлятаемся самі».
        
        (Запісаў ад цёткі Полі ў Азерцах, вясна, 1933 г.)
        «Усё там знішчылі?» – «Усё, акрамя нянавісці да нас».
        (Словы пацыфікатараў Асташына, якія чуў С,
        лістапад, 1932 г.)
        
        
9/VІІ
        
Сягоння свята ў маёй
Каханай – дваццаць вёсен ёй.
Таму з усёй зямлі Саветаў
Прыйшлі злажыць свае дары
Заводаў, ніў гаспадары,
I музыканты, і паэты.
Адзін – падараваў клінок,
Другі – сталёвага каня,
А трэці – бочак сто віна,
3 калосся залаты вянок.
Усіх, як маладосць, вясна,
3 усмешкай радаснай яна
За стол прыветліва прасіла.
– А ты,– спыталася ў мяне,–
Далёкі зарубежны госць –
Маўчыш, задумаўся чаго?
Замала полымя ў віне?
        
        Гэты верш я пісаў да дваццацігоддзя БССР, але ён мне не ўдаўся, і я яго пакінуў незакончаным. Некалі вярнуся да гэтай тэмы, бо ў апошняй страфе ёсць адзін цікавы ход, які можна, як у шахматнай партыі, бліскуча выкарыстаць. Я яго яшчэ не зусім выразна бачу, але бачу. Мяне не непакоіць тое, што гэтую тэму пісалі іншыя. Важна напісаць па-свойму. I ўсё ж цяжка адарвацца ад старога і пісаць не так, як пісалі раней і як сам пісаў. Часамі думаю: можа, не зусім справядліва мы наракаем на наш час, бо заўсёды можна выбраць, хай сабе і цяжкі, але пачэсны шлях у жыцці.
        
        
15/VII
        
        Па кладках, правальваючыся па пояс у балота, з бацькам ледзь дабраліся да свае пунькі ў Нявераўскім. Раніца сцюдзёная і такая росная, быццам толькі што яе акрапіў буйны дождж. Прыйшлося раскласці агонь, каб крыху абагрэцца. Потым пракасілі сцежку, каб не таптаць травы, а там – пайшлі класці пакосы ўздоўж Езупавай мяжы. Праўда, у нявераўскіх пакосах цяжка разабрацца, бо тут столькі курганоў, што, каб чыста выкасіць, касой прыходзіцца вырабляць сапраўдныя цыркавыя выкрутасы. Але трава – духмяная, лугавая, едкая. Некалі тут быў велізарны лес. А зараз дажываюць свій век пні-веліканы, аброслыя розным атожылкам, маліннікам, касцянікай, смародзінай. На высокай вершаліне елкі гудуць дзікія галубы. Пачуўшы блізкі звон касы, узняліся і недзе зашыліся ў гушчары алешніку. Дзён сем-дзесяць будзем касіць у Нявераўскім. У абед дзед прынёс нам падсілкаванне. На Дуброве, казаў, сустрэў сваткаўскіх паліцэйскіх, якія на Высокім Востраве высачылі нечы самагонны апарат. Арыштаваць нікога з самагоншчыкаў не ўдалося. Паўцякалі. Толькі забралі ўсе прылады – кацёл, халадзільнік, два цэбры з разведзенай брагай, – якія на кані павезлі ў пастарунак.
        
        
19/VII
        
        Накідаў яшчэ адзін фрагмент свае паэмы. Пішацца марудна, цяжка. Ды і пішу толькі пасля захаду сонца, вярнуўшыся з сенажаці, з працы.
        
«...Салавей, салавей...» –
песня калыша перонам
I вечарам, пашарэлым ад шынялёў салдат,
Захліпваючыся слязамі, пайшлі эшалоны
Чырвонага Крыжа, крывёю заліўшы плакат, –
Маніфест, і людскі муравейнік, і рэйкі.
Ды зноўку пачулася песня. Гармонік яе падтрымаў.
Чапляецца дым паравозны за хусткі, павекі.
Бразгаючы буферамі, крануўся таварны састаў.
– Далека сама? 3 малым у такую дарогу?
Засні. Да мяхоў прытулі галаву.
Вось бандаж натужу і пабаўлю малога.
Як завецца? Сілаш? Без білета ў Маскву?
Са спагадай салдат галавою ківае.
I смяецца Сілаш, з мундштука яго лозячы дым.
I мацней сына туліць Раіна.
– Нічога. Самая я.
Як не спіць, дзень і ноч забаўлялася з ім...
3 гулам, скрыпам кудысьці шалёна нясуцца
вагоны
Толькі думы-ўспаміны заснуць не даюць.
А Раіна глядзіць на незнаёмыя нівы-загоны,
На аблокі, што ўдаль чарадою плывуць.
Часам бліснуць імшары, укрытыя плесняй,
I цяклічын зялёных, крыніц матузы,
Ранняй вохрай апырсканы цяглы бярэзнік;
Прамільгнуць астравы пералескаў, лаздл,
Ператканыя верасам цёплым.
        
        
21/VII
        
        Некалькі разоў заглядаў на сваю старую кватэру, дзе павінен быў сутрэцца з Я-скай. А яна ўсё не прыходзіць. Гэта пачынае непакоіць і Кастуся і мяне, асабліва цяпер, калі зямля поўніцца рознымі трывожнымі чуткамі аб становішчы ў рэвалюцыйным руху ў Полыпчы. Ад Макара Хацяновіча прывёз некалькі злотых. Калі не пабачу Я-скай, перадам гэтыя грошы Кастусю. Ён зараз астаўся без ніякіх сродкаў для жыцця і без кватэры.
        
        
2/VIII
        
        Дзядзька Рыгор пераслаў мне пісьмо ад кампазітара Кошыца, які піша, што атрымаў мой зборнік «Пад мачтай» і дзякуе за яго. Выбраліся ісці касіць, але дождж з грымотамі змусіў нас вярнуцца дамоў. Цёпла. Я расчыніў акно, каб не было душна
        ў хаце. Бацька пад клеццю пачаў кляпаць косы. Ніхто ў нас так не ўмее выправіць касы, як ён, ды і касец з яго выдатны, любога можа выгнаць з пракоса. А дождж шуміць, шуміць па страсе, па бульбоўніку, па шырока раскрытых далонях капусты. Відаць, да вечара не распагодзіцца. Можа, удасца адказаць на лісты, якія даўно чакаюць адказу. У сенях спрачаюцца Федзя з Мілкай – каму ісці выганяць кароў, а каму адганяць ад ярыны Лысага. Відаць, зноў гэтай памаўзе ўдалося вырвацца з пашы.
        Памалу цямнеюць ніткі дажджу. Вечарэе. У старым разбітым люстры скачуць водбліскі агню, які, чакаючы на саган з бульбай, так расшугаўся ў печы, што аж маці мусіла яго супакоіць добрым палонікам-вады.
        А дождж усё шуміць, усхліпвае, уздыхае, булькае, хлюпае... Аж дзіва, колькі ў яго голасе адценняў.
        
        
5/VIII
        
        Прачытаў у апошнім нумары «Сігналаў» (1/УІІІ 1938 г.) рэцэнзію Севярына Сасноўскага на свой зборнік «Пад мачтай». Рэцэнзія вельмі цікавая. Асабліва мне каштоўныя заўвагі аўтара. Шкада, што ў нашай беларускай крытыцы няма нікога, хто б глыбока і ўсебакова разбіраўся ў паэзіі і разумеў яе.
        Днём на хутары нашага суседа Мікалая адбылася сапраўдная баталія. Прыехаў секвестратар з паліцыяй, каб апісаць за нядоімкі яго гаспадарку. Мікалаевай сястры ўдалося кароў схаваць у лесе, але самога яго затрымалі. I калі пачалі забіраць яго апошні кажух і боты, Мікалай, выхапіўшы з плота кол, кінуўся на секвестратара і паліцыю. Доўга яны не маглі з ім справіцца. Чуваць, скруціўшы рукі, пагналі ў Мядзела. Цяжка аднаму, жывучы на хутары, ваяваць з гэтымі крумкачамі. Калі прыбеглі суседзі на дапамогу, засталі апусцелую хату і каля пуні Мікалаеву сястру Кацярыну, якая галасіла на ўсю Пількаўшчыну.
        
        
9/ІХ
        
        Нейкі Генак – знаёмы Путраманта – прыходзіў да нас, толькі не застаў мяне. 3 пісьма Путраманта, якое пакінуў гэты незнаёмы госць, даведаўся, што К. Яворскі працуе над перакладамі маіх вершаў, а сам Путрамант толькі што вярнуўся з паездкі ў Швецыю і Данію. Не магу не пазайздросціць яму. Я, здаецца, далучыўся б да цыганоў, каб толькі павалачыцца па розных шляхах зямлі ды паглядзець на свет. 3 нашай сям’і, відаць, толькі адзін дзядзька Фадзей, якога дзед часта называе бадзіняй, задаволіў сваю прагу да вандровак. Калі ўзялі ў армію, служыў у Маскве; потым паслалі яго на сельскагаспадарчую практыку ў Аўстра-Венгрыю; падчас вайны быў інтэрніраваны ў Германію; пасля вызвалення з канцлагера вучыўся ў Чэхаславакіі, адкуль у 1923 г. вярнуўся дамоў, каб зноў праз пару год выехаць у Аргенціну. Я часта люблю перачытваць яго лісты з пячаткамі на канвертах: Прага, Вена, Трыест, Гібралтар, Буэнас-Айрэс... Усе яны напісаны няроўным почыркам, рукой шафёра, машыніста, грузчыка, рыбака; усе яны гавораць аб жыцці, поўным неверагодных прыгод, цяжкасцей, удач і няўдач. Калі чытаю іх дзеду, той ніколі не можа стрымацца: «I чаго яго чорт пагнаў? Дома яму не хапала працы?»
        Лісты гэтыя ляжаць у нас на верхняй паліцы ў старой і кульгавай шафе, сточанай шашалем. На гэтай паліцы стаяць лепшыя – для гасцей – паўміскі, ляжаць відэльцы, нажы, некалькі чарак (хоць дома ніхто не п’е гарэлку) і два дзядзькавы кубкі, прывезеныя з Чэхаславакіі. На адным напісана па-нямецку «Марыязель» і намаляваны прыгожы гатычны касцёл, на другім напісана «3 Гостына» і намалявана прыгожая, у нейкім нацыянальным касцюме дзяўчына.
        Сёння цэлы дзень з бацькам абівалі жыта на насевак. 3 галавы да ног укрыліся пылам, асцём, зярнятамі. Калі пад вечар выйшлі з тока, самі былі падобныя да двух жытніх снапоў.
        
        
10/ІХ
        
        Зрабіў для дзядзькі Рыгора пераклад верша I. Франка «Каваль», на словы якога К. Галкоўскі напісаў музыку.
        
Дрэмлюць хаты ў даліне,
Па-над імі туман сіні.
А на ўзгорку край сяла
Стаіць кузня каваля.
Гром у кузні раздаецца,
У каваля па’лае сэрца.
Пад кавадла гулкі звон
Песняй заклікае ён:
– Гэй жа, людзі з хат і поля,
Тут куецца шчасце, доля,
Прачынайцеся ад сну,
Сустракайце ўсе вясну!
Туманы ніжэй аселі
Над сялом і пацямнелі,
Разліліся на палёх,
Каб зацьміць прастор дарог,
Каб людзям закрыць сцяжыны,
Што ўгару вядуць з даліны
У кузню, дзе куе наш люд
Шчасце, волю замест пут.
        
        
16/ІХ
        
        Зараз многія мяне крытыкуюць за мой апошні зборнік «Пад мачтай», хоць ён – я ў гэтым перакананы – значна лепшы за папярэднія. Крытыкуюць, што я не апраўдаў надзей сваіх «добразычліўцаў», што я пайшоў не ў тым напрамку, размінуўся са сваёй тэмай і г. д. Я разумею, што гэтых людзей занепакоіла болыпая выразнасць думак, поглядаў. Яны спадзяваліся, што я спынюся, заблытаўшыся ў метафарах. Калі мне суджана будзе змоўкнуць, я хацеў бы змоўкнуць, падымаючыся на гару, а не сыходзячы на дол. Хай крычаць. Падобным крытыкам праз нейкі час заўсёды прыходзілася абасноўваць усе «ерасі». А пакуль што дзякуй богу, што яшчэ ў нас не адкрылі спосабу бальзаміравання дрэнных твораў, і яны, як рыба, хутка пачынаюць псавацца, хоць іх яшчэ нейкі час па інерцыі цытуюць і паўтараюць. Агулам, у нашай літаратуры неверагодная колькасць не недаацэненых, а пераацэненых пісьменнікаў і твораў.
        Сёння ледзь не атруціўся, выпіўшы на Пагулянцы газіраванай вады. Дзядзька Рыгор завёз мяне ў літоўскую клініку, дзе мне і аказалі першую дапамогу. А палове шостай прывалокся дамоў. Прыйсці памог нейкі служачы пан Юзэф Парэчка, у якога месяц таму назад ад сухотаў памерла жонка.
        – Ведаеце, пане, сяджу я і не спускаю з яе вачэй. I раптам – быццам яна нешта ўбачыла і хоча мне сказаць і не можа. Толькі буйная сляза пакацілася па шчацэ. Так і не знаю, што яна хацела мне сказаць... А пан з-пад Мядзела? Быў я там. Калісьці хацеў наняцца на работу ў маёнтку пана Аскеркі. Багаты пан. Болей шасці тысяч гектараў зямлі.
        Я яго запрашаў зайсці ў пакой, адпачыць. Але ён толькі папрасіў запалак, каб прыкурыць сваю нейкую старасвецкую, з выгнутым цыбуком піпку, і, развітаўшыся, пайшоў дамоў. Газет не было. На сон узяўся за Свентахоўскага – творцу польскага пазітывізму і заядлага рэакцыянера, які нават сярод эндэкаў выклікае не меншае здзіўленне, як дапатопны мамант.
        Думаю пра «Пана Тадэвуша», «Новую зямлю» – дзве нацыянальныя паэмы двух народаў. Толькі, мне здаецца, паэма Міцкевіча нацыянальная больш у палітычным сэнсе, а Коласа – у сацыяльным. Ідэя дзяржаўнасці нашага народа яшчэ не знайшла свайго ўвасаблення ў манументальным творы, можа, таму, што яе аперадзілі падзеі. А вартасць мастацкага твора – у тым, што ён першы адкрывае, першы абвяшчае нешта новае. Агулам, апісальнасць была заўсёды мацнейшай стараной нашай паэзіі, як яе філасофскі змест, які рэдка калі ўздымаўся вышэй усім даўно вядомых ісцін.
        А тэмпература ўсё яшчэ не спадае.
        Учора Кастусь мне расказаў пра сваю апошнюю сустрэчу з рэдактарам «Беларускай крыніцы» Пазняком.
        
        221
        
        Гэта яшчэ было вясной. Кастусь агітаваў апошняга больш рашуча ўключацца ў змаганне за стварэнне Народнага фронту ў Полынчы. Пазняк доўга выкручваўся, аднекваўся, але потым выказаў свае засцярогі, што для хадэцыі перамога як левых, так і правых сіл пагражае ліквідацыяй іх партыі. Самае смешнае, казаў Кастусь, калі пан рэдактар пачаў папракаць, чаму мы, камуністы, вучым народ спяваць песні пра Сталіна, пра Савецкі Саюз.
        – А вы спытайце ў народа, якога вучаць паліцыя, ксяндзы, настаўнікі спяваць песні пра Шлсудскага, чаму ён іх не пяе, а пяе савецкія песні.
        Зараз усе мы перажываем незвычайны крызіс. Раней загаду аб роспуску партыі – аб чым даведаліся нават не са сваёй прэсы – да нас пачалі даходзіць трывожныя сімптомы: на многіх участках згортвалася работа, намечаныя мерапрыемствы адкладваліся, усякія кантакты спыняліся, сувязі абрываліся. Тлумачым сабе, што ўсё гэта неабходна трэба было зрабіць. Выццё варожай прэсы (а мы заўсёды прывыклі ацэньваць: калі вораг цябе ганіць...) яшчэ больш пераконвае ў гэтым. I ўсё ж гэты раз цяжка пагадзіць логіку розуму з сэрцам.
        У сталовай гаспадароў чуваць, як гадзіннік гулка адбівае поўнач. А ў Закрэце несціхана шумяць сосны. У мяне хоць ёсць дзе прытуліцца. А ці ёсць начлег у Кастуся? Партыя распушчана.
        Чым больш думаю, тым менш разумею тое, што здарылася.
        
        
15/Х
        
        «Крыніца» піша аб урачыстасцях, звязаных з 950-годдзем хрысціянства ў Беларусі. У касцёле святога Мікалая беларускія ксяндзы выступалі з прамовамі, і ўсе веруючыя спявалі «Божа, што калісь народы на асобкі падзяліў». Трэба будзе запрапанаваць хадэкам перарабіць гэтыя радкі на «Божа, што калісь народы ўсе на класы падзяліў». Гэта больш па-сучаснаму і лепш. Праўда, наперадзе яшчэ – тысячагоддзе. Толькі праз 50 год, можа, у гэтым касцёле будзе антырэлігійны музей, і, напэўна, веруючыя не ў бога, а ў сацыялізм будуць спяваць:
        Мы свой, мы новы свет збудуем...
        
        
22/Х
        
        На вечары ў беларускіх студэнтаў чытаў фрагменты свае новае паэмы. Слухачоў было шмат. Доўга адказваў на розныя пытанні. Гутарка зацягнулася амаль да самай поўначы. Дамоў вяртаўся ціхай Малой Пагулянкай і яшчэ болып ціхай і соннай, зацярушанай лісцем каштанаў і яркімі зорамі Закрэтавай вуліцай. Чамусьці ўспомніўся бессюжэтны, але пранізаны музыкай Бетховена фільм «Месячная саната», у якім галоўную ролю іграў I. Падарэўскі. Я не спадзяваўся, што гэтая аднойчы пачутая музыка неспадзявана сёння абрушыцца на мяне. Я ішоў, і мне здавалася, што я іду вуліцай, запоўненай чароўнымі гукамі, да якіх прыслухоўваліся і ўсе людзі, і дрэвы, і муры камяніц, і зоры. I, можа, таму на зямлі была такая надзвычайная цішыня, што аж я мусіў спыніцца...
        
        
25/Х
        
        I так, героі мае паэмы – маці і сын – прыехалі ў Маскву. Пакуль што, без асаблівых адступленняў, іду па слядах свае біяграфіі.
        
...Газетчыкі хрыпла, назойліва нешта крычалі.
– Вячэрні дадатак!..
– Нямецкі прарваны фронт...
А бежанцаў новая шэрая хваля
Усплыла, Аляксандраўскі змыла перон.
«Можа, вярнуцца?..»
Цяжэюць Раініны думы,
Быццам іх дождж налівае трывогай, тугой,
Дождж, які недзе па цёплых асецях і гумнах
Малоціць цапамі і пахне саломай сырой.
А можа, шуміць, ткучы над акопамі восень,
Рвучы свой уток на калючай аснове дратоў...
На павароце галосяць, брынчаць калёсы,
I звоніць разбітае шкло дажджавых пухіроў.
Вышэй парасонаў, прыкрыўшых жалобай галовы,
Вышэй пазалочаных грэбняў жалезных гораў стрэх,
Уздымаючы цёмную золь, над пляцам грымяць
падковы
Спуджаных коней на браме і хмараў узветраны бег.
Глядзіць Сілаш на вогнішча шумнае вуліц.
Згубіўся ў натоўпе. Бецер. Сырая імгла.
А дом дзесь далёка. Нехта нясе яго, туліць.
Нехта знаёмы пытае: – Сцюдзёна, можа, Сілаш?
Голас, здаецца, гаючым цяплом ахінае.
Паміж камяніцаў блішчыць бруку вуза.
Гоман натоўпу.
Бутырак сцяна глухая
Грозным навісла масівам, а за
Сеткай дажджу цьмяна гараць ліхтары, ды
На скрыжаванні рэек, трамвайных дратоў
Рвуцца маланкамі, сінім агнём акварыды
I гаснуць у чорнай завеі асенніх лістоў.
Спалохана хмары кудысьці бягуць, уцякаюць,
Цені шуршаць па сівой цаліне, па лагу,
На ўзгорках зямля ялавее жывая,
На ўзгорках шэрай ваўчыцай асенні гул
Блудзіць па межах, па скібах падзолу і дзёрну.
Хіліцца нізка Сцяпан, ідучы баразной
Доўгай за плугам.
Ловіць конь пырнік і чорны
Ад сухавею бульбоўнік, прыстаючы пад гарой.
Нізка чуваць журавы.
Белаю снежнаю ворсай
Хутка пакрыюцца рунь, верасы і хмызняк.
Месяц стагі падпаліў на журавінавых плёсах.
Тужэюць пабочні.
Сцяпан панукае каня.
А полымя па курганах, па атаве ліецца,
Нечую постаць авеяла і папаўзло
Свежай раллёй. Вецер заблытаўся ў лейцах,
Потныя грудзі амывае сцюдзёным крылом.
– А я ледзь пазнаў... Кажаш, коней хавалі
ўімшарах...
Сцяпан пачынае хутчэй выпрагаць свайго.
– Трэба будзіць зямлю.
Трэцім сном дрэмлюць папары.
Зусім утравелі... – На міг папяросы агонь
Мільгануў на заросце вусоў пасівелых Юстына.
– Пісьмо табе. Маеш!
Сцяпан асцярожна бярэ.
Пісьмо ад нявесткі ці, можа, ад сына?
3 вёскі даносіцца гоман і брэх.
– Гэй! Як нам дайсці да Перабродавай хаты?
Падказвае за палісады Юстын.
I злосна плюе:
– Цягаюцца, бачыш, салдаты,
Гуляюць...
Шуміць жываплоту маліннік густы.
Лаянка, рогат доўга ўначы не змаўкаюць.
У хаце Сцяпана агню палахлівы матыль
Калышацца ў светачы. Чуваць, па складах чытаюць
Пісьмо: «Масква... шлю я – ваш сын, Васіль –
Прывітанне бацькам...»
За вокнамі недзе заплакаў
На пераборах гармоніка слаўньі «Байкал».
У сенях цяляты, чуваць, перажоўваюць жвачку.
Зноў цэдзяцца словы: – Нядаўна Раіну спаткаў.
Працуе. 3 казармы прыходжу наведаць у свята.
Пакой на прадмесці яна наняла.
Жывём памаленьку. Радаснага – не багата.
Вось толькі падрос і ходзіць у школу Сілаш...
Цёмна.
– Ці ўсё да канца дачытаў?
Так бы хацелася з сынам шмат аб чым пагаварыць.
Доўга Сцяпан дзьме ў чалесніку на вугалле,
Аж за акном разгараюцца іскры зары.
        
        
1/ХІ
        
        Вярнуўшыся ў Вільню, як п’яніца на гарэлку, накінуўся на газеты і кнігі. Чытаю без ніякай сістэмы усё, што трапляецца і што ўдаецца дастаць. Чорны, Галавач, Гарніч, Баліцкі, Стачынскі, Бранеўскі, Карэеў, Гудзій, Ніцшэ, Бокль, Тувім, Круіт. Ад Ёнаса Каросаса дастаў каўнаскую «Летувос айдас» (№ 444, 1938 г.), дзе надрукаваны ў перакладзе О. Міцютэ мой верш «Мінуць гады». У друкарні В. Труцькі, якая абаснавалася на вуліцы Міцкевіча, друкар Багаткевіч пазнаёміў мяне з дужа цікавым і арыгінальным аўтарам «Расказаў амерыканскага халасцяка» Стахоўскім. Яшчэ перад імперыялістычнай вайной Стахоўскі выехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе неяк удалося яму стаць на ногі і разбагацець. А займеўшы грошы, захацеў расказаць людзям пра тое, што бачыў, перажыў, перадумаў, хоць да гэтага нідзе не вучыўся і ледзь умеў прачытаць і распісацца. Расказы свае ён дыктаваў стэнаграфісту, а потым даваў іх яшчэ нейкаму стылісту правіць. У Вільню ён прыехаў, каб наведаць сваіх родных і землякоў і выдаць сваю другую кнігу, якую назваў «Моль тлустая і моль худая». Кнігу гэтую ён выдаў, толькі Багаткевіч – на што мне жаліўся сам аўтар – здорава яго абдурыў. Ён, як чалавек неспрактыкаваны ў выдавецкіх справах, падпісаў умову, дзе замест колькасці друкаваных лістоў была пададзена толькі колькасць старонак, што і скарыстаў Багаткевіч, выпусціўшы кнігу невялічкім фарматам. Зразумела, што колькасць старонак ад гэтага амаль у некалькі разоў павялічылася, і Багаткевічу пры дапамозе суда і іншых махінацый удалося змусіць аўтара выплаціць яму значную суму грошай. Трэба сказаць, што гэта не першая афера Багаткевіча. Першая справа была яшчэ больш грандыёзная, калі ён, зноў жа пры дапамозе ўрадавых колаў, з даўжніка стаў кампаньёнам, а потым і гаспадаром друкарні, набытай за грошы В. Труцькі. Праўда, тут не апошнюю ролю адыгралі і палітычныя прычыны. В. Труцька, калі абсталёўваў сваю друкарню, меў намер друкаваць толькі беларускія кнігі: школьныя падручнікі, творы мастацкай літаратуры, этнаграфічныя зборнікі, спеўнікі, часопісы і газеты. Ясна, што аб гэтым яго намеры зналі розныя паслугачы паноў Ясінскага і Бацянскага. I, відаць, каб узяць пад кантроль гэту небяспечную друкарню, пастараліся пад выглядам супольніка навязаць В. Труцьку свайго чалавека.
        
        
3/ХІ
        
        Вярнуўшыся з бібліятэкі Тамаша Зана, застаў дома пісьмо ад К. Яворскага. Піша, што ў «Камэне» будзе надрукаваны перакладзены ім мой верш «Над калыскай» і што ён збіраецца перакладаць маю паэму пра Каліноўскага.
        Бачыўся з Кастусём. Не знаем, як перажывём гэту галодную і беспрасветную зіму. Мы зараз падобны да людзей, карабель якіх затануў, а саміх хвалі выкінулі на бераг. Кожны дзень углядаемся ўдалячынь. Але на небасхіле нічога не відаць.
        А ў магазінах поўна розных прадуктаў. Толькі заўважыў, пакупнікоў менш, як гледачоў, якія доўга, як і я, стаялі і прыглядаліся да цэн: масла кілаграм – тры злотых 50 грошаў, свініна – 1 злоты 17 грошаў, бараніна – 80 грошаў, яйкі...
        Кожны з нас рабіў выгляд, што хацеў нешта купіць і толькі не мог адразу выбраць...
        Прачытаў у адным з савецкіх часопісаў верш I. Бехера «Помнік» – верш пра Леніна. Перапісаў у свій блакнот. Можа, паспрабую яго перакласці. У «Кур’еры поранным» змешчана інтрыгоўная заметка аб «Працэсе» Ф. Кафкі: «Кніга, не падобная да ўсіх іншых». Рэкламная прыманка? Трэба будзе заўтра пашукаць у бібліятэцы паланістаў.
        
        
5/ХІ
        
        Цэлы вечар змарнаваў над вершам, і нічога не выйшла. Галава пустая, як бочка. Гняце нейкае бяссілле, бязрадаснасць, голад. Я сёння магу сказаць, як сказаў у сваіх запісах адзін з беспрацоўных: «Дзень, калі я быў сыты, належыць да даўняй мінуўшчыны». Адзінае выйсце: пайсці да пана Юзафовіча і папрасіць, каб ён даў у крэдыт хлеба, цукру і пару селядцоў. Бяда толькі, што я яму і так ужо задаўжаўся на цэлых пяць злотых. Трэба праверыць у яго старыя запісы, каб часам гэты гандляр не прыпісаў чаго лішняга. Гаспадыня наша, відаць, здагадваецца, што мы з Сашкам абанкруціліся, бо сёння прапанавала нам зварыць суп. Але мы падзякавалі ёй і адмовіліся, сказаўшы, што апошнія дні абедаем у студэнцкай сталоўцы. Чыстыя шляхцюкі! А цяпер сядзім і шкадуем, што адмовіліся. Заўтра, калі не прыйдзе Кастусь, трэба зноў на нейкі тыдзень запасціся кнігамі, бо страўнік можа пачакаць і на лепшыя дні, але галава, каб не апусцела, – як гаворыць усходняя мудрасць, – павінна штодня папаўняцца ведамі.
        
        
27/ХІ
        
        У Студэнцкім саюзе адбыўся вечар літоўскай літаратуры. 3 дакладам выступала Онэ Міцютэ. Чыталі вершы Жукаўскаса, Кекштаса, Боруты, Александровічыуса, Мішкініса і іншых. Знаёмячыся з літоўскай літаратурай, я пераканаўся, наколькі яна блізкая нам па свайму гучанню, настрою, ідэйным напрамку. Я пераклаў накалькі вершаў маіх літоўскіх сяброў. Болып за ўсё мяне здзівіла і парадавала высокае майстэрства, з якім напісаны гэтыя вершы. Мне здаецца, што літоўская паэзія (аб прозе баюся меркаваць, бо толькі па польскіх рэцэнзіях сёе-тое ведаю пра яе) больш, чым наша, багата пошукамі новага, і развіваецца яна, убіраючы ў сябе многія лепшыя дасягненні сучаснай еўрапейскай паэзіі, з якой яна, відаць, праз Каўнас, мае жывыя сувязі. Ёнас Каросас крыху пазнаёміў мяне з вершамі Яноніса. Божа, гэта недасяжная вяршыня рэвалюцыйнай паэзіі! Аж шапка злятае, калі глядзіш на яе. Яноніс на цэлую галаву перарос усіх сваіх сучаснікаў, якім выпала шчасце песнямі вітаць Вялікі Кастрычнік...
        Ужо даўно ўсе паснулі. Некалькі раз празваніў гадзіннік, ці то ён адлічваў свой час, а можа, толькі мяне хацеў выклікаць на начную бяседу? Ну што ж, калі няма лепшых, я рад і гэтаму бяссоннаму другу.
        
        
1/ХІІ
        
        З Каўнаса К. Дуж-Душэўскі прыслаў у музей цэлую пачку школьных падручнікаў. Некаторыя з іх былі ім самім перакладзены на беларускую мову і з’яўляліся каштоўнай дапамогай для моладзі, якая вучылася па старых, даваенных рускіх і польскіх падручніках. Мова яго перакладаў была без ніякіх спадароўскіх дзівосаў – жывая, зразумелая, народная. Я запісаў яго адрас: Каўнас, Лейсвала алея, 72, каб перадаць яго нашым хлопцам. Хай напішуць яму. Можа, і ім дапаможа сваімі кнігамі. К. Дуж-Душэўскі працуе ў Каўнасе галоўным архітэктарам. Матэрыяльна – забяспечаны. Дзякуючы яго дапамозе і музей сяк-так яшчэ можа існаваць. Апошні раз, калі ён наведаў Вільню, паказваў мне «Зямлю карміліцу» П. Цвіркі, «У цені аўтараў» Пуцінаса, зборнікі вершаў Гіры, Інгуры, Нерыс. У Вільні ён, здаецца, хацеў знайсці перакладчыкаў з літоўскай на беларускую мову і некаторыя з гэтых кніг выдаць.
        З бібліятэкі прафсаюза хімікаў прынёс брашуру Р. Люксембург «Памяці пралетарыяту» і перапісаў з другога нумара «Квадрыгі» (1937) перакладзены на польскую мову С. Цесельчуком верш Кнута Гамсуна «Месца пахавання». Верш гэты, прасякнуты глыбокім пантэізмам, любоўю да прыроды, хачу перакласці на беларускую мову, хоць і адчуваю, якое раблю злачынства, перакладаючы з перакладу.
        
Не дай, створца, мне сваю стрэціць канчыну
На ложку з падушкай, пад мяккай пярынай,
Сярод насоў, мокрых ад жалю.
Лепш лягу я недзе ля яра крутога,
Схаваўшыся ў лесе ад зроку людскога,
Каб век мяне не адшукалі.
Я – сын лесу, лес мяне ведае братні,
Маёй не адмовіць ён просьбе астатняй:
Зялёную даць мне падушку.
Я сто раз вярну яе кошт, лесе родны,
Аддаўшы свой труп тваім дзецям галодным. –
Мурашкам і зверам і птушкам...
Кнута Гамсуна я палюбіў за яго «Голад» і «Вік-
торыю», бо знаў, што такое голад і любоў, калі ты
замкнуты і на цябе пачынаюць абрушвацца сцены
адзіночкі. Гэтымі днямі з Лукішак зноў адправілі
транспарт палітвязняў у Вронкі і Седльцы.
        
        
7/ХІІ
        
        Пасля Рэмбо і Бадлера не стала тэм «паэтычных» і «непаэтычных». Яшчэ да знаёмства з іх творчасцю я адчуваў гэта ў адносінах да слоў. Дарэчы, зараз са сваёй запісной кніжкай усюды палюю на рэдкія словы, якіх пакуль што няма ў слоўніках. Ды слоўнікі заўсёды пазніліся і ніколі не маглі ўгнацца за жывой мовай. Мне здаецца, што кожны пісьменнік павінен мець апроч усеагульнага слоўніка яшчэ і свой асабісты. I справа не ў тым, хто карыстаецца болынай колькасцю слоў, а хто – меншай. Справа ў беспамылковым адчуванні паху, колеру, значэння кожнага слова, часу і месца для яго. Ну, а скарбонка самародкаў-слоў у запасе заўсёды прыдасца. Без яе нават нельга абысціся. Наведаў старога кніжніка I. Застаў я яго ў нейкім чорным выцвілым балахоне і ў ярмолцы. Сядзеў ён, згорбіўшыся над старой у скураным пераплёце кнігай. Калі я ўладкаваў свае рукапісы, лісты і грыпсы з вершамі Звестуна, Сіраты і іншых, ён паказаў мне – а кніга гэта аказалася «Повестью временных лет» – цікавы расказ манаха пра тое, што да яго аднойчы прыехаў чорт, які сядзеў вярхом на свінні, і прыехаў ён ад ляхаў.
        
        
8/ХІІ
        
        Зноў мяне зваліла хвароба з ног. Настрой паганы. 3 рэдакцыяй «Калосся» думаю ўзяць развод, бо гаспадары часопіса пачынаюць усё часцей і часцей парушаць наша джэнтльменскае пагадненне – не закранаць спраў, якія могуць прынесці карысць толькі ворагам. У сувязі з нашым часова цяжкім становішчам яны сябе адчуваюць манапалістамі на беларускай культурнай ніве і нават спрабуюць сяму-таму дыктаваць свае ўмовы.
        Прыходзіў паліцыянт. Цікавіўся, дзе працую, з чаго жыву, ці не думаю куды выязджаць.
        
Што ўзбударажыліся так,
Паны, і ўсіх сваіх сабак
Паслалі у пагонь за мной?
Ізноў да вас мо даляцеў
Свіст неканфіскаваны мой.
Смех нецэнзурны і напеў?
А што вы скажаце, калі
Вам пусцім пеўня па зямлі?
        
        
21/ХІІ
        
        Калі б не кнігі, можна было б звар’яцець. I ў няволі яны мяне ратавалі, і зараз, на свабодзе, якая мала чым адрозніваецца ад няволі. Дастаў Чарота «Карчму», Пушчы «Раніца рыкае» і Вольнага «Чырванакудрую радасць». Да выезду ў Пількаўшчыну хачу прачытаць. Заходзілі Кананюк і Мілянцэвіч. Дзяліліся ўражаннямі ад выступлення хору дзядзькі Рыгора і М. Забэйды-Суміцкага. Кананюк – спакойны, ураўнаважаны, а Мілянцэвіч – нястомны дыскутант. Часамі заваліцца да нас з Сашкам, і да позняй ночы спрачаемся па розных пытаннях. Харошыя хлопцы. Вучацца на медыцынскім факультэце.
        
        
22/ХІІ
        
        Выклікалі да следчага як западозранага ў аўтарстве вершаў, надрукаваных у нейкай падпольнай лістоўцы. Следчы намагаўся давесці, што вершы – мае, бо некаторыя радкі пераклікаліся з маімі канфіскаванымі вершамі са зборніка «На этапах». Калі нічога з гэтага не выйшла, пан следчы «далікатна» намякнуў, што я як чалавек, пазбаўлены ўсіх грамадзянскіх правоў, з’яўляюся ў пагранічнай паласе, у якую ўваходзіць і г. Вільня, асобай не вельмі пажаданай. Каб я аб гэтым помніў.
        
        
23/ХІІ
        
        3 цяжкімі і трывожнымі думамі сустракаю надыходзячы Новы год. Зноў перагортваю свае чарнавікі. Пакідаю толькі самае неабходнае, а ўсё іншае – у печ. Найбольш мне шкада лістоў і розных выпісак з марксісцкай літаратуры.
        У «Вымярах» – рэцэнзіі на ўспаміны Д’Анунцыя і дужа цікавы артыкул пра выдатнага іспанскага лірыка Рубана Дарыо. А я, варвар, нічога яго не чытаў!
        На стале ляжыць трэці дзень незакончаны верш. Нейкая штучная нота ўплялася ў яго тканіну. А гэта – як трэшчына на самацвеце. У паэзіі цень праўды не заменіць самой праўды. Думаў завезці дзядзьку Рыгору матэрыялы для «Беларускага летапісу», але прыйшоў М., і я астаўся дома. На дварэ разгулялася завея, а потым некага хавалі: па пустой заснежанай вуліцы плылі надрыўныя гукі аркестра, чамусьці не выклікаючы ні цікавасці, ні спачування. 3 жыццём трэба развітвацца непрыкметна, нікога не турбуючы. За сцяной чуваць прыцішаны голас нашага гаспадара – пана Шаф’янскага – і надрыўны плач яго служанкі. Што там у іх здарылася? Пад вечар прыехалі возчыкі. Доўга, пакуль не згрузілі вугаль, чуўся шоргат і звон іх лапат.
        
        
27/ХІІ
        
        Амаль усе нашы крытыкі звярнулі ўвагу на адно месца ў паэме «Нарач», дзе гаворыцца аб арганізацыі прафсаюза рыбакоў, як на самае слабае месца. I гэта слушна. Толькі ніхто з іх не здагадаўся, што гэта – замаскіраваная думка, у якой павінна быць змешчана больш рэвалюцыйная ідэя, прадстаўніком і носьбітам якой быў асноўны мой герой – Грышка. Зразумела, што пра гэта нельга было адкрыта пісаць. I так паэма выйшла, бязбожна пакалечаная цэнзурай.
        Перад ад’ездам з Вільні паспеў накідаць яшчэ адзін фрагмент свайго «Сілаша», які разрастаецца да астранамічных памераў.
        
...Ад застаў – кулямёты, вінтовачны говар,
Кастрычнік звініць алавяным дажджом
Над палацамі, над купаламі сабораў
Крамля.
3 Хадынкі нарастае гарматны гром,
Выбіваючы вокны, узрываючы камень
Да спалоханых, раскалыханых зор.
I пеніцца брук пад нагамі, пад грузавікамі.
I рвуцца, палаючы, крылы сцягоў у прастор.
I чуе Сілаш: ад сцягоў палымнеючых сэрца
I сам пачынае увесь ён гарэць.
Старэйшыя стрымліваюць: «У гэткі вецер
Злезь з падаконніка! Можаш прастыць,
захварэць».
Даюць гадавік ілюстраваны «Нівы».
Нешта невядомае трывожыць усіх.
Плача ў суседкі дзіця сіратліва,
I хіліцца бацька над павуціннем льняных
Нітак, матаючы дратву.
А вуліца кліча
Кожны дзень маршамі. Не перамагчы
Цягі да сонца, што, пунсавеючы, залаціцца,
Шыбы акон залівае і маладосцю гучыць.
Сілаш выбягае. 3 бурлівым патокам
Натоўпу шматтысячнага ідзе.
Над галавой
Лістоўкі ўзлятаюць. Чуе ў громе крокаў
Гордую радасць, што ўскалыхнула зямлёй.
Чуе ў подыхах песні: «Свет новы збудуем...»
Прыпамінае нары і цесны пакой, сыры,
Тынк заплеснелы, цьмяную лямпу старую,
Глухіх камяніцаў муры...
А вуліц новыя стужкі
Уплятаюцца чырванню ў бурны, бясконцы паток,
Дрогнуў на п’едэстале бронзавы Пушкін,
Убачыўшы доўгачаканы народ,
Пачуўшы вецер свабоды з Балтыйскага мора і Лены.
Нехта пад пахі ўзяў Сілаша на руках:
– Глядзі, сынку, –
там на трыбуне – Ленін!
Бачыў, пакуль не закрыў яго полымем сцяг.
        
        
28/ХІІ
        
        Чорт штурхнуў мяне зайсці ў магазін «Святога Войцеха». Толькі расстроіўся. Столькі кніжных навінак, а ў кішэні – пуста.
        «Эх, братцы, каб мне рубель!» – калісьці любіў казаць адзін з маіх старых землякоў, якога за гэта і празвалі Рублём. I гэта мянушка так да яго прыстала, што нават на крыжы, пастаўленым на яго магіле, замест сапраўднага прозвішча напісалі: «Сымон Рубель, жыў 75 год, памёр у чысты чацвер». Надпіс з двума невядомымі: не ўспомнілі, калі нарадзіўся і ў якім годзе памёр. Агулам, на нашых вясковых могілках столькі цікавых эпітафій, што іх варта было б запісаць, пакуль не пагнілі гэтыя старыя дубовыя ды сасновыя крыжы, пакуль мох ды забыццё не пакрылі сівых надмагільных валуноў.
        Вечарам зноў прыходзіў паліцыянт праверыць, ці дома я. Убачыўшы на стале мой зборнік вершаў, настроіўся на лірычны лад, прызнаўся, што і ён калісьці захапляўся паэзіяй, нават спрабаваў сам нешта рыфмаваць. Здаецца, і Гітлер у сваіх анкетах піша, што яго асноўны занятак – літаратурная творчасць. Чамусьці ўсе дзяржыморды і тыраны маюць слабасць да літаратуры: або самі займаюцца ёю, або любяць апекавацца пісьменнікамі. Але, як вядома, тое, што падабаецца ўладам, заўсёды мае сілу закону, і таму ад «дружбы» гэтай ніколі нічога выдатнага не нараджалася.
        
        
29/ХІІ
        
        Выехаў дамоў з Вільні начным цягніком. Разам са мною ў купэ ехалі ў водпуск салдаты-беларусы, якіх адразу выдаваў іх акцэнт, хоць яны і стараліся гаварыць па-польску. Яшчз калі яны ўспаміналі пра сваю службу ў войску – сяк-так атрымлівалася, але калі пачалі гаварыць пра свае вясковае жыццё-быццё – яўна ім не хапала іх абмежаванага запасу слоў. I таму, калі я іх запытаў па-беларуску, куды едуць, яны ахвотна перайшлі на сваю мову і аж да Маладзечна расказвалі мне пра нялёгкія салдацкія справы. Адзін з іх быў з Радашковічаў, дзе шмат у нас знайшлося супольных знаёмых, другі – сусед старога А. Уласава, у доме якога ён шмат разоў быў на спектаклях і канцэртах, арганізаваных вясковай моладдзю.
        Яшчэ было цёмна, калі я на паўстанку Крывічы сышоў з цягніка. Развіднела толькі ў Задубенні, дзе я на цэлы дзень спыніўся ў свайго дзядзькі Ігнася Хвалькі. У хаце было шумна ад ранняй гамонкі, дымна ад лучыны, душна ад пары толькі што зваранай і адцэджанай бульбы. Дзядзіна ўзялася мяне частаваць. На стале з’явіліся хлеб, яечня, гуркі і выцягнутая з нейкага схову бутля настоенай на ядлаўцовых ягадах самагонкі, якую хутка і распілі самі гаспадары, бо аднаму балеў зуб, другому – жывот, а дзядзьку – сярэдзіна.
        – I ты выпіў бы! – усе ўгаворвалі мяне.
        Пад вечар я сустрэўся з Макарам Хацяновічам. Ён, пачуўшы, што я гашчу ў дзядзькі, прыйшоў пагаварыць, што чуваць на свеце. Але на гэты раз я нічым не мог парадаваць старога, былога рабочага-пуцілаўца. Гэта ён і сам добра ведаў. На нашым небасхіле згушчаліся хмары, а мы змушаны склаўшы рукі бяздзейна чакаць, што будзе.
        Санацыйны друк аж захлынаецца ад радасці, што ў Каталоніі наступаюць фашысцкія корпусы «Блакітных», «Зялёных», «Чорных» стрэл і мараканскай конніцы. Цяжкія баі ідуць пад Ларыдай. У гарах – 15 градусаў марозу, у далінах дождж, імгла.
        Збіраю звесткі пра іспанскую трагедыю. Ужо цэлы сшытак запоўніў рознымі баявымі эпізодамі, урыўкамі з лістоў дамброўшчыкаў, геаграфічнымі назвамі, імёнамі герояў інтэрнацыянальных брыгад, фотаздымкамі, выразанымі з газет і часопісаў метэаралагічнымі зводкамі... Можа, калі ўсё гэта прыдасца.
        
        
30/ХІІ
        
        Відаць, ужо дажывае свой век наша старая хата – мая калыска. Нашто яе нават перавозілі з вёскі на хутар? Праўда, сцены яшчэ трымаюцца, але падлога – асабліва каля печы, дзе стаіць цэбар з памыямі, – прагніла і правалілася. Нават смалістыя і стрыжняватыя падаконнікі так струхнелі, што ніяк не ўставіш другіх рам. Таму зімой шыбы пакрываюцца таўшчэзнай карой ільду, які наглуха замуроўвае і так скупыя на святло вокны. Калі я пры дапамозе нажа і малатка спрабую збіць гэту наледзь, на мяне пачынаюць крычаць усе дамашнія, каб я – барані божа! – не пашкодзіў шыб, бо потым да вясны іх не ўставіш.
        Ад смалістага дыму лучыны, якой за век тут перапалілі безліч пукоў, бэлькі і дошкі сталі да таго зашмальцаваныя, закураныя, учарнелыя, быццам іх нехта пакрыў чорным лакам. Нават калі перад святам робіцца генеральная чыстка, гэты куродым нельга нічым адшараваць ці адскабліць. Пад адной з бэлек тырчаць тры пары крукоў – для віцця вяровак – і некалькі жоўтых касцяных спіц для падплятання лапцей ды правілы з нацягнутай яшчэ сырой барановай скурай.
        Пасля вячэры доўга сядзелі ўсе за сталом. Прыйшоў са Слабады Сашка Асаевіч. Расказаў цікавую гісторыю пра тое, як за Глыбокім, куды ён вазіў княгінінскага скупшчыка лесу, адзін селянін збудаваў хату ў хаце. Справа ў тым, што, калі згніла старая хата, паліцыя забараніла на вузкім яго надзеле ставіць новую, бо заблізка былі суседскія будынкі. Тады селянін, каб не аддаляцца ад свайго хлява, гумна, свірна і студні, зрубіў зруб крыху меншы і, склікаўшы талаку, за адну ноч паставіў яго і замшыў у старой хаце. Прыляцела паліцыя – позна. А пастаўлены зруб – па закону – ужо ніхто не меў права раскідваць.
        Развітваючыся, Сашка прызнаўся, што ў яго захавалася некалькі нумароў газеты «Барацьба», якая ў 1932 г. выдавалася ў Берліне і рассылалася па пошце. Я яму параіў яе знішчыць, бо газета ўжо ўстарэла, або схаваць недзе, каб ніякі чорт яе не знайшоў. Газету гэту я добра помню, бо прыходзілася разам з А. {Аніскевічам) рыхтаваць для яе некаторыя матэрыялы. Друкавалася газета на такой тонкай паперы, што лёгка змяшчалася ў звычайным канверце. I таму паліцыя доўга не магла перахапіць усіх каналаў, па якіх яна распаўсюджвалася, бо трэба было правяраць амаль усю карэспандэнцыю на пошце.
        Калі пайшлі ўсе спаць, узяўся пісаць сатырычную сцэнку «У манастыры».
        
Манах-летапісец
 
Перш так было: жыве сабе паэт,
На неба гляне, уздыхне, заплача,
А сердабольны крытык на ўвесь свет
Нам астраномію лірычную тлумачыць.
Спакой на Беларусі быў тады.
Ні ў якіх летапісах даўніх
Не знойдзеш пра пабітыя ілбы
Ні ў крытыкаў, ні ў вершаплётаў слаўных.
Калі сустрэнуцца – як з братам брат,–
Пагутарыць пра лёс сваёй старонкі,
Глядзіш – і апусцеў пад хмельны чад
Бачонак акавіты – самагонкі.
Не гналіся за модай. Быў бы звон –
Без ананасаў – саракапудовы.
А тэмы іншыя, bon-ton?
Смяяліся б з таго й каровы.
I не было ні партыяў, ні каст.
А сёння – думаю, віной асвета –
Нацыянальны маналіт у нас
Даследуюць розныя паэты
I палітыкі. Я ўжо не раз
Перасцерагаў усіх перад спакусай.
Ды наступіла змрочная пара,
I голас мой з амбонаў Беларусі
Да ачарсцвелых душ не далятаў.
Крычаць усе аб класавым змаганні,
Аб тым, што свет стварыўся з мазаля,
I на зямлі знайшлі прычыну нараканняў.
Не раз публічна супраць выступаў
I, паклікаючыся на сілабіс Пія,
3 апакаліпсіса цытаты падбіраў.
Ды людзі сталі нейкія глухія.
Я, прызнаюся, цяжка вінават,
Што не змагу глядзець на свет з пакорай,
Што ў гэтым летапісу шмат
Лірычных адступленняў, араторый.
Але далей ў храналагічным я
Парадку буду падаваць падзеі.
Мо праца карпатлівая мая
Не прападзе, на сонцы заяснее,
Калі мінуць асеннія вятры
I незалежнасць вызваняць званіцы...
        
        Далей у спрэчку з манахам-летапісцам уступае Чорт. Відаць, ён ужо блукае недзе блізка, бо нечага раптам разбрахаліся сабакі. Поўнач.
        
        
31/ХІІ
        
        Разам з бацькам тралявалі з лесу на дрывотню нарыхтаваны яшчэ з восені ў Краснаўцы сухастой і буралом. Дзяннік завалілі яловымі лапкамі. Будзе цяпер на ўсю зіму занятак дзеду – сячы іх на подсцілку каровам.
        
Настаў зноў вечар навагодні.
Пад сумятлівы крык варон
Над полем сівер непагодны
Калыша снежны перазвон.
 
З кім падзялюся я трывогай,
Калі ніхто з маіх сяброў
Не прыйдзе сёння да парога
З завеяных дарог-шляхоў?
 
Гары ярчэй, лучына, ў хаце!
Мо ад цябе зара хутчэй
Пачне над полем загарацца
I ў сэрцы стане весялей...
        
        Успомніў, што ў мяне ляжыць яшчэ непрачытаны нумар часопіса «Камэна», дзе надрукаваны вершы Апалінера, Навамескага, Незвала, Выгодскага, Бжэстоўскай, Вайнтраўба...
        Няма чаго крыўдаваць: з харошымі сябрамі сёння будзем сустракаць Новы год. Да кампаніі можна было б запрасіць яшчэ і Э. Карузу. Недзе ў новай хаце сярод старых грампласцінак ляжыць яго «Санта Лючыя». Хай бы праспяваў яе пад акампанемент нашых снежных завей, што шумяць за акном.
        Позна. Каля печы кешкаецца маці. Прынесла з варыўні крыж і дзяжу. Можа, будзе расчыняць хлеб. Потым, чуваць, расказвае бацьку свой чарговы сон, які прысніўся ў мінулую ноч. А сны ў яе не простыя – вешчыя.
        – Ты не спіш, Янук?.. Дык вось кружыць, бачу, нада мной чорны груган, а ніяк я яго не магу адагнаць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.